А. У. Вострыкава выразнік чэшскай ментальнасці



Дата канвертавання17.06.2016
Памер220.59 Kb.




А.У.Вострыкава

ВЫРАЗНІК ЧЭШСКАЙ МЕНТАЛЬНАСЦІ
БАГУМІЛ ГРАБАЛ
Багуміл Грабал з’яўляецца самым чытаемым чэшскім пісьменнікам ХХ стагоддзя. Яго кнігі поўныя мудрага і пяшчотнага гуманізму, асноўная тэма іх -- звычайнае жыццё, якое нібыта “жамчужына на дне” асвятляецца аўтарам у яго аповедах (pábéní) незвычайнага стылю. Тэксты мэтра чэшскай сучаснай прозы -- на сённяшні дзень мы з поўнай упэўненасцю можам так называць Багуміла Грабала -- дыхаюць сапраўднай творчай свабодай і адлюстроўваюць чэшскую ментальнасць.

Ва усіх творах пісьменніка дамінуе тэма чалавека, які праз словы шукае і знаходзіць свой сапраўдны вобраз, які ведае, што жыццё на зямлі поўнае пагроз, але ён упэўнены, што невялічкі праменчык святла ёсць у ім самім і таму ўсё ж такі застаецца сапраўдным чалавекам. Інтэлектуальны свет, створаны Багумілам Грабалам, можна параўнаць хіба што са светам Чапека, Ванчуры, Кафкі. Яго жыццё – загадка. Яго смерць – загадка, ды і творчасць – гэта шматзначны і вельмі складаны іерогліф, які можна разгадваць і інтэрпрэтаваць бясконца. Грабал — пісьменнік-эксперыментатар, творчая метадалогія якога прыцягвае вялікую ўвагу. Грабал вывеў чэшскую прозу на першую лінію сусветных памкненняў да праўдзівага выражэння духу часу і адлюстравання эпохі, у якую мы жывем. Трэба ўлічваць і тое, што феномен Грабала значна шырэйшы, чым проста літаратурны феномен. Грабал, падобна Дастаеўскаму, сваёй творчасцю выходзіць за межы літаратуры, эстэтыкі, гістарыі і філасофіі ў звыклым разуменні. Для вершаў і прозы Грабала характэрна асаблівая і складаная структура, тым не меньш усе яго творы можна ацэньваць і разглядаць як адзінае цэлае.

Грабал – самы “чэшскі” пісьменнік. Гэта з’яўляецца вызначальным для яго творчасці, якая арганічна ўваходзіць у цэнтральнаеўрапейскі культурны кантэкст. Да творчасці Грабала нельга заставацца абыякавым. Чытач ці крытык заўжды альбо за, альбо супраць яго таленту. Напэўна, у гісторыі мастацтва гэта звычайная з’ява, калі гаворка ідзе пра талент, які пракладае новыя шляхі.

У філасофскім плане для Багуміла Грабала галоўнай з’яўляецца праблема свабоды і дэтэрмінаванасці. Ён вывучае канфлікт паміж чалавекам свабоднага мыслення і знешнімі абмежавальнікамі, некаторыя з якіх стварае сам чалавек. Кожная сітуацыя для Грабала значная, таму што з кожнай ён здабывае пэўны жыццёвы вопыт. Футбольны матч, размовы ў кафэ, прагулкі па горадзе ці лесе – ўсё гэта для пісьменніка экзістэнцыяльныя сітуацыі. Грабал імкнецца да спасціжэння чалавечых і грамадскіх рэалій ва ўсіх варыянтах, сітуацыях і праявах. Ён жадае дакладна і адэкватна данесці да чытача містэрыю жыцця і свету, якая адыгрываецца вакол нас, пашыраючы разуменне жыцця, яго ўспрыняцце. Ім ствараецца адчуванне бясконцасці жыццёвай прасторы і варыянтнасці чалавечых лёсаў. У той жа момант, сам пісьменнік добра чуе метраном вечнасці. Нават апісваючы міражы паўсядзённага быцця. Пры гэтым у яго няма схем, якім трэба падпарадкоўвацца. Яго творчы метад дазваляе знаходзіць усё новыя і новыя варыянты. На першы погляд, яго творы ўзнікаюць па-за межамі часу і прасторы. Аднак, усе яны маюць гісторыка-грамадскае значэнне і тлумачэнне.

Грабал успрымае жыццё як гульню тэндэнцый. Пры прачытанні эпічных твораў Грабала можа здацца, што пісьменнік знікае за персанажам. Але на самой справе ён проста выступае ў якасці пабочнага назіральніка. Грабал быў упэўнены, што эпоха паэтаў-песняроў, якімі былі Врхліцкі, Нэзвал і інш., скончылася. Мастак ператварыўся ў чалавека, якога можна сустрэць на вуліцы. У адрозненне ад мадэрністаў, Багуміл Грабал ніколі не ігнараваў мінулага, а быў упэўнены, што мінулае – гэта цяперашнее, таму імкнуўся спасцігнуць сапраўдны ход гісторыі. Ён лічыў, што сувязь сучаснасці і мінуўшчыны чалавек адчувае нутром, праз жыццёвы вопыт. У яго творах няма прагнозаў, прадказанняў і прароцтваў, ніколі не выносяцца на суд чытача катэгарычныя меркаванні наконт рэчаіснасці. Грабал не хоча быць лекарам для грамадства. Яго не цікавяць дзіцячыя хваробы ці паталогіі. Маралізатарства таксама не яго стыхія. Яго погляд на свет прамы, праўдзівы і самаіранічны. Парадоксы, жарты і трагіка Грабала – гэта сведчанне часу, пра які ён піша. На думку гэтага пісьменніка, свет вельмі зменлівы, але ён верыць у чалавека і ў сваіх кнігах імкнецца падкрэсліць, што людзі павінны разумець адзін аднаго. Яго проза поўная абсалютна зразумелых ісцін: нельга забываць, што вакол нас жывуць людзі, якія заслугоўваюць нашай увагі. Грабал верыць у дзейсную любоў да бліжняга, у тое, што чалавек здольны да космасатворчасці, што ўсмешка, гульня і жарты – асновы свету і яго прыгажосці.

З першых літаратурных вопытаў Грабал арыентуецца на Платонаўскае разуменне прыгажосці: прыгажосць не столькі эстэтычная катэгорыя, колькі этычная і практычная. Мэтай жыцця і творчасці ён, услед за Платонам, лічыць пазнанне, найвышэйшае пазнанне. Пазнанне ўвогуле і пазнанне сваёй гісторыі і перадгісторыі, па Грабалу, з’яўляецца воссю чалавечага фарміравання і станаўлення. Чалавек, прыгажосць і пазнанне – асноўныя канцэпты яго твораў.

Творчасць Грабала нельга зразумець без ведання яго дзяцінства. Ён сам падкрэсліваў ролю дзяцінства і юнацтва, якія сталі мерай усіх рэчаў у яго жыцці і кнігах. Кожны чалавек пражывае дзяцінства як нешта выключнае і непаўторнае. Грабал апісвае атмасферу свайго дзяцінства ў “Пастрыжэнні” (“Postřižiny“) і Krasosmutnění”. Німбург, дзе ён рос , і Жыдэніцы, дзе пісьменнік нарадзіўся як пазашлюбнае дзіця, былі тымі месцамі, адкуль ён чэрпаў тэмы і матывы сваіх твораў. Менавіта тут ён палюбіў прыроду (якая часта пазней увасаблялася праз матывы дарогі, ракі і адлюстравання), жывёл (асабліва катоў і коней), простых людзей і іх размовы, а таксама футбол. Дзяцінства і юнацтва сталі ўверцюрай будучай творчасці. На ўсё жыццё, напэўна, Грабал застаўся хлапчуком са сваімі ўяўленнямі і фантазіямі. Цікава, што падчас вучобы ў сярэдняй школе Грабал увогуле не займаўся літаратурай. Вольны час ён прысвячаў музыцы. З захапленнем граў на фартэп’яна сачыненні Бетховена, Вагнера, Дэбюссі. Грабал зразумеў, што музыка здольная ўвасобіць памежныя сітуацыі, што праз музыку можна выразіць не толькі каханне, настрой, смерць, але і светаўспрыманне наогул не горш, чым праз літаратуру і жывапіс. З гэтай прычыны цэлы шэраг Грабалавых твораў “інструментаваны” музыкай (“Занадта гулкая адзінота” /“Příliš hlučná samota”/).

Пачынаў Грабал з пісання вершаў у другой палове 30-х гг. Тэматычна і ідэйна ў іх адбілася ўсё яго папярэдняе жыццё. У вышэйшай школе Грабал не абмяжоўваўся выключна юрыспрудэнцыяй, але пранікся цікавасцю да філасофіі і гісторыі мастацтваў -- з захапленнем вывучаў тэорыю жывапісу, чытаў мастацтвазнаўчыя манаграфіі, вывучаў каталогі выстаў, наведваў галерэі, стаў кантактаваць з мастакамі. Усё, што было напісана па мастацтву на чэшскай і нямецкай мовах, Грабал вывучыў дасканальна. Будучы пісьменнік чытаў пра антычнасць і рэнесанс, быў знаёмы са схаластыкай і патрыстыкай, філасофіяй Канта, Гегеля, Шапэнгаўэра, Маркса, Энгельса. Захапляўся філасофіяй і мастацтвам Індыі і Кітая. Самым любімымі філосафамі Грабала былі Платон, Лао-цзы, Іісус, Шапэнгаўэр. З гэтымі мыслярамі мы часта сустракаемся на старонках яго кніг. Пазней на пісьменніка вельмі моцна паўплывалі Ладзіслаў Кліма і Карэл Ясперс. Лао-цзы для Грабала быў тым вялікім філосафам, які асэнсаваў эпоху заняпаду ў Кітае. Іісус – іншы тып асобы. Ён унёс новыя фактары ў сусветную гісторыю, даў ёй новы накірунак. Грабал часта параўноўваў Лао-дзы і Іісуса. Платон вабіў чэшскага пісьменніка сваімі адносінамі да рэчаіснасці і сваім здзіўляючым мастацтвам дыялогу, у якім Платон стаў пераемнікам сакратаўскай іроніі. Платон і Сакрат ва ўспрыняцці Багуміла Грабала былі шукальнікамі праўды і ў працэсе гэтых пошукаў яны ўздымалі і асэнсоўвалі тэарэтычныя, этычныя, эстэтычныя і грамадска-палітычныя праблемы, што вельмі ўражвала Грабала. З філосафаў Новага часу чэшскі пісьменнік вылучаў Шапэнгаўэра, з яго ідэй -- думкі наконт узаемапранікнення праўды, прыгажосці і светабачання. Філасофія Шапэнгаўэра арганічна пранікала ў творчасць Багуміла Грабала, але не ў навуковых тэрмінах, а ў цэласным разуменні і ўспрыняцці сучаснага свету. Погляды і арыгінальная стылістыка філосафа натхнялі Грабала і аформіліся ў актуальным і аўтэнтычным выглядзе Грабалавых тэкстаў. Моцна цікавіўся чэшскі пісьменнік і хрысціянствам. Ясперс захапіў яго артыкуламі пра шыфры і коды ў філасофіі і мастацтве, а таксама свёй метафізікай экзістэнцыі, калі чалавек усведамляе сэнс свайго быцця ў сусвеце.

Багуміл Грабал выключна ведаў сусветную літаратуру. На яго пісьменніцкую манеру паўплывалі Ф. Дастаеўскі, Ф. Рабле, Дж. Джойс. З рускіх пісьменнікаў ён любіў А. Чэхава, І. Бабеля, Ю. Тынянава, С. Ясеніна. З амерыканцаў вылучаў Э.Хэмінгуэя, Дж. Стэйнбека, Г.Мілера, з французаў – А. Камю (асабліва яго “Чужаніцу”), А. Брэтона і П. Элюара, з англічан – Т.С. Эліота. Выключную ўвагу Грабал надаваў літаратуразнаўчым працам, асабліва тэорыі прозы Віктара Шклоўскага, з цікавасцю чытаў чэшскіх крытыкаў – Мукаржоўскага, Шальды, Гётза.

Калі гаварыць пра мастацкую эвалюцыю самога Грабала, нельга не заўважыць уплыву кінематографа, перш за ўсё мастацтва класічнага гратэска (Чаплін і нш.). Грабалу падабаліся кароткія гратэскныя творы, бо яны гаварылі больш, чым што іншае. Чапліна чэшскі пісьменнік лічыў Дон Кіхотам ХХ стагоддзя, які сваімі, нібыта простымі і неразумнымі ўчынкамі дасягае філасофскіх вяршынь. Пра адносіны да чэшскіх аўтараў Грабал напісаў у прадмове да сваёй анталогіі “Багуміл Грабал прадстаўляе выбранае з чэшскай прозы” (1967), куды ўвайшлі Эрбен, Нэруда, Л. Кліма, Голан, Герман, Вэйнэр, Гашак, Кафка.



У сваім жыцці Грабал паспытаў вялікую колькасць прафесій. Ён вельмі любіў ручную працу і быў ёй верны ўсё жыццё. Пасля шэрагу жыццёвых перыпетый у другой палове 40-х гг. Багуміл Грабал пачынае пісаць апавяданні і навэлы. Гэты пераход ад лірыкі (як большасць пісьменнікаў, Грабал таксама спачатку пісаў вершы) да прозы быў цалкам лагічным і негвалтоўным. У сваіх творах пісьменнік арыентаваўся на гістарычную традыцыю і адраджальную сілу фальклору, які прадстаўлены ў яго праз гумар працоўнага люду, чуты ім з дзяцінства. Свет рабочых піваварняў, ткачоў, сялян падаваўся яму лепшым і цікавейшым за нейкі іншы. Ужо ў маленстве рай для Грабала быў сярод людзей на вуліцах і завулках гарадоў і мястэчак.

Мастацкі метад Грабала – гэта зварот да традыцый сярэднявечча і народнага аповяду барока. У сучаснай літартуры гэта нешта настолькі новае, што цяжка нават падабраць аналагію. Жанравая палітра Грабала вельмі шырокая: гэта і раманы, і навэлы, і апавяданні, і мантаж, і лісты, і вершы, і сцэнарыі. У яго творах, большасць якіх носіць эксперыментальны характар, увогуле складана вызначыць дакладна і адназначна жанр. Цікавы і той факт, што ў літаратуру Грабал уступіў, калі яму было ўжо за сорак. Публікаваліся яго кнігі не ў тым парадку, у якім яны пісаліся. Гэты момант трэба ўлічваць пры разглядзе і аналізе яго творчасці. Мастацкі метад Багуміла Грабала характарызуецца парушэннем існуючых норм. Мова скарыстоўваецца ў асобай эстэтычнай функцыі. Гэтым пісьменнік моцна адрозніваецца не толькі ад чэшскіх літаратараў да 1945 г., але і ад тых, хто пачаў друкавацца разам з ім у 60-я гг. Мова – галоўны складнік яго паэзіі і прозы. У яго творчасці ўсё пачынаецца з мовы. Менавіта мова стварае своеасаблівы свет уяўленняў, шыфраў і кодаў – словам, свой фіктыўны свет. Калі параўнаць Грабала, напрыклад, з Ванчурам, які надаваў мове сваіх твораў выключную ўвагу, чэрпаючы са старажытнамоўнай спадчыны,перш за ўсё -- мовы Краліцкай Бібліі, то трэба зазначыць, што Грабал ішоў іншым шляхам: ён абапіраўся на размоўныя пласты і сучасны гарадскі фальклор -- выкарыстоўваў дыялог, параўнанні і розныя прымаўкі, даючы ім новае жыццё, напаўняючы іншым зместам. У гэтым яго можна параўнаць з Бажэнай Немцавай. І Грабал, і Немцава натхняліся казкамі і баладамі, адкрывалі і апісвалі ў сваіх кнігах жыццёвую філасофію чэшскага народа. Сваёй моўнай практыкай Грабал блізка падыйшоў да Джойса. Моўнымі характарыстыкамі персанажаў і іх асяроддзя ён стварыў даверную атмасферу, якую можна назваць квінтэсэнцыяй чалавечнасці. Слова ў прозе Грабала выконвае эстэтычна- вобразатворчую, эмацыянальную і філасофскую функцыі. Пісьменнік філасофствуе перш за ўсё тым, як ён размаўляе са сваімі чытачамі. Яго філасофія жыцця выражаецца таксама спалучэннем прыгод, падзей, выпадкаў і ўспамінаў. Творы чэшскага аўтара можна назваць драмай быцця. Грабал заўсёды глядзіць на свет так, нібы бачыць яго першы раз. У адным з сваіх артыкулаў Грабал напісаў: “Зразумець мадэрнісцкую прозу можна толькі ўсвядоміўшы магічнае поле, у якім мы існуем…Сучасную прозу нельга пісаць, не ведаючы, што адбываецца ў іншых відах мастацтва. Мне здаецца, што літаратура і жывапіс – гэта спазлучаныя сасуды…” Менавіта ў гэтым вытокі лірызму Грабала. Менавіта адсюль яго візуальнасць -- мастака, рэжысёра, пісьменніка з сістэмнай творчай метадалогіяй. Грабал быў упэўнены, што любая падзея змяшчае ў сабе паэтычнае зерне. Ён часта паўтараў фразу Латрэамона: “Некалі мастацтва ствараць будуць усе”. Апалінэр, Рэмбо і сэррэалісты сталі для пісьменніка сапраўднай літаратурнай любоўю. Услед за авангардыстамі Грабал стараецца вызваліць словы ад стэрэатыпаў паўсядзённага іх ужывання. Сказы тэкстаў ужо ў “Жамчужыне на дне” (“Perlička na dně”) былі напоўнены ў Грабала канкрэтным зместам. Дарэчы, аўтар цудоўна валодаў сленгам. Мова яго герояў жывая. Праз мову характарызуюцца і перасанажы і аўтарская жыццёвая філасофія. Праз мову Багуміл Грабал выразіў душу стагоддзя. Кампазіцыйна у Грабала адна навэла-матыў ставіцца за другой, і так ствараецца тэкст-аповед. Простая мова і дыялогі з’яўляюцца асновай гэтых тэкстаў. Месцамі аўтар натуралістычны, і гэта не дзіўна, паколькі ён працаваў у многіх месцах і многае бачыў. Менавіта таму Грабал выкарыстоўвае ў сваіх творах не толькі сленг, але і прафесійную лексіку, філасофскую тэрміналогію. Для яго натуральна ўжываць мову півавараў і складаныя навуковыя выкладкі тэорыі Энштэйна, розных філасофскіх сістэм, думак Сакрата, Лао-цзы і інш. Такім чынам, мова Грабалавых твораў – гэта і літаратурная чэшская мова, і сленг, і арго, і народная афарыстыка. Усё разам.

Аўтар заўжды вельмі добра ведае тое, аб чым піша. Кожны яго твор утрымлівае дакладныя дэталі, як мінулага, так і сучаснага жыцця. Грабал добра ведае навуку, спорт, філасофскія плыні, разумее змены ў існаванні чалавечай цывілізацыі і іх значэнне. Але ён не жадае нешта вырашаць альбо на штосьці скіроўваць чалавека, а проста ўздымае пытанні, паэтычна рэфлексуе і такім чынам адкрывае ў словах новае бачанне. Багуміл Грабал станоўча адносіцца да свету і жыцця ў ім, таму што і тое і другое зменлівыя, а гэта для яго вельмі важна. Імкненне адрадзіць мову звязана ў Грабала і з такой рысай яго мастацкага свету, як лірызм. Грабал перш за ўсё лірык, і не таму, што ён пачынаў з паэзіі. Проста такая яго вобразнасць і такая гульня ў яго творах, якія спалучаюцца з pábením (гэтае слова вельмі цяжка перакласці, ніводная мова не мае аналага, гэта асаблівы тып аповеду, які адкрыў ці, дакладней, убачыў Грабал і апісаў такі тып людзей, для якіх гэта самае pábení складае аснову і сэнс жыцця. З‘яўляецца спосабам існавання і выжывання ў складаных умовах, жыццёвай філасофіяй і спосабам захавання свайго „я“) і ствараюць асобы стыль. Зусім невыпадкова ў 1945 г. Багуміл Грабал разам са сваім сябрам і паэтам Карлам Марыскам звяртаецца да паэтызму і піша маніфест паэтызму, імкнучыся ўваскрасіць паэтызм 20-х гг., узбагаціўшы яго рысамі новай пасляваеннай рэчаіснасці. Грабал быў упэўнены, што здаровы раблезіянскі смех значна прадуктыўнейшы за дасціпнасць сучаснасці (пра гэта ён разважаў у адным са сваіх лістоў). Грабал і яго сябар параўноўвалі паэтызм з сюррэалізмам. Яны не проста следавалі чужым метадам, а актыўна засвойвалі і дапаўнялі. Прыкладам такога засваення з‘яўляецца персанаж Ганці з „Занадта гулкай адзіноты“ (“Příliš hlučná samota”). Усё, пра што ён распавядае , што ўяўляе і што думае, -- своеасаблівая паэтычная праекцыя перадваеннага тэатра малых форм Э.Ф.Бурыяна, яго сцэнаграфіі і рэжысуры, поўная прывідных слоў, фантазій, фантомаў і гіпербал. Адрозненне паміж уласна паэтызмам і грабалаўскім паэтызмам у тым, што наш аўтар выкарыстоўвае метад калажа, а не мантажа (Удакладнім: калаж – „наклейванне“ на нейкую аснову матэрыялаў, якія адрозніваюцца ад яе колерам і фактурай, а мантаж – падбор і спалучэнне асобных частак чагосьці ў адно цэлае для стварэння адзінства). Звычайна Багуміл Грабал зыходзіў з таго, каб увогуле не мець аніякіх узораў, акрамя самога сябе,а ў той жа час не стаць самому ўзорам – трэба весці вайну з самім сабой, быць стала ў творчым напружанні. Грабал-неапаэтыст пайшоў нават далей за паэтыстаў 20-30-х гг. Ён пагаджаўся з Феліні ў тым, што фікцыя можа даць рэчаіснасці болей, чым будзённая банальная рэчаіснасць.

Як і многія сучасныя празаікі Грабал сплятае ў сваіх творах некалькі сюжэтных пластоў розных часоў. Яны сутыкаюцца. Але кульмінацыя адбываецца ў моўнай сферы, а не ў фабульнай. У тэкстах Грабала можна адзначыць традыцыю hospodské historky (так званай “тракцірнай гісторыі”), якая, бясспрэчна, з’яўляецца ядром славеснага мастацтва і значным жанрам гарадскога фальклору. Праз “тракцірныя гісторыі” Грабал транспануе жыццёвы матэрыял з экзістэнцыяльнай сферы ў камедыйную -- сродкамі гратэска, міфа і сноў. Сваёй творчасцю Грабал працягвае ў мастацтве і літаратуры карнавальную традыцыю. Ён нават сабраў і выдаў кнігу “Pavlačové anekdoty z let 1929-1934”. Гэтыя анекдоты адрозніваюцца тыпова пражскай іроніяй, якая стала ўжо культурным і літаратурным феноменам.

Знакавымі рысамі прозы Грабала з’яўляюцца трагікоміка, гумар, іронія. Гумар, смех увогуле, пісьменнік успрымаў як самы старажытны спосаб пазнання свету. Смутныя падзеі часта змяняюцца ў гратэск, у анекдот. Камічнае ў Грабала будуецца на кантрастах і нават выступае ў якасці аднаго з відаў кантраста. Грабал разумее класічную іронію ў тым сэнсе, што яна дае магчымасць зразумець памкненні, зразумець, што пэўныя рэчы ў свеце змяніць нельга: мы народжаны ў пэўнай сітуацыі і жывем у пэўным часе. Іронія ж даецца чалавеку як сродак самапазнання. У мастацкім свеце Грабала спалучаецца трагічнае і камічнае: з аднаго боку гэта прыроджанае, а з другога адпавядае часужыцця аўтара. З паняццем трагікамічнага ў яго звычайна звязваюцца характэрныя адступленні, калі на свет глядзіць пабочны, абыякавы назіральнік. Але і сам Грабал глядзеў на свет і бачыў яго поўным трагізму і безвыходных, безнадзейных сітуацый. Ужо пасля першай сусветнай вайны гратэск стаў знакам нашага стагоддзя. Франц Кафка і Яраслаў Гашак дапаўняюць адзін аднаго рознымі відамі гратэску. Невыпадкова, што абодва яны ўвайшлі ў анталогію, складзеную Грабалам. Гашак і Кафка не ведалі адзін аднаго. Яна былі геніяльнымі пісьменікамі не таму, што самарэалізаваліся праз творчасць, а таму, што захавалі свой унутраны свет у атмасферы меланхоліі і смутку, паклаўшы пачатак пэўнай пражскай школы іроніі і экспрэсіі. Грабал меркаваў, што Гашак і Кафка распавядалі пра адно і тое ж, але ў розных аспектах бачання. Філасофія Гашак абапіралася на думку Шэлінга :”Чалавек — гэта тое, што ён есць”. Кафка прытрымліваўся горкай габрэйскай мудрасці :”Мы габрэі, як масліны, аддаем тое лепшае, што маем, толькі калі нас драбяць”. Гэта на самой справе і з’яўляецца феноменам пражскакй іроніі – спалучэнне супрацьлегласцей, разуменне сваіёй тугі, неабходнасці знаць гэты свет, прымаць яго такім, якім прымаць яго нельга і ў дадатак захоўваць сваю ідэнтычнасць сродкамі іроніі, гумару, смеху ўвогуле.

Творчасць Грабала аб’ядноўвае і тое, што было ў Кафкі, і тое, што было ў Гашака. Яна ўпісваецца ў карнавальную плынь сусветнай літаратуры і імкнецца да спасціжэння межаў чалавечага. У тэкстах Грабала можна знайсці нават дадаісцкія элементы, адмаўленне эстэтычных і маральных традыцый. Грабал лічыў, што дух “дада” узнік не на прыканцы першай сусветнай вайны, а вельмі даўно – “дада” заўсёды было часткай жыцця. У самога аўтара “дада” стала часткай яго гумару, з яго дапамогай ён пазбягае нуды, стварае свае знакамітыя парадоксы, паказвае абсурднасць таго, што імкнецца быць сур’ёзным, глыбокадумным, а на самой справе такім не з’яўляецца. Грабал быў вельмі вялікім прыхільнікам парадоксаў, якія ён часта даводзіў да абсурду. Так узнік Грабалаўскі чорны гумар, зусім не як праява цынізму, жорсткасці і адчаю. Грабалу ўдаецца спалучаць усе градацыі смеху і лірызму і такім чынам атрымліваецца нешта новае і незвычайнае ў чэшскай літаратуры. З дапамогай чорнага гумару аўтар акрэслівае свае адносіны да герояў і стварае неабходную атмасферу для аповеду, які базуецца на багатых жыццёвых крыніцах. Выразнікамі чорнага гумару ў чэшскага пісьменніка часта выступаюць трагічныя матывы і сітуацыі. Яны абуджаюць у чытача смутак і тугу.

Значным у мастацкім свеце Грабала з’яўляецца канцэпт смерці: яна неаддзельная ад жыцця і надае жыццю новыя імпульсы; у творах смерць выступае пад рознымі выглядамі, але заўсёды чытач ясна адчувае палярнасць жыцця і знікнення.

Адной з дамінант прозы Грабала выступае пародыя. Прадмет яго пародый асаблівы. Гэта перш за ўсё людзі, якіх сам аўтар называе pábitelé. Яго пародыі, асноўным сродкам якіх становіцца гіпербала, перабольшванне, заўсёды грамадскага характару, а не толькі літаратурнага. Сам пісьменнік казаў: „Мой бог – Дыяніс, бацька – іранічны Сакрат, які цярпліва пачынае размовы з усімі, каб языком і за язык прывесці да самага краю няведання“. Іранічны Сакрат – адзін з галоўных правадыроў па творчасці нашага аўтара, для якога іронія – перш за ўсё адсутнасць ілюзій наконт сябе і іншых, гэта – умова і сутнасць душэўнай раўнавагі і мудрасці. Таму Грабал, так бы мовіць, знаходзіцца і над аптымізмам і над песімізмам. Яго іронія раблезіянскага тыпу, калі аўтар высмейвае не толькі на грамадскае жыццё, але і спрошчаныя ўяўленні свайго пакалення, праз гіпербалы выходзячы за межы рэальнага свету. У іроніі чэшскага пісьменніка няма ні злобы, ні нянавісці. Яе аснова – любоў да жыцця і чалавека, а пазіцыю аўтара хавае падтэкст твораў, дзе спалучаюцца pábitelské матывы, іронія і майстарскае валоданне мовай.

У паэтыцы Багуміла Грабала дамінуе метад мантажа, які дазваляе перадаваць драматычны рытм сучаснасці, яе плюралізм і сімультаннасць. Тут Грабал ідзе за Апалінэрам і Джойсам. У сваіх тэкстах аўтар стварае аналогіі, арыентуючыся на прыём “плыні свядомасці” і “аўтаматычнае пісьмо”. Метад мантажа вынікае з яго поглядаў на жыццё як завершаную цэласнасць, абмежаваную нараджэннем і смерцю, поўную рознымі падзеямі і сустрэчамі. Падзея для пісьменніка -- вельмі значны фактар. На думку Грабала, з падзеі пачынаецца не толькі проза, але і працэс мыслення. Менавіта падзеі, апісаныя і паралельна, і ў скрыжаваннях, складаюць мазаічнае палатно яго раманаў і апавяданняў. Грабалу падабаецца падкрэсліваць эстэтычнае альбо знакавае значэнне падзеі. Творы будуюцца такім чынам, што тэма кожнага наступнага пасажу здзіўляе альбо правакуе чытача. Гэта дасягаецца праз сістэму кантрастаў. Грабал, як сюррэалісты, зыходзіць з думкі, што людзі валодаюць здольнасцю рознымі спосабамі апісваць адно і тое ж. Ён карыстаецца тым, што неэстэтычныя з’явы набываюць эстэтычнае значэнне і новы сэнс пры іх нечаканым альбо выпадковым супастаўленні і групаванні, таму імкнецца вылучыць разнародныя прадметы і з’явы з натуральных сувязей і з’яднаць па-новаму. Так перамешваюцца мінулае і сучаснае. Чэшскі пісьменнік акцэнтуе значэнне абсурдных сітуацый, выпадкаў, нечаканасці і будуе асасцыятыўныя ланцугі вобразаў. Узаемапранікненне сюжэтных пластоў – толькі адзін бок паэтыкі Грабала. У сваіх эксперыментальных тэкстах ён стараецца пераадолець бездань паміж мастацтвам і грамадствам, знешнім і ўнутраным, фантазіяй і рэальнасцю, паэтычным і будзённым, мінулым і цяперашнім, уздымаючы праблемы экзістэнцыі, быцця і небыцця чалавека на зямлі. Ён паказвае трагіку, жорсткасць, камізм, бруд, прыгажосць, веліч жыцця, а не проста ілюструе яго. Сінтэз супрацьлегласцей вабіў Грабала ад пачатку творчага шляху.

На першы погляд, творы Грабала робяць уражанне лёгкіх імправізацый. На самой справе яны вылучаюцца прадуманай кампазіцыяй, досыць складана сканструяваны. Кожны тэкст мае сваю логіку. Часта можна сутыкнуцца са стылізацыяй. Сам аўтар заўважаў, што спачатку складае падзеі без мэты, а скразны, аб’яднальны матыў з’яўляецца потым. Амаль кожны тэкст Багуміла Грабала – гэта своеасаблівы зборнік навэл альбо неўпарадкаваны набор эпізодаў. Знешне асобныя творы нагадваюць імправізаваныя байкі, якія, дапаўняючыся, уступаюць у новыя адносіны і ўзаемасувязі. Часта крытыкі параўноўваюць свет персанажаў Грабала з маральна-псіхалагічнымі эксперыментамі Дастаеўскага. З Дастаеўскім Грабала аб’ядноўвае маральная пазіцыя і спагадлівасць. Чалавечнасць, межы чалавечнасці – так можна пазначыць галоўную тэматыку яго твораў.

Для паэтыкі Грабала ўласціва канкрэтнасць мастацкага свету. Канкрэтныя і ўсе яго вобразы. Грабал – майстра дэталі. У адзінае цэлае эпізоды, вобразы аб’ядноўваюцца метадам канфрантацыі. Чэшскі пісьменнік зыходзіць з пазіцыі, што ў крайніх, памежных сітуацыях чалавек лепш пазнае сам сябе. Гістарычныя, сацыяльныя, нават класавыя контуры ў прозе Багуміла Грабала дакладна акрэслены. Выразным і характэрным для пісьменніцкай манеры чэшскага майстра з’яўляецца эратызм, адначасова і зямны, і касмічны, вельмі ўзнёслы. Амаль ва ўсіх яго творах прысутнічаюць сэксуальныя матывы. Пісьменнік, пражыўшы 83 гады, ніколі не адчуваў сябе старым. Ён верыў у моладзь і раіў шукаць крыніцу натхнення ў самім жыцці : “Будзьце адукаваныя так, каб у вас трашчалі магзі, уладкуйцеся на працу, жывіце самым нармальным жыццём, як жывуць астатнія, пазірайце вакол сябе і ўважліва слухайце, адчувайце сябе так, нібыта вы ніколі і не хацелі пісаць, злійцеся з асяродкам і пісьменніцкую працу ўспрымайце хутчэй як маргінальныя заўвагі да жыцця, і калі вы будзеце так рабіць дваццаць гадоў, дык ўбачыце, што вам ёсць пра што пісаць!” Сам Грабал пісаў вельмі хутка і ўспрымаў свае творы як варыяцыі на пэўную тэму. А яшчэ ён так казаў пра сваю творчасць: “Мой свет – гэта жыццё ў пазашлюбным жываце і сталае пачуццё страху, якое толькі пісаннем я імкнуўся пераадолець”.


Асноўныя даты жыцця і творчасці
28 сакавіка 1914 г. У Брне, у Жыдэніцах, за 4 месяцы да пачатку I сусветнай вайны ў сям'і рахункавода піваварні нарадзіўся Багуміл Грабал. Дзяцінства ён правёў у Полне і Німбурку.

1933 г. – Багуміл скончыў рэальнае вучылішча.

1934-1939 гг. -- Грабал вучыцца на юрыдычным факультэце Карлава Універсітэта. Падчас вучобы ў 1936 годзе падарожнічаў па Германіі, у 1938 годзе -- па Швецыі і Фінляндыі. Пасля заканчэння вышэйшай школы Багуміл Грабал вяртаецца ў Німбурк, і ў гады нямецкай акупацыі працуе саладоўнікам на піваварні, потым -- служачым натарыяльнай канторы, кладаўшчыком спажывецкага кааператыву, рабочым на чыгунцы.

1945-1946 гг. Дактарантура Карлава Універсітэта. Грабал урэшце скончыў вывучаць права і стаў страхавым і гандлёвым агентам.

1949-1951 гг. Працуе рабочым ля мартэнаўскай печы ў Полдаўцы. Там ён калечыцца і пераходзіць на працу пакоўшчыка ў кантору утыльсыравіны ў Празе. Потым уладкоўваецца статыстам і рабочым куліс у тэатры Нэўмана.

1962 г. 3 гэтага часу Грабал прысвячае сябе толькі літаратурнай дзейнасці. Аднак пісаць ён пачынае яшчэ ў 30-я гады: спрабуе сябе ў паэзіі, пры відавочным захапленні сюррэалістамі і ўплыве Т.С. Эліота. Да друку нават быў падрыхтаваны зборнік вершаў "Згубленая вулачка" (“Ztracená ulička”), але пасля падзей лютага 1948 года ўвесь набор быў разбураны, і вершы ўбачылі свет толькі ў 1991 годзе.

50-я гг. Пад уплывам сяброўскіх кантактаў з літаратарамі і мастакамі Групы 42 (творчага андэграўнда) і тымі, каго забаранялі выдаваць (Іржы Каларж, Эмануэль Фрынта, Ёзеф Гіршал), Багуміл Грабал пачынае пісаць празаічныя творы, якія выпадалі з рамак афіцыйных эстэтычных нормаў свайго часу. Яго тэксты звярталіся да абсурднай гратэскнасці Ладзіслава Клімы і тракцірнай гісторыі Гашэка. У гэтыя гады былі напісаны амаль усе тэксты, якія Грабал выдаваў аж да пачатку 70-х гадоў. Першыя спробы іх публічнага абнародавання прыпалі на час умеранай адлігі пасля падзення сталінскай дыктатуры.

1956 г. У свет выходзіць зборнік "Гаворкі людскія" (“Hovory lidí”), з якога апавяданне "Ярмілка" (самае вядомае) не праходзгць цэнзуру.

1959 г. Сапраўдным дэбютам у афіцыйным выдавецтве павінен быў стаць зборнік "Жаўрук на нітцы" (“Skřivánek na niti”), які ўключаў 12 апавяданняў. Але ў атмасферы скандала пасля ідэалагічнага асуджэння Й. Шкворацкага зборнік не апублікавалі.

1963 г. Пасля зацягнуўшагася маўчання другім уступам у літаратуру стаў для Грабала зборнік "Жамчужына на дне" (“Perlička na dně”), які ўвабраў у сябе тузін апавяданняў, па некаторых з іх рэжысёрамі кінематаграфічнай школы былі знятыя фільмы. У гэтым жа годзе Грабал атрымаў прэмію выдавецтва "Чэхаславацкі пісьменнік". Творы Грабала гэтага перыяду належалі першай хвалі чэшскага андэграўнда і неслі на сабе адметныя рысы названай культурнай плыні.

1964 г Выключным поспехам у чытачоў і крытыкаў карысталіся наступныя кнігі, выдадзеныя адна за адной: "Pabitelé”, "Танцы для дарослых і пажылых" (“Taneční hodiny pro starší a pokročilé”), "Цягнікі спецыяльнага прызначэння" (“Ostře sledované vlaky”) (1965), "Аб'ява пра дом, у якім не хочацца жыць" (“Inzerat na dům, ve kterém už nechci bydlet”) (1965), "Страшныя гісторыі і легенды" (“Morytáty a legendy”) (1968).

1967 г. Рэжысёр Іржы Мэнзэл зняў фільм па кнізе "Цягнікі спецыяльнага прызначэння", які атрымаў "Оскара".

1970 г. Выдавецтва “Млада фронта” публікуе "Хатнія заданні. Разважанні і размовы" (“Domácí úkoly. Uvahy a rozmluvy”), "Бутоны. Крохкія і дэспатычныя тэксты з 1938-1952 гадоў" (“Poupata. Křehké i rabiatské texty z let 1938-1952”), але ўсе яны па цэнзурных меркаваннях знішчаюцца. У сваёй творчасці Багуміл Грабал міжволі ўдзельнічаў у афіцыйнай і самавыдавецкай плынях чэшскай літаратуры. Шэраг абставін у пачатку 70-х гадоў кідае Грабала ў "нулявое становішча": аўтарскі пісьмовы стол апаражняецца, а палітычная віхура 1968 года выносіць пісьменніка, які паспеў ужо стаць адметнай літаратурнай і грамадскай фігурай, з цэнтра ўвагі і падзей ізноў на іх край. У гэты ж час Багуміл Грабал назаўжды развітаўся з маці. Адзінота і хвароба прывялі яго да думак пра блізкую смерць, пра што ён распавёў у новых тэкстах, якімі імкнуўся спыніць час. У першую чаргу гэта тычыцца твора "Пастрыжэнне" (“Postřižiny”) (1970), дзе вачыма сваёй маці ён глядзіць на сучаснасць і апісвае атмасферу на німбуркскай піваварні ў пачатку 20-х гадоў.

1971 г. За 18 летніх дзён Грабал стварае найвядомы сёння твор "Я абслугоўваў англійскага караля" (“Obsluhoval jsem anglického krále”).

Вясна 1973 г. Таксама хутка і спантанна Багуміл Грабал піша вольны працяг німбуркскіх рэмінісцэнцый -- "Гарадок, дзе спыніўся час" (“Městečko, kde se zastavil čas”) і "Пяшчотны варвар" (“Něžný barbar”). У 1990 годзе па апошнім творы Пётр Коліга зняў мастацкі фільм. У "Пяшчотным варвары" Грабал яскрава малюе 50-я гады і свайго сябра, экстравагантнага мастака і кампазітара Уладзімгра Боўдніка, разам з якім ён і Эган Бонда ладкавалі вулічныя мастацка-літаратурныя імпрэзы, падчас якіх шукалі новыя шляхі мастацтва, выказвалі свае погляды і спрачаліся з выпадковымі гледачамі і слухачамі.

Вясной 1975 г. Багуміл Грабал напісаў некалькі "моўных партрэтаў", натхнёны своеасаблівымі постацямі розных людзей, убачаных у невялічкім Керску. "Моўныя партрэты" Грабал чаргуе з філасофскімі тэкстамг -- так быў створаны цыкл "Святы пралескаў" (“Slavnosti sněženek”). Але для атрымання афіцыйнага дазволу на публікацыю твора не было дастатковым нават кампраміснага інтэрв'ю пісьменніка, змешчанага ў часопісе "Творчасць" у гэтым жа годзе. Аўтар быў вымушаны выкінуць усе эсэістычныя фрагменты і "прычасаць" сваіх герояў на манер "прыгладжаных" жанравых партрэтаў афіцыйнай літаратуры таго часу. Да чытачоў кніга дайшла толькі ў 1978 годзе.

У сярэдзіне 70-х гг. аб "пакаянні" Грабала не толькі дыскутавалі -- на Карлавым мосце некалькі маладых людзей спалілі ягоныя кнігі. Грабал успрыняў гэты факт вельмі балюча і адказаў на яго творам "Занадта гулкая адзінота" (“Příliš hlučná samota). (1977), дзе рытмізаванай і ўзвышанай мовай падаў маналог старога ўпакоўшчыка выкарыстанай, непатрэбнай паперы, праз рукі якога ў час працы прайшлі многія літаратурныя шэдэўры, якія і адукавалі яго. Упакоўшчык рэфлексуе над сэнсам чалавечага жыцця і развіцця свету. Матыў добраахвотнага сыходу з жыцця ў творы збліжае аўтара са сваім героем. Гэтая кніга - адна з міфатворчых аўтабіяграфій Багумгла Грабала.

1976 г. стаў годам вяртання Грабала і яго кніг у літаратуру, што выдавалася афіцыйна.

1981 г. Грабал стварае трыпціх "Гарадок ля вады" („Městečko u vody“), кнігу "Клубы паэзіі" Kluby poezie”).

1982г. "Хатнія заданні на пільнасць" Domácí úkoly z pilnosti”).

1986 г. Зборнік "Жыццё без смокінга". У сваёй новай трылогіі 1986-87 гадоў -- "Вяселле ў доме. Дзявочы. раман" Svatby v domě. Dívčí románek”), "Новае жыццё. Карцінкі" Vita nuova”), "Перавалы" Proluky”) -- Грабал зноў выкарыстоўвае жаночы погляд на рэчаіснасць: на гэты раз ён глядзіць на прыватнае жыццё гераіні вачамі сваёй жонкі Элішкі. Асобныя часткі адрозніваюцца паміж сабой, але агульнай з'яўляецца іронія. У цэнтры трылогіі -- падзеі з жыцця пісьменніка з сярэдзіны 50-х да пачатку 70-х гадоў, яго погляды на мастацтва, апісанне лёсаў сяброў і родных. Ад трылоггі ў выдавецтве "Чэхаславацкі пісьменнік" адмовіліся, тады Грабал апублікаваў яе ў самвыдаце. Гэта выклікала новую хвалю ўціску на аўтара з боку тайнай паліцыі. Наступны твор з'явіўся ў друку толькі ў 1989 г. ("Чароўная флейта"). Тэкст твора балансаваў на мяжы публіцыстыкі і белетрыстыкі.

1991 г. На працягу года Багуміл Грабал развівае далей свой эксперымент, пазначаны як "размоўная журналістыка", і стварае вольны працяг папярэдняй аўтабіяграфіі -- серыю фіктыўных лістоў канкрэтнаму адрасату, амерыканскай багемістцы Апрыл Цліфардавай. Гэтыя лісты -- спантанны запіс думак, настрояў і пачуццяў Грабала, выкліканых назіраннямі за жыццём сучаснага грамадства. Яны друкаваліся ў зборніках «Лістападаўскі ўраган» Listopadový uragán”) (1990), "Кавалер руж" Růžový kavalír”) (1991), "Аўрора на водмелі" Aurora na mělčině”) (1992). Апошні зборнік Багуміла Грабала мае падзагаловак "Эсэ", у ім аўтар выказвае свае меркаванні аб сучаснасці вельмі незвычайнаму адрасату -- свайму любаму кату Цасію. Зборнік мае назву "Вечаровыя зорачкі для Цасія" Večerníčky pro Cassia”) (1993).

1993 г. Аўтабіяграфічная трылогія Грабала атрымлівае прэмію Яраслава Сэйферта.

Люты 1997 г. Багуміл Грабал упаў з пятага паверха шпіталя. Некаторыя даследчыкі яго творчасці схіляюцца да думкі, што гэта было самагубства.


Творы
Грабал Б. Беатриче // Иностранная литература, 1989, №12.

Грабал Б. Поезда особого назначения // Феникс, 1992, №1.

Грабал Б. Я обслуживал английского короля // Иностранная литература, 1992, №1.

Грабал Б. Пабітэлі. Вузельчыкі на памяць. Ярмілка. Хочаце бачыць залатую Прагу? // Крыніца, 1998, №1.


Hrabal B. Perlička na dně. Praha, 1963.

Hrabal B. Sebrané spisy. Sv. 1-12. Praha, 1964-1995.

Hrabal B. Uvádí. Praha, 1964.

Hrabal B. Pábitelé. Povídky. Praha, 1964.

Hrabal B. Ostře sledované vlaky. Praha, 1965.

Hrabal B. Taneční hodiny pro starší a pokročilé. Praha, 1965.

Hrabal B. Morytáty a legendy. Praha, 1968.

Hrabal B. Krasosmutnění. Praha, 1979.

Hrabal B. Hovory lidí. Praha, 1984.

Hrabal B. Městečko u vody. Praha, 1986.

Hrabal B. Život bez smokingu. Praha, 1986.

Hrabal B. Můj svět. Praha, 1988.

Hrabal B. Tři novely. Praha, 1989.

Hrabal B. Schizofrenické evangelium, 1949-1952. Praha, 1990.

Hrabal B. Městečko, kde se zastavil čas. Praha, 1991.

Hrabal B. Obsluhoval jsem anglického krále. Praha, 1993.

Hrabal B. Kafkárna. Praha, 1994.

Hrabal B. Kdo jsem. Praha, 1995.


Літаратура
Pytlík R. Bohumil Hrabal. Praha, 1990.

Kladiva J. Literatura Bohumila Hrabala: Struktura a metoda Hrabalových děl. Praha, 1994.

Jankovič M. Kapitily z poetiky Bohumila Hrabala. Praha, 1996.

Zgustová M. V rajské zahradě trpkých plodů: o životě a dile Bohumila Hrabala. Praha, 1997.

Pytlík R. Koridor smrti Bohumila Hrabala a jiné záhady literarního světa: Psichologické a detektivní přiběhy spisovatelů. Praha, 1998.

Шаблоўская І. Сюррэалістычны раман Багуміла Грабала // Паэтыка чэшскага рамана ХХ стагоддзя. Мн., 1995.



Шаблоўская І. Чэшскі дыямент у кароне сусветнай літаратуры // Крыніца, 1998, №1.
: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> %D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> %D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> %D0%9D%D0%B0%D0%B2%D1%83%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%8B%D1%8F%20%D0%B0%D1%80%D1%82%D1%8B%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8B
%D0%9D%D0%B0%D0%B2%D1%83%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%8B%D1%8F%20%D0%B0%D1%80%D1%82%D1%8B%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8B -> Бажэна Немцава. Першая жанчына-пісьменніца ў чэшскай літаратуры
%D0%9D%D0%B0%D0%B2%D1%83%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%8B%D1%8F%20%D0%B0%D1%80%D1%82%D1%8B%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8B -> Праблема магчымасцей чалавечага пазнання ў творах міхала айваза
%D0%9D%D0%B0%D0%B2%D1%83%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%8B%D1%8F%20%D0%B0%D1%80%D1%82%D1%8B%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8B -> Вострыкава Алена Уладзіміраўна Чэшскі пісьменнік Ёзаф Шкворацкі і англаамерыканская літаратура
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Практычныя заняткі Паэма “Май” як вяршыня паэзіі Махі
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Алена Вострыкава Мастацтва рамана Мілана Кундэры Раман як кропка адліку
%D0%9D%D0%B0%D0%B2%D1%83%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%8B%D1%8F%20%D0%B0%D1%80%D1%82%D1%8B%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8B -> Творчасць Бажэны Бенешавай у кантэксце развіцця чэшскай псіхалагічнай прозы першай паловы ХХ стагоддзя




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка