Аддзел адукацыі, спорту і турызму Ваўкавыскага райвыканкама



Дата канвертавання03.07.2016
Памер263.32 Kb.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму

Ваўкавыскага райвыканкама


Дзяржаўная ўстанова адукацыі

«Падароскі навучальна-педагагічны комплекс

дзіцячы сад – сярэдняя школа»

ТВОРЧАЯ СПРАВАЗДАЧА

“ВЫКАРЫСТАННЕ АКТЫЎНЫХ МЕТАДАЎ І ПРЫЁМАЎ НАВУЧАННЯ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ЯК СРОДКАЎ РАЗВІЦЦЯ КАМУНІКАТЫЎНАЙ КУЛЬТУРЫ ВУЧНЯЎ”

Жышко Святлана Аляксандраўна,


настаўнік беларускай мовы і літаратуры
8 (029) 852-73-48
Падароск

2015


Актуальнасць вопыту
Камунікацыя ў сучасным грамадстве становіцца важным механізмам сацыяльнага фарміравання асобы. У яе працэсе адбываецца абмен інфармацыяй, наладжваецца суразмоўніцтва паміж людзьмі. Валоданне камунікатыўнымі навыкамі складае неабходны кампанент адукаванасці чалавека і з’яўляецца паказчыкам яго агульнай культуры. Сучасная моладзь, якая ўпэўнена крочыць у дарослае жыццё і жадае дасягнуць поспехаў у прафесійнай дзейнасці, не можа абысціся без ведання мовы. Мова – гэта адзін са спосабаў пазнання рэчаіснасці. А таму менавіта развіццю камунікатыўных навыкаў, фарміраванню культуры вуснай мовы я надаю вялікую ўвагу ў сістэме навучання беларускай мовы.

Сучасныя праграмы па беларускай мове накіраваны на фарміраванне камунікатыўнай асобы. На ўроках адбываецца развіццё маўленчых здольнасцяў вучняў. Аднак мая задача – не толькі даць веды па пэўнай тэме, навучыць школьніка будаваць пісьмовыя ці вусныя тэксты, але і фарміраваць уменні якасна ўспрымаць і апрацоўваць інфармацыю, будаваць выказванне ў залежнасці ад мэты, умоў зносін. У сувязі з гэтым, на маю думку, мэтазгодна актыўна на занятках практыкаваць розныя вучэбныя сітуацыі з пэўнымі маўленча-камунікатыўнымі намерамі, якія адлюстроўваюць працэс суразмоўніцтва.



Мэта вопыту

Фарміраванне камунікатыўнай культуры вучняў на ўроках беларускай мовы сродкамі выкарыстання актыўных метадаў і прыёмаў навучання.


Задачы:

стварыць умовы для:



  • праяўлення творчых здольнасцяў вучняў на ўроках;

  • развіцця такіх якасцяў, як адказнасць і самастойнасць у набыцці неабходных ведаў па беларускай мове;

выпрацаваць сістэму работы па развіцці камунікатыўнай культуры вучняў на ўроках беларускай мовы.
Перспектывы развіцця вопыту:

  • папаўненне метадычнай скарбонкі педагагічнымі знаходкамі;

  • прымяненне сабраных матэрыялаў на ўроках беларускай мовы;

  • трансляцыя вопыту на метадычным аб’яднанні настаўнікаў беларускай мовы.

Гэтаму папярэднічала маё бачанне супярэчнасцяў у навучанні:

  • у метадах навучання: нізкая актыўнасць вучняў;

  • паміж праграмнымі і сучаснымі патрабаваннямі.

Для дасягнення гэтых мэтаў выкарыстоўваю прыёмы:

  • стварэнне праблемных сітуацый;

  • выкарыстанне гульняў і гульнёвых сітуацый;

  • выкананне вучнямі творчых заданняў;

  • выкарыстанне дадатковай літаратуры.


Вядучая ідэя вопыту

Вядучай ідэяй вопыту з’яўляецца стварэнне на ўроках беларускай мовы ўмоў для фарміравання камунікатыўнай культуры вучняў, узмацненне практычнай накіраванасці выкладання прадмета, стварэнне ўмоў для свядомага ўдзелу ў творчай дзейнасці, якая прыносіць радасць пераадолення, адкрыцця і дасягнення пастаўленай мэты.


Апісанне тэхналогіі вопыту

Камунікатыўныя ўменні дзіцяці развіваюцца сродкамі той мовы, якая абслугоўвае яго стасункі з навакольны светам. Не сакрэт, што для большасці сучасных школьнікаў такой з’яўляецца руская мова, бо, як слушна адзначае А. А. Лукашанец, “фактычна ў сённяшніх умовах беларуская мова – мова тытульнай нацыі і першая дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь – займае другараднае становішча ў моўнай сітуацыі”. Абмежаванае функцыянаванне беларускага маўлення ў грамадстве прывяло да таго, што моўнае асяроддзе дзіцяці дапаўняецца сітуацыямі, у якіх дамінуе беларуская мова, толькі дзякуючы школьнаму навучанню. А гэта значыць, што беларуская мова, якую школьнік вывучае спецыяльна, для яго ў сучасным жыцці, на жаль, другая. Менавіта камунікатыўныя ўменні займаюць галоўнае месца ў сукупнасці ўсіх уменняў асобы. Пэўныя аспекты дадзенага пытання акрэслівалі ў сваіх псіхолага-педагагічных працах Я. У. Каратаева, Т. С. Кудраўцава, М. Г, Яленская і інш.

Асаблівую ўвагу ў фарміраванні камунікатыўных уменняў і навыкаў адыгрывае тэкст. Пры арганізацыі работы з тэкстам у мяне ёсць магчымасць паказаць вучням, як дзейнічаюць у тэксце словы, словазлучэнні, сказы, як яны функцыянуюць. (Дадатак 1) Затым вучні, аналізуючы розныя тэксты, вучацца ствараць свае. Я ў сваёй працы імкнуся выкарыстоўваць толькі змястоўныя тэксты, здольныя захапіць вучняў, выхоўваць пачуццё любові да прыроды, эстэтычнага густу, абуджаць цікавасць да роднай мовы, да нацыянальнай культуры. (Дадатак 2)

Пры рабоце з тэкстам прапаноўваю наступныя заданні: прыдумаць загалоўкі, каб адзін адпавядаў тэме, а другі – ідэі тэксту; прыдумаць працяг тэксту; размясціць абзацы так, каб атрымаўся тэкст; вызначыць і абгрунтаваць стыль і тып тэксту (Дадатак 1); скласці тэксты розных тыпаў на прапанаваную тэму; скласці план тэксту; размясціць пункты плана ў пэўнай паслядоўнасці; скласці пытанні да яго і іншыя заданні.

Уключэнне вучняў у практычную дзейнасць арганізоўваецца мною пры дапамозе такіх метадаў і прыёмаў, як інфармацыйна-вучэбны дыялог, праспекцыя, кагнітыўная камунікацыя, трансфармацыя, прыём разгортвання тэматычнага сказа, абзаца і інш.

Праспекцыя – спосаб папярэджання інфармацыі ў працэсе вучэбнай камунікацыі, які рэалізуецца пры дапамозе ілюстрацый да лінгвістычных правіл, апорных схем, алгарытмаў, пунктаў плана і інш. Гэты прыём спрыяе фарміраванню наступных камунікатыўна-інфармацыйных уменняў вучняў: разумець асноўную думку выказвання, вызначаць апорныя словы і словазлучэнні тэксту, перабудоўваць тэкст і выбіраць неабходную інфармацыю.

Прыём праспекцыі, напрыклад, дапамагае вывесці закон суседняй мяккасці зычных гукаў. Вучні яшчэ не ведаюць правіла, але ў час чытання асобных слоў у словазлучэннях успрымаюць арфаэпічную норму, якую далей засвойваюць з дапамогай правіла. Я звяртаю ўвагу на тое, як мякка вымаўляюцца спалучэнні зычных у словазлучэннях сціплая дзяўчынка, сцелецца наўкол, спевы птушак, шчыра ўсміхацца. Гукавое багацце беларускай мовы робіць яе адметнай, непаўторнай. Мяккая напеўнасць ствараецца дзякуючы двум мяккім зычным гукам, якія жывуць у словах па суседству.

Інфармацыйна-вучэбны дыялог як форма калектыўнай працы арганізуецца ў межах вывучэння пэўнай лінгвістычнай тэмы. Я фармулюю пэўную камунікатыўную задачу, выразна акрэсліваю прадмет маўлення, вызначаю тэму суразмоўніцтва, якая павінна быць зразумелай і актуальнай для вучняў. У час інфармацыйна-вучэбнага дыялогу вучні ствараюць выказванні на прапанаваную тэму, творча асэнсоўваюць яе, пры неабходнасці дабудоўваюць уласныя тэксты. Пры гэтым кожны выказвае свае думкі і меркаванні, карыстаецца апорнымі схемамі, словамі, задае пытанні ўдакладняльнага характару.

Прыём разгортвання тэматычнага сказа, абзаца тэксту таксама накіраваны на развіццё творчых уменняў вучняў. Тэматычны сказ абзаца – сказ, які ўтрымлівае слова, словазлучэнне ці частку сказа, якія патрабуюць развіцця, дэталізацыі. У тэксце выбіраецца адзін з названых элементаў. Вучні атрымліваюць заданне пашырыць тэматычны сказ абзаца, папоўніць яго, падабраўшы патрэбную інфармацыю, разгарнуць думку, абапіраючыся на ўласны вопыт, прывесці свае прыклады. Гэты прыём выкарыстоўваецца мною, калі прапаноўваю вучням успомніць асноўную думку, якую хацеў данесці адрасат.

Разгледзім паэтапнае вывучэнне тэмы ўрока ў 8 класеАзначэнне, граматычнае значэнне, роля ў сказе, спосабы яго выражэння з выкарыстаннем пералічаных вышэй метадаў і прыёмаў.

Вучні з эпіграфа выводзяць тэму, затым пры дапамозе апорных слоў самастойна акрэсліваюць задачы ўрока. Узнавіць свае веды вучням дапамагае кластар, адлюстраваны на экране. Затым выкарыстоўваецца прыём праспекцыі. Вучні самастойна працуюць з лінгвістычным матэрыялам падручніка і знаходзяць тое, чаго яны яшчэ не ведалі (новы матэрыял). Кластар на экране паступова запаўняецца вучнямі.


Выражаецца прыметнікам,

займеннікам, лічэбнікам,

дзеепрыметнікам Адказвае на пытанні

які?

чый?
Дапасаванае Даданы член



АЗНАЧЭННЕ сказа


Недапасаванае Абазначае

прымету прадмета

Выкарыстоўваецца для выразнасці,

дакладнасці, багацця тэксту
Метад кагнітыўнай камунікацыі прадугледжвае пошукавае заданне: знайсці ў тэксце словазлучэнні з дапасаванымі азначэннямі, выражанымі рознымі часцінамі мовы (у залатой сукенцы, з распушчанымі косамі, першыя лісточкі, па самым краі). (Дадатак 1) Дадаецца інфармацыя пра тое, што дапасаваныя азначэнні дапасоўваюцца да назоўнікаў у родзе, ліку і склоне. Таксама праводзіцца работа па выяўленні арфаграм і пунктаграм.

Напрыклад, пры дапамозе прыёму трансфармацыі вучні на ўроках беларускай мовы аднаўляюць словазлучэнні, ад якіх утварыліся прыметнікі. У выніку далейшага аналізу школьнікі робяць высновы пра напісанне азначэнняў. Такім чынам, разгортваецца другі пункт праспекта. Для разгляду трэцяга пункта праспекта я прапаноўваю заданні розных узроўняў. Напрыклад, у якасці творчага задання я прапаноўваю вучням па апорных словах, словазлучэннях скласці невялікі тэкст па пэўнай тэме. Акрамя таго, у якасці дамашняга задання асобным вучням для развіцця камунікатыўных уменняў я прапаноўваю скласці верш, міні-сачыненне і г.д.



Рэпрадуктыўна-прадуктыўны ўзровень. Выкарыстоўваючы метад працы з маўленчымі ўзорамі, я прапаноўваю вучням наступныя заданні: перабудуйце сказы з простай мовай, замяніўшы яе на ўскосную, уключыце ў сказы азначэнні, якія характарызуюць прадмет маўлення. У выніку выканання задання замацоўваюцца сінтаксічныя ўменні. Вучні перабудоўваюць сінтаксічныя канструкцыі, самастойна ўключаюць прыметнікі-азначэнні ў выказванне, трансфармуючы гатовыя маўленчыя ўзоры.

Выкарыстоўваючы метад вучэбных пазнавальных задач, у вучняў фарміруецца ўменне будаваць уласныя выказванні. Гэта прадуктыўны ўзровень.

У выніку далейшай працы вытлумачваецца трэці пункт праспекта – ужыванне азначэнняў у маўленні і іх роля. Вучні робяць вывад пра тое, што азначэнні дапамагаюць дакладна апісаць з’яву, даць ацэнку, канкрэтызаваць, вылучаць патрэбную рысу прадмета маўлення, служаць для багацця, прыгажосці тэксту. Назіранне за роляй азначэнняў у тэксце прыводзіць да ўсведамлення камунікатыўных якасцяў маўлення: дакладнасці, ацэначнасці, характарыстычнасці, што пацвярджае камунікатыўную значнасць граматычнай тэмы.

Такім чынам, лінгвістычнае правіла вывучалася ў арганічнай сувязі з маўленчым матэрыялам, адбывалася дэманстрацыя граматычных з’яў і катэгорый праз выкарыстанне розных відаў маўленчай дзейнасці. Дзякуючы метаду кагнітыўнай камунікацыі, была створана магчымасць для пабудовы выказванняў з улікам сітуацыі маўлення ў вуснай або ў пісьмовай форме. Таксама выкарыстанне гэтага метаду спрыяла актыўнай пазнавальнай дзейнасці вучняў, а таксама ўдасканаленню іх вучэбна-моўных уменняў: распазнавальных, класіфікацыйных, аналітычных.
Гульня

Гульня – найбольш дзейсны сродак развіцця камунікатыўных уменняў вучняў. Імітацыя розных сфераў узаемадзеяння людзей адбываецца ў працэсе навучання з дапамогай гэтага метаду навучання. Гэта самы любімы занятак вучняў. Гульнёй у шырокім сэнсе слова можна назваць любыя дзеянні па вядомых ужо правілах.

Некалькі слоў аб метадычным прынцыпе, найбольш важным пры правядзенні гульняў на ўроку – прынцып адкрытай методыкі. Любая гульня будзе эфектыўнейшая, калі гуляць адкрыта, гэта значыць абмеркаваць з вучнямі, навошта праводзіцца гульня, чаму такія правілы, ці магчыма гульню ўскладніць, змяніць. Нярэдка такое абмеркаванне прыносіць больш карысці, чым сама гульня, развіваючы камунікатыўныя здольнасці і мысленне дзіцяці, і, акрамя таго, закладае фундамент гульнёвай культуры. Гульня не толькі дапамагае арганізаваць вучэбна-камунікатыўную дзейнасць школьнікаў, але і з’яўляецца элементам стварэння культурнага маўленчага асяроддзя – фрагментам сацыяльнай дзейнасці. Асабліва важным бачыцца і тое, што ў працэсе гульні ствараецца магчымасць для актывізацыі механізмаў маўленчай камунікацыі.

З ліку дыдактычных гульняў найбольшую цікавасць для нас уяўляе сацыяльна-ролевая гульня, якая стварае магчымасць прадэманстраваць выкарыстанне моўных і маўленчых уменняў і навыкаў, якія актывізуюцца пры стварэнні выказванняў у працэсе суразмоўніцтва. Ствараецца прыцягальны эмацыянальны фон, развівацца асацыятыўнае мысленне і інш.

У межах сацыяльна-ролевай гульні я выкарыстоўваю наступныя метады і прыёмы:

Складанне дыялогаў. Адбываецца ў адпаведнасці з апісанай ва ўмове практыкавання сітуацыяй маўлення. Вучням неабходна зарыентавацца ў сітуацыі, уявіць адрасата і абставіны, у якіх адбываецца суразмоўніцтва, праінсцэніраваць размову дзеючых асоб, выкарыстоўваючы прыдуманыя рэплікі-выказванні.

Напрыклад, на аснове практыкавання падручніка вучні, працуючы ў парах, інсцэніруюць размову дзеючых асоб па дадзеным эпізодзе, прыдумваючы і нешта сваё.



Напрыклад, я неаднаразова даю вучням наступнае заданне: разыграйце эпізод, згодна з пэўнай маўленчай сітуацыяй: размова ў бібліятэцы, размова паміж сябрамі, якія дзеляцца сваімі ўражаннямі аб праведзеных канікулах і г.д.

Стварэнне выказвання “Жывое слова”. Гэта метад, на аснове якога адбываецца пабудова выказванняў пэўных жанраў (аб’ява, віншаванне, парада, спачуванне, прывітальнае і развітальнае слова, падзяка і інш.). У адпаведнасці з умовай сацыяльна-ролевай гульні вучні ўступаюць у міжасобаснае суразмоўніцтва або ствараюць выказванне для ўяўнага героя, захоўваючы жанравую кампазіцыю тэксту.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Прыметнік” я прапаную вучням паслухаць тэкст і запомніць некаторыя народныя прыкметы, дзе ўжываецца шмат прыметнікаў. Затым ствараю гульнёвую сітуацыю: уявіце сабе, што вам прапанавалі стаць вядучымі перадачы “Тэлебарометр”. Падрыхтуйце выступленне для рубрыкі “Народны каляндар”, выкарыстоўваючы матэрыялы з тэксту.

Мадэляванне тэксту “Словы ў падарунак”. Па ўмове гульні вучні атрымліваюць “у падарунак словы”, узятыя з тэкстаў. Я паведамляю, што слова – прыдатны матэрыял, карыстаючыся якім можна стварыць незвычайны шэдэўр, да гэтага часу нікім не створаны. Умова гульні апісваецца ў адпаведнасці з тэматыкай дыдактычных тэкстаў, якія выкарыстоўваюцца пры вывучэнні лінгвістычнага матэрыялу. Вучні будуюць выказванне, якое таксама камусьці адрасуюць у якасці падарунка.

Ролевае пераўвасабленне дазваляе рэалізаваць індывідуальнасць вучня, творчыя здольнасці, развіваць камунікатыўны патэнцыял.

У сваёй працы я таксама выкарыстоўваю наступныя тыпы гульняў: навучальныя (дапамагаюць замацаваць матэрыял і набыць устойлівы навык прымянення ведаў), аналітычныя (развіваюць аналітычнае мысленне), кантэкставыя (маюць на ўвазе складаныя сэнсавыя сувязі ў тэксце, развіваюць здольнасць разумець тое, што яскрава не выражана), творчыя заданні (садзейнічаюць развіццю фантазіі і вынаходніцтва ў выкарыстанні моўных сродкаў і крытычнага ацэньвання сваёй творчай працы).

Гульні дапамагаюць замацаваць і актывізаваць атрыманыя вучнямі веды. Яны выкарыстоўваюцца мною як на этапе тлумачэння новага матэрыялу, так і на этапе замацавання вывучанага матэрыялу і на ўроках падагульнення пройдзенага матэрыялу. Напрыклад, хто хутчэй і правільней справіцца з заданнем.

На сваіх уроках я выкарыстоўваю такія гульні: “Насычаны тэкст”, “Хто хутчэй?”, “Крыжаванкі”, “Пазнай прадмет”. (Дадатак 3)

Аналітычныя гульні развіваюць здольнасць самастойна аналізаваць факты і заканамернасці, заўважаць агульнае і рознае, вучаць разважаць лагічна. Яны ствараюць сітуацыю навуковага адкрыцця, калі патрабуецца не толькі лагічны аналіз, але і інтуітыўнае бачанне адказу. Аналітычныя гульні не патрабуюць ад вучня дзейнічаць па ўзоры, а прапаноўваюць яму самастойна знайсці метад аналізу і праверыць яго эфектыўнасць.

Кантэкставыя – гэта гульні, якія прыцягваюць увагу дзяцей да сэнсавай будовы тэксту, да складаных сувязяў паміж тэкстам і кантэкстам. Гульні гэтага тыпу развіваюць здольнасць да глыбокай і рознабаковай інтэрпрэтацыі тэкстаў і выказванняў, да больш вычарпальнага разумення прапанаванай інфармацыі.

Задача ў гульнях мною можа быць сфармулявана так: зразумець тэкст, узнавіць тое, чаго не хапае, а можа быць адваротнай: стварыць кантэкст, які будзе адпавядаць пэўным умовам.

Прыклады кантэкставых гульняў, якія выкарыстоўваюцца ў працы: “Дапоўніць тэкст”, “Пытанні да тэксту” і іншыя.

Своеасаблівая разнавіднасць гульняў – творчыя гульнёвыя заданні, якія прапаноўваюць скласці звязны тэкст, захоўваючы розныя складаныя ўмовы. У гэтых гульнях няма пераможцаў, калі ўсё атрымліваецца добра, перамагаюць усе. Але самы каштоўны вынік такіх гульняў у тым, што траціцца ўласцівы многім дзецям страх перад складаннем тэксту – у азарце агульнай працы.

Можна прывесці вялікую колькасць прыкладаў, якія ілюструюць прымяненне актыўных метадаў і прыёмаў навучання дзеля развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў. Галоўнае – мець жаданне ажыццяўляць такую дзейнасць, стварыць небходную матывацыю ў вучняў. Тады развіццё ўсіх кампанентаў камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў будзе ажыццяўляцца паспяхова.

Заключэнне

Зразумела, што развіць камунікатыўныя навыкі вучняў за адзін урок немагчыма. Гэта вельмі складаны і працяглы працэс. Таму толькі сістэматычнае выкарыстанне і выкананне падобных практыкаванняў стварае непарыўнасць развіцця вуснай мовы школьнікаў. У сувязі з гэтым неабходна штодзённа развіваць і ўдасканальваць камунікатыўную практыку вучняў. Да развіцця маўлення вучняў у школе я падыходжу як да адной з формаў пазнавальнай дзейнасці чалавека, спосабу яго самавыражэння. Добра вядома: маўленне – гэта своеасаблівы “пашпарт” гаворачага, па якім можна пазнаць чалавека. Дасягнуць свабоды самавыражэння і перадачы самых тонкіх адценняў думак і пачуццяў, ды так, каб выказванне было нязмушаным, – задача надзвычай складаная.

Падрыхтоўка да ўрока з выкарыстаннем актыўных метадаў і прыёмаў патрабуе вялікіх затрат настаўніка. Гэтыя метады і прыёмы дзейнічаюць толькі пры ўмове мэтанакіраванага іх адбору і падачы ў працэсе навучання.

Мая сістэма работы дапамагла дасягнуць нядрэнных вынікаў. У гэтым навучальным годзе вучаніца 10 класа Жмайлік Марыя заняла другое месца ў раённай алімпіядзе па беларускай мове. Акрамя таго, можна назіраць павышэнне якасці ведаў па беларускай мове.

Практычнае выкарыстанне актыўных метадаў і прыёмаў было прадэманстравана мною ў серыі адкрытых урокаў па беларускай мове да педагагічнага савета, у тым ліку ў правядзенні адкрытага ўрока ў рамках раённага метадычнага аб’яднання.


Спіс выкарыстанай літаратуры


  1. Антонова, Е. С. Где искать ресурсы для обновления школьной методики?/ Е. С. Антонова // Рус. яз. в школе. – 2007. – №6. – С. 10 – 15.

  2. Кудрявцева, Т. С. Современные подходы к обучению речи / Т. С. Кудрявцева // Рус. яз. в школе. – 1996. – №3. – С. 3 – 7. 

  3. Лукашанец, А. А. Моўныя праблемы жыцця сучаснага беларускага грамадства / А. А. Лукашанец // Роднае слова. – 2008. – №1. – С. 108 – 112.

  4. Мартынкевіч, С. В. Камунікатыўна-маўленчы патэнцыял асобы школьніка: дыягностыка і аналіз / С. В. Мартынкевіч // Креативные подходы к организации образовательного процесса: сб. материалов науч.-практ. конф. – Гомель, 2007. – Ч. 2. – С. 117 – 122.

  5. Мартынкевіч, С. В. Узровень развіцця камунікатыўных уменняў вучняў 5 – 6 класаў школ з рускай мовай навучання // С. В. Мартынкевіч // Беларус. мова і літаратура. – 2009. – №3. – С. 56 – 60.

  6. Правілы фарміравання культуры вуснай і пісьмовай мовы ў агульнаадукацыйных установах // Роднае слова. – 2008. – №2. = С. 94 – 105.

Дадатак №1



Тэма: Азначэнне, граматычнае значэнне, роля ў сказе, спосабы яго выражэння
Мэта ўрока: актуалізацыя і паглыбленне ведаў пра азначэнне
Задачы: стварыць умовы для:
- узнаўлення і паглыблення ведаў пра азначэнне і яго агульнае граматычнае значэнне;

- выпрацоўкі ўмення знаходзіць азначэнне ў сказе, вызначаць спосаб яго выражэння, асэнсавана выкарыстоўваць азначэнні ва ўласным маўленні;

- выхавання пачуцця эстэтычнага густу, любові да прыроды.
Тып урока: урок камбінаванай будовы
Ход урока

1. Арганізацыйны момант
Настаўнік вітаецца з вучнямі і гасцямі, выказвае спадзяванне на ўзаемападтрымку на ўроку.
Гучыць ціхая музыка.

Настаўнік чытае верш Ларысы Геніюш «Малюе восень», які з'яўляецца эпіграфам да ўрока.


Малюе восень лісце акварэллю,

Ды круціць ветрам каляровы рой,

Чырвоны тон пераплятае зелень,

Красуюць дрэвы ў ткані залатой.


Красуюць дрэвы, быццам маладзіцы

Вялікім святам стройныя стаяць,

Ды лёнам косаў лісце залаціцца,

А шчокі макам пышныя гараць.


Пытанні:

На якую тэму напісаны верш?

Што хацела сказаць Л.Геніюш? Якая асноўная думка верша?

Які настрой у вас выклікаў верш?


2. Інфармацыйна-пошукавы этап
Слова настаўніка

А зараз звернем увагу на першы сказ эпіграфа. Пры дапамозе якіх даданых членаў сказа малюецца прыгажосць восені? Прывядзіце прыклады. Такім чынам, тэма нашага ўрока…(азначэнне). Тэму агучваюць вучні.


Азначэнне – нястомны працаўнік у нашай роднай мове. У знак павагі да яго наладзім яму сёння прэзентацыю.

Пытанні:

Як называюцца мастацкія азначэнні? (Эпітэты). Ці ёсць эпітэты ў вершы? Прывядзіце прыклад.



Настаўнік:
Так як тэма нашага ўрока – азначэнне, давайце падумаем: якія задачы мы з вамі паставім? Чаму павінны навучыцца на ўроку? А паставіць задачы да ўрока дапамогуць нам апорныя словы:
- успомніць….

- паглыбіць…

- навучыцца…
Каб прывесці нашы веды пра азначэнне ў сістэму, нам дапаможа кластар, які паспрабуем скласці.
Спачатку ўспомнім, што вы ведаеце пра азначэнне з папярэдніх класаў.. Запаўняецца кластар. А цяпер самастойна папрацуем з правілам падручніка і запоўнім кластар далей.

Кластар паступова запаўняецца.


Выражаецца прыметнікам,

займеннікам, лічэбнікам,

дзеепрыметнікам Адказвае на пытанні



які?

чый?
Дапасаванае Даданы член



АЗНАЧЭННЕ сказа


Недапасаванае Абазначае

прымету

прадмета


3. Трэніровачна-карэкцыйны этап
Заданне 1: прачытайце тэкст, устаўце і растлумачце прапушчаныя літары, з першых чатырох сказаў выпішыце ў сшыткі словазлучэнні з азначэннем, выражаным рознымі часцінамі мовы.
Восень – прыгожая і чароўная пара. Яна ходзіць у доўгай залатой сукенцы, з ра…пушчанымі косамі. Дакранецца да жоўтай фарбы і крапіць першыя лісточкі. Правя…е сваім тоненькім шнурочкам па самым краі – …прыгожыць бярозку завушніцамі. То ра…ыпле залацінкі сонечнага святла па лісці таполі, а пасля прыбавіць чырвані. Лё…кім, нячутным крокам паплыве да явара. П…шчотна прытуліць да сябе яго нахіленыя галінкі і а…пусціць. Потым адб…гае і любуеццца работай. А любавацца ёсць чым!
Вучні працуюць у парах.
Дзеці чытаюць тэкст.

Пытанні і заданні да тэксту:
Якая тэма тэксту? Якая асноўная думка? З якой мэтай выкарыстана столькі азначэнняў? Вызначце тып і стыль тэксту і абгрунтуйце сваю думку.
Затым вучні называюць і тлумачаць літары, якія ўставілі.
Фізкультхвілінка
Вучні чытаюць выпісаныя з тэксту словазлучэнні і робяць іх сінтаксічны разбор. Сінтаксічны разбор аднаго словазлучэння вучань робіць на дошцы.
Пытанне:

З якімі часцінамі мовы звязаны азначэнні?


Заданне 2: арфаграфічная хвілінка. Вучні запісваюць пад дыктоўку словы.
Лідар, чародка, дзясятка, мяккая, нядоўга, павуцінне, восеньскі, адчуваецца, соус, чырвона-бардовы, задуменны, надвор'е, сальфеджыа, адпачываць, аўкцыён.
Самаправерка слоўнікавага дыктанта. Крытэрыі адзнак – на слайдзе.

Вучні аловачкам на палях ставяць адзнаку.
Гульня «Адгадай прадмет»
Настаўнік:

Зараз пры дапамозе пытанняў, у якія ўваходзяць прыметнікі-азначэнні, вы павінны будзеце адгадаць прадмет.

Вучні задаюць настаўніку пытанні.

Так, гэта яблык.


4. Кантрольна-рэфлексійны этап
Заданне 3: складанне невялікага тэксту на тэму «Восень» або «Восеньскі сад», выкарыстоўваючы апорныя словазлучэнні.
Загарыцца полымем, развітальныя песні, чырвоная рабіна, густы туман, святочнае ўбранне, густы дождж, водар антонаўкі, восеньскія кветкі, шалясцець задуменна, падаць лёгка., звязана павуціннем.
Выключаецца экран.
Індывідуальнае заданне: вучань чытае самастойна складзены дома верш пра восень. Астатнія вучні на слых выпісваюць з верша азначэнні.
А зараз давайце ўспомнім, якія вы ведаеце прыкметы і павер'і пра восень, дзе ўжываюцца азначэнні.
Заданне 4: выкананне тэставай работы па варыянтах.
5. Падвядзенне вынікаў урока
Зварот да задач, пастаўленых у пачатку ўрока, затым да кластара.

Пытанне:

З якой мэтай выкарыстоўваюцца азначэнні ў тэкстах? Запаўняецца слайд.

Выражаецца прыметнікам,

займеннікам, лічэбнікам,

дзеепрыметнікам Адказвае на пытанні



які?

чый?
Дапасаванае Даданы член



АЗНАЧЭННЕ сказа


Недапасаванае Абазначае

прымету

прадмета


Выкарыстоўваецца для выразнасці,

дакладнасці, багацця тэксту



З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся на ўроку?
Выстаўленне і каменціраванне адзнак.

Настаўнік:

У вас на партах ляжаць рознакаляровыя лісты. Вы павінны выбраць той лісточак, які адпавядае вашаму настрою на ўроку, затым прымацаваць яго да дрэва, якое намалявана на дошцы.


Жоўты колер – цудоўны настрой.

Ружовы колер – добры настрой.

Зялёны колер – сумны настрой.
Вучні па чарзе выходзяць да дошкі.

Лісток адпаведнага колеру прымацоўвае і настаўнік.

Вось і атрымалася ў нас цудоўнае дрэва настрою, якое вы ўпрыгожылі сваімі лісточкамі.
6. Дамашняе заданне

Напісаць міні-сачыненне «Апошнія дні восені», выкарыстоўваючы азначэнні.

Дадатак №2

Тэма: Віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні. Асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове
Мэта ўрока: актуалізацыя і паглыбленне ведаў пра словазлучэнне
Задачы: стварыць умовы для:
- узнаўлення і паглыблення ведаў пра словазлучэнне, пазнаёміць з відамі сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні;

-выпрацоўкі ўмення вызначаць субардынацыю кампанентаў у словазлучэнні, даваць ім марфалагічную характарыстыку, вызначаць від падпарадкавальнай сувязі паміж кампанентамі і правільна афармляць ва ўласным маўленні;

- выхавання пачуцця павагі да роднага слова.
Тып урока: урок камбінаванай будовы
Ход урока

1. Арганізацыйны момант
Настаўнік вітаецца з вучнямі і выказвае спадзяванне на ўзаемападтрымку на ўроку.
Гучыць ціхая музыка.

Настаўнік чытае верш Алеся Ставера «Мой народ», які з'яўляецца эпіграфам да ўрока.


Мой народ праз стагоддзі пранёс дабрату,

Да суседзяў-народаў павагу,

Знае свет навакольны яго прамату,

І любоў да жыцця, і адвагу.


І заўсёды ў віхурах вякоў і нягод,

У зямной непагодзе суровай,

Вылучала між іншых мой мужны народ

Беларуская родная мова.


Пытанні:

На якую тэму напісаны верш?

Якая асноўная думка верша?

Які настрой у вас выклікаў верш?


2. Інфармацыйна-пошукавы этап
Слова настаўніка

На мінулым уроку мы гаварылі аб словазлучэнні, якіх шмат у вершы. Са словазлучэннем працягнем працаваць на сённяшнім занятку, задачы якога вы павінны вызначыць самастойна.

Вучні вызначаюць задачы ўрока, зыходзячы з тэмы, па апорных словах.

Пачнем урок з праверкі ведаў. Узнавіць веды пра словазлучэнне вам дапаможа кластар.

Запаўняецца кластар вучнямі.

А цяпер самастойна папрацуем з правілам падручніка і запоўнім кластар далей.

Кластар паступова запаўняецца.

Словы звязаны па сэнсе і

граматычна Сінтаксічная

адзінка


Дапасаванне Складаецца з

СЛОВАЗЛУЧЭННЕ двух ці

больш слоў

Кіраванне

Складаецца з

галоўнага і

залежнага

слоў


Прымыканне

Бывае іменнае, дзеяслоўнае,

прыслоўнае
Кожны адказ пацвярджаецца прыкладамі. Спрэчныя моманты абмяркоўваюцца на ўроку.

А цяпер, карыстаючыся падручнікам, запаўняем кластар ужо па новым матэрыяле далей.


3. Трэніровачна-карэкцыйны этап
Зварот да эпіграфа
Заданне: растлумачыць арфаграмы і пунктаграмы. Выпісаць у сшыткі 3 словазлучэнні з рознымі відамі сінтаксічнай сувязі.

Вучні працуюць у парах.
Фізкультхвілінка
Вучні чытаюць выпісаныя з тэксту словазлучэнні і робяць іх сінтаксічны разбор. Сінтаксічны разбор аднаго словазлучэння вучань робіць на дошцы.
Пытанне:

Якія цяжкасці ў вас узніклі пры выкананні гэтага задання?


Заданне 2: арфаграфічная хвілінка. Вучні запісваюць пад дыктоўку словы.
Пакаленне, мовазнаўства, таямніца, пяшчотны, нашчадкі, світар, руска-беларускі, своеасаблівасць, трыа, сямнаццаць, збожжа, бясконцы, Вялікдзень, адплываць, зеленаваты.
Узаемаправерка слоўнікавага дыктанта. Крытэрыі адзнак – на слайдзе.

Вучні аловачкам на палях ставяць адзнаку.
Работа ў парах з табліцай «Асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове».
Заданне 3: пераклад словазлучэнняў з рускай мовы на беларускую, вызначэнне асаблівасцей дапасавання і кіравання ў беларускай мове.
Пойти за ягодами, гулять по вечерам, заведующий библиотекой, четыре новых дома, жениться на Марине, благодарить друга.
4. Кантрольна-рэфлексійны этап
Заданне 4: складанне невялікага тэксту на тэму «Родная мова мая», выкарыстоўваючы словазлучэнні з рознымі відамі сінтаксічнай сувязі, па апорных словазлучэннях:

Мілагучная мова, скарб народа, вечна гучыць, ганарыцца мовай, шчырыя словы, святло Радзімы, гаварыць па беларуску.


Заданне 5: выкананне тэставай работы па варыянтах.
5. Падвядзенне вынікаў урока
Зварот да задач, пастаўленых у пачатку ўрока, затым да кластара.


З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся на ўроку?
Выстаўленне і каменціраванне адзнак.

Настаўнік:

У вас на партах ляжаць рознакаляровыя далоні. Вы павінны выбраць той колер, які адпавядае вашаму настрою на ўроку, затым прымацаваць яго да дрэва, якое намалявана на дошцы.


Жоўты колер – цудоўны настрой.

Ружовы колер – добры настрой.

Зялёны колер – сумны настрой.
Вучні па чарзе выходзяць да дошкі.

Лісток адпаведнага колеру прымацоўвае і настаўнік.

Вось і атрымалася ў нас дрэва настрою, якое мы ўпрыгожылі сваімі далонямі. Далоні на дрэве – гэта я і вы. Гэта значыць, што мы павінны зберагчы і перадаць нашчадкам родную беларускую мову.
Верш «Дзесяць запаведзяў»

Мову родную беражы.

Мовай роднаю даражы.

Мову родную шануй.

Мовай роднай не гандлюй.

Мову родную любі.

Мову ў сэрцы не губі.

Мовы роднай не кідай.

Мову дзецям перадай.

Мовы не аддай на здзек.

Толькі з ёю жыцьмеш век

6. Дамашняе заданне

Пр.39


Дадатак №3
Тэма: Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле «Прыметнік»
Мэта: стварыць умовы для сістэматызацыі ведаў па тэме, замацоўваць уменне правільна ўжываць прыметнікі, выпрацоўваць уменне прымяняць веды ў нестандартнай сітуацыі, развіваць творчую фантазію, садзейнічаць выхаванню любові да прыроды, эстэтычнага густу.
Абсталяванне: падручнік, карткі з рознаўзроўневымі заданнямі, мультымедыйны праектар.
Ход урока

1. Арганізацыйны момант

Добры дзень! Сядайце. Сённяшні ўрок будзе незвычайны, поўны творчай фантазіі. Для таго, каб атмасфера ў класе стала цёплай, добразычлівай, давайце ўсміхнемся адзін аднаму.Тэму ўрока дапаможа акрэсліць загадка.


Белы, ды не цукар,

Лёгкі, ды не пух.

(Снег)
Якая вывучаныя часціны мовы дапамаглі адгадаць дадзеную загадку? (Прыметнікі і назоўнікі ).

Такім чынам, мы з вамі будзем працаваць са словамі, якія з'яўляюцца прыметнікамі, але нам не абысціся і без назоўнікаў, таму што прыметнікі сябруюць з назоўнікамі. На працягу некалькіх урокаў мы вывучалі гэту тэму і зараз пастараемся сістэматызаваць свае веды.

Прыметнік – адзін з галоўных сродкаў слоўнага жывапісу, эстэтычнага аздаблення тэксту. Гэта часціна мовы дапамагае лагічна, дакладна ахарактарызаваць з'яву, канкрэтызаваць, вылучыць патрэбную рысу.

Працаваць нам дапаможа незвычайная форма ўрока – каляндар.


2.Асноўная частка ўрока

Першы лісток календара - «Прыметнік»

На календары ў нас люты. Гэта трэці зімовы месяц. Зараз мы пазнаёмімся з тэкстам пра гэты месяц. Прачытайце, калі ласка, дадзены тэкст і скажыце: чаго тут не хапае?


Праца з тэкстам.
Люты – самы … месяц года. Ва ўсёй сваёй моцы трашчаць…маразы. … покрыў дасягае…велічыні. Цэлымі суткамі не змаўкае… завіруха. …сонца не часта радуе вока. Але час бяжыць хутка. Дні становяцца … , ночы карацеюць.

Так, прыметнікаў. А цяпер устаўце неабходныя прыметнікі ў тэкст. Што змянілася? Вызначце ролю прыметнікаў, а таксама стыль і тып тэксту. Падбярыце загаловак.

Выкарыстоўваючы першы ліст, раскажыце аб агульным значэнні, марфалагічных прыметах і сінтаксічнай ролі прыметнікаў. Франтальнае апытванне. Пытанні:

Якая часціна мовы называецца прыметнікам? Якое агульнае значэнне мае прыметнік?

Раскажыце пра марфалагічныя прыметы прыметнікаў?

Якую сінтаксічную ролю ў сказе могуць выконваць прыметнікі?


Заданні да тэксту па групах.
Выпісаць з тэксту словазлучэнні «прыметнік + назоўнік», у прыметніках вызначыць род, лік і склон ( 1 група ).

Вызначыць сінтаксічную ролю прыметнікаў у першым і апошнім сказах. Дапоўніць тэкст 2 – 3 уласнымі сказамі (2 група ).


Другі лісток календара «Арфаграфічная хвілінка»

Трэці лісток календара « Якасныя, адносныя і прыналежныя прыметнікі»

Чараўніца-зіма пераблытала ўсе прыметнікі. Іх неабходна размясціць у пэўным парадку. Першая група выпісвае якасныя прыметнікі, другая група - адносныя.


Зімовы, пуховы, сіні, прыгожы, лёгкі, вясёлы, хваёвы, матулін, марозны, бусліны, сцюдзёны, бацькаў, прыемны.

А якія прыметнікі засталіся? Якія асаблівасці маюць прыналежныя прыметнікі?


3. Фізкультхвілінка.

Гучыць музыка, пад якую вучні выконваюць пэўныя рухі. Выконваюць «Танец сняжынак».


Чацвёрты лісток календара « Марфалагічныя прыметы прыметнікаў»

Малайцы! Вы вельмі добра выканалі заданні, дадзеныя ў першых трох лістках календара, таму можна адкрываць чацвёрты лісток.


Рознаўзроўневыя заданні

1 узровень. Выпішыце са сказаў словазлучэнні з прыметнікамі.

1. Плыве хмурынка ў сінім небе.

2. Па краях палёў шырокі цёмны лес сінее.

3. Ціха апусцілася на зямлю празрыстая зімовая ноч.



2 узровень. Дапішыце канчаткі прыметнікаў.

Густ… туман, пульхн… снег, заінел… хвоі, сцюдзён… завіруха, празрыст… паветра, чароўн… музыка, каротк… дні.



3 узровень. Ад аднаго прыметніка ўтварыце ўсе магчымыя формы ступеней параўнання.

Марозны, бабулін, мяккі.



4 узровень. Пастаўце знакі прыпынку ў сказе. Зрабіце марфалагічны разбор прыметніка.

Зімою ўсе дрэвы кусты пакрываюцца белым інеем.



5 узровень. Напішыце міні-сачыненне на тэму «Усход сонца зімой».
Пяты лісток календара “Народныя прыкметы зімы”

Перакладзіце прыкметы зімы з рускай мовы на беларускую і дапоўніце іх адпаведнымі прыметнікамі.


Звёзды ярко блестят – будет ночь… .

Зима морозная – лето… .

Зима снежная – лето... .

А цяпер праверым дадзенае заданне.

Зоркі ярка блішчаць – будзе ноч марозная.

Зіма марозная – лета гарачае.

Зіма снежная – лета дажджлівае.

Шосты лісток календара “Паэтычнае пяро”

Вы павінны будзеце скласці верш па малюнку прыроды, выкарыстоўваючы апорныя словы: высокае, блакітнае, празрыстае, мяккі, халодны, белы.


Вучні чытаюць свае вершы.
4.Падвядзенне вынікаў урока

У нашым календары не засталося ніводнага лісточка, а гэта гаворыць аб тым, што ўсе задачы, якія былі пастаўлены ў пачатку ўрока, мы выканалі. Працавалі вы вельмі добра, таму і паспелі ўсё зрабіць. Мне застаецца толькі падзякаваць вам і паставіць адзнакі.

У пачатку ўрока мы ўсміхаліся адзін аднаму. Навошта? Працягніце выраз: “Я ўсміхаюся,таму што… . (Выказваюцца ўсе).

Напішыце на сняжынках свае ўражанні ад урока, які мы пачалі з усмешкі. Давайце і закончым яго з усмешкай.


4.Заданне на дом

Скласці крыжаванку па тэме “Прыметнік”.











База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка