Аддзел адукацыі Нясвіжскага райвыканкама Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Навасёлкаўская сярэдняя школа Нясвіжскага раёна”



Дата канвертавання08.07.2016
Памер75.7 Kb.


Аддзел адукацыі Нясвіжскага райвыканкама
Дзяржаўная ўстанова адукацыі

Навасёлкаўская сярэдняя школа Нясвіжскага раёна”






Аўтар: Казлоўская Вікторыя
Кіраўнік:

Казлоўская Таццяна Аляксандраўна,

настаўнік беларускай мовы

Вусная радавая памяць існавала заўсёды, існуе і зараз, можа, крыху ў парэзаным выглядзе. Сапраўды, раней людзі абавязаныя былі ведаць свайго продка да пятага калена. І самае галоўнае, што яны ведалі. Гэта ўсё перадавалася калі не з малаком маці, то абавязкова ім пра гэта распавядалі бацькі, дзяды, прадзеды. Я ведаю свой радавод па маці да пятага калена. Па бацьку – да чацвёртага. Гэта звязана, верагодна, з тым, што маміна радня цікавілася сваім радаводам, а татава мама, мая бабуля не ведае нават поўнага імені сваёй роднай маці. Кажа, што тую звалі Фэля, а поўнасцю ці Фелікса, ці Феліцыя, ці , можа якая Феакціста.

Людзі заўжды ганарыліся сваімі продкамі, нейкімі іх здабыткамі. Гэта перадавалася нават у выглядзе нейкіх разнастайных паданняў, у пісьмовы час гэта пачало фіксавацца на паперы. Безумоўна, гэта было больш характэрным для багатых людзей, якія мелі нейкія кавалкі зямлі і перадавалі іх у спадчыну. Звесткі пра радавод перадаваліся разам са зброяй, нерухомасцю, маёмасцю – як частка сямейнага багацця, золата сямейнай памяці.

Карані большасці радоў сягаюць да 14 стагоддзя, таго часу, калі пачалі з’яўляцца нейкія больш ці менш дакладныя летапісныя звесткі, часам нават міфічнага паходжання.

Сёння беларусу даволі цяжка вызначыць свой радавод, таму што ў ХХ стагоддзі вельмі моцна знішчалі нашу радавую памяць, асабліва, калі ў чалавека былі якія-небудзь шляхецкія карані. Усё гэта было нямодным, і цяпер вялікая праблема ў тым, што ў людзей не захаваліся родавыя архівы – зрэдку знаходзяцца толькі асобныя дакументы.

-У маёй сям’і існуе легенда, аб тым, што мой прадзед у шостым калене з боку маці меў графскі тытул і вялікі маёнтак пад Вільняй. На бяду ён вельмі любіў карты і аднойчы прайграў усё. Яго жонка з двума сынамі кінула яго, выгнала з дому. Майму прашчуру прыйшлося сабраць апошнія капейкі і разам з малодшай дачкой Валерыяй пераехаць у іншую мясцоваць, у Мінскую губернію, падалей ад ганарыстых суседзяў. Тут, недалёка ад Маладзечна, ён і купіў пару соцень гектараў зямлі, каб можна было пабудавацца і жыць (мясцовая назва “Шырокі Лог”), а непадалёк ад Валожына купіў трохі лесу (мясцовая назва “Хвашчоўка”). Зразумела, я не бачыла ніякіх дакументальных пацверджанняў гэтаму. Легенда мне падабаецца. І даведалася я аб ёй выпадкова, калі чула як мой дзядуля , сварачыся на бабулю, абзывае яе графіняй.

Магчыма, некалі я разбагацею і звярнуся ў нацыянальны архіў Беларусі, каб узнавіць свой радавод.

Рэшткі ўсіх архіваў знаходзяцца сёння ў нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. У першую чаргу, дзякуючы гэтым архівам можна ўзнавіць радаводы беларусам. Калі хто сёння мае жаданне даведацца пра свой радавод, ён з дапамогай архіўных матэрыялаў можа дайсці недзе да 16 ст. вядома, не заўсёды – сялянскія радаводы абрываюцца недзе на мяжы 18 ст, але ёсць такая магчымасць. Калі ўлічыць, што кожнае стагоддзе дае недзе тры калены, то сялянскі радавод можна вызначыць недзе да 9 -10 калена. Калі шляхецкі, то можна дадацца яшчэ 6 ці 5 кален.

А вось яшчэ пара сямейных паданняў.

Пляменнік майго прадзядулі , мой стрыечны дзед Бронісь, вельмі любіў фантазіраваць. Асабліва ён даваў разгуляцца сваёй фантазіі ў прысутнасці майго прадзеда Караля, бо той, чуючы такія апавяданні, вельмі абураўся, называў іх пабрахенькамі. Мне запомнілася адна.



  • Служыў я ў лётчыках. Вазіў важнага генерала. Сядзе той у самалет, адразу гэтак смачна запахне, нюхаў бы і нюхаў. Аднойчы павёз я яго на разведку. Ляцім сабе памаленьку. Неба чыстае, толькі дзе-нідзе хмурынкі пракідаюцца. А тут – шусь, з-за хмары немец ляціць, прама на нас. Але я не спалохаўся, а - тпру, і задам, задам назад у хмару заляцеў. Там мы перачакалі, пакуль немец праляціціць, і далей паляцелі.

Апавяданне майго прадзядулі Юзіка, татавага дзядулі напамінае апавяданні Тургенева.

  • Іду я праз кладку з-пад Ахрэмавіч на Кучынаўшчыну, якраз каля Кацюшы (мясцовая назва), ноч халодная зорачная. Аж гляджу, на балоце маленькі баранчык падскаквае, сам чорненькі, а капытцы беленькія, і мэкае. Дай думаю, злаўлю. Я за ім – ён ад мяне, як бы дразніцца. Мо з гадзіну ганяўся я за ім, увесь у руду перакуцаўся, але дагнаць не змог. Растаў той баранчык, як і не было.

Бабуля Маня расказвала, як яна з сяброўкай хавлася ў спецыяльнай яме пад свіронкам , каб не забралі у Нямеччыну на работу, а мне запомнілася пра партызан.

  • Закалолі аднойчы мы кабана. Ціхенька, каб ніхто не чуў, але нейкі гад знайшоўся і сказаў партызанам, што ў нас свежына. А во! Не паспела ноч настаць, стукаюць ў акенца. Мы тады на футарах жылі. Тата мне кажа: “Забяруць і новыя боты, схавай іх куды-небудзь”. Я хуценька ўскочыла ў пограб і давай боты ў бульбу закопваць. Пакуль тата дзверы адчыніў, я ўжо з пограба выскачыла. Ну, партызаны мяса забралі. Мы і плакалі, і прасіліся, што ў хаце шасцёра малых, адно пад адным, з голаду паўміраем, тады яны нам, дзякуй богу, вантробы і галаву пакінулі. А назаўтра тата кліча мяне ў пограб, каб я паглядзела на сваю работу. А ў бульбе боты закопаны адно ступакі, а ўсе халявы навярху, навідавоку.

Дзед Саня расказваў, як цяжка іх сям’і прыйшлося ў час вайны. Яго бацьку расстралялі за сувязь з партызанамі і ён, адзінаццацігадовы хлапчук, застаўся за гаспадара, бо ў сям’і старэйшымі былі толькі дзяўчаты. А запомнілася такое.

  • Калі Савецкая армія вызваліла Валожын, нашы часці праходзілі на Навагрудак па нашай вуліцы. Ішлі стомленыя, запыленыя байцы. Але ішлі яны з перамогай і настрой у іх быў бадзёры. Гараджане частавалі іх малаком і хлебам, а маладыя дзяўчаты жартавалі з салдатамі. Зразумела,салдаты рускія, а мае бабулі, дзядулевы сёстры, – юныя беларусачкі, якія хацелі паказаць сваю культуру. Дзеду запомнілася такая рэпліка. “Ой , дзевачкі, сматрітя, рукаво ад юбкі адарвал і раны перавязал!”. Бабулі Ніна і Паша самі смяяліся з свайго валодання рускай мовай.

А аб гэтым успаміне бабулі напісалі нават у газеце

- Гісторыю, якую рассказала мне мая бабуля, сёння памятаюць, можа, лічаныя людзі, а, можа і адна яна, бо адбылося гэта на самым пачатку вайны, на нядаўна акупіраванай тэрыторыі. Ды і пра байцоў, што прарываліся з акружэння са зброяй у руках, не было прынята гаварыць, можа таму, што камусьці іх прага прарвацца да сваіх, каб змагацца з ворагам разам з таварышамі, магла паказацца нязначным подзвігам у параўнанні з подзвігам А.Матросава ці М.Казея.

Спачатку аб месцы падзей. Кіламетраў за 7 (калі ісці праз лес напрасткі) ад чыгуначнай станцыі Гарадзея Нясвіжскага раёна прывольна раскінулася вёска Петухоўшчына. Вакол яе рассыпалася безліч хутароў, аддзеленых адзін ад другога пералескамі і балотамі. Ціхае і мірнае месца. Казалі, што недзе паблізу знаходзіцца святая мясціна, у якой ніколі не было вайны. Салдаты розных армій (ці то шведы, ці немцы, ці рускія, ці французы, колькі іх ні было за доўгую гісторыю), праходзячы праз яе, па невядомай прычыне спынялі баі. Ішлі сабе сваёй дарогай, нікога не чапаючы, каб праз колькі вёрст уступіць у бой, заняцца сваёй жахлівай салдацкай работай.

Для маёй бабулі, Казлоўскай Марыі Іосіфаўны, тады 14-гадовай дзяўчынкі, вайна пачалася з таго, што за хлявамі яе бацька выкапаў яму, каб яго жонка з малымі дзецьмі магла хавацца ад куль, усе больш-менш каштоўныя рэчы вынеслі з хаты на выпадак пажару і пачалі чакаць. Бабулінай маме Фэлі страшна было адной сядзець у яме, і яна з малымі пайшла ў схованку да дзядзькі на лясны хутар. Але і там ёй не было спакою, бо дома засталіся старэйшая дачка і любімы муж. Назаўтра яна вырашыла вяртацца дадому. Выйшла з лесу, а ўсё балота вакол хутара чорнае ад салдат, гэта адступалі чырвонаармейцы. Прыбегла дадому, а там усё ў поўным парадку, ніхто не зачапіў ні яе з дзецьмі, ні старэйшую дачку, ні гаспадарку. Схлынула пяхота, з’явілася конніца. Пачалі на нашым хутары коней паіць, а тут самалёт у небе паказаўся. Ваенныя, яны ж усё ведаюць, сказалі, што гэта – немец, хуценька скочылі на коней і пакінулі хутар. Бацькі аж зарадаваліся, бо, каб фашыст пачаў па конніках бомбы кідаць, перамясіў бы хутар разам з жыхарамі на кашу.

А после ўсё спакойна стала. За хатнімі турботамі здавалася, што вайна недзе далёка. Рэчы ў хату занеслі, перасталі ў яме хавацца. Аднойчы вечарам бацькі нават у госці да суседзяў выбраліся, дома адных дзяцей пакінулі. Дзеці ўжо спаць паўкладаліся, і тут пачалося. Стукат, свіст, у Петухоўшчыне пажар, з хутара добра відаць. Гарыць Русакова хата, яна трохі наводшыбе ад сяла стаяла.

А тут у хату бацькі ўскочылі. Бацька крычыць: “Дзеці, усе на падлогу! Ляжаць, галоў не падымаць!” У Петухоўшчыне так стралялі, што бацькі ад суседзяў усю дарогу паўзлі, кулі так свісталі, што нельга было галаву падняць. Можа, праз гадзіну ўсё сціхла. Колькі часу той бой ішоў, бабуля не памятае, кажа, што ёй, старэйшай, так страшна было, пакуль бацькі вянуліся, што час нібы спыніўся. Хвіліна здавалася годам.

На наступны дзень тых салдатаў, што ўступілі ў бой, пахавалі на ўскрайку сяла. Колькі іх было, бабуля не ведае, зразумела, што дзяцей глядзець не пусцілі. Толькі казалі, што іх усіх у адну магілу паклалі, шынялямі прыкрылі і засыпалі. А сваіх забітых немцы нібы з сабой забралі.

Я спытала ў бабулі, можа, гэта партызаны, што ішлі чыгунку ўзрываць, на засаду нарваліся, Але бабуля сказала, што партызаны пазней пачалі на чыгунку хадзіць, нават некалькі разоў да іх у хату па дарозе заходзілі. А гэтыя былі салдатамі, бо быў самы пачатак вайны, ды і пахавалі іх пад шынялямі.

Хутка ляціць час. З фронту вярнуўся мой дзядуля, тады прыгожы кавалер, з медалямі. Бабуля выйшла замуж з хутара ў Петухоўшчыну. Сваю хату яны пабудавалі, так сельсавет зямлю адмераў, якраз насупраць той брацкай магілы, праз дарогу. З хутароў тады ў Петухоўшчыну шмат сямей перабралася і аб магіле забыліся. Расказваючы гэту гісторыю мая бабуля заўсёды дадае: “А недзе тых салдацікаў маткі яшчэ чакаюць. Вось каб на хуткім часе іх адкапаць, то можна было б дакументы паглядзець, хоць бы зналі, хто тут вечным сном спіць.” І яшчэ ёсць адно суцяшэнне для маёй бабулі-хрысціянкі. Па даўняй традыцыі ў вёсках Беларусі ў пачатку сяла ставяць крыж. Такі петухоўскі крыж стаіць амаль над той магілай. Падарожны , праходзячы міма, перахрысціцца, хоць раз у год бацюшка святой вадой акропіць, можа, і тым байцам лягчэй ад гэтага на тым свеце.

Памянялася некалькі пакаленняў у нашай вёсцы. Сведкі тых падзей адышлі ў нябыт. Мне гэты бугарок ля дарогі ні аб чым не гаворыць, толькі пасля бабулінага аповеду часам хочацца ўсё ж даведацца аб тых байцах трохі больш і, упрыгожваючы крыж перад святамі, я часамі думаю аб тых, хто тут ляжыць.


Мой род – гэта народ. Усе гістарычныя падзеі, што адбываліся на Беларусі так ці іначай адбіліся і ў лёсе маіх продкаў.
Татавы сваякі –гэта хлебаробы. І ў мірныя гады і ў цікавыя часы яны аралі, сеялі , касілі, глядзелі гаспадарку, кармілі свет цэлы, у час вайны - аж тры арміі (савецкую, нямецкую, партызанскую) і сябе. Суровая сялянская праца зрабіла іх дужымі і сур’ёзнымі.

Маміны сваякі - гэта сяляне і мяшчане, рабочыя і служачыя.

Калі заходзіць гутарка пра мінуле, то складаецца ўражанне, што мае продкі ўсюды і ўсімі пабывалі: будавалі храмы і стваралі школы, падымалі цаліну і Брацкую ГЭС, былі заядлымі землеўласнікамі і актыўнымі арганізатарамі калгасаў, ваявалі і ў войску польскім (станцыя Яблунная), і у Савецкай арміі (Варшава), і ў партызанах (партызанскі атрад Марозава ў Налібоцкай пушчы), і на Далёкім Усходзе (Халкінгол), вучылі дзяцей і сеялі хлеб.

Я ганаруся сваімі продкамі, бо дзе б яны ні былі, чым бы ні займаліся, сярод іх не было гультаёў, злодзеяў і здраднікаў.








База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка