А вось паслухаем



Дата канвертавання17.06.2016
Памер59.72 Kb.

Свінапас


Жыў-быў бедны прынц. Каралеўства ў яго было зусім маленькае, але якое-ніякое, а ўсё ж каралеўства, — хоць ажаніся, і вось ажаніцца ён якраз і хацеў.


Яно, вядома, дзёрзка было ўзяць ды спытаць дачку імператара: «Пойдзеш за мяне?» Але ён асмеліўся. Імя ў яго было вядомае на ўвесь свет, і сотні прынцэс сказалі б яму дзякуй, але што адкажа імператарская дачка?
А вось паслухаем.

На магіле ў прынцавага бацькі рос ружовы куст, ды які прыгожы! Квітнеў ён толькі раз у пяць год, і распускалася на ім адна-адзіная ружа. Затое салодкі быў яе водар, панюхаеш — і адразу забудуцца ўсе твае гаркоты і турботы. А яшчэ быў у прынца салавей, і спяваў ён так, быццам у горлейку ў яго былі сабраны ўсе самыя цудоўныя напевы на свеце. Вось і вырашыў прынц падарыць прынцэсе ружу і салаўя. Паклалі іх у вялікія срэбныя куфэркі і адаслалі ёй.


Загадаў імператар прынесці куфэркі да сябе ў вялікую залу — прынцэса гуляла там у госці са сваімі фрэйлінамі, бо іншых спраў у яе не было. Убачыла прынцэса куфэркі з падарункамі, запляскала ў ладкі ад радасці.
— Ах, калі б тут была маленькая кіска! — сказала яна.
Але з'явілася цудоўная ружа.
— Ах, як хораша зроблена! — уголас сказалі фрэйліны.
— Мала сказаць хораша, — адгукнуўся імператар, — проста нядрэнна.
Толькі прынцэса пакратала ружу і ледзь не заплакала.
— Фі, тата! Яна не штучная, яна сапраўдная.
— Фі! — уголас паўтарылі прыдворныя. — Сапраўдная!
— Пачакаем сердаваць! Паглядзім спачатку, што ў другім куфэрку! — сказаў імператар.
І вось выпырхнуў з куфэрка салавей і запеў так дзіўна, што спачатку ні да чаго і прычапіцца было.
— Superbe! Charmant! (Непараўнана! Цудоўна! (фр.)) — сказалі фрэйліны; усе яны балбаталі па-французску адна горш за адну.
— Гэта птушка так нагадвае мне арганчык нябожчыцы імператрыцы! — сказаў адзін стары прыдворны. — Так, так, і гук той жа, і манера!
— Так! — сказаў імператар і заплакаў, як дзіця.
— Спадзяюся, птушка несапраўдная? — спытала прынцэса.
— Сапраўдная! — адказалі пасланцы, якія даставілі падарункі.
— Дык няхай ляціць, — сказала прынцэса і катэгарычна адмовілася прыняць прынца.
Толькі прынц не журыўся; выпацкаў твар чорнай і бурай фарбай, насунуў на вочы шапку і пастукаўся ў дзверы.
— Дзень добры, імператар! — сказаў ён. — Ці не знойдзецца ў вас у палацы месцейка для мяне?
— Шмат вас тут ходзіць ды шукае! — адказваў імператар. — Урэшце, пастой, мне патрэбны свінапас! У нас процьма свіней!
Так і прызначылі прынца свінапасам яго вялікасці і ўбогую каморку побач са свінарнікам адвялі, і там ён павінен быў жыць. Ну вось, праседзеў ён цэлы дзень за работай і да вечара зрабіў цудоўны маленькі гаршчочак. Увесь абвешаны бразготкамі гаршчочак, і калі ў ім што-небудзь варыцца, бразготкі вызваньваюць даўнейшую песеньку:
Ах, мой мілы Аўгусцін,

Усё прайшло, прайшло, прайшло!


Але самае забаўнае ў гаршчочку тое, што калі патрымаць над ім у пары палец — адразу можна даведацца, што ў каго гатуецца ў горадзе. Няма слоў, гэта было цікавей, чым ружа.
Аднойчы прагульваецца прынцэса з усімі фрэйлінамі і раптам чуе мелодыю, што вызвоньваюць бразготкі. Стала яна на месцы, а сама так уся і ззяе, таму што таксама ўмела найграваць «Ах, мой мілы Аўгусцін», — толькі гэту мелодыю і толькі адным пальцам.
— Ах, гэта ж і я гэтак магу! — сказала яна. — Свінапас у нас, мабыць, адукаваны. Паслухайце, хай хто-небудзь пойдзе і спытае, колькі каштуе гэты інструмент.
І вось адной з фрэйлін давялося прайсці да свінапаса, толькі яна надзела для гэтага драўляныя чаравікі.
— Што возьмеш за гаршчочак? — спытала яна.
— Дзесяць пацалункаў прынцэсы! — адказваў свінапас.
— Госпадзі памілуй!
— Ды ўжо ніяк не меней! — адказваў свінапас.
— Ну, што ён сказаў? — спытала прынцэса.
— Гэта і вымавіць немагчыма! — адказвала фрэйліна. — Гэта жахліва!
— Дык шапні на вуха!
І фрэйліна шапнула прынцэсе.
— Які недалікатны! — сказала прынцэса і пайшла далей, ды не паспела зрабіць і некалькі крокаў, як бразготкі зноў зазвінелі так слаўна:

Ах, мой мілы Аўгусцін,


Усё прайшло, прайшло, прайшло!
— Паслухай, — сказала прынцэса, — ідзі спытай, можа, ён згодзіцца на дзесяць пацалункаў маіх фрэйлін?
— Не, дзякуй! — адказваў свінапас. — Дзесяць пацалункаў прынцэсы, альбо гаршчочак застанецца ў мяне.
— Якая нудота! — сказала прынцэса. — Ну, станьце наўкол мяне, каб ніхто не бачыў!
Захінулі фрэйліны прынцэсу, растапырылі спадніцы, і свінапас атрымаў дзесяць пацалункаў прынцэсы, а прынцэса — гаршчочак.
Вось дык радасці было! Увесь вечар і ўвесь наступны дзень стаяў на агні гаршчочак, і ў горадзе не засталося ніводнай кухні, хай гэта дом камергера альбо шаўца, пра якую прынцэса не ведала, што там гатуюць. Фрэйліны скакалі ад радасці і пляскалі ў ладкі.
— Мы ведаем, у каго сёння салодкі суп і блінчыкі! Ведаем, у каго каша і свіныя катлеты! Як цікава!
— У вышэйшай ступені цікава! — пацвердзіла обер-гафмайстэрына.
— Але толькі трымайце язык за зубамі, я ж дачка імператара.
— Змілуйцеся! — сказалі ўсе.
А свінапас — гэта значыць прынц, але для іх ён быў па-ранейшаму свінапас — дарма часу не губляў і змайстраваў трашчотку. Варта пакруціць ёю ў паветры — і вось ужо яна сыпле ўсімі вальсамі і полькамі, якія толькі ёсць на свеце.
— Гэта ж suреrbе! — сказала прынцэса, ідучы міма. — Проста не чула нічога лепшага! Паслухайце, спытайце, што ён хоча за гэты інструмент. Толькі цалавацца я болей не стану!
— Ён патрабуе сто пацалункаў прынцэсы! — паведаміла фрэйліна, выйшаўшы ад свінапаса.
— Ды ён, відаць, вар'ят! — сказала прынцэса і пайшла далей, але, зрабіўшы два крокі, спынілася. — Мастацтва трэба заахвочваць! — сказала яна. — Я дачка імператара. Скажыце яму, я згодна на дзесяць пацалункаў, як учора, а астатнія хай атрымае з маіх фрэйлін!
— Ах, нам так не хочацца! — сказалі фрэйліны.
— Якое глупства! — сказала прынцэса. — Ужо калі я магу цалаваць яго, то вы і тым болей. Не забывайце, што я кармлю вас і плачу вам жалаванне!
Давялося фрэйліне яшчэ раз схадзіць да свінапаса.
— Сто пацалункаў прынцэсы! — сказаў ён. — А не — кожны застанецца пры сваім.
— Станьце наўкол! — сказала прынцэса, і фрэйліны абступілі яе і свінапаса.
— Гэта што яшчэ за зборышча ля свінарніка? — спытаў імператар, выйшаўшы на балкон. Ён працёр вочы і надзеў акуляры. — Не інакш як фрэйліны ізноў нешта выдумалі! Трэба пайсці паглядзець.
І ён выпрастаў заднікі сваіх туфляў — туфлямі яму служылі стаптаныя чаравікі. І-эх, як хутка ён пайшоў!
Спусціўся імператар у двор, падкрадваецца паціхеньку да фрэйлінаў, а тыя толькі тым і занятыя, што пацалункі лічаць: гэта ж трэба, каб справа зладзілася як належыць і свінапас атрымаў роўна столькі, колькі прызначана, — ні больш ні менш. Вось чаму ніхто не заўважыў імператара, а ён прыўстаў на дыбачкі і глянуў.
— Гэта што яшчэ такое? — сказаў ён, убачыўшы, што прынцэса цалуе свінапаса, ды як стукне іх туфлем па галаве!
Здарылася гэта ў тую хвіліну, калі свінапас атрымаў свой восемдзесят шосты пацалунак.
— Неrаus (Вон! (ням.))! — у гневе сказаў імператар і выштурхаў прынцэсу са свінапасам за межы сваёй дзяржавы.
Стаіць і плача прынцэса, свінапас лаецца, а дождж так і палівае.
— Якая я гаротная! — галосіць прынцэса. — Хай бы я выйшла за цудоўнага прынца! Якая я няшчасная!
А свінапас зайшоў за дрэва, сцёр з твару чорную і бурую фарбу, скінуў брудную вопратку — і вось перад ёй ужо прынц у царскім адзенні, ды такі прыгожы, што прынцэса міжвольна зрабіла рэверанс.
— Цяпер я пагарджаю табою! — сказаў ён. — Ты не захацела выйсці за сумленнага прынца. Ты нічога не зразумела ні ў салаўі, ні ў ружы, затое магла цалаваць за забаўкі свінапаса. Так табе і трэба!
Ён пайшоў да сябе ў каралеўства і зачыніў дзверы на засаўку. А прынцэсе толькі і заставалася стаяць ды спяваць:
Ах, мой мілы Аўгусцін,

Усё прайшло, прайшло, прайшло!
: biblio -> 5-9 -> literature -> for
for -> Мне так хочацца, каб у мяне была дачка, хоць самая маленькая!
for -> Ты, напэўна, ведаеш, што ў Кітаі ўсе жыхары кітайцы і сам імператар кітаец
for -> Генрых сянкевіч незабыўная старонка славянскай мінуўшыны1 (Урыўкі з рамана
for -> Далёка ў моры вада сіняя-сіняя, як пялёсткі самых прыгожых васількоў, празрыстая-празрыстая, як самае чыстае шкло, толькі вельмі глыбокая, такая глыбокая, што ніякага якарнага каната не хопіць
for -> Біблія стварэнне свету
for -> Джозэф Рэдзьярд Кіплінг
for -> Дзінтра шулцэ роберцік
for -> Брэменскія музыкі
for -> Столік-накрыйся, залаты асёл і дубінка з мяшка
for -> Кароль Драздабарод




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка