100 гадоў славутаму навукоўцу свету Барысу Кіту



Дата канвертавання17.06.2016
Памер100.97 Kb.
100 гадоў славутаму навукоўцу свету Барысу Кіту

Здаецца, не так даўно рупліўцы беларушчыны вярталі на Бацькаўшчыну імя Барыса Кіта і адзначалі яго 90-, затым 95-годдзе. І вось ужо святкуем 100-гадовы юбілей “найпершага беларуса з беларусаў свету”, як назваў Барыса Уладзіміравіча Васіль Быкаў.

Лёс склаўся для Барыса Кіта надзвычай літасціва — ён сустракае сваё стагоддзе ў добрым здароўі, жывой светлай памяці, з нязменна маладым аптымізмам, мудра-крытычным стаўленнем да свету і сябе самога. “Узгадваючы сваё жыццё, — гаворыць Барыс Уладзіміравіч, — я шырэй бачу панараму пакутнага стагоддзя, якое мне давялося перасягнуць. Можа, Бог пакінуў мяне на гэтай грэшнай зямлі так надоўга якраз для таго, каб я, апроч усяго іншага, змог пакінуць сведчанні пра дарагіх майму сэрцу незабыўных, светлых людзей і падзеі свайго часу?..”

Пра яго з поўным правам можна сказаць “Чалавек-эпоха”, у самым высокім сэнсе і духоўным багацці гэтага вызначэння, прыклад жыцця якога вучыць нас жыць па сумленні і любові да людзей і радзімы.

Калі толькі панарамна акрэсліць убачанае, перажытае, пералічыць імёны славутых землякоў і вучоных свету, з якімі сустракаўся, супрацоўнічаў, сябраваў Барыс Кіт, то і тады раскрываецца агромністы гістарычны пласт жыцця, удзельнікам і сведкам якога быў і ёсць гэты жывы сімвал няскоранасці і неўміручасці Беларусі.

Нарадзіўшыся ў Санк-Пецярбургу (1910), дзе бацька быў на заробках, Барыс Кіт дзіцем бачыў падзеі лютаўскай рэвалюцыі, бальшавіцкага кастрычніцкага перавароту. А ўжо дома, у найпрыгажэйшых мясцінах Бацькаўшчыны — Карэлічы, Мір, Наваградак — зведаў разруху і голад грамадзянскай вайны, кайзераўскай і белапольскай акупацый, падзяляў радасць бацькоў з нагоды абвяшчэння БНР. З моманту, калі бацька з родных Агароднікаў на кані адвёз Барыса ў Наваградскую гімназію і сказаў: “Болей, сын, я табе нічым дапамагчы не змагу, далей дабівайся ўсяго сам”, і пачаў будучы славуты беларус сам тварыць сваё жыццё, рана пазначанае высокай нацыянальнай свядомасцю, многімі талентамі і сілай волі.

Сялянскі хлопец — студэнт фізмата Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя, актыўны ўдзельнік Сялянска-работніцкай грамады, выкладчык матэматыкі, дырэктар Віленскай, затым Наваградскай беларускай гімназій, паслядоўны, непахісны змагар за беларускую справу супраць апалячвання і русіфікацыі, за беларускае школьніцтва, з прыроджаным дарам настаўніка, ён і ў гады Другой сусветнай вайны, падчас жорсткай нямецкай акупацыі вучыў дзяцей, аберагаў моладзь ад угону ў Германію, заснаваўшы ў Маладзечне Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут. І за гэтую сваю дзейнасць сядзеў і пры паляках у Лукішках, і пры немцах у Глыбоцкай турме, штодня чакаючы расстрэлу...

Вымушаны пакінуць радзіму ў 1944 годзе, каб пазбегнуць яшчэ і сталінскага ГУЛАГа, Барыс Кіт зведаў пасляваенныя дарогі Еўропы, разбуранай вайной. Ён адным з першых выгнанцаў-беларусаў апынуўся ў ЗША, стаў заснавальнікам беларускай калоніі ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі), выпісваў расцярушаных па Еўропе суайчыннікаў у вольны свет, апекваючыся імі на першых кроках, імкнучыся іх аб’яднаць у нязнаных умовах новай краіны.

Нью-Йорк, Саўт-Рывер, Лос-Анджэлес, Вашынгтон — ад звычайнага супрацоўніка розных фірм да высокага ўзлёту навукоўца, аднаго з першапраходцаў амерыканскай астранаўтыкі — так складваўся жыццёвы лёс Барыса Кіта, які не згубіўся ў чужамоўным свеце: бо, ведаючы французскую, нямецкую, польскую, рускую, беларускую мовы, вельмі хутка авалодаў і англійскай. Як пазней адзначаў Васіль Быкаў, “талерантная натура Барыса Кіта прагнула міру і душэўнай гармоніі, пры якіх толькі магчыма было разгарнуць свае стваральныя здольнасці. Тое надарылася не адразу, але, як сказана, — шукайце і знойдзеце. Спадар Кіт шукаў...”

Пасля некалькіх гадоў працы ў амерыканскай астранаўтыцы напісаў першы ў гісторыі падручнік па ракетных палівах (з прадмовай славутага фон Кармэна), які стаў настольнай кнігай для тых, хто займаўся даследаваннямі космасу. Барыс Кіт садзейнічаў паяднанню высілкаў амерыканскіх і савецкіх вучоных у гэтай галіне, напісаў кнігу пра развіццё савецкай касманаўтыкі, удзельнічаў у падрыхтоўцы палёту амерыканцаў на Месяц.

Дакладнае азначэнне навуковай постаці Барыса Кіта даў Міхась Ткачоў, які сустракаўся з Барысам Уладзіміравічам у яго першы прыезд на Беларусь: “І сёння, гаворачы пра стваральнікаў ракетнай тэхнікі, мы павінны ўсведамляць, што сярод выдатных ракетчыкаў і інжынераў побач з беларусам К.Семяновічам, ангельцам У.Кангрэвам, французам Р.Эно-Пельтры, амерыканцам Р.Годардам, немцамі Г.Обэртам і фон Браўнам, рускімі К.Цыялкоўскім і С.Каралёвым назаўсёды прапісалася імя Барыса Кіта”.

Але сваю ранейшую, любімую прафесію настаўніка, выкладчыка матэматыкі Барыс Кіт, таленавіты педагог-гуманіст, не пакідаў ніколі. Стаў прафесарам Вашынгтонскага Мерылендскага універсітэта. Чытаў лекцыі ў яго філіялах у Еўропе, ужо як пераехаў у Франкфурт-на-Майне. З лекцыямі аб’ездзіў многія краіны свету: у Японіі ўздымаўся на Фудзіяму, атрымліваў дыплом акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі ў Канадзе, вандраваў па Індыі, Мексіцы, Англіі, Францыі, Іспаніі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Гаваях, шмат разоў быў у Польшчы, такой блізкай да радзімы. Як удзельнік штогадовых кангрэсаў астранаўтыкі пабываў ва ўсіх буйных гарадах Еўропы, выступаў з навуковымі дакладамі і ўсюды сустракаў былых вучняў, якімі найбольш ганарыўся як найвышэйшым дасягненнем свайго жыцця. Быў абраны сябрам многіх навуковых таварыстваў і акадэмій. Сёння ён звязвае нас з усімі пакаленнямі беларускіх адраджэнцаў, бо менавіта Барыс Кіт, беларускі настаўнік, уваходзіў у кола лепшых прадстаўнікоў сваёй краіны: браты Луцкевічы, Браніслаў Тарашкевіч, Рыгор Шырма, Францішак Аляхновіч, Язэп Драздовіч, Радаслаў Астроўскі, Адам Станкевіч, Хведар і Мікола Ільяшэвічы, Ежы Путрамент (з будучым польскім пісьменнікам жыў у адным інтэрнацкім пакоі ў студэнцкія гады), падтрымліваў затым добрыя адносіны з выдатнымі дзеячамі беларускай дыяспары: а.Львом Гарошкам, пісьменнікамі М.Сяднёвым, Ю.Жывіцам, якому дапамагаў стварыць Беларускі музей у Ляймэне, з Ю.Віцьбічам, доктарам М.Шчорсам, з Рамукамі, М.Калодкам, Брылеўскімі, М.Лужынскім з Аўстраліі. Барыс Кіт апекаваўся групай савецкіх вучоных, якія прыязджалі ў Вашынгтон па лініі навуковых сувязяў (М.Багалюбаў, А.Благанраваў, Г.Будкер, Д.Блохінцаў, У.Векслер і іншыя), вазіў іх па Амерыцы, знаёміў з амерыканскімі нобелеўскімі лаўрэатамі, якіх толькі ў адным Каліфарнійскім універсітэце Берклі было 17. Ён асабіста ведаў Антона Зыгмунта (па творчасці гэтага найбуйнейшага польскага і амерыканскага матэматыка абараніў дактарат), знакамітых вучоных Л.Сядова, Г.Обэрта, В.Гайзенберга, Р.Опенгеймера, Т.фон Кармэна, В.фон Браўна. Нямецкае астранаўтычнае таварыства імя Г.Обэрта ўзнагародзіла нашага земляка залатымі медалямі Г.Обэрта і В.фон Браўна. Б.У.Кіта віншавалі з 85-годдзем тагачасны прэзідэнт ЗША Біл Клінтан і яго жонка Хілары Клінтан. Імя Барыса Кіта разам з імёнамі славутых вучоных Амерыкі замуравана ў капсуле часу ў сцяну Капітолія, а таксама ўведзена ў Залу славы Вашынгтонскага біяграфічнага інстытута. Федэрацыя касманаўтыкі Расіі выказала ўдзячнасць Барысу Кіту за вялікі ўклад у развіццё міжнароднай касманаўтыкі (за подпісам двойчы Героя Савецкага Саюза, лётчыка-касманаўта СССР Георгія Грэчкі).

Калі на пачатку 90-х гадоў надарылася магчымасць прыехаць на Беларусь, якая стала незалежнай, Барыс Кіт прыехаў з ідэяй заснаваць Беларускі нацыянальны універсітэт па тыпу еўрапейскіх, пачаў разам са сваім адвакатам шукаць спонсараў. Пры сваёй настойлівасці, веданні людзей і спраў Захаду ён бы іх і знайшоў, але на Бацькаўшчыне зноў усё змянілася і для беларускай справы не ў лепшы бок... Цяпер ён ужо не прыязджае, хаця у апошнія гады як мог дапамагаў: быў сябрам і спонсарам створанай пры Свабодным універсітэце Берліна “Рабочай групы беларуска-нямецкіх сустрэч”, пры садзеянні якой беларускія студэнты маглі стажыравацца ў Германіі, заснаваў прэмію свайго імя, якой узнагароджваліся беларускія навукоўцы, пісьменнікі, журналісты, дапамагаў у выданні іх кніг.

Барыс Уладзіміравіч часта падкрэслівае, што ён стаіць над палітыкай і ніколі не належаў ні да якіх партый і груповак. Яго палітыка — сумленне і доўгае, цікавае, змястоўнае жыццё, пабудаванае па агульначалавечых, хрысціянскіх законах. Атрымаўшы ў спадчыну здаровыя гены дзеда і бацькі — адвечных працаўнікоў-сялян, Барыс Кіт стаў грамадзянінам свету. Пры гэтым не страціў сваю беларускасць, не падпарадкаваўся бяздумна абставінам, што заўсёды былі маласпрыяльнымі для беларусаў, не ішоў за лёсам, а кіраваў ім. Яго глыбокае веданне сусветнай гісторыі, літаратуры, сучасных міжнародных праблем і становішча ў Еўропе, узаемаадносін з Амерыкай, як і ўменне мысліць, аналізаваць розныя факты, падзеі, характарызаваць дзеянні палітыкаў, дыпламатаў, іх памылкі, якія часта прыводзяць да войнаў і трагедый у жыцці цэлых народаў, здзіўляе дакладнасцю ацэнак, мудрымі меркаваннямі, разуменнем надзённых пытанняў і прадбачлівымі прагнозамі. (Магла ў гэтым пераканацца і з асабістых сустрэч з Барысам Уладзіміравічам і з нашых штотыднёвых тэлефонных размоў. — Л.С.)

Усё гэта прыцягвала і прыцягвае да яго людзей рознака веку і становішчаў. Не пералічыць усіх з беларусаў, хто карыстаўся яго гасціннасцю ў Франкфурце, бо ад яго зыходзіць святло розуму, дабра, чалавечнасці, любові да Бацькаўшчыны і роднай мовы, якую ён пранёс у сэрцы праз доўгія гады...

І адбылося вяртанне Барыса Кіта на Радзіму ўжо хаця б таму, што сапраўдныя беларусы ўбачылі ў лёсе свайго суайчынніка выдатны прыклад, як можна вырвацца з адвечнай беларускай нястачы, гаротнасці, тутэйшасці, калі ты маеш свабоду самавыяўлення, што дае вольны цывілізаваны свет.

У асэнсаванне гэтага незвычайнага лёсу шмат напісана артыкулаў, на пачатку 90-х гадоў была магчымасць увесці імя Барыса Кіта ў некаторыя беларускія даведнікі, энцыклапедыі. Тады ж ён быў абраны ганаровым грамадзянінам Навагрудка, ганаровым прафесарам Гродзенскага універсітэта імя Я.Купалы. Была заснавана сябрына Барыса Кіта. Яму дарылі свае кнігі Ніл Гілевіч, Ніна Мацяш, Уладзімір Арлоў, прысвячалі вершы Рыгор Барадулін, Вольга Іпатава, Сяргей Законнікаў (напісаў паэму). Ён адзін з герояў кнігі Васіля Якавенкі “Пакутны век” і п’есы Алеся Петрашкевіча “Інтэлігенты”. Пра яго напісана безліч успамінаў былымі вучнямі, вучонымі замежжа. Барыс Кіт паспеў сустрэцца і пасябраваць у свой час з Генадзем Карпенкам, Міхасём Ткачовым, Віктарам Ганчаром, Генадзем Каханоўскім.

І як нешта незвычайнае, наканаванае звыш, але заканамернае для Барыса Кіта, якому шанцавала на сустрэчы з вялікімі людзьмі, — сяброўства з Васілём Быкавым. З вясны 2001-га па вясну 2002 года пражылі Васіль Уладзіміравіч і Ірына Міхайлаўна ў Франкфурце-на-Майне, дзе з 1972 года асталяваўся грамадзянін Амерыкі, беларус Барыс Уладзіміравіч Кіт. Амаль штодня Быкавы сустракаліся з ім, слухалі яго расказы пра лёс беларусаў-выгнанцаў, пра цікавыя сустрэчы, падзеі яго доўгага жыцця. І, вядома, не мог Васіль Уладзіміравіч, выдатны знаўца людзей, не запісаць аповеды “найвялікшага з беларусаў і наймудрэйшага з навукоўцаў” (словы Васіля Быкава на кнізе “Знак бяды”, падоранай Барысу Кіту).

Гэтыя запісы — найлепшае і дакладнае вызначэнне лёсу беларуса і Беларусі з мноства напісанага пра Барыса Кіта. Вось толькі некаторыя думкі Васіля Быкава: “Бязлітасны лёс Барыса Кіта ператварыў ягонае няшчасце ў сапраўднае чалавечае шчасце. Найвялікшае з магчымых на гэтым свеце, поўным жуды і бяды.

Тое ня з кожным здараецца — хіба з самым для таго здатным. Самым сумленным, самым таленавітым і разумным. З тым, хто ў няспыннай канфрантацыі з сіламі зла мае апірышчам дабро і Радзіму. Не зважаючы на жуду гэтага свету і безліч выпрабаванняў асабістага кшталту.

Мусіць, адгадка гэтага парадоксу ў тым, што Барыс Кіт — найперш беларус, хоць і народжаны ў Расеі, пражыўшы жыццё на Захадзе з усімі брутальнымі наступствамі таго факту, у якім мала гармоніі, а болей драмы і трагедыі. Мабыць, у гэтых варунках толькі і магчыма стала спарадзіцца характару такога нацыянальнага гарту. Тое, што ў ягоным кішэні не беларускі пашпарт, — ёсць бязглуздзіца таго часу, гістарычны парадокс, гвалт, учынены бязлітасным векам над нацыянальнай існасцю чалавека і грамадзяніна. Але, можа, менавіта ў пераадоленні таго парадоксу і хавалася шчасце, якое засвяціла не аднаму спадару Барысу. Той факт — як бы персаніфікаваны сымбаль жаданай і загадкавай беларускай прышласці.

Спадар Барыс Кіт — не салдат, не партызан мінулай вайны, але і не калябарант, не прыслужнік акупантаў. Найперш ён — беларускі інтэлігент, патрыёт сваёй краіны... Так, яго асабістае шчасце прыйшло да яго позна, каб пазнаць яго, давялося дажыць да сталага веку. У маладыя гады ўсё тое падавалася яму вялікай, нясцерпнай бядой. Зрэшты, бядой яно і было. Калі малады настаўнік Кіт кідаўся з Наваградка ў Вільню і назад, адбудоўваючы адусюль гнаную беларускую школу, калі гібеў у Лукішках, чакаў расстрэлу ў Глыбоцкай турме. Калі гнаны бальшавіцкай навалай, бадзяўся па Еўропе ў пошуках хоць якога прыстанішча. Беларусь доўга была для яго звыклай злой мачыхай, а Амерыка была далёка. Але менавіта Амерыка першая ацаніла незвычайнага маштабу талент гнанага беларуса, і ён, беларус, шчодра адплаціў ёй за гасціну. Бо змалку засвоіў хрысціянскую максіму: нягожа заставацца вінаватым — за дабро належыць адплаціць дабром. Ягоны ўклад у сусветную навуку быў па сутнасці сплочаным доўгам за амерыканскую дэмакратыю, рэабілітацыяй Беларусі, своеасаблівай адплатай лёсу за яе векавую адсталасць, збэшчаныя народныя таленты...

Ён справядліва ўсведамляе, што свой чалавечы і грамадзянскі доўг сплаціў цалкам. Перад часам, перад людзьмі і перад Богам. Засталося хіба сплаціць рэшту далёкай Радзіме... І колькі ў яго хапае сілы і часу, ён штодзень робіць тое...”

Робіць, нягледзячы на ўзрост, на тое, што яго спасцігла вялікае бацькоўскае гора — страта старэйшага сына Уладзіміра. “Наш беларускі Дамейка” — так называў яго Барыс Уладзіміравіч. І не толькі, каб пахваліць роднага чалавека. Уладзімір Барысавіч Кіт (нарадзіўся ў Лебедзеве каля Маладзечна 4 лістапада 1941 года — памёр 4 лістапада 2009 года) годна працягваў справу бацькі, меў універсітэцкую адукацыю па некалькіх спецыяльнасцях: дыпламатыі, фізіцы, электроніцы, камп’ютэрах, абараніў доктарскую, стаў высокім урадоўцам НАСА (намеснік міністра), курыраваў еўрапейскі аддзел па касмічных сувязях. Як і Барыс Уладзіміравіч, выдатна валодаў мовамі, (а ў сям’і ўсе пастаянна гаварылі па-беларуску), не забываў радзіму сваіх бацькоў і дзедаў... Цяпер толькі малодшы сын, Віктар (доктар медыцыны, хірург), прыедзе павіншаваць бацьку са 100-гадовым юбілеем... Шматлікія прыхільнікі Барыса Кіта на Беларусі выказваюць глыбокія спачуванні яму ў сувязі са стратай сына і як могуць ушаноўваюць свайго выдатнага суайчынніка.

Да папярэдніх юбілеяў Барыса Кіта выходзілі грунтоўныя дакументальна-мастацкія выданні: “Вяртанне”, “Космас беларуса”, “Барыс Кіт. “Юбілейны альбом”, “Грамадзянін свету”, аповесць В.Іпатавай “Сведка стагоддзя”, шматлікія ўспаміны. У мастацкім музеі Анатоля Белага (Старыя Дарогі) устаноўлены мемарыяльны знак з барэльефамі Барыса Кіта і Васіля Быкава. Да 100-годдзя вучонага адкрыты музей Барыса Кіта ў Навагрудскай школе №1 (былая гімназія, якую будаваў і дырэктарам якой быў Барыс Кіт. Афармляў музей У.Гладкоў — таленавіты мастак, сябра Саюза мастакоў і Міжнароднага саюза дызайнераў). Пра Кіта знята некалькі дакументальных фільмаў, у тым ліку “Зорнае прыцягненне” аб знакамітых ураджэнцах Беларусі: О.Шміце, С.Козбергу, П.Сухім, Б.Кіту (аўтары сцэнарыя У.Мехаў і Ю.Цвяткоў). Гэты фільм дэманстраваўся па афіцыйным беларускім тэлебачанні.

На вечарыне ў гонар 95-годдзя Барыса Кіта тагачасны амбасадар ЗША Джордж Крол сказаў, што Амерыка ганарыцца і ўдзячная вучонаму за тое, што ён дапамог амерыканцам паляцець на Месяц. Да гэтай высокай ацэнкі можна толькі дадаць, што “беларусы ва ўсім свеце могуць ганарыцца дасягненнямі прафесара Барыса Кіта, колішняга выкладчыка матэматыкі Віленскай беларускай гімназіі, а пазней прафесара многіх універсітэтаў на Захадзе, аднаго з вядучых амерыканскіх даследчыкаў у ракетных палівах...” (З кнігі Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША”.)



Сёлета мы маем гонар віншаваць Барыса Кіта з “без пяці хвілін” 100-гадовым юбілеем! “Паздароў, Божа, Вялікага Чалавека нашага! Маці-Беларусі вельмі патрэбны яго моц і здароўе!” (З аўтографа Ніла Гілевіча да кнігі паэзіі “На высокім алтары”, падорнай Барысу Кіту.)

 

http://nv-online.info/by/58/300/10979/
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка