1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры


Дзейнасць Вінцэся Каратынскага і Уладзіслава Сыракомлі



старонка2/7
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.21 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

Дзейнасць Вінцэся Каратынскага і Уладзіслава Сыракомлі


Вінцэсь Каратынскі (1831–1891) нарадзіўся ў сям’і селяніна на На­вагрудчыне, самастойна набыў адукацыю, некаторы час працаваў хатнім на­стаўнікам. Знаёмства з Уладзіславам Сыракомлем перайшло ў сяброўства, Вінцэсь Каратынскі пачаў працаваць сакратаром апошняга. Пад уплывам сяб­ра напісаў вершы, два з якіх захаваліся: «Уставайма, братцы!» і «Туга на чужой старане». Першы верш напісаны да прыезду цара Аляксандра ІІ у Вільню. Частка віленскай інтэлігенцыі вырашыла паднесці цару альбом з хвалебнымі вершамі. Верш Вінцэся Каратынскага быў іншага зместу: зва­рот да суайчыннікаў устаць і сустрэць «дарагога» госця. Аляксандр ІІ але­гарыча параўноўваецца з сонцам, з’яўленне якога павінна прынесці народу шчасце.

«Туга на чужой старане» паказвае час пасля паражэння паўстання 1863 г. і пачуцці людзей, якія апынуліся за межамі роднай краіны і пакутуюць на чужы­не. Верш лірычны, сентыментальны. Апошнія гады жыцця Каратынскі правёў у Варшаве, яго сын ведаў беларускую мову і пісаў на ёй вершы.



Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае імя Людвік Кандратовіч) (1823–1862) паходзіў з апалячанай беларускай шляхты, усё жыццё пражыў на тэ­рыторыі Беларусі, пісаў у асноўным на польскай мове, але на мясцовыя тэмы. У польскай літаратуры яго называюць «лірнікам вясковым» і «лірнікам літоўскім», бо героямі твораў аўтара былі сяляне ці шляхта. Вядомасць да Сыракомлі прыйшла рана – пасля напісання верша «Паштальён», у аснове якога ляжыць здарэнне на Гродзеншчыне, калі малады паштальён пачуў крык аб дапамозе, але не выратаваў дзяўчыну, якая аказалася яго каханай. Янка Лучына пераклаў гэты верш на беларускую мову.

У вершах аўтара ўслаўляецца дабрачыннасць, асуджаецца здрада і хці­васць чалавечых паводзін. Аўтару належаць вершы на мове беларускага сялян­ства: «Добрыя весці» і «Ужо птушкі пяюць усюды». Першы верш напісаны ў 1848 г. і расказвае пра абуджэнне прыроды і чалавека, утрымліваючы алего­рыю; другі верш таксама алегарычны, верш-прадчуванне, напісаны ў 1861 г., паказвае карціну надыходу вясны і мае кантрастнасць вобразаў.



Адам Міцкевіч

А. Міцкевіч – першы народжаны на Беларусі паэт, імя якога яшчэ пры жыцці зрабілася вядомым усёй адукаванай Еўропе. Нарадзіўся будучы творца 24 снежня 1798 г. у сям’і колішняга мінскага каморніка, а на той час наваградскага адваката Мікалая Міцкевіча. Яго маці, Барбара Маеўская (па матчынай лініі – Арэшка) была родам са збяднелай наваградскай шляхты. Месцам яе нараджэння была вёска Чамброва, а яе бацька, Мацей Маеўскі, служыў аканомам у наваградскага земскага суддзі.

Пра месца нараджэння Адама да гэтай пары адназначнага сведчання няма. Найчасцей даследчыкі называюць фальварак Завоссе (цяпер ён бы зна­ходзіўся ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці), але таксама ўзгадваюц­ца прыдарожная карчма Выгода, паблізу Наваградка, і сам Наваградак. Да­кладна, аднак, вядома, што сям’я Мікалая Міцкевіча пастаянна жыла ў За­воссі, а ў 1801 г. перабралася ў Наваградак – месца яго службы. Неўзабаве пасля Адамавага нараджэння з ім адбылося надзвычайнае здарэнне: немаў­ля зляцела з падваконня бацькоўскай хаты, і маці паімчалася з ім, непры­томным, у касцёл, каб вымаліць яго ўратаванне ад смерці. Пра гэта мы чы­таем у першых радках паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

Цёплаю парою года Міцкевічы, аднак, вярталіся ў Завоссе, а пасля 1806 г. – у новую хату, у недалёкае адтуль Белае. Вялікую ролю ў выхаван­ні малога Адася адыгралі, паміж іншым, двое сялян з прыслугі – беларус Блажэй і полька Гансеўская. Блажэй расказваў па-беларуску казкі і розныя аповеды, Гансеўская спявала песні – натуральна, што польскія. Пісаць і чы­таць будучага паэта вучыла яго маці, а пазней бацькі нанялі яму і гувернё­раў: напачатку Шымана Мінкоўскага, потым Людвіка Янкоўскага. У 1807 г. Адам паступіў у Наваградскую дамініканскую гімназію, пасля заканчэння якой (1815) стаў студэнтам Віленскага універсітэта. Там, разам з Тамашом Занам і Юзафам Яжоўскім, ён узяў чынны ўдзел у заснаванні Таварыства філаматаў і цягам двух гадоў быў адным з самых актыўных яго сяброў. На пасяджэннях таварыства ён выступаў з дакладамі («Пра оперу», «Вясковыя праходкі»), чытаў свае першыя – з вядомых нам сёння – літаратурныя тво­ры. З 1819 г. А. Міцкевіч выкладаў лацінскую мову ў Ковенскай гімназіі, і сустрэчы з віленскімі сябрамі адбываліся ў асноўным улетку, у Туганаві­чах, непадалёк ад возера Свіцязь. Туды, пачынаючы з 1818 г., яго запраша­лі сябры, браты Міхал і Юзаф Верашчакі. Іх жа сястра Марыля стала пер­шым моцным каханнем маладога паэта. Аднак у 1821 г. яна выйшла замуж за свайго нарачонага, графа Путкамера, што прынесла Адаму не абыякія перажыванні. У 1822 г. у яго пачаліся праблемы са здароўем, і, перапыніў­шы настаўніцкую працу, ён вярнуўся ў Вільню. Пазней, ужо ў Парыжы, у гутарцы з Аляксандрам Ходзькам, А. Міцкевіч гэтак выкажацца пра свае датулешнія ўражанні ад Беларусі і яе прыроды: «Нідзе на зямлі няма веся­лейшага жыцця, чым у ліцвінскіх вёсках і засценках. Столькі там радасці, любасці, бязмежнага чалавечага шчасця. Магчыма, не дасць Бог пажыць больш гэтым жыццём, але мы павінны нешта зрабіць, каб захаваць яго каш­тоўны народны змест і даць зразумець усю яго вартасць. Такое жыццё я шчодра паспытаў паміж 1815 і 1820 гадамі, асабліва ў доме Верашчакаў (Ту­ганавічы, Плужыны), дзе ў кампаніі Тамаша Зана й іншых праводзіў кані­кулы. Цэлыя ночы ў лясах, над азёрамі. Цудоўнейшыя характары Міхала Ве­рашчакі, маці Марыі – пані маршалковай».

1823 г. прынёс паэту, ужо аўтару першага тома «Балад і рамансаў» (Вільня, 1822), новыя турботы: пасля выкрыцця расійскімі ўладамі згурта­ванняў філаматаў і філарэтаў 23 кастрычніка яго, разам з многімі сябрамі, арыштавалі. Месцам зняволення сталі віленскія базыльянскія муры. А прык­ладна праз год А. Міцкевіч быў назаўсёды разлучаны з радзімай. Вызнача­ную судом высылку ён адбываў у Пецярбургу, Маскве, а таксама на поўдні Расійскай імперыі. У сярэдзіне 1829 г. яму ўдалося выехаць у Заходнюю Еўропу. Яго жыццёвая дарога вяла праз Ваймар, Дрэздэн, Жэневу, Рым, Лазану. Пастаянным месцажыхарствам паэта стаў Парыж. У жніўні 1831 г. А. Міцкевіч нелегальна выязджаў у Вялікапольшчу, але да паўстанцаў Вар­шавы так і не даехаў. Далейшае жыццё ў Парыжы і, пэўны час, у Лазане было няпростым: займаючыся літаратурнай творчасцю і – раз-пораз – вы­кладчыцкай працай, ён перажыў нямала жыццёвых драм. Нечаканай і за­гадкавай была яго смерць. У 1854 г. А. Міцкевіч быў накіраваны паслан­цам ад французскага міністэрства асветы ў Канстанцінопаль (Стамбул). Там ён робіць захады для арганізацыі Польскага легіёну пад кіраўніцтвам польскіх патрыётаў Чайкоўскага і генерала Замойскага, але 26 лістапада 1855 г. памірае – ці то ў выніку эпідэміі халеры, ці то атручаны сваімі ня­добразычліўцамі. Цела паэта было перавезенае ў Парыж і пахаванае на мо­гілках Манмарансі, а ў 1890 г. урачыста перазахаванае ў асобнай нішы ста­ражытнага кракаўскага Вавеля.



Балады і паэмы Адама Міцкевіча

У першых вершах юнацкай пары А. Міцкевіча («Гарадская зіма», «Ужо сышоў з нябёсаў ночы змрок сумотны...», «Ямбы на імянінах Яна Ча­чота» і інш.) выразна адчувальныя ўплывы эстэтыкі асветніцкага класіцыз­му. Але ў асяроддзі маладых паэтычна настроеных філаматаў паступова вы­спявае нязгода з рацыяналістычна-асветніцкім стаўленнем пэўных выбіт­ных выкладчыкаў Віленскага універсітэта – гэткіх, як прафесар Ян Сня­дэцкі – да фальклору як крыніцы паэтычнага натхнення. Так узнікае балада Адама Міцкевіча «Рамантычнасць» (студзень 1821 г.) – своеасаблівы мані­фест «гердэраўскага» перадрамантызму на беларуска-польскай глебе. Апа­вядальнікам у гэтым творы выступае чалавек «з-па-за натоўпу». Ён рас­казвае пра падзеі з пазіцый пярэчання вучонаму старому «са шкельцам у воку». Як у класіцысцкім творы, апавядальнік дае маралізатарскую кан­цоўку, але гэтая мараль апраўдвае рамантычны погляд на мастацкую рэча­існасць:

Адказваю сціпла: – Дзяўчына бачыць,

I люд да той веры ахвочы;

Пачуцці й вера мне болей значаць,

Чым шкло мудраца ды вочы.

Праўды змярцвелыя кажаш ты люду:

Ў пылінцы свет бачыш ды ў шкельцы.

А праўдаў жывых не спазнаў ты й цудаў!

Май сэрца, заглядвай у сэрца!

(Пераклад Лявона Баршчэўскага)

Гэткім чынам апавядальнік у баладзе (а па сутнасці – і сам Міцкевіч) уводзіць як бы новыя катэгорыі пазнання: інтуіцыю, а таксама пачуццё і веру, ісціны падсвядомасці. Гэткім чынам аўтар не толькі распачынае га­ворку пра чалавечыя каштоўнасці, але і падтрымлівае веру простага люду ў свет нематэрыяльны. Ён становіцца на бок тых, хто пакутуе і праз свае пакуты ўваходзіць у дачыненні з таямнічымі з’явамі. Вера ў тое, што ба­чыць простая дзяўчына, грунтуецца для аўтара на сіле яе пачуцця. Спачу­ванне да яе з боку апавядальніка выяўляе пазіцыю рамантыкаў, якія пашы­раюць веды пра чалавека, спрабуючы спазнаваць стан падсвядомасці, ін­туітыўнага ўспрымання рэальнасці, вар’яцтва. Каруся ў баладзе «Раман­тычнасць» напраўду паводзіць сябе як вар’ятка (сярод белага дня бачыць духа), але гэта не падважае праўдзівасці яе пачуцця. Увогуле, рамантыкі найчасцей бачылі ў душэўных хваробах выяўленне асобы генія, а ў вар’я­це – істоту, што мае мажлівасць наладжваць непасрэдныя кантакты з не­зямным жыццём.

У баладах і рамансах «Свіцязянка», «Свіцязь», «Рыбка», «Курганок Марылі», «Люблю я» і інш. Адам Міцкевіч закранае тэмы, звязаныя з бела­рускімі паданнямі і легендамі, з жыццём і культурай мясцовага беларус­кага люду, яго ўяўленнямі пра свет і мараль. Гераіня балады «Свіцязян­ка» – адна з чароўных істот беларускай міфалогіі, прызначэнне якіх – гу­біць невінаватых людзей. У баладзе Міцкевіча стралец пакараны не проста так, а за здраду ў каханні. У «Свіцязі» паэт увогуле адыходзіць ад сюжэтаў народных паданняў (параўнайце аднайменныя балады Яна Чачота і Тама­ша Зана), але, безумоўна, трымаецца іх духу; да таго ж, Міцкевічаў твор адметны апісаннем свіцязянскага краявіду:

Між дрэў, бы ў вяночку, адкрыецца воку

Там возера Свіцязь, як дзіва.

Бы хтосьці чысцюткую шыбу звысоку

Сюды апусціў беражліва.

Матыў непазбежнага пакарання за ліхія ўчынкі, характэрны для на­родных паданняў, знаходзіць сваё развіццё ў баладзе «Рыбка». Адплата здзяйсняецца цудадзейным чынам: пан і пані ператвораныя ў камень, але за гэтым народна-паэтычным вобразам праглядаецца пэўная ідэя сацыяль­нага пратэсту. У рамансе «Курганок Марылі» пазнаецца стыль беларускіх пахавальных галашэнняў, якіх гэтак багата ёсць у нашым фальклоры. У ба­ладзе «Люблю я», магчыма, у найбольшай ступені сярод усіх балад, засна­ваных на беларускім фальклорна-міфалагічным матэрыяле, выяўляе сябе містыцызм, гэтак упадабаны раннімі нямецкімі рамантыкамі.

Паэтычная аповесць «Гражына» (1823) можа лічыцца пачаткам гера­ічна-патэтычнай лініі ў польскамоўнай рамантычнай літаратуры. Яшчэ па­чынаючы ад паэмы «Мешка, князь наваградскі» (1822), услед за заходнееў­рапейскімі рамантыкамі, таямнічая сярэднявечная гісторыя знаходзіць сваё месца і ў міцкевічавай творчасці. У цэнтры ліра-эпічнай паэмы «Гражына» мы бачым гераічны вобраз ліцвінскай жанчыны, якая мужна ўстўпае ў зма­ганне з каланізатарамі-тэўтонцамі. Дзеянне «Гражыны» разгортваецца ў Наваградку і яго наваколлі. Гражына, маладая прыгожая жонка тамтэйшага князя Літавора, ахвяруе сваім жыццём дзеля абароны радзімы ад варожай навалы. Матыў змагання ліцвінаў з крыжакамі атрымае сваё развіццё і ў паэме «Конрад Валенрод», завершанай Міцкевічам ужо ў расійскай высыл­цы. Вобраз Конрада Валенрода тыпалагічна блізкі да «байранічнага героя», гаворка пра якога пойдзе ніжэй. Конрад ратуе Літву, але коштам пакут і сумненняў, ахвяравання асабістым шчасцем і жыццём.

Санеты. У адэскай высылцы Міцкевіч піша цыкл санетаў, у цэнтры якіх любоўныя перажыванні лірычнага героя. Гэтыя творы пераклікаюцца з пэўнымі санетамі Петраркі, выяўляючы пры гэтым самыя розныя адценні пачуццяў паэта:

Дзе асвячоныя ў шчаслівы час тваёй журбою

Буялі краскі, вартыя архангельскае скроні,

Ірваў букет я на тым самым лугавым улонні,

Змяшаны з палыном, з плакучаю вярбою.

Як пустазелле й блёкат заглушылі ўсё сабою,

Чаму ж баіцца ўспыхнуць кветка чыстая ў палоне?

I ўсё ж букет прымі: не варты ён тваёй далоні,

Ды ўзрос на той зямлі, дзе ты ўсміхнулася

настрою...

(Пераклад Рыгора Барадуліна)

Цэнтральнае месца ў гэтым цыкле, аднак, займае санет «Да Нёмана», першы варыянт якога быў напісаны яшчэ ў 1821 ці 1822 г. на роднай паэту Наваградчыне. Туга па растанні з каханай Лаўрай – насамрэч, Марыляй Ве­рашчакай – спалучаецца тут з прадчуваннем непазбежнага развітання з ра­дзімай.

У традыцыях рамантыкаў было захапленне экзатычнай прыродай, най­часцей паўднёвых краін. У сваіх «Крымскіх санетах» Адам Міцкевіч фар­мальна аддаў даніну гэтай традыцыі. Але і тут таксама не-не ды выяўляе сябе нязбыўны сум па роднай паэту Літве–Беларусі:

...Стаім! – як ціха! – чую вырай жураўліны,

А птушак бы і сакаліны зрок не згледзеў;

I чую, як матыль разгойдвае сцябліны,

Як слізкай скурай вуж даткнецца зёлкі недзе.

Усё б аддаў, здаецца, ў гэтыя хвіліны,

Каб кліч з Літвы пачуць, – ніхто не кліча, едзем.

(Пераклад Ірыны Багдановіч)

«Дзяды». Этапнай у творчасці Адама Міцкевіча стала вялікая драма­тычна-эпічная паэма «Дзяды», пачатая ў віленска-ковенскі перыяд яго твор­часці і, па сутнасці, не завершаная паэтам да канца ягонага жыцця. Дзяды – слова беларускае, і служыць яно найменнем старадаўняга абраду памінан­ня памерлых продкаў. З паказу адпаведнага рытуалу і пачынаюцца апублі­каваныя паэтам часткі паэмы. Паэт надае абраду Дзядоў маральнае і філа­софскае значэнне і як бы задае тон усяму твору: матыў веры пранізвае ўвесь твор. Цэнтральнай жа постаццю паэмы выступае вобраз Густава–Кон­рада. Густаў з’яўляецца ўжо ў пралогу «Здань» і дзейнічае ў Другой і Чац­вёртай частках твора. Гэта – герой найчасцей маўклівы, заглыблены ў аса­бістыя праблемы. Густаў супрацьпастаўляе шмат якім заганным бакам «вы­шэйшага грамадства» здаровую, як ён лічыць, маральнасць простага наро­да. За ім неадступна крочыць вобраз каханай, і ў апошнім маналогу Чац­вёртай часткі Густаў прамаўляе наступныя словы:

Хто цалкам сэрцам і душой у каханні гінуў,

Заўжды той будзе побач з мілаю дзяўчынай!

Яна ўладарыць думкамі, натхненнем!

Я пасля смерці ўсюды сэрцам з ёю

Быць мушу, і за постаццю мне дарагою

Лячу скароным ценем.

Хто верны быў стваральніку зямному,

Прыняты будзе той на райскае улонне,

А хто з нячыстым жыў – патрапіць у бяздонне,

Там суджана спаліцца ўсяму злому...

(Пераклад Сержа Мінскевіча)

Трэцяя частка «Дзядоў» была напісаная Міцкевічам ужо ў Дрэздэне, пасля паразы паўстання 1830–1831 гг. У гэтай частцы захоўваецца пафас і стыль «віленска-ковенскіх» «Дзядоў», застаецца і галоўны герой – той са­мы... і ўжо іншы. 1 лістапада 1823 г., на Дзяды, паэт зрабіў надпіс на муры цэлі ў базыльянскіх мурах «1 лістапада 1823 г. памёр Густаў. 1 лістапада 1823 г. нарадзіўся Конрад». Галоўныя памкненні гэтага героя скіраваныя ўжо не на тое, каб залячыць душэўную рану ад няшчаснага кахання, а на здзяйсненне высокага патрыятычнага ідэалу – вызваленне любай Айчыны. У «Імправізацыі» Конрад выказвае погляды рамантычнага бунтаўніка-інды­відуаліста, кідае выклік самому Богу, У сваю чаргу, ксёндз Пётра ў зма­ганні за свабоду роднага краю чэрпае сілы якраз у шчырым служэнні Богу: у гэтым абодва героі як бы дапаўняюць адзін аднаго. I ўсё-такі сапраўдным узорам адданасці высакароднай справе для Конрада выступаюць мастацкія вобразы сяброў Міцкевіча, філаматаў і філарэтаў. Хтосьці з іх з’яўляецца ў творы пад мянушкамі (Жэгота – Ігнат Дамейка), а нехта (Тамаш Зан, Адам Сузін, Ян Сабалеўскі, Адольф Янушкевіч, Якуб Ягела, Юзаф Кавалеўскі, Фелікс Кулакоўскі, Антоні Фрэенд, Цыпрыян Янчэўскі) – і пад сваімі ўлас­нымі імёнамі альбо прозвішчамі. У высокай маральнасці сваіх сяброў аў­тар бачыць гарантыю таго, што памагатыя рэжыму рана ці позна пацер­пяць паразу...

Ва Урыўку (альбо: адступленні) Трэцяй часткі паэмы «Дзяды», які фактычна складаецца з некалькіх вершаў, Міцкевіч малюе вобраз бесчала­вечнай царскай імперыі:

Шкада цябе, мой браце-славянін!

Народ мой бедны! Звеку ты без долі

I знаеш толькі – гераізм няволі.

(Пераклад Кастуся Цвіркі)

Расійскую тэрыторыю Міцкевіч паказвае ў выглядзе вялікай засты­лай пусткі, а сталіцу імперыі Пецярбург – як тварэнне злых, сатанінскіх сілаў гісторыі.

Вельмі цяжка даць дакладнае жанравае вызначэнне паэмы «Дзяды». Як заўважае беларуская даследчыца Святлана Малюковіч, аўтар выкарыс­тоўвае тут «элементы оперы, містэрыі, народнага фарсу», ствараючы «жан­равы сплаў гістарычнай, філасофскай, лірыка-драматычнай паэмы».

«Пан Тадэвуш» (1832–1834). У парыжскай эміграцыі Адам Міцкевіч напісаў галоўны твор свайго жыцця – ліра-эпічную паэму «Пан Тадэвуш». Месца дзеяння паэмы – родныя Міцкевічу наваградскія прасторы, а боль­шасць дзейных асобаў – гэта тыповыя прадстаўнікі мясцовай шляхты, якая, што праўда, у сваёй бальшыні прасякнутая ідэямі польскага, а дакладней сказаць, рэчпаспалітаўскага патрыятызму. Знаходжанне Міцкевіча ў Пары­жы, дзе разгортваліся нежартоўныя баталіі паміж прадстаўнікамі розных партыяў эмігрантаў з былой Рэчы Паспалітай, наклала свой адбітак на змест твора. Менавіта ідэя неабходнасці дасягнення еднасці паміж патрыётамі краю натхніла паэта на стварэнне «Пана Тадэвуша». Разам з тым, калі раз­глядаць гэты твор з беларускіх пазіцый, аб’ектыўна яго можна лічыць (по­бач, напрыклад, з «Песняй пра зубра» Міколы Гусоўскага і «Новай зямлёй» Якуба Коласа) часткай нашага нацыянальнага літаратурнага эпасу.

Сюжэт паэмы ў цэлым можна звесці ў тры галоўныя лініі: спрэчка Суддзі і Графа за замак, гісторыя кахання Тадэвуша і Зосі, падпольная па­літычная арганізацыйная дзейнасць ксяндза Робака (Яцака Сапліцы).

У стылістыцы і спосабе літаратурна-мастацкага выяўлення паэма пад­трымлівае гамераўскую традыцыю: апавядальнік валодае непадважальным аўтарытэтам, ужывае мноства ўзвышаных і яскравых моўных фігур, мае схільнасць да дэталёвага апісання з’яў і прадметаў. Разам з тым, у адроз­ненне ад Гамера, Міцкевіч не пазбягае іроніі й самаіроніі; у дзеяннях геро­яў «Пана Тадэвуша» няма аніякай фатальнай прадвызначанасці, а пагатоў выканання боскае волі. Тым не менш паэма адпавядае патрабаванням эпа­пеі, бо народ тут паказаны ў пераломны момант – калі адбываецца яго раз­вітанне са старым феадальным светам і далучэнне да свету новага, рэпрэ­зентаванага маладым пакаленнем, людзьмі кшталту Тадэвуша Сапліцы і Зосі.

У цэлым, у адпаведнасці з патрабаваннямі паэтыкі рамантызму, увесь свет паказаны ў паэме прыгажэйшым за той, што існуе насамрэч. Аўтар выкарыстоўвае багаты арсенал жывапісных, музычных і пластычных срод­каў. Беларуская прырода паказаная як жывая асоба:

Дазволь душы маёй, ахопленай адчаем,

Пераляцець туды, дзе поясам блакіту

Над Нёманам лясныя ўзгоркі апавіты,

Дзе прозеленню жыта ў полі серабрыцца,

I залаціцца поўным коласам пшаніца,

Дзе ў ярыне свірэпа – россыпам бурштыну,

На ўзмежках дзяцельнік – румянамі дзяўчыны.

А ўпрокідку ў палетках, быццам вартаўнічкі,

Стаяць і ціха шэпчуцца ігрушы-дзічкі.

(Пераклад Язэпа Семяжона)

Прыгажосць свету, яго казачнасць і паэтычнасць, рамантызм і драма­тызацыя падзеяў – усё гэта мае дасканалую паэтычную форму. Менавіта мо­ва паэмы прымушае любіць беларускую прыроду, шанаваць радзіму паэта Рэч Паспалітую.

Апроч усяго вышэйсказанага, у паэме «Пан Тадэвуш» можна ўгле­дзець мастацкае асэнсаванне пэўнай цывілізацыйнай змены. Паводле змес­ту твора грамадская думка яшчэ грунтуецца на аўтарытэце пажылых лю­дзей, таго, што кажуць у касцёле, карчме і ў часе хатніх пасядзелак і гас­цяванняў. У той самы час, у Парыжы 1830-х гадах, дзе Міцкевіч гэтую паэ­му пісаў, вельмі значную ролю ўжо адыгрывала прэса: сам паэт, пачынаю­чы з 1 красавіка 1833 г., рэдагаваў газету «Pielgrzym Polcki» («Польскі пілігрым»). Таму ідэалізацыю блізкага Міцкевічу свету ягонага дзяцінства наўрад ці варта тлумачыць як імкненне паэта вярнуць гэты свет. Хутчэй, ён прагне знайсці ў нядаўнім мінулым тыя каштоўнасці, якія не павінны быць страчаныя ні пры якіх варунках. Таму ў творы пастаянна гучыць ма­тыў вяртання. Вяртаецца ў дом роднага дзядзькі пасля дзесяці гадоў адсут­насці Тадэвуш; вяртаецца да праблемы сямейнай генеалогіі й пытання пры­належнасці замку Граф; вяртаецца да даўнейшых звычаяў Падкаморы; вяр­таецца ў родныя мясціны зусім іншым чалавекам Яцак Сапліца; у заключ­ных кнігах паэмы вяртаюцца разам з польскім легіёнам у Сапліцова амаль што ўсе галоўныя героі папярэдніх кніг і, урэшце, у «Эпілогу» сам аўтар вяртаецца душою ў час і мясціны свайго маленства... Усё гэта, напэўна, звязана з уяўленнямі шмат каго з тагачасных рамантыкаў пра народ як жывы арганізм, які мае свой тэмперамент, характар і да т.п., якому ўлас­цівыя здольнасці адраджацца, вяртацца да мінуўшчыны.

Калі паспрабаваць сцісла ахарактарызаваць герояў паэмы, дык сярод іх можна вылучыць прадстаўнікоў старога і новага спосабу мыслення, луч­насць паміж якімі спрабуе ўсталяваць ксёндз Робак. Можна таксама заўва­жыць групу персанажаў, да якіх аўтар ставіцца сурёзна (Тадэвуш, Суддзя, Падкаморы, Рыкаў), і тых, на якіх ён глядзіць з іроніяй (Тэлімена, Граф, Асэсар, Плут). Ксёндз Робак – чалавек, які прайшоў вялікую жыццёвую школу, перш чым свядома стаў на абарону высокіх патрыятычных і ма­ральных ідэалаў. А што гэта былі за ідэалы, відаць з яго перадсмяротнага прызнання:

Хто знае. Можа, мне грахом і тое стане,

Што я ўзбурыў дачасна шляхту на паўстанне?

Але намер мой: сцяг з Пагоняй у краіне

Хай першым двор Сапліц ва ўсёй Літве падніме

Рукамі ўсёй маёй радні ўрачыста,

Здаецца, быў апраўданы, задумай чысты...

(Пераклад Язэпа Семяжона)

Дваццацігадовы сын Яцака Тадэвуш належыць ужо да новай генера­цыі змагароў за вызваленне краю. Паводле імя і поглядаў ён выглядае пра­даўжальнікам справы Тадэвуша Касцюшкі. Тадэвуш, герой паэмы Міцкеві­ча, ідзе ў войска, каб здабываць волю для Бацькаўшчыны са зброяй у ру­ках. Акрамя таго, вызваляючы ад прыгону сялян, ён засведчвае, што буду­чы лад вольнай краіны мае быць іншым, чым у старой Рэчы Паспалітай. Зося паказваецца як ідэальная спадарожніца ў ягоным будучым жыцці ды змаганні. Надзеленыя выразнымі індывідуальнымі рысамі вобразы Суддзі, Графа, Падкаморага, Тэлімены, Ключніка, Мацея Дабжыньскага, расійска­га афіцэра Мікіты Рыкава... У паказе асобы апошняга адбіліся ўражанні ад знаёмства самога Міцкевіча з самымі годнымі прадстаўнікамі расійскага афіцэрства дзекабрысцкай эпохі.

Вялікае значэнне для разумення аўтарскай задумы мае «Эпілог», які быў упершыню апублікаваны толькі пасля смерці аўтара ў 1860 г. Як і ў «Дзядах», мы бачым тут, па сутнасці, прадказанне будучыні. Пасля вялікіх войнаў ды рэвалюцыяў, падзеі якіх Міцкевіч актыўна асэнсоўваў і як пуб­ліцыст і выдавец палітычных перыёдыкаў, узнік новы вобраз свету. У гэ­тым свеце паняволеныя народы, у тым ліку і народы колішняй Рэчы Паспа­літай, мусілі атрымаць доўгачаканую свабоду:

...Тады з дубовымі вянкамі славы,

Пакінуўшы мячы, абсядуць лавы

Героі нашы слухаць спеў цікавы!

Калі зайздросціць будзе свет іх долі,

Час будуць мець пачуць пра дні няволі

Бацькоў сваіх і лёсы іх уцяміць,

I твару іх тады сляза не спляміць.

(Пераклад Пятра Бітэля)

Адам Міцкевіч у беларускім кантэксце. Творчасць Адама Міцкевіча аб’ектыўна пракладала дарогу новай беларускай літаратуры, што паўстава­ла ў першай палове XIX ст. у неймаверна цяжкіх варунках. Як зазначае Ула­дзімір Мархель, «з пункту гледжання перспектывы эвалюцыйнага наблі­жэння таленавітых пісьменікаў – ураджэнцаў Беларусі – да беларускамоў­най творчасці Міцкевіч знаходзіўся на магістральным шляху развіцця... бе­ларускай літаратуры, і яго паэзія ўдзельнічала ў гэтым развіцці – перш за ўсё ўзорам любаснай увагі да роднага краю і яго насельнікаў».

Ёсць дакументальныя сведчанні таго, што сам Адам Міцкевіч неабыя­кава ставіўся да мовы і гісторыі беларускага народа. Так, на лекцыі, пра­чытанай ім у парыжскім Калеждэ Франс 21 студзеня 1842 г., паміж іншага, зазначалася: «На беларускай мове, якую называюць русінскай ці літоўска-русінскай.., размаўляе каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацаваная. У перыяд неза­лежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай пе­рапіскі. Мова велікаросаў, на якой гавораць амаль гэтулькі ж чалавек (трэ­ба выключыць адсюль фінска-маскоўскі дыялект, які моцна ад яго адрозні­ваецца), вылучаецца багаццем і чысцінёй, але ў яе няма ні цудоўнай прас­таты беларускай мовы, ні гарманічнасці і музычнасці маларускай» (Пера­клад Кастуся Цвіркі). У іншай лекцыі Адама Міцкевіча мы чытаем: «...З усіх славянскіх народаў русіны, гэта значыць, сяляне Пінскай, часткова Мін­скай і Гродзенскай губерняў захавалі найбольшую колькасць агульнасла­вянскіх рыс. У іх казках і песнях ёсць усё. Пісьмовых помнікаў у іх мала, толькі Літоўскі Статут напісаны іх мовай, самай гарманічнай і з усіх сла­вянскіх моў найменш змененай...» (Пераклад Алега Лойкі). Натуральна, што ў культурных асяродках Беларусі творы Адама Міцкевіча выклікалі вялікую цікавасць.

Цяжка перабольшыць той уплыў, які мела творчасць Адама Міцкеві­ча на далейшае развіццё беларускай літаратуры. Асабліва яскрава гэта вы­яўляецца ў творчасці Уладзіслава Сыракомлі і Вінцэнта Дуніна-Марцінке­віча, Арцёма Вярыгі-Дарэўскага і Вінцэся Каратынскага, Янкі Купалы і Яку­ба Коласа, Уладзіміра Дубоўкі і Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Караткевіча і Янкі Сіпакова...

Ужо ў другой палове 1850-х гадоў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч пера­клаў паэму «Пан Тадэвуш» на беларускую мову. Першыя дзве «быліцы» (кнігі) паэмы былі надрукаваныя ў 1859 г. у Вільні, але тыраж забараніла і канфіскавала расійская цэнзура, у сувязі з чым астатнія часткі перакладу зусім не пабачылі свету. Другую спробу перакладу «Пана Тадэвуша» зра­біў Аляксандр Ельскі (1834–1916). Першая кніга перакладу «Гаспадарка» выйшла ў тагачаснай Аўстра-Венгрыі, у Львове ў 1892 г. У сваёй прадмове да гэтага выдання Ельскі пісаў: «Чытаючы «Пана Тадэвуша», дарагія бе­ларусы, палюбіце ўсім сэрцам сваю родную, занядбаную, святую беларус­кую мову, каторая спрадвеку не толькі была вашай у сёлах, но яе ўжывалі самыя даўнейшыя манархі краю й іх вяльможы. Ваша старадаўняя бела­руская мова мусіць варта чагось, калі можна на яе склад ператлумачыць найцальнейшыя паэтычныя творы вялікіх пісацеляў... Калі б любоў к уся­му роднаму разагрэла сэрцы беларусаў праз аповесць, напісаную геніяль­ным паэтам для сваіх і ўсіх пабрацімаў, то душа яго, прагнуўшая так сільна той агульнай згоды і любві, засіяла б шчасцем аж на тым лепшым свеце, а наша братняя доля закрасавала б тожа тут, у зямельцы роднай, бо толькі той, хто ўмее любіць, варты ў Бога ўсякага дабра».

Два поўныя пераклады паэмы «Пан Тадэвуш» былі зробленыя ў зня­воленні. У пачатку 1930-х гадоў Браніслаў Тарашкевіч (1893–1938) здзейс­ніў гэтую працу ў польскай турме, у якую ён быў кінуты за сваю рэвалю­цыйную дзейнасць. Пераклад быў апублікаваны ў 1981 г. у Мінску і ў 1984 г. у польскім Ольштыне паводле копіі, цудам ацалелай пасля арышту і рас­стрэлу Тарашкевіча савецкім НКУС.


: bitstream -> 123456789 -> 15212
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)
123456789 -> Іван цярэшка vs джулія навэлі: рэверс апавядацкай інстанцыі ў аповесці васіля быкава “альпійская балада”


1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка