Адукацыйны праект «Восем крокаў да мінулага» Распрацаваў Андрэй Кузьмін, дуа «Сярэдняя школа №1 г. Крычава»



Дата канвертавання15.05.2016
Памер302.87 Kb.
Адукацыйны праект «Восем крокаў да мінулага»

Распрацаваў Андрэй Кузьмін, ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Крычава»


Актуальнасць тэмы праекта

Мы жывем у цікавы і складаны час, калі шмат на што пачынаем глядзець па-іншаму, шмат што зноўку адкрываем і пераацэньваем. У першую чаргу, гэта тычыцца нашага мінулага, якое мы, аказваецца, ведаем вельмі павярхоўна. Што турбавала, цешыла і трывожыла нашых продкаў, чым яны займаліся, як працавалі, пра што марылі, распавядалі і спявалі, што перадавалі сваім дзецям і ўнукам? Адказаць на гэтыя пытанні сёння – значыць аднавіць сувязь часоў, вярнуць згубленыя каштоўнасці. Звярнуцца да вытокаў дапаможа краязнаўства ва ўсіх яго праявах, бо яго змест – жыццё народа, чалавечы досвед, прасеяны праз сіта стагоддзяў, духоўны свет чалавека, яго думкі, пачуцці, перажыванні. Народная культура ва ўсе часы была базісам нацыянальнай культуры, яе гістарычнай асновай. Гэтую простую ісціну варта памятаць у цяперашнія няпростыя часы, калі разбурана не толькі цэласнасць народнай культуры, але і ўсё, што было звязана з духоўна-маральнымі прынцыпамі народнага жыцця, пачынаючы з хаты, сям’і і канчаючы стаўленнем да працы, Радзімы, прыроды.

Выхаванне грамадзяніна і патрыёта, дасведчанага і любячага сваю Радзіму, – задача асабліва актуальная сёння. Яна не можа быць паспяхова вырашана без глыбокага спазнання духоўнага багацця свайго народа, засваення народнай культуры.

Аднак пры ажыццяўленні адукацыйнага працэсу варта ўлічваць, што такога роду пазнанне ўяўляе сабой складаны працэс узаемадзеяння вонкавых і ўнутраных фактараў. Першыя з іх з’яўляюцца вызначальнымі ў развіцці пазнавальнай актыўнасці асобы, але па меры станаўлення свядомасці чалавека, сцвярджэння яго асобы, усё больш вялікую ролю набываюць унутраныя ўмовы: досвед, светапогляд, інтарэсы і запатрабаванні. Абодва фактары ў сваім супярэчлівым адзінстве і вызначаюць кірункі дзейнасці асобы, якія аказваюць уплыў на развіццё псіхалагічных працэсаў.

Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці складае значны аспект адукацыі ў любым узросце, але асаблівую актуальнасць мае для школьнікаў.

На старонках педагагічных выданняў паднімаецца пытанне аб тым, што традыцыйная форма ўроку не вырашае ўсіх задач, пастаўленых перад сучаснай школай. Неабходна стварыць такое асяроддзе, у якім будуць запатрабаваны як раз нетрадыцыйныя формы заняткаў, прычым гэтае асяроддзе павінна і навучаць і развіваць. Выхадам можа стаць сістэма дадатковай адукацыі, якая садзейнічае рэалізацыі сацыяльнай і рэактыўнай функцый, а таксама функцыі адпачынку, дазваляе з максімальнай эфектыўнасцю выкарыстаць свой вольны час. У дадатковай адукацыі існуе шэраг кірункаў, якія найболей эфектыўна вырашаюць праблему актывізацыі пазнавальнай дзейнасці шляхам засваення і даследавання жыццёвай прасторы школьнікамі, а таксама садзейнічаюць іх самарэалізацыі. Гэта, найперш, – школьнае краязнаўства, заснаванае на пазакласнай дзейнасці. Менавіта школьнае краязнаўства садзейнічае фармаванню ў дзяцей цэласнай карціны свету. І гэта асабліва важна! Год ад года змест краязнаўства пашыраецца, узбагачаецца, удасканальваецца. Такім чынам, узрастае і яго значэнне пры фармаванні патрыятычных пачуццяў, выхаванні любові да роднага краю, падвышэнні цікавасці да гісторыі як школьнай дысцыпліны. Важна, што звесткі краязнаўчага характару бліжэйшыя і больш зразумелыя навучэнцам. Часцяком яны выклікаюць у іх пазнавальную цікавасць.

На сучасным этапе вельмі важнымі з’яўляюцца прынцыпы захавання і адраджэння як гісторыка-культурнай, так і эканамічнай, прыроднай, сацыяльнай і біялагічнай спадчыны. У ажыццяўленні гэтых прынцыпаў не апошнюю ролю мае краязнаўчая праца ў школе. У сувязі з гэтым відавочна, што такая праца павінна быць выведзена на новы ўзровень. Усё гэта патрабуе ініцыятывы і нават некаторай самаадданасці ад настаўнікаў.

Зыходзячы з вышэйсказанага і ўлічваючы, якія традыцыі беларускай сістэмы адукацыі склаліся сёння, у аснову прапанаванага праекта закладзены наступныя прынцыпы:

1. Прынцып стымуляцыі цікавасці навучэнцаў да заняткаў краязнаўствам і вывучэнню гісторыі ў цэлым;

2. Прынцып стымуляцыі «прафесійнага» славалюбства навучэнцаў;

3. Прынцып самастойнасці навучэнцаў пры дасягненні асобных мэт і задач;

4. Прынцып калектыўнасці навучэнцаў пры дасягненні асобных мэт і задач;

5. Прынцып навізны (апрабацыя новых педагагічных падыходаў) і аналіз атрыманых вынікаў.

Рэалізацыя дадзенага праекта дазволіць:

1. Падвысіць цікавасць навучэнцаў да вывучэння гісторыі ў цэлым і да краязнаўства ў прыватнасці;

2. Падвысіць якасць гістарычнай адукацыі ў школе;

3. Стварыць аптымальныя ўмовы для развіцця індывідуальнасці і творчай ініцыятывы навучэнцаў;

4. Стварыць аптымальныя ўмовы для развіцця калектывізму ў навучэнцаў;

5. Распрацаваць і ўкараніць дыдактычныя (у тым ліку і інфармацыйныя) матэрыялы для развіцця пазнавальнай цікавасці навучэнцаў;

6. Навучыць навучэнцаў працаваць з дадатковымі гістарычнымі матэрыяламі, самастойнай працы з рознымі дадзенымі;

7. Сфармаваць у навучэнцаў грамадзянскасць, пачуццё любові і гонару да радзімы на аснове вывучэння гісторыі роднага краю;

8. Прапанаваць навучэнцам максімальна шырокі спектр матывацыі пры ажыццяўленні адукацыйнага працэсу;

9. Прааналізаваць вынікі новых падыходаў да вывучэння гісторыі і краязнаўства і абагульніць вынікі аналізу для наступнай дзейнасці;

10. Стварыць сістэму пазакласнай працы па гісторыі і краязнаўству на аснове аналізу вынікаў праекта.



Мэта праекта

Падвысіць якасць гістарычнай адукацыі і цікавасць навучэнцаў да вывучэння краязнаўства праз арганізацыю пазакласнай дзейнасці.



Задачы праекта

  • Вывучэнне тэматычнай літаратуры;

  • Стварэнне творчай групы навучэнцаў для рэалізацыі праекта;

  • Распрацоўка сістэмы пазакласнай дзейнасці па гісторыі і краязнаўству;

  • Улічваючы адукацыйны мінімум краязнаўчага матэрыялу, дапоўніць яго дыдактычнымі матэрыяламі па гісторыі роднага краю;

  • Ажыццяўленне маніторынгу ходу рэалізацыі праекта;

  • Выяўленне супярэчнасцяў у тэорыі і практыцы па ўкараненні краязнаўчага кампанента ў адукацыйны працэс;

  • Стварэнне культурна-адукацыйнага асяроддзя ў школе;

  • Аналіз вынікаў праекта;

  • Укараненне сістэмы пазакласнай дзейнасці па гісторыі і краязнаўству.

Этапы рэалізацыі праекта

Праектная дзейнасць уключае тры этапы:

1. Інфармацыйна-арганізацыйны;

2. Практычны;

3. Выніковы.

Разгледзім кожны з іх:



1. Інфармацыйна-арганізацыйны этап уключае ў сябе наступныя падэтапы:

  • Псіхолага-педагагічная дыягностыка гатовасці навучэнцаў 8 – 11 класаў да праектных мерапрыемстваў;

  • Выбар методык і тэхналогій навучання, падбор гісторыка-краязнаўчай і педагагічнай літаратуры;

  • Распрацоўка плану праекта і праектных мерапрыемстваў;

  • Абгрунтаванне актуальнасці праекта;

  • Інфармаванне навучэнцаў і бацькоўскай грамадскасці аб праектных мерапрыемствах;

  • Стварэнне комплексу ўмоў, якія гарантуюць эфектыўнасць і якасць ажыццяўлення праектных мерапрыемстваў;

  • Стымуляванне творчай актыўнасці навучэнцаў.

Асноўная задача інфармацыйна-арганізацыйнага этапу – адабраць з масы ўражанняў навучэнцаў найболей даступныя: праца людзей, традыцыі, гістарычныя падзеі, прырода роднага краю. Прычым эпізоды, да якіх прыцягваецца ўвага навучэнцаў, павінны быць яркімі, вобразнымі, пэўнымі, цікавымі; асобліва варта вылучыць найболей характэрнае для дадзенай мясцовасці. Любая вобласць, раён, нават невялікая вёска непаўторныя. У кожным месцы свая гісторыя, свае традыцыі і свой побыт.

Адбор адпаведнага матэрыялу з літаратуры па дадзенай тэме, дазволіць сфармаваць у навучэнцаў уяўленне аб тым, чым слаўны родны край.

Такім чынам, у аснову інфармацыйна-арганізацыйнага этапу пакладзеныя наступныя прынцыпы:

1) Прынцып энцыклапедычнасці;

2) Прынцып інтэграцыі – усталяванне суадносін паміж інфармацыяй натуральнанавуковага характару і звесткамі аб чалавечай дзейнасці;

3) Прынцып культуралагічнасці – далучэнне дзяцей да вытокаў культуры;

4) Прынцып тэматычнасці – дзяленне матэрыялу на асноўныя тэмы (цыклы);

5) Прынцып навочнасці;

6) Прынцып бесперапыннасці і пераемнасці педагагічнага працэсу;

7) Прынцып дыферэнцыяванага падыходу да кожнага дзіцяці, максімальнага ўліку яго псіхалагічных асаблівасцяў, магчымасцяў і інтэрасаў;

8) Прынцып развіцця характару навучання, заснаванага на дзіцячай актыўнасці.

Важнай умовай дадзенага праекта з’яўляецца ўзаемасувязь з бацькамі. Дакрананне да гісторыі сваёй сям’і выклікае ў навучэнцаў моцныя эмоцыі, прымушае суперажываць, уважліва ставіцца да памяці мінулага, да сваіх гістарычных каранёў. Узаемадзеянне з бацькамі па дадзеным пытанні спрыяе трэпетнаму стаўленню да традыцый, захаванню вертыкальных сямейных сувязяў.

Меркаваны вынік:

Гатовасць удзельнікаў да актыўнай пазнавальнай дзейнасці.



2. Практычны этап уключае ў сябе наступныя падэтапы:

2.1 Арганізацыя працы па рэалізацыі праектных мерапрыемстваў;

2.2 Маніторынг прамежкавых вынікаў праекта;

2.3 Маніторынг матывацыі навучэнцаў;

2.4 Дыягностыка сфармаванасці ведаў і ўменняў навучэнцаў;

2.5 Арганізацыя працы паводле праектных мерапрыемстваў (умоўна дзеліцца на 8 крокаў):


Першы крок. Папулярызацыя гісторыі і краязнаўства.
Краязнаўства – гэта ўсебаковае вывучэнне якой-небудзь тэрыторыі, што праводзіцца на навуковай аснове. Аб’ектамі яго вывучэння з’яўляюцца сацыяльна-эканамічнае, палітычнае, гістарычнае і культурнае развіццё сяла, горада, раёна.

Узнікае пытанне: ці трэба займацца краязнаўствам? І ці трэба гэта наогул каму-небудзь сёння? З вышэй пералічанымі пытаннямі актыўныя настаўнікі Крычаўшчыны звярнуліся да навучэнцаў старэйшых класаў горада.

І вось якія адказы атрымаліся:

гэта цікава;

гэта важна ведаць, каб паважаць гісторыю продкаў;

заўсёды цікава, адкуль ты родам;

проста дзіўна, як людзі маглі асвоіць гэты край;

трэба ведаць свой род;

гісторыя края дапамагае адчуць сябе часцінай Радзімы.

Можна зрабіць выснову: для новай генерацыі Крычава краязнаўчы напрамак выклікае цікаўнасць. Думаецца, што для іншых малых гарадоў Беларусі гэта таксама будзе немалаважна.

Краязнаўчая дзейнасць дазваляе вучню пазнаёміцца са сваім краем, адчуць патрыятычныя, духоўна-маральныя традыцыі народа. А гэта і ёсць вытокі і аснова патрыятычнага выхавання.

Відавочна, што магчымасці выхавання патрыятызму, закладзеныя ў краязнаўчай дзейнасці, не рэалізуюцца самі па сабе. Неабходна мэтанакіраваная, сістэматычная дзейнасць педагогаў, распрацоўка праграм, метадычных рэкамендацый і г.д. Пры тым, што сучасны сацыяльна- эканамічны і духоўны стан беларускага грамадства патрабуе адмысловай увагі да пытанняў удасканалення сістэмы школьнай адукацыі.

Стварэнне ўмоў для краязнаўчай дзейнасці ў школе, як важнага сродка падвышэння пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў, а таксама для інтэлектуальнай, творчай, духоўнай самарэалізацыі асобы адказвае інтэрасам стабілізацыі ўсяго грамадства.

Досвед апошніх дзесяцігоддзяў паказвае, што ўтварыўся нейкі вакуум у эмацыйна-каштоўнасным стаўленні да гісторыі роднай краіны, запоўніць які можна каштоўнасцямі і ведамі аб родным краі, якія дазваляюць уплываць не толькі на выхаванне, але і на навучанне новага пакалення. І ў прыватнасці на актывізацыю пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў.

Краязнаўчая падрыхтоўка ў навучанні гісторыі – гэта не проста веды, а шлях да іх разумення, метад спазнання свету, з’яў, часоў, своеасаблівая школа разумення ўзаемасувязі грамадства і культуры, навукі і прыроды.

Любоў да малой радзімы, якую можна развіць праз краязнаўства, веданне яе гісторыі з’яўляюцца той асновай, на якую абапіраецца рост духоўнай культуры ўсяго грамадства ў цэлым. Усведамленне каштоўнасці гістарычнай спадчыны спрыяе фармаванню пачуцця гонару, суперажыванню, адказнасці маладых людзей.

Сучасныя навукоўцы прама звязваюць актывізацыю пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў з адукацыйнымі задачамі. Актыўнае вывучэнне і засваенне гісторыі свайго краю, арганічна ўключанае ў адукацыйны працэс, з’яўляецца важным фактарам разумення навакольнага асяроддзя на аснове адчування суб’ектыўнага дачынення да мінулага, сучаснасці і будучыні.

Краязнаўчая падрыхтоўка разглядаецца як сінтэз розных відаў дзейнасці (пазнавальнай, камунікатыўнай, каштоўнасна-арыентаванай) на аснове асэнсавання гісторыі свайго месца жыхарства. Пры гэтым гаворка ідзе не толькі аб засваенні зместа краязнаўчага матэрыялу, але і разумення яго значэння.

У святле канцэпцыі гуманізацыі адукацыі, пытанне актывізацыі пазнавальнай дзейнасці падчас дакранання да краязнаўства становіцца надзвычай актуальным. Адмысловае месца ў рашэнні пастаўленай задачы набывае рэалізацыя пазнавальных, творчых заданняў, і, такім чынам, развіццё пазнавальнай дзейнасці вучня праз рэалізацыю такіх заданняў.

Сёння праблема актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў мае велізарны грамадскі рэзананс. Выпускнікам неабходныя больш складаныя прыёмы дзейнасці, уменні атрымліваць інфармацыю з розных крыніц, асэнсоўваць яе ў рэальных жыццёвых сітуацыях.

Падчас далучэння да краязнаўчай дзейнасці фармуецца складаная сістэма разнастайных адносін, якая аказвае значны ўплыў на цікавасць да пазнання: стаўленне да даўніны і сучаснасці, стаўленне да самога сабе як чальца грамадства і г.д.. Абуджэнне і паглыбленне пазнавальнай цікавасці атаясамляецца з пастаноўкай яснай мэты краязнаўчай дзейнасці, якая ўлічвае патрабаванні навучэнцаў.
Другі крок. Пошукавыя мерапрыемствы і экскурсіі.
Знаёмства з багаццямі роднага краю нельга абмежаваць рамкамі школьных заняткаў, таму неабходна пазначыць найболей актуальныя формы краязнаўчай падрыхтоўкі: паходы выходнага дня, дакрананні да прыроды, шматдзённыя паходы, экскурсіі, факультатыўныя заняткі. Вось прыклад некаторых формаў краязнаўчай падрыхтоўкі:

Паход выходнага дня.

Падчас паходу навучэнцы сумесна практыкуюцца ў арыентаванні на мясцовасці, што развівае яшчэ і геаграфічныя здольнасці. Навучэнцы знаёмяцца з унікальнымі гістарычнымі, архітэктурнымі помнікамі, помнікамі прыроды, археалагічнымі знаходкамі.

Усе назіранні падчас паходу выходнага дня пацвярджаюць своеасаблівасць і ўнікальнасць гістарычных помнікаў. Перад навучэнцамі ставіцца пытанне: «Як захаваць занядбаную ўнікальную гістарычную каштоўнасць?» Навучэнцы разам з настаўнікам прадумваюць розныя меры захавання, адраджэння.

Падчас падобных паходаў выходнага дня, навучэнцы знаходзяцца сярод выдатных пейзажаў, бачаць сапраўдныя прыродныя каштоўнасці – усё гэта дапамагае замацаваць у душы школьнікаў пачуццё адкрыцця новага, таго, што служыць арыенцірам на працягу ўсяго жыцця. Яны ўспрымаюць аб’екты ў адзінстве прыроднага і культурна-гістарычнага аспектаў.

Усе паходы выходнага дня будуюцца так, каб навучэнцы зацікавіліся не толькі вынікамі, але і ходам дзейнасці, бо менавіта падчас дзейнасці актывізуюцца пазнавальныя працэсы. З гэтай мэтай выкарыстоўваецца ўласцівае падлеткам імкненне да зносін. У пачатку вандравання настаўнік дае навучэнцам самастойныя заданні, накіроўваючы іх дзейнасць. Затым кіруе і карэктуе. Галоўным стымулам пошукавай дзейнасці навучэнцаў і роста іх самастойнасці з’яўляецца характар прапанаваных заданняў: заданні рэпрадуктыўнага або творчага характару, практычныя або тэарэтычныя. Падчас вандраванняў навучэнцы працуюць у групах, сумесная праца дапаўняе і ўзбагачае кожнага з іх. Мала таго, атмасфера сумеснай працы выклікае падвышэнне цікавасці да працэсу пазнання і спрыяе актывізацыі пазнавальнай дзейнасці.

Дакрананне да прыроды. (Вывучэнне гістарычных аб’ектаў ва ўмовах неаднакратнага выезду за горад).

Навучэнцы дакранаюцца да гістарычнага мінулага, выязджаючы на працягу навучальнага года на адно і тое ж месца. Гэта дае магчымасць назіраць і фіксаваць змены, якія адбываюцца. Акрамя таго, навучэнцы вывучаюць магчымасці ўздзеяння чалавека на гістарычныя аб’екты. Пры гэтым у роўнай ступені атрымоўваецца назіраць як пазітыўны, так і адмоўны ўплыў людзей на аб’екты. Знаходжанне ў прыродзе на працягу доўгага часу фармуе назіральнасць, уважлівасць і правільнае стаўленне да гістарычных каштоўнасцяў. Датыкаючыся і ўзаемадзейнічаючы з прыродай, на працягу цэлага дня, навучэнцы праводзяць назіранні, робяць высновы. Падчас абмеркаванняў узнікае вялікая колькасць пытанняў, на якія падлеткі яшчэ не могуць адказаць. Па вяртанні дадому, яны часцяком спрабуюць самастойна знайсці адказы на пытанні.

Дадзеная мадэль дакранання да прыроды дазваляе вырашаць праблему актывізацыі ўсіх пазнавальных функцый навучэнцаў, спрыяе комплекснаму рашэнню праблемы гістарычнага, краязнаўчага, экалагічнага выхавання, знайсці падыходы да праблемы ўключэння пачуццяў навучэнцаў у адукацыйны працэс.

Акрамя краязнаўчых экскурсій і паходаў па адносна недалёкіх мясцінах, навучэнцам школы можна прапанаваць пабываць у розных рэгіёнах краіны. Вельмі важна пазнаёміць навучэнцаў з дзіўнай разнастайнасцю і багаццем гістарычнага мінулага ўсёй краіны. Сустрэча з сапраўднымі гістарычнымі каштоўнасцямі пакідае глыбокі след у душы рабят.

Надоўга застаецца ў памяці жывая гісторыя падчас паездак на лодках ці плытах па рэках, азёрах, іншых водных аб’ектах.

Асабліва важна абагульніць матэрыялы, што будуць назапашаны падчас пошукава-даследніцкай дзейнасці. Прааналізаваць іх і, па-магчымасці, надрукаваць і распаўсюдзіць. У любой форме.



(Дадатак №1 – даследчы праект «25 гістарычных каштоўнасцяў Крычава»).
Трэці крок. Уборка і добраўпарадкаванне гістарычных аб’ектаў.
Неабходнасць арыентацыі навучэнцаў на разнастайныя віды дзейнасці забяспечвае выяўленне пазнавальных і маральных матываў для навучання.

Выхаванне павагі да гістарычнага мінулага сваёй Радзімы, фармаванне жадання захаваць культурна-гістарычныя аб’екты ажыццяўляецца праз арганізацыю ўборкі і добраўпарадкаванне гістарычных аб’ектаў.

Асноўнай умовай выхаваўчай эфектыўнасці дзіцячай працы з’яўляецца яе змястоўнасць, асобасная і грамадска карысная значнасць, выразная арганізацыя. Псіхалагічны закон арганізацыі дзіцячай працы патрабуе таго, каб школьнікі абавязкова дамагаліся поспеху, маглі праявіць творчыя пачаткі і перажыць радасць перамогі. Поспех фармуе самастойнасць, упэўненасць у сабе, замацоўвае ўменні і навыкі, выхоўвае запатрабаванне ў працоўнай дзейнасці. Важнасць педагагічнага зместу тут ў тым, каб даць дзецям магчымасць усвядоміць грамадска і асобасна значныя мэты працы, далягляды свайго ўдзелу ў ёй, залежнасць дасягнення поспеху ад калектыўных высілкаў. Школьніку трэба адчуць калектыўны характар працы і развіць у сабе пачуццё калектывізму, пераканацца на практыцы ў тым, што інтэрасы калектыва і яго асабістыя інтарэсы непарыўна ўзаемазлучаныя, што толькі калектыўны поспех дазваляе задаволіць асабістыя запатрабаванні.

Педагагічны эфект арганізацыі працы складаецца з абуджэння жадання навучэнцаў здзяйсняць добрыя справы не дзеля ўзнагароды, а з пункту гледжання абавязку і маральнага задавальнення. У грамадска значнай дзейнасці навучэнцы вучацца рабіць добрыя справы бескарысна, у іх развіваецца разуменне неабходнасці арганічнага спалучэння грамадскіх інтарэсаў з асабістымі, нараджаецца пачуццё абавязку перад людзьмі і грамадствам, выяўляецца патрыятызм, выспявае самасвядомасць і адчуванне прыгажосці чалавечай асобы.


Чацвёрты крок. Выдавецкая дзейнасць.
Сёння ад навучэнцаў школы патрабуюцца не толькі веды, але і актыўнасць, ініцыятыўнасць, здольнасць прымаць рашэнні ў цяжкай сітуацыі. Гэта вельмі важна для будучай Беларусі! Адпаведна, неабходны такія змены ў арганізацыі працэсу навучання, каб школьнік мог практычна ўжываць атрыманыя веды. А паколькі афіцыйны вучэбны працэс дае вельмі мала магчымасцяў для рэалізацыі пачуцця даросласці, то падлеткі знаходзяць іншыя магчымасці для яго праявы. Між тым, менавіта, выдавецкая дзейнасць з’яўляецца рэальнай альтэрнатывай для праявы даросласці.

Школьная газета – сучасны сродак фармавання актыўнай грамадзянскай пазіцыі, а таксама сродак падвышэння цікавасці да вучобы, гісторыі.

Галоўная мэта выдавецкай дзейнасці – развіццё творчай волі і творчай актыўнасці навучэнцаў. Акрамя гэтага, выдавецкая дзейнасць выконвае наступныя задачы:

фармаванне маральных асноў асобы, творчых здольнасцяў;

выхаванне патрыятызму, любові да Радзімы праз асвятленне гістарычных падзей раёна, вобласці;

развіццё самастойнасці творчага калектыва;

садзейнічанне ў выхаванні інфармацыйнай культуры школьнікаў;

падвышэнне цікавасці да вучобы (літаратуры, мовы, краязнаўства, інфарматыцы і г.д.), а таксама да грамадскага жыцця школы, раёна;

развіццё інтэлекту, творчых, камунікатыўных здольнасцяў;

фармаванне гуманістычнага стаўлення да навакольнага свету, далучэнне да агульначалавечых каштоўнасцяў;

фармаванне імкнення да здаровага ладу жыцця;

рэалізацыя грамадзянска-патрыятычнага выхавання.

Падчас стварэння газеты ў навучэнцаў развіваюцца здольнасці, камунікатыўная культура, лідэрскія якасці, выпрацоўваюцца сацыяльна-значныя якасці (актыўнасць, адказнасць, спагадлівасць), яны асвойваюць сацыяльныя ролі, набываюць новыя веды і навыкі, вучацца планаваць, ажыццяўляць і аналізаваць асабістую дзейнасць.

Стварэнне газеты, іншых выданняў дазваляе ўсталяваць больш цесныя мікрасацыяльныя сувязі, падтрымлівае індывідуальнае развіццё вучняў, дапамагае арганізаваць сябе, выказаць свае думкі, распаўсюдзіць іх сярод іншых людзей, пазнаць сябе і навакольны свет.



(Дадатак №2 – школьная газета ДУА «Сярэдня школа №1 г. Крычава»)

(Дадатак №3 – адзін з буклетаў па гісторыі Крычава).
Пяты крок. Пазакласныя мерапрыемствы.
У сістэме пазакласнай працы вялікае выхаваўчае значэнне мае пазакласная праца па гісторыі – адна са складовых частак дзейнасці настаўніка гісторыі. Пазакласная праца мае тыя жа задачы, што і вучэбны курс, тобок далучае навучэнцаў да разумення гісторыі, узбагачае іх веды, пашырае гістарычны далягляд, садзейнічае росту іх цікавасці да гісторыі. Адмысловае значэнне набывае гісторыка-краязнаўчая тэматыка. Зразумець і ацаніць сучаснасць можна толькі, параўнаўшы яго з мінулым. Уся праца па краязнаўстве накіравана на выхаванне і развіццё духоўных і маральных рыс асобы.

Школьнае гістарычнае краязнаўства займае важнае месца ў адукацыі і выхаванні школьнікаў. Пэўны рост цікавасці моладзі да мінулага сваёй краіны, народных традыцый, помнікаў гісторыі і культуры значна ўзмацніў ролю краязнаўства ў пазакласнай працы.Вызначаючы яе задачы, варта адзначыць, што справядліва сцвярджэнне аб тым, што пазакласная праца накіравана на дасягненне тых жа мэт, што і ўрок, але на іншым матэрыяле і іншымі сродкамі.

Класныя заняткі абавязковыя для навучэнцаў і будуюцца на аснове дзяржаўнай праграмы, у якой вызначаны мінімальны для дадзенага класа аб’ём ведаў. У пазакласную працу школьнікі залучаюцца на аснове вольнага выбару. Добраахвотны пачатак – адзін з асноўных прынцыпаў пазакласнай працы, які ў значнай ступені вызначае яе склад і метады. Пазакласная праца гісторыка-краязнаўчага характару грунтуецца на цеснай сувязі навучання, выхавання і адукацыі з жыццём.

Усталёўваючы ўзаемасувязь вучэбнай і пазакласнай гісторыка-краязнаўчай працы, настаўнік для глыбейшага вывучэння мясцовай гісторыі шырока выкарыстоўвае веды навучэнцаў, атрыманыя на ўроку. Пазнанне агульных заканамернасцяў гістарычнага працэсу дапамагае школьнікам глыбей разумець гісторыю свайго краю, як часткі гісторыі ўсёй краіны, а веданне мясцовай гісторыі спрыяе ўсвядомленаму разуменню агульнагістарычных заканамернасцяў.

Акрамя таго, краязнаўчы матэрыял узмацняе канкрэтнасць і навочнасць успрымання навучэнцамі гістарычнага працэсу і аказвае выхаваўчае ўздзеянне. Калі ідзе вывучэнне значных гістарычных падзей і паказваецца, як яны пераламляліся ў пэўнай мясцовасці, гэта набывае адмысловае выхаваўчае і адукацыйнае значэнне. Навучэнцы бачаць найбуйныя гістарычныя падзеі адлюстраванымі ў іх звычайным наваколлі.

Пазакласная праца працякае ў розных формах. Адна з іх – групавая форма пазакласнай працы – гурткі.

Ііншая – ндывідуальная праца. Яна мае на ўвазе чытанне літаратуры па мясцовай гісторыі, працу з дакументальнымі матэрыяламі архіва, рэчыўнымі помнікамі музея, падрыхтоўку рэфератаў, запіс успамінаў і г.д. Формы пазакласнай працы знаходзяцца ў цеснай узаемасувязі.

Гісторыка-краязнаўчы гурток – найболей гнуткая форма, якая часцей за ўсё становіцца арганізацыйным цэнтрам цэлага шэрагу пазакласных мерапрыемстваў.

Высокая адзнака гуртковай працы невыпадковая. Менавіта гурток дазваляе спалучаць і выкарыстоўваць разнастайныя формы пазакласнай працы. Ён грунтуецца на ведах, атрыманых навучэнцамі на ўроках, дае магчымасць арганізаваць сістэматычныя заняткі па вызначанай праграме ў сталым складзе. Праца ў гуртку ператварае навучэнцаў у актыўных памагатых настаўніка, як пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў, так і ўрокаў.

Поспех працы гуртка залежыць ад умення, жадання, ініцыятывы і ведаў яго кіраўніка і ажыццяўляецца ў двух кірунках:

а) тэарэтычным (гутаркі, лекцыі, даклады, канферэнцыі, віктарыны, самастойная праца);

б) практычным (экскурсіі, паходы, экспедыцыі, практыкумы ў музеі, архіве, бібліятэцы).

Кіраўнік гуртка, настаўнік гісторыі, забяспечвае навуковае і метадычнае кіраўніцтва: кансультуе вучняў, рэкамендуе неабходную літаратуру, дапамагае складаць планы, сістэматызаваць, ацэньваць і абагульняць сабраны матэрыял.

Адной з найважных задач гуртка з’яўляецца збор мясцовых краязнаўчых матэрыялаў для наступнага выкарыстання іх у адукацыйнай дзейнасці.

Яшчэ адной з формаў вывучэння мясцовага краю, яго гісторыі і сучаснасці з’яўляюцца гісторыка-краязнаўчыя экскурсіі. У такім выпадку праграмны матэрыял дапаўняецца пэўнымі назіраннямі на экскурсіях. Вывучэнне рэчыўных помнікаў сваёй мясцовасці дазваляе навучэнцам асэнсаваць буйныя гістарычныя падзеі.

Экскурсіі даюць магчымасць навучэнцам знаёміцца з сапраўднымі помнікамі гісторыі, краязнаўчымі аб’ектамі ў іх натуральных умовах. На экскурсіі, у адрозненне ад уроку, аб’ектам азнаямлення і выхавання заўсёды бываюць сродкі навочнасці, у асноўным сапраўдныя помнікі гісторыі. Менавіта гэта асаблівасць робіць экскурсіі найважным сродкам актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў.

Пазакласная праца па гісторыі края з’яўляецца адной з крыніц узбагачэння навучэнцаў ведамі пра малую Радзіму, выхавання любові да яе, фармавання грамадзянскіх пачуццяў. Яна дапамагае ўразумець непарыўную сувязь паміж сваім населеным пунктам і ўсёй краінай, адчуць дачыненне да гісторыі кожнай сям’і, кожнага чалавека. Пазакласная праца краязнаўчага характару адыгрывае істотную ролю ў фармаванні патрыятызму маладога пакалення.

Пазакласная дзейнасць па краязнаўстве ўносіць вялікі ўнёсак у фармаванне духоўна-маральнай асобы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.


Шосты крок. Стварэнне мультымедыйнай складовай.
Выкарыстанне разнастайных інфармацыйных тэхналогій у беларускай сістэме адукацыі ў цэлым, і ў сярэдніх школах у прыватнасці, мае вельмі сціплую гісторыю. І гэта пры тым, што сёння ўжо існуюць значныя напрацоўкі, шматвектарнасць падыходаў і нават, у пэўным сэнсе, сістэма, выпрацаваная рознымі замежнымі настаўнікамі-практыкамі.

Вядома тут усё ўпіраецца ў тэхнічныя магчымасці той або іншай вучэбнай установы (у нашым выпадку гаворка ідзе аб малюсенькім беларускім мястэчку, у вучэбных установах якога адчуваецца востры недахоп звычайных вучнёўскіх парт, крэслаў і аконных рам) і ў «кампутарныя» веды настаўнікаў. Але ў цэлым, ставіць пад сумнеў перспектыўнасць такога роду педагагічных тэхналогій, судзячы па ўсім, сёння не прыходзіцца. Каэфіцыент карыснага дзеяння ўрокаў з выкарыстаннем нават звычайнага кампутара, досыць высокі, не кажучы ўжо аб прыцягненні па-сапраўднаму перадавых тэхнічных сродкаў навучання. Іх мноства. Але, у першую чаргу, гутарка тут ідзе аб шматфункцыянальным мультымедыйным праектары, вялікім экране і, адпаведна, аб выкарыстанні на ўроках мультымедыйных прэзентацый. Як паказвае практыка, гэта як раз тое, што можа выклікаць дадатковую пазнавальную цікавасць навучэнцаў, прычым самых розных узроставых катэгорый. Відавочна, што інфармацыя, якая падаецца графічна выразна, максімальна даступна, ярка, лаканічна, ды і, у рэшце рэшт, відовішчна, успрымаецца зусім па-іншаму, на іншым аперацыйна-дзейсным узроўні. Разам з тым, настаўнік пры стварэнні мультымедыйных прэзентацый (вельмі пажадана з прыцягненнем навучэнцаў), становіцца і аўтарам сцэнара, і рэжысёрам, і мастаком-пастаноўшчыкам і нават працоўным сцэны. У такім разе, адкрываюцца дадатковыя магчымасці для арганізацыі адукацыйнага працэсу на ўроку: сумяшчэнне вучэбных і хрэстаматыйных матэрыялаў з відэасюжэтамі, малюнкамі, фатаграфіямі, ілюстрацыямі, дынамічнай зменай падзей, гукавымі эфектамі і г.д. Настаўнік можа канструяваць урок да драбнюткіх падрабязнасцяў і, такім чынам, рабіць яго як мага больш якасным і запатрабаваным.

Асабліва актуальна гэта для выкладання гісторыі. Бо менавіта пры вывучэнні гісторыі неабходна максімальна поўна і даступна пазначыць сувязі паміж аб’ектамі, выявіць і паказаць паслядоўнасць падзей у часе, раскрыць гістарычныя факты і г.д. Зрабіць гэта прадстаўляецца магчымым толькі прыцягваючы навочнасць. Акрамя таго, гісторыя, як ні адзін іншы прадмет багата на матэрыялы, якія прывабліваюць увагу і якія можна (і трэба!) выкарыстоўваць пры дыялозе з навучэнцамі.

Немалаважны і аўтаматызаваны кантроль засваення пройдзенага матэрыялу. Ён не проста пашырае далягляд навучэнцаў, а фармуе якасна новыя ўменні.

Такім чынам, выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій пры вывучэнні школьных дысцыплін, а асабліва гісторыі, з’яўляецца надзвычай перспектыўным кірункам у развіцці сучаснай педагогікі і не можа не выклікаць падвышанай цікавасці.

Усведамляючы ўсё вышэйпададзенае і абапіраючыся на цвёрдую ўпэўненасць у эфектыўнасці дадзенага шляху неабходна распрацаваць, стварыць і, у наступным, выкарыстаць серыю мультымедыйных прэзентацый, заснаваных на мясцовых краязнаўчых матэрыялах.



(Дадатак №4 – адна з мультымедыйных прэзентацый па гісторыі Крычава «Крычаў-абаронца Радзімы»).
Сёмы крок. Стварэнне праграмы факультатыўных заняткаў па краязнаўству.

Заняткі краязнаўчых факультатываў праводзяцца для сталай групы навучэнцаў, што выявілі цікавасць да прадмета. Пры гэтым дазваляецца наведванне асобных заняткаў усімі жадаючымі. Мэта факультатыўных заняткаў – паглыбіць веды вучняў аб пэўных аспектах гісторыі або сучаснасці рэгіёна. Змест факультатыўнага курсу павінен выходзіць за рамкі вучэбнай праграмы па краязнаўстве і ўяўляць сабой лагічна звязаную сістэму краязнаўчых ведаў.


Восьмы крок. Удзел у гістарычных і краязнаўчых конкурсах (у тым ў міжнародных).

Конкурсы арганізуюцца і праводзяцца аднакратна (або некалькі разоў) на працягу вучэбнага года.

Іх галоўная мэта: развіць у навучэнцаў цікавасць да прадмета, рэгіёна. Падрыхтоўка і правядзенне конкурсаў спрыяе развіццю ведаў навучэнцаў, фармаванню ўменняў працы і зносінаў у калектыве. Тэматыка конкурсаў можа тычыцца любых пытанняў жыцця краю.
План мерапрыемстваў па рэалізацыі краязнаўчага праекта на прыкладзе ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Крычава»:




Мерапрыемствы па праекце

Змест

I

Папулярызацыя гісторыі і краязнаўства

1. Распаўсюджванне інфармацыі аб гісторыі, фальклоры, архітэктуры і іншых асаблівасцях Крычаўшчыны ў СМІ (Краязнаўчая газета, Настаўніцкая газета, «Гісторыя. Праблемы выкладання» і г.д.);

2. Арганізацыя сустрэч навучэнцаў са старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі Навук Беларусі Андрэем Мяцельскім – вядучым спецыялістам па гісторыі Крычаўшчыны



II

Пошукавыя мерапрыемствы і экскурсіі

1. Правядзенне пошукавых мерапрыемстваў па зборы і сістэматызацыі гістарычнай інфармацыі (фальклор Крычаўшчыны, падзеі часоў акупацыі Крычава ў 1941-43 гг., падзеі пачатку ХХ ст.);

2. Правядзенне экскурсіі па маршруце Ануфрыева-Мсціслаў-Пустынкі



III

Уборка і добраўпарадкаванне гістарычных аб’ектаў

  1. Перыядычнае правядзенне мерапрыемстваў па ўборцы і добраўпарадкаванню гістарычных аб’ектаў Крычава (Замкавая гара, народная вучэльня, руіны млына і г.д.)

IV

Выдавецкая дзейнасць

1. Выдавецтва малымі тыражамі на базе школы наступных краязнаўчых брашур: «Кароткая гісторыя Крычаўшчыны», «Дваццаць пяць гістарычных каштоўнасцяў Крычава», буклет-прадстаўленне Крычаўшчыны;

2. Выдавецтва вучнёўскай газеты «Наша газета» з краязнаўчымі матэрыяламі



V

Пазакласныя мерапрыемствы

  1. Правядзенне серыі пазакласных мерапрыемстваў, прысвечаных гісторыі Крычава (у тым ліку на Замкавай гары)

VI

Стварэнне мультымедыйнай складовай

  1. Стварэнне пры дапамозе навучэнцаў мультымедыйнай серыі прэзентацый у стылі «Жыць у любым Крычаве і не любіць яго – немагчыма» для выкарыстання на факультатыўных занятках

VII

Стварэнне праграмы факультатыўных заняткаў па краязнаўству

  1. Стварэнне праграмы факультатыўных заняткаў па гісторыі Крычаўшчыны

VIII

Удзел у гістарычных і краязнаўчых конкурсах (у тым ў міжнародных)

1. Удзел у міжнародных конкурсах на гістарычную тэматыку;

2. Удзел у рэспубліканскіх конкурсах на гістарычную тэматыку


2.6. Стымуляванне творчай актыўнасці навучэнцаў.

Асноўная задача практычнага этапу – навучыць адчуваць прыгажосць роднай зямлі, паважаць і ганарыцца людзьмі, якія жывуць на гэтай зямлі, выхоўваць любоў да родных месцаў, да ўсяго, што атачае нас з дзяцінства. Культура, гісторыя роднага краю павінна ўвайсці ў сэрца падлетка і стаць неад’емнай часткай яго душы. Любіць Радзіму – значыць ведаць яе, ведаць найперш сваю малую Радзіму. Карыстаючы ў працы з навучэнцамі краязнаўчы матэрыял, мы выхоўваем патрыятычныя пачуцці, якія захоўваюцца на ўсё жыццё і служаць духоўнаму развіццю асобы. Краязнаўства – сацыяльна значнае і неабходнае ў працы з навучэнцамі. Яго значэнне цяжка пераацаніць: выхоўваючы навучэнцаў на падзеях, цесна звязаных з гісторыяй, культурай роднага краю, мы тым самым фарсветуем глыбокую прыхільнасць да яго, пачуццё гонару. Знаёмства з гісторыяй, культурай, побытам людзей, якія жывуць побач, дазваляе лепш адчуць родны горад, а значыць стаць стваральнікам сваёй малой Радзімы.

Такім чынам, у аснову практычнага этапу пакладзены наступныя прынцыпы:

1) Прынцып гістарызму – захаванне храналагічнага парадку з’яў і інфармацыі; звядзенне іх да двух гістарычным паняццяў: мінулае (даўным-даўно) і сучаснасць (у нашы дні).

2) Прынцып гуманізацыі – арыентацыя на вышэйшыя агульначалавечыя паняцці – любоў да блізкіх, да роднага горада, да Айчыны. Настаўнік устае на пазіцыі вучня, не ігнаруе яго пачуцця і эмоцыі, а бачыць у дзіцяці паўнапраўнага партнёра.

3) Прынцып дыферэнцыяцыі – стварэнне аптымальных умоў для самарэалізацыі кожнага навучэнца падчас засваення ведаў аб родным горадзе з улікам узросту, полу дзіцяці, назапашанага ім досведу, асаблівасцяў эмацыйнай і пазнавальнай сферы.

4) Прынцып інтэгратыўнасці – азнаямленне навучэнцаў з гісторыка-культурнымі асаблівасцямі горада спалучаецца з рознымі відамі дзейнасці. Рэалізуецца ў супрацоўніцтве з сям’ёй, бібліятэкай, краязнаўчым музеем, школай і г.д.

5) Прынцып навочнасці – выраб шэрагу дапаможнікаў і дыдактычных матэрыялаў на аснове гістарычнай і краязнаўчай інфармацыі.

6) Прынцып развіццёвага навучання – выкарыстанне ў працы з навучэнцамі элементаў сучасных педагагічных тэхналогій (інфармацыйныя, модульныя і г.д.).

Меркаваны вынік:

Ажыццяўленне праектных мерапрыемстваў у поўным аб’ёме і, як следства, падвышэнне цікавасці навучэнцаў да вывучэння гісторыі і краязнаўства; падвышэнне якасці гістарычнай адукацыі ў школе.


3. Выніковы этап уключае ў сябе наступныя падэтапы:

1. Аналіз вынікаў праектнай дзейнасці;

2. Суаднясенне вынікаў з пастаўленай мэтай;

3. Аналіз сфармаванасці ведаў і ўменняў навучэнцаў;

4. Укараненне досведу, набытага падчас рэалізацыі праектных мерапрыемстваў.

Асноўная задача дзейснага этапу – супаставіць атрыманыя вынікі з пастаўленымі задачамі і ацаніць эфектыўнасць праектнай дзейнасці.

Такім чынам, у аснову дзейснага этапу пакладзены наступныя прынцыпы:

1. Прынцып максімальнай аб’ектыўнасці – поўная аб’ектыўнасць у адзнацы праектных мерапрыемстваў;

2. Прынцып выключнасці – вывядзенне ідэйна-практычнай самастойнасці прапанаванага праекта.

3. Прынцып практычнай генерацыі – вывядзенне праектных кірункаў на дзейсны узровень

Меркаваны вынік:


  • Сістэматызацыя і паглыбленне ведаў навучэнцаў аб родным краі;

  • Авалоданне навучэнцамі пазітыўнымі ўзорамі паводзін у грамадстве;

  • Падвышэнне цікавасці навучэнцаў да гісторыі роднага краю, да землякоў;

  • Падвышэнне якасці гістарычнай адукацыі ў школе;

  • Стварэнне аптымальных умоў для развіцця пачуцця калектывізму з аднаго боку і індывідуальнасці з іншага;

  • Укараненне дыдактычных матэрыялаў для развіцця пазнавальнай цікавасці навучэнцаў;

  • Стварэнне сістэмы пазакласнай працы па гісторыі і краязнаўству на аснове аналізу вынікаў праекта.

Асноўныя тэарэтычныя палажэнні

Зыходзячы з вышэйпададзенага, варта яшчэ раз падкрэсліць, што актуальнасць праекта, складаецца ў таго, што адным з кіроўных фактараў фармавання гістарычнай і патрыятычнай свядомасці навучэнцаў з’яўляецца іх азнаямленне з гісторыяй роднага краю. Неабходнасць развіцця інтэрасаў у гэтай вобласці звязана з сацыяльным запытам грамадства: чым паўней, глыбей, змястоўней будуць веды дзяцей аб родным краі і яго лепшых людзях, прыродзе, традыцыях, тым больш дзейснымі стануць яны ў выхаванні любові да нашай краіны.

Галоўнай задачай сістэмы школьнай адукацыі тут выступае – недапушчэнне абыякавасці сярод нашых дзяцей. Як паказвае практыка, найболей запамінальнымі і эфектыўнымі з’яўляюцца такія формы і метады працы, дзе навучэнцы самі будуць актыўнымі ўдзельнікамі, дзе шырока ўжывалася навочнасць, таму распрацоўка такіх методык выхавання ва ўстановах адукацыі краіны, набывае ў сучасных умовах, найважнае значэнне.

Арганізацыйна-педагагічныя ўмовы рэалізацыі праекта

Арганізацыйна-педагагічныя ўмовы рэалізацыі праекта адпавядаюць стандартным патрабаванням арганізацыі адукацыйнага працэсу.



Крытэры і спосабы адзнакі эфектыўнасці праекта, стабільнасці дасягнутых вынікаў

1. Падвышэнне пазнавальнай цікавасці да вывучэння роднага краю;

2. Актыўны ўдзел навучэнцаў у:

а) семінарах, сустрэчах, археалагічных раскопках;

б) экскурсіях, пошукавых мерапрыемствах;

в) уборцы і добраўпарадкаванні гістарычных аб’ектаў;

г) выдавецкай дзейнасці;

д) пазакласных мерапрыемствах;

е) стварэнні краязнаўчых мультымедыйных прэзентацый;

ж) рознаўзроўневых краязнаўчых і гістарычных конкурсах;

3. Стварэнне праграмы факультатыўных заняткаў па гісторыі «малой Радзімы»;

4. Эфектыўнасць сістэмы пазакласнай працы па гісторыі і краязнаўству;

5. Станоўчая дынаміка паспяховасці навучэнцаў па гісторыі.

Фактары рызыкі


  1. Нізкая матывацыя навучэнцаў;

  2. Недастатковая навукова-педагагічная падрыхтаванасць выканаўцаў праекта.

Высновы

Падлеткавы ўзрост з’яўляецца спрыяльным перыядам для фармавання гістарычных ведаў і патрыятычных пачуццяў да роднага краю, бо падлеткі адрозніваюцца высокай успрымальнасцю, досыць лёгкай навучальнасцю, што абумоўлена пластычнасцю іх нервовай сістэмы, яе здольнасцю актыўна рэагаваць на ўздзеянні, якія паступаюць з навакольнага асяроддзя.

Фармаванне гістарычных ведаў па гісторыі роднага краю – гэта складаны педагагічны працэс, які прадугледжвае дзейнасць педагога і навучэнцаў і выкарыстанне педагогам розных метадаў педагагічнага ўздзеяння на дзяцей.

Выхаванне стаўлення да роднага краю важна для фармавання маральнага аблічча падлетка, бо замацоўвае ўяўленні аб маральных каштоўнасцях, спрыяе іх усведамленню, фармаванню ў дзяцей такіх маральных якасцяў, як спагадлівасць, адвага, гонар, павага. Таму так важна праводзіць мэтанакіраваную працу па гісторыка-краязнаўчаму выхаванню.





: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка