А. А. Кісялёва (бду, г. Мінск) Фальклорныя матывы ў паэзіі Яўгеніі Янішчыц



Дата канвертавання15.05.2016
Памер32.39 Kb.


А. А. Кісялёва (БДУ, г. Мінск)
Фальклорныя матывы ў паэзіі Яўгеніі Янішчыц
Яўгенія Янішчыц – адна з таленавітых прадстаўніц беларускай жаночай паэзіі. Вернасць лепшым традыцыям літаратуры, іх творчы працяг паэтка спалучала з наватарскімі пошукамі. Асабліва вялікая роля Я. Янішчыц у творчым выкарыстанні і пераасэнсаванні фальклорных вобразаў і матываў. Фальклор быў арганічнай часткай яе паэтычнага мыслення, і на гэтую акалічнасць неаднойчы звярталі ўвагу беларускія крытыкі і даследчыкі [1; 2; 3].

У лірыцы Я. Янішчыц ёсць шмат агульнага з народнай творчасцю ў ладзе вершаванай мовы і ў прынцыпе пабудовы метафары. Свядома яна звярталася да фальклорнай крыніцы, каб запазычыць адтуль той ці іншы вобраз. Сама народная стыхія жыцця падказвала ёй жаночыя вобразы. У вершы «Яшчэ спытаю сілы…» паэтка стварае яскравы тып беларускай жанчыны, вылучае традыцыйныя рысы ў яе характары: «Яшчэ спытаю сілы // У скрухі і ў трывог. // Ну што ж, ідзі, мой мілы. // Не засланю дарог» [4, с. 166]. Пачуццё годнасці, уменне трымаць выпрабаванне лёсу – у гэтым выяўляецца існасць беларускай жанчыны.

Самае галоўнае ў паэтычным мастацтве Я. Янішчыц –народная аснова, сувязь традыцыі і сучаснай паэтычнай культуры. У яе лірыцы вельмі арганічна спалучаюцца сучаснае і народна-песенныя матывы мінулага. Так, у творы шырока вядомы ў фальклоры выклічнік «ой» ўжыты не проста для аздобы вершаванага стылю, а для таго, каб раскрыць унутраны стан жанчыны: «Ой ты, бор векавы, // Зялёная мята. // Не падняць галавы, // Не дайсці да хаты» [5, с. 76 ]. У вершах Я. Янішчыц часта звяртаецца да народна-песенных інтанацый. Яна выказвае свае пачуцці даверліва, на спавядальнай ноце – менавіта так шчыра заўсёды гучала песня з жаночых вуснаў (вершы «Вось і лета маё на схіле... », «Бласлаўляю адчай і трывогу...» і інш.).

У лірыцы Я. Янішчыц традыцыйныя фальклорныя вобразы вясны, зімы, вечара, дарогі, саду, каліны і іншыя набываюць інтымнае, эмацыянальна-псіхалагічнае вымярэнне. Зварот да гэтых вобразаў дапамагае больш яскрава і глыбока выявіць свет унутраных пачуццяў і перажыванняў. Так, вясна і зіма паўстаюць у выразнай вобразнай кантрастнасці. З кожнай парой года звязваецца адпаведны настрой. Вясна – радасць жыцця і кахання: «Дзякуй, мілы, за вясну, // За вясёлую сустрэчу» [ 5, с. 86]. Зіма — прыродная стыхія, варожая жаночай сутнасці. Зімовы холад астуджвае пачуцці, забірае радасць сузірання свету: «Куды ні гляну – гурбы маразоў, // Скупы праменьчык дзённага свяціла» [5, с. 263 ]. Вобраз каліны атаясамліваецца з жаночай доляй, з ім звязаны матыў веры і надзеі: «…Ой жа зімой закіпае каліна, // Гронка яе – як надзея жыцця» [5, с. 256]. Аднак з вобразам каліны найчасцей спалучаны элегічныя настроі і матывы — такое гучанне ён мае і ў традыцыйнай вуснай народнай паэзіі.

З шэрагу вершаў Я. Янішчыц паўстае вобраз птушкі, які ўвасабляе свабоду, лёгкасць і жаночую адзіноту: «Я непрыручанаю птушкай // Жыву між сполахаў і дрэў» [4, с. 9]. Зварот да птушак стаў традыцыйным у народнай песні, асабліва ў калыханках. «Непрыручаная птушка» – яскравы паэтычны вобраз, які ўвасабляе сутнасць самой паэткі.

Я. Янішчыц — дачка свайго роднага Палесся. Яна з маленства заўсёды была чуйнай да роднага слова, жыцця аднавяскоўцаў, найперш да жаночай долі сваёй матулі. У паэме «Ягадны хутар» паэтка адметна перадае каларыт палескай гаворкі. Народнае маўленне лёгкае, натуральнае, як плынь Ясельды, сакавітае, вобразнае і яркае: «Да дрэў прывык, як да бабкі свае» [5, с. 95].

Надзеленая трапяткім і чулым сэрцам, Я. Янішчыц жыла з глыбокім адчуваннем прыналежнасці свайго таленту, сваёй творчасці да роднай зямлі і яе народа, мінулага і сучаснасці. Паэтка тонка выявіла народную душу, раскрыла духоўнае багацце беларускай жанчыны. Яна вельмі арганічна спалучала ў межах аднаго верша лірычныя эмоцыі, настроі і апавядальнасць інтанацый. Паэзія Я. Янішчыц, выяўляючы свет асобы ва ўсёй сукупнасці перажытага і адчутага, сцвярджае як самыя галоўныя і непераходныя духоўна-маральныя каштоўнасці народнага быцця.
Літаратура

1. Бугаёў, Д. Арганічнасць таленту / Д. Бугаёў // Арганічнасць таленту: літ.-крытыч. артыкулы. – Мінск: Маст. літ., 1989. – С. 256–287.

2. Гніламёдаў, У. Ад даўніны да сучаснасці: нарыс пра беларус. паэзію / У. Гніламёдаў. – Мінск: Маст. літ., 2001. – 246 с.

3. Калядка, С. «Любоў мая, ты песня і маркота…»: лірыка Я. Янішчыц / C. Калядка // Роднае слова. – 1998. – № 3. – С. 21–23.

4. Янішчыц, Я. Пара любові і жалю: кн. лірыкі / Я. Янішчыц. – Мінск: Маст. літ., 1983. – 223 с.

5. Янішчыц, Я. Пачынаецца ўсё з любві…: вершы, паэмы / Я. Янішчыц; уклад. В. Шніпа. – Мінск: Маст. літ., 2008. – 339 с.





: bitstream -> 123456789 -> 41322
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка