Ад выдавецтва



старонка1/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.53 Mb.
  1   2   3

Ад выдавецтва


Гэтая брашура прысьвечана асобе правадыра Беларускай Незалежніцкай Партыі, маёру Беларускай Краёвай Абароны й кіраўніку Беларускай Вайсковай Арганізацыі Ўсеваладу Родзьку. Ён жыў і змагаўся для Беларусі. Ён вызначаўся бязьмежным патрыятызмам і выдатнымі здольнасьцямі. Гэта ён запальваў у сэрцах беларускай моладзі змагарскі агонь ды далучаў яе да барацьбы за незалежнасьць краіны.

Калісьці прыйдзе час, калі памяць Усевалада Родзькі, як і тысяч іншых беларускіх нацыяналістаў, што аддалі свае жыцьці ў барацьбе за Беларускую Незалежную Нацыянальную Дзяржаву, будзе адпаведна ўшанавана. Пакуль жа памяць пра іх і іх геройства захоўваецца ў нашых сэрцах, кліча нас да барацьбы й перамогі.

* * *
Бальшавіцкія акупанты зрабілі ўсё магчымае, каб нашчадкі ня памяталі пра Ўсевалада Філарэтавіча Родзьку. Яны сказілі ягонае прозьвішча ды ў сваіх прапагандысцкіх пашквілях называлі яго «Радзько». Яны аблівалі ягонае імя брудам, абвінавачвалі ў нязьдзейсьненых ім злачынствах. Нарэшце, бальшавікі схавалі праўду пра ягоны далейшы лёс...

Але, рана ці позна, беларускі народ даведваецца праўду пра сваіх Герояў і Абаронцаў, што аддалі свае маладыя жыцьці за незалежнасьць Бацькаўшчыны. За апошнія гады вярнулася з нябыту й імя беларускага нацыяналіста Ўсевалада Родзькі. І хоць у ягоным жыцьці й дзейнасьці застаюцца «белыя плямы», мы ўжо цяпер шмат ведаем пра Ўсевалада Родзьку й ягоную барацьбу.

Усевалад Родзька нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Чучэвічы на Лунінеччыне. Бацька Ўсевалада Філарэт Родзька паходзіў з вёскі Вераскава (Наваградчына), дзе нарадзіўся 9 лютага 1890 года. Атрымаў асьвету ў Наваградку й Нясьвіжы, з 1909 г. працаваў настаўнікам на Мазыршчыне. Філарэт Родзька ваяваў у Першую сусьветную, быў кантужаны, атручаны газамі. Скончыў афіцэрскую школу й вайну закончыў капітанам расейскага войска. У 1918 годзе вярнуўся зноў на Мазыршчыну, працаваў настаўнікам у Леніне, праз год ажаніўся на настаўніцы Веры Гулевіч з суседняй вёскі Грычынавічы. У роднае Вераскава Родзька вярнуўся ў 1920 годзе, праўдападобна, праз Лунінеччыну, дзе й нарадзіўся сын Усевалад. Такі шлях Філарэта Родзькі з Мазыршчыны на Наваградчыну наводзіць на думку, што ён з жонкай увосень 1920 г. адступаў з-пад Мазыра разам з аддзеламі генэрала Ст. Булак-Балаховіча.

У Вераскаве Ф. Родзька стаў дырэктарам школы (пасьля таго, як у Кракаве скончыў курсы польскай мовы), выкладаў беларускую мову, арганізаваў драматычны гурток, хор. Калі прыйшлі бальшавікі, Родзька стаў дырэктарам беларускай школы ў Вераскаве. Падчас нямецкай акупацыі ён працаваў у Наваградку, настаўнікам у настаўніцкай сэмінарыі й дырэктарам беларускай гімназіі. У 1944 г. Філарэт Родзька выехаў у Нямеччыну, а адтуль - у ЗША, дзе й памёр 5 сакавіка 1977 года.

Усевалад вучыўся ў польскай гімназіі імя А. Міцкевіча ў Наваградку. Вучыўся на выдатна. Вызначаўся ня толькі здольнасьцямі да навукі, але й як добры спартсмен. Ён быў камандзірам дружыны скаўтаў у гімназіі.

У 1934 годзе ў Наваградку польскімі ўладамі была зачыненая беларуская гімназія, а яе навучэнцаў перавялі ў польскую гімназію імя А. Міцкевіча. Сярод іх былі й будучыя ведамыя беларускія дзеячы: Барыс Рагуля, Язэп Сажыч, Уладзімер Набагез. Яны разварушылі нацыянальнае пачуцьцё ў многіх беларусаў, што там навучаліся, а сярод іншых і ва Ўсевалада Родзькі. Беларускія хлопцы ня толькі бараніліся ад палянізацыі, але й пазьбеглі камуністычнага ўплыву, захавалі свой нацыянальны кірунак. Тут ім дапамог ведамы беларускі дзеяч Васіль Рагуля, які казаў: «Сацыялізм - гэта мост да камунізму. І паколькі ты ня хочаш пераходзіць на той бок рэчкі, дык ня лезь на мост!». Родзька добра запомніў гэтыя словы.

Гімназію Ўсевалад закончыў у 1938 годзе ды трапіў у польскую падафіцэрскую школу ў Замброў. Там ён таксама вылучаўся сваімі здольнасьцямі й ня быў прызнаны першым курсантам школы толькі таму, што быў запісаны беларусам. Гэта толькі ўзмацніла ягонае жаданьне змагацца за незалежнасьць Беларусі, за стварэньне беларускага войска.

Падчас нямецка-польскай вайны верасьня 1939-га Ўс. Родзька трапляе ў нямецкі палон, дзе знаходзіцца да жніўня 1940 года. Немцы вызвалялі з палону шмат беларускіх вайскоўцаў, якія выказвалі жаданьне змагацца супраць бальшавікоў за сваю Бацькаўшчыну. Родзька ўзначаліў філію варшаўскага Беларускага камітэта ў Кракаве, упершыню ўвайшоў у кантакт з Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў. Апантанасьць і рашучасьць украінскіх нацыяналістаў у барацьбе за волю Ўкраіны штурхнула Ўсевалада на такі самы шлях вызвольнага змаганьня.

У Варшаве Родзька знаёміцца з Міколам Шчорсам, ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім, кіраўніком Беларускага Нацыянальнага Фронту, які вёў актыўную нелегальную працу па стварэньні беларускага нацыяналістычнага руху ды інш. Гадлеўскі ўключыў у гэтую працу й Родзьку, які вызначаўся сваімі выдатнымі арганізатарскімі здольнасьцямі й бязьмежным патрыятызмам. Праўдападобна, ужо ў 1940-41 гг. у акупаванай немцамі Польшчы арганізаваўся зародак падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі, якая летам 1941-га перанесла сваю дзейнасьць на Бацькаўшчыну.

На Беларусі Родзька працягвае дзейнічаць пад палітычным кіраўніцтвам ксяндза Гадлеўскага, стварае падпольныя групы, вядзе працу па структурным афармленьні БНП. Для прыкрыцьця падпольнай працы ён працуе бурмістрам Віцебску, праводзіць беларусізацыю горада. У гэтых жа мэтах Родзька супрацоўнічае з абвэрам (нямецкай вайсковай выведкай і контрвыведкай).

На працягу ўсяго часу нямецкай акупацыі Ус. Родзька падтрымлівае кантакты з украінскімі нацыяналістамі, спачатку з атаманам Тарасам Бульбам-Бараўцом, камандзірам Палескай Сечы, а пасьля з АУН Бандэры. У жніўні 1941 г. Родзька, Вітушка, атаман Харэўскі-Новік кіравалі аддзеламі Беларускай Самаабароны, якая разам з Палескай Сеччу ачышчала Палесьсе ад бальшавіцкіх бандаў. Гэта была другая буйная акцыя (пасьля дэсантаў Першага штурмовага зьвязу ў чэрвені 1941-га), якую правялі маладыя беларускія нацыяналісты.

У 1942 годзе Ўсевалад Родзька становіцца старшынём ЦК падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. Ягоны аўтарытэт у беларускім грамадзтве імкліва рос. Пасьля гібелі напрыканцы сьнежня 1942 г. у катоўнях гэстапа ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага Родзька застаўся без палітычнага кіраўніцтва ды распачаў дзейнасьць самастойна. У 1943 годзе ён распрацаваў плян, у адпаведнасьці зь якім старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Мікола Абрамчык павінен быў пераехаць з Бэрліну на Беларусь і ачоліць Нацыянальны Супраціў. Абрамчык з плянам згадзіўся, увосень 1943-га зьдзейсьніў паездку па Беларусі, але неўзабаве быў арыштаваны гэстапа й апынуўся пад хатнім арыштам у Парыжы.

Родзька не адчайваўся. У 1943 г. ён, у супрацоўніцтве з абвэрам, распачынае падрыхтоўку беларускіх дывэрсійных аддзелаў, што павінны былі ваяваць на занятай Чырвонай Арміяй тэрыторыі Беларусі. Пашыралася сетка БНП. У Глыбоцкай акрузе партыяй кіраваў Янка Гінько, у Слонімскай - Рыгор Зыбайла, у Наваградзкай - Барыс Рагуля, у Менскай - Юльян Саковіч (пасьля ягонай гібелі ў чэрвені 1943 г. - Аляксей Сянькевіч), у Баранавіцкай - Усевалад Кароль, у Паставах (з вясны 1944-га) - Віктар Сікора, у Вільні - Францішак Аляхновіч (пасьля яго гібелі ў сакавіку 1944 г. - Марцінкевіч?), у Беластоцкай акрузе - Іван Гелда, на Смаленшчыне й Браншчыне - Міхал Вітушка й Дзімітры Касмовіч і г. д. У партыі згуртаваліся найлепшыя сілы маладой нацыянальнай эліты, якая была гатовая са зброяй у руках здабываць незалежнасьць Беларусі.

У студзені 1944 г. Ус. Родзька ўваходзіць у склад дазволенай немцамі Беларускай Цэнтральнай Рады (яна складалася з 14 чалавек на чале з прэзыдэнтам Астроўскім). Родзьку выбіраюць і ў Прэзыдыюм Рады, разам з такімі вядомымі дзеячамі, як Астроўскі, Сабалеўскі, Кушаль, Кандыбовіч, Шкялёнак. Такім чынам два сябры БНП Усевалад Родзька і Мікола Шкялёнак атрымалі яшчэ большыя магчымасьці для падпольнай працы. У Радзе Родзька адказваў за працу з моладзьдзю, а Шкялёнак кіраваў аддзелам прапаганды й прэсы.

Вясной 1944 года зноў узьнікла надзея на стварэньне Беларускага Войска. Немцы далі на гэта дазвол яшчэ 23 лютага 1944-га, а ў сакавіку мабілізацыю ў Беларускую Краёвую Абарону абвесьціў прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскі. Нацыяналістычнае падпольле вырашыла ўзяць пад свой кантроль ствараемыя беларускія вайсковыя фармацыі. З гэтай мэтай шмат маладых афіцэраў-сябраў БНП уступілі ў войска. У Глыбокім БКА кіраваў Рыгор Зыбайла, у Наваградку - Барыс Рагуля, у Слоніме - Язэп Дакіневіч, начальнікам пэрсанальнага бюро пры Галоўным Кіраўніцтве БКА быў Сымон Раманчук, менскімі афіцэрскімі курсамі кіраваў Віктар Чэбатарэвіч, намесьнікам Кушаля быў Віталь Мікула...

Пайшоў у БКА й Родзька. 20 сакавіка 1944 г. ён атрымлівае ад прэзыдэнта БЦР рангу лейтэнанта, працуе начальнікам прапаганды Галоўнага Кіраўніцтва Беларускай Краёвай Абароны.

Аднак Усевалад Родзька не хацеў быць проста прапагандыстам, яму патрэбны быў верны вайсковы аддзел, бо ўжо зарадзілася ў яго ідэя антынямецкага паўстаньня ў Менску й абвяшчэньня незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі...

20 траўня Р. Астроўскі выдае пастанову № 37 «Аб прызначэньні сябра Рады - старшага лейтэнанта РОДЗЬКА Ўсевалада Камандзірам 15-га батальёну Беларускай Краёвай Абароны». Астроўскі пісаў: «Прымаючы пад увагу хадайнічаньне і шчырае жаданьне сябры Рады сп. Родзька Ўсевалада прынесьці карысьць Бацькаўшчыне ў непасрэдным змаганьні з ворагамі Беларускага Народу, - прызначыць яго Камандзірам 15-га батальёну Беларускай Краёвай Абароны з захаваньнем за сп. РОДЗЬКА становішча сябры Рады» (За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Лёндан, 1960, б. 110-111). Родзька быў адзіным сябрам Беларускай Цэнтральнай Рады, які пайшоў служыць у беларускае войска непасрэдна ў баёвы аддзел (Ф. Кушаль, начальнік Галоўнага Кіраўніцтва БКА, у асноўным, сядзеў у габінэце ды рабіў інспэкцыйныя паездкі, у баях ён ня браў удзелу).

Напрыканцы траўня - у першых днях чэрвеня 1944 года 15-ты або Гарадзішчанскі батальён БКА складаў у Менску прысягу:

«Я, жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, прысягаю на Ўсемагутнага Бога і жаўнерскі гонар, што буду верна служыць свайму Беларускаму Народу, сумленна і прыкладна выконваць усе загады сваіх камандзіраў і начальнікаў.

Я прысягаю, што побач з нямецкім жаўнерам, ня выпушчу з рук зброі да тых пор, пакуль ня будзе ўстаноўлены поўны спакой і бясьпека ў нашых сёлах і гарадох, пакуль ня будзе зьнішчаны на нашай зямлі апошні вораг Беларускага Народу.

Я прысягаю, што хутчэй згіну сьмерцьцю героя, чымся дапушчу, каб мая жонка і дзеці, бацькі і сёстры, браты і ўвесь Беларускі Народ зноў цярпелі бальшавіцкі зьдзек і няволю.

Калі-ж з свае слабасьці ці злога намеру я парушу гэтую прысягу, то няхай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка свайго народу і Бацькаўшчыны» (НАРБ, ф. 3601, в.1, спр. 21, а. 76).

Газэта «Голас вёскі» пісала 9 чэрвеня 1944-га: «Удумліва й ясна паўтаралі жаўнеры словы прысягі, чытанай ім камандзерам батальёну, сябрам БЦР, лейтэнантам Родзькам. Пасьля прысягі, спадар камандзер батальёну зьвярнуўся да жаўнераў з кароткім словам, у якім выказаў сваю пэўнасьць, што яны, у акцыі супроць ворага - бальшавіцкага бандыта, - на якую накіроўваюцца, апраўдаюць поўнасьцю надзеі беларускага народу й што ў змаганьні за свабоду Бацькаўшчыны ня зложаць зброі датуль, пакуль гэтая свабода ня будзе фактам».

Абставіны, у якіх стваралася Беларуская Краёвая Абарона, былі вельмі складанымі. З аднаго боку, немцы не жадалі добра ўзбройваць БКА, бо баяліся яе антынямецкага выступу, з другога боку, савецкія партызаны атрымалі з Масквы загад зрываць мабілізацыю, развальваць або зьнішчаць беларускія вайсковыя адзінкі. А яшчэ была й польская Армія Краёва, што бачыла для сябе небясьпеку ва ўзьнікненьні беларускай збройнай сілы...

На адной з нарад акруговых камандзіраў БКА й намесьнікаў БЦР напрыканцы сакавіка 1944 г. Родзька казаў: «Польская праца безумоўна шкодная, але мы не павінны яе баяцца, бо яна зьнікне, калі мы на ўсе выпадкі польскай актывізацыі будзем супроцьставіць сваю арганізаваную сілу. На гэты час арганізацыя збройнай сілы зьяўляецца самай важнай справай, а з адміністрацыйнымі непаладкамі як-небудзь мы справімся. У справе абмундзіраваньня нам важна не прыгожа выглядаць, як польскія легіёны, а важна мець сілу».

Фактычна, «арганізаваную сілу» беларускія нацыяналісты стварыць не пасьпелі. Вельмі ж мала было ў іх для гэтага часу. Усяго чатыры месяцы!.. Аднак і за гэты час былі створаны й падрыхтаваны асобныя баяздольныя вайсковыя адзінкі, якія налічвалі многія тысячы байцоў. Іх і хацеў сьцягнуць Родзька ў Менск напрыканцы чэрвеня 1944 года...

Хоць і са спазьненьнем, але беларускія нацыяналісты плянавалі паўтарыць акцыю бандэраўскай АУН улетку 1941 г. Тады фашысты жорстка расправіліся з украінскімі нацыяналістамі, якія хацелі адбудоўваць незалежную ўкраінскую дзяржаву. За тры гады беларускі нацыяналістычны рух значна пашырыўся, умацаваўся, арганізацыйна аформіўся. Найбольш радыкальная яго частка - Беларуская Незалежніцкая Партыя на чале з Усеваладам Родзькам - і пачала вясной 1944 года падрыхтоўку да паўстаньня. Па сьведчаньні Барыса Рагулі, плян паўстаньня падрыхтаваў Родзька. Аднак вельмі верагодна, што ў яго распрацоўцы браў удзел і Міхал Вітушка. Да часу «Х», а менавіта - адкрыцьця Другога Ўсебеларускага кангрэсу - у Менск павінны былі быць сьцягнуты аддзелы БКА, ачольваныя незалежнікамі, а таксама баёўкі БНП з рэгіёнаў. Праўдападобна, выступіць супраць немцаў павінны былі таксама беларускія паліцыйныя й іншыя аддзелы, што знаходзіліся ў Менску. Плян быў адчайны й вельмі рызыкоўны. Нават у тым выпадку, каб усе задзейнічаныя ў акцыі аддзелы прыбылі ў Менск, сілаў для пасьпяховага паўстаньня было мала. А атрымалася так, што батальён Б. Рагулі да вызначанага часу ў Менск не пасьпяваў (немцы не далі вагонаў), не даехалі да Менску ўсе баёўкі БНП (напрыклад, пастаўская - палякі падарвалі цягнік і група В. Сікоры пасьля бою вярнулася ў Паставы). А тут яшчэ пачаўся імклівы наступ савецкіх войскаў - апэрацыя «Баграціён»...

На паседжаньні ЦК БНП плянаванае паўстаньне было адменена. Усевалад Родзька нацэльвае партыю на партызанскае й падпольнае змаганьне з бальшавікамі. Частка сілаў была пакінута на Бацькаўшчыне, іншыя адыйшлі ў Нямеччыну.

Адступленьне многіх беларускіх вайсковых аддзелаў на захад адбывалася хаатычна. Захаваліся сьведчаньні, што ў гэтай сытуацыі Ўсевалад Родзька асабіста сустракаў адыходзячыя групы вайскоўцаў на мосьце праз Нёман у Горадні ды накіроўваў іх далей. Многія трапілі ў Дальвіц (Усходнія Прусы), дзе ў школе абвэра беларускія нацыяналісты праходзілі дывэрсійную падрыхтоўку, каб пасьля вярнуцца на Бацькаўшчыну й змагацца за вольную Беларусь.

Так утварыўся беларускі спэцыяльны дэсантны батальён «Дальвіц». Галоўная заслуга ў яго стварэньні зь беларускага боку належыць Родзьку. Немцы забясьпечвалі беларусаў зброяй, амуніцыяй і самалётамі перакідвалі на Беларусь. Палітычным кіраўніком быў маёр Ус. Родзька, а камандзірам батальёна - маёр Іван Гелда, сябра БНП, які толькі вызваліўся з беластоцкай турмы гэстапа. Родзька верыў у паўстанцаў на Бацькаўшчыне й хацеў ім даць вайсковае й палітычнае кіраўніцтва. Да пачатку 1945 г. было адпраўлена некалькі вялікіх дэсантных групаў, а таксама асобныя дэсантнікі. Усе яны лічыліся жаўнерамі Беларускага Краёвага Войска (БКВ) і сябрамі Беларускай Вайсковай Арганізацыі (БВА). БВА была ўтворана яшчэ ў 1944 годзе, як адзін з варыянтаў БНП, але толькі ў красавіку 1945-га ў Бэрліне прайшла першая нелегальная канферэнцыя вайскоўцаў БВА. Большасьць яе ўдзельнікаў выказаліся за ўдзел у партызанцы на Бацькаўшчыне. Прысутны на канферэнцыі праваднік СБМ Міхась Ганько пакаяўся ў сваіх памылках ды заявіў, што далучыцца да дэсантаў, як шэраговы партызан...

Адначасова з вайсковай акцыяй, Родзька актыўна займаўся палітычнай дзейнасьцю. У 1944-45 гг. ён актыўна шукае саюзьнікаў у барацьбе супраць бальшавізму. Былі наладжаны кантакты з прадстаўнікамі нацыяналістычных арганізацый прыбалтыйскіх дзяржаў. У Бэрліне Ус. Родзька сустракаецца з Сьцяпанам Бандэрам і атаманам Тарасам Бульбам-Бараўцом, заключае зь імі пагадненьні аб супольнай барацьбе супраць бальшавікоў. Паўстала пытаньне адносін да акцыі генэрала Ўласава. Родзька лічыў, што з Рускай вызваленчай арміяй Уласава трэба супрацоўнічаць. Напэўна, ён разумеў, што калі «ўласаўцы» узьнімуць на этнаграфічнай расейскай тэрыторыі антысавецкі партызанскі рух, то й беларускім партызанам будзе лягчэй змагацца супраць бальшавікоў, бо не ўсе вайсковыя транспарты будуць даходзіць з Расеі ў Беларусь...

12 сьнежня 1944 г. сытуацыю з акцыяй ген. Уласава абмяркоўвала й Беларуская Цэнтральная Рада ў Бэрліне. Усе выступоўцы (Р. Астроўскі, С. Станкевіч, Ф. Кушаль, А. Калубовіч) былі адмоўна настроеныя да пытаньня супрацоўніцтва з Уласавым. Са спазьненьнем на нараду прыехаў з батальёна «Дальвіц» капітан Родзька разам са старшым лейтэнантам Лазарэвічам. Пратакол таго паседжаньня захаваў словы й Родзькі, і ягоных апанентаў:

«Радны кап. Родзька: Мы найбольш зацікаўлены вырашэньнем падзеяў на савецкім фронце. Магчыма, што гэтае вырашэньне наступіць у наступным паўгодзьдзі дарогаю рэвалюцыі ў Чырвонай Арміі й вызвольных рухаў унутры Расеі. Мы павінны падтрымаць матар’яльна, збройнай сілай і маральна - ўсякую сілу, накіраваную супроць бальшавікоў. Самі мы, адны, нічога ня здолеем зрабіць. Мы павінны ісьці з тымі, з кім мы можам зьдзейсьніць нашыя імкненьні й гэта гварантуе нам нашыя дамаганьні. Дзеля гэтага мы павінны зрабіць усё, каб ісьці супольна з гэн. Уласавым... Радны кап. Родзька асьветчыў, што група беларускіх вайскоўцаў, да якой належыць ён і ст. лейт. Лазарэвіч, злажылі ў Галоўнае Кіраўніцтва Вайсковых Спраў БЦР мэмарандум аб неабходнасьці далучэньня да акцыі гэн. Уласава й прачытаў некаторыя аргумэнты з гэтага мэмарандума».

Пасьля гэтага думкі выступоўцаў падзяліліся. Вынік жа дыскусыі падвёў генэрал Езавітаў, які ўважаў, што «усе гутаркі аб далучэньні да акцыі гэн. Уласава зьяўляюцца перадчаснымі» (За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі, б. 151-153).

Нягледзячы на ўсе намаганьні, Усевалад Родзька ня здолеў перакінуць свой батальён на Беларусь. Вясной 1945-га ў немцаў ужо не было лішніх самалётаў... Але ён не губляе аптымізму. Нават пасьля капітуляцыі Нямеччыны й раззбраеньня батальёна «Дальвіц» у Чэхіі мясцовымі партызанамі, Родзька з групай сваіх хлопцаў пешым маршам прабіваецца на Беларусь. На Беласточчыне яны затрымаліся, тут і адбыўся правал - Родзьку й яшчэ некаторых арыштавалі гэбісты. Выратаваліся нямногія. Некаторыя ўцяклі на Захад, іншыя працягвалі пешы марш на ўсход і ўліліся ў партызанскую армію генэрала Вітушкі.

У Беластоку Родзька жыў пад прозьвішчам Яна Ермаловіча. Яго адразу прывезьлі ў Менск, да міністра дзяржбясьпекі Цанавы. Чэкісты разумелі значнасьць асобы, што трапіла ў іх рукі: віцэ-прэзыдэнт БЦР і намесьнік Астроўскага на Беларусі, маёр БКА, старшыня ЦК БНП, кіраўнік Беларускай Вайсковай Арганізацыі. А было Родзьку тады толькі 25 гадоў! Зразумела, што дзяржбясьпека кінула ўсе сілы, каб яго зламаць, прымусіць працаваць на іх. Няўдалося. Самых галоўных партыйных таямніцаў Усевалад ня выдаў. Больш таго, ён спрабаваў вырвацца са зьняволеньня й вызваліць сваіх арыштаваных паплечнікаў, арганізаваўшы рызыкоўную гульню з чэкістамі. Нейкі час разглядаўся варыянт дэсанту арыштаваных сябраў БНП на чале з Родзькам у Грэцыю на дапамогу мясцовым камуністычным партызанам або выкарыстаньня іх іншым чынам. Родзька спадзяваўся перахітрыць Цанаву й вырвацца на волю, каб уключыцца ў антыбальшавіцкае змаганьне, што ўжо шырылася ў краіне.

Аднак акупанты ня выпусьцілі яго са сваіх лапаў. У 1946 годзе ён і Іван Гелда былі засуджаныя на кару сьмерцю. І калі пра публічнае павешаньне Гелды ў Беластоку вядома, дык пра Родзьку нічога не было чуваць. Хадзілі толькі розныя чуткі. Напрыклад, пра тое, што ён пасьля быў у сібірскіх канцлягерах...

Аднак паплечнік Усевалада Родзькі Барыс Рагуля ўпэўнены, што яго забілі: «Каб Родзька выжыў, ён знайшоў бы магчымасьць перадаць нам вестку. Ведаючы яго, я магу казаць гэта з упэўненасьцю». Яго павесілі, як і Каліноўскага. І было яму, як і легендарнаму Кастусю, 26 гадоў. Ягонае жыцьцё й дзейнасьць - гэта няспынная барацьба за вызваленьне Беларусі з-пад акупанцкага прыгнёту. Ус. Родзька пражыў мала, але як шмат ён пасьпеў зрабіць!

І сёньня нам невядомае месца магілы вялікага беларускага нацыяналіста Ўсевалада Родзькі. Каты пахавалі яго тайна, як гэта раней рабілася з беларускімі змагарамі-паўстанцамі Міхалам Валовічам, Кастусём Каліноўскім ды іншымі. Баяліся ды й цяпер баяцца, што на прыкладзе й крыві палеглых Беларускіх Герояў будуць вырастаць новыя пакаленьні беларускіх нацыяналістаў, якія будуць працягваць іх справу й усё бліжэй набліжацца да мэты - Беларускай Незалежнай Нацыянальнай Дзяржавы.

Дадатак
Зьмяшчаем выяўлены ў архіве артыкул Усевалада Родзькі, ўспаміны пра яго Язэпа Сажыча й невядомага дэсантніка «Дальвіца», а таксама архіўныя дакумэнты. Публіцыстыка Ўсевалада Родзькі ў легальнай віцебскай газэце «Беларуская старонка» падавалася ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі нямецкай цэнзуры. Гэта трэба ўлічваць. Публікацыі Родзькі ў падпольнай прэсе пакуль не выяўлены.
Юбілей свабоды



9-га ліпеня 1941 года перадавыя нямецкія часьці ўступілі ў Віцебск; бальшавікі сьпешна адступалі, не спрабуючы нават арганізаваць паважнейшай абароны. Горад яшчэ два дні дагараў.

Жудасны вобраз тварыла мора агню - гульні стыхійнай ашалеўшай жывёліны ў людзкім муравейніку. У цягу некалькіх дзён зьліквідавалі бальшавікі плады цяжкай працы цэлых пакаленьняў - гэтак тварцы «найсправядлівейшага соцыялізму» цанілі труд чалавека, гэтакую разьвітальную ілюмінацыю наладзілі яны пакіданаму «шчасьліваму» беларускаму народу, каторага, аднак, за цэлы час прыгону не маглі ашчасьлівіць. Адзіным шчасьцем, створаным бальшавізмам, быў яго адыход навекі.

Нямецкі жаўнер пайшоў з фронтам наўперад - цяпер ініцыятыва перайшла ў рукі месных беларусаў. Трэба было пачынаць будаўніцтва новага жыцьця. Ня лёгка тварыць нешта з попелу голымі рукамі, але няўхільнасьць палажэньня прымусіла ініцыятыўных людзей і да гэтага.

Адбудова пачалася. Наладзілася новая адміністрацыя, гаспадарка, культурнае жыцьцё. Горад пачаў здабываць найбольш неабходныя часьці свайго арганізму, творачы ў гэтакі спосаб новыя трывалыя падпоры сваёй часовай інваліднасьці.

22-га ліпеня працавала ўжо Гарадзкая Управа, 2-га жніўня выйшаў першы нумар «Віцебскіх ведамасьцяў» - гэта былі два пачатковыя этапы, за імі ішлі новыя й новыя.

Гэтыя факты для нас беларусаў спэцыяльна дарагія, бо гэта-ж адраджалася беларускае жыцьцё - ня нейкі соцыяльны беларусізм, як дзейнік міжнароднага камунізму, але беларускае жыцьцё ў поўнасьці так, як яно існавала перад стагоддзямі. Сваю адвечную гаспадарку, на каторай, на жаль, сотні гадоў мусіў быць парабкам, атрымаў назад беларус пры помачы добрага суседа ўва ўласнае гаспадараньне.

Безумоўна, ня ўсе адразу далучыліся да новага будаўніцтва - цяжка было падабраць да творчай працы агул, даўно адвыкшы праяўляць жыцьцёвую ініцыятыву; але паступова гуртаваўся ўвесь актыў - далучаліся ўсё новыя й новыя сілы й апоры новага жыцьця мацнелі. І беларусаў шмат забылася аб сваёй беларускасьці, аб сваіх гістарычных традыцыях. Часта нават фальшывае зразуменьне правоў прыналежнасьці да свайго народу трымала некага з боку. Праўда, векавая дэнацыяналізацыя зрабіла вялікі ўплыў на душу патомкаў віцебскіх крывічоў. Аднак-жа ў выніку перамагла сьвядомасьць, што хаця й забыўся гутарыць па-беларуску, хаця я мала ведаю аб Беларусі, хаця я ўзгадованы на чужой культуры - то я, аднак. патомак мужоў, стварыўшых гісторыю Беларусі і іх кроў у маіх жылах вяжа мяне зь беларускім народам.

І калі ўвосень мінулага году толькі 70 проц. лічыла сябе беларусамі, дык у красавіку гэтага году ўжо 82 проц. прызнала сваю беларускасьць. Амаль кожны зь іх далажыў цагліну да фундамэнту будучыні.

Год мінуў. З маленькай каморкі, якой была перад годам Гарадзкая Управа, разраслася суцэльная ткань вялікага арганізму - гораду, з усімі функцыямі нармальнага жыцьця, разбудовы й росту. Не памаглі ўсялякія варожыя спробы разьбіць гэтае жыцьцё - нямецкі жаўнер стаяў на сьцярэжы спакою, а людзі творчай волі дапаўнялі яго ахвярнасьцяй у працы й небясьпеках. Цяжкія зімовыя дні стойка ператрывала жыхарства зь вераю ў лепшае заўтра пасьля заканчэньня вайны.

І беларускае культурнае жыцьцё пасунулася наўперад, яго асяродак - Беларускі Народны Дом астаўся піянэрам беларускасьці ў Віцебску і даў падваліны пад культурную будучыню гораду, нясучы гэтым самым першыя ластаўкі нашай вялікай гістарычнай традыцыі аж на межы паўночна-ўсходняй Беларусі.

Калі ўгледзімся сёньня ў пэрспэктыву недалёкай будучыні - ўбачым агромістыя магчымасьці разьвіцьця нашага гораду, яго гаспадарчага й у першы чарод культурнага быту. Толькі павінны мы сёньня на парозе новага этапу свайго адроджанага жыцьця шчыра заручыцца, аддаць найлепшыя сілы на аўтар працы для агульнага дабра, для дабра народу й бацькаўшчыны.

Нам іншыя народы падалі руку, як залог супольнага жыцьця. Мы мусім даказаць, што й наша чэсная працоўная рука здолее тварыць, будаваць і бараніць быт сваёй сям’і.

Наступны год мы запоўнім далейшымі дасягненьнямі.

  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка