§ 21. Аднамарфемныя прыназоўнікі



Дата канвертавання14.06.2016
Памер421.47 Kb.
ПРАВАПІС НЕКАТОРЫХ МАРФЕМ
§ 21. Аднамарфемныя прыназоўнікі

  1. Прыназоўнікі аб, над, над, перад пры спалучэнні з формамі асабовага займенніка я, што пачынаюцца збегам зычных, пішуцца з дадатковым а: аба мне, нада мной, перада мной. Прыназоўнік з замяняецца ў падобных выпадках на са: са мной; але: з мяне. Прыназоўнік у набывае форму ва ў спалучэннях са словамі з пачатковым у: ва ўніверсітэце, ва ўрачыстасцях, ва ўрочышчы.

  2. Варыянт са прыназоўніка з згодна з вымаўленнем пішацца перад збегам зычных, калі першы з іх - шыпячы або свісцячы: са школы, са шкіперам, са сваякамі, са смеху, са зброяй, са старых часоў, са сваімі сябрамі, са звонам, са здымка, велічынёй са шраціну, са знічкай; але: з братам, з праўдай, з пляча, з грукатам, з цвіком, адно з двух.


Каментарыі. У асобную главу новых "Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" выдзелены правапіс некаторых беларускіх прыназоўнікаў, прыставак і суфіксаў. Тэта абумоўлена тым, што напісанне асобных прыназоўнікаў у спалучэнні са знамянальнымі словамі, а таксама прыставак і суфіксаў у складзе вытворных слоў у адпаведнасці з традыцыяй у адных выпадках падпарадкоўваецца фанетычнаму прынцыпу, а ў іншых - марфалагічнаму. Акрамя таго, некаторыя правілы правапісу прыставак і суфіксаў маюць або часткова сістэмны, або несістэмны характар. Таму ў главе 5 "Правілаў..." сфармуляваны асноўныя палажэнні, якія рэгламентуюць правапіс названых вышэй марфем.

  1. У пункце першым § 21 тлумачацца асаблівасці правапісу прыназоўнікаў аб, над, над, перад і з пры спалучэнні з формамі асабовага займенніка я, якія пачынаюцца збегам зычных. Тут неабходна асаблівую ўвагу звярнуць на правапіс прыназоўніка з, які ў падобных выпадках замяняецца варыянтам (морфам) са.

  2. Пры вывучэнні правіла напісання прыназоўнікау перад словамі, якія таксама пачынаюцца з у, трэба звярнуць увагу на тое, што замена прыназоўніка у на ва адначасова вядзе да скарачэння пачатковага у ў наступным слове: у + універсітэт - вучыцца ва ўніверсітэце, у + ура-чыстасць - прыняць удзел ва ўрачыстасцях.

3. Пункт 2 гэтага параграфа тлумачыць асаблівасці выкарыстання морфаў з і са пры спалучэнні прыназоўніка з іншымі словамі, што пачынаюцца збегам зычных. Тут неабходна цвёрда засвоіць, што замена прыназоўніка з на прыназоўнік са адбываецца толькі перад словамі з пэўным збегам зычных (калі першы зычны - шыпячы ці свісцячы). Аднак гэтае правша не з'яўляецца паслядоўна сістэмным. Калі збег зычных пачынаецца свісцячай афрыкатай ц, выкарыстоўваецца прыназоўнік з: з цвіком, з цвіценнем бэзу, у пакоі з цьмяным асвятленнем.
§ 22. Прыстаўкі

1. Да прыставак аб-, ад-, над-, над-, раз- (рас-), с- (з-), уз- (ус-) пры спалучэнні з марфемамі, якія пачынаюцца збегам зычных, далучаецца дадатковае а: абарваць (абрываць), абагнаць (абганяць), адаспаць (адсыпацца), адапхнуць (адпіхваць), са- браць (збяру), сарваць (зрываць), надагнуць (над- гінаць), падаспець, сатлелы, абамлець. Дапускаецца напісанне ўстаўнога а для раздзялення двух губных гукаў: абабягаць, абаперціся.



2. Прыстаўка су- пішацца:

у назоўніках, дзе су- выдзяляецца толькі гістарычна: сусед, сувой, сувязь, супын, супынак, сутаргі, сумятня, супастат, супоня, суткі, сутокі, суцяга, сумёт, сустаў;



у новых утварэннях, калі ёсць слова і без су-: суграмадзянін, супалімер, сукрэдытор, сукіраўнік, супастаўшчык, сучлен, суапякун, супрацоўнік, суродзіч, сунаймальнік, суспадчыннік, суадказчык, сузабудоўшчык, сувыканаўца і інш.;

у словах, якія без су- не ўжываюцца: суквецце, сузор'е, суладдзе, сугучча, суглінак, супесак, сукравіца, сузіральнік, сумежжа.

3. Прыстаўка су- пішацца:

у дзеясловах: суадносіць, супадпарадкоўваць, сумяшчаць, суіснаваць, сустракаць, сутыкацца, супярэчыць, супастаўляць, супадаць;



у прыметніках: сумежны, сукупны, суладны, сугучны, сучасны, сувымяральны, супольны, сумесны, суцэльны;

у прыслоўях: супраць (супроць).

Прыстаўка су- захоўваецца ў лексемах, словаўтваральна звязаных са словамі, што маюць прыстаўку су-: сутачны (суткі), суцяжнічаць (суцяга), сурэдактарстваваць (сурэдактар), суапякунства (суапякун), сузіранне (сузіраць), су-мяшчальнік (сумяшчаць), сустрэчны (сустрэча), супярэчлівасць (супярэчлівы), сумежнасць (су-межны), супольнасць (супольны), сумеет (сутес­ны), насуперак (супраць) і інш.



  1. Прыстаўка са- пішацца:

у некаторых назоўніках, дзе прыстаўка вы-дзяляецца толькі гістарычна: сасуд, савет, сабор, саюз, саслоўе;

у запазычаннях і кальках (пераважна з рус-кай мовы): саіскальнік, сакурснік, садружнасць, са-трапезнік, сачыненне, састаў, саслужывец і інш.

6. Прыстаўка са- захоўваецца:

у лексемах, словаўтваральна звязаных са словамі з прыстаўкай са-: саўдзел (саўдзельнік), саслоўны (саслоўе), састыкоўванне (састыка-ваць), састаўляць (састаў), сашчэпка (сашча-піць), сапраўды (сапраўдны) і інш.;

у дзеясловах, калі са- з'яўляецца варыянтам с-(перад збегам зычных): садраць (здзяру), сагнаць (зганю), саскочыць, сажмурыць, сасмажыць, саслабець, сасватаць, састроіць, сашмаргнуць, сашпіліць, саштурхнуць, сасмягнуць, сагнуць, саграшыць, сашчыкнуць, сашчапіць і інш.;

у прыметніку сапраўдны і вытворных ад яго.

Напісанне прыставак су- і са- ў іншых выпадках вызначаецца па слоўніку.

7. Калі апошняя зычная літара прыстаўкі і першая літара кораня супадаюць, то пішуцца абедзве літары: аддача, аддалены, Наддзвінне, наддаць, бяззорны, ззаду, ззелянелы, ссадзіць, ссівелы, бессардэчны, паддопытны, рассыпаць, раззлавацца, рассаднік (тое, што з'яўляецца крыніцай чаго-небудзь), уссаджваць, контрразведка, звышштатны, транссібірскі.

Словы-тэрміны іншамоўнага паходжання часткова падпарадкоўваюцца гэтаму ж правілу (асабліва тады, калі ёсць словы і без прыстаўкі, а прыстаўка далучаецца і да іншых каранёў): сюр-рэалізм, аддукцыя (рэалізм, індукцыя).

У некаторых выпадках, калі слова ўспрымаецца як невытворнае ў беларускай мове, літары не падвойваюцца: інавацыя, ірыгацыя, ірэальны, іміграцыя, акамадацыя, карэляцыя, аперцэпцыя, дысідэнт, імартэль, анігіляцыя, інервацыя, акорд, карэспандэнт. Напісанне такіх слоў-тэрмінаў вызначаецца па слоўніку.

У словах расол, расольнік, расада, расаднік (месца, скрынка для вырошчвання расады) адбылося сцяжэнне гукаў, і таму яны пішуцца з адной літарай с.

8. Да прыставак на з- адносяцца: з-, із-, уз-, раз-, без-, небез-, абез-, праз-, цераз-, а таксама дыз- і дэз-. У пэўных пазіцыях літара з замяняецца літарай с.

У прыстаўках з-, із-, уз-, раз-, без-, небез-, абез-, праз-, цераз- літара з пішацца перад звонкімі, санорнымі зычнымі і ётаванымі галоснымі (перад апострафам): збіць, здаць, знесці, ізноў, узняць, узбіцца, розгалас, бязмежны, небеззаганны, небязгрэшны, абезгалосець, абязгрошыць, празмерны, цераззерніца; раз'есці, раз'езд, абяз’ёдаваны, з'інець, раз'юшаны, без'языкі, бяз'ядзерны, з'ялчэць, з’явішча, уз’юрыцца. У слове разявіць і вытворных ад яго, а таксама ў словах узлаваць і ўзлавацца адбылося сцяжэнне [з] - прыстаўкі і [з] - кораня.

У гэтых жа прыстаўках замест літары з пішацца літара с перад глухімі зычнымі: скінуць, схапіць, іспыты, усхваляць, раскідаць, роспіс, беспадстаўны, небескарысны, абяскровіць, абясшкодзіць, цераспалосіца, росшукі, росчырк.

Калі корань слова пачынаецца з галосных а, у, э або ненаціскнога і, якое пераходзіць у ы, замест прыстаўкі з- пішацца прыстаўка с-: сарганізаваць, сумысна, сэканоміць, сыграць; але: зымправізаваць, зыначыць.

9. У словах, утвораных ад дзеясловаў ісці, хадзіць, прыстаўкі на з- пішуцца ў залежнасці ад лексічнага значэння: зысці - сысці, зысціся – сысціся, зыходзіць - сыходзіць, зыходзячы - сыходзячы, зыходны - сходны, сыходны, зыход - сход.



  1. У прыстаўцы дыз- перад галоснымі (у тым ліку ётаванымі) пішацца з, а перад зычнымі - с: дызасацыяцыя, дызартрыя, дыз'юнкцыя, дысгармонія, дыспрапорцыя, дыскваліфікаваць, дысфункцыя, дыскрэдытаваць, дыскамфорт.

  2. Прыстаўка дэз- пішацца нязменна: дэзактывацыя, дэзарыентацыя, дэзынфекцыя, дэзынтэграцыя, дэзурбанізацыя.

  3. Спалучэнні літар сч, сш, сшч, зж, здж на стыку прыстаўкі і кораня перадаюцца нязменна: расчахляць, расчэсваць, расчыніць, счысціць, счапіць, счэп, усчаць, счакацца, бесчалавечны, бясчулы, расчапіць (раз'яднаць), усчапіць (павесіць); расшыць, расшырэнне, сшытак, сшарэлі, расшумецца, расшпілены, бясшкодны, бясшлюбны; расшчапіць (раскалоць), расшчапленне (расколванне), расшчэп (раскол) (не блытаць счапіць і шчапаць), расшчаміць (разняць), расшчодрыцца, расшчоўкацца; зжыцца, разжаць, разжаліць, разжаніць, разжыва, безжурботна, безжыццёвы; зджаліць.

Выключэнні: рашчыніць (паставіць цеста), ушчуваць, нішчымны, а таксама вытворныя ад іх: рошчына, ушчуванне, ушчунак, нішчымніца.

13. Пры спалучэнні прыставак (аб-, ад-, над-, над-, раз-, з- (с-), уз-, спад-, перад-, дэз-, суб-) са словамі, што пачынаюцца з г, у адпаведнасці з вымаўленнем замест і пішацца ы: абыграць, абынтэлігенціцца, зымправізаваць, зыначаны, зысці, сысці, адыграць, адыменны, адыходзіць, сыграцца, сышчык, узыход, спадылба, спадыспаду, перадынфарктны, падынтэграваць, разысціся, перадымперскі, перадыспытны, субынспектар, дэзынтэгратар, дэзынфармацыя, дэзынфіцыраваць.

Пасля прэфіксоідаў (звыш-, між-, пан-, супер-, транс-, контр-) і захоўваецца: звышімклівы, звышіндустрыяльны, звышінфляцыя, міжірыгацыйны, міжінстытуцкі, панісламізм, контрідэя, контрігра, суперінтэлект, трансіндыйскі.

У складанаскарочаных словах, першая частка якіх заканчваецца на цвёрды зычны, пачатковае / другога слова пішацца нязменна: педінстытут, дзяржінспектар, палітінфармацыя, санінструктар, цяжіндустрыя, медінструменты, спецінструктаж, гарінспекцыя, гасінвентар.

Прэфіксоід экс- пішацца праз злучок, і і не пераходзіць у ы: экс-інжынер, экс-імператар.

Некаторыя словы з коранем -ход- маюць варыянтныя формы: адыходлівы- адходлівы, адыходнае - адходнае, адыходы - адходы, адыходнік - адходнік.


Каментарыі. У § 22 выкладзены асноўныя правілы правапісу прыставак у сучаснай беларускай мове.

  1. Неабходна выразна ўсведамляць наступныя асаблівасці правапісу прыставак у беларускай мове. Калі, напрыклад, правапіс прыставак, што заканчваюцца на галосную літару, не ўяўляе асаблівых складанасцей і падпарадкоўваецца агульным правілам правапісу галосных і зычных літар, то правапіс прыставак, што заканчваюцца на зычную, мае свае заканамернасці. Гэта абумоўлена ў першую чаргу тым, што правапіс прыставак на зычную літару грунтуецца на розных прынцыпах напісання - марфалагічным і фанетычным. Так, напісанне прыставак, што заканчваюцца на зычныя б і д, падпарадкоўваецца марфалагічнаму прынцыпу - прыстаўкі пішуцца нязменна, незалежна ад таго, з якой зычнай (звонкай ці глухой) пачынаецца слова: абгаварыць і абпаліць, адмовіць і адказаць, надрэзаць і надставіць, падгаварыць і падпісаць.

  2. Правапіс прыставак, якія заканчваюцца на з (з-, із-,уз-,раз-, без-, небез-, абез-, праз-, цераз-), падпарадкоўваецца фанетычнаму прынцыпу напісання, што адлюстравана ў пунктах 8, 10 і 12 гэтага параграфа. Параўн.: зламаць і схапіць, узмахнуць і ускалыхнуць, разгаварыцца і расхвалявацца, безвыніковы і беспаспяховы і г. д.

Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на напісанне канцавых з або с у іншамоўнай прыстаўцы дыз-. Згодна з новымі "Правіламі..у названай прыстаўцы літара з пішацца перад галоснымі, а літара с - перад зычнымі (звонкімі і глухімі!): дызасацыяцыя, дыз'юнкцыя, але: дысгармонія, дыспрапорцыя.

  1. У новых "Правілах..." захоўваецца існуючая норма правапісу прыстаўкі з у словах, корань якіх пачынаецца з галосных а, у, э або ненаціскнога і: "Калі корань слова пачынаецца з галосных а, у, э або ненаціскнога і, якое пераходзіць у ы, замест прыстаўкі з- пішацца прыстаўка с-: сарганізаваць, сумысна, сэканоміць, сыграць; але: зымправізаваць, зыначыць". Аднак да спіса слоў, у якіх пішацца прыстаўка з-, неабходна дадаць наступныя: зымшыць, зымітаваць.

  2. У адпаведнасці з новымі "Правіламі..." з ліку прэфіксоідаў, пасля якіх захоўваецца напісанне літары і, калі з яе пачынаецца аснова слова, выключаюцца суб- і дэз-. Таму трэба пісаць: субынспектар (было субінспектар); дэзынтэгратар, дэзынтэграцыя, дэзынфармаваць, дэзынфармацыйны, дэзынфармацыя, дэзынфектар, дэзынфекцыйны, дэзынфіцыраванне, дэзынфіцыраваны, дэзынфіцыраваць (было дэзінтэгратар, дэзінтэграцыя, дэзінфармаваць, дэзінфармацыйны, дэзінфармацыя, дэзінфектар, дэзінфекцыйны, дэзінфіцыраванне, дэзінфіцыраваны, дэзінфіцыраваць).

  3. Трэба таксама звярнуць увагу на тое, што перад збегам зычных да прыставак на зычны звычайна дадаецца а: абагнаць, адарваць, разаспацца і г. д. Як правіла, гэтая асаблівасць не складае цяжкасцей пры напісанні адпаведных слоў, паколькі іх правапіс у дадзеным выпадку адпавядае вымаўленню.

Напісанне ўстаўнога а для раздзялення двух губных гукаў на стыку прыстаўкі і кораня адносіцца да нястрогай нормы і адлюстроўвае асаблівасці вымаўлення. Тут магчымы вырыянтныя напісанні: аббегчы і абабегчы, аббіць і абабіць, абперціся і абаперціся, але толькі абпаліць, абпілаваць і г. д.

6. У пунктах 2-6 параграфа выкладзены правілы напісання прыставак су- і са-. Гэтыя правілы адносяцца да найбольш складаных, паколькі грунтуюцца на маўленчай і слоўнікавай традыцыі і адносяцца да часткова сістэмных. Таму ў шэрагу выпадкаў напісанне той ці іншай прыстаўкі можна вызначыць толькі па слоўніку.

Пры вывучэнні правілаў правапісу прыставак су- і са- неабходна перш за ўсё адрозніваць прыстаўку са-, якая з'яўляецца варыянтам (морфам) прыстаўкі з- (сабраць, састрыгчы, саступіць і г. д.), і прыстаўку са-, якая выступае варыянтам (морфам) прыстаўкі су- (сакурснік, саслужывец). У першым выпадку, калі са- можна суаднесці з з~, заўсёды пішацца са-. У другім выпадку напісанне су- і са- вызначаецца правіламі і правяраецца па слоўніку. Нарэшце, ёсць словы, у якіх су- не з'яўляецца самастойнай прыстаўкай, а толькі спалучэннем прыстаўкі з- з прыстаўкай у- або каранёвым пачатковым у (сумецца, сумець, суцешыць, суцешваць, суцешыцца, суцяшаць, суцішанасць,суцішацца, суцішаць і суцішваць, суцішванне, суцішнасць, суцяшальнік, суцяшэнне, суцішыць, суцішыцца, суцішэнне), ці часткай запазычанай асновы (суфозія, суфражызм). У гэтых выпадках напісанне слоў вызначаецца слоўнікам.

Размежаванне ва ўжыванні прыстаўкі су- і яе варыянта са- не мае строгай мяжы і часта з'яўляецца слоўнікавай, а не правапіснай праблемай, што прыводзіць да існавання варыянтных напісанняў тыпу саіскальнік і суіскальнік. Засваенне правапісу слоў з прыстаўкай су-/са-ўскладняецца таксама ўплывам рускай мовы, у якой беларускім словам з су-/са- звычайна адпавядаюць лексічныя адзінкі з со-. Параўн.: бел. сусед (рус. сосед), бел. суграмадзянін (рус. согражданін), бел. сукіраўнік (рус соруководітель), бел. суапякун (рус. соопекун), бел. супрацоўнік (рус. сотруднік), бел. сувыканаўца (рус. соісполнітель), бел. сузіральнік (рус. созерцатель), бел. суіснаваць (рус. сосуществовать), бел. сунаймальнік (рус. сонаніматель), бел. сурэдактар (рус. соредактор); вел., саіскальнік (рус. соіскатель), бел. сакурснік (рус. сокурснык), бел. садружнасць (рус. содружество), бел. сатрапезнік (рус. сотрапезнік), бел. сачыненне (рус. сочіненіе), бел. састаў (рус. состав), бел. саслужывец (рус. сослужывец), бел. сасуд (рус. сосуд).

Таму ў адпаведнасці з зацверджанымі правіламі і існуючай моўнай практыкай рэкамендуецца пісаць з прыстаўкай су- наступныя словы: суаднесенасць (суаднесены, суаднесці, суадносіцца, суадносіць, суадноснасць, суадносны, суаднясенне), суайчыннік, суапякун, суаўтар, субяседнік, сувей, суверэнітэт, сувіноўнік, сувой, сувыдавец, сувымяраць, сувязь, сугесталогія, сугестыўнасць, сугестыя, суглінак, суграмадзяне, сугучнасць, сузалежнасць, сузіральнік, суіснаваць, сукватарант, суквецце, сукупнасць, суладны, сумежны, сумесны, сумесь, сумецца, сумець, сумёт, сумножнік, сумнявацца, сумысна, сумятлівасць, сумяшчаць, сунаймальнік, сунаследнік, сунімаць, супадаць, супадпарадкаваць, супакойваць, супастат, супастаўленне, супасці, суплетыўны, суплоддзе, суполка, супоня, суправаджаць, супраціўляцца, супрацоўнічаць, супыніцца, супярэчыць, супесак, суродзіч, сурэдактар, сурэжысёр, сусвет, сусед, сустаршыня, сустаў (каленны), сустрэцца, сутворчасць, сутуліцца, сутыкацца, суфозія, суфражызм, суцішыць, суцэльны, суцяга, суцяшэнне, сучаснасць і інш.

3 прыстаўкай са- пішуцца: сабор, сабраць, савет, сагнаць, сагнуць, сагрэць, сагразіць, саграшыць, садзейнічаць, садружнасць, сажмурыць, сазваць, сазнацца, саіскальнік, сакурснік, салгаць, сапернік, сапраўдны, сапрэць, сапсаваць, сапхаць, сарваць, сасватаць, саскакваць і саскдкваць, саскаўзнуць, саскварыць, саскочыць, саскрэбці, саскубці, саслабець, саслаць, саслоўе, саслужывец, сасмажыць, сасніць, саставіць, састарэць, састаў, састаяцца, саступіць, саткаць, сатлець, сатрапезнік, саўдзельнік, саўладальнік, сашпіліць, сашчапіць, сашэсце і інш.



§ 23. Суфіксы

  1. Пераважная большасць запазычаных дзеясловаў ужываецца з суфіксам -ава- (-ява-): дэградаваць, фальсіфікаваць, арыентаваць, прагназаваць, балансаваць, цытаваць, аналізаваць, іранізаваць, культываваць, кантактаваць, планаваць, групаваць, нацыяналізаваць, прыватызаваць, дэклараваць, ліквідаваць, акліматызаваць, перафразаваць, кваліфікаваць, інфармаваць, урбанізаваць, каталізаваць, функцыянаваць, ваенізаваць, кантраляваць, тыпізаваць, паразітаваць, фінансаваць, тыражаваць, ігнараваць, рэагаваць, кансультаваць, прафіляваць, ангажаваць, нерваваць, абстрагаваць, імпартаваць, дэбатаваць, дэбютаваць, інспектаваць, экспартаваць, рэканструяваць, дыскутаваць, правакаваць, фінішаваць.

  2. Дзеяслоўны суфікс -ірава- (-ырава-) ужы­ваецца:

калі без гэтага суфікса ўзнікае аманімія дзеясловаў з дзеясловамі з суфіксам -ава-
(-ява-): буксіраваць - буксаваць, парадзіраваць - парадаваць, візіраваць - візаваць, будзіраваць - будаваць, газіраваць - газаваць, камандзіраваць - камандаваць, пазіраваць - пазаваць, пасіраваць - пасаваць, тушыраваць - тушаваць, парыраваць - параваць, паніраваць - панаваць, фарміраваць - фармаваць, апаніраваць - апанаваць;

калі дзеяслоў без -ір- (-ыр-) губляе сваю фармальную і семантычную акрэсленасць: шакіраваць, бісіраваць, бравіраваць, гарманіраваць, драпіраваць, лабіраваць, грасіраваць, курыраваць, лавіраваць, дэкарыраваць, сервіраваць, фантазіраваць, лакіраваць, штудзіраваць, мусіраваць, татуіраваць і інш.;

калі дзеяслоў мае вузкатэрміналагічнае значэнне: манціраваць, пасівіраваць, аксідзіраваць, зандзіраваць, дэкаціраваць, сталіраваць, дэмпфіраваць, юзіраваць, юсціраваць, парафіраваць, дыфундзіраваць.

У некаторых выпадках паралельна ўжываюцца дзве формы: дэмаскіраваць - дэмаскаваць, акупіраваць - акупаваць, курсіраваць - курсаваць, калькіраваць - калькаваць, базіраваць - базаваць.

  1. Суфікс -ава- (-ява-) пішацца ў неазначальнай форме і формах прошлага часу тых дзеясловаў, якія ў першай асобе адзіночнага ліку губляюць гэты суфікс і заканчваюцца на -ую (-юю): галасую - галасаваць, галасаваў, галасавала, галасавалі, начую - начаваць, чаргую - чаргаваць, малюю - маляваць, камандую - камандаваць, пакутую - пакутаваць, даследую - даследаваць, будую - будаваць, рэкамендую - рэкамендаваць, характарызую - характарызаваць.

  2. Суфікс -іва- (-ыва-) пішацца ў неазначальнай форме і асабовых формах цяперашняга часу дзеяслова, а таксама ў формах прошлага часу незакончанага трывання пасля збегу зычных, апошні з якіх р, л або н: падкрэсліваць, падкрэсліваю, падкрэсліваў, падкрэслівалі; падтрымліваць, адыгрываць, выветрываць, запэўніваць, адрозніваць.

  3. Суфікс -ва- пішацца ў астатніх выпадках: выконваць, выконваю, выконваў, выконвалі; адказваць, вымешваць, адмерваць, заканчваць, загадваць, адорваць, разбэшчваць, падстрэльваць, раздумваць, заваёўваць, зацярушваць, дагульваць, размяркоўваць, забінтоўваць, распілоўваць.

У дзеясловах выйграваць і прайграваць пішацца суфікс -ава-.

  1. Калі неазначальная форма дзеяслова закончанага трывання заканчваецца на -іць або -яць з папярэдняй галоснай, то ў незакончаным трыванні перад суфіксам -ва- пішацца й: утаіць - утойваць, супакоіць - супакойваць, засвоіць - засвойваць, узброіць - узбройваць, напаіць - напойваць, склеіць - склейваць, абнадзеіць - абнадзейваць; засеяць - засейваць, абсмяяць - абсмейваць, запаяць - запайваць, настаяць - настойваць.

  1. Суфікс -ен- пішацца ў дзеепрыметніках, утвораных ад дзеясловаў на -іць, -ці: адчынены, выбелены, згублены, супакоены, споены, накормлены, куплены, спаганены, скрыўлены, запылены, дазволены, зроблены, пазнаёмлены, асілены, заклеены, спалены, схілены, разяўлены, прастрэлены; звезены, прынесены, растрэсены, заведзены, спрадзены, пакрадзены, аплецены, мецены.

  2. Пры чаргаванні ў аснове дзеяслова [с'] -[ш], [з'] - [ж], [ц'] - [ч], [дз'] - [дж] у дзеепрыметніках пішацца суфікс -ан-: насіць - ношаны, уразіць - уражаны, запрасіць - запрошаны, круціць - кручаны, апярэдзіць - апярэджаны.

  3. Спалучэнне галоснай я дзеяслоўнай асновы з суфіксам дзеепрыметнікаў -н- пішацца ў тых дзеепрыметніках, якія ўтвораны ад дзеясловаў на -яць: пасеяны, развеяны, змуляны, аблаяны, абстраляны, павыдумляны, абмяняны (ад абмяняць).


Каментарыі. 1. Пункты 1-2 параграфа ўстанаўліваюць правілы ўжывання дзеясловаў пераважна іншамоўнага паходжання з элементамі -ава-/-ява- і -ірава-/
-ырава-, а таксама вытворных ад іх назоўнікаў і прыметнікаў (дзеепрыметнікаў). Гэтыя правілы не адносяцца да ўласна арфаграфічных, а датычацца асаблівасцей нарматыўнага словаўжывання варыянтных форм асобных груп беларускай лексікі з асновамі іншамоўнага паходжання. У значнай ступені пункты 1-2 маюць рэкамендацыйны характар, г. зн. адносяцца да дынамічнай нястрогай нормы. У адных выпадках магчымы толькі адзін варыянт з тым ці іншым суфіксальным элементам, у другіх - сучасны узус дапускае абодва варыянты, у трэціх - выбар таго ці іншага варыянта залежыць ад значэння лексемы. Таму ў спрэчных выпадках неабходна звяртацца да слоўнікаў беларускай мовы.

Ніжэй прыводзіцца спіс дзеясловаў беларускай мовы, якія рэкамендуецца пісаць з суфіксамі -ірава-/-ырава-: абаніраваць (і адпаведна вытворныя ад гэтага дзеяслова: абаніравацца, абаніраванне і г. д.), абмундзіраваць (а таксама абмундзіровачны, абмундзіроўвацца, абмундзіроўваць, абмундзіроўка), адбуксіраваць (а таксама адбуксіраваны, адбуксіравацца, адбуксіроўвацца, адбуксіроўваць, адбуксіроўка), адкалібраваць, адлакіраваць, адмаршыраваць, адпаліраваць, адрэпеціраваць адрэпетаваць), адсарбіраваць, акамадзіраваць, акампаніраваць акампанаваць), аксідзіраваць аксідаваць), актаіраваць, акуліраваць, акумуліраваць акумуляваць), аку-піраваць акупаваць), амнісціраваць, анатаміраваць, ангажыраваць ангажаваць), анексіраваць, анестэзіраваць, аперцыпіраваць, апладзіраваць, аранжыраваць, асацыіраваць, асісціраваць, атрафіраваць, афішыраваць афішаваць), базіраваць, баксіраваць, балаціравацца, бальзаміраваць бальзамаваць), бамбардзіраваць, бітумініраваць, блакіраваць, бланшыраваць, бліндзіраваць, бравіраваць, браніраваць (замаўляць месца ў гасцініцы, білет на паездку), браніраваць (пакрываць бранёю), буксіраваць (але буксаваць), вар'іраваць (але вар'явацца), ваціраваць, веніраваць, вентыліраваць, вібрыраваць, візіраваць, віражыраваць, вірыраваць, газіраваць (але газаваць), генерыраваць, гідрыраваць, глісіраваць, градуіраваць, грасіраваць, грыміраваць, гудраніраваць, дазіраваць, дамініраваць дамінаваць), драпіраваць, драселіраваць, дрэніраваць, дрэсіраваць, дубліраваць, дыскусіраваць і дыскуціраваць дыскутаваць), дыферэнцыраваць, дэблакіраваць, дэгазіраваць, дэградзіраваць, дэдуцыраваць, дэзавуіраваць, дэзерціраваць, дэзынфіцыраваць, дэкадзіраваць, дэманціраваць дэмантаваць), дэпаніраваць, дэфібрыраваць, зандзіраваць, інакуліраваць, інвесціраваць інвеставаць), індэксіраваць індэксаваць), інсцэніраваць, інтэрв'юіраваць, інтэрніраваць, інтэрпаліраваць інтэрпаляваць), інтэрпеліраваць інтэрпеляваць), інфіцыраваць, кадзіраваць, кальцыніраваць, камандзіраваць (але камандаваць), каменціраваць каментаваць), кампасціраваць (але кампаставаць), камуфліраваць, канваіраваць, кандыцыяніраваць, канкурыраваць, канстытуіраваць, капеліраваць, капіраваць, капуліраваць, карыгіраваць, карэкціраваць, кастрыраваць, кракіраваць, курсіраваць, лагарыфміраваць лагарыфмаваць), лакіраваць, легіраваць, легітыміраваць легітымізаваць), лесіраваць, лідзіраваць, мадэліраваць мадэляваць), манціраваць, масіраваць, маскіраваць, мігрыраваць, мініраваць, нарміраваць нармаваць), нівеліраваць, нікеліраваць нікеляваць), пазіраваць (але пазаваць), панціраваць, парадзіраваць, парафіраваць, перафразіраваць перафразаваць), пасівіраваць, пастуліраваць, пацініраваць, прафіліраваць, перцыпіраваць, планіраваць (але планаваць), прабіраваць (але прабаваць), прагназіраваць прагназаваць), праграміраваць праграмаваць), пратакаліраваць, прэміраваць, прэпарыраваць прэпараваць), рэпеціраваць, рацыяніраваць, раяніраваць, рэжысіраваць, рэзецыраваць, рэпатрыіраваць, рэпрэсіраваць рэпрэсаваць), рэстаўрыраваць рэстаўраваць), рэферыраваць, сарціраваць сартаваць), сацініраваць, сервіраваць, сінкапіраваць, скандзіраваць, сканіраваць сканаваць), суб'ектывіраваць, субсідзіраваць, субстантывіраваць субстантываваць), суспензіраваць, таніраваць, тарыраваць, траверсіраваць, травесціраваць, транскрыбіраваць, трансліраваць, транслітарыраваць, трасіраваць, траўміраваць, трэніраваць, трэціраваць, факусіраваць, фантазіраваць, фарміраваць (але фармаваць), фармуліраваць фармуляваць), фаршыраваць, штудзіраваць, эвакуіраваць, эмігрыраваць і інш.

Такім чынам, правапіс названых суфіксаў не змяніўся, аднак адбылася істотная карэкціроўка дзеясловаў у бок пашырэння ўжывання суфіксаў -aвa-/-ява- за кошт дзеясловаў з суфіксамі -ipaвa-/-ырава-.

2. Пункты 3-4 параграфа ўстанаўліваюць правілы правапісу дзеяслоўных суфіксаў -ава-/-ява- і -ыва-/-іва-. Пры гэтым асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на сувязь ужывання суфік-саў -ава-/-ява- і -ыва-/-іва- з асаблівасцямі словазмянення (спражэння) адпаведных дзеяслоўных лексем. Таму правапіс гэтых дзеясловаў павінен вывучацца паралельна з вывучэннем асаблівасцей іх спражэння. Фактычна ужыванне гэтых суфіксаў суадносіцца з падзелам дзеясловаў першага спражэння на словазмяняльныя класы.

Параўн.:

словазмяняльная мадэль -ава(ць) - -у(ю) [-yj(y)]: арандаваць (арандаваў, арандавала, арандавалі) - арандую (арандуеш, арандуе, арандуем, арандуеце, арандуюць), арганізаваць - арганізую, бедаваць - бядую, будаваць - будую, вандраваць - вандрую, варагаваць - варагую, векаваць - вякую, гадаваць - гадую, ганьбаваць - ганьбую, дэлегаваць - дэлегую, іншрыгаваць - іншрыгую, інфармаваць - інфармую, іранізаваць - іранізую, існаваць - існую, кананізаваць - кананізую, канкрэтызаваць - канкрэтызую, ладкаваць - ладкую, ліквідаваць - ліквідую, мабілізаваць - мабілізую, мітынгаваць - митингую, начаваць - начую, панікаваць - панікую, парадкаваць - парадкую, радаваць - радую, расходаваць - расходую, рэдагаваць - рэдагую, святкаваць - святкую, сердаваць - сярдую, смакаваць - смакую, смуткаваць - смуткую, спрабаваць - спрабую, трамбаваць - трамбую, турбаваць - турбую, фарбаваць - фарбую, характарызаваць - характарызую, чаргаваць -чаргую, шкадаваць - шкадую, шпігаваць - шпігую, шчыраваць - шчырую і г. д. Гэтым правілам адпавядае напісанне і словазмяненне дзеясловаў з суфіксамі -ірава-/
-ырава-
(камуфліраваць - камуфлірую, канкурыраваць - канкурырую);

словазмяняльная мадэль -іва(ць)/-ыва(ць) --іва)/-ыва(ю) [-іва;(у)/-ыва)(у)]: абліваць (абліваў, аблівала, аблівалі) - абліваю (абліваеш, аблівае, абліваем, абліваеце, абліваюць), аздобліваць - аздобліваю, абцярэбліваць - абцярэбліваю, ахопліваць - ахопліваю, выкрэсліваць - выкрэсліваю, выломліваць - выломліваю, злепліваць - злепліваю, надломліваць - надломліваю, насупліваць - насупліваю, падтрымліваць - падтрымліваю, счэпліваць - счэпліваю і г. д. Суфіксы -іва-/-ыва- пішуцца ў абмежаванай колькасці дзеясловаў першага спражэння, што абумоўлена іх выкарыстаннем толькі пасля спецыфічнага збегу зычных, апошні з якіх р, л або н. Да гэтага ж правапіснага і словазмяняльнага тыпу адносяцца і дзеясловы, у якіх элементы -іва-/-ыва- суфіксамі не з'яўляюцца: збрываць - збрываю, змываць - змываю, зрываць - зрываю і інш. (параўн. брыць, мыць, рваць).

  1. У беларускай мове пераважная большасць прыставачных дзеясловаў незакончанага трывання пішацца з суфіксам -ва- і не ўтварае правапісных цяжкасцей. Аднак у дадзеным выпадку трэба ўлічваць уплыў рускай мовы, у якой адпаведныя дзеясловы ўжываюцца, як правіла, з суфіксамі -ива-/-ыва-, напрыклад, пританцовывать (бел. прытанцоўваць), уговаривать (бел. угаворваць), заканчивать (бел. заканчваць), приказывать (бел. загадваць), раздумывать (бел. раздумваць), завоёвывать (бел. заваёўваць), перебинтовывать (бел. перабінтоўваць) і г. д. У сучаснай моўнай сітуацыі, калі руская мова рэальна пераважае ва ўсіх сферах ужытку і паралельна выкладаецца ў школе, названая акалічнасць істотна ўплывае на правільнасць напісання гэтай шматлікай групы дзеясловаў у беларускай мове.

  2. У пункце 6 параграфа звяртаецца ўвага на асаблівасці правапісу суфікса -ва- дзеясловаў незакончанага трывання, якія суадносяцца з дзеясловамі закончанага трывання на -іць або -яць з папярэдняй галоснай: абнадзеіць - абнадзейваць, засвоіць - засвойваць, выкраіць - выкройваць, наклеіць - наклейваць, напаіць - напойваць, супакоіць - супакойваць, склеіць - склейваць, узброіць - узбройваць, утаіць - утойваць; абсмяяць - абсмейваць, высмеяць - высмейваць, запаяць - запайваць, засеяць - засейваць, настаяць - настойваць, прасеяць - прасейваць і г. д. Цяжкасці ў напісанні гэтых дзеясловаў у бела­рускай мове таксама звязаны з уплывам рускай мовы, у якой адпаведныя адзінкі пішуцца з -ива- (выкраивать, наклеивать, настаивать, осмеивать, просеивать, склеивать, усваивать, успокаивать, утаивать).

  3. У пунктах 7-9 параграфа ўстанаўліваюцца правілы напісання дзеепрыметнікаў з суфіксамі -ан-, -ян-, -ен-. Правілы правапісу -ан-, -ян-, -ен- у дзеепрыметніках засталіся без змен.

Такім чынам, як можна бачыць, у беларускай мове правапіс дзеясловаў і іх форм, а таксама дзеепрыметнікаў звязаны з асаблівасцямі іх утварэння і словазмянення. Гэта абумоўлівае мэтазгоднасць звяртання да правапісу дзеясловаў пры іх вывучэнні як часціны мовы ў раздзеле "Марфалогія".


  1. Суфікс -ец- (-ац-) пішацца ў назоўніках мужчынскага роду. Пры змяненні слова галосны выпадае: акраец, індыец, разец, ісцец (родны склон істца), плывец, мсцівец, вясковец, кармілец, удалец, баец, бельгіец, незнаёмец, канькабежац, аварац, запарожац.

  2. Суфікс -іц- (-ыц-) пішацца ў назоўніках жаночага роду і беглага галоснага не мае: ваколіца, патыліца, спадарожніца, мсцівіца, карміліца, розніца, кірыліца, кніжыца.

  3. Памяншальна-ласкальны суфіксальны комплекс -ічк- (-ычк-) пішацца ў назоўніках жаночага роду, якія ўтварыліся ад слоў з фіналлю -іц- (-ыц-): лесвічка, крынічка, сунічка, завушнічка, запальнічка, палічка (ад паліца), сястрычка.

У астатніх выпадках пішацца памяншальна-ласкальны суфіксальны комплекс -ечк- (-ачк-): дзядзечка, бутэлечка, лялечка, цётачка, галовачка, булачка, палачка (ад палка), рэчачка, курачка (ад курка), качачка, божачка, вушачка, Сонечка, Волечка, Ванечка, Жэнечка, Сцёпачка, Наташачка, Ганначка.

  1. Суфікс -ак- (-ек-) пішацца не пад націскам у назоўніках, якія ва ўскосных склонах губляюць суфіксальнае а ці е: сшытак - сшытка, пасынак - пасынка, каласочак - каласочка, дожджычак - дожджычку, прыцемак - прыцемку, аловак - алоўка, перашыек - перашыйка.

  2. Суфіксы -ік- (-ык-), -нік-, -чык- пішуцца нязменна ва ўсіх формах слоў: конік - коніка, столік - століка, хлопчык - хлопчыка, дожджык -дожджыку, вожык - вожыка, тэарэтык - тэарэтыка, спадарожнік - спадарожніка, пеўнік - пеўніка, дарадчык - дарадчыка.

  3. Суфікс -ень- (-ань-) ва ўскосных склонах у адных назоўніках захоўвае галосны, у другіх яго губляе: вусень - вусеня, прамень - праменя; але: вучань - вучня, шчэбень - шчэбню, валасень - валасня. Часам дапускаюцца абедзве формы: кіпень - кіпеню і кіпню.

16. Суфіксы -чык- (-чыц-) і -шчык- (-шчыц-) ужываюцца пры ўтварэнні назоўнікаў, якія называюць людзей паводле заняткаў.

Суфікс -чык- (-чыц-) пішацца:

калі ўтваральная аснова заканчваецца на пярэднеязычныя д, т, з, с: аб'ездчык, дакладчык, дарадчыца, наладчык, ракетчик, пераплётчыца, лётчык, грузчык, возчык, рэзчык, перапісчык, перапісчыца (а таксама ў адпаведных прыметніках: дарадчыцкі, перапісчыцкі і інш.);

калі ў канцы ўтваральнай асновы адбываецца чаргаванне [г] - [ж]: перабягаць - перабежчык, перабежчыца, перабежчыцкі, нябога - нябожчык, абцягваць - абцяжчыца.

Суфікс -шчык- (-шчыц-) пішацца:

калі аснова заканчваецца на санорныя р, л, м, н, й: зваршчык, наборшчыца, вугальшчык, мадэльшчык, прыбіральшчыца, атамшчык, паромшчык, бетоншчыца, згоншчык, мыйшчык, пайшчык, пайшчыца, забойшчык (а таксама ў адпаведных прыметніках: наборшчыцкі, пайшчыцкі і інш.);

пасля спалучэнняў тых жа санорных з наступнымі т, г утваральнай асновы: працэнт - працэнтшчыца, аліменты - аліментшчык, аліментшчыца, кобальт - кобальтшчык, цюбінг - цюбінгшчык;

калі ўтваральная аснова заканчваецца на губныя зычныя б,п,м,ф і ў в): рубшчык, гардэробшчыца, апалубшчык, падкопшчык, скупшчык, скупшчыца, паромшчык, літаграфшчык, бунтаўшчык, нарыхтоўшчык, палясоўшчык, забудоўшчык.

17. 3 дапамогай суфіксаў -чын- і -шчын- утвараюцца дзве семантычна розныя групы назоўнікаў: назоўнікі са значэннем пэўнай грамадскай з'явы і назоўнікі са значэннем рэгіёна, абшару.

Суфікс -чын- пішацца пасля ўтваральных асноў, што заканчваюцца на д - т, з - с, ж - ш, дж -ч: складчына (склад-), спадчына (спад-), азіятчына (азіят-), салдатчына (салдат-), братчына (брат-), старасветчына (-свет-), казаччына (казак-/казач-), рэкрутчына (рэкрут-); Валагодчына (валагод-), Брэстчына (брэст-), Навагрудчына (навагруд-), Ноўгарадчына (ноўгарад-), Суражчына (сураж-), Добрушчына (добруш-), Нямеччына (нямец-/нямеч-), Турэччына (турэц-/турэч-), Дабружчына (дабруж-), Глушчына (Глуск: глух-/глуш-), Грэшчына (Грэск: грэс-/грэш-), Полаччына (Полацк: полат-/полац-/noлач-), Случчына (Слуцк: слуц-/случ-).

Суфікс -шчын- пішацца пасля ўтваральных асноў, што заканчваюцца на губныя б, п, м, ф, в або санорныя н, р, л, й, а таксама ў (з в або л): скупшчына (скуп-), здзельшчына (здзель-), нелегальшчына (нелегаль-), партызаншчына (партызан-), мінуўшчына (мінул-/мінуў-), суб'ектыўшчына (суб'ектыв-/ суб'ектыў-), літаратуршчына (літаратур-), ваеншчына (ваен-), кампанейшчына (кампаней-), тарабаршчына (тарабар-), татаршчына (татар-), канцыляршчына (канцыляр-), папоўшчына (папов-/папоў-), хаваншчына (хаван-), мітынгоўшчына (мітынгов-/мітынгоў-), цыганшчына (цыган-); Браслаўшчына (браслаў-), Гомельшчына (гомель-), Гуцульшчына (гуцуль-), Гродзеншчына (гродзен-), Смаленшчына (смален-), Міншчына (мін-), Бабруйшчына (бабруй-), Зэльвеншчына (зэльвен-), Магілёўшчына (магілёў-), Віцебшчына (віцеб-).

Суфікс -шчын- пішацца і тады, калі ўтваральная аснова заканчваецца зычным з папярэднім санорным: інтэлігентшчына (інтэлігент-), эмігрантшчына (эмігрант-), Самаркандшчына (Самарканд).

18. У прыметніках і прыслоўях з ласкальным значэннем:

пасля мяккіх зычных незалежна ад месца націску пішацца суфікс -еньк-: круценькі, маленькі, ціхенька, паўнюсенька, утульненькі, нізенькі, беленькі, борздзенькі, хуценька;

пасля цвёрдых зычных пад націскам пішацца суфікс -эньк-, а не пад націскам -аньк-: даражэнькі, старэнькі, харошанькі, свежанькі, добранькі, гарачанькі.


  1. Падвоенае нн пішацца ў суфіксальнай марфеме -энн- (-енн-) у прыметніках з павелічальным значэннем (страшэнны, здаравенны, таўсценны, худзенны, высачэнны), у прыметніках з якасна-адносным значэннем (дратвенны, брытвенны, дарэформенны, абедзенны, свяшчэнны, вогненны).

  2. Падвоенае нн пішацца на стыку ўтваральнай асновы і суфікса паміж галоснымі:

калі ўтваральная аснова заканчваецца на н, а суфікс пачынаецца з гэтай жа літары: дзённік, імяніннік, сяннік, маліннік, выгнаннік, дзянніца, абранніца, падаконнік, коннік, конны, сасоннік, карцінны, дывізіённы, гартанны, глыбінны, вінны, летуценны, паддонны, ваенны, вясенні, няспынны, бяссонны, айчынны, бязвінны, незаменны, прасцінны, дрэнны, дабрачынны, параённы;

калі аснова слова заканчваецца на нн, а суфікс пачынаецца зычным н: ванны (набор), манныя (крупы);

у прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на -мя: іменны, імянны, пайменны, племянны, страмянны, цемянны.

Выключэнне: палымяны.

21. Суфіксы -ск- і -ств- пішуцца:

калі ўтваральная аснова заканчваецца на с, то на пісьме спалучэнне сс перадаецца адной літарай: матроскі, рускі, беларускі хакаскі, папуаскі, тунгускі лаоскі гандураскі, уэльскі, адэскі, арзамаскі, вільнюскі, чавускі, копыскі, палескі, залескі, прускі, тбіліскі, кутаіскі, туніскі, эскімоскі, індускі, пелапанескі;

калі ўтваральная аснова заканчваецца на д, з, то спалучэнне іх з суфіксальным с падаецца як дс, зс: горад - гарадскі, люд - людскі, грамада - грамадства, сусед - суседскі, пароход - пароходства, бяда - бедства, Бесядзь - бесядскі; француз -французскі, Каўказ - каўказскі, Сілезія - сілезскі;

у словах, вытворных ад асноў славянскага паходжання на к, спалучэнне к з суфіксальным с на пісьме перадаецца як ц: лясніцтва, мастацтва, сваяцтва, спаборніцтва, гарняцкі, казацкі, крыжацкі, сакавіцкі, асветніцкі, наглядальніцкі, славацкі, гарадоцкі, беластоцкі, уладзівастоцкі, чашніцкі;

у словах, утвораных ад асноў на к неславянскага паходжання, на пісьме захоўваецца спалучэнне кс: арынокскі, нью-ёркскі, бангкокскі, бузулукскі, цюркскі, каракскі, каракалпакскі, квебекскі, таджыкскі, узбекскі;

у прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў на -ка, -кі, зычны к (калі перад ім ёсць іншы зычны) у канцы слова перад суфіксам -ск-знікае: крупскі (Крупкі), дудзінскі (Дудзінка), церахоўскі (Церахоўка), ямайскі (Ямайка), вяцкі (Вятка); але: касабланкскі;

калі ўтваральны назоўнік заканчваецца на літары -ск, то суфікс -ск- зліваецца з імі: Пінск - пінскі, Глуск - глускі, Новасібірск - новасібірскі, Дамаск - дамаскі, этруск - этрускі; але: баск - баскскі;

калі ўтваральная аснова слова заканчваецца на т, ц, ч, а суфікс пачынаецца зычным с, то спалучэнні тс, цс, чс на пісьме перадаюцца праз ц згодна з вымаўленнем: агенцтва, балцкі, брацкі, адвакацкі, салдацкі, лабаранцкі, парламенцкі, брэсцкі, бейруцкі, пa-фармалісцку, па-інтэлігенцку, выдавецтва, кравецкі, івянецкі, прыпяцкі, суэцкі, па-спажывецку, пa-купецку, ткацкі, баранавіцкі, парыцкі, грэцкі (арэх), скрыпацкі, чытацкі, па-дзявоцку;

калі ўтваральная аснова слова заканчваецца на ж, ш, х (у тым ліку і пры чаргаванні [г] - [ж], [х] - [ш]), а суфікс пачынаецца зычным с, то спалучэнні жс, шс у агульных назвах перадаюцца толькі адным с: таварыш - таварыства, харошы - хараство, мног/множ - мноства, убог/убож - убоства, бог/бож - боскі, птах/пташ - птаства, наш - наскі, а таксама княжыць - княства. У некаторых выпадках напісанне такіх слоў вызначаецца па слоўніку, чаргаванне [г] - [ж], [х] - [ш] адсутнічае: Буг - бугскі, Гаага - гаагскі Катанга - катангскі, казах - казахскі, Цюрих - цюрыхскі, Карабах – карабахскі, фелах - фелахскі, шах – шахскі, ніўх - ніўхскі, Пецярбург - пецярбургскі;

у прыметніках, утвораных ад уласных назваў і назваў народаў, спалучэнні жс, шс перадаюцца нязменна: Нясвіж - нясвіжскі, Сураж - суражскі, Парыж - парыжскі, Балхаш - балхашскі, латыш - латышскі, чуваш - чувашскі, Волг/ Волж - волжскі, чэх/чэш - чэшскі, Праг/Праж - пражскі, вараг/вараж - варажскі.

22. Падвоенае цц пішацца:

у інфінітыве зваротных дзеясловаў: змагацца, брацца, купацца, вучыцца, прасіцца, імчацца;

у трэцяй асобе адзіночнага і множнага ліку зваротных дзеясловаў: змагаецца, змагаюцца, бярэцца, бяруцца, купаецца, купаюцца, вучыцца, вучацца, просіцца, просяцца, імчыцца, імчацца;

у лічэбніках адзінаццаць - дваццаць, трыццаць і вытворных ад іх: адзінаццаты, дваццатка, пятнаццацігадовы.


Каментарыі. Правілы правапісу суфіксаў і суфіксальных комплексаў -ец- {-ац-), -іц- (-ыц-), -ічк- (-ычк-), -ечк- (-ачк-), -ак- (-ек-), -ік- (-ык-), -нік-, -чык-, -ень- (-ань-), -чык- (-чыц-) і -шчык-(-шчыц-), -чын- (-шчын-), -еньк- (-эньк-, -аньк-), -энн- (-енн-), -ск-, -ств-, а таксама падвоеных зычных -нн- і -цц- на стыку марфем засталіся без змен. Аднак пры засваенні правіл правапісу гэтых суфіксаў і суфіксальных комплексаў (фактычна спалучэнняў асобных суфіксаў) неабходна мець на ўвазе некаторыя моманты, звязаныя з асаблівасцямі скланення некаторых груп назоўнікаў, а таксама з асаблівасцямі правапісу спалучэнняў зычных на стыку суфіксаў і каранёвых марфем.

1. Пры скланенні назоўнікаў мужчынскага роду з суфіксам -ец- (-ац-) ва ўскосных склонах адбываецца чаргаванне суфіксальных галосных е і я з нулём гука: кармілец - кармільца, тапелец - тапельца, удалец - удальца, баец - байца, бельгіец - бельгійца, незнаёмец - незнаёмца. Гэ-тая з'ява мае універсальны характар незалеж-на ад месца націску ва ўскосных склонах дадзе-ных назоўнікаў. На гэтую асаблівасць ужывання суфіксаў -ец- (-ац-) неабходна звяртаць пільную ўвагу па той прычыне, што пры скланенні назоўнікаў жаночага роду з суфіксамі -іц- (-ыц-) падобнае чаргаванне не назіраецца: спадарож-ніца - спадарожніцы, мсцівіца - мсцівіцы, кар-міліца - карміліцы.



2. Аналагічнае чаргаванне ўласціва і ўскосным склонавым формам назоўнікаў мужчынскага роду з суфіксамі -ак- (-ек-) не пад націскам: сшытак - сшытка, пасынак - пасынка, каласочак - каласочка. Для суфіксаўжа -ік- (-ык-), -нік-, -чык- такое чаргаванне не характэрна: конік - коніка, столік - століка, хлопчик - хлопчыка.

3. Пэўныя цяжкасці ўяўляе правапіс назоўнікаў мужчынскага роду з суфіксам -ень- (-ань-), паколькі ва ўскосных склонах чаргаванне суфіксальных галосных е і а з нулём гука адбываецца непаслядоўна: вусень - вусеня, прамень - праменя, але: вучань - вучня, шчэбень - шчэбню, валасень - валасня. У некаторых выпадках літаратурная норма дапускае ўжыванне форм з чаргаваннем і без чаргавання: кіпень - кіпеню і кіпню Параўнаем яшчэ прыклады: чэрвень - чэрвеня, студзень - студзеня, ліпень - ліпеня, скрыпень - скрыпеню; лежат - лежня, снежань - снежня, дурань - дурня, зазубень - зазубня, галавень - галаўня, плавень - плаўня (заал.), певень - пеўня, бівень - біўня, жнівень - жніўня, вязень - вязня.

Аналагічным чынам паводзяць сябе і назоўнікі мужчынскага роду, у якіх гукавыя элементы -ень- (-ань-) наогул не з'яўляюцца суфіксамі ці выяўляюцца толькі этымалагічна: корань - кораня, рэвень - рэвеню, камень - каменя, струмень - струменя, ячмень - ячменю; сажань - сажня, стрыжань - стрыжня, поршань - поршня, шэршань - шэршня, клубень - клубня, шчэбень -шчэбню, слівень - сліўня, узровень - узроўню, дзень - дня, авадзень - авадня, пярэдадзень - пярэдадня, поўдзень - поўдня, злыдзень - злыдня, тыдзень - тыдня, брэдзень - брэдня.

У аналагічных назоўніках жаночага роду суфіксальныя галосныя е і а пры скланенні па-слядоўна захоўваюцца: ростань - ростані, прыстань - прыстані, печань - печані, чырвань - чырвані, а таксама здань - здані і інш.

4. Правапіс суфіксаў -чык- (-чыц-) і -шчык- (-шчыц-), -чин- (-шчын-) рэгламентуецца наступнымі правіламі: "На пісьме неабходна адрозніваць суфіксы з пачатковым ч (-чык-, -чыц(й), -чын-) ад суфіксаў з пачатковым шч (-шчын-, -шчыц(а), -шчын-).

1. Суфіксы з пачатковым ч пішуцца:

а) калі ўтваральная аснова канчаецца на пярэднеязычныя д, т, з, с, ж, ч: дакладчык, складчина, перакладчык, загадчык, летчык, пераплётчык, мінамётчык, возчык, грузчык, перапісчык, перабежчык. Калі ж перад канцавымі д або т утваральнай асновы стаіць п, м, н або й, тады замест пачатковага суфіксальнага ч пішацца шч: брыльянтшчык, рамонтшчык, флейтшчык;

б) калі ўтваральная аснова канчаецца зычнымі к або ц, прычым апошнія перад суфіксальным ч пераходзяць у ч: картатэка - картатэччык.

2. Суфіксы з пачатковым шч пішуцца ў тым выпадку, калі ўтваральная аснова канчаецца на губныя б,п,ф і в (якое чаргуецца з ў) або санорныя м, н, р, л(ь) і й: бетоншчык, зборшчык, перакупшчык, забойшчык, пайшчыца, закройшчыца, мадэльшчык, здзельшчына" (Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Мінск, 1959, с. 38).


  1. Пры вывучэнні правапісу прыметнікаў і прыслоўяў з ласкальным значэннем з суфіксам -аньк- неабходна звярнуць увагу на магчымы інтэрферэнцыйны ўплыў рускай мовы, у якой аналагічныя лексічныя адзінкі пішуцца з суфіксам -еньк-: харошанькі (рус. хорошенький), свежанькі (рус. свеженький), добранькі (рус. добренький).

  2. На засваенне правапісу слоў з суфіксамі -ск- і -ств- пасля асноў на т, ц, ч таксама можа ўплываць руская мова. Параўн.: агенцтва (рус. агентство), балцкі (рус. балтский), брацкі (рус. братский), брацтва (рус. братство), адвакацкі (рус. адвокатский), салдацкі (рус. солдатский), лабаранцкі (рус. лаборантский), парламенцкі (рус. парламентский), брэсцкі (рус. брестский), бейруцкі (рус. бейрутский), па-фармалісцку (рус. по-формалистски), па-інтэлігенцку (рус. по-интеллигентски) і г. д.

  3. Пры вывучэнні правілаў правапісу падвойнага цц у дзеясловах і лічэбніках таксама неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на магчымы інтэрферэнцыйны ўплыў рускай мовы, у якой аналагічныя словы пішуцца па-іншаму (беларускаму спалучэнню зычных цц адпавядаюць рускія спалучэнні зычных тс і дц):

у інфінітыве зваротных дзеясловаў: брацца (рус. браться), купацца (рус. купаться), вучыцца (рус. учиться);

у трэцяй асобе адзіночнага і множнага ліку зваротных дзеясловаў: купаецца (рус. купается), купаюцца (рус. купаются), вучыцца (рус. учится), вучацца (рус. учатся);



у лічэбніках адзінаццаць (рус. одиннадцать), дванаццаць (рус. двенадцать), чатырнаццаць (рус. четырнадцать), дваццаць (рус. двадцать), трыццаць (рус тридцать), адзінаццаты (рус. одиннадцатый), дваццатка (рус. двадцатка), пятнаццацігадовы (рус. пятнадцатилетний).




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка