Алесь адамовіч (1927—1994)



Дата канвертавання15.05.2016
Памер53.82 Kb.
АЛЕСЬ АДАМОВІЧ

(1927—1994):
Праўдалюбец Бацькаўшчыны
З ім заўсёды прыемна і карысна было сустрэцца, пагаварыць. Сівагаловаму акадэміку і зусім яшчэ «зялёнаму» студэнту-першакурсніку, калегу-літаратару і «звычайнаму» працаўніку-селяніну... Бо кожны з іх заўсёды знаходзіў з Аляксандрам Міхайлавічам агульную мову: зразумелую, простую, чалавечую. Сустрэча-спатканне: доўжылася яна гадзіну-другую ці была так сабе, мімаходзь, на працягу нейкай там хвіліны-другой, заўсёды пакідала ў глыбіні душы і сэрца не толькі светлыя і прыемныя ўспаміны, але і ўзбагачала, прыадчыняла тую ці іншую таямніцу ў нашым, такім вірлівым, неспакойным, неабачлівым жыцці.

Як асоба, Алесь Адамовіч найперш быў чалавечным, добразычлівым, энцыклапедычных ведаў. А яшчэ ён рабіў усё, што толькі было магчыма ў ягоных высілках і фізічных магчымасцях, для таго, каб такімі ж— па-людску лагоднымі, памяркоўнымі, спагадлівымі і як мага больш дасведчанымі, «прасветленымі» ці што, былі і ўсе мы: тыя, хто не толькі меў вялікае шчасце судакранацца з ім самім, ягоным талентам, але і многія іншыя, зусім незнаёмыя яму землякі-беларусы, адной Бацькаўшчынай з якімі Аляксандр Міхайлавіч бязмерна даражыў і бясконца ганарыўся. I як было шкада і тады, некалькі дзесяцігоддзяў назад, ды і зараз, на пачатку XXI стагоддзя, што многія, на вялікі жаль, вельмі многія, так і не разумелі, ды і не хацелі разумець: хто ён, Алесь Адамовіч, увогуле; кім быў для Беларусі тады; кім з'яўляецца зараз; кім застанецца ў вечнасці...

Народжаны на свет 3 верасня 1927 года ў вёсцы Канюхі Капыльскага раёна, на высокія прыступкі чалавечага жыцця-быцця ён пачаў самастойнае ўзыходжанне ўжо ў 15-гадовым узросце, калі ў грозным 1942-м свядома пайшоў на барацьбу з «карычневай чумой» XX стагоддзя і прыйшоў у партызанскі атрад імя Кірава Мінскага злучэння, стаўшы спачатку сувязным, а потым — і яго байцом. Тая, яшчэ дзіцячая, па сутнасці, памяць і ўражанні не проста пакінулі след у жыцці, але і паспрыялі потым, ужо ў сталыя гады, задумаць і напісаць шэpaг бліскучых мастацкіх твораў: раманы «Вайна пад стрэхамі» (1960 год) і «Сыны ідуць у бой» (1963), аб'яднаных у дылогію пад назвай «Партызаны»; «Хатынскую аповесць» (1972) і аповесці «Каратели: Радость ножа, или Жизнеописание гипербореев» (1980), «Венера» і «Нямко» (абедзве ў 1993 годзе). ...Творы, якія не пакінулі раўнадушным абсалютна нікога ва ўсім цывілізаваным свеце: не толькі на еўрапейскім кантыненце, а нават і за акіянам! Не пакінулі, на маю думку, таму, што ўсе яны, тыя выпакутаваныя душой і сэрцам майстра творы, прысвечаны самым што ні ёсць патаемным рухам душ, характараў, нарэшце — звычайных, калі хочаце, фізіялагічных уласцівасцяў чалавека: раскрыццю вытокаў насамрэч народнага супраціўлення акупантам падчас Вялікай Айчыннай вайны...

Мы яшчэ не «дайшлі», а як хочацца, каб «дайшлі», да асэнсавання, абагульнення і высноў усяго таго, што было ў той жудаснай, бесчалавечнай, кантынентальнага маштабу, чалавечай бойні! Вось і хочацца заклікаць тут:

— Чытайце, панове, Алеся Міхайлавіча АДАМОВІЧА!

...Над чытаннем твораў Алеся Адамовіча, як і пры праглядзе мастацкай кінастужкі «Ідзі і глядзі», пастаўленай і знятай ім сумесна з вядомым расійскім дзеячам кінамастацтва Элемам Клімавым паводле матываў «Хатынскай аповесці», як і пры знаёмстве з дакументальнымі кнігамі-споведзямі «Я з вогненнай вёскі...», напісанай бліскучым творчым трыо ў складзе Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка, і «Блокадной книгой», створанай сумесна з расійскім пісьменнікам Даніілам Граніным, праліты сапраўдныя рэкі слёз: ад суперажывання, былі за нашу, самую вялікую ў XX стагоддзі, трагедыю. Трагедыю ўсяго чалавецтва, якую ён, Аляксандр Міхайлавіч Адамовіч, не толькі бачыў на ўласныя вочы, але і здолеў — па-свойму непаўторна — прапусціць праз уласнае сэрца, асэнсаваць і перадаць нам сваім Боскім дарам.

Рос жа і сталеў, ад прыступкі да прыступкі крочыў да новага асэнсавання і паглыблення свайго светаўспрымання і кругагляду ён разам з нашым народам. I гэта не нейкі там «штатны» выраз! Аляксандр Міхайлавіч сам ніколі гучна не заяўляў аб гэтым, аднак жа ніколі ён і не выракаўся сваіх каранёў, сваёй Бацькаўшчыны. У прамым і пераносным сэнсах гэтых слоў! Даражыў малой радзімай — Капыльшчынай, і не менш — бабруйскай вёскай Глуша, дзе жыла сям'я...

I дзе ён знайшоў потым свой апошні зямны прытулак...

...Калі ж Алесь Міхайлавіч вучыўся пасля вайны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, потым — у аспірантуры, калі працаваў у акадэмічным Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, нават калі выкладаў у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя Ламаносава і быў кіраўніком прэстыжнага і ўплывовага ў Савецкім Саюзе навукова-даследчага Інстытута кінамастацтва там жа, у Маскве, ён заўсёды імкнуўся на крок-другі зазірнуць наперад, паспрабаваць прадбачыць: а што там, за т. зв. гарызонтам — няхай сабе часта і прывідным, нават нерэальным... Але ж вельмі і вельмі часта, тое «ўяўнае» збывалася і здзяйснялася, станавілася неўзабаве рэальнасцю: суровай, жорсткай, выпрабавальнай для соцень тысяч і нават мільёнаў людзей.

Так здарылася, у прыватнасці, з чорнай быллю — Чарнобылем, праўду аб якім Алесь Міхайлавіч Адамовіч усё ж паспеў сказаць, наступствы яго — прадказаць...

...У выніку чаго, на маю думку, і пайшоў сам дачасна з жыцця!

Прызнанне і слава— заслужаныя, выпакутаваныя прыродным талентам, незвычайнай працавітасцю, самім жыццём і самай сапраўднай барацьбой, — яго не абмінулі, усяго, што называецца, ён дабіўся «сэрцам, душой, талентам»... У 35 гадоў Алесь Адамовіч стаў доктарам філалагічных навук: тады, у пачатку 60-х, гэта было практычна немагчыма... Не зважаючы на яго погляды і пазіцыі, якія практычна ніколі не «супадалі» з афіцыйнымі, сапраўдныя свяцілы беларускай навукі ў 1980-м усё ж прагаласавалі за наданне яму звання члена-карэспандэнта Акадэміі навук Беларусі... I Дзяржаўную прэмію БССР у 1976 годзе за «супярэчлівую» і «неадназначную» «Хатынскую аповесць» Аляксандру Міхайлавічу прысудзілі, нягледзячы на ўказанні і прамыя ўстаноўкі адтуль жа, «зверху»: «не дать», «поставить на место», «зарубить»!..

...За процістаянне (часам у адзіночку!) уладатрымальнікам: нахабным, хлуслівым, фанабэрыстым, якія ненавідзелі і не паважалі яго за праўду, цвёрдасць пазщый, светлы розум, усяляк праследавалі яго за спробы адраджаць і развіваць знішчаныя падчас сталінізму метадалагічныя прынцыпы праўдзівасці і гістарызму ў літаратуры і літаратуразнаўстве, нарэшце — за «бачанне» будучыні Савецкай дзяржавы ў цэлым і Беларусі ў прыватнасці ў тагачасным беларускім грамадстве — належнае гэтаму Вялікаму Беларусу мы пакуль што так і не аддалі! Але рана ці позна гэта будзе зроблена. Бо мастацкія творы, літаратуразнаўчыя працы, публіцыстыка і кінастужкі трыбуна і праўдалюбца Аляксандра Міхайлавіча Адамовіча занялі сваё належнае, самае што ні ёсць ганаровае месца ў айчыннай гісторыі.

Яшчэ больш важкае і адметнае месца зойме яго спадчына ў будучай Беларусі, калі ўся яна, спадчына, будзе зноў і зноў перачытаная і перагледжаная, пераасэнсаваная і пераацэненая... I толькі тады мы, безумоўна ж, зразумеем: хто быў ён на зямлі беларускай — Алесь Адамовіч!



Крыніца:

Мяснікоў, А. Алесь Адамовіч : Праўдалюбец Бацькаўшчыны / А. Мяснікоў // Мяснікоў, А. Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / А. Мяснікоў. — 2-е выданне, дапрацаваное. — Мінск : Літаратура і мастацтва, 2009. — С. 309 — 312.
: virtual-exhibitions -> docs -> adamovich
docs -> Вінцэнт дунін-марцінкевіч
docs -> Творчасць вінцэнта дуніна-марцінкевіча
docs -> Дунін-марцінкевіч вінцэнт іванавіч 1808 г. 29. 12. 1884 г.)
docs -> Уладзімір содаль фотаздымак на вякі
docs -> Алесь марціновіч жыцця вірлівыя павароты
docs -> Куляшоў аркадзь аляксандравіч (24. 1 2). 1914г. 1987 г.)
adamovich -> "пра маці можна апавядаць бясконца" вобраз маці
adamovich -> Называць усё сваімі імёнамі пра алеся адамовіча
adamovich -> Міхась тычына называць усё сваімі імёнамі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка