Адкрытае пісьмо Мая маленькая радзіма



Дата канвертавання19.07.2016
Памер35.22 Kb.
Адкрытае пісьмо

Мая маленькая радзіма

Добры дзень, незнаёмы сябар . Піша табе Кухарчык Даша з г. п. Карэлічы. Вельмі ўжо хочацца расказаць табе аб тым, у якім цудоўным кутку нашай краіны я жыву. Спадзяюся, што ты мне адкажаш.

Сёння ў мяне добры настрой. Я сяджу і назіраю, як за акенцам свеціць сонейка.Стары лісток падае на скошаную траву. Потым яшчэ. І яшчэ. І яшчэ... Лістапад.

Я сяджу і разважаю...

Людзі вакол, падзеі, слёзы, радасць і сумненні - зноў лістапад...

Пагадзіся: гэта ўсё не назаўжды. Усе часова. Бо лісты памяці маюць імёны і асобы, і ўсю паўнату пачуццяў, якая толькі можа быць у чалавека. Непаўторны лісток, які завецца «Мама», а вось яшчэ адзін - «цацка», якую я выплакала ў бацькоў, а потым падарыла яе сяброўцы. Ёсць і непрыгожыя лісты, але яны разам з астатнімі стаяць у букеце, які я збіраю кожны дзень свайго жыцця. Гэта родныя лісты, мае. Гэта тое, што складае для мяне паняцце «радзімы» на дадзены момант.

Маёй малой радзімай з'яўляюцца Карэлічы. Гэты гарадскі пасёлак, які па сваёй форме на карце чымсьці нагадвае Беларусь. Ён не вельмі адрозніваецца ад іншых гарадоў. У ім ёсць помнікі, цэрквы, шматпавярховыя будынкі. Але ў ім ёсць тое, што вельмі моцна адрознівае яго ад Навагрудка, Баранавіч, Ліды і ўсіх гарадоў разам узятых. Гэта інтэрнат, у якім я нарадзілася, садок, школа, родныя і блізкія, мае сябры. Гэта базар па пятніцах, лазня па выхадных. Ты спытаеш: «А што ж тут асаблівага?» А я адкажу: «Асаблівае, таму што любімае, роднае».

У дзяцінстве я марыла, каб мой дом стаяў далёка ад навакольных, на невялікім пагорачку, а праз акно былі відаць поле, лес, вёска, каб непадалёку працякала рака, у якой у гарачы летні дзень я магла выкупацца. Калі я гэтым летам шпацыравала па вёсцы, я пайшла на Высокую гару. Мне вельмі захацелася залезці наверх... Ты не паверыш! Нарэшце здзейснілася мая мара: я апынулася на версе схіла і ўбачыла ўсё тое, што ў дзяцінстве для мяне было толькі марай. І толькі зараз разумею, што гэта і ёсць мая радзіма. Усе гэтыя лугі, палі, лес і рэчка...

Адарваўся лісток памяці...

... Першае верасня 2014 года. Я іду ў 10 клас. Іду з добрым настроем, бо сёння мы сустракаемся з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Грышынай Анастасіяй Якаўлеўнай. Гонар перапаўняе маё сэрца. Так хочацца сказаць ёй: «Дзякуй за Перамогу! Дзякуй за тое, што не ведаем вайны! Дзякуй Вам, дарагія ветэраны, за шчасце жыць пад мірным небам!» Анастасія Якаўлеўна расказала нам пра страшныя ваенныя эпізоды , якія назаўжды засталіся ў памяці. Бо зусім юнай ёй прыйшлося адправіцца на фронт, дзе і сустрэла ўсе жахі вайны. Полк, у якім яна служыла, абараняў Сталінград, а там усім прыйшлося нялёгка. Я абсалютна ўпэўнена: ты таксама ганарышся сваімі землякамі, якія змагаліся з ненавісным ворагам.

З кожным годам ветэранаў становіцца ўсе менш і менш. І гэта вельмі сумна...

Яшчэ адзін лісток адарваўся...

Але мне не сумна: я пішу табе, незнаёмы сябар, ліст і разважаю аб паняццях род, радзіма.

Слова род і радзіма - аднакарэнныя словы. Радзіма ў кожнага чалавека свая, і для кожнага яна чымсьці асаблівая. Кожны род мае сваю радзіму, свае традыцыі, свае звычаі. Кожны род складаецца з розных па духу, светапоглядзе і звычках людзей. Але ўсё ж нейкія асаблівасці перадаюцца па спадчыне. Можа, менавіта пагэтаму, раней былі цэлыя роды шаўцоў, музыкаў, танцораў. І ў кожным родзе было, ёсць і , пагадзіся, будзе кім ганарыцца.

У маім родзе таксама ёсць унікальны чалавек, які жыў у няпростае дваццатае стагоддзе і пакінуў пасля сябе памяць - душу сваю і сэрца, якія адкрыў у сваіх творах. Янка Брыль - класік беларускай літаратуры, а для мяне - сваяк. Уяўляеш? Гэта выдатна! Ён нарадзіўся ў Адэсе, але потым Янка і яго бацькі пераехалі ў Пружанскі раён, дзе ўжо і тварыў малады класік. Калі падняцца на другі паверх нашага музея, можна ўбачыць яго фотаздымкі. І гэта сапраўды вельмі прыемна. Гэта не адзіны ўраджэнец Карэліч, які стаў знакаміты.

Думаю, табе будзе цікава даведацца пра тое,адкуль пайшла назва майго пасёлка. Ёсць шмат версій на гэтую тэму, і я табе раскажу адну з іх. Калісьці (даўным-даўно гэта было!) у нашай мясцовасці некаторыя пасёлкі будавалі ў выглядзе карэ. Унутры пасёлка атрымліваўся двор, плошча, вакол якой былі будынкі. А па кутах гэтай забудовы былі зроблены павятовыя вароты. На двары было зацішша, а калі зачыніць вароты, то чужому чалавеку ў двор не пранікнуць.

Цэнтр Карэліч таксама быў пабудаваны ў выглядзе чатырохвугольніка. Але варот па кутах забудовы не было зроблена. Атрымалася не карэ, а « лічі» што карэ - Карэлічы. Нават цяпер, калі прыглядзецца да плошчы 17 Верасня, то можна заўважыць гэтую асаблівасць у забудове цэнтра Карэліч. У 50-тых гадах гэта было відавочна.

І яшчэ: ва ўсіх дакументах як на рускай, так і на беларускай мовах, пісалі назву пасёлка праз «а»: Кареличи. Толькі пачынаючы з 70-тых гадоў ХХ стагоддзя, пасля аддзялення Карэліцкага раёна ад Наваградскага, на рускай мове замест «Кареличи» сталі пісаць «Кореличи». Відавочна, такое напісанне пад сабой не мае падстаў, так як і на рускай мове карэ пішацца праз літару «а».

Дарагі сябар, захацелася табе наведаць самае цудоўнае мястэчка Беларусі?!



Спадзяюся, калі-небудзь ты прыедзеш у Карэлічы, і мы з табой разам сходзім у музей, у якім ёсць і часцінка майго роду, прагуляемся па плошчы ў выглядзе карэ, пакладзём кветкі да мемарыяла «Зорка», які захоўвае памяць аб героях Вялікай Айчыннай Вайны.

Да пабачэння. Кухарчык Дар’я, 10 клас


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка