1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры



старонка1/7
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.21 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7
1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. і іх выражэнне ў беларускай літаратуры.

Узнікненне новай беларускай літаратуры трэба адносіць да другой сярэдзіны ХVІІІ ст., калі яна, у адрозненне ад старабеларускай літаратуры, набыла рысы свецкасці, у гэты час і пачала ўзнікаць парадыйная літаратура, з’явіліся аўтарскія творы, пазбаўленыя ананімнага характару. Літаратура другой паловы ХVІІІ – пачатку ХХ стст. называецца новай беларускай літаратурай і мае ў сваёй аснове мову простых людзей.

У ХІХ ст. не выдаваліся кнігі на беларускай мове, бо польскі Сейм забараніў яе выкарыстанне ў 1697 г. Героем і выразнікам духоўных запат­рабаванняў нацыі з’яўляецца просты мужык, таму беларускую літаратуру варта называць адной з самых сялянскіх у асяроддзі літаратур.



На развіццё літаратуры дадзенага перыяду аказалі ўплыў перарваныя пісьмовыя традыцыі і фальклорныя матывы, а таксама суседнія славянскія літаратуры: польская, руская, з другой паловы ХІХ ст. – украінская. Новая беларуская літаратура не вызначалася разнастайнасцю метадаў, жанраў і стыляў. У ХІХ ст. былі распаўсюджаны гутаркі, ананімныя вершаваныя аповесці, вершы. У пачатку ХХ ст. жанравая тэматыка пашырылася: з’явіліся розныя віды паэм, апавяданні, аповесці, рабіліся спробы напісання новага беларускага рамана. Такім чынам, вымушаная даганяць больш развітыя суседнія літаратуры, беларуская літаратура другой паловы ХVІІІ – пачатку ХХ стст. характарызавалася невыразнасцю мастацкага метаду, ут­рымліваючы ў сабе элементы сентыменталізму, класіцызму, рамантызму, рэалізму. Асноўная ідэя літаратуры дадзенага перыяду нацыянальнае вы­зваленне і адраджэнне.

Перыядызацыя новай беларускай літаратуры

І. Літаратура другой паловы ХVІІІ–ХІХ стст.

1) дарэформенная беларуская літаратура (да 1860-х гг.):

– канец ХVІІІ – першая трэць ХІХ стст. (да 1830-х гг.);

– 1830-я – 1840-я гг.;

– 1850-я – пачатак 1860-х гг.

2) паслярэформенная беларуская літаратура (пасля 1860-х гг.):

– другая палова 1860-х–1880-я гг.;

– 1890-я гг.

ІІ. Літаратура пачатку ХХ ст.

Сярод літаратурных плыняў ХІХ ст. у Беларусі мелі месца наступныя:

1. Эпоха рамантызму (канец ХVІІІ ст. – 1840-я гады ХІХ ст.) – бярэ свой пачатак у творчасці філаматаў і філатэтаў; працягваецца ў творчасці Я. Чачота, Т. Зана, Я. Баршчэўскага, Ф. Савіча, І. Легатовіча, А. Ходзькі, А. Грота-Спасоўскага, Ю. Корсака, Т. Лады-Заблоцкага, У. Сыракомлі, В. Ка­ратынскага, А. Абуховіча, З. Манькоўскай і інш.

2. Асветніцкі класіцызм (з першай трэці – да сярэдзіны ХІХ ст.) – В. Равінскі, К. Вераніцын і інш.

3. Сентыменталізм (сярэдзіна ХІХ ст.) – А. Петрашкевіч, А. Плуг, А. Вярыга-Дарэўскі, В. Савіч-Заблоцкі, В. Дунін-Марцінкевіч.

4. Асветніцкі рэалізм (канец 1850-х гадоў – пачатак ХХ ст.) – А. Кір­кор, К. Каліноўскі, Ф. Багушэвіч, Я. Лучына, К. Каганец, Ядвігін Ш.

5. Сімвалізм (канец ХІХ – пачатак ХХ стст.) – Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, А. Гарун, М. Гарэцкі, З. Бядуля, Ядвігін Ш., В. Ластоўскі.
2. Рамантызм як напрамак і ўніверсальны творчы метад. Асаблівасці развіцця рамантызму ў Беларусі.

Канец ХVІІІ – пачатак ХІХ стст. – пераломны час у гісторыі літаратур Еўропы. Для аўтараў гэтай пары ўсё меншае значэнне маюць усталяваныя раней каноны літаратурнай творчасці. Адбываецца працэс выразнай індывідуалізацыі стылю: менавіта індывідуальны аўтарскі стыль цяпер супрацьстаіць норме, аўтарытэт якой раней лічыўся непахісным. Творчае падпарадкоўвае сабе ўніверсальную норму, перамагае традыцыяналізм; вырашальную ролю ў гэтых рэвалюцыйных зменах адыграла ўзнікненне і развіццё рамантычнай плыні, фарміраванне рамантычнага метаду мастацкага адлюстравання рэчаіснасці.

Асабліва моцна такія настроі адчуваліся ў Нямеччыне; там развіццё рамантызму напачатку мела найбольш спрыяльную глебу.

Цікавасць рамантыкаў да гісторыі суправаджалася захапленнем на­цыянальнай культурай, нацыянальнымі традыцыямі. Адной з галоўных задач рамантыкі бачылі ў фарміравані нацыянальнай свядомасці народа. З гэтага часу пад рамантызмам разумелася такая творчая плынь, галоўнай ха­рактарыстыкай якой стала мастацкае ўвасабленне невядомага, незвычайнага, бясконцага – што акаляе чалавека – пры дапамозе ірацыянальных з’яў і сіл пачуцця.



Існуе пяць прынцыпаў рамантычнай эстэтыкі:

1. Неабходнасць спалучэння ў межах твора высокага і нізкага, трагіч­нага і камічнага, прыгожага і брыдкага (адмова ад падзелу жанраў на «вы­сокія» і «нізкія»).

2. Неабумоўленасць адзінства дзеяння ў творы адзінствам часу і месца (адмова ад захавання правіла «трох адзінстваў»).

3. Разняволенне творчай фантазіі аўтара, свабода мастака.

4. Увязванне дзеяння з рэальнымі каардынатамі гістарычнага часу і мясцовасці.

5. Неабходнасць сцвярджэння ў мастацтве гістарычнай праўды.

Скончылася панаванне ў літаратуры эпохі загадзя зададзеных форм, жанраў, стылёвых сродкаў. Гэта дало магчымасць творцу больш свабодна падыходзіць да мастацкага адлюстравання рэчаіснасці. Аўтары пачалі ства­раць новы тып героя – асобы, перакананай у тым, што яе бачанне рэчаіснасці самае праўдзівае і ўсеабдымнае. Рамантыкі перабольшвалі самакаштоўнасць асобнага індывіда, што было галоўным мастацкім дасягненнем дадзенага метаду.

З літаратурных жанраў рамантыкі вяртаюць на першае месца лірычныя і ліра-эпічныя, разглядаюць паэзію як найвышэйшую форму прозы. Яны выразна бачаць нацыянальную спецыфіку кожнай літаратуры і адначасова ўключаюць яе ў сусветны агульналітаратурны працэс.

У 1803 г. адбылося адкрыццё Віленскага універсітэта – цэнтра тагачаснай прагрэсіўнай думкі і асяроддзя беларускага пачатку ў літаратуры. На базе універсітэта пачалі ўзнікаць нелегальныя грамадскія таварыствы. Беларускі рамантызм як літаратурная плынь бярэ свой пачатак менавіта з творчасці філаматаў і філарэтаў.

Таварыства філаматаў (аматараў навукі) – складалася са студэнтаў Віленскага універсітэта, існавала ў 1817–1823 гг. Прадстаўнікі таварыства (Ян Чачот, Адам Міцкевіч і інш.) лічылі сучаснае ім грамадства недаска­налым, імкнуліся змяніць яго разам з чалавечымі норавамі пры дапамозе ведаў. Праводзілі думку пра неабходнасць вывучэння роднага краю, часта арганізоўвалі маёўкі і карысталіся мовай простага люду. Філаматы імкну­ліся разгарнуць дзейнасць праз таварыства прамяністаў, якія прытрым­ліваліся думкі пра змяненне грамадства шляхам маральнага ўдасканалення і самаўдасканалення і хацелі здабыць свабоду свайму краю.

Таварыства філарэтаў (аматараў дабрачыннасці) – існавала ў Вілен­скім універсітэце ў 1820–1823 гг. Асноўнай мэтай таварыства прадстаўнікі (Тамаш Зан, Ануфры Петрашкевіч і інш.) лічылі вывучэнне культуры свай­го краю, прапаганду гісторыі і дабрачыннасці, змяненне грамадства ў леп­шы бок. Пасля даносу ў 1823 г. дзейнасць двух таварыстваў была спынена ўрадам.

Таварыства шубраўцаў (у перакладзе з польскай мовы – «шэльмы») існавала з 1816 па 1822 гг., уключаючы студэнтаў, выкладчыкаў і жыхароў Вільні, якія негатыўна ставіліся да заган грамадскага жыцця: невуцтва, га­нарлівасці шляхты, прыгоннага права. Прадстаўнікі таварыства (Антон Га­рэцкі, Ігнат Ходзька, Фадзей Булгарын і інш.) праводзілі думку пра роўнасць людзей у грамадстве, імкнуліся да асветы. Таварыства выдавала гу­марыстычна-сатырычную газету «Вулічныя весці» на польскай мове, у якой часам сустракаліся і беларускія словы, напісаныя лацінкай.

Найбольш знакамітымі прадстаўнікамі рамантычнага напрамку з’яўляюцца: Аляксандр Рыпінскі, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Тадэвуш Лада-Заблоцкі (1830–1840-я гады).



3. Творчасць беларуска-польскіх пісьменнікаў (А. Рыпінскі, Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, Т. Лада-Заблоцкі, У. Сыракомля, А. Вярыга-Дарэўскі, А. Кіркор, В. Каратынскі, А. Міцкевіч).

Пануючым літаратурным напрамкам першай паловы ХІХ ст. быў ра­мантызм, асноўнай асаблівасцю якога з’яўлялася цікавасць да гістарычных паданняў і фальклору. Многія адукаваныя людзі Беларусі займаліся літара­турнай творчасцю, асновай самабытнай культуры лічылі фальклор і звярта­ліся па сюжэты да беларускай рэчаіснасці, пішучы на польскай мове. Яны лічылі, што крыніцай польскай літаратуры павінна стаць мясцовая бела­руская вусная народная творчасць. Творчасць такіх аўтараў называлі краё­вай школай польскага рамантызму ў беларускай літаратуры. Найбольш зна­камітымі прадстаўнікамі з’яўляюцца: Аляксандр Рыпінскі, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Тадэвуш Лада-Заблоцкі (1830–1840-я гады).



Аляксандр Рыпінскі (~1811 (1812)–1886 (1896, 1900) нарадзіўся не­далёка ад Віцебска ў шляхецкай сям’і, вучыўся ў Віцебскай гімназіі, потым пачаў кар’еру ваеннага (г. Даўгаўпілс). Зразумеўшы, што такое жыццё не для яго, вяртаецца ў маёнтак падчас паўстання 1830–1831 гг., якое пад­трымлівае, пасля чаго вымушаны эмігрыраваць у Парыж. Пасябраваўшы там з Адамам Міцкевічам, выступае з лекцыямі па беларускім фальклоры перад французамі і эмігрантамі з Расійскай імперыі. З Парыжа перабраўся ў Лондан, працягваў цікавіцца культурай свайго краю і займацца выдавец­кай дзейнасцю. Пасля амністыі паўстанцам у 1859 г. вяртаецца на Віцеб­шчыну. Увайшоў у гісторыю беларускай культуры як этнограф, фалькла­рыст, пісьменнік, выдавец.

Далёка за межамі Беларусі, у Парыжы, Аляксандр Рыпінскі выдае ла­цінкай кнігу «Беларусь» – даследаванне, у якім аўтар выражае свае адно­сіны да беларускага краю, беларускай культуры, апісвае звычаі шляхты і сялянства, уключае фальклорныя творы і дае класіфікацыю беларускіх на­родных песень. Дадзеная кніга з’яўляецца этнаграфічным помнікам свайго часу, яна не свабодная ад тэндэнцыйнасці. Кніга прапагандуе польскую па­зіцыю аўтара (Беларусь як частка Польшчы), якая з цягам часу мяняецца на карысць самастойнасці і незалежнасці беларусаў. Аляксандр Рыпінскі збі­раў літаратурныя помнікі свайго часу. Многія прадстаўнікі шляхты пісалі вершы на макаранічнай мове (змешаная беларуска-польская мова з дадаван­нем беларускіх слоў), асноўная тэма якіх – каханне без узаемнасці. Аляк­сандр Рыпінскі пісаў вершы і балады на польскай і беларускай мовах. Адзін з самых вядомых твораў – балада «Нячысцік» (выйшла ў 1852 г.). Ба­лада сялянская, паказвае як рэальныя, так і нерэальныя падзеі; напісана па­водле народных песень пра няўдачлівага Мікіту; вызначаецца дыдактыч­насцю; праводзіць думку пра неабходнасць стрыманасці, выканання абра­даў у імя захавання сваёй душы і маёмасці. Дзякуючы матэрыялам з архіва Аляксандра Рыпінскага ўдалося ўстанавіць аўтарства паэмы «Тарас на Парнасе».



Ян Чачот (1796–1847) паходзіў з асяроддзя дробнай шляхты. Вучыў­ся ў Навагрудку, пасля ў 1815 г. паступіў у Віленскі універсітэт, які не скончыў праз адсутнасць сродкаў. Настаўнічаў, працаваў у архівах магна­таў. У 1819 г. стаў філаматам, потым – адным з іх кіраўнікоў. У 1823 г. кі­раўніцтва таварыства было арыштавана, а Яна Чачота саслалі ва Уфу, по­тым – у Цвер. Пасля вяртання ў 1833 г. у родныя мясціны працуе чыноўні­кам на Віцебшчыне, потым – бібліятэкарам у адной з прыватных бібліятэк на Навагрудчыне.

Літаратурная дзейнасць падзяляецца на два перыяды:

1) ранні перыяд (філамацкі) да 1823 г.;

2) позні (сталы) перыяд – пасля 1833 г.

У ранні перыяд піша творы на польскай мове (любоўныя вершы і ба­лады), заснаваныя на фальклоры і гістарычных паданнях. Напісаў у гэты час некалькі вершаў на беларускай мове, прысвечаных сябрам-філаматам (творы вызначаюцца рамантычнай летуценнасцю). У позні (сталы) перыяд піша як разважлівы песіміст, працягваючы цікавіцца беларускім фалькло­рам. Збірае песні, хоча перакласці іх на польскую мову, але своечасова ра­зумее, што адметнасць твораў будзе страчана. З 1837 па 1846 гг. Ян Чачот выдаў лацінкай на беларускай мове шэсць тамоў зборніка пад назвай «Ся­лянскія песні з-над Нёмана і Дзвіны», уключыўшы туды свае вершы на бе­ларускай мове. Вызначальнай рысай твораў з’яўляецца павучальнасць, асу­джэнне чалавечай сквапнасці, п’янства, гаспадарчай нядбайнасці.

Ян Баршчэўскі (1790 (1794, 1796) – 1851) нарадзіўся на Віцебшчыне (Расонскі раён, в. Мурагі) у шляхецкай сям’і. Рана застаўшыся сіратой, ат­рымаў нядрэнную адукацыю. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Ван­друючы па ваколіцах Полацка, зарабляў грошы на вучобу. У 1820-я гады пе­рабраўся ў Пецярбург, дзе правёў каля дваццаці год жыцця і пазнаёміўся са знакамітымі літаратарамі: Адамам Міцкевічам, Тарасам Шаўчэнкам, Мі­калаем Гогалем. Ян Баршчэўскі працаваў гувернёрам, займаўся літаратур­най дзейнасцю. У 1840–1844 гг. выдае альманах «Незабудка» на польскай мове, дзе змяшчаюцца апрацоўкі фальклору, літаратурныя творы, нарысы. Апошнія гады жыцця правёў на поўдні Украіны, у Адэсе, памёр на Валын­шчыне.

Вершы пісаў на польскай і беларускай мовах, прозу – на польскай мо­ве. Першыя беларускамоўныя вершы: «Дзеванька», «Гарэліца». Верш «Дзе­ванька», які напісаны паводле жыццёвага выпадку, лічыцца першым у беларускай паэзіі ХІХ ст. вершам інтымнага характару. «Гарэліца» – спо­ведзь п’яніцы, асуджэнне п’янства. У пачатку ХІХ ст. Ян Баршчэўскі пісаў вершы на польскай мове, у якіх уздымалася тэма кахання, вершы напіса­ныя ў форме элегіі (творы, прасякнутыя сумам).



Дакладна невядомы час напісання паэмы «Бунт хлопаў, ці Рабункі мужыкоў», якая расказвае пра падзеі 1812 г. на Беларусі і ідэалізуе старыя часы, выказвае незадаволенасць становішчам сялянства. Самы знакаміты твор – «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях і каз­ках яе», што выдаваўся ў 1844–1846 гг. Аўтар паказвае характар беларуса, даследуе яго. У пачатку твора ён характарызуе душэўны склад паўночных беларусаў (суровая прырода выклікае меланхалічнасць). Кніга напісана на польскай мове. Шляхціц – аматар фантастычных апавяданняў. Кожная з на­вел сцвярджае пэўную думку. Ян Баршчэўскі ідэалізуе мінулае беларусаў, але пазбягае скразной ідэалізацыі пры паказе свайго часу. У творы высту­паюць героямі як людзі, так і міфічныя істоты: русалкі, ваўкалакі і інш., на­яўнасць якіх дае падставу параўноўваць творчасць Яна Баршчэўскага з творчасцю М. Гогаля і Э.Т.А. Гофмана (так званы беларускі «гафманізм» аўтара). Міфічныя істоты надзелены вялікай сілай, гутарка вядзецца ў але­гарычнай форме пра праблемы сучаснасці. Творы асуджаюць дрэнныя якас­ці чалавечай натуры, якія ўвасоблены ў звышнатуральных сілах. Згодна эс­тэтыцы рамантызму аўтары паказвалі надзвычайныя характары і падзеі.

Тадэвуш Лада-Заблоцкі (1811–1847) нарадзіўся на Сенненшчыне ў шляхецкай сям’і. Дзяцінства прайшло ў спадчынным маёнтку, там атрымаў пачатковую адукацыю. Вучыўся ў Віцебскім вучылішчы, якое не змог скон­чыць праз матэрыяльныя праблемы. Потым паступіў у Маскоўскі універсі­тэт, дзе разам з аднадумцамі арганізаваў тайнае таварыства аматараў сла­веснасці. Туды ўваходзілі людзі, патрыятычна настроеныя і зацікаўленыя літаратурай. У выніку цкавання быў высланы на дваццаць два гады на Каў­каз, дзе ішла вайна рускіх з горцамі. Працаваў на салявых заводах Грузіі. На Каўказе напісаны зборнік вершаў «Паэзія», які выйшаў у 1845 г. на поль­скай мове ў Пецягбургу. У творчасці аўтара пераважаюць тэмы роднага краю, мастацтва, кахання. Ён не толькі перадае настроі і пачуцці лірычнага героя, але і апісвае мясціны, прыродныя з’явы. Шмат вершаў прысвечана Віцебску і яго ваколіцам: «Да Дзвіны», «Даўжанскае возера» і інш.; паэма «Ваколіцы Віцебска» прасякнута захапленнем веліччу роднага краю, ста­ражытнымі каранямі. Аўтар выступаў і ў ролі перакладчыка з італьянскай, іспанскай, цыганскай моў.

Арцём Вярыга-Дарэўскі (1816–1884) нарадзіўся на Ушаччыне ў сям’і дробнага шляхціца. Закончыўшы гімназію, некаторы час працаваў чыноў­нікам у Віцебску. У 1863 г. узначаліў віцебскі атрад, які падтрымаў паў­станне Кастуся Каліноўскага, за што быў арыштаваны і высланы ў Сібір на восем год. На радзіму так і не змог вярнуцца, памёр у Сібіры. Вёў сібірскі дзённік, які згубіўся. Вядомы як паэт, драматург, перакладчык. Пісаў тво­ры на бытавыя і гістарычныя тэмы, большасць з якіх да нас не дайшла. За­хаваліся вершы «Думка», «Ліцвінам», што запісаны ў альбом, і невялічнкае двухрадкоўе. У гісторыю беларускай літаратуры ўвайшоў яшчэ і дзякуючы «Альбому», у якім змешчаны вершы многіх знакамітых дзеячоў культуры таго часу. Друкаваўся пад псеўданімамі «Беларуская дуда» і «Наддзвінскі дудар», што падкрэслівае свядомы зварот аўтара да простага чытача. У вершы «Думка» выкарыстоўваюцца прыём паралелізму, паўторы, інверсія.

Адам Кіркор (1819–1886) друкаваўся пад псеўданімам «Ян са Сліві­на». Нарадзіўся на Магілёўшчыне ў дробнай шляхецкай сям’і, вучыўся ў Віленскай гімназіі і Віленскім дваранскім інстытуце. Вядомы як археолаг, этнограф, выдавец, літаратар, гісторык, географ, мовазнаўца (добра ведаў еўрапейскія мовы). Пісаў вершы на беларускай і польскай мовах, не ўсве­дамляючы сябе беларусам, называўся «тутэйшым палякам». Пісаў нарысы геаграфічнага плану. Цікавіўся гісторыяй славянскіх літаратур, садзейнічаў развіццю самасвядомасці беларусаў. Пад яго кіраўніцтвам створаны Вілен­скі музей старажытнасці.

: bitstream -> 123456789 -> 15212
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)
123456789 -> Іван цярэшка vs джулія навэлі: рэверс апавядацкай інстанцыі ў аповесці васіля быкава “альпійская балада”


  1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка