“18” ббк 83. 3(4Беи)



старонка1/10
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.33 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   10


УдК 821.161.3.09 “18”

ББК 83.3(4Беи)

Ш 94

Рэцэнзенты:

У.В. Гніламёдаў, акадэмік, дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь;

М.В. Хаўстовіч, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ

Штэйнер І.Ф.

Ш 94 Польскамоўная літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: Вучэбны дапаможнік / І.Ф.Штэйнер. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2004. – 183 с.



ISBN 985-08-0202-2

Аналізуецца польскамоўная спадчына пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, якія нарадзіліся і пісалі на Беларусі. Галоўная ўвага ўдзяляецца вызначэнню ідэйна-эстэтычных вартасцей найбольш значных твораў з пункту гледжання іх жанравай адметнасці – балады, гераічнай паэмы, песні, гавэнды, навелы, санета, прытчы etc.

Для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў.


ISBN 985-08-0202-2

© Штэйнер І.Ф., 2004.

© УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2004
Уводзіны
Доўгі час развіццё айчыннай навукі аб літаратуры стрымлівала штучнае, часцей за ўсё ідэалагізаванае ўспрыняцце беларускай літаратуры як спалучэнне тэкстаў на старабеларускай, стараславянскай і ўласна беларускай мове, што не толькі выразна абядняла ўяўленне пра нацыянальнае пісьменства старажытнага і новага перыяду, але і вяла да таго, што з гісторыі літаратуры па сутнасці выпадалі цэлыя літаратурныя напрамкі і жанры, не гаворачы ўжо пра паасобныя творы майстроў слова.

У значнай ступені падобныя адносіны характарызавалі і гісторыю беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя, хаця тут за апошнія тры дзесяцігоддзі назіраліся выразныя змены, якія прымусілі разглядаць у межах першай спадчыну Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, У.Сыракомлі, В.Каратынскага не толькі таму, што там сустракаюцца творы на беларускай мове, але перш за ўсё таму, што ў іх польскамоўных творах яскрава ўвасоблены космас беларуса на гэтай зямлі. Як і ў спадчыне А.Міцкевіча, Т.Зана, Ю.Корсака, А.Грот-Спасоўскага, Т.Лада-Заблоцкага, братоў Гжымалоўскіх etc. Ці не таму, дзякуючы нястомнай працы А.Мальдзіса, В.Каваленкі, Г.Кісялёва, Ул.Мархеля, М.Хаўстовіча, замест ранейшых азначэнняў “спадчына польска-беларускіх пісьменнікаў”, “польская літаратура Беларусі” сталі выкарыстоўваць паняцце “польскамоўная літаратура Беларусі”. Наступіў час разглядваць літаратуру ХІХ стагоддзя як полілінгвістычную, куды варта ўключыць творы, напісаныя на Беларусі і пра Беларусь не толькі на беларускай, але і польскай, і рускай і іншых мовах. Ізаляваных нацыянальных літаратур не існуе, усе яны звязаны або агульнасцю свайго паходжання, або аналогіямі сваёй эвалюцыі, або наяўнасцю існуючых паміж імі непасрэдных адносін і ўзаемаўплываў, або дзвюма ці трыма ўмовамі адначасова. Як сцвярджаў акадэмік В.Каваленка, “у гісторыі многіх народаў на адпаведным этапе ўзнікалі моманты, калі мова не выступала галоўным крытэрыем прыналежнасці да нацыянальнай літаратуры”1. Працэс мастацка-літаратурнай дзейнасці звязаны з псіхалогіяй творчасці, з праяўленнем у ім эстэтычнага і этычнага, ідэалагічнага і псіхалагічнага, нацыянальнага і агульначалавечага, што знаходзіць сваё адлюстраванне ў мове твораў, у выбары моўных сродкаў, што з’яўляюцца першаэлементамі кожнага мастацкага вобраза. У літаратурным творы іншанацыянальны элемент выступае як элемент мастацкай формы, іншанацыянальнай культуры, сродак яе ўвасаблення, пагэтаму ў дадзеным выпадку гаворка ідзе не толькі пра двухмоўную, але і бікультурную сітуацыі. Кожны народ валодае спецыфічнымі, гістарычна абумоўленымі самабытнымі элементамі духоўнай культуры, фальклора, рэліквій старажытнага светаўспрымання, а таксама адметнасцю вобразна-мастацкага мыслення, эстэтычнага і экспрэсіўнага ўспрыняцця рэчаіснасці, якія адлюстроўваюцца ў мове і мастацкай літаратуры.

Гісторыя польскамоўнай кніжнасці на Беларусі мае шматвекавыя традыцыі, праз яе выяўляліся адметныя рысы бытавання беларусаў, іхні менталітэт: “У творчасці пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, якія паходзілі з Беларусі і пісалі на польскай мове, літаратурна міфалагізуюцца воблік беларускага краю і лепшыя рысы характару беларуса, што становіцца пачаткам новай нацыянальнай духоўнасці”2.

Згаданы ўжо А.Яскевіч пісаў пра Ул.Сыракомлю: “Мы доўгі час называлі “вясковага лірніка” або польскім, або беларуска-польскім паэтам, унутрана, аднак, усведамляючы ва ўсім глыбока беларускі характар ягонай творчасці. Муза Ул.Сыракомлі, толькі па нацыянальнаму няшчасцю вымушаная пераважным чынам выступаць у польскамоўнай абалонцы, мела ўсе падставы называць сябе беларускай. Як адзначылі яшчэ сучаснікі, у яго паэзіі жыве не толькі беларускі дух, але глыбока нацыянальны, народны, уся фальклорна-этнічная аснова, увесь лад мовы, ідыёмы, сінтаксіс, сам тып мыслення паэта”3.

Па сутнасці гэтыя словы можна аднесці да характарыстыкі творчай спадчыны амаль кожнага з паэтаў ХІХ ст., бо ў канцэптуальнай акрэсленасці беларуская нацыянальная ідэя адраджалася і фарміравалася на тэрыторыі Беларусі перш за ўсё ў рэчышчы польскамоўнай культуры. Польская мова ў дадзеным выпадку толькі абалонка выказвання, выкліканая забаронай роднай мовы, якая да таго ж яшчэ не канчаткова выкрышталізавалася з вуснай, каб служыць сродкам паэтычнага выказвання. Варта таму пагадзіцца з самым аўтарытэтным цяперашнім даследчыкам спадчыны польска-беларускіх пісьменнікаў У.Мархелем, які столькі зрабіў дзеля вяртання “расы нябёсаў на зямлю тутэйшую”: “Творы, якія былі напісаны па-польску аўтарамі, этна-генетычна звязанымі з Беларуссю, уваходзяць у гісторыю беларускай літаратуры як яе польскамоўная плынь”4. Гэта ж тычыцца і рускамоўнай спадчыны ўраджэнцаў Беларусі, сярод якіх у першую чаргу трэба назваць працы П.Шпілеўскага і А.Кіркора.

У прапануемай дапаможніку мы паспрабавалі яшчэ раз глянуць на іншамоўную спадчыну Беларусі ХІХ ст., але на гэты раз праз прызму аднаго з самых доказных крытэрыяў – жанравага. Менавіта таму творы згаданых пісьменнікаў будуць прачытаны як балады, празаічныя балады, прытчы, казкі, гавэнды і гутаркі, песні, санеты, мемуары, навуковыя працы і г.д. Як вядома, літаратурны жанр не ўзнікае адвольна ці механічна ў выніку запазычання з іншых літаратур. Яго зараджэнне абумоўлена перш за ўсё канкрэтнымі гісторыка-літаратурнымі фактарамі. Вывучэнне генезісу жанра, як правіла, адлюстроўвае найбольш важныя асаблівасці гістарычнага развіцця літаратуры, бо, як лічыць Д.Д.Благой, “у паслядоўным узнікненні, развіцці, панаванні тых ці іншых жанраў, у іх змене, барацьбе наглядна раскрываецца, з аднаго боку, карціна руху літаратуры як такой, а з другога боку – цесная сувязь літаратурнага працэсу з рухам і развіццём жыцця грамадства”5. Зразумела, мы не маглі ахапіць усе творы азначаных жанраў, асноўная ўвага была звернута на аналіз найбольш даступных сённяшняму чытачу твораў, а таксама тых з апошніх, што вывучаюцца ў ВНУ і школе. На карысць гэтаму і словы А.Яскевіча: “Новы, ва ўсім паскораны час, у які прыходзілася ствараць нацыянальную літаратуру ХІХ стагоддзя, ўжо не патрабаваў сінтэзу нацыянальнай вусна-паэтычнай творчасці ў героікаэпічных зводах, аналагічных “Давіду Сасунскаму”, “Калевале”, “Манасу” або нават пераходным формам “народнай кнігі”, як гэта назіраецца ў “Ціле Уленшпігелю” бельгійцаў або “Робін Гудзе” брытанцаў, хаця спробы стварэння на аснове вусных фальклорных паданняў і казак менавіта “народнай кнігі” мы яшчэ бачым у “Шляхціца Завальні” Я.Баршчэўскага, якая па-свойму змагла б на ўзроўні прадстаўляць і гэтым жанрам нашую традыцыю, калі б абставіны дазволілі б аўтару выдаць сваё дзіцятка ў задуманым аб’ёме. Але галоўнае, што дазвалялі і патрабавалі ўмовы паскоранасці, гэта, адрадзіўшы шляхам збіральніцтва і апісаныя цікавасць да фальклору і на першапачатковым этапе амаль цалкам падтрымліваючыся яго эстэтыкі, каб перанесці самасць нацыянальнага мыслення і нацыянальнай стылістыкі ў прафесійнае мастацтва, якое нараджаецца, ствараць ужо літаратурны эпас, што і ўяўлялі сабой балады-апавяданні Я.Чачота, “гавэнды” Ул.Сыракомлі, амаль уся паэтычная творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, асабліва паэмы “Люцынка, або Шведы на Літве”, “Славяне ў ХІХ стагоддзі” і інш”6. Якраз падобны працэс мы і спрабавалі асвятліць у прапануемай кнізе.



СТАНАЎЛЕННЕ БЕЛАРУСКАЙ ТРАДЫЦЫІ

І СПАДЧЫНА АДАМА МІЦКЕВІЧА
Балада – жанр незвычайны,таямнічы, загадкавы. Яе свет – паэтычны, па-дзіцячы наіўны, а таму такі дарагі сэрцу кожнага – жыве поруч з намі як увасабленне чалавечых мараў, ідэалаў, памкненняў. І ўсё ў гэтым свеце ахутана таямніцай, бо там вандруюць прывіды і здані, з’яўляюцца жорсткія ўладары лесу і вады, бяскрыўдныя і дурнаватыя падчас чэрці і нячысцікі, шнуруюць бязлітасныя ваўкалакі.

Адпаведныя гэтаму свету і героі, што жывуць у ім. Менавіта ў жахлівых сітуацыях, што студзяць кроў, раскрываецца велічная ўнутраная прыгажосць чалавека, які заўсёды выходзіць з іх пераможцам. Нават тады, калі перамогу ён здабывае цаною ўласнага жыцця. Таму, нягледзячы на выразна трагічную афарбаванасць баладнага сусвету, тут ніколі не валадарыць смерць. Яе перамагае магутнае каханне, любоў маці да сваіх дзетак, жаночая вернасць, патрыятызм, адданасць доўгу і сваім ідэалам.

Такой была балада пры сваім зараджэнні. Такой яна застаецца і цяпер. Але гэта датычыцца толькі яе ўнутранага духу. А знешне яе форма мянялася і мянялася не аднойчы. “Санет заўсёды быў санетам. Элегія – элегіяй. Балада не заўсёды была баладай”, – так гаворыцца ў прадмове да анталогіі “100 шедьоври на баладата”7. І гэта сапраўды так. Бытуючы амаль тысячагоддзе ў форме народнай ліра-эпічнай песні і перліны сусветнай паэзіі, балада зведала самыя разнастайныя ўплывы і веянні: здолела сінтэзаваць фальклорныя і літаратурныя традыцыі; была ўлюбёным жанрам рамантыкаў, сімвалістаў, неарамантыкаў і прадстаўнікоў рэалізму; знаходзіла крыніцы сваіх сюжэтаў у міфалагічных уяўленнях, біблеізмах, фактах гісторыі, казках, паданнях, легендах, летапісах, літаратуры, грамадскіх падзеях, уласнай фантазіі аўтара, што выразна і не аднойчы мяняла аблічча жанру. Акрамя таго, балада розных народаў і тым больш на розных гістарычных этапах – з’ява ў вышэйшай ступені неаднолькавая. Згодна вобразнага ўяўлення І.Апацкага, “балада розных перыядаў нагадвае фатаграфію аднаго і таго ж чалавека ў розным узросце (на першы погляд здаецца, што гэта розныя людзі)”8.

Пачаўшы з вяселай танцавальнай песні (правансальскае слова ballare і азначае “танцавальная песня”) з ігрывым рэфрэнам, яна паступова губляла свае вясёлыя прыналежнасці. Перш за ўсё быў страчаны рэфрэн. Гэты шлейф, што развіваўся ўслед за баладай, згінуў недзе на шляху паміж Францыяй і Італіяй. Музыка, вакал і танец і ў старажытнай баладзе выступалі як самастойныя віды мастацтва, плённа ўзаемадзейнічаючы з мастацтвам слова. Разам з рэфрэнам паступова знікае і танец. Балада засталася толькі ў цеснай сувязі з музыкай.

Значна эвалюцыяніравала форма балады пад пяром як невядомых трубадураў, так і вялікіх майстроў (з апошніх згадаем Дантэ, Петрарку, Війона, які стварыў узор класічнай французскай балады). Балады нават складаў англійскі кароль Георг УІІІ.

Аднак, нягледзечы на непадобнасць шматлікіх відаў балады паміж сабою як у галіне структуры, так і зместу, у баладзе кожнага перыяду ёсць пэўныя элементы, якія складаюць аснову твора, вызначаюць тую ўстойлівую еднасць, што дазваляе аб’ядноўваць у межах аднаго жанру творы, напісаныя на розных гістарычных этапах. Важнейшыя з гэтых элементаў абумоўлены часам з’яўлення жанру. У сучасным выглядзе балада зарадзілася на хвалі ідэй еўрапейскага рамантызму і за кароткі час стала яго сваесаблівым маніфестам. Балада здолела больш поўна і яскрава ў параўнанні з іншымі жанрамі выразіць асноўныя ідэі і прынцыпы рамантызму і сярод іх – ідэю аб непадзельнай маналітнасці свету паэзіі. Не выпадкова, што заўвага Гётэ да “Балады пра выгнанне і зварот графа” (1821) аб наяўнасці ў ёй элементаў трох асноўных родаў літаратуры – эпасу, лірыкі і драмы – стала асновай разумення яе жанравых асаблівасцей, адной з найбольш значных прыкмет жанру. Некаторыя замежныя даследчыкі прапаноўвалі лічыць славутую трыяду адзінай і галоўнай адзнакай балады. Найбольш радыкальнае становішча заняў П.Ланг, які прапанаваў стварыць новы род літаратуры і назваць яго “баладыкай” (Die Balladik).

Аднак факт выкарыстання элементаў асноўных родаў літаратуры не можа раскрыць спецыфіку жанру балады. Да таго ж на практыцы амаль не сустракаюцца творы, у якіх назіраецца роўнавялікасць эпічных, лірычных і драматычных пачаткаў. Наадварот, амаль у кожнай баладзе можна прасачыць выразную дамінанту аднаго з элементаў, што дазваляе даследчыкам вылучаць балады эпічныя, лірычныя, драматычныя. Аднак і такі падзел шмат у чым умоўны, бо часцей за ўсё ў баладзе цяжка вылучыць перавагу пэўнага кампанента. Гэта ў значнай ступені залежыць ад пазіцыі аўтара. Ён можа цалкам растварыцца ў падзейнасці або актыўна суперажываць сваім героям, што садзейнічае росту лірычнага пачатку. Тым больш, што ўзаемадзеянне згаданых пачаткаў было далёка не аднолькавым на розных этапах зараджэння і эвалюцыі балады.

На этапе станаўлення назіраецца перавага эпічных асноў балады, апавядальнасці над лірычнасцю. Першыя баладныя творы – гэта драматызаваныя апавяданні аб незвычайных здарэннях, трагічных ці жартаўлівых падзеях, у якіх паэты імкнуліся ў асноўным аб’ектыўна перадаць толькі ход дзеяння. Далейшае развіццё вызначала іншая тэндэнцыя – абмежаванне эпічнай плыні, драматызацыя, паглыбленне лірычнай асновы. Суадносіны ж лірычных і эпічных асноў мяняліся не толькі на гістарычных этапах існавання балады. Яны бываюць неаднолькавымі і ў розных баладах аднаго і таго ж аўтара ў залежнасці ад творчай задачы, якую ставіць перад сабой паэт. Так, напрыклад, эпічная балада “Песнь о вещем Олеге” А.Пушкіна выразна адрозніваецца ад жартаўліва-парадыйнай “Всем красны боярские конюшни”, як і паліфанічная балада У.Караткевіча “Паўлюк Багрым” ад яго ж “Балады пра сыноў Пітакоса”. Таму, безумоўна, наяўнасць у баладзе элементаў усіх родаў літаратуры становіцца вызначальнай рысай жанру толькі ў спалучэнні з іншымі, не менш важнымі прыкметамі.

Сярод апошніх адзначаным яшчэ раз “небудзённасць” балады, г.зн. яе схільнасць да паказу выключна незвычайных падзей – фантастычных, трагічных, гераічных. Праўда, і некаторыя іншыя жанры спрабавалі ўслед за баладай рамантыкаў засвоіць свет незвычайнасці, загадкавасці, таямнічасці. Аднак балада адрозніваецца ад іх сваім памерам, які, аднак, дакладна вызначыць складана ці проста немагчыма (вядомы балады аб’ёмам ад васьмі да некалькі тысяч радкоў).

Адначасова неабходна адзначыць, што многія балады нашага часу, асабліва творы філасофскага зместу, ужо нельга лічыць творамі аб выключна незвычайных падзеях. Наадварот, іх змест становіцца ўсе больш “зямным”, рамантычныя “баладнасць” часцей за ўсе захоўваецца толькі ў форме адлюстравання.

Таму галоўнае адрозненне балады ад іншых жанраў паэзіі заключаецца не столькі ў выкарыстанні элементаў асноўных родаў літаратуры, аб’ёме твораў ці ў выбары жыццёвага матэрыялу, колькі ў самім падыходзе да яго паказу.

Аўтар балады выбірае такое здарэнне, якое атрымлівае ўсеагульнае значэнне для саміх персанажаў і для цэлага сацыяльнага ці нават нацыянальнага калектыву, для яе чытачоў і самога паэта. У гэтым здарэнні “як маланкай асвятляюцца найбольшыя таямніцы чалавечага жыцця, адкрываюцца нябачныя глыбіні душы і сэрца героя” (І.Франко). Такое здарэнне лепш за ўсе назваць падзеяй, бо далёка не заўсёды першае можа дасягнуць маштабу другога9.

Будова балады нагадвае будову прытчы, а яе паэтыка ў многім падобна да паэтыкі навелы. Гэта абумоўлена складанасцю мастацкай задачы, якую імкнецца вырашыць паэт у гранічна невялікіх межах. (Пашырэнне эпічнай часткі, аб’ёму балады непазбежна прыводзіць да страты жанравых асаблівасцей. Балада ў гэтым выпадку пераходзіць у гераічную паэму. Найбольш яскравы прыклад – “Курган” Я.Купалы. Вось чаму мэтай балады з’яўляецца не ўсебаковае даследаванне разнастайных жыццёвых калізій, а паказ пэўнага чалавека на адным з самых складаных, вяршынных або пераломных момантаў яго жыцця, якое часта завяршаецца трагічна: сустрэча сына-ката з асуджанай на смерць маці (“Кат” Я.Купалы), смерць хлопчыка ад чараў (“Лясны кароль” І.Гётэ), гульня героя ў карты са смерцю (“Антон Нябаба” М.Танка).

Кожны з такіх пераломных момантаў змяшчае адзіны канфлікт галоўнага героя з прыродай, сацыяльнай сістэмай, ворагамі, канфлікт гуманізму з бесчалавечнасцю і г.д. Дзеля яркага і ўсебаковага паказу гэтага канфлікту свядома абмяжоўваецца колькасць дзеючых асоб. Для балады характэрна нязначная колькасць персанажаў, часцей за ўсе 2-3. Ідэальнай уяўляецца наступная схема – галоўны герой і супрацьлеглая яму сіла: селянін і чорт, герой і злачынца, хлопец і русалка.

Абмежаванне колькасці дзеючых асоб дае магчымасць аўтару найбольш ярка і выразна паказаць галоўнага героя, яго ўнутраны стан і адчуванне яшчэ да пачатку самога канфлікту. У сілу пэўнай зададзенасці балады, яе прытчападобнасці герой паказаны не дэталёва, а эскізна: найбольш яскрава выдзелены толькі некаторыя рысы яго характару, якія неабходны для вырашэння асноўнай ідэі твора і маюць рашаючае значэнне для ўспыхвання і развязвання канфлікту (незвычайнае каханне, зайздрасць, хцівасць, мужнасць і патрыятызм і г.д.).

Да таго ж на працягу дзеяння герой застаецца нязменным у любых абставінах. Выразнаму ўзнаўленню характараў галоўных персанажаў спрыяе абавязковае з’яўленне іх антыподаў ці непераадольнай сілы, сутыкненне якіх не можа закончыцца прымірэннем.

Такая ўсебаковая падрыхтоўка прыводзіць да імгненнага пачатку і хуткага завяршэння канфлікту. Гэты этап звычайна самы кароткі і найбольш дынамічны ва ўсёй баладзе. Іншыя часткі твора толькі падводзяць чытача да асноўнага канфлікту ці ўжо апавядаюць аб яго выніках. Такая падрыхтоўчая роля належыць і фону, на якім адбываецца дзеянне. Апісанне месца дзеяння, знешняга вобліку персанажаў найбольш характэрна для рамантычнай і гераічнай балады.

З мэтай больш яскравага паказу канфлікту, яго ўздзення на далейшае жыццё герояў ці, наогул, на жыццё нашчадкаў, балада выкарыстоўвае з’яву рэтраспекцыі. Рэтраспектыўная балада змяшчае два планы – актуальны і рэтраспектыўны. Першы з іх паказвае сітуацыю, у якой адбываецца апавяданне аб здарэнні, другі – само здарэнне. Выкарыстанне двух планаў падтрымлівае цікавасць да падзей, трымае чытача ў пастаянным напружанні.

Агульную схему двухпланавой балады можна ўявіць так: паэт сустракаецца з незвычайнай падзеяй і вядзе аб ёй апавяданне. Рамантычная балада часцей за ўсё выкарыстоўвае народныя паданні, легенды, павер’і. Паэт-рамантык дае свае тлумачэнне гэтым незвычайным праявам, а гэта і складае сюжэт твора.

У падобным плане вытрымана і гераічная балада, якая, аднак, адштурхоўваецца не ад прывідных агенчыкаў ці зданяў злачынцаў і няшчасных, а ад рэальных подзвігаў людзей, увекавечанных у бронзе, легендах, памяці народнай.

Зразумела, вызначэнне агульных заканамернасцей пабудовы балады можна толькі ўмоўна назваць схемай. Балада ніколі не была абмежавана строгімі жанравымі рамкамі. Наадварот, усякае імкненне да ўстаноўкі кананічных форм прыводзіла да стылізацыі жанру, стварэння парадыйных твораў.

Аднак некаторыя элементы характэрны баладзе на ўсіх перыядах яе існавання. Сярод іх неабходна адзначыць дыялог, які дазваляе паслабіць эпічную частку, весці апавяданне больш сцісла і экспрэсіўна, што дапамагае лепш паказаць напружанне і барацьбу, абмалёўваць сутыкненні людскіх характараў. Дыялог у баладзе заўжды драматызаваны. Ён служыць для рэзкай змены дзеяння, тэмпу апавядання, настрою, падзей і абставін. З яго дапамогай мяняецца рытм і памер балады, якія адыгрываюць значную ролю ў творах гэтага жанру.

Баладны дыялог, падобна драматургічнаму, нясе ў сабе эпічныя функцыі і, перадаючы непасрэдныя падзеі, ён тым самым рухае сюжэт твора. Аднак не толькі гэта падабенства дало магчымасць назваць баладу “малой драмай”. Сярод асноўных драматычных элементаў у баладзе неабходна адзначыць яе кампактнасць, якая абумоўлена спецыфікай выяўленча-мастацкіх сродкаў. Балада пазбягае традыцыйных эпічных прыёмаў (дэталізацыя характараў і з’яў, павольнасць сюжэтнага дзеяння), смела выкарыстоўваючы наступныя асаблівасці драмы: імклівасць і драматызм дзеяння, пластычнасць і лаканізм у выяўленні характару героя, эмацыянальную ўсхваляванасць, экспрэсіўнасць паэтычнай інтанацыі, вастрыню дыялога. Паэт, падобна драматургу, “раскрывае канфлікты ў кульмінацыйных момантах, вызваляе іх ад сувязі з іншымі канфліктамі, а таксама ад усяго прамежкавага і пабочнага – тым самым з асаблівай сілай выяўляючы іх унутраную сутнасць, ідэйна-псіхалагічны пафас” (Г.Паспелаў)10.

Падзеі ў баладзе абмежаваны ў часе і прасторы, і ўся ўвага аддадзена дзеянню, якое з’яўляецца важнейшым носьбітам зместу твора. Прычым балада не толькі апавядае аб пэўнай падзеі, але і робіць чытача яго сведкам, стварае своеасаблівую ілюзію прысутнасці.

Адначасова неабходна адзначыць шырокую тыпізацыю балады. Нягледзячы на тое, што непасрэдным імпульсам для стварэння той ці іншай балады служыць рэальны факт, прозвішча героя сустракаецца ў творах у рэдкіх выпадках. У асноўным герой безыменны, бо балада ўслаўляе не столькі подзвіг канкрэтнага чалавека, колькі жыцці тых мільёнаў людзей, якія здзейснілі ці маглі здзейсніць подзвіг.

Лепшыя ўзоры балады – гэта не проста гісторыя таго ці іншага кахання, любві канкрэтнай маці да свайго дзіцяці, адвагі і мужнасці звычайнага хлопца ці гераізм бацькі, гэта гісторыя ўяўлення народаў аб каханні, мацярынскай любві, мужнасці і патрыятызме, аб сэнсе чалавечага жыцця, аб самім чалавеку і яго галоўных маральна-этычных рысах. Вось чаму гісторыю балады можна з поўным правам назваць паэтычнай гісторыяй народаў.



ГОЛАС ДУШЫ НАРОДНАЙ. Надзвычай прыгожае і загадкавае слова “балада” цяпер мае некалькі асноўных значэнняў: правансальская танцавальная песня ХІ-ХУІІстст.; англа-шатландская народная песня, прысвечаная сярэдневяковай гісторыі; творы рамантычнай літаратуры, музыкі, кіно і г.д. У сучасным літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы гэты тэрмін часцей за ўсё абазначае арыгінальны жанр вуснай народнай творчасці і паэзіі. Менавіта таму даволі часта прыходзіцца ўдакладняць, аб чым ідзе гаворка – народнай ці літаратурнай баладзе. Англічане, праўда, першую называюць яшчэ і традыцыйнай.

У фальклоры ўсіх еўрапейскіх народаў сустракаюцца ліра – эпічныя песні з дынамічным сюжэтам, якія апавядаюць аб трагічных, гераічных ці фантастычных падзеях у жыцці звычайнага чалавека. Даследчыкі вылучаюць некалькі асноўных групаў – шатландскую, скандынаўскую, паўднёвую (раманскую), балканскую, славянскую і г.д., якія ў сваю чаргу падраздзяляюцца на больш дробныя тэрытарыяльныя акругі.

Бадай што самыя славутыя народныя балады нарадзіліся на памежжы Шатландыі і Англіі. Уся адукаваная Еўропа добра ведае трагічны дыялог двух крумкачоў, што ляцяць да цела забітага воіна, якога дарэмна чакае каханая (у перакладзе А.Пушкіна гэты твор вядомы як “Ворон к ворону летит”), апошнюю споведзь хлопца, што па намове маці забівае бацьку (“Эдвард”), мёртвага жаніха, які з таго свету вяртаецца забраць былую мілую (“Д’ябальскі каханак”). Але найбольшай папулярнасцю карыстаецца цыкл твораў пра адважнага Робін Гуда. З дзяцінства кожны чалавек, незалежна ад яго паходжання, памятае пра валадара Шэрвудскага бору, які становіцца сапраўдным каралём прыніжаных і адвергнутых. Ён па-майстэрску валодае лукам, мячом, дубінай,але павагу і любоў людзей заваяваў сваім вялікім сэрцам, дзе знаходзіцца месца не толькі баявым сябрам, але і ўсім пакрыўджаным і зняважаным. Няўлоўны Робін Гуд заўсёды там, дзе няпраўда і крыўда часова перамагаюць, і аднаўляе справядлівасць. Яго вобраз – паэтычнае ўвасабленне веры чалавечнай у адвечную гармонію праўды, дабра, справядлівасці, якая павінна вызначаць жыццё на гэтай цудоўнай зямлі.

Адметнасцю сваёй фантастыкі вылучаюцца балады скандынаўскіх народаў. Трагічна ў большасці выпадкаў завяршаюцца творы, прысвечаныя сустрэчы герояў з тролямі, эльфамі, прывідамі, русалкамі, карлікамі, пярэваратнямі. Зместам многіх з іх становяцца глыбока паэтычная гісторыя аб тым, як злая мачыха-варажбітка ператварае герояў у аленя, воўка, арла, ліпавае дрэва і г.д. Драматычнасць, імклівасць, скачкападобнасць развіцця, трагічная развязка – вось асноўныя рысы рыцарскіх скандынаўскіх баладаў. Іх суровую прастату і велічнасць даносіць да нас адзін з шэдэўраў народнай паэзіі “Была Інгеборг, як сасёнка, страйна” ў перакладзе М.Багдановіча.

Балада Поўдня – гэта ў першую чаргу славуты іспанскі раманс. У свой час Іспанію і называлі краінай рамансаў. Рамансам звычайна лічылі ліра-эпічную песню гераічнага ці рыцарскага зместу, якая не толькі адлюстроўвала нацыянальнае жыццё і гісторыю, але і была вельмі цесна звязана з гераічнай паэзіяй. Рамансы разліліся па ўсіх землях і морах, што ўваходзілі ў склад Іспанскай імперыі, чаравалі фантазію ўсіх народаў паўднёвых і паўночных паўшар’яў, сталі для еўрапейскай баладнай паэзіі тым уяўным мосцікам, па якім у яе трапіла не толькі іспанская тэматыка, але і экзатычны паэтычны свет Арабскага Усходу. Найбольш яскрава гэта пацвярджае славуты цыкл “Рамансы пра Сіда”.

Народныя балады – адзін з самых старажытных жанраў сусветнай паэзіі. Яны зарадзіліся недзе ў ХІ-ХІІ ст.ст. у фальклоры германскіх народаў. Прыкладна ў гэты час балада ўзнікае і ў славянскім фальклоры. Праўда, народныя спевакі, беражна захоўваючы ў душы сваей найбольш яскравыя ўзоры аднаго з самых буйных і складаных з’яў сярод слоўна-музычных жанраў вуснай народнай паэзіі, так і не знайшлі для іх адзінага тэрміну. Украінцы часцей за ўсе называлі іх “доўгімі співанкамі”, славакі – “смутнымі або жалоснымі”, рускія – “стихами”, беларусы – “доўгімі, жалоснымі песнямі”, палякі – “думамі”. Балады паўднёвых славян больш цесна звязаны з традыцыямі гераічных юнацкіх песняў, з гістарычнай традыцыяй.

У цэлым балада – эпічны жанр, што пацвярджае яе сюжэтнасць, падзейнасць і аб’ектыўнасць апавядання. Сюжэт звычайна кароткі, але распрацаваны, мае ўсе асноўныя ступені дзеяння. Дзеянні, паводзіны і ўчынкі персанажаў з’яўляюцца сродкам выражэння ідэйнага зместу і разам з тым сродкам характарыстыкі дзеючых асоб.

Структура народнай балады і сістэма мастацкіх сродкаў падпарадкоўваецца асноўнай ідэйнай мэтанакіраванасці жанру – асуджэнне зла, насілля, няпраўды, нянавісці, несправядлівасці. Асуджэнне выяўляецца ў супрацьпастаўленні ім дабра, свабоды, праўды, любві, справядлівасці. Гэта супрацьпастаўленне рэалізуецца ў супастаўленні адмоўных і станоўчых вобразоў. Звычайна адмоўны персанаж больш актыўны і дзейсны. Яго характар раскрываецца ў дзеяннях і ўчынках, што робіць баладу сюжэтным жанрам, а сюжэт мае антытэтычны характар. Антытэтычнасць сюжэту і антытэтычная групіроўка вобразаў вызначае кампазіцыю большасці твораў. Гэтым жа абумоўлена спецыфіка вобразна – выяўленчых сродкаў балады, у тым ліку і стылёвых.

Супрацьпастаўленне дабра і зла, жыцця і смерці, высакародства і подласці ўласціва і некаторым іншым жанрам, напрыклад, казкам. Але ў баладах, у адрозненне ад казак, перамагае не дабро, а зло. Станоўчыя персанажы атрымліваюць толькі маральную перамогу, хаця звычайна злачынцы раскайваюцца ў сваім несамавітым учынку, а падчас нават становяцца самагубцамі. Менавіта такім чынам выкрываецца ўсё негатыўнае ў жыцці чалавека, што аказвае вялікае эмацыянальнае ўздзеянне на слухачоў.У гэтым балада вельмі блізкая да народнай драмы.

Беларускія балады адрозніваюцца ад баладаў іншых народаў сваёй паэтычнасцю. Тлумачыцца гэта тым, што ў беларускім фальклоры, як і ў заходніх славянаў, амаль не склаліся традыцыі гераічнага эпасу. Здарылася так, што ўсе незвычайныя, найбольш трагічныя падзеі, якія былі нярэдкімі ў штодзённым побыце беларусаў, гераічныя моманты ў жыцці пэўнага сацыяльнага калектыву ці нават усей нацыі – смерць добрых малойцаў ад рук ворагаў (“Каля лесу, каля цёмнага”), развітанне з мужнымі абаронцамі роднага краю (“Праводзіны на вайну”, “Развітанне з мілым”), нашэсце захопнікаў (“Удава ратуецца ад татараў”, “Сустрэча разлучаных сямейнікаў у палоне”), матывы продажу ў няволю, з’яленне “дзяўчыны-ваякі” і інш. – знайшлі свае глыбокае адлюстраванне ў выключна дынамічнай, драматычна напружанай форме народнай балады.

Беларускія балады падраздзяляюцца на творы з фантастычнымі элементамі і без іх. Сярод першых самымі цікавымі ўяўляюцца балады з міфалагічнымі матывамі. У іх аснове заўсёды знаходзіцца этыялагічны міф, які тлумачыць паходжанне пэўнай кветачкі, дрэўца, жывой істоты ці нежывога прадмета. Так, дачка, аддадзеная далёка замуж, сумуе па сваіх родных, ператвараецца ў зязюльку і ляціць на двор да матулі (“Дачка-птушка”). Жонка ператвараецца ў зязюльку, а дзеці – у салаўёў, каб правесці мужа і бацьку на вайну; жонка зязюляй падлятае пад акно, каб паслухаць, што гаворыць нялюбы (“Жонка-птушка”). Са старажытнагрэчаскіх паданняў нам вядомы міфы пра паходжанне кветачак “нарцыс”, “гіяцынт” і інш. Беларускія балады аб метамарфозах глыбока паэтычна раскрываюць гісторыю паходжання кветачак “браткі”. У шматлікіх варыянтах расказваецца аб трагічным каханні брата і сястры, якія не ведалі аб сваім крэўным сваяцтве. Народная этыка рашуча асуджае такі ракавы збег абставін, іменна таму практычна ўсе варыянты завяршаюцца трагічна. Ва ўсіх гэтых баладах драматычная напружанасць сюжэтных калізій даводзіцца да крайніх межаў, аснову сюжэтнага развіцця нязменна складаюць жахлівыя супадзенні і непапраўныя выпадковасці. Ці не таму няшчасныя закаханыя ператвараюцца ў травіцу “брат-сястрыца”, у прыгожыя кветачкі жоўта-сіняга колеру.

Наогул, у беларускім фальклоры людзі даволі часта ператвараліся ў дрэвы, птушку, расліну. Так, свякруха заклінае нялюбую нявестку ў рабіну, каліну. Сын, што вяртаецца з далекага краю, не знаходзіць жонкі і пытае, што за дрэўца пры дарозе, якое без сонца яснюсенька, без ветру хістаецца. Маці раіць ссячы гэта дрэва. Пад ударамі мяча каліна слёзна апавядае аб трагедыі. Сын, што не слухае бацьку, у выніку праклёну ператвараецца ў явар. Маці, якая не жадае, каб сын паехаў на вайну, просіць ператварыць яго ў явар, коніка – у камень, шапачку – у купінку, паясок – у сцежачку. Нашы старажытныя продкі верылі, што падобнае ператварэнне не азначае смерці – гэта быў пераход чалавечага жыцця ў новую форму, у новую якасць. Вось чаму так мяняюцца героі беларускіх баладаў: браты, што здзейснілі злачынства, рассыпаюцца вапнавым каменем; муж па сваей волі разліваецца Дунаем; хлопец становіцца цярноўнікам; малады заклінае ўсё вяселле.

Нягледзечы на выразнае адрозненне ўнутраных сусветаў балады і казкі, пэўныя казачныя элементы ўласцівы і структуры першай. Гэта абумоўлена ўплывам моцнай казачнай традыцыі, а таксама агульнымі для абодвух жанраў старажытнымі ўяўленнямі пра навакольны сусвет. Баладамі-казкамі звычайна называюцца творы, у якіх абстрактныя паняцці канкрэтызуюцца ў злыя ці добрыя сілы. Ліхая доля ці гора неадчэпным ценем ходзіць за героем. Яны жывуць з чалавекам у адным доме, суправаджаюць яго на полі і ў лесе, у вадзе і нават у магіле, спяваюць і плачуць разам з ім. Звяры ў падобных баладах могуць дзейнічаць і размаўляць, дарогі – стагнаць і ўгінацца, коні – рагатаць і раўці, сакалы – скуголіць, пясочак – вянчаць, вецер – расплятаць касіцу, смерць – заключаць дагавор, пустая дамавіна – прасіць страшэнную даніну. У шлюбных спаборніцтвах могуць прымаць удзел не толькі каралевічы, але і шэрыя ваўчкі, вужы, змеі, якія падчас і перамагаюць асілкаў і атрымліваюць дарагую ўзнагароду.

Вельмі ўражвае цыкл беларускіх баладаў “Ваўкі-нянькі”. У ім апавядаецца пра тое, як маладая маці, стомленая невыноснай працай, забывае дзіця на полі і да яго “няньчыць” прыходзяць ваўкі. Творы завяршаюцца надзвычай трагічна – звяры дзяляць няшчасную маленькую істоту. Але асаблівая ўвага ўдзяляецца ўзнаўленню вечнай трагедыі маці.

Некаторыя балады не вельмі падобныя на традыцыйныя, звыклыя формы. Гэтыя творы часцей за ўсе апавядаюць пра незвычайныя здарэнні ў асабістым жыцці людзей. Ім не ўласцівы элементы цудоўнага, надпрыроднага, фантастычнага. Так, навелістычныя балады апавядаюць пра рыцара і каралеву Лявутаньку, якіх загубіла зайздрасць ключніцы; пра адважную Бандароўну; сястру, што атруціла брата; жонку, што забівае нялюбага мужа; дзяўчыну, якую казакі зманілі з сабою і забілі; падзеі, што адбыліся ў час татарскіх і турэцкіх набегаў і г.д. Гэтыя творы вызначаюцца высокімі эстэтычнымі і ідэйнымі якасцямі. Характэрнае для баладаў усведамленне непарушнасці кроўнага сваяцтва, беззапаветная адданасць сям’і, роду набывае шырокае грамадскае гучанне і ўспрымаецца як любоў да свайго народа, да Радзімы.

Пры ўсей тэматычнай разнастайнасці баладаў, яны маюць нешта агульнае, што дазваляе іх аб’яднаць у межах адзінага жанру. Гэта ў першую чаргу паэтычнае хараство, што найбольш яскрава ўвасоблена ў нязвычным, звышнатуральным, абвострана-метафарычным. Балада данесла да нас дыханне народнай культуры сярэдневечча – у гэтай наіўнай і шурпатай на першы погляд песні з яе драматычным або трагічным сюжэтам захаваліся галасы герояў, якія любілі сваю зямлю, і свой народ, сваю сям’ю, кахалі, расцілі дзяцей, але па выраку злоснага лёсу ці людской варожасці траплялі ў незвычайныя сітуацыі, калі на карту ставілася ўсё папярэдняе жыццё. Галасы далёкіх продкаў, іх уяўленні пра дабро і справядлівасць, каханне і здраду, адвагу і баязлівасць хвалююць і далёкіх нашчадкаў, якія праз прызму балады ўглядаюцца ў твары прашчураў. Ці не таму балады і цяпер жывуць не толькі ў спецыяльна падабраных анталогіях, але і ў памяці народнай.



ЭОЛАВА АРФА ПАЭЗІІ. Шурпатыя, прымітыўныя радкі народных баладаў, якія, аднак, хавалі ў гэтай уяўнай прастаце і наіўнай шчырасці сапраўдную паэзію, здольнай надзвычай непасрэдна раскрыць пачуцці любві і нянавісці, радасці і смутку, расказаць аб жыцці і смерці, аб справах зямных і тагасветных, перажылі свае адраджэнне ў другой палавіне ХУІІІ ст. Дапамог у гэтым, як заўсёды, яго вялікасць выпадак. Англійскі біскуп Томас Персі знайшоў у доме свайго сябра старадаўні манускрыпт, якім служанка паціху распальвала камін, а ў ім – тэксты старажытных баладаў. Тонкі знаўца літаратуры быў настолькі зачараваны іх прыгажосцю, што выдаў у некалькіх тамах пад адзінаю назвай “Рэліквіі старажэтнай паэзіі”. Першыя зборы народных баладаў, у тым ліку і балады з памежжа Англіі і Шатландыі, сабраныя Вальтэрам Скотам, або падборкі кельтскага эпасу, зробленага Д.Макферсонам у “Песнях Асіяна”, атрымалі незвычайную папулярнасць і натхнілі многіх фалькларыстаў іншых краін на пошукі аналагічных з’яў у нацыянальным фальклоры. Праз некаторы час выходзяць зборнікі дацкіх, сербахарвацкіх, фінскіх, нямецкіх баладаў, значную частку якіх сабраў у Эльзасе малады Гётэ. Па ўсей Еўропе з вялікім поспехам прайшла анталогія “Чароўны рог хлопчыка”, складзеная нямецкімі рамантыкамі. Адраджэнне старажытнай паэзіі аказала значны ўплыў на творчасць многіх паэтаў і нават цэлых літаратурных груп (напрыклад, “Штурм і Націск” у Германіі).

Іменна ў гэты перыяд і з’яўляюцца першыя спробы стварэння літаратурнай балады па ўзору народнай. (Праўда, падобная стылізацыя існавала і крыху раней. Вядома, што нават англійскі кароль Генрых УІІІ забаўляўся складаннем балад. Баладай захапляліся Дантэ і Петрарка, асабліва Франсуа Війон, які стварыў асаблівы, адметны ад сучаснай, від балады). Шырокая папулярнасць новых твораў была абумоўлена ў значнай ступені ўзрастаючай цікавасцю да народнай паэзіі, якая становіцца адным з вядучых пастулатаў новага светаразумення – рамантызму. Паэтаў-рамантыкаў прыцягвае незвычайнасць тэматыкі, фантастыкі, сімволікі і алегорыі народнай балады, магчымасць выкарыстання вобразаў народнай дэманалогіі і міфалогіі. Перспектыўнасць падобнай эвалюцыі асабліва звязана з поспехам славутай “Леноры” Л.Бюргера, першай еўрапейскай балады, што з’явілася ў 1773 г. Першая балада стала сапраўдным шэдэўрам і ўзорам для паэтаў усёй Еўропы, выклікала сотні перакладаў і перайманняў ва ўсіх краінах, з поспехам заявіла аб перамозе новага светабачання і светаразумення. І гэта быў не проста выпадковы поспех. Дваццацішасцігадовы паэт простымі, звычайнымі словамі расказаў пра незвычайную, страшэнную падзею. Жаніх Леноры забіты на вайне. Няшчасная дзяўчына замест таго, каб змірыцца з горам, кідае выклік усяму сусвету, нават яго стваральніку. Ленора адмаўляецца ад царквы, яна не прагне раю і не баіцца пекла. Для яе рай і пекла там, дзе знаходзіцца адзіны. Мёртвы Вільгельм прыходзіць да каханай і забірае яе з сабою ў магілу. І толькі духі гор, далінаў і водаў завылі страшэнным хорам.

Менавіта з гэтага часу балада ўяўляе сабою апавяданне аб трагічным лёсе чалавека ў гэтым бурным сусвеце. Свет, які паўставаў перад вачыма паэтаў-рамантыкаў, істотна адрозніваўся ад рацыяналістычнага свету папярэднікаў. Ён стаў вечна зменлівым, фрагментарным, незразумелым. У свой час Шэкспір згадваў, што ёсць дзівосы на зямлі і ў небе, пра якія нашым філосафам і не снілася. Рамантыкі лічылі, што пачуццё паэзіі вельмі блізкае да містычнага пачуцця. Гэтым і тлумачыцца абавязковая прысутнасць у рамантычнай паэзіі элементаў фантастыкі, таямнічасці, загадкавасці. Паэтыка тайны і настраёвасці становіцца характэрнай асаблівасцю рамантычнай творчасці. В.Жырмунскі характарызаваў гэтую схільнасць як любоў да ўсіх тых з’яў, якія дрыжаць як подых, успыхваюць і тухнуць, заміраюць і святлеюць, да таго, што напоўнена рамантычнымі прадчуваннямі і таямнічасцямі жыцця11. Асабліва яскрава гэта ўвасоблена ў найбольш славутай баладзе Гётэ “Лясны цар”, у якой адлюстравана пакрытая смугой тайны адвечная барацьба жыцця і смерці, рэальнага свету і нябачнага сусвету, які сімвалізуе сабой кароль пушчы са сваёй прасветленай світай, што лёгка плавае ў паветры. Прыгажосць і жыццядзейнасць рэальнага сусвету, увасобленага ў вобразе дзіцяці, разбураецца нейкай страшэннай сілай, спазнаць якую мы не можам.

Такая загадкавасць свету, з’яўленне ў ім таямнічых персанажаў дэманалогіі і народнай фантастыкі ўплывала і на ўнутраны свет чалавека. У яго складанай і велічнай душы, багацці ўнутранага жыцця рамантыкі здолелі ўбачыць бясконцасць сусвету. Цікавасць рамантычнай паэзіі да ўсяго індывідуальнага, адзінага, непаўторнага, сцвярджэнне вартасці асобы шмат у чым пераклікалася з некаторымі філасофскімі тэорыямі, у прыватнасці з тэорыяй Ніцшэ аб вечным звароце. Для паэтаў аказаліся вельмі важнымі галоўныя выключныя асаблівасці новага мастацкага мыслення, што абуджала схаваныя захапленні і садзейнічала творчай актыўнасці:



  • прызнанне выключнай значнасці народнай паэзіі для ідэйна-эстэтычнага і жанрава-стылёвага ўзбагачэння ўласнай творчай палітры;

  • арганічнае спалучэнне ў межах аднаго твора рэальнага з віртуальным, фантастычнага і рэалістычнага;

  • схільнасць да міфалогіі, фантастыкі, незвычайных паданняў і таямнічых легендаў;

  • выкарыстанне матыву нешчаслівага кахання, якое часта прыводзіць да смерці;

  • перавага інтуітыўнага, пачуццёвага над лагічным і доказным;

  • частае ўжыванне матыву падарожжа ў прасторы, часе, вандроўкі герояў;

  • выкарыстанне элементаў хрысціянскай дагматыкі ў спалучэнні з вобразамі нацыянальнай міфалогіі і дэманалогіі (русалкі, дамавікі, ведзьмы, чэрці, д’яблы, чараўнікі, начніцы, варажбіты);

  • ужыванне пейзажных замалёвак у якасці фону дзеяння і перадачы адпаведнага стану герояў;

  • схільнасць да ўвасаблення незвычайных жарсцяў, пачуццяў, яскравай стылістыкі, выкарыстанне сімволікі, метафорыкі.

Зразумела, што для найбольш поўнага адлюстравання новых ідэй і светапогляду неабходна была карэнная перабудова традыцыйных жанраў паэзіі і стварэння новых, неабходна было вывучаць паэтычныя формы да самых іх першавытокаў, вярнуцца да роднай мовы і роднай паэзіі. Вось чаму асноўнай крыніцай для новай паэзіі стаў фальклор, які паэты-рамантыкі па сутнасці адкрылі для мастацтва. Асаблівая ўвага была звернута на баладу, якую згаданы не раз Гётэ называў “жывым зародкам”, “прасеменем” ўсёй паэзіі, перашапачатковай формай, праўзорам усяго мастацтва. Яе параўнальна невялікі аб’ём, схільнасць да адлюстравання незвычайных падзей, з’яўленне новага героя, які кідае выклік грамадству, нават чалавечным законам і маралі, робяць баладу ўлюбёным жанрам рамантыкаў, своеасаблівым маніфестам новага творчага метаду.

Найбольш яскрава падобныя пошукі праявіліся ў баладнай спадчыне Яна Чачота, пра што мы пагаворым ніжэй. Папулярнасць твораў Яна Чачота сярод сваіх сяброў у першую чаргу была абумоўлена ў значнай ступені ўзрастаючай цікавасцю да народнай паэзіі, якая становіцца адным з вядучых пастулатаў новага светаразумення – рамантызму. Паэтаў-рамантыкаў прыцягвае незвычайнасць тэматыкі, фантастыкі, сімволікі і алегорыі народнай балады, яе выкарыстанне народнай дэманалогіі і міфалогіі.

Такім чынам, гісторыя літаратурнай балады большасці народаў пачынаецца з балады рамантычнай, якая за кароткі час становіцца адным з вядучых жанраў новай паэзіі, своеасаблівым “маніфестам” новага літаратурнага напрамку. І нельга такі імклівы ўзлёт лічыць простай выпадковасцю. Балада здолела найбольш поўна і яскрава ў параўнанні з іншымі жанрамі выразіць асноўныя прынцыпы і тэндэнцыі перыяду станаўлення рамантызму.

Падобныя суадносіны паміж жанрам і творчым метадам былі абумоўлены своеасаблівасцю рамантычнай паэзіі ў цэлым. Характарызуючы апошнюю, Ф.Шлегель называў яе “прагрэсіўнай універсальнай паэзіяй, прызначэнне якой заключаецца ў тым, каб зноў аб’яднаць усе адасобленыя віды паэзіі і прывесці іх у дачыненне з філасофіяй і рыторыкай”12. Уяўленне аб універсальнасці паэзіі, яе сінтэзуючай ролі было заканамерным для тэарэтыкаў рамантызму, якія лічылі, што “паэт успрымае прыроду лепш, чым розум вучонага”, а “пачуццё паэзіі знаходзіцца ў блізкім сваяцтве з пачуццём прароцкім і рэлігійным пачуццём прадбачання наогул”13. Таму невыпадкова адной з найбольш важных ідэй рамантызму ў літаратуры становіцца ідэя аб непадзельнай маналітнасці ўсяго свету паэзіі. Аднак гэта тэндэнцыя атрымала найбольш глыбокае і ўсебаковае адлюстраванне ў рамантычнай баладзе. Спалучэнне элементаў лірыкі, эпасу і драмы ў “адзін арганічна спаяны механізм” (Ч.Згажэльскі) атрымалася настолькі натуральным, што ў будучым такая “трыяда” стала адной з вызначальных прыкмет жанру. Аднак уплывам ідэй рамантызму вызначаецца не толькі структура балады. Імі абумоўлены ў першую чаргу выбар матэрялу, змест, развіццё сюжэта, архітэктоніка твора. Усё гэта дазволіла паэтам найбольш поўна выказаць рамантычны антырэалізм, разлад паміж ідэалам і рэчаіснасцю.

Свет, які паўставаў перад вачыма паэтаў-рамантыкаў, істотна адрозніваўся ад рацыяналістычнага свету папярэднікаў. Ён стаў вечна зменлівым, фрагментарным, незразумелым. “Ёсць дзівосы на зямлі і ў небе, аб якіх філосафам і не снілася”, – цытуе А.Міцкевіч у пачатку другой часткі “Дзядаў” крылатыя словы Шэкспіра “Пачуццё паэзіі мае шмат агульнага з пачуццём містычнага”14,– сцвярджае Наваліс.Гэтым і тлумачыцца абавязковая прысутнасць у рамантычнай паэзіі элементаў фантастыкі, таямнічасці, загадкавасці. Паэтыка тайны і настраёвасці становіцца характэрнай асаблівасцю рамантычнай творчасці. Невыпадкова некаторыя вучоныя характарызуюць гэту схільнасць як “любоў да ўсіх тых з’яў, якія дрыжаць як подых, успыхваюць і тухнуць,заміраюць і святлеюць, да таго, што напоўнена рамантычнымі прадчуваннямі і таямнічасцямі жыцця”15.

Такая загадкавасць свету, з’яўленне ў ім таямнічых персанажаў дэманалогіі і народнай фантастыкі ўплывала і на ўнутраны свет чалавека. У яго складанай і велічнай душы, багацці ўнутранага жыцця рамантыкі здолелі ўбачыць бясконцасць сусвету. Цікавасць рамантычнай паэзіі да ўсяго індывідуальнага, адзінага, непаўторнага, сцвярджэнне вартасці асобы шмат у чым пераклікаліся з некаторымі філасофскімі тэорыямі, у прыватнасці з тэорыяй Ніцшэ аб “вечным звароце”.

Безумоўна, для найбольш поўнага адлюстравання новых ідэй і светапогляду неабходна была карэнная перабудова традыцыйных жанраў паэзіі і стварэння новых. Нездарма Ф.Шлегель заклікаў: “Неабходна ісці за прыкладам Гётэ, вывучаць паэтычныя формы да самых іх першавытокаў, адраджаць іх і ствараць новыя спалучэнні, неабходна вярнуцца да роднай мовы і роднай паэзіі”16.

Важнейшай крыніцай для новай паэзіі стаў нацыянальны фальклор, які паэты-рамантыкі, па сутнасці, адкрылі для мастацтва і літаратуры. У гэтым звароце бачылі яны шляхі паглыблення народнасці і самабытнасці літаратуры, магчымасць значнага жанрава-стылявога ўзбагачэння нацыянальнай паэзіі. Таму невыпадкова, што адным з найбольш характэрных жанраў рамантычнай паэзіі і становіцца балада, якая захавала найбольш цесныя сувязі з народнымі першаўзорамі. Яе параўнальна невялікі аб’ём, схільнасць да адлюстравання выключна незвычайных падзей, выкарыстанне элементаў незвычайнага і таямнічага, з’яўленне новага героя, які кідае выклік грамадству, нават чалавечым законам і маралі, дазволіла баладзе стаць адным з вядучых жанраў рамантычнай паэзіі. Да гэтага неабходна дадаць і адсутнасць жанравых напластаванняў (Ч.Згажэльскі), г.зн. пэўных традыцый, якія былі выпрацаваны на працягу існавання жанру, што дазваляла, не баючыся жорсткіх жанравых меж, напаўняць новую форму разнастайным зместам, давала значную свабоду паэтычнай фантазіі.

Іменна таму перыяд з’яўлення найбольш арыгінальных і змястоўных узораў балады і лічыцца пачаткам эпохі рамантызму як творчага метаду ў некаторых еўрапейскіх літаратурах (у прыватнасці ў польскай, дзе ўсталяванне новага метаду звычайна суадносяць з выхадам у свет славутых “Балад і рамансаў” А.Міцкевіча17). Г.Нудзьга таксама лічыць, што рамантычная паэзія на Украіне пачынаецца з балады18.

Суадносіны паміж жанрам і метадам у беларускай паэзіі былі крыху іншымі. Акрамя таго, у беларускім літаратуразнаўстве доўгі час было распаўсюджана меркаванне аб адсутнасці якой-небудзь рэальнай асновы для развіцця рамантычных тэндэнцый у першай палавіне ХІХ ст. Такім чынам, можа скласціся ўражанне, што зараджэнне балады ў беларускай паэзіі ў адрозненне ад падобных з’яў ва ўсіх еўрапейскіх літаратурах наогул не звязана з рамантызмам. Аднак падобнае сцвярджэнне ўяўляецца памылковым. Яно з’явілася ў выніку спрошчанага падыходу да такой складанай з’явы, як рамантызм наогул, бо сам напрамак падраздзяляецца на дзве ўзаемазвязаныя катэгорыі – рамантычнае бачанне свету і яго адлюстраванне ў мастацтве. Адмаўленне гэтага новага светапогляду і з’яўляецца крыніцай блытаніны і памылак.

Ідэі рамантызму не маглі не закрануць і Беларусі, бо іх з’яўленне тлумачыцца агульнымі для многіх краін грамадска-палітычнымі ўмовамі. Яшчэ В.Калаш лічыў, што “глеба для яго была падрыхтавана ўсюды, па ўсёй Еўропе, чым і тлумачыцца самастойнае зараджэнне блізкіх форм думкі і творчасці ў розных краінах, хуткасць пераходаў рамантычных веянняў з аднаго асяроддзя ў другое і глыбіня іх уздзеяння”19.

Асноўныя рысы рамантызму ў славянскіх літаратурах былі даволі блізкімі, бо кожны нацыянальны рамантызм з’яўляўся часткай агульнаеўрапейскага. У той жа час, нягледзячы на значны ўплыў апошняга, нацыянальны рамантызм меў акрамя агульных умоў уласныя вытокі зараджэння, што абумовіла яго характар, формы, а таксама час з’яўлення. Невыпадкова рамантычныя тэндэнцыі ў польскай літаратуры зараджаюцца на пераломе ХУІІІ – ХІХ стст., у рускай – на дзесяцігоддзе пазней, а затым, праз некаторы час, і ў украінскай паэзіі.

Такім чынам, адвяргаецца кампаратывісцкая тэорыя аб т.зв. “запазычаных нацыянальных рамантызмах”, аб механічным пераносе пазанацыянальных уплываў на пэўную глебу і г.д. Безумоўна, пэўныя ўплывы і запазычанні суправаджаюць працэс узнікнення новага літаратурнага напрамку, але ж запазычанне сустракае не пустое месца, а сустрэчныя плыні, блізкае накіраванне мыслення, аналагічныя вобразы фантазіі. Такія ж погляды на пазанацыянальныя ўплывы ўласцівы і В.Жырмунскаму: “Усялякі ўплыў гістарычна заканамерны і сацыяльна абумоўлены: для таго каб ён стаў магчымым, неабходна ўзнікненне грамадскай неабходнасці ў падобным ідэалагічным “імпарце” з боку, каб аналагічныя больш ці менш аформленыя тэндэнцыі (ідэі і пачуцці, тэмы і вобразы) ужо існавалі ў гэтай краіне, у ідэолагаў дадзенага грамадскага класа”20.

Пэўную ролю ў з’яўленні рамантычных тэндэнцый у беларускай паэзіі першай палавіны ХІХ ст. адыгралі традыцыі польскага і рускага рамантызму. Найбольшы ўплыў на беларускіх пісьменнікаў, безумоўна, мела творчасць вялікага паэта А.Міцкевіча. Для нашага даследавання найбольшую цікавасць уяўляюць яго славутыя балады. Шматлікімі працамі польскіх і беларускіх вучоных ужо даўно даказана, што большая іх частка створана на аснове беларускіх народных легенд і паданняў, а ў многіх выкарыстаны паэтычныя вобразы народнай фантастыкі і дэманалогіі21.

Зварот польскага паэта да беларускага фальклору не быў выпадковым. А.Міцкевіч захапіўся народнай паэзіяй з дзяцінства. Ён ведаў шырока распаўсюджаныя легенды аб маляўнічым возеры Свіцязь, аб цудоўным свяце Купалы, калі іграе сонца і зацвітае кветка папараці, чуў паданні аб пакутуючых “за грэх” душах. Багацце народнай фантастыкі, існаванне развітай міфалогіі з яе дэманалагічнымі вобразамі і матывамі, наяўнасць велізарнай колькасці паданняў і легенд, створаных на аснове народных прымхаў і павер’яў, – вось чым тлумачыцца тая цікавасць, якую праявіла да беларускага фальклору польская рамантычная паэзія. Тым болей, што па свайму складу душы А.Міцкевіч быў надзвычай экзальтаванай асобай. Вось як згадвае Адынец гісторыю з Крукам, вялікім чорным сабакам бацькоў Міцкевіча, з якім у дзяцінстве будучы паэт жыў у вялікім сяброўстве: “Аднойчы далі на падвячорак кавалак хлеба з маслам. Частку яго ён хацеў даць Круку, але Крук схапіў яго цалкам. Малы моцна расплакаўся, чым быў узрушаны, відаць, чацвераногі сябра, які ўжо трымаў хлеб у пашчы, паклаў яго на калені малога і падзяліўся з ім пароўну. Шмат гадоў пазней у Коўне, калі аднойчы прывычна прагульваўся ноччу ў даліне, з’явіўся раптам невядома адкуль нейкі сабака і пачаў лашчыцца да яго; ён так быў падобны на Крука, што гэта страшэнна яго ўразіла. Прыйшла на думку сцэна з “Фауста” Гётэ, у якой чорт у выглядзе чорнага пудзеля невядома адкуль прыблытаўся на прагулцы да Фауста, перш чым дома пераўтварыўся ўрэшце ў Мефістофеля. А ўражанне гэтае было настолькі моцным, што, ледзь толькі хуткім крокам дайшоўшы да горада і не аглядваючыся назад, апрытомнеў паступова ад думкі, што д’ябал, а не звычайны сабака бег за ім”22.

У гэтым здарэнні адлюстраваўся ўвесь Міцкевіч, ускормлены з дзяцінства вясковымі казкамі нянек, дазваляючы фантазіі браць верх над халоднай развагай нават у найбольш стрыманай працы розуму, схільны да пошуку звышнатуральнасці нават у справах найбольш рэальнага парадку.

“Толькі на такіх матэрыялах, толькі на такіх скарбах можна стварыць сапраўды народную, вольную ад замежных уплываў літаратуру; а наша, польская, яшчэ не стала такою”23, – пісаў А.Рыпінскі, ацэньваючы значэнне беларускага фальклору для польскай рамантычнай паэзіі. У якасці прыкладу ён прыводзіць творчасць “вялікага майстра” А.Міцкевіча, які “ўсіх нас навучыў цаніць народныя песні як дарагі скарб. Слава тым, хто ідзе па яго слядах”24.

Аднак неабходна адзначыць, што А.Міцкевіч не быў першым баладыстам, які пісаў творы гэтага жанру на беларускай аснове. Прыярытэт у гэтай сферы належыць перш за ўсё сябрам вялікага рамантыка паэтам-філаматам Т.Зану, Я.Чачоту. Іх зацікаўленасць беларускім фальклорам шмат у чым абумоўлена этнічным паходжаннем паэтаў. Выхадцы з дробнай шляхты, якая яшчэ не страціла сувязей з беларускай стыхіяй, яны з дзяцінства былі зачараваны непараўнальнай прыгажосцю і чысцінёй паэзіі простага люду. Невыпадкова ўжо ў сваёй першай баладзе “Табакерка” Т.Зан “літаральна з этнаграфічнай дакладнасцю апісаў фрагмент беларускага вясельнага абраду перад выездам нявесты”25. Так сама на аснове беларускага фальклору, як лічыць прафесар С.Свірка, напісаны разделы балады, дзе апісваюцца сцэны прадказання надвор’я на аснове ўважлівага назірання за жывёламі і птушкамі, павер’е пра сароку, якая сваім стракатаннем кліча ў госці, пра ведзьму, што забірае малако ў кароў26.

З сямі балад Т.Зана пэўную цікавасць уяўляюць яшчэ дзве – “Свіцязь-возера” і “Цыганка”. Першая з іх, як і аднайменныя творы сяброў паэта Я.Чачота і А.Міцкевіча, уяўляе сабой творчую перапрацоўку падання пра славутае возера. Фабулай твор значна бліжэйшы да чачотаўскага варыянта, хаця і напісаны ён пасля міцкевічаўскага. Безумоўна, і Я.Чачота і Т.Зана прыцягнула болей праблема віны і пакарання, менавіта таму яны і завастрылі болей увагу на дыялектыку, чым узаемадзеянні мэты і сродкаў. Праўда, трэба адразу адзначыць, што нягледзечы на адпаведны маралізатарскі флёр, балада Т.Зана атрымалася больш “баладнай” – дынамічнай, напружанай, драматычнай. Як і ўсе класічныя ўзоры жанру, яна напоўнена адпаведнымі прадчуваннямі небяспекі, вешчымі снамі, прадказаннямі, пракляццямі, жахамі, з’яўленнямі зданяў і прывідаў, непазбежнай расплатай за здзейсненае злачынства. Аднак у творы дзейнічаюць не проста схематычныя персанажы, што ілюструюць адпаведны маральны ідэал, а рэальныя жывыя людзі са сваімі страсцямі і памкненнямі, якія падчас настолькі магутныя, што кідаюць выклік традыцыям маралі і супольнасці. Надзвычай дынамічным і трагічным уяўляецца зачын твора, які адразу робіць чытача саўдзельнікам дзеяння і задае адпаведны настрой усяму твору – кожны чакае, што павінна здарыцца нешта выключнае і незвычайнае. Кожны з герояў Т.Зана мае ўласнае імя, што таксама ў выключнай ступені садзейнічае індывідуалізацыі персанажаў. Яны сапраўды (і Пракса, і Войцех) кахаюць адзін аднаго, ведаюць пра тое, і спадзяюцца, што гэта вялікае пачуццё, як і цнатлівасць і слава, засцеража ад несамавітых учынкаў. Але адзінае неасцярожнае слова Праксы шле хлопца на злачынства, дзеля свайго шчасця ён гатовы ахвяраваць усім, нават сваёй несмяротнай душой. У адрозненне ад Я.Чачота, Т.Зан апускае сцэну пошукаў нячысціка, цырымонію падпісання цырографа, чакання купца і самое злачынства, усё па-майстэрску перададзена ў сне-трызненні гожай шляхцянкі. Пракса бачыць пакуту ў вачах каханага, чорныя хмары на яго душы. Яна чуе і падземны голас, што просіць у Бога помсты, а потым і ягонае закляцце, што праз дваццаць гадоў (у Я.Чачота пра сорак) кара знойдзе забойцу, а горад загіне. Але не хочацца маладому сэрцайку слухаць страшэннае, тым болей шчасце так блізка. Аднак прыходзіць урочны час і бура і землятрус змятае ўсё ў былым слаўным горадзе, які правальваецца ў бяздонне, а на ягоным месцы разлілося возера Свіцязь.

Трасецца зямля, захадзілі,

Бы ў трасцы, дамы – о нябёсы!

Званы не сціхаюць ні хвілі.

Шум, крык устае шматгалосы.

Вайцех на віхуру на гэту

Глядзіць у здзіўленні, а бура

Змятае з зямлі мур за мурам.

І раптам – канец, можа, свету? –

Расколвае дол, і – о гора! –

Ляціць у бяздонне ўвесь горад.
Умомант там возера стала,

У Свіцязі ўбачыш аблокі.

І сёння вандроўнік нямала

Пачуе пра час той далёкі.

Ён тут зразумее: каханне,

Што наша душу узвышае,

Да ліха прыводзіць, бывае...

Хвала вам, цнатлівыя пані,

Вы варты высокага слова,

Бо цнота – красы ёсць аснова.27.

Балада “Цыганка” з’яўляецца творчай перапрацоўкай шырока распаўсюджанай на Беларусі народнай песні, у якой апавядаецца аб трагічным лёсе дзяўчыны, што дарэмна чакае з вайны свайго каханага. Зразумела, адразу згадваецца славутая “Ленора” Л.Бюргера. Аднак ніякіх матываў змагання з лёсам, пратэстаў супраць накавання долі ў Т.Зана няма. Ягоная гераіня можа толькі плакаць без упынку па сваім адзіным Ясю, якога забралі уланы на вайну. У хвіліны роспачы яна сустракаецца з цыганкай, якая гадае няшчаснай сіраціне і прадказвае, што яе каханы вяртаецца з бітвы.

І сапраўды, чуецца стук бубна, спевы люду. Вяртаецца конніца, вяртаюцца уланы, вярнуўся і Ясь, але ў труне. Нявеста ад гора памірае. Томаш Зан спагадліва суцяшае сусвет, бо цяпер закаханыя будуць спаць у адзіным доме пад ракітай, а смерць лепей, чым няволя. Ясь загінуў за велічную справу.

Адгадала цыганка:

Ясь вярнуўся з вайны той,

Са шчаслівай каханкай

Будзе спаць пад ракітай.

Чым жа кепская доля?

Лепей смерць, чым няволя.28.

Як мы ўжо згадвалі асновай для большасці балад Я.Чачота сталі народныя паданні (“Калдычэўскі шчупак”, “Свіцязь”), мясцовыя легенды (“Навагрудскі замак”, “Мышанка”), канкрэтныя падзеі (“Узногі”) і г.д. Так, у баладзе “Бекеш” паэт выкарыстоўвае фрагменты народнай казкі аб трох братах, народнае павер’е аб непазбежнасці пакарання за парушэнне клятвы. Балада “Калдычэўскі шчупак” цалкам пабудавана на аснове народнага падання, запіс якога сустракаецца ў першым томе “Люду беларускага” М.Федароўскага. Галоўным вытокам балады “Свіцязь” С.Свірка называе беларускае паданне аб паходжанні возера29, якое стала асновай і аднайменных балад А.Міцкевіча і Т.Зана. Акрамя асноўных сюжэтных ліній адзначаных паданняў і легенд Я.Чачот шырока выкарыстоўвае шматлікія народныя павер’і і прыкметы: смерць злоснага пана ў лясным пажары – павер’е непазбежнасці пакарання за неэтычны ўчынак (“Узногі”), спалох каня перад выпрабаваннем – прыкмета няшчасця (“Бекеш”) і г.д. “Усе гэтыя элементы разам, – адзначае С.Свірка, – ствараюць выразную фалькларыстычную атмасферу, якая самым цесным чынам звязвае баладу як з народнай паэзіяй, так і з новым літаратурным напрамкам, які нараджаўся, – рамантызмам”30.

Філаматы былі першымі сярод тых, хто дакрануўся да скарбаў беларускай народнай паэзіі, адчуў прыгажосць народнай песні, казкі, народнай фантастыкі. Таму яны смела ўключалі ў свае балады асобныя фрагменты і жанравыя сцэны, дзе апісваліся звычаі беларускага народа. Многія вобразы міфалагічных істот (перш за ўсё вобразы “нячысцікаў” і русалак), як і некаторыя сюжэтныя хады (напрыклад, з’яўленне д’ябла на дне чаркі з гарэлкай ці існаванне зданей і прывідаў у вызначаных заклятых месцах) у польскіх рамантычных баладах таксама абумоўлены беларускай народнай традыцыяй31.

Баладная творчасць Т.Зана, Я.Чачота і асабліва А.Міцкевіча, як і многіх менш вядомых паэтаў, мела важнае значэнне для ўзнікнення жанру нацыянальнай балады. Упершыню ў творах развітой славянскай літаратуры прагучалі высокапаэтычныя словы захаплення беларускім селянінам, якому, як ні дзіўна, уласцівы ўсе лепшыя чалавечыя пачуцці: каханне і нянавісць, мужнасць і адданасць, высокая маральная чысціня. Што ж датычыцца народнай фантастыкі, вуснай паэзіі, то яна, захоўваючы найбольш старажытныя славянскія рысы, па ўзроўню паэтычнасці не саступае лепшым узорам сусветнага фальклору.

Такая высокая ацэнка народнай паэзіі не магла не ўплываць на далейшае духоўнае развіццё нацыі. Ужо “сам факт, што вялікі мастак піша пра Беларусь, не мог не пакінуць след у гісторыі беларускага народа, у гісторыі яго літаратуры”32. Як лічыць В.Каваленка, “уплыў творчасці А.Міцкевіча скараціў, “сціснуў”, паскорыў цяжкі ва ўмовах Беларусі пераходны этап ад класіцызму да рамантызму...”33

У прадмове да свайго першага зборніка “Балады і рамансы”, якая мела назву “Пра рамантычную паэзію”, А.Міцкевіч сцвярджае, што найбольш уласціва ўсяму роду паэзіі балады і рамансы. Згадваючы генезіс і эвалюцыю першай, вялікі рамантык паказвае ейную форму ў Іспаніі, Італіі, Францыі, пры гэтым падкрэсліваючы, што зусім іншы характар, дакладны і пэўны, мае англійская балада – кароткае апавяданне, сюжэт якога ўзяты з паўсядзённага жыцця альбо з рыцарскіх паданняў і ў якое для ажыўлення звычайна ўводзяцца дзівосы рамантычнага свету, тон англійскай балады – меланхалічны, стыль сур’ёзны, мова простая і натуральная. Барды і менестрэлі перанеслі гэты від балады з шатландскіх і ірландскіх гор на раўніны Англіі. Такая ж гісторыя балады і ў немцаў, дзе ў 1773 годзе Бюргер сваёй славутай “Ленорай” і многімі іншымі ўзорамі выклікаў шматлікіх паслядоўнікаў. З таго часу нямецкая літаратура зрабілася найбольш багатай баладамі пасля англійскай. Пэўныя адрозненні рамансаў ад балады А.Міцкевіч бачыў у апяванні чулліва-пяшчотных пачуццяў, менавіта таму ў першых меней фантастычнай выдумкі, форма іх пераважна драматычная, стыль характарызуецца большай наіўнасцю і прастатой.

Праўда, вельмі шкада, што наш славуты зямляк вельмі мала сказаў пра асобны від рамантычнай паэзіі – народную паэзію, паабяцаўшы пагаварыць пра нацыянальную народную паэзію іншым разам. А менавіта тут і крыюцца карані, вытокі ягоных славутых баладаў і рамансаў. А.Лойка пісаў:”Шматлікія песні і казкі чуў і запомніў паэт, жывучы ў Беларусі. Уражлівы хлопчык, дасціплы юнак, ён усім сэрцам чэрпаў з жыватворнай крыніцы народнай творчасці. З багацейшымі назіраннямі над навакольнай прыродай, над штодзённым побытам беларускага селяніна, яго вераваннямі і абрадамі, з багацейшым запасам беларускіх народных песень і казак прыйшоў Міцкевіч да стварэння сваіх балад і рамансаў, да паэмы “Дзяды”. Па сутнасці, ідэалам для начынаючага паэта Міцкевіча была творчасць Гётэ і Шылера. Але раптам ён са здзіўленнем даведваецца, што яго сябра дзяцінства Ян Чачот піша творы ўлюбёнага жанру балады не на аснове антычных гісторый, як Шылер, не паводле шатландскіх суровых песняў, як Вальтэр Скот, а на аснове з дзяцінства добра вядомых наваградскіх паданняў пра Свіцязь, свіцязанак, д’яблаў. Ці не таму ён амаль у кожным лісце з далёкага ўжо Коўна просіць прыслаць ягоныя “Бекешы”, “Свіцязі”, за што абяцае моцна абняць сябрука на Каляды. Ці не ў тым прычына, што асновай для “Балад і рамансаў” А.Міцкевіча сталіся беларускія народныя фантастычныя ўяўленні і міфы поруч з паданнямі пра дзівосныя з’явы на гэтай зямлі. Сюды ж неабходна дадаць і нешчаслівае, але такое велічнае каханне да Марылі Верашчакі, з якой блукалі па берагах Калдычэва і Свіцязі, слухаючы паданні пра славутыя азёры. Тут ён, жартаўліва палохаючы адзіную, апавядае страшэнную гісторыю пра дзяўчынку, якая ніколі не сказала на гэтым свеце слова “люблю” (балада “To lubię”).

Тады адразу стане зразумелым, чаму ў такога захопленага заходнееўрапейскай баладай юнака толькі па сутнасці адна балада, “Рамантычнасць”, вытрымана ў традыцыях англа-нямецкай паэзіі, а ўсе астатнія – у класічным стылі народнай паэзіі. Невыпадкова ў дзяцінстве на маленькага Адама найбольшы ўплыў аказаў беларус Блажэй, якога бацька паэта называў Улісам, і полька з Кароны Гансеўска. Вось чаму ён больш за ўсё палюбіў казкі, што апавядаў Блажэй, і песні, якія спявала служка. Ці не таму ў сваіх баладах ён і будзе імкнуцца паяднаць эпічны і лірычны пачатак паэзіі. Песенныя элементы будуць вызначальнымі ў баладзе “Пралескі”і “Курганок Марылі” (падрабязна аналіз апошняй даў Ян Чачот на адным з пасяджэнняў таварыства філаматаў). Але асаблівай паэтычнасцю вылучаюцца ягоныя балады “Свіцязянка”, “Свіцязь”, “Рыбка”, заснаваныя на вядомых з дзяцінства народных паданнях. Першая з іх пачынаецца ў класічным стылі рамантычный балады – дзіўная прыгода творыцца ля слыннага месца:

Jakiż to chłopiec piękny і młody?

Jaka to obok dziewica?

Brzegami sinej Switeziu wody

Idą przy świetle księżyca.
Ona mu z kosza daje maliny,

A on jej kwiatki do wianka;

Pewnie kochankiem jest tej dziewczyny,

Pewnie to jego kochanka.


Każda noc prawie, o jednej porze,

Pod tym sie widzą modrzewiem,

Młody jest strzelcem w tutejszym borze,

Kto jest dziewczyna? – ja nie wiem34.

Адкуль яна прыйшла, куды знікне – дарэмныя спробы спасцігнуць гэта. І так да канца паэт не здолее зразумець загадку гэтай прыгожай, з вялікім пачуццём уласнай годнасці дзяўчыны. Яна хоча ўся аддацца пачуццю кахання, яго радасцям і шчасцю, што абяцае паляўнічы з тутэйшага бору, малады і прыгожы, але заўсёды памятае запавет старога бацькі, які сцвярджаў, што “ў мужчынскім голасе салаўіны пошчак, а ў сэрцы – пракуды ліса”. Менавіта таму прыгажуня ў вянку хоча праверыць сілу клятвы стральца, які на каленях, з пяском у жмені перад святым ззяннем месяца абяцае вернасць на вякі. Згадаўшы, што парушэнні прысягі гарантуе пекла злой душы, яна знікае ў сваіх туманах. А хлопец раптам над хвалямі Свіцязі ўбачыў абрысы іншай дзяўчыны незвычайнай прыгажосці з тварам падобным да белай ружы з кропелькай ранішняй слязы і дзіўным станам, абвітым імглой таямнічасці. Яна шчыра, беззапаветна намаўляе хлопца пусціцца з ей у скокі па водным крышталю, плаваць як рыбка, сніць боскія сны на мяккай белі водных лілій. Ён кідаецца на кліч wodnеj panny, але на сярэдзіне возера пазнае ў ёй дзяўчыну з-пад лесу. Тая згадвае пра прысягу, і ў гэты момант раскрываецца падводная пашча глыбінь, у якой яны і гінуць. А над возерам снуецца пара ценяў, адзін з якіх быў стральцом з тутэйшага бору, а хто дзяўчына? – паэт усклікае – Ja nie wiem.

Балада “Свіцязь” пачынаецца з маляўнічага апісання ваколіц улюбёнага возера паэта, роўнядзь якога нагадвае шыбіну лёду, а ноччу ў іх мігцяць зоркі, як на небе, і можна ўбачыць адразу два месяцы – адзін, як і трэба, у нябёсах, іншы – у возеры. Аднак ноччу да ейнага лона падыходзіць ці пад’язджае толькі самы смелы з людзей. Бо там нейкі шатан такія жахі вырабляе, што страх згадваць начною парою. Як быццам абуджаецца возера, і сярод воднага сусвету можна пачуць местачковую размову, набат званоў, стук зброі, убачыць агонь і дым. А потым настае раптоўная цішыня, сярод якой чуецца шум лесу, а з водаў даносіцца ціхая малітва і жалосны дзявочы голас. Пан, якому дасталася гэтая зямля, вырашае разгадаць таямніцу. Велізарным невадам з вады выцягнулі дзіўную жанчыну з мілым тварыкам, каралавымі вуснамі і белымі мокрымі валасамі. Яна і апавядае спалоханым людзям даўнюю трагедыю, што надзейна схавалі жахлівыя глыбіні: некалі тут стаяў прыгожы Свіцязь-горад, дзе жылі мужныя і адважныя людзі. Але калі ворагі асадзілі сталіцу Мендога, то ўсё войска места на чале са слаўным князем Туганам пайшло абараняць легендарна Наваградак. А сам горад пакінулі пад апеку Бога, анёла якога бачыла ў сне князёўна. На Свіцязь – горад напала Русь, і адважныя жыхары замест няволі і палону выбіраюць удар грому або просяць: няхай жывых зямля пахавае. Слаўнае месца схавалася пад водамі, а ўсе свіцязанкі ператварыліся ў расліны з зялёнымі лістамі і белымі кветкамі, што нагадваюць белыя матылькі. Гэтыя кветкі, празваныя у народзе царамі, неслі смерць захопнікам, якія, зачараваныя нязвыклай прыгажосцю, спрабавалі іх сарваць. Распавёўшы гэтую велічную гісторыю, дзяўчына назаўсёды знікае ў хвалях.

Тут яснасць дзівосная цемрыва ночы

Ушчэнт разганяе наўкола.

На дол, дзе стаяла, кірую я вочы,

Ды толькі не бачу ўжо дола.


У бездань пайшло ўсё. Цяпер што ні лета

Тут краскі цвітуць ля вясёлкі.

Знай: Свіцязі жонкі і дочкі ўсё гэта –

Іх Бог перакінуў у зёлкі.


Такія бялюткія гэтыя кветкі!

Нібы матылі над вадою!

Ліст – цёмна-зялёнага колеру: гэткі

У елкі пад снегам зімою...


Ды кожны, хто кветак рукамі кранаўся –

Была ў іх нябачная сіла, –

У кур ад страшэнных пакутаў згінаўся,

І смерць яго тут жа валіла.

Час з памяці сцёр усе дзеі былыя,

Ды толькі пра дзень страшнай кары

І сёння расказваюць людзі старыя,

А кветкі здаўна клічуць – цáры35.

Водны сусвет надзвычай прыцягвае Адама Міцкевіча. Так, у баладзе “Рыбка”, створанай на аснове народных спеваў (Z pieśni gminnej), ён апавядае пра няшчасную Крысю, якая пасля здрады з боку разбэшчанага пана звяртаецца да русалак як самых блізкіх істот на свеце:

“O wy, co mieszkacie w wodzie,

Siostry moje, Switezianki,

Słuchajcie w ciężkiej przygodzie

Glosu zdradzonej kochanki”36

Паэт з вялікім майстэрствам паказвае пакуты маладой маці, вымушанай ў глыбіні дрыжаць ад холаду, плаваць па вострых каменьчыках і жвіры, які выядае вочы, і, самае галоўнае, чуць плач маленькага сыночка, якога ніхто не прыгалубіць і не накорміць. Беларусы здаўна верылі ў пазаграбовую апеку маці над дзіцем, таму і гераіня А.Міцкевіча выходзіць рыбкай на бераг, каб супакоіць крывіначку:

Na licach różana krasa,

Piersi jak jabłuszka mleczne,

Rybią ma płetwę do pasa;

Płynie pod chrusty nadrzecne.37

Матывамі цудоўнага прасякнута балада “Powrót taty”, якая, у адрозненне ад першаўзора, на які арыентаваўся Адам Міцкевіч – уступная частка легендарнай “Свіцязі” Яна Чачота, дзе апавядаецца аб забойстве купца рукамі няшчаснага закаханага – завяршаецца шчасліва, бо дзеткі героя сваімі шчырамі малітвамі здолелі скарыць сэрца дзікага разбойніка і вырваць свайго бацьку з рук ягонай банды. Шчабятанне і анёльскія галаскі дзетак прымусілі важака зграі змяніць пусты смех на трывогу і літасць:

Wtem: “Stojcie, stojcie!” – krzyknie starszy zbojca

I spedza bande precz z drogi,

A wypusciwszy і dzieci, і ojca,

“Idzcie – rzeki – dalej bez trwogi”.
Kuрiec dziekuje, a zbojca odpowie:

“Nie dziekuj, wyznam ci szczerze,

Piеrwszy bym palke strzaskal na twej glоwie,

Gdyby nie dziatek раcierze.


“Dziatki sprawily, ze uchodzisz calo,

Darza cie zyciеm і zdrowiem;

Im wiec podziekuj za to, co sie stalo,

A jak sie stalo, opowiem38.

Ён згадвае сваю жонку і маленькага сына, нешта чалавечае зварухнулася ў здавалася б навекі згінутай душы. Паэт верыць, што боская іскрынка заўсёды цепліцца ў сэрцы кожнага з людзей, незалежна ад яго мярзотных учынкаў. Ну а злачынства будзе заўсёды пакарана, як ты яго не хавай. Сведчанне таму і балада “Лілеі”, трагізм і суровая прастата якой абумоўлены паэтыкай народнай песні (Z pieśni gminnej), суровы ўяўны прымітывізм якой ледзь стрымлівае напор і энергію вялікай сапраўднай паэзіі:



: DocLib10 -> %D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D0%BE-%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5%20%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8B%20%D0%BA%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80 -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BB%D0%B8%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BB%D0%B8%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BB%D0%B8%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BB%D0%B8%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BB%D0%B8%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Іван Штэйнер Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BB%D0%B8%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Анатацыя на кнігу “Deja vu bis” Івана Штэйнера
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BB%D0%B8%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Тэма 1 Кампаратывістыка, яе сутнасць
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BB%D0%B8%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Хочацца вуснамі вуснаў, далоняў далонямі
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BB%D0%B8%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Ш alma mater universitatis часлівай дарогі!
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BB%D0%B8%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> А. В. Брадзіхіна методыка выкладання
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BB%D0%B8%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” В. С. Новак, А. А. Кастрыца


  1   2   3   4   5   6   7   8   9   10


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка