8 кастрычніка Таямніцы святла



Дата канвертавання15.05.2016
Памер185.3 Kb.

«Сямейны Ружанец»

8 кастрычніка
Таямніцы святла



1. Хрост Езуса ў Ярдане
Езус акунаецца ў ваду, у якой ізраэльцяне, якія навярталіся, вызнавалі свае грахі. Ён не быў грэшны, але ва ўсім стаўся з намі салідарным. Настолькі блізкім да нас, што ўваходзіў у клімат граху. Езус становіцца салідарным з намі, каб перамяняць чалавека з сярэдзіны.
Ён набліжаецца да тых месцаў і той прасторы, дзе ёсць грэх. Акунаецца і паўстае. Гэты жэст ужо азначае прыняцце на сябе, на свае плечы, усяго граху свету: “Вось Той, Хто бярэ на сябе грахі свету…” З гэтага моманту вада звязваецца з Асобай Збаўцы і гэтым самым становіцца прыладаю збаўлення.
Езу, акуніся ў штодзённасць нашай сям’і, каб узяць ад яе грэх і цяжар віны на свае плечы, а дай ёй свой супакой.
2. Езус аб'яўляе сябе на вяселлі ў Кане
“І паверылі ў Яго вучні Ягоныя”. На вяселлі ў Кане пачынаецца новая эра, эра місійная, эра Езуса Хрыста. Кожны шлюб, кожнае бласлаўлёнае сужэнства - гэта новая эра, новая гісторыя, у якую запрошаны Езус і Ягоная Маці. Адгэтуль звычайная “вада штодзённасці” становіцца прасторай, дзе з’яўляецца “адборнае віно” святасці, збаўлення сужэнцаў.
Езу, дазволь цяжары штодзённасці, шэрыя дні, дні маўчання, невыносна звычайныя хвіліны прынесці да Цябе, няхай у нашых сем’ях няспынна валадарыць клімат новай эры, Тваёй эры.
3. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання
Цэнтрам, сэрцам Евангелля ёсць Езус Хрыстус. Ягонае з’яўленне (Уцелаўленне і нараджэнне) у свеце чакае ад кожнага засяроджвання на Ім. Божае Валадарства - гэта Езус. Навяртанне - гэта засяроджванне ўсяго чалавека на Езусе Хрысце.
Езус не абвяшчае Евангелля пра грэх, але пра сябе, пра Любоў Айца ў Ім, кажа пра сыноўнія адносіны з Айцом. Навяртанне - гэта працэс няспыннага ўваходу ў сыноўнія зносіны з Айцом, а ў той час, грэх суступае месца Валадарству Езуса.
Езу, увайдзі ў прастору нашых сем’яў, дзе валадарыць хаос і духоўная анархія, дзе валадарыць мрок залежнасцяў. Учыні, каб Ты стаўся сэрцам жыцця кожнай сям’і.
4. Перамяненне Езуса на гары Табор
Езус бярэ з сабою найбліжэйшых. Жадае праз гэта ўмацаваць іх веру. Часам неабходна адысці на гару малітвы разам з Езусам. Аддаліцца ад клопатаў, праблем выключна ў прастору прысутнасці Езуса. Там, у супольным прабыванні з Ім, наступае цуд перамянення. Перамяняецца позірк, які пачынае бачыць глыбіню здарэнняў; сэрца, якое пачынае пульсаваць штодзённым рытмам прысутнасці Бога; перамяняюцца ўчынкі, якія натхняюцца спатканнем з Богам.
Езу, дай кожнай сям’і расставіць правільна прыярытэты, каб тое, што істотнае і найгалоўнейшае (суадносіны з Табою), выпраменьвала і асвятляла жыццё кожнай сям’і. Перамяні сэрцы бацькаў і маці, каб былі здольныя ўводзіць дзяцей у жывыя, інтымныя адносіны з Табою.
5. Устанаўленне Эўхарыстыі
Езус пакідае першаму Касцёлу тое, што найгалоўнейшае і самае істотнае – сваю прысутнасць. Эўхарыстыя з’яўляецца перажыванай актуальна, зараз, Таямніцай Збаўлення. Увесь Хрыстус ёсць у Эўхарыстыі. Знайсці гэты Скарб - найвялікшае шчасце чалавека. Тут Хрыстус таксама дае Касцёлу дар святарства, цесна звязваючы дар Эўхарыстыі са святарствам.
Езу, учыні, каб кожная сям’я сустракала Цябе ў Эўхарыстыі. Няхай Твая Прысутнасць станецца цэнтрам дня, цэнтрам святкавання кожнай нядзелі, цэнтрам аднаўлення жыцця. Просім, няхай кожная сям’я праз сваё імкненне да святасці станецца месцам, дзе ўзрастаюць і развіваюцца пакліканні да святарства і манаскага жыцця.
Падрыхтаваў а. Анджэй Юхневіч ОМІ


9 кастрычніка
Балесныя таямніцы



Уступ:
Святы Ян Павел ІІ казаў, што “сапраўдная сям’я, якая абапіраецца на сужэнстве, сама па сабе з’яўляецца добрай навіной для свету”. У балесных таямніцах, над якімі сёння разважаем, можам убачыць таксама сучасныя сем’і, якія падвяргаюцца бічаванню, карануюцца цернем, ідуць з Езусам па крыжовай дарозе, трываючы на малітве, прыбіваюцца да крыжа, каб уваскрэснуць.
Магчыма, і я знайду сябе з любімымі членамі маёй сям’і ў гэтых таямніцах і адчую сілу малітвы ўсіх, аб’яднаных Ружанцам, і напоўнюся верай, надзеяй і любоўю, каб мая сям’я з Хрыстом перамагла ўсялякія небяспекі і зло. Памолімся сёння праз заступніцтва Марыі аб ласцы сапраўдных, хрысціянскіх сем’яў для Касцёла і свету!
1. Малітва Езуса ў садзе Аліўным
Аб чым маліўля наш Пан Езус Хрыстус? Евангелле кажа нам пра трывогу, згоду з воляй Айца і просьбу захаваць ад пакутаў. Збаўца маліўся і за мяне, каб вытрываў да канца ў вернасці свайму пакліканню. Езус вучыць нас таксама, што ў складаны час патрэбна быць з Богам. Малітва ў еднасці з Хрыстом не толькі дадае сілы - яна адкрывае крыніцу ласкі.
Даручым у гэтай таямніцы Божай міласэрнасці сем’і, якія перажываюць свой Аліўны сад, каб не страцілі надзею!
2. Бічаванне Езуса
Вучні паўцякалі, іншыя адвярнуліся ад Езуса, толькі Маці ішла верна і пакутавала з Ім. Пакуты іншага чалавека ў адных выклікаюць спачуванне, у іншых агіду, яшчэ іншыя разважаюць пра іх справядлівасць і нікчэмнасць “бічаванага”, апраўдваючы жахлівасць катаванняў.
На жаль, і сёння бачны бічаваны Езус: калі несправядліва асуджаюць, крыўдзяць, калі хтосьці ў сям’і плача з-за дрэннага слова, нікчэмных паводзін, распусты, алкагалізму, абыякавасці, маральнага і фізічнага здзеку і насілля. “Усё, што ўчынілі аднаму з гэтых малых, Мне ўчынілі”, – кажа Езус.
Памолімся, каб у сучасных сям’ях не было “бічаваных” якім-небудзь чынам і каб мы самі дзяліліся любоўю!
3. Укаранаванне Езуса цернем
Евангелле паказвае ўкаранаванне Езуса цернем і апрананне пурпурнага плашча як выраз здзеку жаўнераў над збічаваным, скатаваным Панам. Сапраўдны Валадар сусвету і чалавечых сэрцаў высмейваецца з цынізмам і пагардай, а найвышэйшая святасць і каштоўнасць абдзіраецца з усялякай павагі і годнасці.
Назіраем, што і сёння такія вартасці, як чыстасць да шлюбу, цнатлівасць, пашана да старэйшых, сужэнская вернасць, узаемнае прабачэнне, бескарысная дапамога многімі лічацца слабасцю, глупствам ці наіўнасцю і высмейваюцца нават публічна. Здзек з тых, хто не пасуе да ліберальных ідэалаў, уседазволенасці, жыцця без прынцыпаў – гэта сучаснае каранаванне Езуса цернем.
Молімся, каб у хрысціянскіх сем’ях захоўвалася святасць і чалавечая годнасць!
4. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую
Крыжовую дарогу наш Збаўца праходзіць вузкімі вуліцамі Ерузалема сярод мітусні штодзённасці тагачасных жыхароў і гасцей горада. Яны не ведаюць, што асуджаны нясе не толькі крыж, але і грахі чалавека, якога прагне збавіць.
Крыж – гэта таксама цяжар і змаганне. Любоў Найсвяцейшай Маці, паслуга Веранікі і Сымона Кірынейца, а перад усім еднасць з Нябесным Айцом дапамагаюць Езусу падымацца і дайсці да канца, каб “здзейснілася”. Цяжар крыжа лягчэй несці са свядомасцю падтрымкі Божай ласкі і прысутнасці любячых людзей. Асаблівым чынам у сям’і ўсе яе члены дапамагаюць адзін аднаму ўпэўнена ісці наперад, падымацца з упадкаў і дайсці да мэты. Сямейны крыж – гэта любоў, якая патрабуе ахвяры з сябе і прысвячэння дзеля іншага.
Молімся, каб нашы сем’і не ўпалі назаўсёды пад цяжарам крыжа!
5. Укрыжаванне і смерць Езуса
Кальварыя, укрыжаванне, смерць, пахаванне, плач блізкіх і цішыня, у якой прамаўляе Бог. Затрымліваюся ў час маёй ружанцовай малітвы, каб спытацца пра смерць… Хрыстус быў забіты, бо не дапасоўваўся да асяроддзя… бо смерць аднаго чалавека не мае значэння…
Жах канцлагераў, выключэння, нечалавечых эксперыментаў над чалавекам, таксама і ненароджаным, аборты, эўтаназія - адным словам, культура смерці ваюе з жыццём. Аднак Езус перамог, бо Бог заўсёды перамагае, а крыж становіцца знакам гэтай перамогі. Мая мама яшчэ ў дзяцінстве паказвала мне крыж, які вісеў на сцяне, і тлумачыла, што гэта любоў і моц, што ў ім перамога.
Молімся, каб сімвалы нашай веры заўсёды ўшаноўваліся ў нашых сем’ях!
Падрыхтаваў а. Аркадзь Куляха OCD


10 кастрычніка
Радaсныя таямніцы



Уступ:
„Любоў – наша пакліканне”. Назва з катэхез на тэму сям’і знаходзіць адлюстраванне ў радасных таямніцах святога Ружанца. Любоў як аснова сямейных сувязяў спадарожнічае Марыі, якая найперш выслухоўвае Божага пасланніка, затым, нягледзячы на цяжкасці, ідзе да Альжбеты, становіцца Маці праз нараджэнне Езуса, а ў канцы мы бачым, як яна змучана з прычыны смерці Езуса. Молімся, каб любоў была ў нашых сем’ях і вяла іх да Паўнаты.
1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
„У шосты месяц паслаў Бог анёла Габрыэля ў горад Галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы – Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою”. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл: “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда”. (…) Тады Марыя сказала: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 26-32; 38).
Марыя напоўнена любоўю да Бога і бліжняга, нягледзячы на страх, рашаецца на прыняцце таго, што Бог падрыхтаваў для Яе, і становіца Маці Сына Божага. Менавіта гэта любоў, якая з’яўляецца пакліканнем кожнай жанчыны – маці – дазваляе ёй перамагчы страх, звязаны з невядомай будучыняй.
Молімся, каб кожная жанчына, якая чакае нараджэння свайго дзіцяці, перамагла ў сабе страх і з вялікай любоўю клапацілася аб патомстве, якое носіць пад сэрцам.
2. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
„Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым” (Лк 1, 39-45)
Марыя, нягледзячы на цяжарнасць, поўная любові да сваіх сваякоў, вырушыла ў нялёгкі шлях, каб адведаць Альжбету. Любоў, якая з’яўляецца нашым пакліканнем, не зважае на цяжкасці, звязаныя з яе рэалізацыяй. Наадварот: яна дапамагае перамагчы гэтыя цяжкасці і робіць нас больш моцнымі. Любоў, адкрытая на патрэбы іншых, спрыяе таму, што мы можам яе рэалізаваць як маці, мужы, дочкі, сыны, стрыечныя браты і іншыя блізкія.
Молімся, каб любоў схіляла нас будаваць нашы сем’і на аснове запаведзі любові да Бога і бліжняга.
3. Нараджэнне Езуса Хрыста

„Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць. І нарадзіла Сына свайго першароднага. І спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе” (Лк 2, 4-7)


Тое, што было да гэтага часу звязана са страхам, зараз становіцца надзеяй. Марыя нарадзіла Дзіцятка Езуса. Любоў, як пакліканне кожнай жанчыны, кажа нам з надзеяй глядзець у будучыню. Кожнае дзіця, якое прыходзіць у свет у канкрэтнай сям’і, з’яўляецца надзеяй для самой гэтай сям’і, надзеяй для грамадства і надзеяй для свету. Страх замяняецца надзеяй, што кожная сям’я будзе жыць паўнатой свайго паклікання, значыць любоўю.
Молімся, каб кожнае народжанае дзіця было агорнута бацькоўскай любоўю, якая ўчыняе, што мы жывём паўнатой жыцця ў нашых сем’ях.
4. Ахвяраванне Хрыста ў святыні
“Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прнеслі Яго (Дзіця) у Ерузалем, каб прадставіць Пану. (…) А бацька і Маці Езуса дзівіліся таму, што было сказана пра Яго” (Лк 2, 22. 33-34)
Любоў, якая з’яўляецца нашым пакліканнем, таксама і бацькоўская, мае аблічча ахвяры, якая разумецца як ахвярнасць. Марыя ахвяруе Богу тое, што ў Яе самае каштоўнае - свайго Сына. У нашым сем’ях ахвяра, якая разумецца як дар з сябе або дар для іншага, вядзе нас да паўнаты.
Дзякуючы ўменню адмовіцца ад чагосьці на карысць іншага мы вучымся быць адкрытымі на кожнагаз членаў нашых сем’яў. Каб жыць паўнатой сямейнага жыцця, трэба ўмець ад чагосьці адмаўляцца. Тады, аднак, мы атрымаем у сто разоў больш. Ахвяра, якую нам прыйдзецца скласці, спрыяе разуменню нашага паклікання як любові.
Молімся аб дары ахвярнасці ў нашых сем’ях.
5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
„Бацькі Езуса хадзілі штогод у Ерузалем на свята Пасхі. І калі Яму было дванаццаць гадоў, яны ўзышлі ў Ерузалем паводле звычаю свята. (…) Думаючы, што Ён ідзе з пілігрымамі, прайшлі дзень дарогі і тады пачалі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі. Не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалем, шукаючы Яго. І пасля трох дзён знайшлі Яго ў святыні. Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх. А ўсе, хто слухаў Яго, дзівіліся розуму і адказам Яго. І, убачыўшы Яго, яны здзівіліся, і сказала Яму Маці Ягоная: “Дзіця, чаму Ты зрабіў нам так? Вось бацька Твой і балюча перажывалі, шукаючы Цябе”. Ён сказаў ім: “Чаго ж вы шукалі Мяне? Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?” Але яны не зразумелі таго, што Ён сказаў ім” (Лк 2, 41-50).
Калі яны знайшлі Яго пасля трох дзён, то вярнуліся дадому, і Езус быў ім паслухмяны. Любоў як пакліканне бацькоў здольная прабачаць. Гэтае прабачэнне робіць магчымым правільнае функцыянаванне ў нашых сем’ях. Езус пасля вяртання быў ім паслухмяны і вучыўся чалавечнасці ў сваіх бацькоў.
Нашы сем’і часта не свабодныя ад болю, праблем, непаразуменняў і маюць патрэбу ў прабачэнні, каб адкрыцца на бліжняга. Адкрыццё на іншага чалавека дазваляе нам разгледзець у ім станоўчае, каштоўнае. Гэтае адкрыццё дазваляе адкрыць наша пакліканне, якім з’яўляцца любоў.
Молімся аб дары прабачэння ў нашых сем’ях, каб, прабачаючы, мы адкрывалі нашы сэрцы на любоў, якая будзе перадавацца іншым і ахвяроўвацца нам іншымі. Яна будзе весці нашы сем’і да Паўнаты.
Падрыхтаваў а. Пётр Фраштэнга OCD


11 кастрычніка
Хвалебныя таямніцы



1. Уваскрасенне Хрыста
І вось Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: “Вітайце!” Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланяліся Яму.
Марыя заўсёды разам з Езусам. Аднак, чым больш людзей даведвалася пра Хрыста, тым менш было магчымасцяў у Маці кантактаваць з Сынам. Дзейнасць Езуса – гэта поўнае прысвячэнне сябе абвяшчэнню Добрай Навіны, гэта клопат аб давераным статку. Марыя таксама заўсёды гатова да ахвяры. Яна не заўжды магла быць з Ім фізічна, але патрымлівала духоўную еднасць. Калі Езус памірае на крыжы, з Марыяй здараецца тое, аб чым напісана ў Евангеллі паводле Лукі - “А праз Тваю душу пройдзе меч”.
Спадарожнічаючы цяжкаму шляху свайго Сына, Марыя таксама становіцца сведкай Яго трыумфу – Яго ўваскрасення. Няхай гэты прыклад дасканалай вернасці натхняе нас на штодзённую барацьбу за нашу святасць і за магчымасць вечнага шчасця у Божым Валадарстве.
2. Унебаўшэсце Хрыста
Калі Езус благаславіў Апосталаў, адышоў ад іх і ўзняўся ў неба. Яны ж, пакланіўшыся, вярнуліся ў Ерузалем з вялікай радасцю.
Апосталы вяртаюцца ў Ерузалем з вялікай радасцю, з вялікімі надзеямі, з вялікай мэтай. Іх не палохае атрыманае заданне, яны не вяртаюцца з цяжарам страха і заклапочанасці, бо маюць Настаўніка, Валадара Сусвету. Умацаваныя Хрыстовай ласкай, яны добра ведаюць, што менавіта іх слабымі рукамі будзе сеяцца зерне веры і здзяйсняцца цуды, бо моц Пана здзяйсняецца праз немач чалавека. Таму адкінем страх і даверымся Богу, бо шчасце – прыняцце і выкананне задання, з якім мы па волі Пана прыйшлі ў гэты свет.
3. Спасланне Духа Святога
І стаўся раптам з неба шум, як бы надыходзячага сільнага ветру, і напоўніў увесь дом... І паказаліся ім як бы вогненныя языкі, і спачыў на кожным з іх. І ўсе напоўніліся Духам Святым

Святы Дух кіруе Касцёлам, ажыўляе Яго, ажыўляючы кожную Яго цаглінку, а гэта значыць - кожнага хрысціяніна.


Калі мы хочам найбольш бездакорна выконваць Божую волю, то мы пакліканы клапаціцца пра сваю еднасць з Касцёлам, у якім мы атрымліваем Святога Духа, у якім становімся святыняй і ў якім да нас прыходзіць Пан падчас Эўхарыстыі.
Мы маленькія ліхтарыкі ў свеце: сярод родных, сяброў, на працы ці вучобе; мы памочнікі Хрыста, якія могуць зрабіць так, каб полымя Святога Духа не згасла для нашых блізкіх.
4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі.
Марыя з душой і целам была ўзята з нашага свету. Мы маем заступніцу, любячую Маці, якая не дзеліць нашы патрэбы на важныя і тыя, што не заслугоўваюць увагі. Для Марыі мы каштоўны здабытак Езуса, дзеці, абмытыя ад грахоў, вызваленыя ад смерці, давераныя Яе апецы. Будзем прасіць Яе дапамогі, каб Яна падтрымлівала нас у шэрай штодзённасці, каб не дала пахіснуцца ў часы выпрабавання.
5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
І пачуў я голас моцны, які казаў у небе: “Цяпер настала збаўленне, і сіла, і валадаранне Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які дзень і ноч абвінавачваў іх перад Богам нашым”.
Настаў час збаўлення, час прабачэння, час навяртання. Бог ціха чакае, ці кінемся мы ў абдымкі Яго міласэрнасці. Толькі Любоў можа так цярпліва чакаць, так далікатна звяртацца да нашага сэрца, так шчыра запрашаць да вечнага шчасця, так шчодра асыпаць ласкамі.
Хай жа Марыя падтрымлівае нас на дарозе да Езуса, а святыя Божыя атуляюць свёй апекай, бо мы слабыя, схільныя да зла, маладушныя. З верай будзем крочым да Божага Валадарства, бо ўсе нашы недасканаласці могуць стацца пылам у велічы Божай любові.
Падрыхтаваў кс. Кірыл Бардонаў


12 кастрычніка
Радасныя таямніцы



1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
У Божай задуме кожная сям’я з’яўляецца санктуарыем жыцц, асаблівым месцам сустрэчы і супрацоўніцтва ў справе стварэння новага чалавека. Бог сам з’яўляецца ініцыятарам звеставання добрай навіны аб зачацці ў канкрэтнай хатняй супольнасці. Створца чакае супрацоўніцтва з боку бацькоў: актыўнага слухання голасу сумлення і велікадушнага адкрыцця на дар жыцця.
Сітуацыя, якая з чалавечага пункту гледжання перарастае магчымасці разумення: для чаго сёння? Бог бароніць кожнае жыццё і ставіць пячаць на нашай безнадзейнасці, надаючы сітуацыі атмасферу міру, радасці і ўпэўненасці. Для Бога няма нічога немагчымага…
Молімся, каб кожная сям’я была заўсёды адкрыта на дар новага жыцця...
2. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
Сям’я як санктуарый жыцця не з’яўляецца прасторай герметычна замкнёнай. Радасць айцоўства і мацярынства выпраменьвае з яе, дазваляе выйсці з цеснаты свайго дома, сваёй сітуацыі і міласэрным сэрцам убачыць тых, якім можна канкрэтна дапамагчы.
Такім чынам ствараецца сямейная салідарнасць, і не толькі знешне, але найперш на аснове духу. Адсюль паходзіць крыніца моцы сведчання асабліва для слабых і няўпэўненых. Сям’я, адкрытая на іншых, сваім існаваннем можа прысароміць тых, хто баіцца прыняць патомства як дар Божы альбо стварыць для Бога месца ў сакрамэнтальных знаках.
Молімся, каб кожная сям’я была выразным сведчаннем адкрытасці на патрэбы іншых…
3. Нараджэнне Езуса Хрыста
Гэтая таямніца цалкам закранае паняцце сям’і як санктуарыя жыцця. Нямы заклік зачатага дзевяць месяцаў таму патомства чуецца ва ўсёй ваколіцы як мілы крык немаўляці. Езус, Сын Божы, стаўся чалавекам для нас, каб паказаць найбольшую вартасць чалавечага жыцця.
Сям’я паклікана да таго, каб захоўваць і прымаць кожнае чалавечае жыццё не як сваю задуму і праект на шчасце, але як найвышэйшы скарб і дар ад Бога. Евангелле паказвае, што пры нараджэнні кожнага чалавека радуецца неба і Богу аддае хвалу.
Молімся, каб кожнае зачатае жыццё ўбачыла святло і адчула смак жыцця на хвалу Бога…
4. Ахвяраванне Хрыста ў святыні
Таямніца ўдзячнасці Таму, ад каго бярэ пачатак кожнае існаванне. Бацькі выконваюць рэлігійны акт, прычына якога – не толькі абавязак выканання прадпісанняў Закону, але і сапраўная любоў да Створцы. Такім чынам сям’я стварае месца Богу, які з’яўляецца не “традыцыйным дадаткам”, але сапраўдным цэнтрам і фундаментам для будучыні.
Толькі Бог ведае, кім будзе кожнае дзіця і што будзе з ім. Ён чакае актыўнага супрацоўніцтва ўсёй сям’і і асяроддзя ў рэалізацыі і выкананні сваіх збаўчых намераў.
Молімся, каб кожная сям’я была месцам ахвяравання і ўдзячнасці Богу за тое, што мае, і за тое, што Бог для яе падрыхтаваў…
5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
Заданне сям’і не завяршаецца на перадачы жыцця і задавальнення асноўных патрэбаў дзіцяці. Канкрэтным выклікам з’яўляецца клопат аб правільным рэлігійным выхаванні патомства. Найважнейшым у гэтым пытанні з’яўляецца сведчанне бацькоў, якое пакідае трывалы след у сэрцы дзіцяці. Езус ідзе з Марыяй і Юзафам да дома Айца, бачыць іх малітву, а потым бачыць штодзённыя ўчынкі і паводзіны, якія вынікаюь з рэлігійнага жыцця.
Гледзячы на добры прыклад жыцця і веры бацькоў, кожнае дзіця можа ўзрастаць у мудрасці і гадах, каб у адпаведны час пачаць самастойны шлях адказнасці.
Молімся, каб кожная сям’я была месцам перадачы і сведчання сапраўднага жыцця рэлігійнымі каштоўнасцямі…
Падрыхтаваў кс. Андрэй Лысы SChr


13 кастрычніка
Балесныя таямніцы



1. Малітва Езуса ў садзе Аліўным
Езус ідзе ў Аліўны сад, каб там у самоце памаліцца, абліваючыся крывавым потам. Калі вяртаецца да вучняў, то застае іх спячымі.
Езу, якія ж мы слабыя, каб чуваць з Табою ў Аліўным садзе, але не дазволь нам пагрузіцца ў сон абыякавасці да зла і граху.
Молімся, каб нашы сем'і ніколі не паддаліся спакусе здрады, нянавісці і расчаравання.
2. Бічаванне Езуса
Пад націскам натоўпу, які патрабуе ўкрыжаваць Езуса, Пілат загадвае Яго бічаваць. Кожны ўдар прыносіць балесныя пакуты.
Паглядзім на пакуты Збаўцы. Адвернемся ад грэху нячыстасці. Няхай захаванне натуральнай плоднасці паспрыяе таму, што нашыя сям'і будуць адкрытыя на кожнае зачатае жыццё.
Молімся, каб наша моладзь выхоўвалася да чыстай і прыгожай любові.
3. Укаранаванне Езуса цернем
Сплёўшы цярновы вянок, усклалі Яму на галаву. Потым кленчылі перад Ім і здзекваліся.

Кароль неба і зямлі зняважаны, прыніжаны і пабіты. Гэта вынік чалавечай пыхі і прысвойванне сабе права вырашаць, што ёсць дабро, а што зло.


Молімся, каб бацькі захавалі кожнае зачатае жыццё, якое з'яўляецца непаўторным Божым дарам.
4. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую
Езус, несучы свой крыж, узышоў на месца, якое называецца Месцам Чэрапа, што па-габрэйску значыць Галгота.
Любоў да чалавека прымушае Езуса ўзяць крыж на свае плечы і несці яго на месца пакарання. Ён падае пад крыжам, як кожны з нас. Па дарозе на Галготу сустракае сваю Маці. Што адчувае матчынае сэрца? Як жа цяжка Ёй было прыняць Божую волю.
Молімся за ўсіх церпячых і хворых, каб праз адпаведную медыцынскую апеку яны адчувалі духоўную падтрымку, а прысутнасць блізкіх не дазволіла ім зведаць самоту і пакінутасць.
5. Укрыжаванне і смерць Езуса
Калі прыйшлі на Месца Чэрапа, там укрыжавалі Яго і двух злодзеяў.
Езус перад смерцю ўсклікае: Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў? Аднак выпіў келіх пакутаў да канца і аддаў сваё жыццё ў рукі Айца. Якія ж вялікія пакуты Крыжа.
Молімся аб разуменні каштоўнасці пакутаў і цярпення, каб старыя і хворыя людзі, акружаныя сардэчнай апекай, ніколі не прасілі смерці, а нашы дзяржаўныя законы абаранялі жыццё чалавека ад яго зачацця да натуральнай смерці.
Падрыхтаваў а. Сяргей Трысцень OCD


14 кастрычніка
Хвалебныя таямніцы



1. Уваскрасенне Хрыста
Пане Езу, праз сваё ўваскрасенне Ты паказваеш нам, што жыццё і любоў мацнейшыя за смерць і грэх. Няхай нашыя сем'і з Тваёй дапамогай будуць калыскай жыцця і любові.
2. Унебаўшэсце Хрыста
Пане Езу, праз сваё Унебаўшэсце Ты дапамагаеш нам усвядоміць, што мэтай нашага жыцця з'яўляецца Неба. Няхай нашыя сем'і жывуць гэтай праўдай і з Тваёй дапамогай імкнуцца дасягнуць шчасця вечнага жыцця.
3. Спасланне Духа Святога
Пане Езу, пасля спасланне Духа Святога вучні, якія трывалі разам з Марыяй на малітве, атрымалі Яго моц і сталіся адважнымі сведкамі веры.
Няхай нашыя сем'і адкрыюць вартасць супольнай малітвы і з яе чэрпаюць моц Духа Святога для рэалізацыі свайго паклікання ў сённяшнім свеце.
4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
Марыя, якая прыняла волю Айца Нябеснага і да канца засталася ёй верная, атрымала асаблівы дар - была ўзята ў неба з целам і душой. Пане Езу, няхай сужэнцы па прыкладу і з матчынай апекай Тваёй Маці захаваюць вернасць да канца.
5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
Марыю, Каралеву неба і зямлі, шануем з глыбокай верай таксама як Каралеву сям'і. Пане Езу, праз Марыю просім, каб у нашых сем'ях панаваў дух хрысціянскай любові.
Падрыхтаваў кс. Уладзімір Марушэўскі SChr


15 кастрычніка
Таямніцы святла



1. Хрост Езуса ў Ярдане
Перш, чым пачаць будаваць, робяць план, пакладаюць падмурак. Калі чалавек пачынае будову на адной толькі думцы, ідэі, то вельмі хутка сустракаецца з цяжкасцямі. І будова спыняецца альбо нават ідзе на марнасць. Падрыхтоўка важная нават тады, калі будуеш нешта нязначнае.

Сваім хростам і выпрабаваннем у пустыні Езус пачынае сваю дзейнасць – пабудову Валадарства Божага тут, сярод нас і для нашага Збаўлення.


Хрост – гэта ачышчэнне ад граху і прыняцце Божага сыноўства. Няхай нават у выпадку Езуса, Божага Сына і Таго, хто не меў граху, гэты хрост меў толькі сімвалічнае значэнне. Адыход у пустыню – пост і падрыхтоўка духу. “У пустыні падрыхтуйце дарогу Пану”, – заклікае прарок Ісая.
І мы таксама па прыкладу Хрыста, нашага Пана, павінны пачынаць кожную справу на хвалу Божую, рыхтуючыся праз ачышчэнне, пост і малітву. І тады сам Пан павядзе за руку, і тады плён будзе вялікім.
2. Езус аб'яўляе сябе на вяселлі ў Кане
Свой першы цуд Езус здзяйсняе на вяселлі, падзеі, дзе з двух асобных людзей ствараецца адна сям’я. Пан асвячае саюз мужчыны і жанчыны.
Езус прысутнічае на вяселлі са сваімі вучнямі, супольнасцю, якая дасць пачатак Касцёлу. А адным з галоўных падмуркаў Касцёла з’яўляецца моцная хрысціянская сям’я. Менавіта ў ёй вучацца дзеці малітве, у ёй наследуюць веру бацькоў і з яе выходзяць у дарослае жыццё новыя пакліканні.
Прыкладам сям’і хрысціян ёсць Святая Сям’я, і менавіта па просьбе сваёй Маці Езус здзяйсняе цуд. Па просьбе Той, якая і зараз выпрошвае ў Яго для нас патрэбныя ласкі.
А ці молімся мы за сем’і? Ці ствараем іх на аснове Божых наказаў і па прыкладу Святой Сям’і з Назарэта? Ці пануюць у нашых сем’ях вера, надзея і любоў?
3. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання
Абвяшчэнне Божага Валадарства – гэта будова! Будова ў нашых сэрцах і будова з нас саміх. Чаму толькі тры гады? Чаму не больш? Бо ўсё неабходнае сказана. Тое, што нам трэба было пачуць для збаўлення, мы пачулі. Цяпер галоўнае. Ахвяра Хрыста і нашая вера.
Валадарства ўжо сярод нас, ужо ў нас. Ад нас Езус патрабуе навяртання, перамянення сэрцаў, каб маглі мы быць у гэтым Валадарстве і пашыраць Яго і далей.
Ці гатовы мы перамяніць свае сэрцы, думкі? Ці шмат ад чаго гатовы адмовіцца, каб ісці за Ім? Каб быць з Ім і атрымаць Збаўленне.
4. Перамяненне Езуса на гары Табор
Вучні бачаць славу Хрыста, Ягоную сутнасць. Бачаць, але не разумеюць. Яшчэ не… Яшчэ не час, але ўжо хутка. Розумам разумеюць, кім ёсць Езус і чым ёсць Ягоная будова, але вочы сэрцаў іх яшчэ зачыненыя.
Пётр, кажучы, «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі» (Мк 9, 5), выказвае жаданне пакінуць усё як ёсць. І так добра – побач Пан у ззянні, людзі захапляюцца Ім… Але Езус глядзіць далей! У Бога іншыя планы! Не так, як думаюць людзі, думае Бог. «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце» (Мк 9, 7).
Ці гатовыя мы слухаць Яго, а не сябе? Ці слухаем тыя словы, што Ён кіруе да нас? Альбо жывем ва ўласных шаблонах шляху да Валадарства Божага і наследавання Хрыста?
5. Устанаўленне Эўхарыстыі
Эўхарыстыя – гэта Цела Збаўцы, тое, што дае сілы будаваць Валадарства. Ці можам мы рабіць Божыя справы без Бога? Не! Ці тое, што мы робім на Яго хвалу, толькі нашыя здольнасці і ўменні? Не! Пакінуў Сябе самога, каб мы, спажываючы гэты хлеб і п’ючы з гэтага келіха, ядналіся з Ім і атрымоўвалі сілы для той місіі, якую Ён пакінуў нам, свайму Касцёлу – для пашырэння Валадарства Божага і збаўлення душаў.
Эўхарыстыя – гэта тое, што яднае і ўзмацняе. Тое, што вядзе да Збаўлення. Гэта сам Пан. А калі Пан з намі, то хто ж супраць нас?
Падрыхтаваў семінарыст Андрэй Багдановіч

/

: images -> stories -> files -> doc
doc -> Г прапанова адарацыі найсвяцейшага сакрамэнту для яе правядзення сужэнцамі
doc -> 16 кастрычніка Балесныя таямніцы
doc -> Правілы ўдзелу ў элеменце Стадыён
doc -> ПАЎсюдная дэкларацыя аб абароне цывілізацыі жыцця. У нядзелю божай міласэрнасці — мексіка 2016
doc -> Жыццяпіс св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус І Найсвяцейшага Аблічча
doc -> Пакліканыя, каб абвяшчаць вялікія справы Пана (пар. 1 П 2, 9) I. Агульныя прынцыпы
doc -> 1 кастрычніка Таямніцы святла
doc -> 24 кастрычніка Радасныя таямніцы
doc -> Набажэнства ў інтэнцыі папы І касцёла дапаможныя матэрыялы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка