1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры



старонка5/7
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.21 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

Крытыка і літаратуразнаўства

Пэўных поспехаў у гэты час дасягаюць публіцыстыка, крытыка, літа­ратуразнаўства; пачатковыя формы іх нараджаюцца яшчэ ў старажытнасці і звязаны найперш з дзейнасцю Ф. Скарыны, В. Цяпінскага, С. Буднага. Ужо яны выявілі самастойны, творчы, рацыяналістычны падыход да вы­тлумачэння і ацэнкі біблейскіх кніг са свецкіх пазіцый, з пазіцый гуманізму, грамадзянскасці, патрыятычнага служэння Радзіме і народу.

Літаратурна-крытычным пафасам прасякнута палемічная публіцыстыка XVI–XVII стст. Некаторае ажыўленне літаратурна-крытычнай дзейнасці назіраецца ў XIX ст., калі пра беларускія творы з’яўляюцца артыкулы, рэцэнзіі, нататкі, заўвагі, каментарыі ў рускім і польскім перыядычным друку, выдаюцца нават асобныя манаграфіі і літаратурна-крытычныя агляды, прысвечаныя жыццю і творчасці паасобных дзеячаў беларускай культуры, характарыстыцы паасобных перыядаў гісторыі беларускай літаратуры.

Найбольшае значэнне ў гэтым сэнсе мае артыкул Р. Падбярэскага «Беларусь і Ян Баршчэўскі» (1844). Даследчык беларускай літаратуры Ю.С. Пшыркоў называе гэты артыкул першым навукова-крытычным аглядам мастацкай творчасці беларускага народа. «Змешчаны ў якасці прадмовы да кнігі Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня», – заўважае Ю.С. Пшыркоў, – ён нагадвае кароткі нарыс аб агульным стане тагачаснай беларускай літаратуры і літаратурнага жыцця ў краі».

На польскай мове, як і Р. Падбярэскі, пра беларускіх аўтараў пісаў У. Сыракомля, усяляк падтрымліваючы першыя крокі ў стварэнні новай беларускай літаратуры.

У той жа час перадавыя рускія пісьменнікі і журналісты таксама вы­яўлялі шчырую зацікаўленасць да паэзіі, гісторыі і пісьменнасці Беларусі, без якіх паэзія, гісторыя і пісьменнасць усёй Русі ёсць і будзе аднабаковая і няпоўная. Рускія вучоныя I. Парфір’еў, А. Пыпін, А. Архангельскі і асабліва М. Доўнар-Запольскі ў сваіх даследаваннях у той ці іншай ступені за­кранаюць і пытанні гістарычнага лёсу беларускай літаратуры.

I ўсё ж у XIX ст., нягледзячы на наяўнасць асобных артыкулаў, рэ­цэнзій, аглядаў, палемічных нататкаў, напісаных па-польску або па-руску, у нас яшчэ не было нацыянальнай беларускай крытыкі і літаратуразнаўства. Гэта ў значнай ступені абумоўліваецца агульным станам беларускай літаратуры XIX ст., калі яшчэ не разгарнуўся на Беларусі масавы літаратурны рух. Такі рух, як вядома, узнік толькі ў пачатку XX ст. і знаходзіўся ў непарыўнай сувязі з падзеямі першай рускай рэвалюцыі.

У пачатку XX ст. пра беларускую літаратуру працягвалі гаворку і рускія, і ўкраінскія, і чэшскія, і літоўскія вучоныя (А. Пагодзін, I. Свянціцкі, А. Чэрны, Л. Гіра і інш.). З пачуццём нацыянальнай гордасці пра гэту літа­ратуру загаварылі і самі беларусы. Масавы літаратурны рух ва ўсіх галінах мастацкай творчасці выклікаў да жыцця нацыянальную беларускую крытыку, нараджэнню якой, несумненна, спрыяла легалізацыя беларускага пе­рыядычнага друку і стварэнне выдавецкіх суполак.

Першымі найбольш значнымі беларускімі крытыкамі і публіцыстамі пачатку XX ст. былі самі пісьменнікі. Гэта Цётка, Я. Купала, Я. Колас, С. Палуян, М. Багдановіч, К. Каганец, Ядвігін Ш., З. Бядуля, М. Гарэцкі, Я. Журба, А. Гурло і інш.

Палымяным публіцыстам і крытыкам была Цётка. Даючы высокую ацэнку гэтай сферы дзейнасці паэтэсы-рэвалюцыянеркі, А. Лойка адзначае надзвычай шырокі дыяпазон яе навукова-даследчых, літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў. Ён піша: «Найвялікшую ўвагу ўдзяляла Цётка-публіцыстка народнай культуры, побыту, звычаям, як і мастацтву ўвогуле. Апісаннем сваіх уражанняў ад Сіксцінскай мадонны Рафаэля Санці, ад твораў Анжэла Буанароці і Леанарда да Вінчы Цётка таксама ўпершыню звязвала нацыянальную публіцыстыку, беларускую літаратуру ўвогуле з ідэямі Рэнесанса, сусветнага мастацтва. Ёсць у публіцыстыцы Цёткі і асобныя рэпартажы – «Беларуская вечарынка ў Пецярбурзе (ад карэспан­дэнта «Нашае нівы»). Іншую значную старонку складаюць артыкулы, што або мяжуюць з навуковымі даследаваннямі або ўвогуле з’яўляюцца імі. Ся­род першых, у прыватнасці, артыкул «Збірайце матэрыялы аб батлейцы!». Навуковымі даследаваннямі сталі артыкулы «Наша народная беларуская песня», «Папараць-кветка».

На старонках перыядычнага друку з’яўляюцца публіцыстычныя і лі­таратурна-крытычныя нататкі, водгукі, рэцэнзіі, артыкулы Я. Купалы і Я. Коласа. Тут варта прыгадаць найперш артыкул Я. Купалы «Чаму плача песня наша?» і яго ж рэцэнзію на камедыю В. Дуніна-Марцінкевіча «Залё­ты». Адзінства сацыялагічнага і эстэтычнага аналізу літаратурных з’яў у іх непарыўнай сувязі з жыццём – вось вызначальная вартасць літаратурна-крытычнай спадчыны Я. Купалы.

Праблема адносін мастацтва да рэчаіснасці вырашаецца Купалам-крытыкам з пазіцый філасофскага матэрыялізму, з пазіцый разумення кла­савасці і партыйнасці літаратуры, што знайшло сваё досыць акрэсленае выяўленне ўжо ў вершы «Я не для вас...». У названых жа артыкулах думка аб класавасці літаратуры знаходзіць далейшае развіццё і сапраўды навуко­вую аргументацыю.

Самай жа выдатнай, самай каларытнай постаццю на гарызонце бела­рускай крытыкі пачатку XX ст. з’яўляецца М. Багдановіч. У яго асобе знайшлі дзівоснае спалучэнне талент арыгінальнага паэта-наватара, тэмпераментнага публіцыста, дапытлівага вучонага-даследчыка і вельмі тонкага, удумлівага крытыка. Ёсць усе падставы лічыць М. Багдановіча заснавальнікам беларускай прафесіянальнай крытыкі: ён заклаў яе падваліны, ён сфармуляваў яе асноўныя ідэйна-эстэтычныя крытэрыі, ён акрэсліў шляхі яе далейшага развіцця. Сучаснае беларускае літаратуразнаўства шмат у чым грунтуецца на меркаваннях і вывадах, зробленых Багдановічам-крытыкам. Апіраючыся на дасягненні рускай рзвалюцыйна-дэмакратычнай эстэтыкі, М. Багдановіч выпрацаваў сваю літаратурна-эстэтычную сістэму, свой, шмат у чым наватарскі падыход да ацэнкі твораў мастацтва, значэння, ролі і месца іх аўтараў у гісторыка-літаратурным працэсе. Нельга ў гэтай сувязі не пагадзіцца з Ю. Пшырковым, які піша: «М. Багдановіч тэарэтычна абагульніў практычны вопыт беларускай літаратуры свайго часу, паказаў яе гістарычную сувязь з культурай папярэдніх эпох, у самых агульных рысах намеціў шляхі яе далейшага развіцця. Ён па праву лічыцца папярэднікам сучаснага беларускага літаратуразнаўства. Многія яго ацэнкі і вызначэнні атрымалі далейшае развіццё ў працах даследчыкаў паслякастрычніцкага перыяду. Надзвычай паказальным з’яўляецца той факт, што ў сваім ідэйным развіцці крытык ішоў ад захаплення ідэямі Бялінскага і Чарнышэўскага, сацыялогіяй Міхайлоўскага да асваення марксісцкай філасофіі. Ён настойліва вывучаў марксісцкую літаратуру, аб чым сведчаць яго пранікнныя рэцэнзіі на новыя працы Пляханава».

Літаратурныя з’явы М. Багдановіч разглядае ў непарыўнай сувязі з жыццём, эпохай, разнастайнымі сацыяльна-палітычнымі працэсамі, якія ад­бываюцца ў грамадстве. Асабліва вялікае значэнне для абуджэння самасвя­домасці працоўных мас Беларусі крытык надаваў рэвалюцыі 1905 г. як пе­раломнаму этапу ў гісторыі беларускай культуры. Ён радаваўся «нараджэнню беларускай народнай інтэлігенцыі, выкліканай да жыцця падзеямі 1905 года... Селянін з асобай духоўнай закваскай, рабочы, іншы раз народны настаўнік – вось хто ўваходзіць у яе састаў».

Ставячыся надзвычай патрабавальна, часам, магчыма, нават крыху прыдзірліва да кожнага пісьменніка, Багдановіч умеў заўважыць і вызначыць тое адметнае, індывідуальнае, што ўласціва сапраўднаму таленту і што з’яўляецца зарукай яго росту. Найперш гэта стасуецца да творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, Ядвігіна Ш., А. Гаруна. У артыкуле «Глыбы і слаі», прысвечаным агляду беларускай літаратуры за 1910 г., крытык піша: «Як і ў 1909 гаду, найбольш увагі звяртае на сябе Я. Купала; звяртае не толькі велічынёй сваёй здольнасці, але і гібкасцю яе, здатнасцю да ўсестаронняга развіцця». Ужо ў ранніх вершах Я. Купалы, не пазбаўленых, на думку кры­тыка, расцягнутасці і аднастайнасці тэматыкі, М. Багдановіч бачыў «не­звычайны паэтычны талент» аўтара.

Думку пра несумненны талент Я. Купалы М. Багдановіч развівае і ў другім артыкуле – «За тры гады»: «Першае слова – аб Я. Купале і яго вялікай, пекна выданай кнізе вершаў «Шляхам жыцця». З радасцю бачым, што талент Купалы развіваецца, з’яўляюцца новыя мэты, новыя спосабы творчасці, новыя формы і вобразы. Не толькі нядоля нашай вёскі ды нацыянальныя справы Беларушчыны цікавяць яго. Ужо і краса прыроды, і краса кахання знайшлі сабе месца ў яго творах». Далей гаворка ідзе пра жывы гумар, і пра жанравае ўзбагачэнне паэзіі Купалы, і, галоўнае, пра тое, «што ўсё гэта ў многіх вершах Купалы зроблена надзвычайна пекна, з праўдзівым уменнем ды з вялікім пад’ёмам пачуцця. Часта густа спаты­каецца прыгожая будова верша, цікавая па спляценню строк, расстаноўцы рыфм, ужыванню цэзур; разнастайнасць рытмаў з іх усягдашняй лёгкасцю ды моцным разгонам; краса, свежасць і паўназычнасць рыфм, звінячых не толькі на канцы, але і пасярэдзіне строк; гучнасць слоў, падабраных да верша, і шмат што іншае».

Пра Якуба Коласа М. Багдановіч зазначаў: «Другі выдатны паэт Я. Ко­лас, пісьменнік спакойны, просты і ўсюды сабе роўны: заўсягды можна быць запэўненым у вартасці яго твораў».

Бадай пра ўсіх больш-менш значных пісьменнікаў нашаніўскай пары пісаў М. Багдановіч і для кожнага знаходзіў трапнае, адметнае слова як падтрымкі, адабрэння, пахвальбы, так і папроку за слабасці, хібы, недахопы. Тут маюцца на ўвазе паэты: А. Паўловіч, Ц. Гартны, Ф. Чарнышэвіч, Г. Леўчык, К. Буйло, Л. Лобік, Стары Улас, Я. Журба, М. Арол і іншыя; пра­заікі: Ядвігін Ш., Т. Гушча (Я. Колас), Новіч, З. Бядуля, Максім Беларус (М. Гарэцкі), Аляхновіч-Чэркас, Жывіца, М. Кепскі, Цётка, К Лейка, А. Яз­мен, Я. Шпэт і інш. Цікавы «прагноз» крытыка пра М. Беларуса: «Шмат хто вялікія надзеі пакладае на маладога пісьменніка Максіма Беларуса».

М. Багдановіч упершыню ў гісторыі беларускага літаратуразнаўства на глыбока навуковай аснове пачаў распрацоўваць праблему славянскіх лі­таратурных узаемасувязей і месца ў гэтых узаемасувязях беларускай літа­ратуры. Больш таго: іменна М. Багдановіч разглядае беларускую літаратуру не толькі ў кантэксце брацкіх славянскіх літаратур, але і ў сувязі з сусветным гісторыка-літаратурным працэсам, у аспекце таго, што бярэ беларуская літаратура ў іншых народаў і што ўносіць яна сама ў скарбніцу сусветнай культуры, агульначалавечых духоўных здабыткаў.

Больш за ўсё ў творчасці беларускіх пісьменнікаў М. Багдановіч цаніў іх дэмакратызм, грамадзянскі пафас, служэнне высакародным ідэалам чалавецтва, бескампраміснае выкрыццё паразітычнай сутнасці капіталіс­тычнай сістэмы, страсныя, самаахвярныя заклікі да барацьбы за праўду, сва­боду і шчасце. Ен быў глыбока перакананы, што беларуская літаратура «ні­колі не пойдзе чысціць боты капіталу!».

Сярод крытыкаў-прафесіяналаў перадкастрычніцкага дзесяцігоддзя адно з вядучых месц займае Лявон Гмырак, артыкулы якога часта друкаваліся на старонках тагачасных беларускіх выданняў. Схільнасць да роздумаў і аналітычнасці, аб’ектыўнасць і незалежнасць меркаванняў, лагічнасць і доказнасць у спалучэнні з дэмакратызмам і грамадзянскасцю, з жывасцю і эмацыянальнасцю стылю робяць яго артыкулы прыкметнай з’явай у бела­рускай крытыцы XX ст.

Калі ў 1913 г. узнікла дыскусія па праблеме адносін мастацтва да рэ­чаіснасці, Л. Гмырак адразу ж падтрымаў Я. Купалу, яго артыкул «Яшчэ аб сплачыванні доўгу» («Наша ніва», 1913, № 33–34).

У крытыцы, як і ў літаратуры, не было і не магло быць ідэйна-класа­вага адзінства, і тут ішла барацьба паміж рознымі плынямі, напрамкамі, ідэалагічнымі канцэпцыямі. Адны да вытлумачэння і ацэнкі літаратурна-мастацкіх фактаў падыходзілі з рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцый, другія прытрымліваліся эстэцкіх поглядаў, адрывалі літаратуру ад жыцця, пра­пагандавалі тэзіс «мастацтва для мастацтва», ігнаравалі класавую дыфе­рэнцыяцыю ў грамадстве. Так, ліберальна-буржуазныя тэндэнцыі прыкметна выяўляюцца ў публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулах Власта і Антона Навіны. Менавіта Власт (В. Ластоўскі), выступіўшы пад псеўданімам Ю. Верашчакі ў «Нашай ніве» (1913, № 26–27), у здзеклівым тоне гаварыў аб рэвалюцыйна-дэмакратычнай літаратуры, адварочваўся ад актуальных грамадска-палітычных праблем і арыентаваў паэзію на апяванне абстрактнай красы, адарванай ад жыцця і змагання за лепшую долю працоўных мас. А. Навіна скажаў сапраўдную сутнасць творчасці М. Багдано­віча, адносячы яго да ліку паэтаў «чыстай красы».

Вывучэннем гісторыі беларускай літаратуры XIX ст. паспяхова зай­маўся Р. Зямкевіч. Найбольш вядомыя яго працы пра Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Адама Кіркора. Цікавы як самой пастаноўкай пы­тання, так і яго асвятленнем артыкул Р. Зямкевіча «Тарас Шаўчэнка і бела­руская літаратура».

Побач з М. Багдановічам і Р. Зямкевічам вялікую ролю ў гісторыі бе­ларускага навуковага літаратуразнаўства адыграў Я. Карскі. Ён стварыў вя­лікую падагульняючую працу «Беларусы» (1903–1922), у якой значнае месца заняло асвятленне праблем гісторыі беларускай літаратуры ад старажытнасці да пачатку 20-хгадоў XX ст. На гэтай працы ў значнай ступені і грунтуюцца пазнейшыя, у тым ліку і сучасныя, гісторыкі беларускай літаратуры.

Пачатак XX ст. – асаблівы перыяд у развіцці беларускай літаратуры. Пасля XIX ст., якое характарызавалася замаруджанасцю, а часам і перары­вістасцю працэса станаўлення новай літаратуры, гэты этап вызначаецца не­бывалай да той пары інтэнсіўнасцю пошукаў, паскораным развіццём усіх жанраў літаратуры. Вядучую ролю, як і раней, адыгрывала паэзія, аднак у гэты час даволі актыўна развіваюцца і празаічныя жанры, асабліва малых форм, а таксама і драматычныя. Паскораны працэс развіцця літаратуры быў абумоўлены рэвалюцыйнымі падзеямі пачатку XX ст., уцягненнем у нацыянальна-вызваленчы рух шырокіх народных мас. Прадстаўленая шмат­лікімі імёнамі, і ў першую чаргу такіх вядомых майстроў мастацкага слова, як Я. Купала, Я. Колас, Цётка, М. Багдановіч, Ц. Гартны, З. Бядуля, М. Га­рэцкі, беларуская літаратура ствараецца на аснове багатых здабыткаў на­родна-паэтычнай культуры, класічных традыцый крытычнага рэалізму і рэ­валюцыйнага рамантызму, цвёрда трымаючыся рэвалюцыйна-дэмакратыч­нага напрамку ў сваім развіцці як вызначальнага, галоўнага. У яе змесце і форме зараджаюцца і паступова выспяваюць новыя тэндэнцыі, характэрныя для прагрэсіўных літаратур напярэдадні Вялікай Кастрычніцкай сацыя­лістычнай рэвалюцыі.



9. .Нетрадыцыйнасць постаці М. Багдановіча ў беларускай літаратуры.
Максім Багдановіч (1891–1917)

Нарадзіўся ў Мінску. Калі Максіму было некалькі месяцаў, сям’я пе­раязджае ў Гродна. У 1895 г. памірае маці ад сухотаў, сям’я вымушана пе­рабрацца ў Ноўгарад, дзе жыве да 1906 г. Адам Багдановіч, бацька буду­чага паэта, жэніцца на сястры жонкі М. Горкага – Аляксандры Волжынай, якая памірае пры нараджэнні сына. У 1908 г. – пераезд у Яраслаўль. Мак­сім паступае ў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй (па загадзе бацькі). Узрастае цікавасць Максіма да філалогіі і гісторыі.

Летам 1911 г. Максім наведвае Беларусь па запрашэнні рэдакцыі га­зеты «Наша Ніва», прыязджае ў Вільню. Піша вершы. Паэт спадчынна быў падобны да маці і таму хворы на сухоты. Апошнія месяцы свайго каротка­га жыцця правёў у Ялце, дзе памёр у маі 1917 г. Там і пахаваны. Бацька Мак­сіма ў другой палове 20-х гадоў даведаўся пра тое, што сын – прызнаны паэт.

Зборнік М. Багдановіча «Вянок» (1913)

Зборнік выбраных вершаў, арыентаваны на заходнія літаратуры. Спа­чатку павінен быў складацца з трох частак: «Малюнкі і спевы», «Мадон­ны», «Каханне і смерць» (аўтар хацеў падкрэсліць думку пра вечнасць жыц­ця). Аднак задуманая кампазіцыя не знайшла выяўлення, і выдаўцы ўнеслі змены ў структуру зборніка. Прадмова да зборніка напісана белым вершам.



Першая частка – «Малюнкі і спевы» – уключае некалькі цыклаў:

У першым цыкле «Зачараванае царства» жывуць міфічныя істоты і закаханыя (вершы «Зорка Венера», «Зімняя дарога» і г.д.);

У другім цыкле «Гукі Бацькаўшчыны» выкарыстаны фальклорныя прыёмы псіхалагічнага паралелізму (вершы «Уся ў слязах дзяўчына», «Не кувай ты, шэрая зязюля» і інш.; у вершы «Вечар» выкарыстаны прыём алюзіі, калі радкі з іншага верша ўстаўлены ў аўтарскі верш);

У трэцім цыкле «Старая Беларусь» згадваюцца старонкі беларускага мінулага (верш «Слуцкія ткачыхі»);

У чацвёртым цыкле «Месца» (горад) прысутнічаюць гуманістычныя матывы (верш «У Вільні»);

У пятым цыкле «Думы» і шостым цыкле «Вольныя думы» прысут­нічаюць вершы, прысвечаныя Радзіме, мастацкай творчасці (напрыклад, верш «Песняру»);



Сёмы цыкл «Старая спадчына» дае ўзоры розных вершаваных паме­раў: пентаметр, рандо, санет і г.д.; пераклады.

Другая частка «Мадонны» апявае дабрыню, спачуванне, самаахвяр­насць жанчыны (вершы «У вёсцы», «Вераніка» і інш.);

Трэцяя частка «Каханне і смерць» утрымлівае дыялектыку жыцця – каханне становіцца прычынай смерці жанчыны, якая нараджае дзіця.

Зборнік «Вянок» стаў прыкметнай з’явай ў беларускай літаратуры ХХ ст., бо ў ім аўтар імкнуўся сказаць пра блізкае чалавеку. Мастацкая спадчына М. Багдановіча поўнасцю не адшукана, шмат вершаў прапала. У вершах, што не ўключаны ў зборнік, прысутнічаюць два матывы: твор­часць і чалавечае жыццё – «Я бедны бяскрыдлы паэт», «Крытыку», «Ліст», «Пагоня», «Народ, беларускі народ», «На чужыне» і інш.

У 1920-я гады паэт захапіўся беларускім фальклорам. У 1915–1917 гг. спрабуе стварыць вершы беларускага складу на аснове беларускага фаль­клору. Гэтыя творы нагадвалі народныя жарты ці галашэнні: «Бяседная», «Лявоніха».

У 1915–1917 гг спрабуе пісаць вершы ліра-эпічнага складу, зверну­тыя ў мінулае (да сярэднявечча): «Агата», «Мушка-зелянушка і камарык насаты тварык» (падзагаловак напісаны беларускім вершам) і інш. У гэты час напісаны паэмы «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», у стылі якіх пераклікаюцца меладрама і жарт.

У паэме «Максім і Магдалена» на стыль пісьменніка наклаў адбітак рамантызм. Апрацоўка паэмы зроблена ў народным духу, выкарыстаны прыём інверсіі. Паэма «Страцім-лебедзь» – гэта апокрыф (апокрыфы – тво­ры з біблейскім сюжэтам), апавядае пра лёс гордай птушкі, якая дапамагае выратаваць другіх, а сама не зможа пакінуць пасля сябе нашчадкаў.

Першыя пераклады М. Багдановіча з’явіліся ў 1909 г. на старонках «Нашай нівы». Вялікую ўвагу звяртаў аўтар на заходне-еўрапейскую паэ­зію (Ф. Шыллер, Г. Гейне, П. Верлен і інш.).



Празаічныя творы М. Багдановіча

Не ўсё з напісанага было апублікавана і дайшло да нашага часу. На беларускай мове ў 1907 г. на старонках «Нашай нівы» апублікавана апавя­данне «Музыка». Цэнтральная праблема – праблема мастака і мастацтва. Дадзеная праблема была вядучай у прозе М. Багдановіча: «Апавяданне аб іконніку і залатару», «Шаман», «Апокрыф» (стылізацыя пад жанр старажыт­най літаратуры). Асноўная ідэя апошняга твора: нельга ўсё ў жыцці дзяліць на прыгожае і карыснае. Аўтар выкарыстоўвае вобразы-сімвалы: каласы і васілёк. «Аб іконніку і залатару» – аўтар спрабуе разважаць пра традыцыі і навацыі; «Шаман» – узнімаецца пытанне пра карані прыгажосці.

Аўтару належаць замалёўкі з натуры: «Гарадок», «Вёска», «Вясной» як эпізоды незакончаных апавяданняў. У апавяданні «Марына» сустра­каюцца аўтабіяграфічныя матывы (кажуць, што Багдановіч узнавіў сюжэт з асабістага жыцця).

М. Багдановічу належаць апавяданні на рускай мове: «Мадонны», «Сон-трава», «Страшное», «Катыш», «Преступление», «Чудо маленького Петрика», «Колька», «Именинница», «Калейдоскоп жизни», якія адлюстроў­ваюць разнастайныя праявы жыцця чалавека.



М. Багдановіч – літаратурны крытык

Аўтар быў адметным крытыкам. Першы артыкул «Глыбы і слаі» быў надрукаваны ў «Нашай ніве» ў 1911 г. (утрымліваў аналіз сучаснага стану беларускай паэзіі, прозы, драматургіі, падбадзёрванне беларускіх аўтараў, спробу ахарактарызаваць стан беларускай літаратуры). М. Багдановіч аха­рактарызаваў творчасць Я. Купалы, пісаў пра тое, што апошні малюе нена­туральныя вобразы. Спрэчны погляд меў М. Багдановіч і на «Адвечную песню» Я. Купалы, слабым бокам твора М. Багдановіч лічыў сімвалізм.

Цікавай з’явай назваў М. Багдановіч зборнік Я. Коласа «Песні жаль­бы», станоўчым момантам яго лічыў цэльнасць, адмоўным – статычнасць Я. Коласа-паэта.

М. Багдановіч у 1910 г. адзначаў два пласты ў беларускай літарату­ры:



  1. творы, што нагадвалі думкі ўслых (самы таленавіты – В. Ластоўскі і яго вершы ў прозе);

  2. жарты, якія перараслі ў невялікія апавяданні (іх вартасць заклю­чаецца ў жывасці мовы, у зразумеласці, лепшым беларускім апавядальні­кам лічыў Ядвігіна Ш.).

У беларускай драматургіі М. Багданоіч адзначаў твор К. Каганца «Модны шляхцюк».

У 1913 г. напісаны артыкул М. Багдановіча «За тры гады», у якім па­казана развіццё беларускай літаратуры як працэсу. Аўтар думаў, што бела­рускі друк расце якасна, колькасна; быццам значна ўзрасла якасць твораў. Аналізуючы творчасць пісьменнікаў, адзначаў пашырэнне кола тэм, рас­працаваных Я. Купалам; Я. Коласа ставіў на другое месца і казаў пра ад­сутнасць слабых бакоў яго творчасці. Сярод празаікаў на першае месца ставіў Ядвігіна Ш., называючы яго пісьменнікам-байкапісцам. Адзначаў з’яўленне літаратурных школ у беларускай літаратуры.

Артыкул «Забыты шлях» пісаўся ў час першай імперыялістычнай вайны. У ім адзначалася, што маладая беларуская літаратура развіваецца паскоранымі тэмпамі. Аўтар піша пра тое, што ў беларускай літаратуры, апрача твораў Я. Чачота, П. Багрыма, Я. Баршчэўскага, не было беларус­касці. Аўтары павінны, на думку М. Багдановіча, мець нацыянальныя ма­тывы ў творчасці, а не толькі браць тэмы і сюжэты з сусветнай літаратуры.

Пяру М. Багдановіча належыць тэарэтыка-гістарычны нарыс «Са­нет». У ім разглядаюцца вартасці санетнай формы. Сустракаюцца ў твор­часці аўтара артыкулы па палітычных пытаннях: «Новая інтэлігенцыя», «Мікалай Міхайлоўскі» і інш.

М. Багдановіч выступаў і як рэцэнзент кніг («Пра Трышчана і Іжоту» французскага пісьменніка Т. Гацье).

Такім чынам, М. Багдановіч паспрабаваў глянуць на беларускую лі­таратуру з вышыні вопыту сусветнай літаратуры. Выступаў як паэт, пісь­меннік, крытык, публіцыст. Як паэт адметны складаннем вершаў у першую чаргу пра чалавека, потым – пра сацыяльныя з’явы. Даследчыкі адзнача­юць інтэлектуальны характар лірыкі Багдановіча, сувязь яго паэзіі з раман­тызмам і сімвалізмам. У Багдановіча няма яркага паказу беларускага му­жыка, што нагадвае дэкадэнцтва.

У 1927–1928 гг. быў падрыхтаваны двухтомнік паэзіі М. Багдановіча. У 1968 г. выйшаў другі двухтомнік, які даў штуршок беларускаму багдано­вічазнаўству. У пачатку 1960-х гадоў творчасць аўтара вывучалася ў сувязі з беларускім фальклорам. Найбольш поўна пра М. Багдановіча напісаў А. Лойка ў кнізе «Максім Багдановіч» (пра паэта напісаў паэт).

11. Дзейнасць літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша»,«Полымя», «БелАП».

Падзеі грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі аказалі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры. Некаторыя з пісьменнікаў-«нашаніўцаў» знаходзі­ліся ў войску або ў Расіі. Палітычная барацьба адбівалася і на стане куль­туры, літаратурнага жыцця. Празаічныя жанры беларускай літаратуры былі ў зародкавым стане; дадзены перыяд характарызаваўся дамінаваннем паэзіі.

У снежні 1917 г. ў Мінску адбыўся Усебеларускі кангрэс, які быў ра­загнаны бальшавікамі. 25 сакавіка 1918 г. была створана БНР. Сёння яе стварэнне – з’ява дыскусійная: ці гэта была гераічная спроба пабудаваць сваю незалежную дзяржаву ў неспрыяльных умовах?

З 1921 г. пачалося вяртанне лепшых набыткаў беларускага культур­нага жыцця: узнікненне БДУ, ІнБелКульта (які пасля быў ператвораны ў Акадэмію Навук Беларусі); выданне газет, вяртанне на Радзіму класікаў літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота і інш. У 1922 г. Ц. Гартны пае­хаў у Берлін, дзе дамовіўся пра друкаванне беларускіх падручнікаў. З 1923 г. палітыка беларусізацыі стала афіцыйнай. Наогул 1920-я гады былі плённы­мі для беларускай культуры і літаратуры, хоць кастрычніцкая рэвалюцыя не­адназначна ўспрымалася беларускімі пісьменнікамі і культурнымі дзеячамі.

Дадзены перыяд вызначаецца ў літаратуры наяўнасцю сялянскага дэ­макратызму (прыходам у літаратурныя колы так званых «сялянскіх пісь­меннікаў»). Асноўнымі літаратурнымі асаблівасцямі гэтага часу з’яўляюц­ца наступныя:

а) патрыятычны пафас – пасля кастрычніцкай рэвалюцыі тэмы выз­валення і адраджэння зліліся ў адно цэлае;

б) агітацыйнасць – характэрнымі былі літаратурныя заклікі да нова­га жыцця;

в) зварот да гісторыка-рэвалюцыйнага мінулага – прапаганда гіс­тарычнага мінулага і вытокаў нацыянальнага характару ва ўмовах калекты­візму;

г) пытанне нацыянальнай самабытнасці – які матэрыял браць за аснову пры разглядзе дадзенай праблемы (абапірацца на фальклорныя тра­дыцыі, ці ствараць нешта новае);

д) невысокая мастацкая якасць твораў – з 1905 г. былі ўведзены но­выя літаратурныя нормы беларускай мовы; пісьменнікі шукалі найбольш спрыяльныя шляхі развіцця беларускай літаратуры, што адбівалася на якасці твораў.

У 1925 г. была прынята пастанова пра развіццё беларускай літарату­ры, якая прапагандавала спецыфічнасць і неабмежаванне пісьменніцкай творчасці. У чэрвені 1926 г. выйшла пастанова ЦК пра неабходнасць існа­вання нацыянальнай крытыкі.

Дадзены час характарызаваўся наяўнасцю даследаванняў па гісторыі беларускай літаратуры. З’яўляецца праца М. Гарэцкага «Гісторыя беларус­кай літаратуры» (з 1917 – па 1923 гг.), дзе прааналізаваны беларускі фаль­клор і да якой дадаецца слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў. У БССР раз­горнута культурнае будаўніцтва: за пяць год узнікла шмат часопісаў і вы­данняў. Беларуская мова з 15 ліпеня 1924 г. стала дзяржаўнай (перыяд бе­ларусізацыі працягваўся да 1927 г.).

Старэйшыя беларускія літаратары, сярод якіх Я. Купала, М. Чарот, А. Александровіч і іншыя яшчэ ў 1922 г. спрабавалі зарэгістраваць Тава­рыства беларускіх літаратараў «Вір», падаўшы адпаведныя дакументы ў Камісарыят унутраных спраў БССР (тады – ССРБ). У выніку «расследван­ня» сакрэтнага аддзела ДПУ аб’яднанне не прайшло рэгістрацыю, а члены РКП Ц. Гартны (З. Жылуновіч) і М. Чарот (М. Кудзелька) панеслі пакаран­не па партыйнай лініі. Грамадская і творчая інітыятыва паступова перахо­дзіла да літаратурнай моладзі, якая паверыла ў шчырасць намераў новай улады, што абвесціла курс на беларусізацыю.

У лістападзе 1923 г. ўтварылася літаратурнае аб’яднанне «Малад­няк», якое ўвяло стыхійны літаратурны рух у пэўныя арганізацыйныя рам­кі. У склад яго першапачаткова ўвайшлі М. Чарот, А. Вольны, А. Дудар, А. Александровіч, Я. Пушча, А. Бабарэка. Старшынёй быў абраны М. Ча­рот. Аб’яднанне неўзабаве стала масавым і налічвала больш за 500 сяброў. Філіі (аддзяленні) існавалі і за межамі Беларусі: у Маскве, Ленінградзе, Смаленску, Вільні, Празе, Дзвінску. Маладнякоўцамі лічылі сябе К. Чор­ны, У. Дубоўка, К. Крапіва, М. Зарэцкі, М. Лынькоў, П. Трус, У. Хадыка, П. Броўка, П. Глебка, А. Куляшоў, Я. Скрыган, Р. Мурашка, П. Галавач, М. Лужанін і інш.

«Маладняк» ствараў новую, пралетарскую літаратуру. Найбольшыя дасягненні былі ў галіне паэзіі, што мела рэвалюцыйна-рамантычны харак­тар і трымалася на пафасе адмаўлення «старога». Пераважала захапленне псеўдарэвалюцыйнай фразеалогіяй, што выяўлялася ў выкарыстанні палі­тычных лозунгаў і прапагандысцкіх штампаў, заўважалася пагоня за экс­травагантным словам, імкненне супрацьстаўляць новы стыль састарэлай «на­шаніўскай» манеры, якое атрымала назву «бурапены» (жартоўны тэрмін, прыдуманы К. Чорным).


: bitstream -> 123456789 -> 15212
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)
123456789 -> Іван цярэшка vs джулія навэлі: рэверс апавядацкай інстанцыі ў аповесці васіля быкава “альпійская балада”


1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка