Агонь на далоні мне ўцешна слухаць песню хваляў родных Пад ліпамі нябёснай вышыні. Каля крыніц вытокаў срэбраводных



Дата канвертавання19.05.2016
Памер58.07 Kb.
АГОНЬ НА ДАЛОНІ
Мне ўцешна слухаць песню хваляў родных

Пад ліпамі нябёснай вышыні.

Каля крыніц вытокаў срэбраводных

Лічу бяздумна страчаныя дні.
У шатах ночы пакланюся зорам.

Яны мудрэй мяне, шчадрэй святла

Запалкі той, што вогненным узорам

Цень д’ябла спапяляе ўміг датла.
Ці уратуе неба ад нікчэмных,

Бяздумных і сухіх калекаў-слоў?

Імкнуся ў свет пачуццяў узаемных,

Ды толькі прачынаюся ізноў.
Я не зайздрошчу ўсім тварэнням Бога

І спачуваю ссохламу галлю.

Знікае ў хмарах зорная дарога,

Далонь цярусіць попел на зямлю.

ДУША ПАЭТА
Не вярнуць санцавокага лета,

Не забыць тапалёвых завеяў.

А душа маладога паэта

Зачарована спевамі феяў.
Углядаецца ў далеч сівую

Час вачыма пакрыўджаных зораў.

Дотык радасці вусны мілуе,

Заварожвае веліччу мора.
Блудзяць цені забытага лета,

Вецер грыву ў чароце хавае,

А душа маладога паэта

Жаўруком аж пад сонцам спявае.

ГАЛІНКА БЭЗУ
Маёй Матулі
Сцяжынка ўецца між бярозак беластволых,

Душа смяецца і працягвае любіць.

Гарыць агеньчык у вачах ад слёзаў кволых.

З глыбокай верай

сэрца б’ецца зноўку жыць.
Галінка бэзу разважае у праменні

Льнянога сонца, што распальвае расу,

Куды лятуць зачаравана летуценні,

Што заплятаюць з каласоў жыцця касу.
Блакіт прастору водар кветкавы люляе,

Гудзе заняты дружнай працай пчолак рой.

Бялюткі бэз павевы ветрыку вітае

І зачароўвае расквечаны настрой.
ЛІСТАПАД
Мае лісты не вернуцца ніколі.

Сваіх лістоў мне не напішаш ты.

Стаю адзін у пасівелым полі,

Чытаючы аблокі, як лісты.
Чакаю з неба вестак белакрылых.

Чакання час бясследна не міне.

Пакуль пульсуе верай кроў у жылах,

То сэрца тонкім лёдам не кране.

ПАЭЗІЯ
Не хаваючы твару пад маскаю,

Не шкадуючы слоў добрых, поглядаў,

Намалюю чароўнаю казкаю

Свет узнёслых пачуццяў, што Божа даў.
Нечакана, загадкава сталася—

Мяккім ценем, народжаным свечкаю,

Закаханай паэткаю клалася

Ганарлівая котка за печкаю.
Выпраменьвае існасць узнёслае:

Лікі светлыя, верай натхнёныя,

Думы чыстыя, словы іх простыя,

А пачуцці, душой усхвалёныя.
Думак рух уздымаецца кіпенем…

Не паэт той, хто ісціны страшыцца.

А паэзія дыхае ліпенем

І даверлівай коткаю лашчыцца.

НАРАЧ
Калі бярэ ў палон душу спакой,

Так хочацца пагаманіць з табой.

Дрыготкім голасам цябе гукаю,

З надзеяй водгуку ў адказ чакаю.
Паветра полымем на захадзе гарыць.

Ніхто не ў сілах сонца загасіць,

Вада ж сабрала промні ўсе ў ражок.

Заранкі памяць—поўні паясок.
Блукаў па ім калісьці я адзін,

Шукаючы каханне між вятроў.

Аб гэтым будзіць вечны напамін

Мне шэпат прыбярэжных чаратоў.
Нібы з чароўнага гаршчочка-спарыша

Таемным духам поўніцца душа.

Самотнай хваляй вечар адхлынае,

Нячутна ноч край любы ахінае.
Падкову-бераг хвалі амываюць,

Пясочак мякка-залаты шліфуюць.

А з неба моўчкі зоры назіраюць

І люстра аксаміт святлом цалуюць.
Бурліцца з-пад гары ручай—крыніца,

Частуе любы край жывой вадою.

На бераг з хваляў выйшла беражніца,

Ківае галавой:”Хадзем са мною”.
Такіх дзівос на свеце не бывае?

Аж пасвятлела уваччу Нарочча.

А прыгажуню хваля ахінае

І срэбрам амывае стан дзявочы.
Так казачна з табою ноч праходзіць

У марах, пацалунках, дрогкіх снах.

А заўтра вечар новых дум народзіць

І будзем зноў шаптацца ў чаратах.

Істужкаю зляцела зорка ўранні,

Упала на высокі бераг твой.

Заплюшчыў вочы, загадаў жаданне—

Ніколі б не расстацца мне з табой!

АДРАДЖЭННЕ
Нам не знікнуць бясследна ў паветры,

І ў наступнасць не страціць нам веры.

Шлях штурхнуў у жыццёвыя нетры,

І ў вечнасць расчынены дзверы.
Полем памяці белыя коні

Прад вачыма імчацца маланкай.

І вада, як агонь на далоні,

Як дзівоснай красы нарачанка.
На руінах адновім святыні.

Верай сталіся ўзнёслыя мары:

Дух паўстаў супраць вогненнай плыні,

І не быць нам бяздушна ахвярай.

МОЙ ВЕРШ
Два аркушы скамечанай паперы

Да болю рэжуць вочы, як у сне,

І мары расчыняюць насцеж дзверы.

Маланкі думак ноч вяртае мне.
Аслеплыя куты, нямыя сцены,

Настольнай лямпы цьмяны дзьмухавец.

Аскепак поўні песціць летуценна

Фіранкі аксамітны акравец.
Пустыя спрэчкі спраўдзілі жаданне,

Душа слізгае, быццам па лязу.

Завеяных пачуццяў развітанне

Вымольвае фальшывую слязу.
Парушаныя храмы—асуджэнне,

Астужаная памяць—забыццё.

А розуму жывога заключэнне—

Хлусні пустапарожняй выкрыццё.
Ды шчырасць загартуе болем сэрца.

Стрывае аркуш праўдзішча быцця.

Праб’ецца між сівых каменняў дрэўца—

Мой верш—мой боль зялёнага жыцця.


РАССТАННЕ
Сняжыначка кахання ледзянога

Слязінкаю прабегла па шчацэ.

А я стаю тужліва ля парога,

Сціскаючы пярсцёнак у руцэ.
Твой падарунак—дар тваіх пачуццяў.

Твой пацалунак горкі, малады

Апёк мне вусны, і таму баюся

Пражыць, як дзень, зялёныя гады.
Жыцця старонкі—лёгкія сняжынкі,

Пярсцёнак важкі ў памяці на дне.

Халодны водбліск зманлівай сцяжынкі

Густым туманам лёг пад ногі мне.
Наіўную душу ў няволю пасткі

Даверлівае сэрца завяло.

Кахання мроі, рваныя на часткі,

Спакоем беласнежным замяло.

МРОЯ
Перад вачыма толькі вобраз твой,

А калі сплю, то бачу цябе ў снах.

І не прымроіць мне ўначы другой,

Каб да яе імчацца на вятрах.
О, колькі ў думках мрою мілаваць,

Дакуль трызенням зоркамі гарэць,

Прыдуманыя вусны цалаваць,

Душу каханнем выдуманым грэць?
Свет летуценняў мне насустрач мкне.

Не стану думкі-мроі распрагаць.

Так хочацца, як у чароўным сне,

Шчасліва, да бяскоецасці кахаць.

ЧАМУ
Чаму я ўспомніў даўнія хвіліны,

Калі плылі былога шчасця ноты?

На вуснах горыч вогненнай каліны,

А сэрца зноўку прагне адзіноты.
На шчодрай гронцы спелага кахання

Адлюстраванне зманлівага раю?

Мне не знайсці адказу на пытанне,

Пакуль жыву, пакуль яшчэ кахаю.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка