А. М. Гацко (Баранавічы) універсальныя сродкі аўтарызацыі пры разгортванні лекцыі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер101.18 Kb.
А. М. Гацко (Баранавічы)
УНІВЕРСАЛЬНЫЯ СРОДКІ АЎТАРЫЗАЦЫІ

ПРЫ РАЗГОРТВАННІ ЛЕКЦЫІ
Педагагічнае ўзаемадзеянне прадстаўляе сабой унікальны сплаў пісьмовай і вуснай форм маўлення. Прычым вусная форма прадстаўлена, з аднаго боку, мовай выкладчыка, а з другога ― мовай студэнтаў, а пісьмовая ― рознымі крыніцамі пісьмовай інфармацыі. У рамках лекцыі ― аднаго з самых значымых відаў вучэбнай дзейнасці ― асноўнай крыніцай новых ведаў для студэнтаў з’яўляецца мова выкладчыка ў яе вуснай форме.

На сённяшні дзень у тэарэтычнай літаратуры склалася некалькі меркаванняў наконт канстатуючых характарыстык лекцыі як жанру. Так, у сумеснай працы "Лекцыя як зона кантакту навуковай і гутарковай мовы" В. Дз. Мітрафанава, Т. Я. Акішына разглядаюць лекцыю як "жанр навуковай мовы", яе памежжа з гутарковаю моваю, якое дазваляе вывучаць ва ўзаемадзеянні з’явы, звычайна "супастаўляемыя адна з другой" [1, с. 80–81]. На аснове дадзенага пункту гледжання можна заключыць, што прафесійна арыентаваная лекцыя ўяўляе сабою варыянт навуковага выкладу.Таму асноўны яе змест заключаецца ў сінтаксічных структурах, у роўнай меры ўласцівых як пісьмовай, так і вуснай формам вучэбна-навуковай мовы: з аднаго боку, у тэкстах падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, з другога ― у лекцыі як варыянце прафесійна накіраванай вуснай публічнай мовы (ВПМ).

Другі пункт погляду звязаны з тым, што вучэбная лекцыя разглядаецца як асобная разнавіднасць вуснай формы маналагічнага маўлення. Такой думкі прытрымліваецца В. А. Лапцева, заяўляючы, што пісьмовы навуковы тэкст з элементамі гутарковай мовы будзе ўспрымацца як незвычайны, які парушае нормы стылю. Аднак і вусны навуковы тэкст па сваіх сінтаксічных канструкцыях, г. зн. без элементаў гутарковай мовы, будзе ўспрымацца як агучванне напісанага. Рэальна гэта далёка не так. У доказ прыводзяцца універсальныя элементы, якія некалі прыйшлі з вуснай мовы ― у ВПМ, такія, як безумоўна, ні ў якім разе, канешне, само сабой зразумела і г. д. [2, с. 6]. У гэтай сувязі неабходна прааналізаваць лекцыю як форму, якая выпрацоўвае ў студэнтаў вельмі важныя прафесійна арыентаваныя веды. У ёй выдзяляюцца:

а) сродкі аўтарызацыі, г. зн. сродкі, якія адлюстроўваюць адносіны аўтара да выказвання як да ўласнага моўнага твора, які дэманструе ход яго думкі; б) сродкі адрасацыі; в) сродкі ўзаемадзеяння.

Пры выяўленні ў лекцыі сродкаў аўтарызацыі неабходна адштурхоўвацца ад тых сутнасных характарыстык, якія пакладзены ў аснову вучэбнай дзейнасці. У якасці такіх характарыстык можна назваць інтэнцыі выкладчыка, праз якія ён рэалізуе сваю прафесійную дзейнасць у жанры лекцыі. Дадзеныя інтэнцыі можна вызначыць, калі разгледзець у цэлым, што такое лекцыя. На думку А. Г. Шантурава, сучасная лекцыя "як форма зносін людзей, галоўным чынам аднаго чалавека, з масавай аўдыторыяй з мэтаю перадачы пэўнай інфармацыі… даўно ператварылася ў дзейсны сродак назапашвання, захавання і перадачы ведаў і вопыту" [3, с. 112]. Асабліва вялікае значэнне лекцыя набыла ў сучаснай вышэйшай школе, з’яўляючыся асноўнай формай навучання будучых спецыялістаў. Лекцыя для студэнтаў з’яўляецца адной з важнейшых крыніц ведаў, якія перадаюцца ім "галоўным іх носьбітам ― выкладчыкам, шляхам маўленчай дзейнасці" (там жа). Прычым ― як піша аўтар ― крыніцай інфармацыі найбольш каштоўнай, важнай і неабходнай для студэнтаў, якая бесперапынна абнаўляецца "перадавымі ведамі навукі, прапушчанымі праз свядомасць педагога, яго вопыт, светапогляд, перакананні" [там жа]. У такой сукупнасці прымет лекцыі зафіксаваны характарыстыкі, якія не толькі адрозніваюць дадзены жанр ад іншых вучэбных жанраў, але і інтэнцыі ўдзельнікаў камунікатыўнага акта ― лектара (адрасанта) і студэнтаў (адрасата). Выбіраючы лекцыю як форму вучэбнай дзейнасці, выкладчык перш за ўсё мае намер: а) рашыць пэўныя задачы вучэбнай дзейнасці ў цэлым, г.зн. прадстаўляе студэнту максімум прафесійна значымай, каштоўнай, важнай і карыснай інфармацыі; б) перадаць інфармацыю кампактна, аптымальна, з дапамогай выпрацаваных у працэсе вучэбнай дзейнасці сродкаў, у тым ліку і моўных; в) перадаваць у жывой, дынамічнай форме, пастаянна карэкціруючы і абнаўляючы звесткі сваёй дзейнасці.

Лекцыя з’яўляецца варыянтам вучэбна-навуковага ўзаемадзеяння ў цэлым. Гэта значыць, што інтэнцыі лектара, якія падпарадкоўваюцца яго галоўнай мэтавай устаноўцы, закадзіраваныя ў сінтаксічных канструкцыях, у сістэме мікратэкстаў, якія ўяўляюць інфармацыйна-канстатуючы тып тэксту. Таму сістэма мікратэкстаў з’яўляецца тым інварыянтам, які ляжыць у аснове як пісьмовай, так і вуснай форм вучэбных прафесійна накіраваных дзеянняў. Вызначым універсальныя прыметы лекцыі як жанру праз адзінкі аўтарызацыі, г. зн. з пункту гледжання першага ўдзельніка камунікатыўнага акта – лектара-выкладчыка.

На думку В. А. Лапцевай, лекцыя, з’яўляючыся варыянтам вуснай публічнай мовы, нясе ў сабе і большую частку яе прымет. Так, асаблівасці вуснай формы вядуць да шырокай узуальнай (слыхавой) прадстаўленасці ў лекцыі такіх з’яў, якія недапушчальныя ў пісьмовай мове. Вусная публічная мова, як варыянт вуснай формы мовы ў цэлым, дапускае неапраўданыя паўторы моўных адзінак, лексічную аднастайнасць, якая ў вачах даследчыкаў, але не студэнтаў, трактуецца як беднасць, перарыўнасць думкі, адхіленні ад тэмы, неэканомныя сродкі выразнасці; тут таксама магчымы апраўданыя і не зусім апраўданыя паўнамёкі, недагаворанасці. Узуальнасць дадзеных сродкаў прадстаўляецца яшчэ больш нагляднай, калі параўнаць лекцыю з адпаведным тыпам пісьмовай мовы. Так, напрыклад, у пісьмовым тэксце магчымы ўскладненасць сінтаксічнай канструкцыі для раскрыцця думкі, вялікая іерархічнасць галоўных і даданых прэдыкатаў, патрабуецца прадуманасць у падборы лексікі, якая выключае нематываваныя яе паўторы і лексічную беднасць, не дапускаюцца адхіленні ад тэмы, патрабуецца дакладная сувязь тэзісаў і паслядоўнасці іх раскрыцця.

На аснове пералічаных вышэй прымет як пісьмовай, так і вуснай форм мовы выдзяляюцца універсальныя асаблівасці вучэбнай дзейнасці, арганічна сінтэзаваныя ў лекцыі, якія ўяўляюць аўтарызаваную выкладчыцкую мову: 1) закон прастаты і яснасці выкладаемай думкі, прамой адпаведнасці тэзіса і ілюстрацый (тут рэалізуецца агульны для навуковага выкладу прынцып дакладнасці, яснасці, недвухсэнсоўнасці навуковых сцвярджэнняў); 2) дапускаюцца тэкставыя і лексічныя паўторы, асацыятыўныя ўстаўкі, удакладненні і паясненні, ужыванне сказаў нескладанай структуры, бачнай яснасці суб’ектна-прэдыкатыўных адносін, нагляднасць выкладання, шырокае выкарыстанне рознага роду тропаў, выразаў, параўнанняў, пабочных слоў суб’ектна-мадальнага і эмацыянальна-ацэначнага характару. Тут рэалізуюцца асаблівасці ўласнай вуснай мовы, яе спантаннасці, інтэрактыўнасці. У апошняй прадстаўлены як адрасант – лектар-выкладчык з выпрацаваным індывідуальным стылем падачы матэрыялу, так і адрасат – студэнт з яго суб’ектыўнымі псіхалінгвістычнымі характарыстыкамі атрымання інфармацыі.

Непасрэднае разгортванне вуснага выкладання, якое параджаецца адрасантам (выкладчыкам), служыць прычынай з’яўлення ў яго структуры элементаў вусна-гутарковай разнавіднасці мовы. Яму ўласцівы шэраг экстралінгвістычных прымет. У ходзе лекцыі можа прасочвацца моўная спантаннасць яе працякання; арыентацыя на аўдыторыю, якая недастаткова падрыхтавана па тэме лекцыі, таму, каб кампенсаваць гэты недахоп інфармацыі, лекцыя і праводзіцца; зніжэнне афіцыйнасці ў сувязі з пастаянствам аўдыторыі, добра знаёмай выкладчыку; пэўныя змены праграмы лекцыі ў залежнасці ад сітуацыі, ад рэакцыі аўдыторыі. Захаванне прыналежнасці лекцыі да вучэбна-навуковага выкладання вызначаецца прафесійнай арыентацыяй, вучэбнай аўдыторыяй, на якую разлічана лекцыя, публічнасцю, падрыхтаванасцю тэматычнай будовы пры захаванні навуковай тэматыкі і маналагічнага тыпу выказвання.

Вызначаючы прыроду і спецыфіку сродкаў аўтарызацыі ў кантэксце прапанаваных лектарам мэт, задач, інтэнцый у працэсе чытання лекцыі, можам заключыць, што дадзеныя сродкі носяць дваісты характар. З аднаго боку, яны служаць маркёрамі тэматычнага, лагічнага і кампазіцыйнага разгортвання лекцыі, з другога ― маркёрамі адрасацыі і ўзаемадзеяння з вучэбнай аўдыторыяй.

Універсальныя сродкі аўтарызацыі, якія функцыянуюць у якасці маркёраў тэматычнага, лагічнага і кампазіцыйнага разгортвання інфармацыі, у сваёй сукупнасці прадстаўляюць абагульнены вобраз узаемадзеяння адрасанта і адрасата і могуць быць: а) інварыянтамі з пункту гледжання вуснай і пісьмовай форм вучэбнай дзейнасці; б) інварыянтамі ў рамках лекцыйнага жанру, што прадугледжвае мноства варыянтаў рэалізацыі "жывой лекцыі". У якасці камунікатыўных інварыянтных адзінак аўтарызацыі ў рамках лекцыі неабходна разглядаць наступныя.

1. Маркёры тэматычнага разгортвання спецыяльнага тэксту, лекцыі. Тэматычная лінія разгортвання тэксту з’яўляецца кагнітыўна-моўнай асновай выказвання. Ступень рэалізацыі дадзенай лініі сведчыць аб такіх якасцях асобы лектара, як яго праактыўнасць / рэактыўнасць, якія развіваліся з глыбінных індывідуальных структур інтравертнасці/экстравертнасці [4, с. 112]. Праактыўны выкладчык у меншай ступені звяртаецца да аўдыторыі, а калі адхіляецца, то для таго, каб пераканацца ў сваіх папярэдніх вывадах; дадзены лектар выкарыстоўвае ў сваёй мове элементы ВПМ, але па жаданні дакладна рэалізаваць сваю першапачатковую праграму ён набліжаны да аўтараў пісьмовых тэкстаў. Рэактыўны лектар у канчатковым выніку даводзіць тэму да свайго лагічнага завяршэння, аднак у працэсе яе выкладання неаднаразова рэагуе на аўдыторыю, уносіць папраўкі, робіць рознага роду адступленні, і ў лепшым выпадку, з пункту гледжання педагагічнага ўзаемадзеяння, падключае да лекцыйнай сатворчасці аўдыторыю слухачоў.

Паколькі чытанне і ўспрыманне лекцыі ― інтэрактыўны працэс, значыць, аўтарызацыя адзінак тэматычнага разгортвання тэксту залежыць не толькі ад асобасных якасцей выкладчыка, але і ад аўдыторыі слухачоў, ад яе падрыхтаванасці, камунікатыўных інтарэсаў. Лекцыю на адну і тую ж тэму ў розных аўдыторыях лектар чытае па-рознаму. Вучонымі выдзяляюцца некалькі базавых стратэгій і тыпаў разгортвання тэматычнага зместу лекцыйнага матэрыялу: транзітыўны, экстэнсіўны, паралельны, дывергенцыйны.

Пры транзітыўным тыпе разгортвання тэматычнага зместу выкладанне ідзе паслядоўна, адна мікратэма пераходзіць у другую. кожная з іх, будучы самастойнай, служыць зыходным пунктам для тлумачэння наступнай, у выніку раскрываецца асноўная ідэя, якая вызначае мэту дадзенай прамовы. Такая, паводле меркавання М. М. Кохцева, прамова "Аляксандр Мікалаевіч Радзішчаў", сказаная А. В. Луначарскім на адкрыцці помніка Радзішчаву ў Петраградзе 22 верасня 1918 года. Структура прамовы: дзяцінства А. М. Радзішчава, яго юнацкія гады і вучоба, вальнадумства і служба, яго кніга "Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву", арышт і ссылка, вяртанне і смерць, помнік вальнадумцу Радзішчаву. Па такім тыпе складаецца большая частка лекцый у ВНУ гуманітарнай накіраванасці.

Пры экстэнсіўным тыпе разгортвання тэматычнага зместу асноўная ідэя фармулюецца ў пачатку, але прыблізна, у агульнай форме, у далейшым яна ўсебакова абгрунтоўваецца, узбагачаецца і канкрэтызуецца. У канцы аўтар вяртаецца да фармулёўкі асноўнай ідэі. Калі лекцыя прызначана для носьбітаў мовы, то ў гэтым выпадку можна пагадзіцца з М. М. Кохцевым, што "ў чыстым выглядзе гэты тып сустракаецца не так часта, камбінуючыся звычайна з транзітыўным тыпам" [5, с. 38].

Пры паралельным тыпе разгортвання тэматычнага зместу тэксту назіраецца размежаванне тэм, неспадзяваны пераход ад адной тэмы да другой. Пры гэтым тэмы аб’яднаны адной дакладнай ідэяй; пераход ад адной тэмы да другой загадзя не рыхтуецца: заканчваецца адна тэма і пачынаецца другая. У педагагічнай практыцы па апісаным тыпе рыхтуюць свае лекцыі выкладчыкі-практыкі, якія вядуць заняткі па практычна арыентаваных дысцыплінах, у тым ліку і па методыцы выкладання мовы, на такіх лекцыях-занятках назіраюцца дзве лініі тэматычнага разгортвання: 1) лінія разгортвання тэарэтычнага зместу лекцыі; 2) лінія разгортвання практычнага, гульнёвага зместу лекцыі, тых практычных стратэгій, якія ў дадзены момант выкарыстоўваюцца, ва ўзаемадзеянні "мы з вамі" (гэта выкладчык і студэнты).

Пры дывергенцыйным тыпе разгортвання тэматычнага зместу тэксту, які прымыкае да паралельнага, тэмы аб’ядноўваюцца адной ідэяй, некаторыя з тэм цесна ўзаемазвязаны. Да асноўнай ідэі могуць адносіцца асобныя тэмы, а таксама тэмы, якія аб’яднаны больш агульнай тэмай.

На думку М. М. Кохцева, вышэйпералічаныя тыпы тэматычнага разгортвання тэксту тлумачацца, камбінуюцца, утвараючы больш вольны, змешаны тып ― інтэгральны. Выбар тыпу тэматычнага разгортвання тэксту і суаднесенасць апошняга з адпаведным кніжным тэкстам асабліва ярка характарызуюць выкладчыкаў-лектараў. Як правіла, выкладанне, блізкае да тэксту, характэрна для маладых, пачынаючых выкладчыкаў-лектараў.



  1. Маркёры лагічнага разгортвання спецыяльнага тэксту, лекцыі:

1) сродкі, якія выражаюць далучальныя адносіны:

а) акрамя таго, пры гэтым, прычым, больш таго ― сігналізуюць аб тым, што далей ідзе дадатковая інфармацыя; б) інакш кажучы, іншымі словамі ― сігналізуюць аб тым, што далей прапануецца адэкватная раней выкладзенай, але ўдакладняючая інфармацыя; в) так, напрыклад, у прыватнасці ― сігналізуюць аб тым, што далей прапануецца ілюстрацыйная інфармацыя;

2) сродкі, якія выражаюць супраціўныя адносіны:

а) наадварот, насупраць, з аднаго боку, з другога боку ― сігналізуюць аб тым, што далей прапануецца супрацьлеглая папярэдняму зместу інфармацыя; б) але, аднак, разам з тым, у той жа час ― сігналізуюць аб тым, што далей ідзе інфармацыя, супастаўляльная з папярэдняй;

3) сродкі, якія выражаюць прычынна-выніковыя і ўмоўна-выніковыя адносіны:

а) пагэтаму, у сувязі з гэтым, адсюль, тым самым, у залежнасці ад, дзякуючы гэтаму, таму што ― сродкі, якія сігналізуюць аб тым, што далей прапануецца інфармацыя, якая паказвае прычыну выкладзенага раней; б) тады, адсюль, у такім выпадку, у тым выпадку, у выніку ― сродкі, якія сігналізуюць аб тым, што далей ідзе вынік сказанага.

3. Маркёры кампазіцыйнага разгортвання спецыяльнага тэксту, лекцыі:
Уводзіны
ІНТЭНЦЫІ: сфармуляваць мэты, задачы, актуалізаваць асноўныя праблемы, увесці агульную інфармацыю: у пачатку, спачатку, перш за ўсё, у першую чаргу, разгледзім наступныя пытанні, выяснім.
Асноўная частка і яе кампаненты
ІНТЭНЦЫІ: удакладніць, патлумачыць інфармацыю, пералічыць аб’екты, прыметы і г. д., выдзеліць прыватныя выпадкі: па-першае, па-другое, па-трэцяе, напрыклад, так, толькі, нават, асабліва, інакш кажучы, у прыватнасці, прычым.

ІНТЭНЦЫІ: указаць на адначасовасць, паслядоўнасць, паўторнасць дзеянняў: адначасова, толькі што, ужо, раней, зноў.

ІНТЭНЦЫІ: далучэння ці злучэння часткі, дадатковай інфармацыі пра аб’ект: таксама, пры гэтым, разам з тым, акрамя таго, дарэчы.

ІНТЭНЦЫІ: супрацьпастаўлення ці супастаўлення: з аднаго боку, з другога боку, наадварот, насупраць, аднак, але, а, не, але і, інакш, тады як.


Заключэнне
ІНТЭНЦЫІ: указаць на вынік, абагульніць, прадставіць вывады: такім чынам, увогуле, словам, значыць, у заключэнні.
Такім чынам, пералічаныя сродкі аўтарызацыі ў сілу дыялагічнасці мовы лектара з’яўляюцца адначасова і сродкамі адрасацыі ў рамках лекцыйнай дзейнасці.
Літаратура
1. Митрофанова, О. Д. Лекция как зона контакта научной и разговорной речи // Основные понятия и категории лингвистики /О. Д. Митрофанова, Т.Е. Акишина. – Пермь, 1982. – С.79–83.

  1. Лаптева, О. А. Интенции и языковые особенности устной научной речи // Обучение устной научной речи : теория и практика / под ред. О. А. Лаптевой. - М., 2000. – С.3—17.

  2. Шантуров, А. Г. Вузовская лекция / А. Г. Шантуров. – Иркутск, 1994.

  3. Леонтьев, А. А. Язык, речь, речевая деятельность / А. А. Леонтьев. – М., 1969.

  4. Кохтев, Н. Н. Ораторская речь: стиль и композиция / Н. Н. Кохтев. – М., 1992. – С.658–659.

: bitstream -> 123456789
123456789 -> Учебная программа учреждения высшего образования по дисциплине для специальности: 1-21 05 01 Беларуская філалогія
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка