1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры



старонка3/7
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.21 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

Пераклад Пятра Бітэля, колішняга праваслаўнага святара і паэта, паў­стаў у першай палове 1950-х гадоў ужо ў савецкім ГУЛАГу, у лагерах па­блізу расійскага Кемерава і казахскага Джэзказгана, але ўпершыню быў цалкам апублікаваны толькі ў 1998 г. У сярэдзіне 1980-х гадоў быў вы­дадзены пераклад вядомага беларускага майстра Язэпа Семяжона. Цягам апошніх пяці гадоў з’явіліся два поўныя пераклады «Дзядоў», выкананыя Сержам Мінскевічам і Кастусём Цвіркам. Пераклады «Гражыны» здзейсні­лі Сяргей Дзяргай і Пятро Бітэль; апошняму належаць таксама пераклады «Дзядоў» і «Конрада Валенрода». Паасобныя вершы, балады, байкі, публі­цыстыку і лісты Адама Міцкевіча на беларускую мову пераклалі Янка Ку­пала, Якуб Колас, Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха, Кастусь Цвірка, Уладзімір Мархель, Ірына Багдановіч, Юрка Гаў­рук, Язэп Семяжон, Аляксей Зарыцкі, Анатоль Вялюгін, Міхась Скобла ды іншыя. Грунтоўныя працы прысвяцілі Адаму Міцкевічу літаратуразнаўцы, гісторыкі Алег Лойка, Сымон Брага (В. Тумаш), Станіслаў Станкевіч, Ула­дзімір Мархель, Кастусь Цвірка, Леў Мірачыцкі, Сымон Барыс. Свае творы ў вянок вялікаму паэту-земляку ўплялі тыя ж Максім Танк, Пімен Панчан­ка, Рыгор Барадулін, Алег Лойка, а таксама Язэп Пушча, Аркадзь Куля­шоў, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Данута Бічэль, Міхась Стральцоў, Вольга Іпатава, Эдуард Акулін, Людміла Рублеўская і яшчэ шмат хто з сучасных паэтаў нашай краіны. Вобраз песняра ўвасоблены ў творах Ва­лянціна Ваньковіча, Анатоля Анікейчыка, Сымона Геруса, Васіля Шаран­говіча, Уладзіміра Пасюкевіча, Андрэя Заспіцкага, Валяр’яна Янушкевіча, іншых беларускіх майстроў выяўленчага мастацтва.


4. «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» як помнікі беларускай травесційнай літаратуры.

Асаблівасці стварэння паэмы «Энеіда навыварат»

Паэма была напісана ў 1820-я гады ХІХ ст., яе называюць бурлескна-травесційным творам (ад іт. «бурлеска» – жарт і фр. «травесці» – пераап­ранаць), а таксама героіка-камічным, парадыйна-сатырычным, рэалістыч­ным, эпічным творам. Пра значныя падзеі апавядаецца сродкам жарту, анекдота, ужываюцца элементы грубага камізму, вульгарызмы, прастамоўі. Выкарыстоўваюцца недакладнасці геаграфічнага, гістарычнага і бытавога характару. Першыя згадкі пра твор знаходзім у кнізе чэшскага славіста П.Й. Шафарыка. У 1845 г. рускі часопіс «Маяк» надрукаваў «Энеіду навы­варат» на рускай мове, але з захаваннем лексікі аўтара. Твор у рукапісным варыянце перадаваўся амаль дваццаць гадоў; кожны перапісчык уносіў свае карэктывы, таму паэма набыла народны характар. Доўгі час высвятлялася аўтарства твора, па адной з версій яно прыпісвалася смаленскаму памеш­чыку Вікенцію Равінскаму. У ХХ ст. даследчык Г. Кісялёў дакументальна даказаў, што аўтарам з’яўляецца менавіта Вікенцій Равінскі (сведчанне – успаміны ў творы пра мясціны Смаленшчыны). Вікенцій Равінскі не быў літаратарам. Ён служыў у царскай арміі, быў баявым афіцэрам на Смален­шчыне, пасля адстаўкі жыў у сваім маёнтку і пісаў гумарыстычныя вершы пра сваіх слуг і сяброў. У паэме прадстаўлена традыцыйная для Еўропы ХVІІ ст. манера ўзнясення антычнасці.



К. Вераніцын і яго паэмы «Тарас на Парнасе» і «Два д’яўлы»

Зусім нядаўна імя Канстанціна Вераніцына (1834 – каля 1904) было нікому невядомае, як невядомая была і яго паэма «Два д’яўлы». Аўтарства ж паэмы «Тарас на Парнасе» прыпісвалася самым розным асобам, а друка­валася яна, пачынаючы з 1889 г., як ананімная. Даследчык Г. Кісялёў і гіс­торык-архівіст В. Слабадан вырашылі гэтую праблему.

Канстанцін Вераніцын (першапачаткова насіў прозвішча Васільеў) нарадзіўся ў вёсцы Астраўляны Віцебскага павета ў сям’і прыгонных ся­лян. У 1844 г. скончыў Гарадоцкую парафіяльную вучэльню, а неўзабаве атрымаў вольную – хутчэй за ўсё за здольнасці да вучобы. Потым ён ву­чыўся ў Віцебскай губернскай гімназііі, Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, а ў 1857–1859 гг. быў студэнтам Горы-Горацкага земляробчага інстытута, які скончыў са ступенню кандыдата аграноміі. Кіраваў прыват­ным маёнткам, служыў у розных установах Санкт-Пецярбурга, выкладаў у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Памёр, відаць, у Пецярбургу.

Паэма «Тарас на Парнасе», пазначаная 1855 г., сёння ўспрымаецца як шэдэўр беларускай літаратуры.

У паэме беларускі селянін Тарас родам з Пуцявішча распавядае пра сваё падарожжа на гару Парнас – свяцілішча паэзіі, паводле грэчаскіх мі­фаў. Выбар сюжэта сведчыў пра веру аўтара ў тое, што «высокая» літара­тура мусіць быць не толькі цікавай простаму чалавеку, але і служыць на яго карысць. Адгалосак спрэчак «літаратурных арыстакратаў» з «літара­турнымі дэмакратамі» ўтвараюць, паміж іншым, праблематыку паэмы. Бур­леск, камічная травесція з’яўляюцца асноўнымі прыёмамі стварэння мас­тацкага палатна і выяўлення аўтарсткай ідэі.

Паэма дасканалая з літаратурна-моўнага боку. Яе дзеянне развіваец­ца як бы ў межах двух светаў: рэальна-штодзённага і алегарычна-ўмоўнага. Пазачасавае значэнне паэмы заключаецца ў тым, што аўтар меў звышзада­чу – сцвердзіць магчымасці беларускай мовы як інтэлектуальна напоўненай.

Больш простую, прыземленую задачу выконвае паэма «Два д’яўлы» (1860) – паказаць простаму люду шкоднасць такога ліха, як п’янства. У гэтым паэма перагукаецца, прыкладам, з творам М. Някрасава «Каму на Русі жыць добра».
5. Дэмакратычныя і асветніцкія тэндэнцыі драматургіі В.І. Дуніна-Марцінкевіча.

Вікенцій Іванавіч Дунін-Марцінкевіч (1807 (1808) – 1884)

Нарадзіўся ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета ў сям’і аран­датара. Рана страціўшы бацькоў, вымушаны быў даказваць сваё дваранскае паходжанне. Яго дзядзька-апякун па лініі маці быў знакамітым святаром Рымска-каталіцкай царквы ўсёй Расійскай імперыі. Пры дапамозе дзядзькі Вінцэнт вучыўся ў Віленскай бурсе; потым паступіў ў Віленскі ці Пецяр­бургскі універсітэт на медыцынскі факультэт, які не скончыў па прычыне слабага здароўя. Уладкаваўся чыноўнікам у прыватнае бюро Вільні. У 1831 г. ажаніўся з дачкой уладальніка бюро, але шлюб не задавальняў бацьку ня­весты; сям’я пераехала ў Мінск, а Вінцэнт з дапамогай дзядзькі атрымаў месца чыноўніка. У 1840 г. купіў маёнтак Люцэнка (ці Люцынка), дзе зай­маўся літаратурнай дзейнасцю.

У 1850-я гг. В.І. Дунін-Марцінкевіч стаіць на чале Мінскага гуртка. Пасля паўстання Каліноўскага ўлады прад’явілі яму абвінавачванне ў пад­трымцы паўстання і арыштавалі ў кастрычніку 1864 г. Каля года вялося следства па справе. У снежні 1865 г. яго адпусцілі з турмы. В.І Дунін-Мар­цінкевіч спалучаў літаратурную дзейнасць з асветніцкай, клапаціўся пра аргані­зацыю школ, але гэтыя школы адкрываліся на польскай мове.

Эпас і лірыка В.І. Дуніна-Марцінкевіча

Займацца літаратурнай дзейнасцю пачаў у 1840-я гады, калі пісаў ліб­рэта камічных опер. У 1855 г. выйшаў першы зборнік пад назвай «Гапон» (на беларускай мове друкаваны лацінкай), які ўключаў вершаваную апо­весць «Гапон», адзінаццаць вершаў на польскай мове і адзін верш на бела­рускай мове, адну п’есу «Неспадзяванка для майстрыні». За першым збор­нікам з’явіліся і іншыя: «Вечарніцы», «Апантаны», «Цікавішся? Прачы­тай!», «Беларускі дудар».

Зборнік «Гапон» склалі творы, напісаныя пад моцным уражаннем ра­мантызму і сентыменталізму. Увагу пісьменніка прыцягвалі чалавечыя па­чуцці і эмоцыі. Вершы на польскай мове – гэта, у асноўным, вершы пра ка­ханне, пра прыроду, пра мастацтва. Тут ёсць і сюжэтныя (рамантычныя вер­шы «Нясталасць», «Вандроўнік»), і несюжэтныя (чыста элегічныя, лірыч­ныя) вершы на тэму кахання («Смутак на чужыне», «Яна», «Успаміны»). У зборнік «Гапон» увайшоў адзін верш на беларускай мове («Віншаванне войта Навума»), напісаны ад імя мужыка. Верш мае цікавую кампазіцыю: мужык звяртаецца да пані ў дзень імянін і просіць яе быць літасцівай да сялян.

Ліра-эпічны пачатак мае вершаваная аповесць «Гапон», якая ўяўляе адносна закончаны эпізод у ходзе аўтарскага апавядання. Ужо ў першай частцы пісьменнік уводзіць у кампазіцыю беларускія песні і танцы. Сюжэт нагадвае калядную казку, дзе дабро перамагае зло. Аўтар лічыць, што праз асвету можна дасягнуць гармоніі ў грамадстве, сцвярджае думку пра тале­навітасць простага чалавека. З дадзенай аповесці ў беларускай літаратуры бярэ пачатак кампазіцыйны прыём: сумяшчэнне любоўнага сюжэта з этна­графічнымі замалёўкамі.

Аповесць «Вечарніцы» складаецца з дзвюх частак, выкарыстоўваец­ца прыём уяўнага апавядальніка (ад імя старога чалавека Ананія). У аснове першай часткі «Дурны Зміцер, хоць хітры» ляжыць народны анекдот, асу­джаецца празмерная чалавечая сквапнасць, даверлівасць, захапленне гарэл­кай. У аснове другой часткі «Стаўроўскія Дзяды» ляжыць паданне пра кры­віцкага князя Воя, у якога было два сабакі – Стаўры і Гаўры.

Аповесць «Купала» прысвечана знаёмаму двараніну, якога аўтар лі­чыў увасабленнем свайго ідэалу. У прадмове пісьменнік хоча растлума­чыць, чаму ўзяўся за напісанне аповесці на народнай мове. Апавядальнік, дзед Халімон, заклікае сялян да памяркоўнасці, хваліць Бога, прымушае працаваць і любіць паноў.

Аповесць «Шчароўскія дажынкі» мае ў аснове любоўны сюжэт, су­перніцтва дзвюх прыгожых дзяўчат. У канву апавядання ўплецена апісанне дажынак і вясельная песня.

Аповесць «Травіца брат-сястрыца» мае ў аснове пастаральныя ма­тывы (каханне пастуха і пастушкі). Апавядальнік параўноўвае сучаснае і мінулае на карысць другога. Вядзецца аповед пра крывіцкага князя Барыса і яго слугу Данілу.

Пасля другой сусветнай вайны былі апублікаваны «Быліцы», якія складаюцца з дзвюх частак: першая частка – «Злая жонка» закранае пы­танні сямейнага жыцця, эмансіпацыі жанчын; другая частка – «Халімон на каранацыі» расказвае пра старшыню Халімона Забалотнага, які едзе ў ста­ліцу на царскую каранацыю.

Вершаваныя аповесці В.І. Дуніна-Марцінкевіча параўноўваюцца з «Вечарамі на хутары каля Дзіканькі» М. Гогаля. В.І. Дунін-Марцінкевіч уводзіць апісанне падзей на этнаграфічным фоне, у творах назіраецца сплаў розных мастацкіх метадаў: сентыменталізму, рамантызму, рэалізму. Аўтар цікавіцца абрадамі, паданнямі беларусаў.

У вершаваных творах на польскай мове аўтар паўстае перш за ўсё як рамантык. Так вершаванае апавяданне «Благаславёная сям’я» расказвае пра родны край, закранае тэму кахання. Твор прасякнуты ўхваленнем Ра­дзімы, шляхты сярэдняй рукі, якая, на думку В.І. Дуніна-Марцінкевіча, за­хавала сваю годнасць.

На гістарычную тэму напісаны два творы: «Люцынка, або Шведы на Літве» (выкарыстоўваецца традыцыйны прыём параўнання мінулага і су­часнасці пры апісанні падзей, што мелі месца ў пачатку ХVІІІ ст., а такса­ма прыём незавершанага апавядання пры паказе чалавечага характару); «Славяне ў ХІХ ст.» (у цэнтры аповед пра падзеі ў Сербіі, якая змагалася за незалежнасць з туркамі, разбаўлены любоўным сюжэтам).

«З-пад Іслачы, або Лекі на сон» расказвае пра асаблівасці літаратар­скай дзейнасці, пра побыт аўтарскіх знаёмых, апісвае жыццё шляхты ся­рэдняй рукі. У творы В.І. Дунін-Марцінкевіч спалучае некалькі стыляў апа­вядання: урачысты, калі апавядальнік згадвае Айчыну; гумарыстычны, са­тырычны, калі паказвае суседзяў і іх недахопы.

В.І. Дунін-Марцінкевіч захоўвае тон, уласцівы пісьменнікам-сенты­менталістам і польскім пісьменнікам-рамантыкам (у вершах на польскай мове), адсюль назіраецца метафарычнасць стылю. У творах на польскай мо­ве аўтар закранае маральна-этычныя праблемы і не злоўжывае этнаграфіч­нымі замалёўкамі.



Драматычныя творы В.І. Дуніна-Марцінкевіча

У канцы 1830 – пачатку 1840-х гадоў В.І. Дунін-Марцінкевіч піша ліб­рэта опер: «Чарадзейная вада», «Спаборніцтва музыкаў», «Рэкруцкі яўрэй­скі набор», якія пабудаваны на спалучэнні слова і гука (героі размаўлялі і спявалі). Творы гэтыя не захаваліся. Да нас дайшоў толькі невялікі кавалак з апошняга названага твора, у якім герой ухваляе Радзіму. Творы былі на­пісаныя на польскай мове.

У пачатку 1840-х гадоў аўтар піша лібрэта камічнай оперы «Ідылія» (ці «Сялянка», «Сельская ідылія», «Рознае бывае каханне»).

У гэтым творы адчуваецца моцны ўплыў сентыменталізму, адным з асноўных жанраў якога была ідылія (каханне маладых на ўлонні прыроды). У польскай літаратуры тэрміну «ідылія» адпавядаў тэрмін «сялянка». Твор напісаны на польскай мове. Апублікаваны ў 1846 г., музыку напісаў Ста­ніслаў Манюшка. Твор лічыцца першай беларускай операй. Прыёмамі моў­най характарыстыкі герояў нагадвае творы беларускіх камедыёграфаў кан­ца ХVІІІ ст.: сяляне размаўляюць па-беларуску, дваране і чэлядзь – па-польску. У аснове твора ляжыць любоўная сюжэтная лінія, выкарыстоў­ваецца прыём пераапранання герояў, спалучаюцца элементы сентымента­лізму і рэалізму. Сюжэтам твора аўтар падкрэслівае думку пра роўнасць паміж людзьмі.

«Неспадзяванка для майстрыні» – невялікі драматычны твор, у якім аўтар ухваляе дабрачыннасць: маладыя дзяўчаты-выхаванкі імкнуцца пад­рыхтаваць дзень нараджэння майстрыні.

Меладрама «Апантаны» мае маральна-этычную праблематыку. У цэнт­ры твора – аповед пра творчую асобу, якая не знаходзіць паразумення з грамадствам. Паралельна ідуць дзве сюжэтныя любоўныя лініі.

У 1866 г. В.І. Дунін-Марцінкевіч піша знакамітую «Пінскую шляхту». Тэкст напісаны на мове пінскіх гаворак. Камедыя мела выкрывальніцкі, крытычны характар. Яна невялікая па аб’ёме, аднак значная па праблема­тыцы, па абагульненнях, зробленых пісьменнікам. У творы крытыкуецца адміністрацыйна-бюракратычны апарат; самавольства, якое пануе ў адміні-страцыйнай сістэме; норавы шляхты з яе невуцтвам. У творы няма ідэаль­нага героя. Пры стварэнні вобраза Кручкова аўтар выкарыстоўвае прыём гратэску. Аўтар высмейвае не столькі тупасць чыноўніцтва, колькі забі­тасць шляхты. Каларытная мова твора: Пратасавіцкі выкарыстоўвае вуль­гарызмы, Кручкоў – канцылярызмы, Куторга – гістарызмы.

Віленскі генерал-губернатар пазнаёміўся з тэкстам п’есы і папярэдзіў пра недапушчальнасць яе выдання. Упершыню твор надрукаваны ў 1918 г. Падкрэсліваецца думка пра адсталасць шляхты, пра яе гістарычную непер­спектыўнасць.

Камедыя «Залёты» (1870) надрукавана ў 1918 г. на польскай мове. Яе пераклаў на беларускую мову Я. Купала. Да назвы ёсць два сінонімы: «заляцанні» ці «намеры». Аўтар выступае супраць нажывы і ідэалізуе два­ранства, паказваючы яго неспрактыкаванасць і наіўнасць у пэўных умовах.

«Гапон» (1855) – напісаны ў жанры вершаванай аповесці, працягвае гаворку пра праблемы, закранутыя ў «Ідыліі». Галоўнымі героямі твора з’яўляюцца мужыкі, такім чынам, жыццё простага працаўніка паказваецца больш шырока. Сустракаюцца вобразы добрай пані і злога аканома. Пісь­меннік паказвае цяжкае, бяспраўнае становішча селяніна, узаемаадносіны паноў і прыгонных сялян. Аўтар стварыў ідылічны, далёкі ад рэальнасці свет. Карцінамі класавага міру і ўзаемаразумення паміж багатымі і бед­нымі ён імкнуўся ўздзейнічаць на норавы і свядомасць сучаснікаў, най­перш на прадстаўнікоў пануючага класа. З сімпатыяй і павагай ставячыся да чалавека працы, пісьменнік хацеў адкрыць скарбы душы народа, яго та­ленавітасць, маральную чысціню тым, хто быў далёкі ад гэтага. Ідэя гуман­ная, але ўтапічная, у чым і сам хутка пераканаўся В.І. Дунін-Марцінкевіч. У дадзенай вершаванай аповесці аўтар шырока выкарыстоўвае фальклор­ныя сродкі: прыказкі, прымаўкі, параўнанні, апісанні, уводзіць прыпеўкі без змен, што з’яўляецца не толькі індывідуальнай творчай манерай аў­тара, але і заканамерным канкрэтна-гістарычным перыядам узаемадзеяння новай, прафесійнай беларускай літаратуры з народнай паэзіяй.

В.І. Дунін-Марцінкевіч абуджаў цікавасць да беларускага жыцця і беларускага слова, з’яўляўся пачынальнікам беларускай драматургіі і ад­ным з першых яе класікаў. Шмат зрабіў для развіцця беларускай эпікі, даў штуршок для развіцця беларускай літаратуры. Яго творчасць мела агіта­цыйнае і асветніцкае значэнне: будаваў школы (хоць і не на беларускай мо­ве), клапаціўся пра развіццё навукі.

6. Грамадска-публіцыстычная накіраванасць творчай спадчыны К. Каліноўскага.

1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка