Адказ на ліст грамадзяніна (першы этап клінічнага конкурсу)



Дата канвертавання15.05.2016
Памер18.88 Kb.

10-я Беларуская студэнцкая юрыдычная алімпіяда

Камандны залік. Вочны адборачны тур


Адказ на ліст грамадзяніна (першы этап клінічнага конкурсу)

Вітаю вас шаноўныя юрысты-прававеды!

Клічуць мяне Трасцянка Іван Мікалаевіч, 1982 года нараджэння, грамадзянін Республікі Беларусь. Не жанаты, маю дачку Трасцянка Вольгу Іванаўну, 2003 года нараджэння. На гэты момант я адбываю пакаранне у ПК-14, якая знаходзіцца ў Барысаўскім раёне, ст. Навасады. Нядаўна мне стала вядома, што вы аказваеце бясплатную прававую дапамогу маламаёмным грамадзянам. На жаль, у мяне няма грашовых сродкаў, каб звярнуцца па дапамогу да адвакатаў. Я з’яўляюсь маламаёмным грамадзянінам, пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У сувязі з гэтым вырашыў звярнуцца да вас за ўдакладненнем некаторых пытанняў, якія мяне вельмі цікавяць, бо ў адносінах да мяне дапушчана несправядлівасць. Вельмі прашу аднесціся да майго пісьма сур’ёзна, таму што за ім жыццё чалавека! Паспрабую як мага больш дакладна і коратка растлумачыць сваю праблему. Спадзяюсь на вашу кампетэнтнасць і юрыдычную граматнасць. Я лічу вельмі няправільным тое, што да мяне не прымянілі амністыю, таму што, па сутнасці, я нічым не адрозніваюся ад іншых асуджаных, якія адбываюць пакаранне за такое ж злачынства, як у мяне.

Дык вось, 30.08.2011 я быў асуджаны судом Ленінскага раёна г. Мінска па ч. 1 арт. 208 Крымiнальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь да 4 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. На момант вынясення прысуду я не пакрыў прычынёную злачынствам шкоду ў памеры 12.670.000 беларускіх рублёў.

Так сталася, што 15.04.2012 я ўчыніў новае злачынства па ч. 1 арт. 208 КК Рэспублікі Беларусь, і 07.06.2012 суд прызначыў мне пакаранне – 1 год 6 месяцаў пазбаўлення волі. У адпаведнасці з ч. 1 ст. 73 КК да прысуджанага пакарання суд далучыў часткова неадбытую частку па прыгавору суда Ленінскага раёна г. Мінска ад 30.08.2011, і канчаткова было вызначана так: па сукупнасці злачынстваў прызначыць пакаранне 3 гады 1 месяц пазбаўлення волі.

У ліпені 2012 года была амністыя і многім маім калегам, з якімі я разам адбываў пакаранне скасцілі тэрмін, або ўвогуле выпусцілі. А да мяне гэтую меру неправамерна, як я лічу, не прымянілі. Таму я прашу вас падрабязна разабрацца і выказаць сваю кампетэнтную думку: ці законна гэта? Прашу ўлічыць, што 11.01.2013 я цалкам пакрыў страту і на сённяшні дзень запазычанасці не маю.

І яшчэ: на гэты момант мяне хвалюе самае галоўнае пытанне. Тут, у спецаддзеле, я не магу атрымаць яснага адказу, таму звяртаюся да вас. Калі ласка, растлумачце мне, калі я падпадаю пад амністыю 2012 года, ці могуць да мяне прымяніць яе цяпер?

З падзякай і шчырай павагай да вас – Трасцянка І.М.





База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка