А. Вялікі Апублікавана: Polska mniejzość narodowa na Bialorusi. Związek Polakow na Bialorusi w 20—lecie dzialalnosci. Pod. Redakcją Zdzislawa J. Winnickiego a Tadeusza Gawina. Wsap, Bialystok 2010, s. 47-75



старонка1/5
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.61 Mb.
  1   2   3   4   5

powerpluswatermarkobject191054



А. Вялікі

Апублікавана: Polska mniejzość narodowa na Bialorusi. Związek Polakow na Bialorusi w 20—lecie dzialalnosci. Pod. Redakcją Zdzislawa J. Winnickiego a Tadeusza Gawina. WSAP, Bialystok 2010, s.47-75.

Ключавыя словы: нацыянальная меншасць, палякі, беларускія палякі, палонія, беларуска-польскія адносіны, каталіцкі касцёл, Гродзенская вобласць, Брэсцкая вобласць, Заходняя Беларусь.


Палякі ў БССР у 1944-1989 гг.
Па заканчэнні Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі аказалася найбольшая колькасць палякаў, якія пражывалі ў Савецкім Саюзе. У сувязі з гэтым перад уладамі СССР-БССР паўстала задача вызначэння накірункаў нацыянальнай палітыкі адносна беларускіх палякаў. Своеасаблівасць гэтай праблемы заключалася ў яе трохузроўневым вымярэнні: СССР-ПНР-БССР. Савецкаму Саюзу прыходзілася рашаць яе з улікам змяніўшайся геапалітычнай сітуацыі. З СССР гранічыла ўжо не “белапанская Польшча”, а адна з краін “народнай дэмакратыі” і бліжэйшы саюзнік. Рашая праблему беларускіх палякаў неабходна было ўлічваць пазіцыю ў гэтым пытанні польскага боку. Неабходна было больш “цывілізаваным” шляхам, у адрозненні ад масавых дэпартацый палякаў з заходніх абласцей Беларусі ў 1939-1941 гг., рашаць гэтую праблему. Таму, адной з галоўных стратэгічных задач з’яўлялася ліквідацыя дысбалансу ў этнапалітычнах савецка-польскіх узаемаадносінах, які ўзнік у час Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны.

Больш складаным з’яўляўся беларуска-польскі ўзровень. Узаемаадносіны паміж беларусамі і палякамі ў 1921-1939 гг. і ў гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны, вызначэнне беларуска-польскага ўчастка савецка-польскай граніцы і адбыўшыйся ў 1944-1946 гг. узаемны абмен насельніцтвам паміж БССР і Польшчай, рэпатрыяцыя палякаў з БССР у ПНР у 1955-1959 гг., кампактнасць іх пражывання ў заходніх абласцях БССР, моўная, культурная, канфесійная, блізасць з метраполіяй, наяўнасць па абодвух баках граніцы родных і блізкіх дыктавала неабходнасць правядзення гэтай палітыкі з улікам спецыфікі беларуска-польскіх узаемаадносін.

У найбольш цяжкім, супярэчлівым становішчы апынулася кіраўніцтва ПНР. Нягледзячы на панаванне ідэалагемы “аб непарушнасці і прыязні савецка-польскага сяброўства”, прыярытэтныя накірункі гэтага “сяброўства” і ўзаемаадносін вызначала кіраўніцтва СССР. Аднак, у савецка-польскіх узаемаадносінах, на што звяртаюць увагу айчынныя і польскія даследчыкі, не існавала праблемы “савецкай палоніі” і ўвогуле “палоніі”, як гэта разумелі ў Польшчы: падтрымка польскай меншасці ў СССР (зразумела і ў БССР), стварэнне і развіццё культурна-асветных устаноў, задавальненне нацыянальна-культурных патрэб палякаў, аказанне ім консульскай дапамогі і г.д.1. Кіраўніцтва Польшчы гэта асэнвоўвала, але не магло ўплываць ці карэнным чынам змяніць гэтую сітуацыю.

Палітыка партыйна-савецкага кіраўніцтва БССР у галіне нацыянальных адносін адпавядала канцэптуальным палажэнням нацыянальнай палітыкі, якая праводзілася ў СССР. Аднак у пасляваенны час у гэтай палітыцы адбыліся істотныя змены. У першую чаргу канцэптуальнаму перагляду падверглася сутнасць і змест паняцця “нацыянальная меншасць”, якое на думку кіраўніцтва СССР мела ярка выражаны палітычны змест. У праграмных дакументах КПСС знікла паняцце “нацыянальныя меншасці”, а замест яго ўзніклі ідэалагемы аб “збліжэнні народаў”, “сціранні нацыянальных адметнасцей” і фарміраванні новай супольнасці “савецкі народ”. Так, у трэцяй праграме КПСС, прынятай на XXII з’ездзе партыі ў кастрычніку 1961 г. нават не закраналіся пытанні развіцця нацыянальных меншасцяў. Падкрэслівалася неабходнасць “збліжэння нацый” у працэсе пабудовы камуністычнага грамадства, у ходзе якого недапушчальна “ні ігнараванне, ні раздзьмухванне нацыянальных асаблівасцей”2.

Палітыка кіраўніцтва СССР у адносінах да нацыянальных меншасцяў у агульным адпавядала пасляваенным міжнародным стандартам. Так, у статуце ААН (1945 г.) двойчы ўзгадвалася права нацыі на самавызначэнне, аднак ні разу не ўзгадваліся правы нацыянальнай меншасці3. Шэраг юрыстаў-міжнароднікаў прыйшлі да высновы, што правы нацыянальных меншасцяў павінна рэгуляваць дзяржава на аснове яе ўнутраннага права4. Таму зыходзячы з міжнароднай практыкі і права, а таксама са свайго ўнутраннага права і праводзімай нацыянальнай палітыкі заканадаўства СССР не вылучала і не прадугледжвала абарону правоў нацыянальных меншасцяў. Разам з тым, наяўнась палякаў у СССР, у тым ліку і ў БССР, вымушала кіраўніцтва Савецкага Саюза ўлічваць гэты фактар ў яе правядзенні.

Вызначэнне агульнай стратэгіі адносна беларускіх палякаў належыла вышэйшаму палітычнаму кіраўніцтву Савецкага Саюзу, а яе тактычнае ажыццяўленне, улічваючы мясцовыя асаблівасці – партыйна-савецкаму кіраўніцтву БССР. У сувязі з гэтым паўстае пытанне, ці існавала мэтанакіраваная палітыка адносна беларускіх палякаў і якія былі механізмы яе ажыццяўлення. Аналіз пастаноў, рашэнняў, дырэктыў партыйна-савецкіх органаў СССР-БССР паказвае, што ў даследуемы перыяд не прымалася спецыяльных рашэнняў, у якіх была абгрунтавана неабходнасць правядзення работы выключна сярод беларускіх палякаў (выдзелена мной. - А.В.) Дакументы ЦК ВКП(б)-КП(б)Б улічвалі спецыфіку заходнебеларускага рэгіёна, насельніцтва якога пражывала ў 1921-1939 гг. у “буржуазнай Польшчы” і якое, нягледзячы на нацыянальнасць – паляк ці беларус, неабходна было “перавыхаваць” і “выхаваць” ва ўмовах жыцця ў сацыялістычным грамадстве. На наш погляд доўгатэрміновай стратэгічнай мэтай для кіраўніцтва СССР-БССР з’яўлялася дасягненне этнаканфесійнай аднароднасці заходнебеларускага грамадства і яго ўніфікацыі з усходняй часткай БССР. Гэтая мэта дасягалася рашэннем наступных задач: а) перасяленнем найбольш грамадска актыўнага, нацыянальна свядомага “польскага элемента” з заходніх абласцей Беларусі ў Польшчу; б) адмова ў задавальненні нацыянальна-культурных патрэб беларускіх палякаў; в) “дэкаталізацыяй” – нейтралізацыяй і мінімізацыяй уплыву рыма-каталіцкага касцёла і “праваславізацыяй” польскага і “апалячанага беларускага насельніцтва”. Гэтыя задачы рашаліся комплексна, выкарыстоўваючы розныя формы і метады, улічваючы мяняючуюся ўнутрыпалітычную сітуацыю ў СССР і асаблівасці грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця заходнебеларускага рэгіёна.

Спроба вызначэння пазіцыі палітычнага кіраўніцтва Беларусі да беларускіх палякаў ушчыльную паўстала на V пленуме ЦК Кампартыі Беларусі (26-28 лютага 1943 г.). Сакратар Вілейскага абкама партыі І.Клімаў, выступаючы на пленуме, адзначыў, што ў Вілейскай вобласці існуе складаная нацыянальная сітуацыя. Аднак у адказ на яго выступленне сакратар ЦК КП(б)Б Ц.Гарбуноў заявіў, што: "ніякага складанага нацыянальнага пераплёту ў Вілейскай вобласці няма. Вілейская вобласць на 95 % складаецца з беларусаў. Які там можа быць складаны нацыянальны пераплёт, калі асноўная маса - 95 % насельніцтва беларусы. Ёсць там невялікі працэнт літоўцаў, невялікі працэнт палякаў. Безумоўна, прымаць іх пад увагу неабходна, але ніякага складанага нацыянальнага пераплёту там няма"5.

І.Клімаў як першы сакратар Маладзечанскага абкама партыі, на VI пленуме ЦК КП(б)Б (12-18 лютага 1945 г.) зноў прыцягнуў увагу партыйнага кіраўніцтва рэспублікі да нацыянальнай сітуацыі ў заходніх абласцях БССР. Ён падкрэсліў, што для партыйных работнікаў заходніх абласцей рэспублікі адным з важнейшых пытанняў з’яўляецца пытанне аб вызначэнні нацыянальнасці. Ён адзначыў, што беларусам-католікам, якія пражывалі ў Маладзечанскай вобласці, у час панавання Польшчы і ў перыяд акупацыі спрабавалі ўнушыць думку, што яны не беларусы, а палякі. У асобных раёнах, працягваў ён, партыйныя арганізацыі не адразу зарыентаваліся ў гэтым пытанні і таксама сталі сцвярджаць, што, напрыклад, у Ашмянскім раёне 80 % палякаў, у Іўеўскім - 75 % і г.д.6. І.Клімава падтрымаў сакратар Гродзенскага абкама партыі А. Эльман, які таксама заявіў, што большасць насельніцтва Гродзенскай вобласці і іншых заходніх абласцей - гэта беларускае насельніцтва7. Аналагічнай думкі прытрымліваўся і сакратар Гродзенскага райкама партыі Ф.Масанін, які адзначыў, што "райкам партыі займаўся выяўленнем, якога насельніцтва болей у раёне - беларусаў ці палякаў. Аказваецца, што палякаў у раёне каля 25 %, астатнія - беларусы і частка апалячаных беларусаў"8.

Парадаксальнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што ў поглядах на праблему палякаў у заходніх абласцях Беларусі супалі погляды зусім супрацьлеглых бакоў: беларускіх камуністаў і беларускай эміграцыі. Так, вядомы эмігранцкі гісторык М.Волаціч у 1957 г. пісаў, што: "перасяленчая акцыя так званага "польскага" элементу з Заходняй Беларусі ў Польшчу наглядна выявіла ўсю фальшывасць польскіх даваенных статыстычных дадзеных аб колькасці Палякаў у Заходняй Беларусі, якіх было толькі 5,9 % усяго насельніцтва. Пасля адыходу немцаў і заняцця Заходняй Беларусі бальшавікамі, г. значыць у 1944 г., усіх Палякаў засталося каля 45 000 разам з Вільняй і Віленшчынай, якія былі пераселены ў Польшчу згодна з перасяленчымі ўмовамі. Такім чынам, ад 1947 г. на ўсход ад савецкай "лініі Керзана" не засталося амаль зусім палякаў"9. Беларускі гісторык І. Царук таксама адмаўлялася “бачыць” палякаў у заходніх абласцях БССР. Яна адзначыла, што “пад уплывам ілжывай прапаганды святарства, а таксама ў выніку пагроз і насілля з боку нацыяналістычных банд, якія дзейнічалі разам з каталіцкім духавенствам, некаторая частка беларускіх католікаў пасля вайны пачала заяўляць аб сваёй прыналежнасці да польскай нацыі”10.

Цікава адзначыць, што склаўшыйся пасля вайны стэрэатып і ўпартае жаданне “не бачыць” палякаў у заходніх абласцях Беларусі падтрымлівалі асобныя беларускія гісторыкі. Так, айчынны гісторык Ул. Палуян у 1970 г., накіраваў першаму сакратару ЦК КПБ П.Машэраву ліст, з нагоды маючага адбыцца ў 1970 г. перапісу насельніцтва. Ён падкрэсліваў, што пасля Вялікай Айчыннай вайны ў адпаведнасці з пагадненнем з урадам ПНР у Польшчу выехала больш за 200 тыс. чалавек. 40-50 тыс. загінулі ў часе вайны. Такім чынам, па яго меркаваннях, у Беларусі засталося прыкладна 150 тыс. чалавек польскай наацыянальнаасці, а з улікам натуральнага прыросту да 1959 г. іх мелася каля 170 тыс. чалавек, што склала 2% насельніцтва рэспублікі. Аднак, паводле перапісу насельніцтва 1959 г. у БССР налічвалася 539 тыс. чалавек полякаў. Значыць, канстатаваў Ул. Палуян, 370 тыс. беларусаў прызналі сябе палякамі. На яго думку перапіс 1959 г. “неправільна адлюстраваў нацыянальны склад насельніцтва БССР і асабліва яе заходніх абласцей”11. Ул. Палуян тлумачыў рэзка ўзросшую колькасць палякаў, і ў гэтым ён салідарызаваўся з І. Клімавым, І. Царук, “каланізатарскай палітыкай польскіх буржуазных уладаў і каталіцкай царквы ў 1921-1939 гг.”, якія ўвялі ў зман частку беларускага насельніцтва наконт іх нацыянальнасці, якая прызнала сябе палякамі.

Разам з тым, існаваўшая рэчаіснасць абвяргала такога кшталту меркаванні. Нягледзячы на той факт, што дакладных звестак аб нацыянальным складзе насельніцтва ў заходнім рэгіёне на той час (1944-1946 гг. - А.В.) не мелася, тым не менш прыблізныя ўсё ж існавалі. Гэта колькасныя дадзеныя, якія сумесна атрымалі прадстаўнікі СНК БССР і ўпаўнаважаныя Польшчы, калі праводзілі ўлік насельніцтва, якое пажадала перасяліцца ў Польшчу. Паводле іх дадзеных, у Гродзенскай вобласці (па стану на жнівень 1945 г.) пражывала 443 908 чалавек (без уліку насельніцтва Мастоўскага і Жалудоцкага раёнаў, бо звесткі аб колькасці насельніцтва гэтых раёнаў адсутнічалі. - А.В.). З іх беларусамі лічылі сябе 219 475 чалавек ці 49,44%, палякамі - 208 754 чалавекі ці 47,02%12. Па раёнах дыспрапорцыя паміж беларусамі і палякамі была яшчэ большая. Так, у Гродзенскім раёне з агульнай колькасці насельніцтва ў 51 422 чалавекі палякаў налічвалася 31 497 ці 61,25%, беларусаў - 19 607 ці 38,12%, у Воранаўскім з усяго насельніцтва ў 20 365 чалавек палякаў было 19 038 ці 93,48%, беларусаў – 331 ці 1, 62%, Лідскім усяго насельніцтва 43 080, з іх палякаў - 30 456 ці 70,69%, беларусаў - 11 332 ці 26,30%. Іншая сітуацыя назіралася ў Поразаўскім раёне, дзе з 25 997 чалавек усяго насельніцтва 22 574 лічылі сябе беларусамі, і толькі 3319 - палякамі13. Значныя ваганні паміж колькасцю палякаў і беларусаў назіраліся і ў іншых раёнах вобласці.

Безумоўна, да лічбаў, што прыводзілі прадстаўнікі СНК БССР і ўпаўнаважаныя Польшчы, неабходна ставіцца дастаткова крытычна, улічваючы складаныя ўмовы, у якіх праводзіўся ўлік насельніцтва. Так, у справаздачы Ваўкавыскага райпрадстаўніцтва, у якое ўваходзілі Ваўкавыскі, Поразаўскі, Свіслацкі, Бераставіцкі, Ружанскі, Пружанскі, Шэрашаўскі раёны, адзначалася, што "вялікай цяжкасцю з'явілася тое, што ва ўсіх раёнах нашага дзеяння адсутнічаў і адсутнічае ўлік насельніцтва па нацыянальнасці14. Такім чынам, справаздачы райпрадстаўнікоў СНК БССР па перасяленню адлюстроўвалі зусім іншую нацыянальную карціну, чым сцверджанні партыйных работнікаў.

Больш даставернымі магчыма лічыць дадзеныя, якія атрымалі мясцовыя органы ўлады асобных раёнаў Гродзенскай вобласці летам 1945 г. Так, у маі 1945 г. кіраўніцтва Ваўкавыскага раёна атрымала статыстычныя дадзеныя з сельсаветаў аб нацыянальным складзе насельніцтва раёна, якія паказалі, што ў раёне налічвалася 32 970 ці 56,71% палякаў, 23 750 ці 40,85% беларусаў, 1144 – рускіх і 270 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. У Васілішкаўскім раёне палякаў налічвалася 20 023 чалавекі ці 65,67%, беларусаў – 10 415 ці 34,16%, рускіх – 5015. У Лідскім раёне, паводле дадзеных Лідскага РК КП(б)Б, налічвалася (па стану на 11.08.1945 г.) 43 217 чалавек, сярод якіх палякаў мелася 29 356, беларусаў – 11 332 чалавекі, рускіх - 118216. Усведамленне гэтага факта і той рэчаіснасці, што існавала ў заходніх абласцях Беларусі, прывяла да маўклівага прызнання партыйным кіраўніцтвам рэспублікі наяўнасці значнай колькасці палякаў у заходніх абласцях БССР. Магчыма сцвярджаць, што гэта адбылося ў сярэдзіне 1945 г. Так, сакратар Сапоцкінскага райкама партыі Міронаў, выступаючы на VII пленуме ЦК Кампартыі Беларусі (7-12 ліпеня 1945 г.) адзначыў, што Сапоцкінскі раён - "гэта пагранічны раён, у асноўным з польскім насельніцтвам. Калі мы маем 22 тысячы ўсяго насельніцтва, то 21 691 чалавек па нацыянальнасці палякі, беларусаў толькі 143 чалавекі. Гэта дадзеныя на сённяшні дзень"17. Як вынікае са слоў Міронава, абсалютная большасць насельніцтва раёна з’яўлялася палякамі. Характэрна, што ні адзін з удзельнікаў пленума не абверг і не аспрэчыў гэтыя лічбы, а таксама яго сцверджанне: ні партыйныя кіраўнікі Гродзенскай вобласці, ні кіраўніцтва ЦК КП(б)Б. Нагадаем, што на лютаўскім пленуме ЦК КП(б)Б (1945 г.) гучалі сцверджанні, што “большасць” насельніцтва Гродзенскай вобласці – гэта беларускае насельніцтва.

Вынікі перасяленчай акцыі таксама сведчылі, што ўлады прызналі наяўнасць палякаў у заходнім рэгіёне Беларусі. Так, на выезд у Польшчу з усіх заходніх абласцей зарэгістравалася 535 284 чалавекі, якія лічылі сябе палякамі18. Аднак у выніку працы змешаных камісій беларусамі-католікамі палічылі ўсяго толькі 39 044 чалавекі19. Такім чынам, улада маўкліва прызнала, што 496 240 чалавек – палякі. Падкрэслім, што гэта тыя грамадзяне, якія афіцыйна зарэгістраваліся на выезд і лічылі, што яны палякі. Аднак, калі прызнаць, што частка людзей увогуле не зарэгістравалася, але лічыла сябе палякамі, то гэтая лічба істотна павялічыцца. Паўстае пытанне – наколькі ? Польскі гісторык П.Эберхардт лічыць, што: “можна меркаваць, што непасрэдна пасля вайны ў заходняй частцы беларускай зямлі знаходзілася каля 1 млн. насельніцтва польскай нацыянальнасці”20. Калі прыняць за аснову яго разлікі і ўлічыць, што 535 284 гэта палякі, то вынікае, што каля 460 тыс. чалавек (калі да гэтай лічбы прплюсаваць 460 тыс. то якраз і выходзіць 1 млн.), свядома не заявілі, што яны палякі. Аднак гэта вельмі значная лічба, і цяжка паверыць, што каля паўмільёна грамадзян свядома ўстрымаліся зафіксаваць сваю польскасць. Мы звяртаем увагу на гэты момант з прычыны яго важнасці, бо рэгістрацыяй на выезд людзі дэманстравалі сваю прыналежнасць да польскай нацыянальнасці. П.Панамарэнка ў маі 1945 г. паведамляў І.Сталіну, што “пры праверцы пунктаў рэгістрацыі на эвакуацыю ў гэтым раёне (Браслаўскім Полацкай вобласці. – А.В.) устаноўлена, што туды прыходзяць сяляне не столькі для таго, каб зарэгістравацца на выезд у Польшчу, а сколькі для таго, каб засведчыць сваю прыналежнасць да польскай нацыянальнасці”21. Гэтую выснову П.Панамарэнкі магчыма аднесці і да іншых раёнаў заходніх абласцей БССР. Зараз немагчыма дакладна ўстанавіць колькасць людзей у час перасялення ўстрымалася “засведчыць” сваю прыналежнасць да польскай нацыянальнасці, але лічылі сябе палякамі. Магчыма мяркаваць, што частка людзей з-за розных прычын магла “прыхаваць” сваю “польскасць”. Аднак на наш погляд аб колькасці ў паўміл’ёна гаворка не можа ісці. Тады меркаванні П.Эберхардта аб 1 млн. насельніцтва польскай нацыянальнасці неабходна скарэктаваць у бок змяншэння. Аднак паколькі гэтую карэкцыю немагчыма пацвердзіць статыстычнымі дадзенымі, то ўсе разлікі будуць выглядаць дастаткова гіпатэтычна. Больш прынцыповым, на наш погляд, з’яўляецца празнанне кіраўніцтвам рэспублікі наяўнасці палякаў і яго далейшыя крокі па рашэнню праблемы “польскага элемента”.



Кіраўніцтва СССР і БССР калі не варожа, до дастаткова насцярожана і падазрона ставілася да палякаў, якія пражывалі ў заходніх абласцях Беларусі. Аднак і палякі давалі повад да падазронасці сваім стаўленнем да савецкай улады, існуючага грамадска-палітычнага ладу. Яскрава гэта праяўлялася ў час правядзення рознага кшталту грамадска-палітычных кампаній.

Так, ужо летам 1944 г. у вызваленай Беларусі ўлады сутыкнуліся з першым непрыемным фактам – масавым адказам палякаў служыць у Чырвонай Арміі (ЧА). Летам 1944 г. Чырвоная Армія вызваліла Беларусь ад намецка-фашысцкіх захопнікаў і выйшла да дзяржаўнай савецка-польскай граніцы. На вызваленай тэрыторыі пачалося наладжвацца мірнае жыццё. Разам з тым, яшчэ працягвалася вайна, армія несла страты і адным з важнейшых мерапрыемстваў уладаў на вызваленай тэрыторыі стаў прызыў насельніцтва ў Чырвоную Армію (ЧА). Аднак у заходнебеларускім рэгіёне склалася своеасабліваю сітуацыя: “канкурэнтам” Чырвонай Арміі выступіла Войска Польскае (ВП), створанае на аснове дакрэта Краёвай Рады Нарадовай (КРН) ад 22 ліпеня 1944 г. аб зліянні партызанскіх атрадаў Арміі Людовай з 1-й Польскай Арміяй22. Для папаўнення фарміруемых частак у заходніх абласцях Беларусі быў абвешчаны прызыў у ВП. Такім чынам, у заходніх абласцях Беларусі фактычна праходзілі два прызывы: у Чырвоную Арміі і Войска Польскае. Аднак распачаўшы прызыў грамадзян 1893 – 1926 гг. нараджэння улады сустрэлі моцны пратэст і нежаданне часткі палякаў служыць у Чырвонай Арміі. Летам-восенню 1944 г. практычна з усіх ваенкаматаў заходніх абласцей Беларусі ў партыйныя структуры ўсіх узроўняў пайшла інфармацыя аб “сабатажу” палякаў, абвешчаннаму прызыву. Загадчык аргінструктарскага аддзела ЦК КП(б)Б В.Закурдаев у спецаведамленні “Аб становішчы ў Іўеўскім і Юрацішскім раёнах Баранавіцкай вобласці”, накіраваным у жніўні 1944 г. сакратару ЦК КП(б)Б В.Маліну адзначаў, што: "палякі ў гэтых раёнах складаюць пераважную частку насельніцтва. З вызваленнем тэрыторыі ад фашысцкіх захопнікаў сярод палякаў нацыяналістычныя падпольныя арганізацыі павялі агітацыю за непрызнанне савецкай улады. Пад уплывам гэтай агітацыя палякі ўхіляюцца ад мабілізацыі ў армію. Аб гэтым сведчыць факт, што у гэтых раёнах ні адзін паляк у Чырвоную Армію не пайшоў. З мястэчка Іўе ў першыя дні было мабілізавана 300 палякаў, на шляху ў Ліду ўсе яны разыйшліся”23. У канцы жніўня гэтага ж году аргінструктарскі аддзел ЦК КП(б)Б падрыхтаваў даведку “Аб некаторых фактах антысавецкіх выступленняў і бандытызму з боку асобных груп насельніцтва ў заходніх абласцях БССР”, у якой зноў падкрэслівалася, што ў Баранавіцкай вобласці (асабліва ў Лідскім раёне) маюцца выпадкі масавага адмаўлення ад прызыву ў Чырвоную Армію. Падкрэслівалася, што ў Мыцкім, Вавюркаўскім, Мейраўскім сельскіх саветах Лідскага раёна прызыўнікі не з’явіліся на прызыўныя пункты. Меліся выпадкі, калі прызыўныя павесткі палякі тапталі нагамі, патрабавалі польскіх афіцэраў. Мелі месца выпадкі ўцёкаў у лес24. У Бабруйску палякі-прызыўнікі з Маладзечна, якіх прызвалі ў 34-ю Запасную стралковую дывізію масава адмовіліся прынімаць прысягу, апранацца ў чырвонаармейскую форму і патрабавалі адправіць іх у Войска Польскае. Аб масавасці сведчыць той факт, што 24 красавіка колькасць “адмоўнікаў” налічвала каля 1000 чалавек25.

На прызыў у ЧА істотна ўплываў фактар польскага падполля. Падполле не толькі забараняла палякам ісці ў Чырвоную Армію, але і ўжывала рэпрэсіі да тых сем’яў, у якіх мужчыны былі прызваныя ў армію. У запісцы “Аб палітычных настроях насельніцтва раёнаў Брэсцкай вобласці (кастрычнік 1944 г.) падкрэслівалася, што: “бандыты з мэтай зрыву мабілізацыі ў шэрагі Чырвонай Арміі сталі забіваць сем’і сялян толькі за тое, што члены іх сямей служаць у Чырвонай Арміі. Так, 1 кастрычніка на хутары ў Павіцкім с/с быў забіты селянін за тое, што яго сын служыў у Чырвонай Арміі”26. Многія палякі пазбягалі з’яўляцца на прызыўных участках. Так, па Дівінскаму раёну з 648 чалавек, якія належылі прызыву, з’явілася ў райваенкамат толькі 140 чалавек. У Антопальскім раёне з 841 - 205, Кобрынскім з 702 - 583, Ружанскім з 707 – 385, у Шэрашаўскім з 660 - 286. Усяго па Брэсцкай вобласці з 9117 чалавек прызвалі ў ЧА 6882 чалавекі27.

У адносінах да тых, хто ўхіляўся ад прызыва ў Чырвоную Армію прымаліся розныя меры: ад правядзення растлумачальнай працы, да вышуквання і прымусовага накіравання ў армію праз органы НКДБ. Так, аргаддзел ЦК КП(б)Б у жніўні 1944 г адзначаў, што ў Лідскім раёне з 10 па 30 кастрычніка 1944 г. аператыўнымі групамі было затрымана 1217 чалавек, якія ўхіляліся ад прызыва ў Чырвоную Армію28. З мэтай ухілення ад службы ва ўзброенных сілах СССР палякі патрабавалі, каб у чырвонаармейскіх кніжках іх запісвалі палякамі па нацыянальнасці. Так, ваенны аддзел ЦК КП(б)Б, напрыканцы снежня 1944 г. аналізуючы вынікі прызыўной кампаніі восені 1944 г. адзначаў, што толькі ў Маладзечанскай вобласці 743 чалавекі запісаліся палякамі з мэтай ўхілення ад прызыва ў Чырвоную Армію”29.

Адмаўляючыся служыць у РСЧА палякі выказвалі жаданне служыць у Войску Польскім. Так, Гродзенскі абкам партыі паведамляў у ЦК КП(б)Б (лістапад 1944 г.), што мабілізацыя ў Чырвоную Армію ў г. Гродна праходзіла нездавальняюча, галоўным чынам за кошт польскага насельніцтва, якое не з’яўлялася на мабілізацыйныя пункты. Аднак, калі мабілізаваных палякаў пачалі накіроўваць на фарміровачныя пункты ў Польшчу, адносіны палякаў да мабілізацыі рэзка змяніліся. У гарваенкамат штодзённа (да 50 чалавек) і дабраахвотна пачалі прыходзіць палякі са зваротамі прызваць іх у Польскую Армію30. Аналагічная сітуацыя склалася і ў шэрагу раёнаў Маладзечанскай вобласці. Начальнік Свірскага РА НКДБ адзначаў, што большасць моладзі раёна пайшла ў Польскую Армію, а не ў Чырвоную31.

Чаму палякі ўхіляліся ад прызыва ў Чырвоную Армію і намагаліся трапіць служыць у Войска Польскае ? Справа ў тым, што ўсе жыхары Заходняй Беларусі ў адпаведнасці з Законам “Аб грамадзянстве СССР” ад 19 жніўня 1938 г. і Указам Прэзідыўма ВС СССР ад 29 лістапада 1939 г. сталі грамадзянамі СССР32. Аднак гэты фармальны акт яшчэ не сведчыў, што сотні тысяч палякаў пагадзіліся з гэтым і ў сапраўднасці лічылі сябе грамадзянамі СССР. Надварот, большасць з іх заставаліся перакананымі прыхільнікамі Другой Рэчыпаспалітай, не жадалі жыць у Беларусі і марылі аб пераездзе ў Польшчу. Аднак магчымасць зноў набыць польскае грамадзянства, а значыць пераехаць у Польшчу дазваляла пастанова СНК СССР ад 22 чэрвеня 1944 г. “Аб праве на пераход у Польскае грамадзянства ваеннаслужачых Польскай арміі ў СССР і асоб, памагаючых ёй у барацьбе за вызваленне Польшчы, а таксама членаў іх сямей”33. У адпаведнасці з гэтай пастановай жыхары заходніх абласцей Беларусі, якія з’яўляліся ваеннаслужачымі польскай арміі ў СССР, ці раней былі ў яе шэрагах, а таксама асобы, якія аказвалі актыўнае садзейнічанне польскай арміі ў барацьбе за вызваленне Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, атрымоўвалі права набыцця польскага грамадзянства. Улічваючы гэты фактар становіцца зразумелым жаданне палякаў служыць не ў Чырвонай Арміі, а ў Войску Польскім.


: bitstream -> doc -> 4079
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы


  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка