1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры



старонка6/7
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.21 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

«Узвышша» (1926–1931). Паступова «Маладняк» ператвараўся ў куль­турна-асветніцкую арганізацыю, найбольш таленавітыя прадстаўнікі адчу­лі розніцу паміж «агіткай» і сапраўднай мастацкай літаратурай. Адбыўся раскол, і група пісьменнікаў (К. Чорны, К. Крапіва, У. Дубоўка, Я. Пушча, А. Бабарэка) выйшла з «Маладняка», стварыўшы самастойную літаратур­на-мастацкую суполку «Узвышша» (1926–1931), у якую ўваходзілі таксама пісьменнікі З. Бядуля, У. Жылка, П. Глебка, Т. Кляшторны, М. Лужанін, С. Дарожны, В. Шашалевіч, А. Мрый і інш. Першапачатковай задачай уз­вышаўцы лічылі авалоданне культурай творчасці, засваенне класічнай спад­чыны, напісанне твораў, якія «ўбачаць вякі і народы». Адмовіўшыся ад па­вярхоўна-рамантызаванага погляду на рэвалюцыю, узвышаўцы стваралі нацыянальна-самабытную літаратуру, якая змагла б выказаць памкненні народа і адшукаць сваё месца сярод іншых народаў свету. З цягам часу ар­ганізацыя ператварылася ў элітарнае аб’яднанне пісьменнікаў нацыяналь­на-дэмакратычнай і эстэтычнай арыентацыі, што паслужыла падставай для пазнейшага абвінавачвання ў адступленні ад «лініі партыі» і ў контррэва­люцыйнай варожасці савецкай уладзе.

БелАПП (Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў), якая працягвала лінію «Маладняка» на стварэнне новай пралетарскай літарату­ры. У шэрагах узвышаўцаў адбыўся раскол: «меньшасць» (У. Дубоўка, Я. Пушча, А. Бабарэка, У. Жылка і інш.) настойвала на бескампраміснасці, «большасць» (К. Крапіва, З. Бядула, М. Лужанін, Т. Кляшторны) угаворва­ла сяброў па суполцы «пакаяцца». Перамаглі другія; летам 1930 г. многія ўзвышаўцы былі арыштаваны і высланы за межы Беларусі, астатнія стара­ліся «перабудавацца». У канцы 1931 г. «Узвышша» абвясціла аб самарос­пуску, спыніў сваё існаванне і аднайменны часопіс. Пасля ператварэння «Ма­ладняка» ў БелАПП у лістападзе 1928 г. ўзмацнілася ідэйная барацьба па­між прадстаўнікамі аб’яднання, якая перайшла ў прамыя палітычныя дано­сы і абвінавачванні.
13. Разнапланавасць таленту М. Гарэцкага.

Максім Гарэцкі (1893–1937)

У наш час лічаць годам смерці аўтара 1937 г., да гэтага лічыўся го­дам смерці 1939 г. Паходзіў з сялян: нарадзіўся на Магілёўшчыне ў сялян­скай сям’і сярэдняй рукі. У сям’і было трое сыноў (сярэдні сын – Максім) і адна дачка. Усе паважалі кнігу і асвету, любоў да іх прывіваў бацька. Ста­рэйшы сын займаўся сялянскай працай, малодшы стаў акадэмікам у галіне генеалогіі, дачка загінула, трапіўшы пад трамвай.

Максім атрымаў пачатковую адукацыю, потым скончыў другаклас­нае вучылішча. Пайшоў вучыцца ў Горкі, у каморніцкае агранамічнае ву­чылішча (у 1909 г. паспяхова здае туды экзамены). З’яўляўся актыўным чытачом «Нашай нівы» і сам дасылаў туды вершы, падпісваючыся псеўда­німам «Максім-беларус».

Працаваў у Вільні землямерам. Пасля 1914 г. ідзе ў войска і служыць да 1918 г. Перажывае раненне, хваробу, службу з перапынкамі. У 1918 г. асталяваўся жыць у Смаленску, падтрымаў ініцыятыву адраджэнцаў. У 1919 г. перабіраецца ў Вільню, пачынаецца белапольская акупацыя. Пра­цуе ў газетах.

У 1922 г. арыштаваны за антыдзяржаўную дзейнасць, высланы з за­баронай жыць у цэнтры. Жыве ў невялікім гарадку Дзвінску, працуе ў гім­назіі, піша літаратурныя творы. У 1923 г. пасля запрашэння беларускай ін­тэлігенцыі ён прыязджае ў Мінск, а з 1926 г. выкладае ў Горыцкай акадэміі гісторыю беларускай літаратуры. У 1928 г. едзе ў Мінск і працуе ў Інбел­кульце.

Пачынаюцца рэпрэсіі 1929 г. У 1931 г. Гарэцкага ссылаюць у Вятку, дзе ён працуе настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Пасля вяртаецца ў Смаленскую вобласць, выкладае рускую мову і літаратуру. Яго напаткаў новы арышт, пасля якога сляды таленавітага пісьменніка губляюцца.



Творчасць М. Гарэцкага

Творчасць аўтара варта падзяліць на два асноўныя этапы: дакас­трычніцкі і паслякастрычніцкі. А. Лойка дае наступнае вызначэнне перыя­дызацыі творчасці М. Гарэцкага:

1 этап – 1912–1913 гг. (карэспандэнцыі ў газету «Наша Ніва»);

2 этап – Віленскі перыяд (1913–1914);

3 этап – перыяд імперыялістычнай вайны (1914–1917).

Першыя допісы пра студэнцкае жыццё з’явіліся ў «Нашай ніве» ў 1909 г., а вялікія артыкулы – з 1912 г. Першыя апавяданні з’явіліся ў пачат­ку 1913 г., першая кніга выйшла ў 1914 г.



Зборнік «Рунь» (1914)

У зборнік увайшло каля дзесяці апавяданняў і абразок «Атрута». У зборніку адлюстраваныя дзве тэмы: тэма народа і інтэлігенцыі, тэма бела­рускага нацыянальнага характару. Можна яшчэ прыгадаць і тэму асэнса­вання беларускага мінулага («Лірныя спевы»). Творы ў зборніку аўтабія­графічныя, аўтар узнаўляе тыя сітуацыі і калізіі, што былі ў яго жыцці.

Тэму народа і інтэлігенцыі ўздымалі ў паэзіі Я. Колас, Я. Купала, у прозе – Ядвігін Ш. Глыбокае псіхалагічнае ўвасабленне яна мела ў збор­ніку М. Гарэцкага «Рунь». Маладым людзям няма падтрымкі, герой не мо­жа знайсці сябе, яму няма на што абаперціся («У чым яго крыўда», «Род­нае карэнне», «Уласнік»). У творы «У чым яго крыўда» галоўны герой не знаходзіць паразумення з бацькам і каханай; «Рунь» – інтэлігенцыя ім­кнецца да паразумення; «Роднае карэнне» – пераход да раскрыцця беларус­кага характару. Апавяданне «Красаваў язмін» – пра каханне і светаадчу­ванне рамантычна настроенага чалавека. Для герояў М. Гарэцкага свет – гэта таямніца, чалавеку цяжка зразумець тое, што адбываецца. У творах М. Гарэцкага часта можна сустрэць прыём інтраспекцыі – самааналізу ча­лавека. Цэнтр увагі пераносіцца на апісанне чалавечых пачуццяў і ўчын­каў, галоўным фактарам застаецца чалавечая душа.

М. Гарэцкі бярэцца пісаць пра таямнічае («Войт», «Што яно», «Стра­хаццё»). Твор «Лірныя спевы» падобны да твора М. Гогаля «Тарас Буль­ба» – думка пра тое, што беларусы мелі багатае і цікавае мінулае. Самы трагічны момант жыцця беларусаў – той, што ў іх няма правадыра, які б умацавў іх веру, паказаў шлях да ісціны. Дзеянне ў апавяданні адбываецца ў сярэднявеччы, насельніцтва Магілёўскіх і Гомельскіх зямель змагаецца за незалежнасць з Масквой. Народ просіць княжну Ганну стаць на чале войска, але тая ўцякае з польскім княжычам. Людзі змагаюцца, але цер­пяць паражэнне – узнімаецца праблема прарока і яго нястачы.

Такім чынам, у зборніку «Рунь» М. Гарэцкі звяртае ўвагу на духоў­нае жыццё чалавека праз цікавасць да ірэальнага, таямнічага. Аўтар ім­кнецца падкрэсліць інтэлектуальнасць народа.

Апавяданні 1914–1917 гг.

У дадзены час М. Гарэцкі напісаў шмат апавяданняў рознай тэматы­кі. Твор «Дзёгаць» – сімвалічны, у ім прысутнічае алегарычная дэталь пры­земленасці ўсіх чалавечых мар. «Чарнічка» – тэма жаночага лёсу, асу­джэнне вясковай цемнаты, антычалавечых і маральных нормаў. «Прыся­га», «Хадзяга» – раскрыццё духоўных магчымасцей людзей.

У М. Гарэцкага даволі многа апавяданняў ваеннай тэматыкі: «Літоў­скі хутарок», «На этапе», «Генерал» – пісьменніка цікавіць побыт, шэрыя будні вайскоўцаў і тылу. Праводзіцца думка пра тое, што вайна прывівае чалавеку жорсткасць і недавер. Апавяданне «Літоўскі хутарок» напісана ў форме дзённіка. У ім паказана безабароннасць чалавека перад тварам вай­ны, адкрытым застаецца пытанне пра лёс хутарка. Апавяданне «Рускі» рас­павядае пра пакуты салдата, які забіў ворага – такога ж чалавека, як і ён сам (робіцца перанос чалавечых пакут на вобраз Радзімы). У творах «На этапе», «Зніба сэрца» прысутнічае супрацьпастаўленне тылу і ваенных дзе­янняў.

Аповесці М. Гарэцкага

У 1914–1915 гг. напісана аповесць «На імперыялістычнай вайне», якая стваралася ў перапынку паміж баямі. Па форме аповесць нагадвае за­піскі-дзённік, блізкія да мемуарнага жанру. Аповесць побач з іншымі тво­рамі дадзенага жанру ўваходзіць у так званы «вялікі эпас» М. Гарэцкага. Гэтыя творы, паасобку ўяўляючы самастойнае цэлае, успрымаюцца як част­ка вялікага эпічнага палатна, якое аўтар хацеў разгарнуць у кнізе, што рых­тавлася ім у 1928 г. да друку. Характэрна, што ва ўсіх аповесцях, за выклю­чэннем «Ціхай плыні», адзін і той жа герой – Лявон Задума, вобраз якога мае аўтабіяграфічную аснову. У творах узнаўляюцца паслядоўныя этапы эва­люцыі Задумы: у перыяд вучобы ў вучылішчы («У чым яго крыўда?»), у час працы землеўкладальнікам («Меланхолія»), у час знаходжання ў войску і на фронце («На імперыялістычнай вайне»).

М. Гарэцкі выкарыстаў у першай аповесці сюжэт сваіх дарэвалюцый­ных апавяданняў («У лазні», «У чым яго крыўда?»), але істотна іх пераа­сэнсаваў. Аўтар не набліжае сябе да героя, але логікай развіцця сюжэту, аб’ектывавана-апавядальнай формай выкладу падкрэслівае адрозненне по­глядаў на прычыны цяжкага становішча сялянства. Раскрыццё глыбінных сацыяльных вытокаў «крыўды» героя і складае ідэйны змест твора. У адпа­веднасці з новай задумай змяніўся і ўвесь эмацыянальна-стылёвы лад апо­весці, яе танальнасць. У творы прысутнічае паглыбленае адлюстраванне народнага жыцця як асноўнай тэндэнцыі ідэйна-творчага развіцця М. Га­рэцкага-пісьменніка і ўсёй літаратуры 1920-х гадоў.

Аповесць «Меланхолія» (1916–1921) характарызуецца далейшым пра­грэсам Гарэцкага-аўтара ў майстэрстве псіхалагічнага аналізу. Пісьменнік паглыбляе вобраз Лявона Задумы. Расчараваны герой хоча пайсці з жыцця, але пад уплывам нечаканай сустрэчы з людзьмі, што прадстаўлялі прыгне­чанае сялянства, Лявон усведамляе бессэнсоўнасць свайго рашэння. Нягле­дзячы на назву – гэта глыбока аптымістычны твор, пафас якога заключаец­ца ў фінале, малюнках сялянскага жыцця, апісаннях прыроды, успамінаў героя пра дзяцінства. У гэтых сцэнах і раскрываецца аўтарская ідэйная па­зіцыя, яго жыццесцвярджальная філасофія, яго вера ў будучыню.

Аповесць «Ціхая плынь» (1918) паводле думкі крытыкаў належыць да найбольш дасканалых твораў аўтара. Пісьменнік пры адлюстраванні са­цыяльнай рэчаіснасці, пры раскрыцці характараў і аналізе ўнутранага свету чалавека зыходзіў з прынцыпаў усвядомленага гістарызму. Біяграфія геро­яў не проста раскрываецца на шырокім грамадскім фоне, а быццам вырас­тае з канкрэтных сацыяльных умоў.

Першая частка «Забыты край» – гэта не проста гісторыка-этнаграфіч­ны экскурс у мінулае, а імкненне раскрыць гістарычныя карані таго стано­вішча, у якім апынулася беларуская вёска (галеча, прыгнёт, цемра). Сацы­яльны лад, на думку аўтара, – аснова ўсіх пакут. Глыбокі аналіз сацыяль­най рэчаіснасці ў спалучэнні з аналізам унутранага свету герояў і складае асаблівасць дадзенай аповесці.

У дакументальна-мастацкай кнізе «На імперыялістычнай вайне. За­піскі салдата» (1914 – 1915, 1919) асноўнай ідэяй з’яўляецца асуджэнне ан­тынароднай, несправядлівай вайны. Вайна з пункта погляду шэраговага ўдзельніка, без ідэалізацыі – вось галоўная заслуга ў выяве вайны, бо такая сфера дзейнасці ў беларускай прозе была новай, эстэтычна не асвоенай. У гэтым заключаецца наватарства М. Гарэцкага. Вера ў чалавека і яго высо­кае прызначэнне раскрываецца праз свабоднае чаргаванне малюнкаў і глы­бокіх роздумаў мастака.

Раманная форма ў творчасці М. Гарэцкага

Раман-хроніка «Віленскія камунары» (1931–1933) належыць да най­больш значных дасягненняў усёй беларускай літаратуры. Гэта раман пра народ і гісторыю. Гарэцкі імкнуўся адшукаць вытокі сацыяльных, грамад­скіх працэсаў і з’яў духоўнага плану ў гістарычным быцці народа, асэнсоў­ваючы гісторыю не як стыхію, а як складаны працэс, падначалены пэўным законам. Паглыбляючыся ў рэальнасць, у псіхалогію герояў, аўтар аднача­сова спасцігаў і аб’ектыўныя законы гісторыі. Пераканаўчае мастацкае ўва­сабленне думкі пра чалавека працы, пра народ як актыўнага творцу жыц­ця – значнае ідэйна-эстэтычнае дасягненне аўтара рамана.

Апавяданне ў рамане вядзецца ад імя галоўнага героя – сялянскага сына Мацея Мышкі, які з’яўляецца сапраўды эпічным героем, трапляе ў кола важных грамадскіх падзей на скрыжаванні шляхоў, па якіх рухалася гісторыя. У адпаведнасці з жыццёвай праўдай у рамане-хроніцы паказана, як невычэрпныя сілы народа выліваюцца ў стыхійны пратэст. І прадзед Мацея Мышкі, і яго дзед – волаты духу, але іх пратэст «няспелы».

Героі М. Гарэцкага, што важна для разумення ідэйна-філасофскай канцэпцыі рамана, нясуць у сваёй свядомасці вопыт мінулага, вопыт сацы­яльны, – гэтая думка выражаецца праз характары герояў, іх учынкі, робячы герояў не вобразамі-сімваламі, а пакідаючы іх жывымі людзьмі.

Назва рамана звязана з правобразам новага тыпу ўлады, гэта імкнен­не паказаць сваіх герояў і іх барацьбу ў адпаведнасці з гістарычным міну­лым.

«Камароўская хроніка» ўзнікла з жадання М. Гарэцкага яшчэ ў па­чатку 1920-х гг. напісаць хроніку адной сям’і ад прыгонніцтва да нашых дзён. Праз гісторыю сям’і, фактычна, павінна была адлюстравацца змена ўсяго ладу жыцця Беларусі: гаспадарчага, палітычнага, ідэалагічнага, куль­турнага, бытавога. На падставе багатага фактычнага матэрыялу (перапіска з роднымі, звесткі бытавога, этнаграфічнага, гаспадарчага характару, запіс­кі легенд і паданняў) аўтар стварыў панараму жыцця, дзе адлюстраваны быт беларускай працоўнай вёскі, сацыяльныя, маральныя канфлікты: вай­на, рэвалюцыя, трагедыя жыцця сялянства. Твор застаўся незакончаны ў сілу неспрыяльных абставін.



Разнапланавасць таленту М. Гарэцкага

Пісьменнік-навеліст, драматург, таленавіты даследчык гісторыі літа­ратуры, крытык, публіцыст, фалькларыст. Ад маці запісаў больш за трыста народных песень і выдаў іх асобным зборнікам. Аўтар «Гісторыі беларус­кай літаратуры». Драматычныя творы пісьменніка наватарскія па сваім змес­це, бо адлюстроўваюць вобраз не толькі селяніна, але і разбуджанага рэва­люцыяй чалавека-рамесніка, рабочага. Гэты герой з’яўляецца сцвярджаль­нікам гуманістычнага пачатку творчасці М. Гарэцкага.

Як перакладчык аўтар выявіў сябе ў мастацкім перакладзе апавядан­няў М. Горкага «Чалкаш», «Канавалаў», «Гарэзнік», рамана А. Фадзеева «Разгром» і інш. Прымаў удзел у перакладзе артыкулаў У. Леніна да трэ­цяга тома яго збору твораў у дванаццаці тамах.

17. Шматграннасць драматургічнай спадчыны А. Макаёнка.
Андрэй Макаёнак (1920–1982)

Пакаленню беларусаў, якое прыйшло ў жыццё ў першай палове 1920-х гадоў XX ст., лёс вызначыў трагічнае наканаванне. Яго прадстаўнікам да­вялося жыць у надзвычай супярэчлівы перыяд гісторыі Беларусі, калі по­бач суседнічалі святое і грэшнае, святло і цемра, самаахвярнасць і эгаізм, ге­роіка і подласць, стварэнне і разбурэнне. Апроч усяго іншага, менавіта гэта пакаленне заплаціла найбольшую цану за перамогу над фашызмам, таму яго іншы раз называюць забітым пакаленнем. А. Макаёнку пашчасціла вяр­нуцца з вайны жывым. Вярнуцца, каб здзейсніць творчы і грамадзянскі подзвіг драматурга-наватара.

Нарадзіўся Андрэй Ягоравіч Макаёнак 12 лістапада 1920 г. у сялян­скай сям’і. Яго родная вёска Борхаў, якая ў той час адміністрацыйна нале­жала Журавіцкаму раёну, а зараз уваходзіць у Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці, ніколі асаблівымі цывілізацыйнымі адметнасцямі не славілася. Прынамсі пачатковая школа тут адкрылася толькі ў 1927 г., куды і накіра­валіся мясцовыя дзеці ў паход па веды. Накіраваліся на зайздрасць Анд­рэю, якому да сямі гадоў не хапіла пару месяцаў. Не жадаючы адставаць ад сяброў, упарты хлапчук днямі праседжваў пад вокнамі школы, пакуль на­стаўніца з наступленнем халадоў не злітасцівілася ды не ўпусціла яго ў клас. З умовай: справішся з праграмай  будзеш вучыцца. Справіўся: вучыў­ся старанна і ў наступныя гады, хоць умовы да таго былі не надта спрыяль­ныя, паколькі залішне рытарычным быў тым часам лад жыцця наогул. У сталым узросце ён не часта ўспамінаў «асалоды» свайго дзяцінства. На­прыклад, жудасны голад 1933 г., калі маці даводзілася карміць сям’ю пера­важна стравамі з лебяды, маладога лісця ліпы ды бацвіння. Альбо навед­ванне школы праз дзень. Старшыня мясцовага калгаса Ягор Сяргеевіч Ма­каёнак ніяк не мог знайсці ахвотнікаў «за так» пасвіць калгасных свіней, таму займаліся гэтым яго сыны Андрэй і Іван напераменку: калі адзін у школе, дык другі  у полі. Галодны пастух, згаладнелыя свінні, якіх нават доўгая пуга не магла адвярнуць ад шкоды... Было ўсяго. Пагрозы сыну «пра­вавернага актывіста» з боку дарослых апазіцыянераў, сутычкі з аднагод­камі... Але былі звычайныя дзіцячыя радасці і захапленні. Перш за ўсё кнігамі, якія адкрывалі іншы свет, абуджалі пачуццё прыгожага, жывілі пра­гу творчасці. А. Макаёнак сур’ёзна захапляўся маляваннем і разьбой па дрэ­ве, у дадатак да ўсяго марыў аб прафесіі акцёра. Пасля заканчэння ў 1938 г. Журавіцкай сярэдняй школы паступаць паехаў у ваеннае вучылішча, у якім не прыжыўся: вольналюбівы, незалежны характар юнака ўступіў у су­пярэчнасць з казарменнай застыгласцю, татальнай рэгламентаванасцю по­быту курсантаў. Таму  узбунтаваўся, нагрубіў свайму непасрэднаму на­чальніку. Гэты бунт мог бы скончыцца трыбуналам, але паколькі прысяга яшчэ прынятай не была, камандаванне вырашыла адпусціць яго дадому. Праз год паступаць ездзіў у Маскву  ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі. І на гэты раз спроба аказалася беспаспяховай. Праўда, вяр­таючы дакументы, запрасілі паступаць яшчэ раз  на наступны год. Але тут якраз падаспеў новы ўказ, паводле якога юнакі з закончанай сярэдняй аду­кацыяй мусілі прызывацца ў войска на год раней звычайнага. Так была ад­крыта новая старонка  бадай самая трагічная  з багатага жыццяпісу А. Ма­каёнка.

Службу сваю ён пачаў на Каўказе, у Грузіі. Баявая падрыхтоўка ў на­шай арміі таго часу вялася вельмі сур’ёзна. І хоць А. Макаёнак не быў ра­давым салдатам, а намеснікам камандзіра роты, але лягчэй ад таго не было: баявая выкладка такая ж, вучэбная праграма  таксама, а ў дадатак трэба было выпускаць паходныя баявыя лісткі, чытаць свежыя газеты і паднімаць дух у чырвонаармейцаў, паказваючы асабісты прыклад бадзёрасці і апты­мізму. Далёка не ўсё падабалася маладому палітруку ў сістэме падрыхтоўкі савецкай арміі.

Цяжкім, трагічным шляхам прыходзіла гэта разуменне. Праўда, дыві­зія, у якой служыў А. Макаёнак, у першыя дні вайны ў баях з немцамі не ўдзельнічала: перад ёй была пастаўлена задача ўвайсці ў Іран, каб папя­рэдзіць уварванне туды армадаў вермахта. I толькі ў самым канцы 1941 г. з Ірана яна была перакінута на Крымскі паўвостраў для ўдзелу ў славутым Керчанска-Феадасійскім дэсанце. Амаль паўгода ўдзельнічаў А. Макаёнак ў жорсткіх, крывавых баях. 10 красавіка 1942 г. атрымаў надзвычай цяжкае раненне абедзвюх ног. Урачы памылкова дыягназавалі гангрэну. I можна зразумець горкую ганарлівасць у голасе драматурга, які падкрэсліваў у па­сляваенны час, што стаіць на сваіх нагах, што ходзіць сваімі нагамі: ад ам­путацыі ён «адбіўся» пры дапамозе трафейнага парабелума. Для біёграфаў, даследчыкаў творчасці драматурга і раненне, і трагічна-кур’ёзнае ратаван­не ног ад хірургічнай пілы  толькі эпізод, толькі факт у шэрагу іншых. Для самога ж А. Макаёнка палата франтавога шпіталя стала ці не галоўным жыццёвым універсітэтам. Адтуль ён вынес некалькі важнейшых урокаў, якія, па сутнасці, і зрабілі яго драматургам пасіянарнага тыпу. Па-першае, ён зразумеў ролю барацьбы. Па-другое, яму адкрылася ісціна, што ў жыцці не бывае цалкам безнадзейных сітуацый. Па-трэцяе, ён усвядоміў, што жыц­цё чалавека  найкаштоўнейшы дар прыроды. А самым важным было ад­крыццё сілы слова: менавіта «Энеіда» I. Катлярэўскага дапамагла хоць на нейкі час пазбыцца ад д’ябльскага болю ў параненых нагах. Зрэшты, крыш­ку раней  27 чэрвеня 1941 г. А. Макаёнак занатаваў у сваім дзённіку нас­тупнае: Гітлер раней за іншых адчуў сілу машыны, сілу тэхнікі. Ён адчуў усепераможную сілу машыны... Мы ж гэтага не адчулі... Ведалі, што ма­шына дапамагае перамагаць, а аказваецца  машына перамагае, а людзі да­памагаюць».

Думаецца, да гэтай высновы прыйшоў не так А. Макаёнак-палітрук, як А. Макаёнак-пісьменнік, хоць у грозным 1941 г. мяжу паміж згаданымі іпастасямі правесці было дастаткова цяжка. Як бы там ні было, а палітрук А. Макаёнак вёў два дзённікі: адзін агульнагістарычнага, «летапіснага» пла­на, а другі  чыста літаратурны. I па тым, як ён іх захоўваў у складаных умовах франтавых будняў, можна меркаваць аб сур’ёзнасці літаратурных намераў юнака. І як бы скептычна ні ставіліся мы да паняццяў прадвызна­чанасці, наканавання планіды, усё ж цяжка пазбавіцца ад уражання, што А. Макаёнка на літаратурны Алімп вёў сам лёс. Прычым вёў пакручастымі сцежкамі над прорвамі, смяротнае прыцягненне якіх будучы драматург ад­чуў на сабе неаднойчы. Да прыкладу, у яго не было практычна ніякіх шан­цаў застацца жывым у Крымскім дэсанце. Але здарылася неверагодная ўда­ча: непадалёк ад шпіталя, дзе пакутваў А. Макаёнак, прызямліўся  дзеля дазапраўкі  самалёт, які вывозіў з варожага тылу параненага камандзіра пар­тызанскага атрада. У ім знайшлі месца і для незгаворлівага палітрука. Як кажуць, трэба было жыць чалавеку, таму і вытрымаў ён усё: і найцяжэй­шыя раненні, і шматлікія хірургічныя аперацыі, якія рабілі яму без наркозу падчас пяцімесячнага лячэння ў шпіталях Краснадара, Баку, Нахічэвані і Тбілісі. Трэба было яму выжыць, каб здзейсніць свой грамадзянскі і маста­коўскі подзвіг.

На фронт больш А. Макаёнак не трапіў, хоць рваўся туды ўсімі сіла­мі: неўзабаве пасля выпіскі са шпіталя раны зноў адкрыліся, таму дэмабі­лізацыя зрабілася непазбежнай. Не без цяжкасці знайшоў месца выкладчы­ка ваеннай справы ў вёсцы Акаурты, якая прытулілася ў нешырокай даліне непадалёк ад славутага грузінскага горада Горы, але населена была пера­важна азербайджанцамі. Другі раз у жыццё А. Макаёнка ўвайшоў Каўказ. Дапытлівы юнак нават ва ўмовах гарнізоннага, армейскага «стаяння» здо­леў спасцігнуць многія асаблівасці гэтага краю; зараз жа яму прадставілася магчымасць разгледзець духоўны воблік горца праз штодзённы побыт. На гэ­тым фоне ён і сябе змог убачыць як бы збоку. I не старонне, а зацікаўлена, дапытліва. Лічыцца, што настальгія  пачуццё разбуральнае, паколькі моц­на знясільвае, падточвае здароўе чалавека. Але для А. Макаёнка яна стала дзейсным каталізатарам, які паскорыў працэс яго нацыянальнай самаідэн­тыфікацыі. Дарагога варты былі гэтыя пакутліва-доўгія месяцы шчымліва­га чакання вызвалення Беларусі, роднай Рагачоўшчыны: пазней драматург прызнаваўся, што менавіта ў той час яго грамадзянскі светапогляд набыў зусім пэўную акрэсленасць.

У студзені 1944 г. А. Макаёнак вярнуўся дадому. Перапоўнены самы­мі супярэчлівымі пачуццямі  шчымлівай горычы, часам адчаю (усё ж раз­біта, зруйнавана, бацька расстраляны фашыстамі), замілаванай радасці ўпе­рамежку з трывогай (сам застаўся жывы, родныя мясціны вызвалены, а вай­на яшчэ не закончана)  пачаў аджываць, абжывацца сярод мілых сэрцу зем­лякоў. Спачатку працаваў у Журавіцкай школе ваенруком, потым быў аб­раны сакратаром мясцовага райкома камсамола. I наступныя тры гады лёс непрадказальна і рашуча блытаў жыццёвыя дарогі будучага драматурга: слу­хач курсаў прапагандыстаў пры ЦК КПБ (снежань 1944  студзень 1945 гг.), сакратар Гродзенскага гаркома камсамола (люты  жнівень 1945 г.), загад­чык парткабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла (жнівень 1945  чэрвень 1946 гг.), памочнік першага сакратара Журавіцкага райкома партыі (чэр­вень  верасень 1946 г.). Усе гэтыя перамяшчэнні выклікаліся аб’ектыўны­мі, часам нават трагічнымі акалічнасцямі, тым большую трывогу нараджа­ла гэта ў душы маладога, але ўжо загартаванага вайной чалавека, якому не вельмі падабалася перспектыва стаць бязвольнай цацкай у руках сляпога лёсу. Ён добра ўсведамляў, што без сістэматычнай адукацыі стаць сапраўд­ным пісьменнікам немагчыма. Менавіта гэтым тлумачыцца настойлівасць, з якой дабіваўся ён здзяйснення сваіх навучальных планаў. І толькі ў сярэ­дзіне верасня 1947 г., калі заняткі ўжо ішлі поўным ходам, ён з’явіўся ў аўдыторыях Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ.



Два гады навучання ў РПШ А. Макаёнак выкарыстаў вельмі плённа. Вялікі аб’ём праграмных заданняў не перашкаджаў яму знаёміцца з дадат­ковай літаратурай, якая патрэбна была яму для ўласнай творчасці. Не ўпус­каў ён магчымасці схадзіць у тэатр, перачытаць часопіс з цікавай драма­тургічнай навінкай. I пісаў шмат, з задавальненнем, хоць з друкаваннем і не спяшаўся, таму да часу заканчэння партыйнай школы і пераходу на ста­лую працу ў часопіс «Вожык» яго імя ў літаратурным асяродку асаблівай вядомасці не мела. А між тым у творчым актыве А. Макаёнка налічвалася нямала твораў самай рознай жанравай прыналежнасці. У тым ліку  і дра­матургічных. Яшчэ ў Гродна ён напісаў аднаактавую п’есу «Добра, калі доб­ра канчаецца», адзначаную на рэспубліканскім конкурсе прэміяй і надрука­ваную ў «Чырвонай змене» (13 ліпеня 1946). Былі ў яго ўжо і шматактавыя п’есы: «Ворагі» (1947), «Выйгрыш» (1948), «Узыходы шчасця» (1948). Апош­няя з іх была адзначана другой прэміяй рэспубліканскага конкурсу на леп­шую п’есу, што па практыцы тых гадоў аўтаматычна адкрывала ёй шлях на сцэну. У 1951 г. на сцэне тэатра імя Я. Купалы была пастаўлена драма «На досвітку». Водгукі на твор аказаліся станоўчымі. Без папярэдняга навыку вельмі цяжка было б напісаць наступную п’есу «Выбачайце, калі ласка».

Задума яркай, па-грамадзянску смелай і праўдзівай камедыі трыво­жыла А. Макаёнка даўно. Працуючы памочнікам сакратара райкама пар­тыі, на іншых пасадах, яму даводзілася сутыкацца з такімі фактамі і з’ява­мі, якія выклікалі пачуцці гневу, пратэсту. Многія з іх без асаблівай пера­працоўкі ўвайшлі ў твор. Але было б вялікай памылкай лічыць «Выбачай­це, калі ласка!» механічна-факталагічным злепкам або фатаграфічна-бес­староннім адбіткам рэчаіснасці. Якраз жа ў камедыі ўражвае майстэрства менавіта мастацкіх абагульненняў. Прынцыповай удачай і аўтара, і ўсёй тагачаснай драматургіі справядліва лічыцца вобраз Каліберава. Калібераў­шчына як сацыяльная з’ява (практыка цынічнага адміністравання ў кіраў­ніцтве пэўнымі галінамі народнай гаспадаркі, паказуха, прыпіскі, махляр­ства) існавала даўно, але назыўной стала толькі пасля ідэнтыфікацыі па ма­каёнкаўскаму архетыпу, па ўзору-партрэту з камедыі «Выбачайце, калі ласка!» Дзеля дасягнення пераканаўчасці гэтага партрэта аўтар не скупіўся на творчую фантазію, нічым сябе не абмяжоўваў і не займаўся самарэдага­ваннем. Па-першае, ён рашуча адмовіўся ад схаластычнай дазіроўкі адмоў­ных і станоўчых рыс у характары героя. Па-другое, ухіліў любую дыскры­мінацыю ў адносінах да выяўленчых сродкаў, «забыўшы», што нарматывіс­ты ад афіцыёзнай крытыкі ў штыкі прымалі такія дзейсныя кампаненты мастацкай палітры, як, напрыклад, рэзкае сатырычнае асмяянне, гратэск. Плённае выкарыстанне знайшоў у камедыі мастацкі прыём характарыстыкі галоўнага героя яго духоўным акружэннем (па прынцыпу: які поп, такі і прыход). Вобразы іх абмаляваны скупымі, драматургічна лапідарнымі, але вельмі выразнымі фарбамі. Жонка Антаніна Цімафееўна  амбіцыйная мяш­чанка; менавіта яна штодзённа натхняла разжалаванага з высокай сталіч­най пасады ў старшыні сельскага райвыканкома Каліберава «націскаць», «закручваць гайкі», «узяць работнічкаў за жабры», прыдумала яму камяні ў печані і легенду кіраўніка, які згарае на рабоце. Муж павінен вярнуцца ў Мінск! На белым кані! Дзеля гэтай мэты ўсе сродкі прыдатныя, дзеля яе здзяйснення не грэх абаперціся на любога памочніка. Нават на хапугу-каз­накрада, дырэктара спіртзавода Кузьму Печкурова. Або на ўпаўнаважанага па нарыхтоўках  Моцкіна, вобраз якога з’яўляецца адным з самых яркіх сатырычных тыпаў у беларускай камедыяграфіі. Моцкін  фігура па-свой­му маштабная, праўда, сам ён антыгерой з вывернутай мараллю, з антыпод­нымі параметрамі светабачання, з адпаведнымі крытэрыямі ацэнак людзей, рэчаіснасці, свайго месца ў жыцці. У яго быў абсалютны нюх на чарвято­чыну ў душах людзей, а таксама і віртуознае ўменне пакарыстацца гэтым дарам прыроды. Менавіта Моцкіну належала ідэя выйсці ў перадавікі па збожжанарыхтоўках пры дапамозе фікцыі з гарантыйнымі распіскамі, і ён беспамылкова адшукаў хаўруснікаў для здзяйснення афёры. Калі адзін з самых несамавітых персанажаў рымскай міфалогіі Янус меў два абліччы, дык у Моцкіна іх было бясконцае мноства, таму яму і ўдавалася не толькі добра прыстасоўвацца да абставінаў, але і актыўна ўплываць на іх, застаю­чыся пры гэтым у ценю. Калі афёра ўсё ж лопнула, ён не без падстаў спа­дзяваўся выйсці сухім з вады.

Актыўным хоць разам з тым і нявольным пасобнікам ашуканцаў вы­ступіў у п’есе старшыня калгаса «Партызан» Ягор Гарошка, вобраз якога  несумненная творчая ўдача А. Макаёнка. Менавіта гэты вобраз  непасрэд­нае абвінавачванне калібераўшчыне, чыноўніцкаму самадурству, валюнта­рызму. Чалавек ён унутрана сумленны, але слабавольны. Адсюль усе яго беды. Усей душой хацелася яму жыць па справядлівасці, рабіць дабро сва­ім калгаснікам, аднак фактычна здраджвае ім, ідзе на падман дзяржавы, ро­біцца саўдзельнікам злачынства. Не бачыць выхаду небарака-старшыня, таму так часта і вырываецца з яго грудзей безнадзейнае: «Хоць круць-верць, хоць верць-круць, а...». А ніяк не растлумачыш аднавяскоўцам, чаму з году ў год працадзень застаецца пустым (шкоднасць калібераўшчыны як заганнага сты­лю кіраўніцтва праяўлялася і ў практыцы перакідвання часткі плана паста­вак збожжа дзяржаве са слабых гаспадарак на моцныя, чым губілася заці­каўленасць сялян у выніках сваёй працы). Урэшце рэшт герой пераадоль­вае сваю палахлівасць і паўстае супраць прыгоннікаў у вобліку раённага на­чальства. Выбар быў зроблены. На карысць народа і пры дапамозе гэтага народа, увасабленнем якога ў творы выступілі брыгадзір Міхальчук і калгас­ніца Ганна Чыхнюк. У ацэнцы гэтых вобразаў тагачасная крытыка адна­душнай не была. I ўсё ж большасць крытыкаў прызнавалі пераканаўчасць вобразаў, адзначалі, што «Ганна вырастае да вялікага жыццёвага абагуль­нення, яе вуснамі гаворыць народ, і мы бачым яго магутную сілу, якая змя­тае са шляху моцкіных, каліберавых і ўсіх тых, хто перашкаджае нашаму руху наперад».

Выкрываючы калібераўшчыну, драматург абапіраўся на парацу пісь­менніка М. Горкага  развіваць у сабе ўменне глядзець на мярзотнасць і пе­ражыткі рэчаіснасці з вышыні дасягненняў сучаснасці, зыходзячы з велічы мэт будучага. Гэтая вышыня спатрэбілася яму, каб пазбегнуць памылак сва­іх калег па творчасці, не завязнуць у вязьме прыватных праблем. «Выба­чайце, калі ласка!» якраз тым і вылучалася на фоне тагачаснай савецкай ка­медыяграфіі, што асэнсоўвала кардынальнейшыя праблемы рэчаіснасці, звя­заныя з усенароднымі жыццёвымі клопатамі, з будучыняй краіны. Драма­тург пры гэтым не задавальняўся ўсведамленнем, што зло апазнана (нага­даем: рускім пісьменнікам-дэмакратам XIX ст. гэта ўяўлялася дастатковым), таму кожным сваім радком імкнуўся, каб яно было не проста пакарана, а выкарчавана з жыцця. Гэтае аўтарскае імкненне ў спалучэнні з высокімі мастацкімі вартасцямі твора знайшло адпаведны водгук у тэатральным ася­роддзі: камедыю «Выбачайце, калі ласка!» паставілі каля 200 тэатраў СССР, зрабіўшы імя яе аўтара сусветна вядомым.

Слава яшчэ і абавязвала. Напэўна ж аўтару было прыемна чытаць пра тое, як пасля аднаго з гастрольных спектакляў купалаўцаў на Міншчыне калгаснікі аднагалосна прагаласавалі змяніць свайго старшыню на Лідзію Ржэцкую, выканаўцу ролі Ганны Чыхнюк. Іншы драматург, магчыма, і за­даволіўся б зробленым. А. Макаёнку ж, які глядзеў на сваю працу праз прыз­му нядаўняй гісторыі, заспакойвацца не выпадала: народ заплаціў у міну­лую вайну залішне вялікую цану, вынес нечуваныя пакуты, аддаў на алтар перамогі мільённыя ахвяры, каб мець у мірны час больш шчаслівую долю. Святая справа кожнага пісьменніка зрабіць усё, што ў яго сілах, каб людзі болей не журыліся.

Ён так і назваў сваю наступную камедыю  «Каб людзі не журыліся» (1957). П’еса рыхтавалася да пастаноўкі ў тэатры імя Я. Купалы, адначасо­ва вялася праца ў Брэсцкім і іншых абласных драмтэатрах. Зацікавіліся ёю таксама за межамі Беларусі і нават у асяроддзі беларускай палітычнай эмі­грацыі. На жаль, апошні факт аказаўся не на карысць твору. Прынамсі, пу­блікацыя камедыі ў мюнхенскай газеце «Бацькаўшчына» з адпаведнымі ка­ментарыямі ў немалой ступені садзейнічала таму, што сцэнічны лёс адной з лепшых сатырычных камедый склаўся вельмі нешчасліва: спектакль ку­палаўцаў пасля двух-трох паказаў быў зняты, у іншых тэатрах справа да прэм’еры не дайшла.

Пачатак дзеі драматург фіксуе з абсалютнай дакладнасцю  1 красаві­ка 1955 г. I гэтую дэталь, калі ўлічыць, што ў творах А. Макаёнка ніколі і нічога выпадковага не было, варта разгледзець як красамоўную падказку чытачу, рэжысёру, гледачу: шукаць дадатковы, падтэкставы сэнс. Да часу напісання п’есы ўрад краіны прыняў шэраг важных пастаноў, закліканых кардынальна палепшыць жыццяздольнасць калгасаў; селяніну стала ды­хаць лягчэй. Не бачыць гэтага драматург не мог, тым не менш, не паспя­шаўся біць у літаўры. Наадварот, падзейны фон у камедыі надзвычай змроч­ны, ноткі трывогі пранізваюць нават чыста камічныя сцэны.

Якога толку можна чакаць у гаспадарцы, калі за тры гады ў ёй змя­нілася чатыры кіраўнікі! Але камедыя «Каб людзі не журыліся» не была б творам, вартым пяра ўдумлівага мастака, калі б у ёй прычыны недахопаў у сельскай гаспадарцы выводзіліся толькі з кадравай чахарды. I зусім не вы­падкова аўтар галоўным героем абраў Цімафея Кавальчука: ён, былы двац­цаціпяцітысячнік, у 1930 г. арганізоўваў калгас «Вольная праца», а ў краса­віку 1955 г., змяніўшы на пасадзе старшыні п’яніцу Самасеева, мог увача­відкі праверыць, наколькі спраўдзіліся тыя абяцанні, якімі завабліваў сялян у хаўрус калектыўнай працы. На жаль, далёка не ўсё атрымалася так, як марылася.

Не цяжка здагадацца, што не канкрэтнаму Кавальчуку адрасуюцца па­прокі старога селяніна, праблема ставіцца ў прынцыпе. Для аўтара п’есы не было сумненняў наконт мэтазгоднасці праведзенай у 1930-я гады рэфор­мы сельскай гаспадаркі. Гэта  вялікая справа. Іншая рэч, што не ўсё ў ёй толкам прадумана, узважана, падрыхтавана, таму і людзям жывецца няве­села. Аўтарскія сумненні заключаліся ў тым, ці адэкватныя меры прымала кіраўніцтва дзяржавы дзеля ўхілення недахопаў, ці правільна «завязваліся вузялкі». Яго вельмі трывожыла, што без перабольшання гістарычныя ўра­давыя пастановы аб рэарганізацыі сельскай вытворчасці, прынятыя ў 19531956 гг., амаль цалкам ігнаравалі так званы чалавечы фактар. А без гэтага любое новаўвядзенне асуджана на правал. Прынамсі, сваім творам драма­тург імкнуўся прыцягнуць увагу грамадскасці да незайздроснага стану сель­скага працаўніка, вымушанага жыць на ўласнай зямлі ці то госцем, ці то гаспадаром. I выяўляў ён гэтае імкненне з такой палымянасцю і вастрынёй, што выклікаў незадаволенасць пэўнай часткі дзяржаўнага чынавенства. I яны здолелі скараціць п’есе сцэнічнае жыццё да мінімуму, хоць мала тагачас­ных твораў маглі пахваліцца такой ступенню мастацкай выразнасці, такой грамадзянскай заклапочанасцю ў пастаноўцы сацыяльных праблем, такой насычанасцю гуманістычнага пафасу.



У творчых адносінах камедыя «Каб людзі не журыліся» дэманстрава­ла пэўны рост прафесійнага майстэрства яе аўтара: кожная яе сюжэтная частка добра адшліфавана і «падагнана» адна да другой, вельмі выразная моўная характарыстыка персанажаў. Драматург, у параўнанні з ранейшымі п’есамі, большую ўвагу пачаў надаваць матэрыялу, «спадарожнаму» асноў­наму канфлікту, робячы такім чынам і яго атрыбутыўна важным у дзеянні. Прыкметна вырасла і майстэрства стварэння характарных, каларытных фі­гур эпізадычнага плана. Гэтыя якасці яшчэ ў большай ступені праявіліся ў камедыі «Лявоніха на арбіце» (1961).

Любімец тэатральнай публікі, А. Макаёнак тым не менш з вялікімі цяжкасцямі прабіваўся на сцэну. Так было на пачатку яго драматургічнай кар’еры, так працягвала заставацца і тады, калі ён зрабіўся ўсеагульна пры­знаным мэтрам і аўтарытэтам. I толькі «Лявоніха на арбіце» была ў гэтым сэнсе шчаслівым выключэннем. Толькі яна адна на сваім шляху ў тэатры не сустрэла сур’ёзных рагатак і перашкод. Прэм’ера спектакля ў тэатры імя Я. Купалы і некаторых іншых тэатральных калектывах супала з палё­там Ю. Гагарына ў космас, і гэта выклікала ў гледачоў дадатковыя станоў­чыя эмоцыі і асацыяцыі. Зрэшты, цікавасць да «Лявоніхі на арбіце» з боку гледачоў заўсёды заставалася самадастатковай. Гэта быў твор, разлічаны на размытую глядацкую аўдыторыю; поліфанічная па танальнасці, шмат­вектарная па ідэйна-палітычных арыентацыях, камедыя ў аднолькавай сту­пені цікавіла як высокалобага інтэлектуала, так і прастадушнага мешчані­на, бо ў ёй асэнсоўваліся надзвычай вострыя, надзённыя праблемы савец­кай рэчаіснасці пачатку 1960-х гадоў. I асэнсоўваліся без кан’юнктурнай зададзенасці і зашоранасці. Гэту акалічнасць варта падкрэсліць таму, што некаторыя крытыкі менавіта за «Лявоніху на арбіце» спрабавалі абвінава­ціць драматурга ў кан’юнктуршчыне. Знешнія падставы для гэтага нібыта і былі. Сапраўды, у канцы 1950  пачатку 1960-х гадоў па краіне пракаціла­ся хваля ініцыяванай М.С. Хрушчовым барацьбы з прыватнай уласнасцю, з фетышызацыяй (па тагачаснай тэрміналогіі) уласнага дома, сваёй сядзібы, сваёй гаспадаркі, таму развянчанне дробнаўласніцкіх поглядаў аднаго з га­лоўных герояў камедыі Лявона Чмыха пры жаданні можна расцаніць як не­пасрэднае перанясенне палітычных лозунгаў у мастацкі твор. Але ж А. Ма­каёнак быў адмысловым мастаком, і для яго альфай і амегай заўсёды заста­валіся людзі, іх надзённыя жыццёвыя клопаты. Само сабой зразумела, што для сябе аўтар абраў ролю не старонняга назіральніка, а ўмелага рэжысёра, здольнага неўпрыкмет выбудоўваць такія мізансцэны, у якіх героі раскры­валі б сябе з найбольшай паўнатой і аб’ектыўнасцю. Пераважная боль­шасць тэатраў, якія паставілі «Лявоніху на арбіце», бачылі сваю задачу ў тым, каб апаэтызаваць узыходжанне на арбіту разняволенага сельскага по­быту Лушкі-Лявоніхі і развянчаць разам з тым маральна-этычныя пазіцыі яе мужа  гэтага зацятага абаронцы бастыёнаў мінулага. I калі з першай част­кай задачы ў асноўным усё было зразумела, дык з другой узнікалі пэўныя праблемы. Хто ж гэты Лявон Чмых? Калі ён  закончаны рэтраград, то ці не залішне моцныя яго пазіцыі? Калі пазіцыі героя перспектыўныя, то пры чым тут бастыёны мінулага? Як трактаваць вобраз, якія фарбы выбіраць для яго абмалёўкі? I пытанні гэтыя да рытарычных ніяк не аднясеш. Можна па-рознаму, адвольна расстаўляючы сэнсавыя акцэнты, увасабляць на сцэне воб­разы самавітага старшыні калгаса Буйкевіча, Лявонавага свата і антаганіс­та, каларытнага бяссрэбраніка Максіма, саламянай удавы, томнай пуста­домкі Клавы, па-маладому няпэўна прагматычных Міхала і Соні  зменяц­ца толькі знешнія параметры ідэйнай задумы твора. З Лявонам  склада­ней, бо герой ён не проста яркі, а канцэптуальна вызначальны.

З аднаго боку, татальная зарыентаванасць Лявона на асабістае, пры­ватнае не выклікае ў душы драматурга асаблівага энтузіязму ці эйфарыі. А з другога, тое ж, што і аўтар, адчувае герой, калі рашуча пратэстуе супраць эканамічна і псіхалагічна неабгрунтаванага рашэння аб ліквідацыі прыся­дзібных участкаў і наогул падсобнай гаспадаркі сельскага жыхара. Не да­рэмна ж так грунтоўна  эканамічна і палітычна  аргументуецца пазіцыя Лявона, якому не складае ніякай цяжкасці пры неабходнасці казырнуць цы­татай з аўтарытэтных крыніц. Сваёй эрудыцыяй ён аднойчы прывёў у за­хапленне самога старшыню райвыканкома Глуздакова.

«Лявоніха на арбіце»  адзін з самых папулярных твораў А. Макаён­ка. Вядома ж, асноўным ключом да сэрцаў гледачоў з’явілася багатая каме­дыйная фактура, бліскучая моўная характарыстыка персанажаў, майстэрст­ва сюжэтабудовы. Сюжэт камедыі вызначаецца безумоўнай цэласнасцю, а між тым яго сэнсава-змястоўны «сектар», звязаны з лініяй Глуздакоў  Це­сакоў  Мікалай Сяргеевіч, мае ўсе адзнакі аўтаномнасці, выглядаючы як п’еса ў п’есе. Дарэчы, гэтая лінія  цалкам сатырычная. Фігура Глуздакова, гэтага канцылярскага робата, які за цыркулярамі, фармулярамі і пастанова­мі даўно перастаў бачыць людзей, адчуваць рэальныя запатрабаванні часу, вызначаецца гратэскнай завостранасцю. Драматург падрабязна, са знішчаль­най з’едлівасцю вымалёўвае партрэт героя; салідны ўзрост, з жывоцікам і задышкай, з лысінай па ўсю галаву аж да патыліцы, твар пухленькі, ружо­венькі, як у нованароджанага... А чаго варты кабінет, у якім засядае Мітра­фан Сазонавіч! Над усім, выцясняючы астатнюю мэблю, высіцца вялізны, агромністы сейф, увасабленне важнасці, сакрэтнасці і таямнічасці. Толькі «сціпласць» Глуздакова, саркастычна заўважае драматург, перашкодзіла пе­ратварыць увесь кабінет у сейф ці з сейфа зрабіць кабінет. Можна ўявіць, колькі скаргаў, зваротаў грамадзян згінула без слядоў у бязмерным чэраве монстра-сейфа, колькі плённых прапаноў і планаў пахавана ў гэтай бяздон­най скрынцы-труне. Глуздакоў глушыць любую ініцыятыву знізу  як бы чаго не выйшла. Затое рэляцыі зверху ён гатовы выканаць безаглядна, не задумваючыся над тым, наколькі яны разумныя, наколькі адпавядаюць ін­тарэсам раёна. Герою вельмі хочацца ўтрымацца ў кіруючым крэсле, усе­дзець у ім да пенсіі. Наяўнасць у творы такіх сцэн яскрава сведчыла аб вы­датным сатырычным майстэрстве А. Макаёнка. Кур’ёзнасць фігуры Глуз­дакова заключаецца ў тым, што ён  пры ўсёй сваёй нікчэмнасці  увасаб­ляе сілу. Сілу затхлай герметыкі, рыхла-нязрушнай масіўнасці, інертнасці, пад якімі задыхаецца ўсё жывое, здаровае. Наглядны прыклад таму  памоч­нік Цесакоў. Прырода не абдзяліла юнака ні розумам (выказваецца ён прос­та афарыстычна), ні дзелавітасцю (усю руцінную працу Глуздакоў пера­клаў на памочніка), але добрым задаткам наўрад ці ўдасца разгарнуцца: і на словах, і на справах яго ляжыць выразны адбітак змярцвеласці, замбіра­вання.

Камедыя «Лявоніха на арбіце» атрымала сапраўды ўсенародную вя­домасць. Яна ўзняла папулярнасць А. Макаёнка на небывалую вышыню. I хоць ён вельмі любіў гэты твор, ганарыўся ім, аднак добра ўсведамляў, што апагеем прызнаць такі ўзровень  ранавата. Яму, хто з самых першых крокаў на літаратурнай ніве ставіў перад сабой максімалісцкія задачы, мроі­ліся новыя творчыя вяршыні. I было веданне, што дасягнуць іх без належ­най падрыхтоўкі немагчыма. Прачытаў А. Макаёнак за гэты час вельмі мно­га. Сусветная драматургічная класіка, мадэрнісцкая літаратура, творы зна­камітых філосафаў, эстэтыкаў... Аднак было б абсалютна некарэктным сцвяр­джаць, нібыта 1960-я гады аказаліся для драматурга пустымі на прэм’еры таму, што ён усе сілы выдаткаваў на пошук новых сродкаў мастацкай вы­разнасці. Самамэтным пошук у пладавітага пісьменніка быць не можа, ён звычайна рэалізоўваецца ў канкрэтным творы, які ў сваю чаргу пішацца не для сябе, не ў стол, а адрасуецца публіцы. I такі твор  бліскучая сатырыч­ная камедыя «З кірмашу»  з-пад пяра драматурга з’явіўся ў 1967 г. Аднак, нягледзячы на тытанічныя намаганні аўтара, дэмаршы кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў БССР, заступніцтва некаторых дзяржаўных чыноўнікаў высо­кага рангу, камедыя так і не ўбачыла святла рампы. Абструкцыю свайму твору А. Макаёнак успрыняў не проста балюча, а адчайна, да памкнення звесці рахункі з жыццём. I толькі франтавая закалка, падтрымка сяброў, ус­ведамленне неабходнасці барацьбы за тое, каб людзі не журыліся, дапамаг­лі выстаяць, не зламацца. Ратаваўся працай, якая знясільвала. Працай, якая давала сілы. У выніку амаль адначасова, з інтэрвалам у некалькі месяцаў драматург завяршае дзве трагікамедыі  «Зацюканы апостал» (1969) і «Тры­бунал» (1970), якія далі падставы гаварыць пра новага А. Макаёнка.

Новы А. Макаёнак  гэта смелы, але разважлівы, вывераны творчы пошук. Згаданыя вышэй п’есы сталі пачаткам мэтанакіраванай працы дра­матурга па «прышчэпцы» беларускай камедыі разнастайнейшых жанравых адгалінаванняў. Ён даказаў, што спектр камедыяграфічнага выяўлення прак­тычна невычэрпны. Калі паспрабаваць вызначьшь генеральны вектар твор­чай эвалюцыі А. Макаёнка гэтага часу, дык кінецца ў вочы рашучы пава­рот ад паэтыкі традыцыйнай камедыі, да камедыі гратэскавай, ад пасля­доўна вытрыманай праўдападобнасці  да нічым не абмежаванай фантазіі, сцэнічнай умоўнасці. Гэтыя новыя грані творчага вобліку драматурга дас­таткова поўна адбіліся ў п’есе «Зацюканы апостал», якая выклікала жы­вейшую зацікаўленасць з боку тэатральнай грамадскасці.

Усё ў ёй ці амаль усё, пачынаючы з назвы, было непрывычным, па­радаксальным. Так да А. Макаёнка ў беларускай драматургіі не пісаў ніхто. У пэўным сэнсе «Зацюканы апостал»  гэта п’еса-загадка. Сапраўды, на гіпатэтычнай шкале «прынята лічыць  і на самай справе» можна заўважыць мноства неадпаведнасцей. Напрыклад, многія даследчыкі драматургіі на­стойліва прылучалі твор да жанру памфлета. Вызначальнымі рысамі пам­флета, як вядома, з’яўляюцца: грамадзянскае, пераважна сацыяльна-палі­тычнае, сатырычнае выкрыццё, рэзкае, экспрэсіўнае, часам тэндэнцыйнае асмяянне... Усё гэта ў п’есе ёсць. Але няма вельмі важнага кампанента, ат­рыбутыўнага для памфлета,  канкрэтнасці аб’ектаў выкрыцця. А вось ад­знакі трагікамедыі наяўнічаюць амаль па поўнаму спектру характарыстыкі жанру. Прынята таксама сцвярджаць, што сатырычны пафас «Зацюканага апостала» скіраваны на выкрыццё капіталістычнага ладу жыцця. Здавалася б, якія тут могуць быць сумненні? Але трэба звярнуць увагу на аўтарскія азначэнні-падказкі рэжысёру. Сярод іх важнейшай з’яўляецца тое, што аб’ек­ты адлюстравання ў творы носяць надзвычайна абагулены характар: дзея адбываецца ў капіталістычнай краіне, але менавіта ў любой. Найбольшую спажыву для гаворкі аб загадкавасці «Зацюканага апостала» дае вобраз га­лоўнага героя п’есы. Іншыя персанажы таксама, так бы мовіць, не лыкам шыты. Але з імі  прасцей. Тата ўяўляе сабой тып закончанага філістэра. Ён, паводле з’едлівай атэстацыі аўтара,  звычайны, хатні, зусім ручны: хто паманіць, да таго і ідзе. Маральныя вартасці Мамы таксама не лепшага гатунку. Праведніцы на словах, яна хоча, каб усе жылі па-хрысціянску, а сабе дазваляе іншы раз пэўную вольнасць. Няма чым пахваліцца і Дзеду: да маралі адносіны ў яго прыкладна такія, як у атэіста да бога. Вось такія «індывіды» звычайна і з’яўляюцца спажыўнай глебай, на якой вырастаюць фашысцкая ментальнасць, культ сілы, ідэалагічная ксенафобія. Дзякуючы ім, адбыліся трагічныя дэфармацыі ў свядомасці Сына.

Пераважная большасць даследчыкаў схільны бачыць у гэтым вобразе ўвасабленне станоўчасці. Для іх ён  апостал справядлівасці, які, нягледзя­чы на свой юны ўзрост, смела кінуў выклік мяшчанскаму царству хлусні, прыстасаванства, ханжаству і фарысейству. I зусім не бянтэжыла іх тая не­малаважня акалічнасць, што апостал зацюканы  як бы ўжо і не апостал. Варта было звярнуць увагу на аўтарскую характарыстыку героя. З аднаго боку, у ёй прарываецца яўнае захапленне: «Не дзіця, а камяк голых нерваў. Гарачлівы. Калючы. Мазгавіты. У нас гэткіх разумнікаў не бывае, а калі дзе і трапіцца, дык пра такога звычайна кажуць: малады, ды ранні. А ў іх вундэркіндам завуць. Але гэты  вундэркінд асобага роду: ён  не матэма­тык, не музыкант, не шахматыст, не паліглот, а зусім нечакана  вундэр­кінд-палітык. Пакуль што малавопытны, бо малады: што думае, тое і гаво­рыць». З другога ж боку, сёе-тое ў асобе маладога-ранняга палітыка насця­рожвае. Хоць бы тое, якія якасці ён адкідвае як непатрэбшчыну: «дабрату, шчырую сумленнасць, ласкавасць».

Яўная амбівалентнасць характару героя не перакрэслівала цалкам маг­чымасці станоўчай яго ацэнкі, але выключала яе адназначнасць, апалаге­тычнасць. А ўвогуле вобраз Сына  унікальная мастацкая з’ява ў беларус­кай драматургіі. Створаны ў тэхніцы «святлоценю», ён уражвае не толькі сваёй супярэчнасцю і парадаксальнасцю, але і маштабнасцю, якой няма ў большасці герояў-малалетак з сусветнай літаратуры, у тым ліку і ў праста­душна-праўдзівага хлапчука андэрсенаўскай казкі «Голы кароль», з кім ах­вотна параўноўвалі яго многія даследчыкі. Ну, вядома ж, наіўнасць і прас­тадушнасць Сына  часам падкрэслена дэкаратыўныя. Ён цвёрда перакана­ны, што ўсе беды чалавецтва абумоўлены недахопам інфармацыі, таму пра­вёў шмат бяссонных начэй на «лесачках ля стэлажоў з кнігамі». Другой кры­ніцай пазнання тайнаў рэчаіснасці быў палітычны каментатар, «занадта ін­фармаваны і палітычна падкаваны», які стаў для Малыша віртуальным ду­хоўным айцом.

I. Вішнеўская, аўтар першай манаграфіі пра творчасць А. Макаёнка, выказала меркаванне, што наступныя аўтарскія дапрацоўкі ў цэлым палеп­шылі мастацкія вартасці п’есы, але вобраз галоўнага героя ў нечым прай­граў. Мастацкае чуццё падказала А. Макаёнку пры дапрацоўцы трагікаме­дыі прыспусціць героя з біблейскіх вышынь бліжэй да грэшнай зямлі. Тым не менш, ад п’есы да п’есы драматург зацята трымаўся аднойчы выбранага курсу на сатырычнае выкрыццё абсалютна канкрэтных сацыяльных пера­жыткаў і яе недахопаў.

Драматург пакінуў герою касмізм біблейска-міфалагічнага светаўс­прымання, але дадаў «жыцейшчыны». Святло, цень, сімволіка, умоўнасць і канкрэтнасць, кволасць і сіла... Характар героя хоць і акрэсліўся досыць пэў­на, але канчаткова яшчэ не склаўся. Нават самаідэнтыфікавацца ён яшчэ не паспеў.

У спрэчцы з «продкамі» Сын пафасна прамаўляе: «Вы ад мяне патра­буеце праўды. А мне ад вас? Нельга? Мне таксама трэба праўда. Мне яна больш патрэбна! Больш, як вам ад мяне! Я  маленькі, і мая хлусня малень­кая. А вы вялікія. I ваша хлусня  аграмадная! Для мяне яна аграмадная. Запомніце! Самая вялікая хлусня  гэта хлусня маленькаму чалавеку».


: bitstream -> 123456789 -> 15212
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)
123456789 -> Іван цярэшка vs джулія навэлі: рэверс апавядацкай інстанцыі ў аповесці васіля быкава “альпійская балада”


1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка