Алесь Смалянчук (Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі, егу, Вільня-Гродна)



Дата канвертавання15.05.2016
Памер202.05 Kb.
М.Доўнар-Запольскі: першыя публікацыі і першыя водгукі (1888-1891)
Алесь Смалянчук (Інстытут гістарычных

даследаванняў Беларусі, ЕГУ, Вільня-Гродна)
У біяграфіі кожнага навукоўца асаблівую цікавасць выклікае пачатак навуковай дзейнасці, у пэўным сэнсе нараджэнне даследчыка. Зразумела, што гэта не адбываецца ў адзін момант, што звычайна гэты працэс займае ўсё жыццё і варта казаць пра розныя этапы прафесійнага станаўлення і г.д. Але, нават разумеючы ўсю адноснасць паняцця “нараджэнне навукоўца”, варта звярнуць увагу на той перыяд навуковага жыцця, калі публікуюцца першыя тэксты і гучаць першыя выступы на канферэнцыях, калі іншыя даследчыкі заўважаюць з’яўленне калегі і магчымага апанента. Звычайна гэта вельмі няпросты час, бо прыходзіцца пераадольваць пэўную “каставую” замкнёнасць кола спецыялістаў, даказваць уласнае права належаць да гэтага кола. Яго даследаванне можа паглыбіць як нашае разуменне асобы вядомага навукоўца, так і спрычыніцца да развіцця свайго роду гістарычнай антрапалогіі навукі.

У гэтым сэнсе постаць Мітрафана Віктаравіча Доўнар-Запольскага (1867-1934) з’яўляецца надзвычай цікавым даследчым аб’ектам. Дастаткова яшчэ раз прыгадаць, што будучы славуты гісторык, этнограф, эканаміст і арганізатар навукі ўжо ў адной з першых сваіх публікацый (шэраг артыкулаў пад агульнай назвай “Белорусское прошлое” на старонках газеты “Минский листок” у 1888 г.) прапанаваў асновы той канцэпцыі гісторыі Беларусі, якая ў некаторых рысах дажыла да нашых дзён. Прычым размова ішла менавіта пра гісторыю Беларусі, а не пра гісторыю Літвы або “Паўночна-Заходняга краю”. Варта заўважыць, што ў той час аўтар меў толькі 21 год ад нараджэння, а ў траўні 1888 г. быў выключаны з гімназіі1.

У артыкуле галоўная ўвага будзе канцэнтравацца на першых навуковых публікацыях М.Доўнар-Запольскага ў перыяд з 1888 да 1891 г., а таксама на водгуках і рэцэнзіях іншых даследчыкаў на гэтыя тэксты.

Трэба адразу адзначыць творчую прадуктыўнасць маладога аўтара, які толькі ўвесну 1889 г. экстэрнам здаў іспыты за курс навучання ў гімназіі, а 1 ліпеня 1890 г. быў залічаны ў “казённакоштныя” студэнты гістарычнага факультэта Універсітэта Св.Уладзіміра ў Кіеве.

Паводле апошняга выдання бібліяграфічнага паказальніка твораў М.Доўнар-Запольскага (Мінск, 2007), ужо ў 1888 г. М.Доўнар-Запольскі апублікаваў тры вялікія артыкулы (“Статистические очерки Северо-Западного края (“Памятные книжки на 1888 г.” по губерниям Гродненской, Ковенской, Виленской, Витебской и Минской)”; “Древняя Белоруссия: краткий географический очерк ее в IX – XII вв.”; “Белорусское прошлое (по поводу статей А.Пыпина, помещенных в “Вестнике Европы” 1887 г.)”, дзве рэцэнзіі (на кнігу П.Уладзімірава “Доктор Франциск Скорина, его переводы, печатные издания и язык” (СПб., 1888), а таксама на “Северо-Западный календарь на 1888 г.” (Минск, 1888)). Тэксты былі апублікаваныя ў “Минском листке”, “Виленском вестнике” і “Киевской старине”. Таксама ў Кіеве была надрукаваная брашура “Белорусская свадьба и свадебные песни (этнографический этюд)”.

У наступным годзе пад рэдакцыяй маладога даследчыка ў Маскве выйшаў з друку “Календарь “Северо-Западного края” на 1889 г.” (Москва, 1889). “Літаратурна-навуковы” раздзел календара быў напоўнены пераважна матэрыяламі самога рэдактара. Гэта артыкулы “Белорусское наречие”, “Владимир Святой и его время”, “Гапон. Повесть в стихах на белорусском языке В.Дунина-Мартинкевича (Из истории белорусской этнографии)”, “Институт церковного суда в Смоленском княжестве в XII в.”, “Краткий географический очерк Древней Белоруссии (в IX – XII вв.)”, “Пасха в Белоруссии”. Апроч таго на старонках “Виленского вестника” была размешчаная рэцэнзія на публікацыю Мікалая Янчука “По Минской губернии (Заметки из поездки в 1886 г.)” у томе 61 “Известий Общества любителей естествознания, антропологии и этнографии” (1889).

Не менш плённым быў 1890 г. Студэнт І курса Мітрафан Доўнар-Запольскі выдаў пад уласнай рэдакцыяй чарговы “Календарь “Северо-Западного края” на 1890 г.” (Москва, 1890). Ізноў большасць навуковых публікацый належала самому рэдактару: “Очерки по истории Белоруссии: от начала до смерти Владимира Мономаха (1125)” (таксама выйшлі асобным выданнем); “Статистические сведения о Северо-Западном крае”, а таксама шэраг рэцэнзій. Ён рэцэнзаваў кнігі П.Бранцава “История Литовского государства с древнейших времен” (Вильно, 1889), А.Весялоўскага “Из истории романа и повести. Вып. 2. Славяно-романский период” (СПб., 1889); публікацыю Э.Вольтэра “Об изучении семейного быта Литовско-Жемойтского народа”, апублікаваную ў “Памятной книжке Ковенской губернии на 1889 г.” Апроч таго на старонках “Виленского вестника” і “Минского листка” публікаваліся рэцэнзіі на зборнік “Белорусские древности. Изд.А Сементовского. Вып. 1. Спб., 1890”, на “Программу для собирания народных юридических обычаев” (СПб., 1889), а таксама на зборнік П.Шэйна “Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Собранные и приведенные в порядок П.В.Шейном. Том 1, часть 2. Бытовая в обрядах и песнях” (СПб., 1890).

У гэтым жа годзе асобным выданнем выйшаў з друку “гісторыка-этнаграфічны эцюд” “Чародейство в Северо-Западном крае XVII – XVIII вв.” (Москва, 1890) (ён жа быў апублікаваны на старонках “Этнографического обозрения” (1890, № 2). Нарэшце, трэба назваць адну з найбольш значных публікацый ранняга перыяду дзейнасці М.Доўнар-Запольскага – “Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до начала XII столетия”. Кіеўскія “Университетские известия” распачалі публікацыю гэтай кнігі (1890 №№ 11, 12). Таксама чытачы “Виленского вестника” атрымали магчымасць пазнаёміцца з серыяй “Заметок из путешествия по Белоруссии”.

Яшчэ больш прадуктыўным атрымаўся наступны 1891 г. Працягвалася публікацыя “Заметок”. Яны ж у скарочаным варыянце публікаваліся на старонках “Минского листка”. “Университетские известия” друкавалі заканчэнне “Очерка истории Кривичской и Дреговичской земель…” (1891, № 2). У гэтым жа годзе гэтая праца была выдадзена асобна ў Кіеве.

Артыкулы маладога даследчыка з’явіліся таксама на старонках агульнарасейскіх выданняў. “Живая старина” пазнаёміла сваіх чытачоў з артыкулам “Крестьянские игры в Минской губернии” (1891. Вып. 4), “Этнографическое обозрение”– з артыкулам “Женская доля в песнях пинчуков” (1891. 1891. № 1 (кн. 9), рэцэнзіяй на кнігу Д.Булгакоўскага “Пинчуки. Этнографический сборник” (б.м., 1890). Па-ранейшаму даследчык друкуецца на старонках “Виленского вестника”. Цяпер гэта пераважна рэцэнзіі з нагоды выдання першага нумару “Этнографического обозрения”, публікацый даследавання маёнткаў у “Літоўска-Рускай дзяржаве”праф. Уладзімірскага-Буданава, праф.Яснапольскага пра геаграфічнае размеркаванне прыбыткаў і выдаткаў у “Паўночна-Заходнім краі”, 4 і 5 выпускаў “Белорусского сборника” Е.Раманава (Віцебск, 1891), артыкулаў М.Авенарыўса пра старажытнасці Драгічына і У.Тызенгаўзэна пра старажытнасці Віленскай губ.

Рэцэнзіі Мітрафана Доўнар-Запольскага публікаваліся таксама на старонках “Киевской старины”. Даследчык адгукнуўся на выданне кнігі Б.Фрыдмана “Юридические воззрения и обычаи крестьян Северо-Западного края, преимущественно Ковенской губ.” (Вильна, 1890), а таксама на два гродзенскія выданні 1890 г. – “Памятную книжку Гродненской губернии на 1890 г.”, а таксама “Список землевладений Гродненской губернии”. Звяртае ўвагу, што з кожным годам у публікацыях даследчыка павялічвалася доля рэцэнзій. Праўда, некаторыя з іх на самой справе з’яўляліся разгорнутымі інфармацыйнымі анонсамі.

Дзеля разумення навуковай апантанасці маладога даследчыка, які пачынаў свой шлях у навуцы, нават не закончыўшы гімназіі, варта высветліць кола ягонага чытання і кола тых людзей, асабліва навукоўцаў, з якімі ён падтрымліваў адносіны. Гэтай праблеме прысвечаны артыкул Валянціны Лебедзевай “Мітрафан Доўнар-Запольскі ў 1888-1892 гг.: нараджэнне беларускага навукоўца”.

Знаёмства з гэтым тэкстам прымусіла, у прыватнасці, звярнуць увагу на публікацыі “Киевской старины”. У чэрвеньска-ліпеньскім нумары часопіса за 1887 г. быў апублікаваны некралог, прысвечаны Адаму Кіркору (1818-1887), напісаны М.Янчуком. Атрымалася сапраўдная ода памяці славутага даследчыка Літвы і Беларусі. На думку М.Янчука, найважнейшым для разумення жыцця і дзейнасці А.Кіркора з’яўляўся ягоны беларуска-літоўскі патрыятызм, навуковая і грамадзянская адданасць свайму Краю. Некралог канчаўся цытатай з успамінаў А.Кіркора, напісаных незадоўга да смерці. Гісторык паставіў пытанне: хто застаўся ў Вільні і ў Літве, каб працягваць навуковае вывучэнне краю? І адказаў на яго: “[…] Подрастает молодое поколение, учится кое-чему; в людях способных никогда не было недостатка в Литве, а следовательно найдутся такие, которые будут пробовать свои силы. Это будут люди новые, возродившиеся; начнут, наверное, осуждением и уничтожением нас стариков, пойдут по новым направлениям, но всё таки будут работать. Пошли им Бог счастья!2

Падалося, што гэтыя словы мог прачытаць М.Доўнар-Запольскі і “прымерыць” іх да сябе. Тым больш, што знаёмства з публікацыямі “Киевской старины”, “Wisły”, расейскіх гістарычных часопісаў павінна было прывесці маладога даследчыка да высновы, што Беларусь па-ранейшаму застаецца terra incognito, а асобныя навуковыя даследаванні Е.Раманава, П.Шэйна ды інш. толькі падкрэсліваюць маштабы няведання. Больш таго, як заўважыў сам Доўнар-Запольскі, палякі, расейцы і нават украінцы цягнуць беларускую гісторыю да сябе: “Белорусы же сами о себе молчали и молчат”3.

У 1888 г. напрыканцы вялікага артыкула “Белорусское прошлое”, які друкаваўся на старонках газеты “Минский листок”, малады навуковец адзначаў, што “племя белорусов” усё яшчэ чакае свайго даследчыка, “который бы указал на основании изучения его прошлого и настоящего положение его среди родственных ему славянских племён”4.

Ва ўступным тэксце да “Календаря “Северо-Западного Края” на 1889 г.” М.Доўнар-Запольскі зноў пісаў пра нявывучанасць Беларусі: “До сих пор, например, мы не имеем сколько-нибудь удовлетворительной истории Белорусского края, нет сочинений, трактующих о её современном положении и проч.” Пры гэтым ёсць крыніцы для даследавання, але няма даследчыкаў: “[…] Груды сырых материалов весьма мало говорят уму читателя: они требуют обработки под рукою опытного исследователя… Нет лиц, которые с любовью занялись бы изучением родины […]”5

Складваецца ўражанне, што малады даследчык паступова пачаў адчуваць уласную прызначанасць да выканання пэўнай місіі – пазнаёміць Расею, Польшчу, нарэшце, свет з Беларуссю. Пры гэты ён разумеў увесь цяжар гэтай працы, і ў той жа прадмове ў Календары адзначыў: “[…] Мы вовсе не думаем, что сумеем выполнить трудную задачу, возложенную нами на себя (падкр. – А.С.): мы прилагаем свои силы с целью содействовать выработке правдивых взглядов на наш край на почве науки о его прошлом и настоящем, нашими трудами мы желаем только внести свою лепту в общую сокровищницу Западно-русской науки”. Далей даследчык прызнаваўся, што яго галоўная мэта (у тэксце – мэта рэдакцыі) – “[…] принести посильную пользу родному белорусскому краю”6. Відавочна, што пачатак яго навуковай дзейнасці спалучаўся з пачуццём пэўнага грамадзянскага абавязку перад Беларуссю і яе народам.

У “Заметках из путешествия по Белоруссии” М.Доўнар-Запольскі прыгадаў артыкул “Мужыцкае сэрца” ў польскім этнаграфічным часопісе “Wisłа”, аўтар якога сцвярджаў, што сяляне не маюць сэрца ў тым сэнсе, што не адчуваюць душэўнага болю, не здольныя на сапраўднае спачуванне і г.д. Падобнае стаўленне да сялянства, у тым ліку да беларускага, за якім таксама часцяком не прызнавалася права на нармальнае духоўнае жыццё, абурала М.Доўнар-Запольскага7. Цалкам магчыма, што менавіта гэта ён меў на ўвазе, калі пісаў у сваіх артыкулах, што Беларусь не ведаюць і не разумеюць, што ў расейцаў і палякаў склалася “неправильное мнение” пра беларусаў.

Ягоную навуковую апантанасць Беларуссю, верагодна, заахвочвала і кіеўская прафесура8. У прадмове да “Очерка истории…” М.Доўнар-Запольскі выказваў падзяку “за содействие и указания”, якія спрыялі навуковай працы, прафесарам Кіеўскага універсітэта Уладзіміру Антановічу, Уладзіміру Іконнікаву і Пятру Галубоўскаму9.

Значна пазней, у 1909 г., калі ў Кіеве выйшаў з друку першы том ягоных навуковых прац пад назвай “Исследования и статьи”, даследчык у прадмове яшчэ раз напісаў пра матывы, якія стымулявалі ягоную цікавасць да навукі. Ён адзначыў, што напрыканцы 80-х гг. ХІХ ст. літаратура пра Беларусь і беларусаў амаль адсутнічала, і далей: “Вот почему автор, побуждаемый желанием пролить возможно больше света для уяснения всего, что касается белорусов, делал попытки осветить положение этой народности с точки зрения различных наук”10.

Ужо ў тыя часы М.Доўнар-Запольскага адрознівала ўменне глядзець наперад. Ён не абмяжоўваўся ўласнай даследчай і арганізацыйнай працай, а прадумваў тыя крокі, якія павінны былі стаць пераломнымі ў вывучэнні Беларусі. У гэтым сэнсе паказальным стаў артыкул “Новости белорусской науки”, апублікаваны ў Віленскім весніку ў красавіку 1889 г. Артыкул уяўляў сабой водгук на публікацыю М.Янчука “По Минской губернии”, змешчаную ў зборніку “Сведений для изучения быта крестьянского населения России (Вып. 1, М., 1889)”. Аднак уся першая частка “Новостей...” уяўляла сабой ацэнку вывучэння Беларусі і ўтрымлівала прапановы па далейшым іх развіцці. Згадаўшы пра працы Раманава, Шэйна, Карскага, Уладзімірава, Пыпіна ды інш., М.Доўнар-Запольскі заўважыў, што “...делу будущей науки положено только начало, но начало прочное и верное, если только дальнейшая деятельность не оборвётся, найдет поддержку в местном обществе”11. Даследчык разважаў пра неабходнасць стварэння навуковых таварыстваў у краі, а таксама пра адкрыццё універсітэта. Ён нават прапанаваў перанесці ў Беларусь універсітэт з Дэрпта.

Уяўленне М.Доўнар-Запольскага пра навуку, пра тое, што значыць быць навукоўцам, і якую працу можна лічыць навуковым даследаваннем, адлюстравалася ў ягоных водгуках і рэцэнзіях на чужыя працы. Ён быў вельмі патрабавальным рэцэнзентам. У прыватнасці, у рэцэнзіі на выданне П.Шэйна “Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Собраные и приведенные в порядок П.В.Шэйном. Том 1, часть 2. Бытовая и семейная жизнь белоруса в обрядах и песнях (Спб., 1890) М.Доўнар-Запольскі звярнуў увагу на даследчы метад, якім карыстаўся вядомы этнограф.

Паводле маладога рэцэнзента, у дзейнасці П.Шэйна вылучаліся два перыяды. Вынікам першага, калі навуковец самастойна збіраў і апрацоўваў этнаграфічны матэрыял, стаў “весьма почтенный сборник, тщательно и добросовестно составленный, представляющий собой ценный вклад в науку”. Другі перыяд, падчас якога матэрыялы збіраліся праз валасную і павятовую адміністрацыю, адлюстраваўся ў зборніках 1887 і 1890 г. Рэцэнзент прывёў прыклады няякаснага выканання заданняў П.Шэйна мясцовымі збіральнікамі песень, выказаў сумненне ў навуковасці “обработки” и “исправления” дастаўленых этнографу матэрыялаў. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на знікненне дзекання і цекання ў гаворцы жыхароў Сенненскага павета, якія прысутнічалі ў запісах Раманава.

М.Доўнар-Запольскі таксама заўважыў, што большасць запісаў рабілі асобы, пра ўзрост і адукацыйны ўзровень якіх нічога невядома. Ён нават паспрабаваў прадставіць сацыяльную структуру мясцовых збіральнікаў этнаграфічнага матэрыялу. Атрымалася, што 18% склалі народныя настаўнікі, 13% – вучні народных вучылішчаў, 3% – вучні прыходскіх школ, астатнія – псаломшчыкі і святары. У зборніку 1890 г. адсутнічалі дадзеныя пра тых, ад каго запісваліся песні і г.д.12

Нават разумеючы слушнасць многіх прэтэнзій рэцэнзента, нельга не адзначыць празмерную рэзкасць суджэнняў і ацэнак, магчыма, абумоўленую маладосцю аўтара13. М.Доўнар-Запольскі быццам пачаў рэалізоўваць тое “сокрушение стариков”, пра якое казаў Адам Кіркор. Даследчыкі старэйшага пакалення больш лаяльна паставіліся да працы свайго калегі. Напрыклад, рэцэнзія на гэты самы зборнік М.Янчука, апублікаваная ў “Этнографическом обозрени” (1890 № 3), насіла пераважна апісальны характар, а высновы былі выключна кампліментарнымі.

Пэўным узорам этнаграфічнага даследавання для М.Доўнар-Запольскага былі працы Е.Раманава. У першую чаргу менавіта з ім даследчык звязваў поспехі этнаграфічнага вывучэння Беларусі. У водгуку на 4 і 5 выпускі Белорусского зборника (Віцебск, 1891) М.Доўнар-Запольскі выказваў надзею, што Е.Раманаў здолее пераадолець фінансавыя цяжкасці і апублікаваць усе сабраныя матэрыялы14.

Невыпадкова ў згаданай рэцэнзіі на зборнік “Материалов для изучения быта”… быў прыведзены фрагмент успамінаў Е.Раманава пра ўласныя экспедыцыі: “Я погрузился […] в глубокое море народной белорусской стихии в половине июня и 48 дней вел там бродячую жизнь, пробираясь по захолустным пунктам на убогой клячёнке, запряженной в некое подобие телеги, по дорогам, по которым зачастую и сами возницы ехали впервые. Переезды эти делались большею частью днем, с расчётом прибыть в известный пункт к вечеру, когда рабочий деревенский люд возвратился уже с полей и лугов. Проведя за работой ночь, на утро я выезжал дальше, чтобы и в следующем пункте проделать то же”15.

Таксама высока малады даследчык ацэньваў этнаграфічныя даследаванні М.Янчука. Напрыклад, ва ўжо згаданай публікацыі гэтага даследчыка “По Минской губернии” (1889) менавіта этнаграфічныя назіранні рэцэнзент палічыў самай каштоўнай часткай працы. М.Доўнар-Запольскі ахарактарызаваў гэты артыкул як “весьма приятное явление в нашей литературе… оно написано чрезвычайно живо, легко, занимательно, что довольно редко встречается у нас в научной работе”16.

Аднак археалагічны раздзел рэцэнзент падверг вельмі рэзкай крытыцы. У прыватнасці, ён адзначыў аўтарскую паспешлівасць з высновамі і недакладнасць фармулёвак. М.Доўнар-Запольскі патрабаваў больш дакладнага апісання вынікаў раскопак, якое павінна суправаджацца малюнкамі і фотаздымкамі. Ён крытыкаваў апісанне М.Янчуком на падставе дадзеных археалогіі “беларускага антрапалагічнага тыпу”. У рэцэнзента ўзнікла пытане: як вызначыць, ці сапраўды беларусы былі пахаваныя ў раскапаных могільніках? Да таго ж ён крытычна выказаўся наконт ужывання тэрміна “беларус”, заўважыўшы, што “название “белорус” книжное, сочиненное, а сами белорусы никогда не называют себя белорусами. В народе существует только подразделение на русских и поляков; но не следует думать, что это различие действительно основано на национальности: это деление по вероисповеданию […]” Гэтая заўвага рэцэнзента выклікае здзіўленне. М.Доўнар-Запольскі сам актыўна карыстаўся тэрмінамі “беларус”, “беларускае” і г.д. Нават пры выдання “Календаря “Северо-Западного края” на 1889 г.” ён ужыў тэрмін “Северо-Западный край” у двукоссі. Відаць, выказаны ў рэцэнзіі сумнеў быў не столькі тэрміналагічны, колькі канцэптуальны. Рэцэнзент сумняваўся ў навуковай абгрунтаванасці вылучэння менавіта “беларускага антрапалагічнага тыпу”.

У рэцэнзаванні М.Доўнар-Запольскім вынікаў археалагічных раскопак таксама звычайна фігураваў аналіз даследчага метаду і яго прэзентацыі. У водгуку на артыкул М.Авенарыўса “Дрогичин Надбужский и его древности”, змешчаны ў зборніку “Древности Северо-Западного края” (СПб., 1890. Т. 1), адзначалася набгрунтаванасць, паспешлівасць і супярэчлівасць аўтарскіх высноў. Рэцэнзент звярнуў увагу на адсутнасць малюнкаў і няпоўнае апісанне вынікаў раскопак. Ён нават прыйшоў да высновы пра неабходнасць праверкі вынікаў археалагічных даследаванняў М.Авенарыўса17.

Крытыка таксама гучала ў рэцэнзіі М.Доўнар-Запольскім выдання “Белорусские древности, изд. А.М.Сементовским, членом Императорского Московского археологического общества. Выпуск 1” (СПб., 1890). Рэцэнзент параўнаў гэтае выданне з ранейшымі працамі этнографа і археолага, сакратара Віцебскага статыстычнага камітэту Аляксандра Семянтоўскага (1870-я г.) і прыйшоў да высновы, што аўтар перадрукаваў з невялікімі дадаткамі свае ранейшыя працы. Праўда, пры гэтым адзначалася, што колькасць апісаных помнікаў Віцебскай губ. павялічылася на 400 (!) (усяго 1200) дзякуючы “древностям” Лепельскага, Полацкага і Веліжскага пав. Лічба не малая, і заўвага М.Доўнар-Запольскага ў гэтым выпадку неабгрунтаваная.

Вельмі крытычна рэцэнзент ацаніў спробу датавання пахаваняў у курганах Лепельшчыны. А.Семянтоўскі на падставе запісаных легендаў і паданняў сцвярджаў пра ўзнікненне многіх лепельскіх курганоў у часы Стэфана Баторыя. М.Доўнар-Запольскі заявіў, што такія высновы “противоречат элементарным представлениям о археологии”. І далей: “В народе почти вовсе не сохранилось преданий о курганах, которые более или менее соответствовали бы действительности. Народ, чтобы объяснить себе происхождение курганов, называет их большей частью французскими или шведскими могилами. Кто же из археологов может обратить внимание на эти рассказы? Притом автор сам раскопал несколько курганов этой группы и констатировал в них факт погребения посредством сожжения, следовательно, может ли тут быть речь о XVI в.?”18 Крытыка была цалкам слушнай, бо абрад трупаспалення дазваляе датаваць магілы не пазней ХІ ст.

Пры рэцэнзаванні гістарычных прац ён абавязкова звяртаў увагу на крыніцы даследавання, а таксама на веданне гістарыяграфіі праблемы. Адчувалася прафесійная падрыхтаванасць (самападрыхтаванасць?). Верагодна, сваю ролю адыгралі кансультацыі ў прафесара У.Антановіча, а з восені 1889 г. вучоба на гістарычным факультэце.

А як ацэньваліся калегамі працы самога Мітрафана Віктаравіча?

Што датычыць водгукаў і рэцэнзій на публікацыі самога М.Доўнар-Запольскага, то першая з іх з’явілася ўжо ў 1888 г. на старонках польскага этнаграфічнага часопіса “Вісла” (сшытак 2). Яе аўтарам быў Ян Карловіч. У 1890 г. “Этнографическое обозрение” змясціла рэцэнзію Я.Ляцкага на “Календарь Северо-Западного края на 1890 г.” (1890. № 1). На гэты ж Каляндар адгукнуўся рэцэнзіяй Ян Карловіч у “Вісле”. У 1891 г. з’явіліся рэцэнзіі на “Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель…” (“Исторический вестник”. 1891. кн. 10; “Русская мысль”. 1893. кн.2, кн. 3; Аляксандр Ельскі ў газеце “Kraj”. Nr 21), а таксама на артыкул “Женская доля в песнях пинчуков” (“Русское богатство”. 1891. № 11).

Трэба адзначыць, што большасць гэтых рэцэнзій не адрознівалася глыбінёй аналізу і нагадвала звычайныя інфармацыйныя анонсы або водгукі. Ян Карловіч, напр., у рэцэнзіі на “этнографический этюд” “Белорусская свадьба и свадебные песни” заўважыў, што аўтар выдання намаляваў даволі грунтоўную карціну беларускага вяселля, якому этнографы не надавалі належнай увагі, пазнаёміў чытачоў з вясельнымі звычаямі, абрадамі і песнямі Мазырскага і Рэчыцкага пав. Рэцэнзент працытаваў фрагменты тэксту М.Доўнар-Запольскага, прысвечаныя моцы забабонаў у беларускай вёсцы, звярнуў увагу на некаторыя старажытныя звычаі ў беларускім вяселлі і перадрукаваў адну з вясельных песень19.

Крытычныя заўвагі ў Я.Карловіча з’явіліся падчас рэцэнзавання ”Календаря “Северо-Западного” края на 1889 г.” (М., 1889). Рэцэнзента “зачапіў” тэзіс М.Доўнар-Запольскага пра “наіўнасць” аўтара “Гапона” і тых польскіх пісьменнікаў, якія ў сваіх працах прапагандавалі сяброўства “паноў” і “хлопаў”, а таксама лічылі беларускую мову мяшанкай польскай і “вялікарускай”. Ян Карловіч, дарэчы, адзначыў артыкул М.Доўнар-Запольскага “Белорусское наречіе”, апублікаваны ў Календары, згадзіўся з прыхільнасцю аўтара да думкі, што беларуская мова з’яўляецца “адметнай гаворкай вялікарускай мовы” (для таго часу наватарская выснова), і рашуча не згадзіўся з абвінавачваннем у “наіўнасці”. Рэцэнзент прыгадаў Яна Чачота, які прызнаваў адметнасць “крыўскай мовы”, заўважыў агульнавядомыя, на яго думку, моцныя ўплывы польскай мовы на “беларускі говар” і заявіў пра наіўнасць тых, хто гаворыць пра “бездань” паміж “панам” і “хлопам”, не разумеючы, што толькі ўзаемны шацунак да этнічных адметнасцяў можа гарантаваць згоду ў грамадстве20.

Цікавасць даследчыкаў прыцягнуў “Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до начала XII столетия”, які ў 1891 г. выйшаў асобным выданнем. Аляксандр Ельскі змясціў у польскай газеце “Край” вельмі станоўчы водгук. Ён падкрэсліў грунтоўнасць працы, заснаванай на крыніцах, і характэрную для маладога даследчыка аб’ектыўнасць. Рэцэнзент, у прыватнасці, звярнуў увагу на станоўчую ацэнку сувязяў Тураўскай зямлі з Польшчай у ХІ ст. і аўтарскую характарыстыку ролі Літвы як фактара, які аб’яднаў крывіцка-дрыгавіцкую славяншчыну і ўзамен за атрыманую ад яе культуру даў “жыццяздольнасць маладога духу”. Сярод недакладнасцяў працы А.Ельскі адзначыў занадта вольнае абыходжанне аўтара з тэрмінам “Русь”. Рэцэнзент заўважыў, што гэты тэрмін нельга прымяняць да славянаў, яшчэ не падпарадкаваных варагам, і падкрэсліў не этнічны, а “дзяржаўна-палітычны” сэнс тэрміна. Тым не менш А.Ельскі вітаў працу і выказваў спадзяванне, што малады гісторык зойме прыкметнае месца ў гістарычнай навуцы, тым больш што пачатак ягонай навуковай кар’еры выглядае вельмі сур’ёзна21.

Больш крытычна паставіўся да гэтай працы аўтар рэцэнзіі ў “Историческом вестнике”, які схаваўся пад крыптонімам В.Б. Сярод прагледжаных рэцэнзій гэтая была найбольш сур’ёзная. В.Б. адзначыў падабенства структуры з кнігай Андрыяшава “Гісторыя Валынскай зямлі да 14 ст.” Ён пазітыўна ацаніў першую частку кнігі, а менавіта геаграфічны нарыс, і вельмі крытычна выказаўся пра ўласна гістарычную частку. У прыватнасці, рэцэнзент звярнуў увагу, што М.Доўнар-Запольскі абмежаваўся толькі летапіснымі крыніцамі і праігнараваў дадзеныя археалогіі і этнаграфіі. У выніку ягоная праца стала звычайным некрытычным пераказам летапісаў. Рэцэнзент прызнаўся, што нават уважліва не чытаў кнігу, бо не бачыў у гэтым сэнсу. Праўда, выказаныя ім “мімаходзь” заўвагі сведчылі пра адваротнае. Напрыклад, В.Б. сцвердзіў, што М.Доўнар-Запольскі перабольшыў ролю веча, недаацаніў ролю палітычных традыцый і недакладна растлумачыў тое месца ў летапісе, дзе гаворка ішла пра нараджэнне князя Усяслава Брачыславіча і “язвено на голове”. Справа ў тым, што М.Доўнар-Запольскі пісаў пра павязку на галаве княжыча. У падсумаванні В.Б., нягледзячы на ранейшую крытыку, адзначыў пазітыўнае значэнне працы, асабліва яе першай гісторыка-геаграфічнай часткі, і прызнаў, што аўтар дасягнуў пастаўленай мэты. Пры гэтым выказвалася шкадаванне, што аўтар так вузка зразумеў задачы, якія стаялі перад ім як даследчыкам, і ўтрымаўся ад абагульненняў і высноў, хоць мог бы справіцца і з гэтым22.

Вялізная колькасць публікацый маладого даследчыка ў галіне беларускай гісторыі, этнаграфіі, статыстыкі, дыялекталогіі і мовазнаўства, а таксама навуковая вартасць большасці з іх уражваюць. Мітрафан Доўнар-Запольскі не ўвайшоў, а ўварваўся ў навуку. Відавочна, што за публікацыямі 1888 – 1891 гг. стаяла актыўная самастойная праца па вывучэнні крыніц, знаёмства з навуковай літаратурай, прысвечанай беларускай мове, этнаграфіі, археалогіі, гісторыі і эканамічнаму стану. Падмуркам нетыповай для гімназіста і студэнта працаздольнасці і апантанасці, верагодна, было перакананне маладога даследчыка ў тым, што менавіта ён павінен пазнаёміць навуковы свет з Беларуссю. Значную ролю ў гэтым самаперакананні адыграла знаёмства з украінскай гістарычнай і этнаграфічнай літаратурай, кантакты з У.Антановічам і ягонымі калегамі, а таксама этнаграфічныя экспедыцыі па Беларусі.

Апошнія адыгралі велізарную ролю ў станаўленні менавіта беларускага навукоўца. У рэшце рэшт у кожнай экспедыцыі ён “адкрываў” Беларусь не толькі для навукоўцаў іншых краін, ён “адкрываў” яе і для сябе. Вывучэнне народнай культуры ўмацоўвала сувязі даследчыка з роднай зямлёй і яе народам. Яго абуралі тыя выказванні навукоўцаў і публіцыстаў, якія прыніжалі культуру Беларусі і паказвалі яе насельнікаў нейкімі варварамі. Некалі прачытаны ў “Wisłe” артыкул “Мужыцкае сэрца”, хоць і не датычыў непасрэдна беларускіх сялян, зрабіў на маладога навукоўца вельмі моцнае ўражанне. Часткай ягонага “адкрыцця” ўсяму свету Беларусі была апалогія (абарона) яе народу. Невыпадкова ў “Заметках из путешествия по Белоруссии” ён заявіў, што “крестьянин в нравственном отношении… такой же человек, как и мы все грешные, называемые интеллигентным обществом… Душа у крестьянина есть и даже хорошая душа, но только он слишком своеобразно сравнительно с нами выражает свои чувства к окружающим…”23

У ранніх публікацыях М.Доўнар-Запольскага арганічна спалучаліся прыкметныя амбіцыі маладога даследчыка, навуковая зацікаўленасць беларускай этнаграфіяй, гісторыяй і мовай з імкненнем давесці ўсяму свету годнасць і “цывілізаванасць” жыхароў Беларусі, і ў першую чаргу яе сялянства.


Summary

The subject of this article is the early period of Dounar-Zapolsky’s scholarly activity, namely 1888–1891. It was when his fist works were published and the first critical comments of them appeared. Upon a careful analysis of those works, a conclusion is made that before starting his scholarly activity, Dounar-Zapolsky made a serious research on the available sources and scientific literature on Belarusian language, ethnography, archaeology, history, and economic situation. What was his motivation behind his efficiency and enthusiasm, not typical to a gymnasia or university student? Apparently, the young researcher believed that it was his destiny to present Belarus to the scholarly world. His studying Ukrainian historic and ethnographic literature, his contacts with U. Antanovich and his colleagues, as well as ethnographic expeditions across Belarus made him even surer of this idea. It was due to these expeditions that he became a Belarusian scholar. After all, in each of his expeditions he not only disclosed Belarus for the outside researches, but also discovered her for himself. Studying the folk culture strengthened his ties with the native land and its people.



In his early publications, M. Dounar-Zapolsky showed a fascinating combination of a young researcher’s natural ambition, enthusiastic scholarly interest in Belarusian ethnography, history and language, and his own personal urge to demonstrate to the world at large a dignity and “civilized character” of Belarusian people, first of all of the Belarusian peasantry.


 Артыкул уяўляе сабой дапрацаваны тэкст рэферата “М.Доўнар-Запольскі: першыя публікацыі і першыя водгукі (1888-1891)”, з якім аўтар выступаў на VI Доўнараўскіх чытаннях (Рэчыца. Лістапад 2007 г.)

1 М.Доўнар-Запольскі быў адлічаны з Першай мужчынскай гімназіі г.Кіева ў траўні 1888 г. за чытанне забароненай літаратуры. Сярод заўважаных у яго выданняў фігуравалі ўкраінскі зборнік “Грамада”, паэма Тараса Шаўчэнкі “Марыя”, ліст М.Кастамарава да А.Герцэна (выданне 1885 г.), “паўднёва-рускі” літаратурны альманах “Аснова” (1861) ды інш. Таксама вядома, што падчас паездкі ў Балгарыю (1886) М.Доўнар-Запольскі набыў і прывёз у Кіеў некалькі выданняў па славістыцы (падрабязней пра гэта ў артыкуле Валянціны Лебедзевай “Мітрафан Доўнар-Запольскі ў 1888-1892 гг.: нараджэнне беларускага навукоўца”.

2 Янчук Н. А.-Г. Киркор, учёный исследователь Литвы и Белоруссии (некролог) // Киевская старина. Июнь-июль 1887 г. С. 555.

3 М.З. [М.Доўнар-Запольскі] Новости белорусской науки // Виленский вестник № 81 ад 16.04.1889

4 Минский листок. 1888. 1 ноября.

5 От редакции // Календарь «Северо-Западного края» на 1889 г. Изд. Под ред. М.Запольского. Москва, 1889.

6 Тамсама.

7 б/п [М.Доўнар-Запольскі]. Заметки из путешествия по Белоруссии // Виленский вестник № 202 ад 19.09.1890.

8 Паводле В.Лебедзевай, першая сустрэча М.Доўнар-Запольскага і прафесара Уладзіміра Антановіча адбылася ўжо напачатку 1888 г. Гімназіст прыйшоў на кансультацыю (гл. арт. В.Лебедзевай “Мітрафан Доўнар-Запольскі ў 1888-1892 гг…”).

9 М.Довнар-Запольский. Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца ХІІ столетия. Киев, 1891. С. VI.

10 М.Довнар-Запольский. Исследования и статьи. Том І. Этнография и социология, обычное право, статистика, белорусская письменность. Киев, 1909. С. І.

11 М.З. [М.Доўнар-Запольскі] Новости белорусской науки // Виленский вестник № 81 ад 16.04.1889

12 Виленский вестник. № 194 ад 7.09.1890

13 Гл. артыкул А.Карскага “Скандал вокруг одной рецензии”.

14 Виленский вестник № 227 ад 19.10.1891

15 Тамсама. № 194 ад 7.09.1890

16 Тамсама. № 83 ад 19.04.1889

17 Тамсама. № 201 ад 14.09. 1891

18 Виленский вестник. № 26 ад 02.02.1890

19 Wisła. 1888. Zeszyt 2, s. 419-422.

20 Тамсама. 1889. Tom 3. S. 942-943 (Дарэчы, згадка гэтай рэцэнзіі Я.Карловіча адсутнічае ў бібліяграфічным паказальніку “Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі” (Выд. 2-е, дапоўненае. Мінск, 2007).

21 Kraj. Nr 21 ад 24.05. 1891

22 Исторический вестник. Историко-литературный журнал. 1891. Октябрь. Т. XLVI.

23 Виленский вестник. № 202 ад 19.09.1890




: sites -> default -> files
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 1 Перыядызацыя гісторыі Гісторыя
files -> Закон рэспублікі беларусь 3 ліпеня 2008 г. №420-з аб Правілах беларускай арфаграфіі І пунктуацыі Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2008 года Адобраны Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня 2008 года
files -> 1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі
files -> Арганізацыя дзейнасці Лятучага ўніверсітэта як рэалізацыя місіі
files -> Пытанні да экзамену па гісторыі Беларусі
files -> Установа адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна»
files -> Гарадская палітыка ў беларусі: case-study рэканструкцыі гістарычнага цэнтра гродна
files -> Удой на карову (кг) Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе (гр.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка