А. в пысін: паэзія мужнасці І дабрыні



Дата канвертавання30.06.2016
Памер54.51 Kb.
Лабаноўскі, Л.В. А.В Пысін: паэзія мужнасці і дабрыні / Л.В. Лабаноўскі // Лабаноўскі, Л.В. Землякі : гісторыя Краснапольшчыны ў асобах / Л.В. Лабаноўскі. – Мазыр : ТАА ВД "Белы вецер", 2004. – С.228-232.
А.В Пысін: паэзія мужнасці і дабрыні
Аляксей Васільевіч Пысін родам з Краснапольшчыны. Нарадзіўся 22 сакавіка 1920г. У вёсцы Высокі Борак у сялянскай сям’і. У 1938г. паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі імя С.М. Кірава ў Мінску. З другога курса быў накіраваны на працу ў рэдакцыю бельскай раённай газеты на Беласточчыну. У 1941-1945гг. – у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. Быў двойчы паранены. З 1946г. працаваў у раённым друку, у абласной газеце "Магілёўская праўда". Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры СП СССР у Маскве (1958г.). У 1974-1981гг. – сакратар Магілёўскага абласнога аддзялення СП БССР. Член СП СССР з 1950г.

Узнагароджаны медалямі. Заслужаны работнік культуры БССР (1980г.)г. Першы верш А. Пысін апублікаваў у 1938г. У "Чырвонай змене". Ён – аўтар кніжак паэзіі "Наш дзень" (1951), "Сіні ранак" (1959), "Сонечная паводка"(1962), "Мае мерыдыяны" (1965), "Твае далоні" (1967), "Пойма" (1958), "Да людзей ідучы" (1972), "Вярбовы мост" (1974), "Вершы" (1976), "Ёсць на свеце мой алень" (1978). "Палёт" (1982), "Яшчэ не скончана дарога" (1983). У 1980 і 1989 гг. выйшлі выбраныя творы ў двух тамах. Для дзяцей былі выдадзены зборнікі вершаў "Матылёчкі-матылі" (1962), "Вясёлка над плёсам" (1964), "Кавылёк" (1966), паэма "Марыям" (1970), кнігі вершаў і паэм "Колькі сонцаў!" (1979), "Аляксей, Дзяніс, Алёнка" (1984). Напісаў кнігу пра народныя песні і іх выканаўцаў " Бярозка ля кожных варот" (1972).

А. Пысін пераклаў на беларускую мову "Мастацкі сшытак" М. Джаліля (разам з С. Гаўрусёвым, 1975), зборнік вершаў М. Санінава "Жураўлі над стэпам" (1977).

Аляксей Васільевіч Пысін – лаўрэат Дзаржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1968) за кнігу вершаў "Твае далоні".

...Яго паэтычны голас загучаў па-свойму, па-пысінскі. Ідучы па дарозе жыцця, Аляксей Пысін убіраў у сябе і звязаў у адно целае задуменны гоман лясоў і шум збажыны на палетках, блакіт азёраў і задушэўнасць народных песень. Усё гэта цесна пераплятаецца з лёсам людскім.

"Калі ўспамінаю маленства і свае раннія гады, - чытаем у ягонай аўтабіяграфіі, - прыгадваю крыніцы. Мусіць, нідзе не было столькі крыніц, як у аколіцах нашай вёскі Высокі Борак. Ці ты ў лузе, ці на пакосе – усюды знойдзеш паблізу крынічку... І яшчэ ўспамінаюцца песні, якія спявалі ў нашай вёсцы. Хораша спявалі хлопцы і дзяўчаты. З тых дзён запалі ў душу і хвалююць "Ой, у поле азёрушка". "З-пад кораня вішня..." і многія іншыя чароўныя мелодыі..."

Усё гэта і вылівалася ў тыя пранікнёныя, хвалюючыя, глыбокафіласофскія вершы, як напрыклад, гэты:
Не ведаю, якім вузлом

Навек я прывязан

Да старых сосен за сялом,

Да яблынь, груш і вязаў.

Да кладак гладкіх,

Валуноў,


Да траў, жытоў на ўзлесках.

Да партызанскіх курганоў

І помнікаў гвардзейскіх.

Адно я знаю: гэткі меч

На свеце не скуецца,

Каб мог ён вузел мой рассеч,

Не закрануўшы сэрца.
Аляксей Пысін быў заўсёды ў дарозе. Ён ніколі не ведаў стомы. Яму да ўсяго была справа, усяго яму было мала. У вершы "Яшчэ не скончана дарога" паэт зазначаў:
Яшчэ не скончана дарога,

І хочаш думаць аб зямным.

Не пакідай мяне, трывога,

Будзь спадарожнікам маім.


Ён сваімі вачыма бачыў жыццё людзей амаль у кожнай вёсцы на роднай Магілёўшчыне, ведаў зямлю. Таму і меў усе падставы зрабіць вывад, што ж такое шчасце:
Шчасце так не даецца,

І яго не купіць.

Шчасце сеецца, жнеццца,

Счасце ў кузнях куецца.


Паэт усвядоміў, што толькі ўласнай ўпартай працай можна дабіцца пэўных поспехаў, зрабіць жыццё прыгажэйшым, лепшым.

А. Пысін цікавы і па-свойму ўнікальны ў нашай літаратуры. Духоўны стрыжань яго паэзіі – знітаванасць з роднай зямлёй, з яе зажуранымі ўвосень і ўзнёсла-радаснымі ўвесну вялікімі і малымі рэчкамі, сінявокімі азёрамі, мядовым водарам лугавых траў, шчымліва-развітальным курлыканнем журавоў, світальнай расой у яблыневым садзе... Усім гэтым поўніцца паэзія А. Пысіна.

Аляксей Васільевіч пісаў многа пра вайну, якая зрабіла яго салдатам. Гэта засведчылі яго надзвычай доўгія і цяжкія ваенныя дарогі. Быў ён гвардыі салдатам шаставой сувязі (праводы сувязісты падвешвалі на дрэвы, а калі іх не было, то на шасты. Адсюль і назва – шаставая сувязь). Удзельнічаў у вызваленні Магілёўшчыны.

З успамімнаў А.В. Пысіна:

" ...З восені сорак трэцяга зіму і вясну на Проні стаяў фронт. Зіма адразу ўзялася лютая, з маразамі. Афіцерам выдалі кажухі. Але не было снегу, і белыя кажухі было відаць на шэрай зямлі. Нямецкія снайперы, акапаўшыся на працілеглым беразе, цэліліся па белых кажухах, выбівалі наш камсасатаў. І тады свой белы кажух зампаліт аддаў мне. І я не пабаяўся быць на скрыжананні варожага прыцэлу, але не стаў ахвярай, сам рашуча браў ворага на прыцел..."

А на вайне як на вайне, ахвяры былі. Пазней паэт пісаў:
Глядзіце – я з той абароны,

З акопаў, што зніклі ў траве.

Увесь полк наш застаўся на Проні,

На беразе правым яе.

("Балада пра каску")
У яго вершах нярэдка сустракаюцца канкрэтныя прозвішчы, званні: капітан Гальпін, сяржант Ігнацьеў, камроты Весялоў. Часам яны спяваюць "пад балалайку ў тры струны". І песні іх даўнія, салдацкія альбо вясковыя.
Сухі пясок, сухія гаці,

Сухі туман балтыйскіх вод.

На дзюны ўпаў сяржант Ігнацьеў

Пад біўні зломленых грымот.

Чарнеюць спаленыя дзюны,

Чарнее глыба валуна.

Парваныя спякаюць струны:

Сямёнаўна, Іванаўна...


Вайна ў яго свядомасці засталася незабыўнай і назаўсёды. Паэт-франтавік Аляксей Пысін у сваіх творах часта ўзгадваў вайну, каб паказаць яе жорсткі звярыны твар.
...Я гляжу на даўняе курганне,

На траву, на рыжых мурашоў.

Ведайце, калі мяне не стане –

Я ў сваю дывізію пайшоў.


Паэтычны талент А.В. Пысіна – талент ад Бога. Пра тое, што ў яго творах часта паблісквае "Божая іскра", пісалі многія паэты і крытыкі. Яго паэзію аб вайне прыраўнялі да прозы Васіля Быкава: "Пысін як Быкаў у прозе" (Верлан Бечык, Віктар Карамазаў, Любоў Гарэлік і іншыя), "Ён стварыў лепшую, так-так, лепшую ў нашай беларускай літаратуры ваенную лірыку" (Віктар Карамазаў), "Аляксей Пысін – асоба, і асоба неардынарная, асоба беларуская..."(Генадзь Бураўкін).

І калі імя Пысіна вычоныя, даследчыкі і літаратары сёння ставяць побач з імёнамі Баратынскага, Цютчава, Блока, Твардоўскага, Купалы, Танка, Куляшова, Панчанка і іншых выдатных паэтаў, то гэта сведчанне таго, што пысінская паэзія сапраўды "на глыбінным узроўні сцвярджала чалавечнасць".

Ён бязмежна любіў свой родны кут – Краснапольшчыну, наведваў родныя мясціны, пісаў нарысы пра сваіх землякоў, захапляўся Краснапольскім народным тэатрам і не прапусціў амаль ні адной яго прэм’еры. А ў час апошніх нашых сустрэч у тэатры падараваў мне, аўтару гэтых радкоў, сваю кнігу "Колькі сонцаў!" з аўтографам: "Мае ўсе сонцы Леаніду Лабаноўскаму".

Да апошніх дзён (памёр 27 жніўня 1981г.) А. Пысін не цураўся сваёй малой радзімы. У нарысе "З роднай дарогі" Аляксей Васільевіч пісаў:

"Прыязджаючы на радзіму, часам хочацца пехатою, як калісці, прайсці ад Краснаполля да сваёй вўскі Высокі Борак... Родная мая дарога – адкрытая кніга, якую можна чытаць бясконца. Кожны след – адзнака чыйгосьці лёсу. Пакінулі нябачны адбітак у мінулыя гады салдацкія боты і забытыя ўжо лапці. Перагарну ў памяці тоненькі лісточак і, можа, убачу свае сляды..."

Мы бачым гэтыя сляды, якія ў свой час павялі Аляксея Васільевіча ад роднага парога ў вялікі і цудоўны свет жыцця.

Паэт Аляксей Пысін сваімі творамі выпраменьваў салаўіную дабрыню і з маладымі развітаўся бессмяротнымі радкамі:
Бяру з сабой, нялёгкія дарогі,

Сляды пакут, што не датлелі там.



Бяру з сабой бяссонныя трывогі,

А юны свет – я юным перадам.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка