Альфрэд Майхровіч філасофская крытыка: узровень прадуктыўнасці



Дата канвертавання19.07.2016
Памер95.86 Kb.
http://knihi.com/frahmenty/7maichrovicz.htm

Альфрэд Майхровіч

ФІЛАСОФСКАЯ КРЫТЫКА:
УЗРОВЕНЬ ПРАДУКТЫЎНАСЦІ

 

Пытанне пра крытычныя патэнцыі і крытычную накіраванасць мыслення, відаць, можа быць асветлена толькі ў канкрэтна-гістарычным кантэксце пэўнай формы духоўнай культуры — еўрапейскай, з хрысціянскімі каранямі, з улікам уласцівых менавіта ёй праяваў рацыяналізму і аналітызму, што знаходзяць сваё афармленне ў своеасаблівым тыпе і стылі філасофствавання. Увогуле крытычны пачатак ёсць арганічным элементам усялякай дысцыплінаванай формы мыслення і творчасці, без якога немагчыма ўнутраная, змястоўна-вартасная крышталізацыя гэтай формы мыслення, а таксама і яе сцвярджэнне ў асяроддзі іншых праяў і суб’ектаў духоўнай культуры. Менавіта як неабходны ўнутраны элемент творчага мыслення і духоўна-культурнага жыцця ўвогуле, крытыка (крытычны пачатак, крытыцызм) у адрозненне ад негатывізму і нігілізму не мае статусу самастойнасці, самадастатковасці, а заўсёды выступае ў непарыўнай сувязі і залежнасці ад асноўнай творча-стваральнай мэты-задачы пэўнай формы і ступені філасофствавання.



Тыповай характарыстыкай крытычнага пачатку з’яўляецца менавіта яго вытворнасць ад асноўнай духоўнапраблемнай функцыі філасофскага мыслення, якое жывіцца пастаянна зменлівай у гістарычным часе патрэбаю існавання ўніверсальнага рацыяналістычнага светапогляду. Працэс афармлення і станаўлення той ці іншай формы канцэптуальнага мыслення адбываецца пры актыўным удзеле пазіцыі крытыцызму, якая, абапіраючыся на фундамент аналітызму, выкарыстоўвае яго сродкі як у працэсе доказнага абгрунтавання новых ідэй і каштоўнасцей, прадстаўлення новай духоўнай рэальнасці (ці некаторых яе асобных вымярэнняў), а таксама актыўна рэалізуе свае патэнцыі па-за ўнутранымі межамі — у адносінах да з’яў культуры і носьбітаў ідэй, якія супярэчаць духу і зместу таго, што сцвяр-
джаецца дадзенай формай мыслення, свядомасці. Пазіцыя крытыцызму неадрыўна ад аналітычных, рацыянальна-усвядомленых падстаў, цесна звязана з развіццём формаў рацыяналізму.

Калі мець на ўвазе адну з вядучых гістарычных тэндэнцый у развіцці духоўнай культуры, то яе можна вызначыць як паступовае і паслядоўнае накапленне і ўзмацненне аналітыка-крытычных пачаткаў. Дарэчы, менавіта ў гэтым рэчышчы ўзніклі філасофія і навука ў пэўным адмежаванні ад міфа як першаснай сінкрэтычнай формы светапогляду і мыслення. Тэндэнцыя ўзрастання аналітыка-крытычных пачаткаў у складзе розных формаў духоўнай творчасці, відаць, будзе працягвацца. Гэта абумоўлівае змену суадносінаў крытычных і стваральных пачаткаў у складзе розных форм мыслення і культуры. Аднак, прыкметай іх нармальнага развіцця з’яўляецца перавага пафасу стваральнасці, пазітыўна-творчых патэнцый над крытычным пачаткам. Зразумела, у працэсе сцвярджэння, асабліва пачатковага, пэўнай формы мыслення, свядомасці, калі асабліва абвостранымі з’яўляюцца патрэбы яе адмежавання ад іншых, першаснага самасцвярджэння, у гэтай сітуацыі крытыцызм можа пераважаць над пазітыўнай стваральнасцю. Калі ж мэта першапачатковага сцвярджэння выканана, тады на галоўны план вылучаюцца творча-наватарскія функцыі. Паказальным у гэтых адносінах з’яўляецца, напрыклад, працэс станаўлення ідэалогіі і філасофіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху другой паловы ХІХ - пачатку ХХ стст.

Аднак, здараецца, што крытыцызм пачынае набываць самастойнае значэнне, паглынаць стваральнасць — гэта ўжо становіцца прыкметай пэўнага стану не толькі духоўнай культуры, але і ўсяго грамадства, сведчаннем пэўнага аслаблення ці прыпынення натуральных працэсаў, вычарпанасці былых магчымасцей. Для вызначэння такой сітуацыі ўжо недастаткова тэрмінаў крытыка, крытычны пачатак, крытыцызм. Тут ужо назіраецца такая ступень адмаўлення, якая завецца негатывізмам і нігілізмам. Гэта ўжо сфера ці крызісна-пераходная, ці маргінальная. У адрозненне ад гарманізаванага крытыцызму як неабходнага элементу духоўна-культурага жыцця негатывізм і нігілізм, хаця і праяўляюцца ў сферы духоўнай культуры, нясуць выразныя сацыяльна-ідэалагічныя і сацыяльна-псіхалагічныя прыкметы не лепшых бакоў працэсу дэмакратызацыі грамадскіх і духоўна-культурных структур, з’яўляюцца ваяўнічымі апанентамі высокіх, складаных форм культуры і жыцця чалавечай супольнасці.

Пераходнасць, памежнасць — як грамадска-палітычная, так і духоўна-культурная — сённяшняга часу з яго атмасферай няпэўнасці, сацыяльнай апатыі і жыццёвай стомленасці, калі сталі амаль што нераспазнавальнымі арыенціры класічнай гуманістычнай і рацыяналістычнай спадчыны, усечалавечы ўніверсалізм якой саступіў месца стракатаму кангламерату мноства пунктаў погляду і меркаванняў, — менавіта такая духоўная атмасфера з’яўляецца моцным каталізатарам тэндэнцый адмаўлення. Працяглае знаходжанне ў стадыі пераходнасці і няпэўнасці вельмі небяспечнае, вядзе да ўкаранення ў духоўна-грамадскім жыцці ўжо не проста крытычных тэндэнцый, а цэлага рэчышча негатывізму, які здольны падточваць унутраныя духоўныя сілы нацыі і чалавека, паглынаць іх стваральныя патэнцыі, што ніколі не бывае на карысць культуры і духоўнасці. Тое, што ў абмежаванай колькасці бывае карысным і неабходным для існавання духоўных з’яў, у бязмежным пашырэнні можа стаць перашкодаю самому прынцыпу існавання і развіцця гэтых з’яў.

Пытанне пра стан і магчымасці сучаснай беларускай філасофіі вельмі складанае, патрабуе ўсебаковага ўліку шматстайных духоўна-ідэалагічных рэаліяў мінулых дзесяцігоддзяў і тых карэнных зрухаў у грамадскай атмасферы і духоўнай галіне, якія адбыліся за 90-ыя гады. Да таго ж, сам тэрмін “беларуская філасофія”, здаецца, пакуль што яшчэ не мае арганічнага змястоўнага напаўнення, яго ўжыванне — гэта хутчэй суб’ектыўна-псіхалагічнае імкненне прыспешыць працэс станаўлення нацыянальнай культуры, абазначыць тое, што хацелася б бачыць, што павінна быць. Рэальны патэнцыял сучаснага філасофскага мыслення ў нашых абсягах абумоўлены наяўнай спадчынай, тымі традыцыямі, што склаліся і ўплывовасць якіх адчуваецца і зараз. Рэальна існуючы духоўны — ідэйна-змястоўны і метадалагічны — падмурак складаецца з трох важнейшых плыняў і элементаў.

Па-першае, гэта ідэі і памкненні нашай нацыянальнай філасофскай і грамадскай думкі, пачынаючы ад Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, уключаючы дзеячоў эпохі гуманістычнага і рэфармацыйнага руху, Асветніцтва, нацыянальнага Адраджэння ХІХ - пач. ХХ ст. да сучасных спроб абгрунтавання нацыянальнай ідэі і аналізу стану беларускай культуры і грамадства. Па-другое, гэта спадчына марксісцкай філасофіі, у адносінах да якой недастаткова абмяжоўвацца аднабаковымі вызначэннямі. За гады існавання СССР яна стала неад’емнай часткай усяго палітычнага і духоўна-ідэалагічнага жыцця, асновай дзяржаўнай ідэалогіі. З іншага боку яна была дастаткова разгалінаванай і развітай сістэмай спецыяльных дысцыплін, ступень ідэалагічнасці якіх даволі істотна адрознівалася, што дазваляла захоўваць (напрыклад, у галіне гісторыі філасофіі, логікі, філасофскіх пытанняў прыродазнаўства, эстэтыцы) у пост-гегелеўскай рацыяналістычнай традыцыі і абалонцы даволі высокую культуру прафесійнага філасофскага мыслення. Сучаснае пераасэнсаванне сутнасці і гістарычных абставін існавання гэтай дактрыны, крытычна-дасведчанае і ўсебаковае, адносіцца да ліку актуальных задач філасофскай думкі, з’яўляецца істотным фактарам яе станаўлення, таму што толькі ўважлівы аналіз з’явы, якая ў розных мадыфікаваных формах пакуль што захоўвае сваю ўплывовасць, можа даць канкрэтны інтэлектуальны матэрыял для пераадолення яшчэ існуючых старых стэрэатыпаў мыслення. Па-трэцяе, гэта ўспрыняцце ідэй ды ўстановак заходнееўрапейскай філасофіі, у тым ліку і сучаснай (відаць, тут пераважае цікавасць да экзістэнцыялізму, а таксама да структуралізму, герменеўтыкі, семантычнага аналізу). Да гэтага, так сказаць, спецыяльнага, пераважна мысліцельнага і разнастайнага філасофскага арсеналу, што вызначае вымярэнні сучаснага мыслення, трэба дадаць дастаткова моцны пазнавальна-вартасны патэнцыял іншых духоўна-культурных форм — навукі, мастацтва, права, маралі, рэлігіі, кожная з якіх валодае сваімі магчымасцямі асваення-пазнання-адухоўлення жыцця. І гэты вопыт з’яўляецца адкрытым і выключна карысным для філасофіі. Асаблівае пытанне — пра ўплывовасць сучасных глабальных ідэалогій (дарэчы, адной з якіх з’яўляецца марксізм-ленінізм), і іх магчымасцей уздзеяння на філасоф-


скае мысленне.

У якой ступені і якім чынам гэтыя дастаткова розныя філасофскія і іншыя плыні могуць у працэсе напружанай творчай працы стаць вытокам і пачаткам ажыццяўлення таго духоўнага сінтэзу, у выніку якога можна будзе гаварыць пра пэўную форму нацыянальнай філасофіі, — такое пытанне пакуль што застаецца адкрытым.

Таму што філасофія — гэта не проста вынік рацыяналістычных намаганняў, а натуральнае выяўленне наспелых унутраных праблем і патэнцый духоўнага жыцця грамадства. Нельга механічна перанесці чужую філасофію на сваю сацыяльна-культурную глебу. Таксама нельга раптам стварыць арыгінальнае філасофскае вучэнне; для гэтага неабходныя пэўныя сацыяльныя і духоўныя перадумовы. Узнікненне арыгінальнай філасофіі, што заваёўвае шырокае прызнанне, — гэта паказчык высокага ўзроўню развіцця духоўнай культуры пэўнага грамадства і народа, што падуладна толькі пачынальнікам і стваральнікам новага цыкла культурна-цывілізацыйнага станаўлення. А вось аснова, глеба для ўзнікнення арыгінальнай філасофіі можа быць падрыхтавана толькі даследаваннямі ў розных сферах філасофскіх ведаў, што ёсць праца ў межах наяўнай метадалогіі і паступовы працэс накаплення новых ведаў.

Таму сёння цэнтральнай задачай з’яўляецца ўважлівае вывучэнне сучасных філасофскіх плыняў, іх тэарэтыка-пазнавальных магчымасцей і шырокае разгортванне на той аснове, якая ёсць зараз, канкрэтных філасофскіх даследаванняў, накіраваных на аналіз розных сфер нашага жыцця, на раскрыццё сутнасці сучасных духоўных і сацыяльна-палітычных працэсаў. Толькі рухаючыся па гэтым шляху, філасофія будзе (калі зможа) прадстаўляць сведчанні сваёй здольнасці заняць адпаведнае яе прызначэнню месца ў сучасным духоўным жыцці — а менавіта ажыццявіць выпрацоўку сапраўды прадуктыўных гуманістычных асноў і арыентацый жыццядзейнасці грамадства і чалавека.

Што ж тычыцца крытычнага патэнцыялу сучаснай беларускай філасофскай думкі, то яго ацэнка не можа быць вычарпана колькаснымі межамі (малы, дастатковы і г.д.), а павінна зыходзіць з канкрэтнага ўліку рэальных аналітыка-крытычных магчымасцей, якія ўласцівыя адзначаным раней дастаткова сваеасаблівым плыням, што ўтвараюць сучаснае асяроддзе філасофскага досведу. Прычым у абсягу кожнай плыні гэтыя магчымасці дэтэрмінаваны адметным ідэальна-пазітыўным зместам. Увогуле аб’ектыўна сфарміраваўся пэўны інтэлектуальна-псіхалагічны арэал крытыцызму як акрэслена-замацаванай пазіцыі ў адносінах да розных духоўных і сацыяльных з’яў і працэсаў і як сродак іх вытлумачэння і ацэнкі. Зразумела, што назапашаны вопыт можа і па-
вінен быць выкарыстаны для “крытыкі сучаснасці”, але сапраўдная прадуктыўнасць такога выкарыстання залежыць ад дастаткова выразнага афармлення хаця б элементаў новай ідэальнай пазітыўнасці, якая ўздымаецца над старымі даляглядамі, выяўляючы тым самым і абмежаванасць былога крытыцызму. Крытыка сучаснасці — гэта не самамэта, гэта толькі крок і адзін з сродкаў ажыццяўлення, руху да новай сучаснасці.

З першачарговых тэм прадуктыўнай крытыкі і даследавання хацелася б адзначыць у першую чаргу праблемы філасофіі гісторыі і грамадзска-палітычнага жыцця і ўладкавання, таму што ў гэтых галінах яшчэ даволі ўстойліва валадарнічае спадчына, густа замешаная на ўтапічных спадзяваннях і ілю-


зіях. Цесна злучаныя філасофія, гісторыя і сацыяльная філасофія — гэтыя накірункі можна прызнаць асабліва актуальнымі для нас. Справа ў тым, што тэарэтычная неўпарадкаванасць свету адпавядае і рэальнай, сацыяльна-жыццёвай неўпарадкаванасці. Таму і выйсце з гэтага стану пралягае праз змены ў свядомасці, яе развіццё і навукова-тэарэтычнае дасканаленне. Уяўляецца, што ў забеспячэнні такога руху істотную ролю мае пастаноўка і асвятленне наступных праблем.

Сутнасць сучасных тэндэнцый глабалізацыі і магчымасці захавання свайго культурнага, нацыянальнага і дзяржаўнага аблічча.

Праблема гэтая мае важныя сацыяльна-эканамічныя і па-


літычныя вымярэнні, так і вельмі істотны духоўна-культурны аспект. Ён звязаны перш за ўсё з усепранікальнасцю сучасных сродкаў інфармацыі і шырокім усталяваннем стэрэатыпаў масавай культуры і паводзінаў. А стэрэатыпы гэтыя часта ўступаюць у супярэчнасць з патрэбамі развіцця навукі, тэарэтычнага светапогляду, з умовамі, спрыяльнымі для ўсё больш інтэнсіўнага нараджэння ў грамадстве таго тыпу чалавека — свядомай асобы, што так неабходна для грамадска-культурнага прагрэсу.

Адносіны Усход-Захад у плане цывілізацыйных арыентацый і іх значэнне для сацыяльна-палітычнага і культурнага развіцця Беларусі.

Праблема гэтая абумоўліваецца самім нашым геапалітычным становішчам. І сутнасць праблемы заключаецца ў дакладным размежаванні розных уплываў, іх адэкватнай вартаснай класіфікацыі па ступені сапраўднай цывілізацыйнай спеласці. Пакуль што ў падыходзе да гэтай важнай тэмы пераважаюць адвольныя разважанні.



Дзяржаўнасць, шляхі гуманізацыі яе форм, а таксама суадносіны працэсаў усталявання дзяржаўнасці і фарміравання нацыі.

Гэта вельмі складаны і істотны блок сацыяльна-філасофскіх пытанняў, народжаных сучаснай грамадскай практыкай, які патрабуе асаблівай увагі.



Традыцыі агульнасці, калектывізму і прынцып індывідуальнасці.

Значэнне праблемы заключаецца ў тым, што забеспячэнне гарманічных адносін гэтых пачаткаў абумоўлівае немагчымасць праводзіць пад лозунгам каштоўнасці агульнага апалогію патрыярхальнасці і замкнёнасці, а таксама здольна садзейнічаць стымуляцыі механізму сацыяльнага развіцця, яго запуску, што заўсёды звязана з асабовым, адзінкавым. Дарэчы, тут жа схавана вельмі істотная для нас праблема адносін культуры сялянскай і культуры гарадской, якая ў нас ніяк не закранаецца.

У сілу пэўных прычын склаліся грамадскія прыярытэты ў адносінах да навукі, рэлігіі і ідэалогіі, якія ніяк не адпавядаюць рэальнай іерархіі і сацыяльна-культурнаму прызначэнню гэтых форм грамадскай свядомасці. Думаецца, што сёння раскрыццё межаў кампетэнцыі і сапраўднай ролі розных духоўных утварэнняў у жыцці грамадства набывае асаблівую актуальнасць. Гэта павінна пераважаць той сімбіёз ідэалогіі, рэлігіі і асобных элементаў навукі, які часта праяўляецца ў падыходзе да разумення духоўных і грамадскіх праблем.

З ліку іншых, не менш значных праблем хацелася б назваць наступныя. Гэта — ідэя “цэнтр-эканомікі” і звязаная з ёю праблема розніцы і несупадзення тэмпаў і ўзроўню развіцця розных грамадстваў і дзяржаў. Прынцып сацыяльнай справядлівасці як магчымасць памнажэння ілюзій сацыяльнай роўнасці і ўплыў іх на стан грамадскай свядомасці. Усталяванне ўніверсальнай (а не групавой, партыйнай ці класавай) маралі як істотны фактар самарэгуляцыі і развіцця грамадства.



Сказанае — толькі невялікая частка агульнай праблемнай панарамы сучаснасці. Яна можа быць дапоўнена з іншага пункту погляду. Але дылема адна — ці мы абмяркоўваем і вырашаем праблемы і рухаемся наперад, ці, па нашай даўняй звычцы, чакаем і тым самым аддаляемся ад сучаснасці.
: media -> library
library -> Жанчына як “іншае” ў дыскурсе беларускай дэмакратыі
library -> Вал. Акудовіч Улада і мова
library -> Ігнат Абдзіраловіч
library -> Democracy and the ethical life
library -> Традыцыяналісцкі пагляд на традыцыю: „прэзумпцыя аўтахтоннасьці”
library -> Аляксандр К’ёсэў
library -> Тацяна Чыжова. Статус суб’екта сацыяльна-гістарычнага працэса ў філасофіі К. Маркса
library -> Валянцін Акудовіч мяне няма: роздумы на руінах чалавека
library -> «Беларусь – краіна, выклятая геаграфіяй ды гісторыяй» The New York Times, 31 жніўня 1996, стар. А19
library -> Праблематыка і парадак дня савецкай эліты канца 1980х — пачатку 1990х гадоў




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка