3 ю к хлопчык 11 гадоў. В І н ц у с ь яго брат 10 гадоў



Дата канвертавання30.06.2016
Памер109.2 Kb.
АЛЕСЬ ГАРУН

Датрымаў характар



(Абразок1 у адной дзеі)

АСОБЫ


3 ю к — хлопчык 11 гадоў. В і н ц у с ь — яго брат 10 гадоў.

Даволі вялікі, але пусты пакой. Проста ад публікі дзверы з шыбкамі2 ўгары. У левай сцяне даволі высока ад падлогі акно на 4 шыбы. Апрача стала і 2 крэслаў —

ніякай мэблі. Сцены голыя. На стале кнігі, сшыткі.

Зюк і Вінцусь сядзяць каля стала.

В і н ц у с ь (голасна ўздыхаючы). Гэта ўсё роўна, але каб мы вучыліся , цётка напэўна б ніколі нас тут не замкнула... У гэтым ты вінен. Ужо трэці дзень, як мы не хочам вучыцца.

3 ю к (устаючы). А я табе кажу: будзе па-мойму. Трэба толькі не траціць натуры3.

Вінцусь. Не ведаю, што гэта мае значыць «не траціць натуры», але ведаю, што ў сто разоў лепей было б цяпер гуляць, чымсьці тут сядзець. Бо гэта агромна нудна — сядзець пад замком за кару.

3 ю к. Цётка, трэба сказаць, залішне строга з намі абыходзіцца, асабліва са мной. Мяне, у маім вяку, дазваляе сабе замыкаць у гэты абрыдлівы пакой. Табе ад гэтага нічога не станецца, ты яшчэ дзіця, але я. Я маю ўжо адзінаццаць гадоў.

В і н ц у с ь (абражаны). А я дзесяць...

3 ю к. Дзевяць і пяць месяцаў.

В і н ц у с ь. Ну, сем месяцаў што ж... дурніца...

3 ю к. Ого! Гэта розніца. Па дзесяцёх гадох кожны мужчына ўжо дарослы. (Трагічна.) Але я не папушчу4 ёй!

В і н ц у с ь. Цікавасць. Што ты зробіш?

3 ю к. Першае: як толькі тата прыедзе, зараз яму ўсё раскажу, як тут без яго з намі абыходзіліся, як не шанавалі мяне, яго старшага сына... I хто: нейкая кабета, нейкая цётка, якая, можа, меней правоў мае тут распараджацца, чым я...

Вінцусь. А другое?

3 ю к. Другое? (Збіты запытаннем з тору.)1 Потым пабачым.

В і н ц у с ь. Так... Але, бачыш, калі цётка тут усім у нас парадкуе, то, значыцца, ёй можна... Яна ж у нас ужо даўно, ад самай мамінай смерці, і тата ёй ва ўсім дае волю і цяпер. Тата ведаў жа, калі мы маемся прыехаць на вакацыі6, і, калі выязджаў, пэўна ж прыказваў цётцы, як нас трымаць. А потым — старшыя заўсёды барзджэй7 з сабой згаворацца, чым з намі, і нам яшчэ так можа дастацца, што хто яго згадае як!

3 ю к (неспакойна). Ты так думаеш?

В і н ц у с ь. Але, так...

3 ю к. Э... хто там ведае...

В і н ц у с ь. Павер мне! Старэйшыя заўсёды разам.

3 ю к. Гэта праўда. Але як быць, калі штодня тое самае? Цётка прымушае нас працаваць па дзве гадзіны кожную раніцу. Ці табе здаецца, што гэта мяне можа забаўляць?

В і н ц у с ь. Наогул мне нічога не здаецца.

3 ю к. Блазнюк! То ж вялізнае надужыццё8 цяпер нас змушаць да навукі. Вакацыі — зусім не пара для навукі.

В і н ц у с ь. Але, праўда. Толькі як мы добра папрацуем гэтых дзве гадзіны, дык потым цётка дае нам волю гуляць праз цэлы дзень, а як мы не вучымся, дык замыкае... Калі так далей пойдзе…

3 ю к. Слухай, Вінцусь, ці ты думаеш, што цётка... Куды цётка... Што яе муж, нябожчык дзядзька, вучыўся, калі быў такім маладым мужчынаю, як я?

В і н ц у с ь. Скуль жа мне ведаць. Але пані Прыборская, гэта з вялікім ружанцам9, што так з цёткаю цалуецца, калі ні прыедзе, дык тая, я чуў сам колькі ўжо разоў, усё гаворыць цётцы: «Ах, пані муж быў вялікім чалавекам!»

3 ю к. Ну, Прыборская... дужа яна знаецца ў гэтым... А мне здаецца, што дзядзька калі нават і вучыўся, дык ненашмат што яму навука прыдалася. Ен быў усяго толькі паслом.

Вінцусь. А дзеля чаго гэта паслы?

3 ю к. Не шмат дзеля чаго, ва ўсякім выпадку. Некалі я быў з таткам тамака, дзе яны працуюць. Мяне дык не адразу і пусцілі — нібыта малады яшчэ тады быў. Называецца гэта «ізба». Не вельмі важна і называецца. У ізбе гэтай вялізная саля10, а ў ёй парасстаўляны сталы і лавы акурат як у школе. Усе паслы сядзяць у гэтай школе і адзін па аднаму ўстаюць адказваць свае заданні нейкаму лысаму пану ў акулярах.

В і н ц у с ь. Гэта, мусіць, іх прафесар?

3 ю к. А ўжо ж. Ён даглядае за імі са свайго падвышэння і нават, калі занадта вялікі гармідар11 паднімуць, звоніць у такі званочак, каб сціхлі.

В і н ц у с ь. А... а замыкаюць іх за кару, калі пачнуць залішне даказваць?

3 ю к. Гэтага не ведаю... Але мусілі б, бо часамі ліха ведае якія штукі выпраўляюць. А потым... разумееш, п'юць толькі ваду, цукраваную ваду.

В і н ц у с ь. Як маленькія дзеці...

3 ю к. Як дзеці... Ну хіба ж гэта не глупства— гэтыя паслы...

Вінцусь. Аты чым будзеш, як будзеш вялікім?

3 ю к (з абурэннем). Я буду вялікім... але я ўжо вялікі — як на мой век. Хочаш хіба сказаць, як буду яшчэ старшым?..

В і н ц у с ь. Але...

3 ю к (важна). Напэўна яшчэ не ведаю. Змоладу я хацеў быць уласнікам цукерні... або ўласнікам крам з цацкамі, але цяпер аддумаў. Барзджэй што зраблюся міністрам...

В і н ц у с ь. Гэта? У Мінску?

3 ю к. Сказаў! Скуль жа ў Мінску будуць міністры, калі ім няма тут чаго рабіць! Міністры жывуць толькі па вялікіх мястох. Ах, браце, што за пекная штука быць міністрам! Убранне, вышыванае золатам, капялюш такі... таксама з золатам...

В і н ц у с ь (са здзіўленнем). Дык ты будзеш выглядаць бязмала як прыдзвер12 у Гранд-гатэлю?

3 ю к. Ого — шмат лепей! А потым буду мець шмат медалёў. Паначапляю ўсе іх на грудзі — паглядзіш, гэта будзе хораша выглядаць. I будуць да мяне зварочвацца: «Ваша Вяльможнасць, Ваша Эксцэленцыя». (Паказваючы.) «Ваша Вяльможнасць зволіць прыняць?» — «Хто гэта асмельваецца мяне турбаваць?» — «Гэта турэцкі паўнамоцнік і японскі імператар просяць іх выслухаць, Ваша Вяльможнасць». — «А, добра, гэта што іншае... хай пачакаюць, Яго Вяльможнасць вельмі заняты, паліць цыгару». (Сядае на крэсле бокам да гледачоў I ўдае, як бы паліць.)

В і н ц у с ь. А я зраблюся Генрыкам Сянкевічам, куплю сабе шмат паперы і напішу «Патоп », « Крыжакоў »...

3 ю к (смеючыся). Разумненькі. Даўно гэта ўжо і без цябе напісана.

В і н ц у с ь. Гэта нічога не шкодзіць, што напісана. Напісана, ды па-польску, а я напішу па-нашаму і потым усё іначай. Кміціца13 я так доўга мучыць не буду. Данусі13 не дам памерці, як гэта зрабіў Сянкевіч, але выдам яе за Збышку13, а на Ягенцы13 сам ажанюся...

3 ю к. Глупотка. Гэнай жа Ягны няма, і не было яе ніколі.

В і н ц у с ь. Няўжо і не было? А ці ты думаеш, што гэта цяжка пісаць?

3 ю к. Бадай што, і не цяжка. Іншыя пісьменнікі, глядзі, як памногу пішуць. Мусіць, каб было цяжка, то не здужалі б. Дый Сянкевіч, ён, кажуць, у школе найгоршыя адзнакі атрымоўваў.

В і н ц у с ь (радасна). Акурат як я! I мне здаецца, што гэта не цяжка: трэба толькі паперы, пер'яў і атраманту14... нават і выдаткі15 не вялікія.

3 ю к. А мыслі?

В і н ц у с ь. Што там мыслі.. Мыслі прыходзяць самі.

3 ю к (пераконаны). Праўда. Ну, дык едзьма! (Устае з крэсла.)

В і н ц у с ь (як бы просячы). Але ведаеш што, Зюк... Хто ведае... Можа, твой міністр і не атрымліваў самых кепскіх адзнак... (Зюк сядае.) Можа б, мы павучыліся, бо калі так далей пойдзе, як за гэтыя тры дні... Ты ведаеш жа, што цётке дакляравала16 нас адсюль не выпусціць, аж пакуль мы не скончым свае заданні — давай павучымся і скончым!

3 ю к. Не. Я мушу ўсё падужаць17 і ўсё вытрымаць. А, апрача таго, цётка павінна была параіцца са мной перад тым, як мяне сюды садзіць…Не — я страшэнна сярдзіты!

В і н ц у с ь (падсоўваецца з крэслам да Зюка). А калі не зробім заданняў? Дык будзем жа гэта сядзець аж давеку18?

3 ю к. Ты заўсёды аб адным. Тым для цябе горш. (Кладзе праз стол руку на плячо Вінцуся.) Эх, Вінця, трэба быць смелымі, маладымі героямі, мучанікамі, а не баяцца таго, што будзем сядзець. Будзем, ну й будзем. Помніш, як у той кніжцы, каторую я браў з гімназіі, гэны малады мужчына? Вось дзе герой быў: прасядзеў у бакшце19 трыццаць пяць гадоў, але не паддаўся.

В і н ц у с ь (жаласліва, напалохаўшыся). Ой, не, Зючак, — я столькі тут не вытрываю, я барзджэй памру... (Вымае з кішэні хустачку і падносіць яе да вачэй.)

3 ю к (прысоўваецца з крэслам да Вінцуся і абнімае яго за шыю). Вінцуська, братачка, не плач... Прашу цябе, не плач!

В і н ц у с ь (хаваючы хустачку ў кішэню, глытаючы слёзы). Я не плачу...

3 ю к (трошкі адхіляецца ад Вінцуся і рукой, каторай яго абнімаў, лёгка стукае па стале далонню). Бачыш, трэба датрымаць сваё. Трымайся так, як я!

В і н ц у с ь. Бо ты зусім не ведаеш, Зюк, аб чым я думаю. Найгорш... найгорш было б прасядзець тут, у гэтым пакоі пустым, усю ноч...

3 ю к (уражаны гэтымі словамі). Гм... Ліха! Я аб гэтым не думаў! (Жыва.) Але не можа быць, пад вечар нас выпусцяць, — бо што ж гэта было б? А ў канцы заспакойся, братачка, нас жа двое. Калі хто і нападзе, дык будзем бараніцца. От, каб мне сюды маю шаблю!

В і н ц у с ь (занепакоены). Ты думаеш, на нас нехта мог бы напасці?

3 ю к. Гм-м... бачыш, ноччу ўсяго можна спадзявацца. Заўсёды лепш мець зброю.

В і н ц у с ь. Божухна! Астацца тутака на ўсю ноч?! Я ўжо не баюся трыццаці пяці год, бо татка ж раней прыедзе і нас выпусціць, ну... але і адну ноч... (уздрыгвае). Помніш тых бедных дзетак ангельскага караля, пра каторых мы чыталі?..

3 ю к. Помню, помню. Гэта страшна... Па-праўдзе, гэта кепская гісторыя — за кару сядзець пад замком. Можа, і праўда лепш было б вучыцца... (Кароткая паўза. Вінцусь зноў выцірае слёзы. Зюк у задуме апусціў галаву, аж раптам, ускочыўшы, кажа.) Слухай, Вінцусь. Пышны20 план... Ведаеш, да чаго я дадумаўся?

В і н ц у с ь (сумна паднімаючы галаву). Што ж?

3 ю к. А вось: дай адразу сабе паможам і цётцы адудзячым за яе дабрату...

В і н ц у с ь. Якім спосабам?

3 ю к. Уцякаючы адгэтуль. Хай тады цётка нас пашукае. Што яна скажа, як татка, прыехаўшы, запытаецца: «Дзе хлопцы?» — «Няма...» — «Як няма, чаму няма?» Што яна адкажа, га? Добра?

В і н ц у с ь. Добра. А куды ўцячом?

3 ю к. Пытанне! У Амерыку, вось куды. Будзем ездзіць тамака сабе на мустангах21 і лавіць баволаў22, хадзіць па сцежцы вайны, паліць люльку згоды23, спаць пры агні, закрыўшыся самбрэрас24...

В і н ц у с ь. Аднак гэта не так проста туды ўцячы.

3 ю к. Фю-ю! Нічога лягчэйшага: на першай станцыі сесці на чыгунку і — проста да мора, а там схавацца ў бочку або ў вугаль на параходзе, і праз дзесяць дзён будзем у Амерыцы.

В і н ц у с ь. А да станцыі як?

3 ю к. Як — як?

В і н ц у с ь. Ну, як да станцыі дастанемся25? Трэба будзе ісці праз лес, а ў лесе нас ваўкі папераймаюць.

3 ю к (расчаравана сядае на крэсла). Але, ваўкі, — праўду кажаш: гэта не зусім бяспечна. Але... Мы і не будзем уцякаць у Амерыку, схаваемся толькі дзе-небудзь.

В і н ц у с ь. Дзе?

3 ю к. Дзе? У адрыне пад сенам. Прынамсі, будзем чуць, як нас будуць шукаць і як цётка плакаць будзе.

В і н ц у с ь. Але ж у адрыне пацукі.

3 ю к. Што ты кажаш?

В і н ц у с ь. Праўда. Анадай26 Палінар накладаў рэзгіны27, — аж тут як ні выскачыць з-пад сена пацук, як ні пісне, як ні паляціць ды мне пад ногі скок! Аж я напалохаўся. Вось такі (паказвае, расставіўшы рукі) пацук!

3 ю к. А... Гэта горш: з пацукамі не жарты... (Задуменна.) Бай! Не ўсё згублена. Ведаеш, дзе схаваемся, — на вёсцы, у нашай старой нянькі Алены. Помніш, як яна нас шкадавала?

В і н ц у с ь. А Алена нікому не скажа?

3 ю к (з пагардай). Алена — скажа! Ого — Алена скажа, выдумаў! Яна нас яшчэ мёдам частавацьме кожны дзень, бо ў яе сына калоды...

В і н ц у с ь. Во, гэта мне лепш падабаецца, чым Амерыка і пацукі ў адрыне, прынамсі, мёду наядзімося. Аднак... Цётка нас замкнула і ключ забрала, — як жа мы ўцячом?

3 ю к (паказваючы на акно). А во: прыставім стол і фю-ю на другі бок!

В і н ц у с ь. Не высака тут?

3 ю к. Э, глупства. Я адзін выскачу, а табе прыстаўлю драбіну, і будзеш на волі.

В і н ц у с ь (радасна). Слаўна прыдумана. Дай жа я табе памагу. (Разам з Зюкам прымаюць усё са стала і падстаўляюць яго пад акно.) Ну, лезь! (Зюк праз стол узлазіць на падаконніцу і праз шыбу глядзіць уніз.) Што, як?

3 ю к. Не, не выскачыш, — высака занадта, небяспечна.

В і н ц у с ь (узлезшы на стол, глядзіць праз акно). Высака.

3 ю к (злезшы на стол з акна, хмарна). Высака... (Паўза.)

В і н ц у с ь. А можа, і лепш, што высака... Бо нават пакуль мы і ў Алены знайшліся б, татка мог бы набрацца страху, а за што ж яго палохаць. Пойдзем лепш, Зюк, паставім усё на месца і будзем вучыцца.

3 ю к. Пачакай, там нехта ідзе па сцежцы. Цётка і... за кустом не відна... Ага, і нейкі мужчына.

В і н ц у с ь (стаўшы на пальчыкі). Дзе? Дзе? Зюк, дык гэта ж татка, татачка.

3 ю к (радасна). Праўда! Праўда! Божа мой, колькі часу мы ўжо не бачыліся? Якая гэта будзе радасць зараз пры спатканні!

В і н ц у с ь. А ведаеш, Зюк, аб чым тата цяпер з цёткай гаворыць?

3 ю к. Аб чым?

В і н ц у с ь. Аб нас. I цётка, напэўна, ужо данесла тату, што мы ўжо трэці дзень не вучымся. I хто яго ведае, што тата яшчэ аб гэтым падумаў...

3 ю к (неспакойна). Так думаеш?

В і н ц у с ь.А пэўна. Слухай, няхай нас тата застане за працай: паставім усё на месца і пачнём вучыцца.

3 ю к. Слушна гаворыш. (Абодва саскокваюць са стала і даводзяць да пачатковага парадку. Ставяць на месца крэслы.) Ну, я ўжо не зачну так другі раз...

В і н ц у с ь. Як і я. Гэта брыдка, што татусь нас тут застане, сорам! (Сеўшы, бярэ граматыку і голасна цвічыцца28 ў скланеннях.) «Я буду пільны, ты будзеш пільны, ён будзе...»

3 ю к (піша з кнігі). «Праца ёсць школай для моладзі і аздобай29 для старасці». (Кінуўшы пісаць.) Ах, чаму ж яны не ідуць?

В і н ц у с ь. Спяшайся з заданнямі, стары мармытун, — потым назюкаешся. «Я быў пільны, ён быў пільны... Я быў...» (За дзвярыма галасы, пакручваецца ключ у замку.) Не вытрымаю. (Бяжыць і выскоквае проста ў дзверы.) Татачка!

3 ю к (бяжыць за Вінцуком. Перад дзвярыма, абярнуўшыся да гледачоў, кажа). Але хто мне выткне30, што я не датрымаў характару?

-----------------

1 Абразок — невялікая п'еса.

2 Шыбка (шыба) — шкло, застаўленае ў аконную раму.

3 Не траціць натуры — не губляць гонару, свайго аблічча, настойваць на сваім, рабіць па-свойму.



4 Не папусціць (каму-небудзь) — не саступіць.

5 Збіцца з тору — разгубіцца ад нечаканасці.

6 Вакацыі — канікулы.

7 Барзджэй — хутчэй.

8 Надужыццё — тут: злоўжыванне ўладай: прымус

9Ружанец — шнурок з пацеркамі або вузельчыкамі для адлічвання прачытаных малітваў.

10 Саля — вялікі пакой, зала.

11 Гармідар — шум, гоман, беспарадак.

12 Прыдзвер — швейцар; чалавек, што стаіць ля ўвахода ў атэль, рэстаран, тэатр і сочыць за парадкам.

13 Кміціц, Дануся, Збышак, Ягенка — героі твораў польскага пісьменніка Генрыка Сянкевіча.

14 Атрамант — чарніла.

15 Выдаткі — расходы затраты

16 Дакляраваць — паведамляць, абяцаць.

17 Падужаць — асіліць, вынесці выпрабаванні.

18 Давеку — тут: надта доўга, да канца жыцця.

19 Бакшт — астрог, вежа ў замку..

20 Пышны — тут: цудоўны, надзвычай добры.

21 Мустанг — дзікі конь (на Амерыканскім кантыненце).

22 Бавол — буйвал.

23 Паліць люльку згоды — прымірыцца, жыць у згодзе.

24 Самбрэрас — шыракаполая шляпа.

25 Дастацца — тут: дабрацца.

26 Анадай — напярэдадні.

27 Рэзгіны — прыстасаванне з вяровачнай сеткі, нацягнутай на сагнутыя драўляныя дужкі, у якім носяць сена, салому.

28 Цвічыцца — тут: практыкавацца.

29 Аздоба — тое, што ўпрыгожвае.

30 Выткнуць — зрабіць заўвагу, папракнуць.

1









База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка