1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры



старонка4/7
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.21 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

Кастусь Каліноўскі (1838–1864)


Вікенцій-Канстанцін Сямёнавіч Каліноўскі нарадзіўся ў 1838 г. у шля­хецкай сям’і, якая была даволі забяспечанай, але шматдзетнай. Рана за­стаўся без маці, таму рос пад уплывам старэйшага брата Віктара. Спачатку Каліноўскі вучыўся ў гімназіі, а ў 1855 г. паехаў у Маскву вучыцца на юры­дычны факультэт Маскоўскага універсітэта. Потым едзе ўслед за братам Віктарам у Пецярбург на юрыдычны факультэт. За час вучобы Каліноўскі пасябраваў з людзьмі, што ненавідзелі царскі ўрад і марылі пра свабоду Ра­дзімы. Пры сталічным універсітэце існавалі студэнцкія зямляцтвы, якія аб’ядноўвалі людзей адной мясцовасці ці краю (так існавала аб’яднанне «Агул», у якое ўваходзілі беларусы, украінцы, палякі, літоўцы). Каб за­стацца ў сталіцы, Каліноўскі вырашыў пісаць дысертацыю па гісторыі, якую абараніў у 1861 г. Перад самым уладкаваннем у сталіцы Кастусь едзе ў Вільню і рыхтуе паўстанне, для яго пачынаюцца часы вандровак і выпад­ковых заробкаў. Пад псеўданімам «Васіль Світка» стварае паўстанскі камі­тэт, праводзіць агітацыю і наладжвае выпуск газеты «Мужыцкая праўда» летам 1862 г. Усяго выйшла сем нумароў газеты: шэсць – у 1862 г., адзін – у 1863 г. Усе матэрыялы былі аднатэмныя, газета нагадвала прапагандыс­цкі лісток. Пасля падаўлення паўстання Кастусь памылкова лічыў, што яно можа ўзнавіцца ў 1864 г. У студзені 1864 г. паліцыя арыштавала маладога дваццацігадовага чалавека Вітальда Парафіяновіча, які выдаў арганізата­раў паўстання і прозвішча, пад якім хаваўся ў Вільні Каліноўскі. Паліцыя знайшла настаўніка Ігната Вітаржэнца, які на самой справе і быў Каліноў­скім. Пасля непрацяглага следства суд прызначыў Кастусю Каліноўскаму пакаранне – смерць праз павешанне, якое было здзейснена ў сакавіку 1864 г. на Лукішскай плошчы ў Вільні.

У гісторыю беларускай літаратуры Кастусь Каліноўскі ўвайшоў як аўтар і выдавец газеты «Мужыцкая праўда» і аўтар «Пісьма з-пад шыбені­цы». Пад агітацыйным псеўданімам «Яська – гаспадар з-пад Вільні» Калі­ноўскі даносіў да чытачоў усё тое, што меў на мэце сказаць. Асноўнымі тэмамі газеты былі:

1) тэма барацьбы за зямлю і волю;

2) тэма антынароднай палітыкі царскага ўрада;

3) несправядлівасці царскага суда;

4) тэма гістарычнай крыўды беларусаў.

Ідэалам Каліноўскага было змаганне за зямлю і волю, зямля бачыла­ся Каліноўскаму ўмовай сапраўднай свабоды. Звяртаўся да мінулага бела­русаў у імя абуджэння нацыянальнай годнасці, да гісторыі славянскіх пля­мёнаў, каб даказаць варожасць царскага рэжыму. Адмоўна паказваецца на старонках газеты шляхта, крытыкуецца рэформа 1861 г. Каліноўскі быў прыхільнікам свабоды веравызнання. З турмы ён перадаў «Пісьмо з-пад шы­беніцы» (поўная назва «Да беларускага народа пісьмо з-пад шыбеніцы Кастуся Каліноўскага»), якое ўтрымлівала развагу пра канец царскага рэ­жыму, сродкі барацьбы і саюз са славянскімі народамі.

Дадзены твор складаецца з дзвюх частак: вершаванай і празаічнай. Вершаваная частка пачынаецца радкамі: «Марыська чарнаброва, галубка мая…». Гэтым зваротам аўтар пераконвае ў станоўчым выніку барацьбы. У дадзенай частцы спалучаецца лірыка і публіцыстыка. Да гэтага часу вядуц­ца спрэчкі наконт таго, каму адрасаваны ліст: вобраз Марыські можа з’яў­ляцца алегарычным вобразам Радзімы-маці ці канкрэтнай асобы, бо ў Калі­ноўскага было дзве знаёмыя Марыі (дачка гаспадыні кватэры, дзе ён жыў, і нявеста Марыя Ямант).

Асоба Кастуся Каліноўскага заўсёды прываблівала навукоўцаў і літа­ратараў: адны лічылі яго сцягам беларускага адраджэння, іншыя прыпіс­валі Каліноўскаму спробы ідэалізаваць беларускую буржуазію. Да 100-год­дзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага напісаны два творы: драма М. Міронава «Кастусь Каліноўскі» і паэма М. Танка «Кастусь Каліноўскі», якія паказваюць дзеяча як чалавека-змагара. Беларускія класікі не абышлі ўвагай постаць знакамітага земляка. У. Караткевіч прысвяціў яму верш і драму «Кастусь Каліноўскі», раман «Каласы пад сярпом тваім», паўстанню прысвячалі свае творы А. Якімовіч і А. Куляшоў. Асэнсаванне характару Кастуся Каліноўскага больш яскрава прасочваецца ў творах У. Караткевіча «Кастусь Каліноўскі» і А. Куляшова «Хамуціус».

7. Развіццё новай беларускай літаратуры ў 1890-я гады ХІХ ст.

1890-я гады – час актывізацыі літаратурнага руху ў Беларусі. Важ­ную ролю ў грамадскім і культурным жыцці адыграла газета «Мінскі ліс­ток», якая выходзіла з 1886 па 1902 гг. Гэта была літаратурная і грамадская газета, яна выходзіла ў Мінску на рускай мове, змяшчала творы рускамоў­ных аўтараў, пераклады на рускую мову сусветных і мясцовых аўтараў. Актывізуецца тэатральнае жыццё ў канцы ХІХ ст.: культурнымі цэнтрамі былі Мінск, Віцебск. У Віцебску асноўнай увагай карысталіся творы Л. Тал­стога, Ф. Дастаеўскага. Віцебск канца ХІХ ст. быў горадам мастакоў. У 1899 г. тут адкрылася першая выстава, а ў літаратуру прыйшоў шэраг но­вых аўтараў, большасць з якіх не стала знакамітымі літаратарамі.

Адным з такіх аўтараў быў Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Ён родам з Мсціслаўшчыны, архітэктар па адукацыі, звяртаўся да літаратурнай твор­часці, якая вызначалася алегарычнасцю. Вядома яго байка «Цягне воўк – пацягнуць воўка» (змяшчае іншасказальны заклік змагацца супраць гвалту). У вершы «Бура» аўтар у іншасказальнай форме малюе беларускую рэчаіс­насць пасля паўстання Каліноўскага. Верш прасякнуты пафасам усведам­лення неабходнасці перамен.

Вядомае імя дадзенага перыяду літаратуры – Марыя Косіч. Да на­шага часу дайшло толькі некалькі яе перакладаў і адзін арыгінальны твор «На перасяленне» пра развітанне чалавека з роднай зямлёй.

Пад псеўданімам «Адам М-скі» выступала Зоф’я Манькоўская, муж якой быў афіцэрам і ўдзельнічаў у руска-турэцкай вайне. Зоф’я працавала ў шпіталі сястрой міласэрнасці, пісала лірычныя вершы, займалася пера­кладчыцкай дзейнасцю з польскай мовы на беларускую. Вядомы яе твор «Беларуская малітва». Лічаць, што ён быў напісаны ў 1880-я гады. Па фор­ме – гэта верш-просьба, верш-зварот сялян да Бога, яны просяць хлеба, сон­ца, шчасця для сябе і свайго краю. Пісьменніца бралася за пераклад тых твораў, якія былі пра каханне.

Даследчыкі мяркуюць, што ў канцы ХІХ ст. мелі пэўнае пашырэнне на Беларусі рукапісныя паэмы Якава Шэмета-Палачанскага «Барысаў ка­мень», «Вяселле ў Беляка», «Даўгінаўскі пагром», творы гэтыя пакуль не адшуканы.



Альгерд Абуховіч (1840 – 1898 ці 1905) нарадзіўся на Случчыне ў ра­давітай сям’і, падпісваў некаторыя творы псеўданімам «Граф Бандзінэры» (бацька быў з роду Медзічы). Атрымаў адукацыю ў Слуцкай гімназіі, ведаў еўрапейскія мовы. Браў удзел у паўстанні К. Каліноўскага, пасля катаргі вярнуўся на Радзіму і без выкупа большую частку земляў аддаў сялянам. Сямейныя адносіны не склаліся, апошнія гады жыцця правёў у галечы. Пе­ракладаў на беларускую мову творы заходніх аўтараў: Ф. Шылера, І.В. Гё­тэ, В. Гюго, Ф. Петраркі, Дантэ Аліг’еры, Дж.Г. Байрана, А. Міцкевіча, У. Сы­ракомлі, а таксама А. Пушкіна і М. Лермантава. Аднак пераклады не заха­валіся. Вядомы празаічны твор «Мемуары», верш «Дума», чатыры байкі – «Ваўкалак», «Старшына», «Воўк і лісіца», «Суд». У цэнтры дадзеных тво­раў як філасофскія, так і маральныя праблемы.

У цэнтры байкі «Ваўкалак» стаіць праблема свабоды ўвогуле, байка «Старшына» дае алегарычны малюнак парэформеннай рэчаіснасці і з’яў­ляецца памфлетам на рэформу 1861 г. У байцы «Воўк і лісіца» выкарыс­тоўваюцца традыцыйныя для фальклору вобразы недалёкага ваўка і хітрай лісіцы і паказваюцца ўзаемаадносіны паміж імі. Байка «Суд» высмейвае судовыя парадкі і выказвае ілюзіі наконт справядлівасці суда.

Верш «Дума» ўтрымлівае разважанне над лёсам людзей і знакамітых асоб (намёк на постаці Карла ХІІ і Пятра І). Праходзіць думка пра непрад­казальнасць лініі чалавечага лёсу.

А. Абуховіч лічыцца адным з пачынальнікаў мемуарнага жанру ў бе­ларускай літаратуры. Ён вёў дзённік, у якім запісваў найбольш істотнае з уласнага жыцця: «З папераў А. Абуховіча», які атрымаў пазней назву «Ме­муары». У творы аўтар расказвае пра сваё дзяцінства, сваякоў, вераванні беларусаў (абрад Дзяды), уводзіць развагі пра літаратурную творчасць, выступае за ўжыванне дыялектызмаў. Аўтар садзейнічаў развіццю алега­рычнага пачатку беларускай прозы.



Аляксандр Гельскі (1834–1916) нарадзіўся на Міншчыне ў сям’і ме­дыка. Атрымаў неблагую агульную і музычную адукацыю, прымаў удзел у Крымскай вайне, выйшаў у адстаўку і пачаў займацца літаратурнай і краяз­наўчай дзейнасцю. У 1860-х гг. у сваім спадчынным маёнтку арганізаваў першы ў Беларусі краязнаўчы музей, цікавіўся гісторыяй, геаграфіяй, куль­турай Беларусі. Выдаў некалькі кніг на тэму мовы і звычаяў беларусаў: «Слоўнік жабрачай гаворкі на Белай Русі», «Аб беларускай гаворцы», «За­малёўкі звычаяў шляхты». Зрабіў пераклад адной песні паэмы А. Міцкеві­ча «Пан Тадэвуш». Мяркуюць, што ў 1872 г. напісаны верш, прысвечаны В. Дуніну-Марцінкевічу. У вершы апошні называецца «старым лірнікам, паэтам». Пісьменніку належаць празаічныя творы павучальнага зместу: «Сынок», «Выбіраймася ў прочкі», «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыц­ці і смерці п’яніцы».

На мяжы ХІХ–ХХ стст. пачыналі сваю дзейнасць К. Каганец, Цёт­ка, А. Пшчолка, В. Арлоўскі. Апошні ў пачатку ХХ ст. выдаў беларускія апавяданні. Мяркуюць, што ён паходзіў з нізоў, родам з Віцебшчыны, пісаў рыфмаванай прозай. У цэнтры твораў – парэформенная рэчаіснасць: збядненне сялян, культ золата. Ідэалізаваў мінулае, прыгонніцкі лад, рэзка ставіўся супраць навацый (тэхнікі, чыгункі).



Аляксандр Пшчолка – руска-беларускі пісьменнік, меў духоўную і юрыдычную адукацыю. Напісаў некалькі твораў на сумесі руска-беларус­кай мовы: «Бабылкіна гора», «У губерню з бумагай», «Більярд у дзярэўні», «У ціятры», «Сведкі», галоўным героем якіх быў мужык, што лёгка падма­нуты чыноўнікам.

8. Публіцыстычная накіраванасць творчасці Ф.К. Багушэвіча.

Францішак Казіміравіч Багушэвіч (1840–1900)

Дадзенага аўтара называюць «рыцарам сумлення». Нарадзіўся ў фаль­варку Свіраны Віленскай губерні ў шляхецкай сям’і. Продкі яго былі асімі­ляваныя татары. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, мовы даваліся цяжэй за да­кладныя навукі. У 1861 г. адпраўляецца ў Пецярбург вучыцца на фізмат. Кіраўніцтва пачало выдаваць студэнтам залікоўкі (матрыкулы), па якіх эк­замены здаваліся ў пэўны час, што значна абмяжоўвала свабоду студэнтаў. Ф. Багушэвіч не ўзяў матрыкулу і аўтаматычна выбыў. Настаўнічаў на Лід­чыне (Гродзенская вобласць). Браты Багушэвічы прынялі ўдзел у паўстанні К. Каліноўскага, вымушаны былі хавацца ад уладаў. У 1864 г. пакінуў Бе­ларусь і ўладкаваўся ў г. Нежыне. У 1865 г. паступіў у Нежынскі юрыдыч­ны ліцэй (вучыўся там да 1868 г.). Часта мяняў месца службы, працаваў на Украіне. Другая палова 1890-х гадоў – час развіцця ўкраінскай літаратуры, таму мяркуюць, што і Ф. Багушэвіч пісаў вершы на ўкраінскай мове. Там жа ў 1874 г. ажаніўся. У 1884 г. пераехаў ў Вільню, працаваў адвакатам пры Віленскім акруговым судзе, пісаў вершы. Марыў пра стварэнне беларускай граматыкі, беларускага слоўніка. З’яўляецца аўтарам зборнікаў: «Дудка бе­ларуская» (выдадзены ў 1891 г.) і «Смык беларускі» (выдадзены ў 1864 г.).



Публіцыстыка Ф. Багушэвіча

Літаратурную дзейнасць на беларускіх землях Ф. Багушэвіч пачаў з публіцыстычных твораў. З 1885 па 1891 гг. друкаваўся ў польскім часопісе «Край» пад псеўданімамі і крыптаграмамі (А.Д., В.Н. «бэ аш», Дэмас, Гу­шыч). Публікаваўся ў раздзелах, якія расказвалі пра правінцыяльнае жыццё, судовыя справы. У публікацыях звяртаў увагу на крызіс сельскай гаспадар­кі таго часу, на эміграцыю беларускага сялянства, на банкроцтва памешчы­каў, пісаў пра ўзрастанне ролі банкаў і ліхвяроў. Допісы вызначаліся іра­нічным стылем. Пісаў пра навіны культурнага жыцця, неабходнасць раз­віцця беларускай культуры. Публіцыстычныя артыкулы вызначаюцца ўда­лым выкарыстаннем сатырычных фарбаў (можна сказаць, што Ф. Багушэ­віч – паслядоўнік М. Гогаля). Узорам публіцыстыкі з’яўляюцца прадмовы да паэтычных зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі».



Зборнік «Дудка беларуская»

Выйшаў у Кракаве ў 1891 г. лацінкай, але на беларускай мове пад псеўданімам «Мацей Бурачок». Выбар псеўданіма сведчыў пра дэмакра­тычнасць аўтара. Пісьменнік звяртаецца да зямлі-маткі, хоча пагаварыць пра мову, звяртае ўвагу на грамадзянскасць беларускай мовы. Заклікае бе­ларусаў развіваць культуру на беларускай мове. У прадмове да зборніка ідэалізуе беларусаў у агітацыйных мэтах.

Зборнік адкрываўся праграмным вершам «Мая дудка», які і вызначаў запеў, настрой і тэматыку ўсіх твораў. У вершы аўтар расказвае пра пры­значэнне і ролю мастацтва, паказвае неабходнасць сувязі паміж жыццём і паэзіяй, жыццём і літаратурай. Зборнік па сваім складзе і характары апа­вядальны (эпічны). Асноўная ўвага надаецца апісанню здарэнняў, а не ча­лавечых пачуццяў. Удалым кампазіцыйным прыёмам можна назваць тое, што аўтар уводзіць вобраз апавядальніка Мацея Бурачка. Вуснамі селяніна расказвае пра сялянскае жыццё. Часта аўтар называе зборнік дзённікам Мацея Бурачка, таму што амаль у кожным вершы прысутнічае апавядаль­нік Мацей, які расказвае пра нейкія здарэнні са свайго жыцця.

Увогуле зборнік уключае семнаццаць вершаў, адну байку, адну паэ­му, якую часта называюць вершаваным апавяданнем – «Кепска будзе». У тэматычным плане вершы можна падзяліць на некалькі груп:

1) патрыятычныя вершы («Мая хата», «Хрэсьбіны Мацюка»);

2) праўдашукальніцкія вершы («Мая хата», напісаны ў форме пры­чытання);

3) паказ парэформеннай рэчаіснасці («У астрозе», «У судзе», «Быў у чыстцы»);

4) вершы, якія ўслаўляюць чалавека працы («Дурны мужык, як ва­рона»);

5) вершы апавядальніцкага характару пра выпадкі з жыцця («Здарэн­не», «Дзе чорт не можа, там бабу пашле», «Хцівец», «Скарб на святога Яна»);

6) вершы, якія паказваюць процілегласць сіл у грамадстве («Бог не роўна дзеле», байка «Воўк і авечка»).

Верш «З кірмашу» можна аднесці да любоўнай лірыкі, таму ён стаіць асобна ў шэрагу твораў аўтара. Паэма «Кепска будзе» паказвае вобраз га­лоўнага героя Аліндаркі, які цэніць свабоду. Аўтар даводзіць думку пра тое, што кепска будзе чалавеку да той пары, пакуль ён церпіць здзекі з сябе. Паэму называюць яшчэ вершаванай аповесцю.

У зборніку Ф.К. Багушэвіч размясціў вершы не па тэмах дзеля цэн­зуры: смешнае мяжуецца з сур’ёзным.



Зборнік «Смык беларускі»

Зборнік выдадзены ў Познані ў 1894 г. на беларускай мове лацінкай пад псеўданімам «Сымон Рэўка з-пад Барысава» (пачаткова «Шымон Рэўка з-пад Барысава»). Зборнік меў прадмову, у якой Ф. Багушэвіч працягвае раз­мову пра перспектыву развіцця «мужыцкай» мовы, адносіны да фальклору. Імкнецца разважаць з чытачом, як пісаць: арыентавацца на народную пес­ню ці адкідаць яе. Зборнік адкрываецца праграмным вершам «Смык». У вер­шы паэт услаўляе мастацтва і заяўляе, што мастацтву і музыцы падуладна ўсё. Зборнік уключае паэтычны цыкл «Песні», у які ўвайшло дзесяць пе­сень, розных паводле тэматыкі, якія стылізаваны пад фальклор.

Першая песня «Удава» – у форме плачу, у ёй выказваецца спачуван­не гаротнаму лёсу жанчыны. Другая песня – «Гора» выкарыстоўвае сюжэт народнай казкі. Трэцяя песня – пра гора – не мае назвы, пабудавана на але­гарычнай сітуацыі. Чацвёртая і пятая песні – «Сватаны» (жаніх) і «Свата­ная» (нявеста) выкарыстоўваюць прыём іроніі. Шостая песня паказана ў форме дыялогу. Сёмая – зварот да пана ў форме іроніі. Восьмая песня зроб­лена ў жанры калыханкі. Дзевятая песня па форме блізкая да народных прыпевак і па змесце нагадвае гімн гультая. Адрозніваецца песня «Хмар­кі», у якой маецца разважанне пра месца чалавека на зямлі (верш элегічна­га характару, роздум пра лёс інтэлігенцыі).

У зборнік увайшлі і песні, у якіх апісваецца паразітызм паноў і ня­годы сялянскага жыцця. Іранічна гучаў верш «Скацінная апека», які асу­джае ілжывасць і крывадушнасць сучаснай аўтару маралі.

Сацыяльнае гучанне мела байка «Свіння і жалуды» (філасофскі пад­тэкст у тым, што панства адбірае ў сялянства карані і не дае магчымасці іс­наваць). Філасофскае гучанне мае і верш «Ахвяра»; у вершы «Не цурайся» праводзіцца ідэя асветніцтва, характэрная для ХVІІІ–ХІХ стст. Патрыятыз­мам прасякнуты верш «Свая зямля». Багушэвіч набліжае паэзію да лірыч­най плыні (верш «Балада»).

Проза Ф. Багушэвіча

Аўтар з’яўляецца адным з пачынальнікаў беларускай прозы. Яго про­за не цалкам захавалася. Калі пачаў пісаць прозай – невядома. Быў намер выдаць зборнік «Беларускія расказы», але ён не ажыццявіўся. Да нас дай­шлі асобныя апавяданні. У 1892 г. у Кракаве выйшла апавяданне «Тралялё­начка», надрукаванае на беларускай мове лацінкай. Апавяданне ўздымала праблему капіталізацыі вёскі, такім чынам, у ХІХ ст. ужо набывае моц лі­таратура пра паказ жыцця народа.

«Сведка» – пра мужыка, якога запрасілі сведкам на суд; «Палясоў­шчык» (падзагаловак «Апавяданне старога лесніка») выкарыстоўвае сітуа­цыю народнага анекдота; «Дзядзіна» – народнае апавяданне, у аснове ля­жыць прыём прамой іроніі і горкага гумару.

Ф. Багушэвіч – першы беларускі нацыянальны паэт, пра што ён сам заявіў свядома назвамі твораў. Ён адзін з пачынальнікаў беларус­кай прозы, аўтар вострасацыяльных вершаў, садзейнічаў развіццю лі­рычнага пачатку беларускай паэзіі.


9. Літаратура і перыядычны друк на пачатку ХХ ст.

Літаратура дадзенага перыяду абумоўлена гістарычнымі абставінамі. Мяжа стагоддзяў – пераломны час, на які паўплывала рэформа 1860-х га­доў і 1880-я гады. Каб рэабілітавацца, царскі ўрад распачаў вайну з Японі­яй, але прайграў яе. Незадаволенасць урадам перарасла ў першую рускую рэвалюцыю 1905–1907 гг. Беларусь у пачатку ХХ ст. заставалася сялянскім краем, сяляне бяднелі і станавіліся рабочымі, зямлі не было. Каб супакоіць народны рух, урад Мікалая ІІ у 1904 г. дазволіў друкаваць кнігі на мясцо­вых гаворках. У 1903 г. аформілася Беларуская рэвалюцыйная грамада, ку­ды ўваходзілі беларускія інтэлігенты. Гэта паскорыла выданне кніг, газет і часопісаў на беларускай мове.

У 1905 г. Беларуская рэвалюцыйная грамада перайменавала сябе ў Беларускую Сацыялістычную грамаду (асноўнай мэтай было распаўсюджан­не беларускага друкаванага слова). Дзякуючы ёй была выдадзена кніга «Вя­зынка» Янкі Лучыны; з’явіліся калядныя і велікодныя апісанкі, куды былі ўключаны творы беларускіх пісьменнікаў ХІХ ст. і народныя песні. Грама­ду абвінавацілі ў нацыяналізме.

У гісторыі беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. вызначаецца не­калькі этапаў.



І этап (1900–1905 гг.) – дзейнасць Беларускай рэвалюцыйнай грама­ды. У гэты час існуе газета «Северо-Западный край» (1902–1905). У гра­мадстве пануе ідэя радыкальнага змянення існуючых парадкаў. Газета бы­ла літаратурным і грамадска-палітычным выданнем, у цэнтры ўвагі якога знаходзілася тагачаснае жыццё царскай Расіі. Побач з творамі рускай кла­сікі газета друкавала творы замежных аўтараў, славянскіх аўтараў. Тут жа ў 1905 г. надрукаваны першы верш Я. Купалы «Мужык». Пасля закрыцця ў тым жа годзе газеты цэнтр друку перамешчаны ў Вільню.

ІІ этап (1906–1910 гг.) – цэнтрам літаратурна-грамадскага руху ста­ла Вільня. З’явілася шэраг выдавецтваў. У 1906 г. у Пецярбургу існуе тава­рыства «Загляне сонца і ў наша аконца», якое праіснавала да 1914 г. У 1908 г. існуе ў Вільні таварыства «Наша хата», якое перайменавана ў 1913 г. у «Беларускае выдавецкае таварыства».

У 1907–1914 гг. у Вільні існуе выдавецтва «Наша Ніва», на Віцебшчы­не – выдавецтва «Палачане». Газету «Наша Ніва» лічылі лабараторыяй пісь­менніцкага вопыту, бо яна давала шлях у літаратуру многім аўтарам пачат­ку ХХ ст. (так званы «нашаніўскі перыяд» літаратуры). Выдавецтва існа­вала за кошт вучоных-славістаў. На старонках газеты друкаваліся літара­турна-крытычныя работы, творы беларускіх аўтараў, вялася гаворка пра лёс беларускай літаратуры. У 1913 г. на старонках газеты пасля публікацыі артыкула В. Ластоўскага «Сплачвайце доўг» распачалася дыскусія пра лёс і функцыю беларускай літаратуры, прызначэнне якой аўтар бачыў у паказе прыгожага і прыроды, у зацікаўленні чытача. У сваім артыкуле аўтар звяр­таецца да літаратараў ХХ ст., называючы іх «парнаснікамі» (Я. Купалу і інш.). Адказам стаў надрукаваны ў 1913 г. артыкул Я. Купалы «Чаму плача песня наша?», падпісаны аўтарам фразай «Адзін з парнаснікаў». Артыкул падае думку пра сацыяльную абумоўленасць літаратуры і мастацтва (якое жыццё, такая і літаратура). Большасць аўтараў падтрымала Я. Купалу. Уба­ку ад крытыкі застаўся М. Багдановіч, але ён падкрэсліў, што літаратура павінна і выхоўваць, і быць з’явай эстэтычнай.

У 1916 г. у Вільні выходзіла газета «Гоман» лацінкай на беларускай мове; мела мастацка-публіцыстычны характар і нацыянальна-вызваленчую праблематыку. У гэтым жа годзе газету «Дзянніца» спрабуе выдаць Ц. Гарт­ны ў Пецярбургу. Дадзеныя газеты ва ўмовах вайны доўга існаваць не маг­лі, хаця і не залежалі ад улад і ўрада.

У ХІХ ст. аўтары пісалі на некалькіх мовах і звярталіся да пераклад­ных твораў іншаземных аўтараў. У ХХ ст. пісьменнікі перакладаюць творы рускіх, польскіх і заходне-еўрапейскіх аўтараў. На маладую беларускую лі­таратуру звяртаюць увагу і іншыя аўтары: беларускіх пісьменнікаў пачы­наюць перакладаць на іншыя славянскія мовы. У пачатку ХХ ст. беларус­кая літаратура развіваецца паскорана. У гэты час ні адзін літаратурны ме­тад не стаў дамінуючым у творчасці беларускіх аўтараў.

Літаратурны працэс у пачатку ХХ ст. вызначаўся з’яўленнем арыгі­нальных пісьменнікаў, развіццём беларускай перыёдыкі і выдавецкай спра­вы, функцыянаваннем беларускай літаратуры ў гравітацыйным полі сусвет­нага літаратурнага працэсу, пашырэннем перакладчыцкай дзейнасці, раз­віццём крытыкі і ўзнікненнем новых літаратурных жанраў (верш, камедыя, апавяданне, паэма, сацыяльна-бытавая беларуская аповесць; робяцца спро­бы стварэння рамана, першых драматычных твораў).

Літаратура пачатку ХХ ст.: агульная характарыстыка

Перыядычны друк

Рэвалюцыя 1905–1907 гг. узняла да актыўнага дзеяння шырокія на­родныя масы, абудзіўшы палітычную, сацыяльную, нацыянальную сама­свядомасць ycix народаў самадзяржаўнай Pacii. «Ніколі яшчэ, – адзначаў У.I. Ленін, – не перажывала Расія такога абуджэння ад сну, зaбiтасці i ня­волі, як цяпер».

Поруч з іншымі народамі на барацьбу за свабоду, за лепшую долю, за вялікае права «людзьмі звацца» паўстаў i беларускі народ. «Калі ў памятны 1905 г. зрабілася завіруха, – пicaў Янка Купала ў 1913 г. на старон­ках газеты «Наша ніва», – калі ў Pacii ў кожнага чалавека стала будзіцца душа да новага жыцця, да новага шчасця, то i ў беларуса будзіцца стала пачуццё свайго «я», стала лунаць доўга дрэмлючая думка, што i мы людзі».

Хоць першая руская рэвалюцыя пацярпела паражэнне, царскі ўрад пад напорам шырокіх мас вымушаны быў пайсці на некаторыя паслаблен­ні. Адной з такіх уступак з’явілася легалізацыя беларускага друку, адмена забароны перыядычных выданняў на беларускай мове. Сталі выходзіць першыя беларускія легальныя газеты «Наша доля» i «Наша ніва».

Па ідэйнай накіраванасці публікуемых матэрыялаў, паводле палітыч­най арыентацыі «Наша доля» (першы нумар яе выйшаў 1 верасня 1906 г.) займала рэвалюцыйна-дэмакратычную пазіцыю, падтрымлівала народную рэвалюцыю. Газета асуджала самаўладства, абуралася жорсткімі рэпрэсіямі царызму, заклікала працоўныя масы працягваць барацьбу за свабоду, за лепшае жыццё. У падзагалоўку да газеты «Наша доля» гаварылася, што яна прызначаецца «для вясковага мясцовага рабочага народу». У рэдакцыйным артыкуле, з якім «Наша доля» (№ 1) звярталася да чытачоў, з радасцю адзначалася, што «прачнуўся з цяжкага сну народ, падняуся як рака на вясну за вялікае дзела свабоды i лепшае долі».

Газета не замыкалася ў коле вузканацыянальных праблем, сцвярджала неабходнасць братэрства, інтэрнацыянальнай салідарнасці працоўных ycix нацый, ycix народаў царскай Pacii ў ix справядлівай барацьбе з прыгнётам, заняволеннем, бяспраўем. «У … вялікі мамэнт, – пісалася ў «Нашай долі», – калі ўсе народы гасударства Расейскага, аб’явіўшы вайну старым парадкам, напрагаюць усе свае сілы, каб дабіцца свабоды i лепшае долі, мы будзем разам з iмi... Мы верым у святосць народнае справы, мы верым у помач нашых прыяцеляў».

У артыкуле «Што будзе?» («Наша доля», № 1), аналізуючы падзеі першай рускай рэвалюцыі, газета горача падтрымлівае змаганне рабочых i працоўных сялян за сацыяльную справядлівасць i бязлітасна асуджае цар­скі ўрад за крывавыя расправы над удзельнікамі ўзброенага паўстання: «...Цяпер бунтаўшчык – увесь стомлены, цёмны, галодны народ. Правіцельства кроўю заліло цэлы край i думала гэтым успакоіць народ. Але штыкамі i кулямі можна прыдушыць народ, можна з усёй Pacei зрабіць адну вялікую масу, а не ўпраўляць жывымі людзьмі. Кроў забітых братоў трудна забыць; слёзы ix удоў i cipoт не даюць спакою нi ў дзень, нi ў но­чы».

У першым нумары «Нашай долі» было надрукавана апавяданне Цёткi (Алаізы Пашкевіч) «Прысяга над крывавымi разорамі», у якім сцвярджаецца ідэя саюза рабочага класа, працоўнага сялянства i салдат у суровай барацьбе за свабоду.

Газета, якая адкрыта прапагандавала неабходнасць рашучай барацьбы з царызмам, не магла доўга пpaicнаваць ва ўмовах жорсткай рэакцыі. Царскія служкі канфіскоўвалі асобныя нумары «Нашай долі», здымалі «крамольный» матэрыял, узбуджалі судовыя справы супраць аўтараў, супрацоўнікаў, пакуль, нарэшце, на шостым нумары, у снежні 1906 г., не дабіліся яе поунага закрыцця. «Наша доля», як паведамлялася пазней у газеце «Наша ніва», абвінавачвалася ў падбухторванні да разбурэння дзяржаўнага ладу, знішчэння «старых парадкаў ды ўстанаўлення на зямлі таварыства меж людзьмі (сацыялізму)».

«Наша доля», як бачым, на самой справе была баявой, рэвалюцыйна-дэмакратычнай газетай. Яна прапагандавала прагрэсіўныя ідэі, змагалася за новыя формы жыцця, абуджала ў народзе рэвалюцыйны дух, клікала да барацьбы за справядлівую справу рабочага класа і працоўнага сялянства.

Газета «Наша ніва» (выходзіла з 10 лістапада 1906 г. па 7 жніўня 1915 г.), нягледзячы на агульны памяркоўны характар яе палітычнай пра­грамы, таксама адыграла важную ролю ў прапагандзе новых ідэй, у крытыцы самаўладства, у актывізацыі літаратурна-творчага жыцця, аб’яднанні сіл перадавой інтэлігенцыі, разгортванні масавага літаратурнага руху ў перадкастрычніцкае дзесяцігоддзе.

М. Горкі ў артыкуле «О писателях-самоучках», апублікаваным у ча­сопісе «Современный мир» (1911, № 2), звяртаючы ўвагу на маладую літа­ратуру беларусаў, вялікае значэнне надаваў рабоце людзей, якія згрупава­ліся вакол газеты «Наша ніва». Прыводзячы ў гэтым артыкуле тэкст песні «А хто там ідзе?», надрукаваны «Нашай нівай», захапляючыся глыбокім сэнсам слоў Я. Купалы, вялікі пралетарскі пісьменнік падкрэслівае думку аб важнай ролі «Нашай нівы» ў грамадскім жыцці беларускага народа. Каб вытлумачыць сабе сэнс верша-песні «А хто там ідзе?», каб зразумець тое, што адбываецца ў масах «патрывожанага» народа, чытачу, на думку М. Гор­кага, «варта было б паглядзець «Нашу ніву» – яна шмат цікавага скажа яму».

Высока ацэньваў дзейнасць «Нашай нівы» М. Багдановіч. У артыку­ле «Беларускае адраджэнне» ён пісаў, што, хоць газета выдавалася ў скла­даных абставінах жорсткай рэакцыі, яна, пры ўсёй яе памяркоўнасці, многа зрабіла для ўсебаковага адраджэння беларускай народнай культуры. Газета знаходзіла дарогу ў самыя глухія куткі Беларусі. Для многіх тысяч людзей яна была першай крыніцай звестак аб іх жыцці-быцці, выкладзеных такой простай і яснай мовай. У беларускага селяніна, які зжыўся з думкаю, што ён – хам, і яго мова – хамская, газета выклікала павагу да сябе, абуджала ў ім пачуццё ўласнай годнасці.

На думку М. Багдановіча, «Нашай ніве» не была ўласціва нацыяналь­ная замкнутасць: у беларускім краі, змардаваным нацыянальнай бараць­бой, «Наша ніва» нястомна напамінала аб неабходнасці шанаваць культуру кожнага народа і, замацоўваючы свае нацыянальныя асновы, шырока ка­рыстацца здабыткамі культуры польскай, велікарускай, украінскай. М. Баг­дановіч выказвае сваё захапленне незвычайнай грамадзянскай мужнасцю «Нашай нівы»: яна неаднаразова канфіскоўвалася, рэдактар прыцягваўся да судовай адказнасці, сядзеў у астрозе, яе забаранялася чытаць вайскоўцам, духавенству, народным настаўнікам, навучэнцам настаўніцкіх семінарый і яшчэ цэламу шэрагу асоб. Шавіністычная руская прэса цкавала яе, сцвярджаючы, што газета выдаецца на польскія грошы для аслаблення ў краі велікарускіх пазіцый. У сваю чаргу органы польскага нацыяналізму бачылі ў ёй тонкі сродак для русіфікацыі беларусаў-католікаў, створаны на грошы казны. Але ўсё гэта не зламала энергіі людзей, што групаваліся вакол «Нашай нівы». «Наша ніва» карысталася шырокай папулярнасцю сярод сялян, якія дасылалі ў газету свае карэспандэнцыі, вершы, апавяданні, артыкулы.

Прагрэсіўная накіраванасць газеты ўзмацнілася, калі яе рэдактарам (з лютага 1914 г.), а затым і выдаўцом стаў Янка Купала.

Вялікую ролю «Нашай нівы» ў станаўленні беларускай літаратуры, мастацтва, у развіцці нацыянальнай і сацыяльнай самасвядомасці беларус­кага народа адзначаюць і сучасныя даследчыкі гісторыі грамадска-палітычнай і эстэтычнай думкі Беларусі. «Па сутнасці, – пішуць яны, – газета з яе выдавецтвам і карэспандэнтамі была цэнтрам беларускай культуры і бела­рускага нацыянальнага руху. Выдатныя беларускія пісьменнікі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка, Цішка Гартньі і іншыя былі актыўнымі яе супрацоўнікамі. Не было амаль ніводнага нумара газеты без іх вершаў, апавяданняў, крытычных артыкулаў і карэспандэнцый. З. Бядуля быў некаторы час сакратаром рэдакцыі, а Якуб Колас – загадчыкам лі­таратурнага аддзела. «Наша ніва» выклікала да жыцця дзесяткі паэтаў, пісь­меннікаў-самавучак з сялян, рабочых, рамеснікаў. Ды і ў фарміраванні кла­сікаў беларускай літаратуры, па іх прызнанню, газета адыграла выключную ролю».

Аднак «Наша ніва», якая пэўны час была адзіным перыядычным дру­каваным органам на беларускай мове, не магла поўнасцю задаволіць узрос­шыя духоўныя запатрабаванні чытачоў. З часам з’яўляюцца новыя перыя­дычныя выданні. Гэта беларускія часопісы «Лучынка» (Мінск, 1913–1914), «Саха» (Вільня, Мінск, 1914), «Раніца» (Пецярбург, 1914), літаратурна-пуб­ліцыстычны альманах «Маладая Беларусь» (Пецярбург, 1912–1913), што­гадовыя літаратурныя зборнікі тыпу «Беларускага календара» (Вільня, 1909–1917) і інш.

Выданнем кніг і брашур на беларускай мове займаюцца культурна-асветныя саюзы, аб’яднанні, суполкі, таварыствы. Многа зрабіла ў гэтым напрамку заснаванае ў 1906 г. пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». Чытанкі для дзяцей і дарослых, календары, альманахі, кнігі паэзіі, прозы, драматургіі – такі параўнальна шырокі дыяпазон дзейнасці гэтага вельмі папулярнага ў свой час выдавецкага таварыства, якое праіс­навала аж да 1914 г. Разгортваюць дзейнасць выдавецкія суполкі ў Вільні: «Наша ніва» (1907–1914), «Наша хата» (1908–1910), «Палачанін» (1910–1911). Асобныя беларускія выдавецтвы ўзнікаюць і ў Мінску: «Саха», «Мін­чук».



: bitstream -> 123456789 -> 15212
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)
123456789 -> Іван цярэшка vs джулія навэлі: рэверс апавядацкай інстанцыі ў аповесці васіля быкава “альпійская балада”


1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка