3. “ Калыханка”



Дата канвертавання15.05.2016
Памер162.11 Kb.

3. “ КАЛЫХАНКА”

сцэнарый адукацыйна-выхаваўчага модуля



Школа святочна прыбрана. Гасцей і бацькоў сустракаюць ля ўваходу дзеці старэйшых класаў у нацыянальным строі, распранаюць іх і знаёмяць з выставай дзіцячых работ (гойданкі з саломкі, малюнкі таго, што дзеці бачаць у сне, малюнкі персанажаў калыханак і г.д.)

Зала, дзе адбываецца прэзентацыя адукацыйна-выхаваўчага модуля "Калыханка", ўяўляе сабой калыску, якая абазначана стужкамі ад сярэдзіны столі да падлогі. Па баках – палярынкі. Дзеці з бацькамі заканчваюць падрыхтоўку дэкарацыі, размяшчаюць па перыметру розныя віды калысак (гойданку, зыбку), сучасную дзіцячую каляску. У супрацьлеглых вуглах – выявы Баяў.

На сярэдзіну пляцоўкі адзін за другім выходзяць выканаўцы і ўдараюць у трохвугольнічкі.

На пляцоўку выбягаюць з маскамі на макаўцы галавы персанажы калыханак Кот, Голуб, Воўк, Певень, Зайчык, Пава і робяць адпаведныя рухі і вымаўляюць належныя гукі.

У выкананні жалейкі гучыць мелодыя калыханкі. Святло прытупляецца і насустрач адзін другому выходзяць у касцюмах і масках Баі – родапачынальнікі, першанасельнікі Беларусі.
1-ы БАЙ. Ішоў Бай па сцяне

Ў чырвоным каптане.

Ці баіць, ці не?

ГЛЕДАЧЫ. Баіць.

1-ы БАЙ. І ты кажаш: "Баіць",

І я кажу: "Баіць".

Ішоў Бай па сцяне

Ў чырвоным каптане.

Ці баіць, ці не?1

2-і БАЙ. Ішоў Бай па сцяне,

Насіў лапці ў кішане.

Ці баіць, ці не?

ГЛЕДАЧЫ. Не! Не баіць!

2-і БАЙ. І ты кажаш: "Не",

І я кажу: "Не".

Ішоў Бай па сцяне,

Насіў лапці ў кішане.

Ці баіць, ці не?2

1-ы БАЙ. Добры вечар вам! Ці рады вынам?

2-і БАЙ. Калі вы нам рады, то і мы вам да парады!

1-ы БАЙ. Каб вялікія раслі!

2-і БАЙ. Каб здаровы былі!

1-ы БАЙ. На ката пацягушкі, а на дзетак растушкі!

2-і БАЙ. У счастлівую мінуту, удобры час вам гэта сказаць.


Гучыць мелодыя калыханкі.
1-ы БАЙ (пазяхаючы). Ой, пазяхушкі... Спаць хочацца.. (Ідзе на сваё месца і засынае.)

2-і БАЙ. Ішоў Бай па сцяне

Ў чырвоным каптане.

Трапіў к вам у госці.

Прытаміўся штосці... (Адыходзіць на сваё месца, засынае.)
Персанажы калыханак пазяхаюць, адыходзяць да Баяў і засынаюць. Мелодыю калыханкі падхопліваюць усе выканаўцы і спяваюць:

А ў полі калыска,

Вісіць яна нізка,

Люлі, ой люлі,

Вісіць яна нізка.
Калышуцца дзеўкі

Слічныя паненкі,

Люлі, ой люлі,

Слічныя паненкі.


А я маладзенька

Туды захацела

Люлі, ой люлі,

Туды захацела.



Туды захацела


Дзіва паглядзела,

Люлі, ой люлі,

Дзіва паглядзела.3

Дзеці іграюць на дудачцы, цымбалах, гармоніку, баяне.



Сцэна 1.


Паміж хлапцамі і дзяўчатамі, якія стаяць лініямі насупраць, адбываецца дыялог:

  • Адкуль дзеўкі?

  • З Барысава.

  • А чые вы?

  • Дзянісавы.

  • Як завецесь?

  • Гануся… Алена… Каця… (Дзяўчаты называюць сябе па чарзе)

  • А што робіце?

-- Смяемся.4
ВЯДУЧАЯ (выходзіць з лялькай на руках і спявае):
А-а-а, люлі

Пагнаў каток куры,

Пагнаў курачак у лясок.

На ім чырвоны паясок 5.

Што можа быць больш святым, чым матуля, якая трымае дзіцятка і спявае яму першую песеньку з якой пачынаецца станаўленне будучага чалавека. Песня такая таямнічая…
1-ая ДЗЯЎЧЫНКА (калыша ляльку і спявае):

Люлі-люлі-люлі,

Паляцелі куры,

Селі на варотах

У чырвоных ботах.

Сталі куркі сакатаць,

А што куркам есці даць:

Ці ячменю жменю,

А ці жыта карыта,

Ці гароху троху,

А ці бобу каробу,

Ці грэчачкі ражку,

Маленькай на кашку6
2-ая ДЗЯЎЧЫНКА (калыша ляльку і спявае):

Апсік, апсік, коця,

Не спі на рабоце,

Засні ў калыбельцы

На белай пасцельцы.

Пайшоў каток пад масток,

Злавіў рыбку за хвасток,

Ні самому есці,

Ні дзіцяці несці.

Я й сам крышку ўкушу,

Я й Марынцы занясу.

Пайшоў, пайшоў, каток, вон.

На Марынку – сон, сон7.
3-я ДЗЯЎЧЫНКА (калыша ляльку і спявае):

Люлі-люлі-люлі,

Прыляцелі куры,

Селі гна варотах

У чырвоных ботах.

Сталі куры сакатаць,

Няма чаго курам даць:

Ці аўса каласа?

Ці ячменю жменю?

Ці жыта карыта?

Ці гароху троху?8

ВЯДУЧАЯ. А ці ведаеце вы, у чым калышуць малое дзіця? Вядома ж, у калысцы. Раней калыскі рабілі з дошчак, плялі з лазы, імі служылі драўляныя начоўкі.


1-ы ХЛОПЧЫК (падыходзіць да калыскі). Гэта гойданка – калыска на чатырох вяроўках, мацавалася за бэльку.
2-і ХЛОПЧЫК (падыходзіць да калыскі). А гэта качанка, ложачак, пад ножкі якога мацаваліся падбітыя лямцем драўляныя палазкі.
3-і ХЛОПЧЫК (падыходзіць да калыскі). А гэта – зыбаўка. Калыска, якая мацавалася на чатырох вяроўках за канец бярозавай жэрдкі, што адным канцом і пасярэдзіне замацоўвалася да бэляк хаты.
4-і ДЗЯЎЧЫНКА (падыходзіць да калыскі). А гэта – калыска сучаснага дзіцяці.
4-ая ДЗЯЎЧЫНКА (калыша ляльку і спявае):

Апсік, каток, па плоце,

Шукаючы драмоцце.

Ён драмоцце не знайшоў,

Сам у арэшкі не пайшоў.

Апсік, каток, апсік, вон!

А хлопчыку – крэпкі сон9.
5-ая ДЗЯЎЧЫНКА (калыша ляльку і спявае):

Пайшоў каток пад масток,

Злавіў рыбку за хвасток.

А рыбка слізкая,

З лапак уцякае10.
6-я ДЗЯЎЧЫНКА (калыша ляльку і спявае):

Хадзіў каток па платку,

Уваліўся ў крапіўку.

Папёк коцік лапкі,

Палез на палаткі.

Палез бы вышэй,

Ды баюся мышэй.

Палез бы далоў,

Ды баюся валоў11.

ВЯДУЧЫ. Калі матка стамілася, ці занята рабатаю, на дапамогу прыходзіць бацька. Ён таксама можа заспяваць калыханку.


4-ы ХЛОПЧЫК (спявае): А-а, люлі, а-а, люлі,

Спі сыночак міленькі,

Галубочак сізенькі.

Мой сыночак будзе спаць,

А я буду калыхаць.
Нашто, вецер, ты гудеш,

Спаць Андрэйку не даеш?

Спі, сыночку міленькі,

Ой да люлі, люленькі...


Чуваць плач немаўляткі.
Вядучая. Вось неасцярожна разбудзілі дзіцятка. Будзем зараз даглядаць яго. Перапаўём, памыем тварык, накормім яго і пазабаўляем. (Бярэ ляльку і макрай сурветкай працірае вочкі, тварык, ручкі і ножкі. )
Вадзічка, вадзічка,

Умой мае лічка

Каб вочкі блішчэлі,

Каб шчочкі чырванелі,

Каб смяяўся раток,

Каб кусаўся зубок.12

Давайце разам вывучым гэтую заклічку, якую можна паўтараць ранкам умываючыся. (Усе паўтараюць за вядучай заклічку).
Вядучая. Калі я была маленькай, бабуля, прычэсваючы мае валасы, абавязкова прыгаворвала:

Расці каса да пояса,

Не згубі ні воласа!

Расці, косанька, да пят,

Усе валосанькі ў рад…

Давайце разам вывучым гэтую заклічку! (Усе паўтараюць за вядучай заклічку).

8-ая ДЗЯЎЧЫНКА (калыша ляльку і спявае):

Люлі, люлі, люлі,

Пайшоў кот па дулі.

Памарозіў лапкі,

Палез на палаткі.

Сталі лапкі грэцца,

Недзе котіку дзецца,

Люлі, люлі, люлі, спаць!13


9-ая ДЗЯЎЧЫНКА (калыша ляльку і спявае):
Люлі, люлі, люлі,

Палез кот па дулі.

Памарозіў лапкі,

Узлез на палаткі.

Сталі лапкі грэцца,

Недзе катку дзецца,

Палез бы на вышкі,

Дык баюся мышкі,

А палез бы далоў,

Дык баюся кароў14.


10-я ДЗЯЎЧЫНКА (калыша ляльку і спявае):

На двары цямным-цямно,

Тры зоркі глядзяць у вакно.

Тры сябровачкі яны,

А ты, донечка, засні.

Першая – красівая,

Другая – праўдзівая,

Трэцяя – шчаслівая.

Каб расла красівая,

Каб расла шчаслівая,

Малая мая донька15.
ВЯДУЧАЯ. Дзіцятка заснула, а мы пагуляем.
Гучыць мелодыя гульні "Верабейка". Дзеці водзяць карагод і спяваюць:
Ходзіць верабейка

Па сметнічку.

Мала нас, мала нас

На печыве хлеба.


Да і сабірае

Да дружыначку:

Яшчэ к нам, яшчэ к нам

Болей дзевак трэба.


Ой, ляцела птушачка

Да і да пшаніцы.

Мала нас, мала нас,

Просімо вас.


Вялікі наш танчык,

Усіх мы не змесцім.

Многа нас, многа нас,

Прэч ад нас16.

ВЯДУЧАЯ. Пакуль наша дзіцятка спіць мы загадаем нашым гасцям загадкі.
Сцэна 2.

Хлапечыя загадкі.




  1. Гоніш, гоніш, - не выганіш,

Мяцеш, мяцеш, - не вымяцеш,

Як прайшла пара, уцякае са двара. /Святло/




  1. Бяжыш за ім – не дагоніш,

Уцякаеш – не адгоніш.

У вадзе не тоне,

У агні не гарыць. /Цень/


  1. Хто бязгучна мякка ходзіць,

Хто без рук павейкі зводзіць?

Не відаць яго нідзе,

А на ложак спаць кладзе. /Сон/


  1. Што гэта за вочы:

Адно свеціць ўдзень, а другое – уночы. /Сонца і месяц/


  1. Прыйшла цёмная маці,

Усіх паклала спаці. /Ноч/


  1. Усіх нас корміць, а есці не просіць. /Зямля/

7. Яна люляе, вочкі зачыняе, сон наганяе. /Калыханка/

ВЯДУЧАЯ. Давайце пагуляем у "Ката" – аднаго з галоўных персанажаў калыханак у беларусаў. Калісьці існаваў звычай у новую калыску першым класці ката, самую "спячую" жывёлу. Калі каток выспіцца, то і дзіцятка будзе добра спаць.
Пачынаецца гульня "У гарлачыкі". Дзеці выбіраюць Гаспадыню і Ката. Астатнія – Гладышы. Яны садзяцца на зямлю ў кружок, падцягваюць калені да грудзей,абхопліваюць іх рукамі.
ГАСПАДЫНЯ (кліча Ката). Кіс, кіс, кіс!

КОТ. Мяў, мяў!

ГАСПАДЫНЯ. Ты дзе гуляў?

КОТ. На вуліцы.

ГАСПАДЫНЯ. А мышку спаймаў?

КОТ. Не.


ГАСПАДЫНЯ. Чаму?

КОТ. Малака хачу!

ГАСПАДЫНЯ. Ну ідзі паспрабуй..
Кот абыходзіць Гладышы, дакранаецца да іх і аблізваецца.

ГАСПАДЫНЯ. Ну што? Ці выбраў?



Кот падыходзіць да яе і паведамляе імя выбранага ім удзельніка гульні. Пасля гэтага зноў абыходзіць сядзячых, злёгку штурхаючы іх у плячо, гаворыць: "Нягодны, нягодны". Дайшоўшы да выбранага ўдзельніка, Кот нечакана штурхае яго ўлева і гаворыць: "Годны!" Калі Гладыш зваліцца, Кот крычыць: "Узяць!". Праіграўшы – выбывае, а гульня пачынаецца з пачатку. Калі Гладыш не зваліцца, Кот мяняецца з ім роллю 17.

Сцэна 3.


Скарагаворкі.

ВЯДУЧАЯ. Пакуль наша дзіцятка давайце правядзем конкурс на лепшае выкананне скарагаворкі паміж вучнямі і іх матулямі.




  1. Дайшлі чуткі што:

Тры дрывасекі, тры дрываколы

На трох дварах дровы колюць.





  1. Паехаў ён у Францыю, а там:

Марі лэн жнэ, Іван тэля пасэ.


  1. Заехаў у карчму, а там даюць

Каму-па каму, а каму і па 2 камы.


  1. Добраму ўсюды добра,

Добра ўсюды добраму.


  1. З'еў ён тады 33 пірагі з пірагом,

Ды ўсе з тварагом.


  1. Чые дзеткі перапялюшчыя, перапялюшчыя, перапілі, пераелі, пералушчылі,

Перапаролі, перамалолі, ператрушчылі.


  1. Штоб я каму, дзе, што-небудзь такое,

А то я нікому, нідзе, нічога, ніякага.


  1. Чырвоная стужачка каля капялюшыка.




  1. Пад вываратнямі вавёрка ўе вяроўкі вёртка.




  1. Гаварыў, гаварыў, не дагаварыў, дагаворваў ды загаварыўся.

Сцэна 4.



Конкурс "Спавіванне дзіцяці".
ВядучАЯ. Вельмі добра нашыя дзяўчаткі калыханкі спяваюць, але ж трэба яго яшчэ ўмець спавіваць.
(Праводзіцца конкурс на лепшае спавіванне лялькі, а вучыць гэтаму бабуля, якую спецыяльна запрасілі на прэзентацыю).

ВядучАЯ. У прысутных на нашым спяктаклі гасцей можа скласціся вельмі памылковае ўражанне аб дзіцятку. Не ўвесь час немаўлятка спіць, а ў хвілінкі паміж сну матулі бавяць яго пястушкамі і забаўлянкамі. Вось ужо нашае дзіцятка паспала, мы яго памылі, спавілі ў сухія пялюшкі і будзем забаўляць.
4-ы ХЛОПЧЫК (у рытме забаўлянкі б'е ў далоні лялькі).

Ладкі – ладкі,

Дзе былі?

-- У бабкі.

-- Елі?

-- Кашку з семечкам.



Біла бабка венічкам.

Шух, шух, паляцелі!18


5-ы ХЛОПЧЫК (у рытме забаўлянкі б'е спачатку ў далоні лялькі, а потым загінае і разгінае ў яе пальчыкі).

Сарока-варона

Кашку варыла,

На прыпечку студзіла,

Дзетак карміла.

"Гэтаму дам,

Гэтаму дам,

Гэтаму дам,

Гэтамудам.
А гэтаму не дам,

Бо ты, мал,

Круп не драў,

Вады не насіў,

Цеста не мясіў.

Ідзі, малы, па вадзіцу,

Табе кашка на паліцы,

У маленькай чарапіцы"19.


6-ы ХЛОПЧЫК (у рытме забаўлянкі стукае пальчыкам па ступнях лялькі ).

Кую, кую ножку,

Паеду ў дарожку,

Дарожка крывенька,

Кабылка сляпенька 20.

7-ы ХЛОПЧЫК (у рытме забаўлянкі стукае пальчыкам па ступнях лялькі ).

Кую, кую пятку

Паеду к братку.

А ў майго братка

На гарэ хатка,

І стажок,

І млынок,

І маркоўкі градка21.
8-ы ХЛОПЧЫК (у рытме калыханкі настаўляе пальцамі рук рожкі да свайго ілба, якімі бадае дзіця).

Ішла каза рагатая, багатая.

-- У каго пападу, таго забаду.

-- У Марысю папалі,

Марысю забадалі.

Баду-баду, баду-баду22.


9-ы ХЛОПЧЫК (у рытме калыханкі гушкае ляльку на руках).

Гушкі, гушкі,

Прыляцелі птушкі.

Селі на варотах

У чырвоных ботах.

Сталі шчабятаці,

Нельга Дзімку спаці 23.

10-ы ХЛОПЧЫК (у рытме калыханкі гушкае ляльку на назе).

Гу-та-та, гу-та-та!

Выйшла кошка за ката,

За ката катовіча,

За Графа Графовіча24.


8-ы ХЛОПЧЫК (саджае на спіну ляльку і ў рытме калыханкі скача па колу).

Гоп-гоп, і-га-га.

На буланцы едзе Янка,

Паўтарста рублей санкі,

Пяцьдзесят рублей дуга,

А кабылка паўрубля.

Гоп-гоп, і-га-га.
Гоп-гоп, і-га-гі.

Я паеду на кані

Богу маліцца,

Цару хваліцца.

Кючыкам-замочкам,

Шоўкавым платочкам.

А ў бога сірата

Адкрывала варата25.


Сцэна 5.

Конкурс "Накарміць дзіця"

ВядучАЯ. Каб добра дзіцятка расло, трэба з ім часцей гуляць, спавіваць, песні яму спяваць, а галоўнае трэба яго карміць. Правядзем конкурс. Трэба з завязанымі вачыма адрозніць ежу.

ВЯДУЧАЯ. Наша немаўлятка пагуляла, мы ягро накармілі, напаілі. А зараз яму ізноў пара спаць.

11-ая ДЗЯЎЧЫНКА (калыша ляльку і спявае):

А-а, люлі, прыляцелі куры,

Селі на варотах у чырвоных ботах,

Сталі сакатаці. Чаго курам даці?

Ці ячменьку жменьку? Ці гарошку трошку?

А-а, люлі, спаць,

А я буду калыхаць25.
12-ая ДЗЯЎЧЫНКА (калыша ляльку і спявае):

Люлі, люлі, спацькі,

Няма дома бацькі.

Пайшоў на работу,

Прыйдзе ў суботу.

Прывязе гасцінца

Поўную хусцінку.

Мы з табою будзем браць

Будзем татку цалаваць26.

13-я ДЗЯЎЧЫНКА (калыша ляльку і спявае):



На сярэдзіну гульнёвай пляцоўкі выходзіць шумавы аркестр. Дзяўчынкі і хлопчыкі іграюць на шумавых інструментах і спяваюць калыханку.

Святло прытупляецца і насустрач адзін другому выходзяць у касцюмах і масках Баі – родапачынальнікі, першанасельнікі Беларусі.
1-ы БАЙ. Ішоў Бай па сцяне

Ў чырвоным каптане.

Ці баіць, ці не?
ГЛЕДАЧЫ. Баіць.
1-ы БАЙ. І ты кажаш: "Баіць",

І я кажу: "Баіць".

Ішоў Бай па сцяне

Ў чырвоным каптане.

Ці баіць, ці не?
2-і БАЙ. Ішоў Бай па сцяне,

Насіў лапці ў кішане.

Ці баіць, ці не?
ГЛЕДАЧЫ. Не! Не баіць!
2-і БАЙ. І ты кажаш: "Не",

І я кажу: "Не".

Ішоў Бай па сцяне,

Насіў лапці ў кішане.

Ці баіць, ці не?
1-ы БАЙ. Аставайцеся жывенькія, здаровенькія!
2-і БАЙ. Няхай вам ліхе мяне!
1-ы БАЙ. Дай бог лёгкі сон да свету!
2-і БАЙ. Вялікія расціце, добра гадуйцеся!
На сярэдзіну пляцоўкі выходзяць выканаўцы і ўдараюць у трохвугольнічкі.
1-ы БАЙ (пазяхаючы). Ой, пазяхушкі... І мне спаць хочацца.. (Ідзе на сваё месца і засынае.)
2-і БАЙ. Ішоў Бай па сцяне

Ў чырвоным каптане.

Трапіў к вам у госці.

Прытаміўся штосці... (Адыходзіць на сваё месца, засынае.)


КАНЕЦ.


1 Зап. М.А. Гатоўчыц у 1984 г. ад А.М.Гатоўчыц 1911 г.н. у в. Ліпск Ляхавіцкага р-на. Архіў аўтара.

2 Ляцкий Е.А. Материалы для изучения творчества и быта беларусов. 1. Пословицы, поговорки, загадки. – М., 1898. – С. 14.

3 Зап. ў 1937 годзе ад М.Чантарыцкай, 50-ці гадоў, у мястэчку Будслаў, Вілейскага пав. Гл.: Беларускія народныя песні. У ІУ-х т. Мн., 1959. -- Т.1, с.310 -- 311. Нотны дадатак да дапаможніка № 19. Спяваць песню калі калышуцца.

4 Зап. Г.І.Цітовіч у 1946г. ад адзяўчат у в.Крывічы, Салігорскага р-на Мінскай вобл. Гл.: Анталогія беларускай народнай песні, № 355.

5 Зап. М.А.Гатоўчыц у 1984 г. ад Е.З.Гатоўчыц 1922 г.н. у в. Ліпск Ляхавіцкага р-на. Архіў аўтара.

6 З дзіцячых успамінаў Л.М.Салавей, якая чула калыханку ад маці, Н.Е.Скурко з в. Навасёлкі Мядзельскага раёна. Гл.: Дзіцячы фальклор/ Уклад. Г.А.Барташэвіч. Уклад. муз часткі В.І.Ялатаў. – Мн., 1972. – С. 145

7 Зап. Е.С.Шырвель у 1971 г. ад В.Майса ў в. Проўжалы Валожынскага р. Гл.: Дзіцячы фальклор/ Уклад. Г.А.Барташэвіч. Уклад. муз часткі В.І.Ялатаў. – Мн., 1972. – С.139.

8 Зап. Г.І.Цітовіч у 1945 г. ад С.Д.Белай 1909 г.н. у в. Жасцінне Плешчаніцкага р. Гл.: Дзіцячы фальклор/ Уклад. Г.А.Барташэвіч. Уклад. муз часткі В.І.Ялатаў. – Мн., 1972. – С. 144. У арыгінале – "вароцех" і "боцех".

9 Зап. Н.Мыслівец у 1988 г. ад Г.Ф.Акуліч 1919 г.н. у в. Церакі Лагойскага р. Гл.: Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць / Уклад. В.Д.Ліцвінка. Уклад. муз. часткі Г.Р.Кутырова. Мн.: Універсітэтскае, 1995. – С.448

10 Зап. А.Няборскай у 1986 г. ад М.І.Няборскай 1930 г.н. у в. Нова-Ганцавічы Лагойчкага р. Гл.: Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць / Уклад. В.Д.Ліцвінка. Уклад. муз. часткі Г.Р.Кутырова. Мн.: Універсітэтскае, 1995. – С.448


11 Зап. А.Няборскай у 1986 г. ад М.І.Няборскай 1930 г.н. у в. Нова-Ганцавічы Лагойчкага р. Гл.: Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць / Уклад. В.Д.Ліцвінка. Уклад. муз. часткі Г.Р.Кутырова. Мн.: Універсітэтскае, 1995. – С.449

12 Зап. Каліта Н.М. у в.Сорагі, Слуцкага р-на Мінскай вобл. Архіў аўтара запісу.

13 Зап. Г.Курітава ад А.М.Жалдак 1922 г.н. у в. Кармазы Старадарожскага р. Гл.: Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць / Уклад. В.Д.Ліцвінка. Уклад. муз. часткі Г.Р.Кутырова. Мн.: Універсітэтскае, 1995. – С. 449.

14 Зап. Г.Кутырова ў 1984 г. ад В.Я.Піскун 1925 г.н. у в. Лешніца Бярэзінскага р-на. Гл.: Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць / Уклад. В.Д.Ліцвінка. Уклад. муз. часткі Г.Р.Кутырова. Мн.: Універсітэтскае, 1995. – С. 449.


15 Зап. Г.Кутырова ад Т.П.Мельнікавай 1917 г.н. у в. Новыя Крупкі Крупскага р. Гл.: Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць / Уклад. В.Д.Ліцвінка. Уклад. муз. часткі Г.Р.Кутырова. Мн.: Універсітэтскае, 1995. – С. 450.



16 Беларускія народныя песні. Вып. 1. – Мн., 1928. -- С.48.

17 Зап. Л.Р.Вількін ад В.Т.Марулевай 1889 г.н. у в. Глухі Быхаўскага р. Гл.: Гульні, забавы, ігрышчы /Уклад. А.Лозка. – Мн., 1996. -- С. 353.

18 Зап. М.А,Гатоўчыц у 1984 г. ад Е.З.Гатоўчыц 1922 г.н. у в.Ліпск Ляхавіцкага р-на. Архіў аўтара.

19 Зап. у в. Крыштафова Дзяржынскага р-на ў 1995 г. ад Б.М. Грыневіч, 1922 г.н. Архіў аўтара.

20 Зап. Н.Краўчэня ў 1984 г. ад Г.А.Саланец 1910 г.н. у в. Сінегава Старадарожскага р-на. Гл.: Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць / Уклад. В.Д.Ліцвінка. Уклад. муз. часткі Г.Р.Кутырова. Мн.: Універсітэтскае, 1995. – С. 435.

21 Зап. Н.Краўчэня ў 1984 г. ад Г.А.Саланец 1910 г.н. у в. Сінегава Старадарожскага р-на. Гл.: Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць / Уклад. В.Д.Ліцвінка. Уклад. муз. часткі Г.Р.Кутырова. Мн.: Універсітэтскае, 1995. – С. 435.

22 Зап. М.А,Гатоўчыц у 1987 г. ад Е.І.Дыдышка 1919 г.н. у в.Ліпск Ляхавіцкага р-на. Архіў аўтара.

23 Зап. А.Няборскай у 1986 г. ад М.І.Няборскай 1930 г.н. у в. Нова-Ганцавічы Лагойскага раёна. Гл.: Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць / Уклад. В.Д.Ліцвінка. Уклад. муз. часткі Г.Р.Кутырова. Мн.: Універсітэтскае, 1995. – С. 451.


24 Зап. М.А.Гатоўчыц у 1987 г. ад Е.І.Дыдышка 1919 г.н. у в.Ліпск Ляхавіцкага р-на. Архіў аўтара.

25 Зап. М.А. Гатоўчыц у 1984 г. ад А.М.Гатоўчыц 1911 г.н. у в. Ліпск Ляхавіцкага р-на. Архіў аўтара.

25 Зап. А.Няборская ад М.І.Няборскай 1930 г.н. у в. Нова-Ганцавічы Лагойскага р. Гл.: Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць / Уклад. В.Д.Ліцвінка. Уклад. муз. часткі Г.Р.Кутырова. Мн.: Універсітэтскае, 1995. – С. 451.


26 Зап. А.Няборская ад М.І.Няборскай 1930 г.н. у в. Нова-Ганцавічы Лагойскага р. Гл.: Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць / Уклад. В.Д.Ліцвінка. Уклад. муз. часткі Г.Р.Кутырова. Мн.: Універсітэтскае, 1995. – С. 452.

: upload
upload -> Конкурс для маладых журналістаў 4 Майстэрня грамадзянскай актыўнасці для моладзі 5
upload -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
upload -> Гданьск пачынаецца ў наваградку пралог як заўсёды, сонца мела
upload -> Вучэбны матэрыял да ўрока №9 М. М. Брылеўскі
upload -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
upload -> Клуб Лакальных Лідэраў 6 Семінар у Вільні для журналістаў 7 конкурс адукацыйных матэрыялаў 8 конкурс
upload -> Віктар Крэс панятоўскія-крэпышы герба «юноша»: радавод старажытнага
upload -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
upload -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі
upload -> Клубы і аматарскія аб’яднанні сеткі публічных бібліятэк Стаўбцоўскага раёна




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка