Алімпійскія міфы даваеннай Беларусі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер64.91 Kb.
Алімпійскія міфы даваеннай Беларусі
85 гадоў таму ў Парыжы грукаталі баталіі Гульняў VIII Алімпіяды. На іх упершыню самастойнай камандай дэбютавала Польшча. Першым польскім алімпійскім прызёрам стаў коннік Адам Крулікевіч, якога ў Беларусі дагэтуль памылкова лічаць выхадцам Гародні. Гэта толькі адзін прыклад у чарадзе міфаў, якімі абвеяны даваенны летапіс айчыннага алімпізму.
Зрэшты, дзіва ў гэтым няма. Па-першае, паколькі да 1952 гады СССР не ўдзельнічаў у Алімпіядах, такім чынам, не было на іх і прадстаўнікоў Савецкай Беларусі. Аднак нашыя суайчыннікі аспрэчвалі месца на Алімпе пад сцягамі спачатку царскай Расіі, а потым - Польшчы, у склад якой уваходзіла Заходняя Беларусь. Па-другое, у нас дагэтуль няма паўнавартаснай алімпійскай гістарыяграфіі, як няма аўтарытэтных алімпійскіх гісторыкаў і стытыстыкаў. Таму шматлікія факты, напісаныя аднойчы з нечых слоў, дзесяцігоддзямі існавалі з крыніцы ў крыніцу, не падвяргаючыся наймалой праверцы.
А ці быў хлопчык?
У беларускім алімпійскім летапісе існуе меркаванне, што Крулікевіч – выхадзец Гародні. Так, напрыклад, сцвярджае гарадзенскі журналіст Іосіф Папко ў кнізе "Алімпійцы Гарадзеншчыны" (2003). Пра гэта гаворыцца і ў афіцыйным альбоме "Зоркі Гарадзенскага спорту", выдадзеным летась тыражом 3000, і на сайце Нацыянальнага алімпійскага камітэта (http://www.noc.by/noc/htdocs/88/). Аднак, як сведчаць усе даступныя на сёння небеларускія крыніцы, Адам-Лукаш Крулікевіч (1894-1966) з'явіўся на свет у Львове ў шматдзетнай мяшчанскай сям'і Кароля і Юліі (з Брунарскіх).

Атрымаўшы сярэднюю адукацыю ў родным горадзе, ён паступіў у Вышэйшую тэхнічную школу ў нямецкім Мітвайдзе. З пачаткам сусветнай вайны Адам вяртаецца ў Львоў і ўступае ў Брыгаду польскіх легіёнаў. Там ён упершыню засядлаў каня, палюбіўшы верхавую язду на ўсё жыццё. Герой Першай сусветнай вайны, Крулікевіч скончыў Афіцэрскую школу верхавой язды і падаўся ў спорт.

У алімпійскім Парыжы Адам Крулікевіч конна на верным гнядым Пікадору заняў трэцяе месца ў спаборніцтвах па пераадоленні перашкод.

Крулікевіч быў наезнікам экстра-класа. З 1920 па 1926 гады ён атрымаў 81 перамогу ў 94 спаборніцтвах! Пасля сыходу са спорту перадаваў багаты досвед маладым вершнікам, удзельнічаў у пастаноўцы батальных кінасцэн.

Дарэчы, менавіта ў Львове нарадзіліся і іншыя знакамітыя прадстаўнікі роду Крулікевічаў -польскі сцэнограф і вакаліст Уладзіслаў Крулікевіч (1898) і кінарэжысёр Гжегож Крулікевіч (1939). А вось доказаў, якія сведчылі пра беларускае паходжанне першага польскага алімпійскага медаліста, няма ніякіх.

А ці быў подзвіг?

У шэрагах 2000 удзельнікаў Алімпіяды-1912 у Стакгольме знаходзіўся першы беларускі алімпіец Кароль Руммель. Паводле легенды, за выяўленае мужнасці падчас спаборніцтваў ён уганараваўся асабістым захапленнем шведскага манарха.

Кароль нарадзіўся ў 1888-м у Гародні ў сям'і нашчадка вестфальскіх дваран, генерала расійскага войска Альфонса Руммеля і шляхцянкі Марыі Марцінкевіч. З падачы бацькі хлопчык ужо ў 6 гадоў стаў займацца конным спортам. Потым скончыў Адэскі кадэцкі корпус, Паўлаўскую ваенную вучэльню і Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу. Захапленне дзяцінства - конны спорт - прывяло яго ў шэрагі 14-га драгунскага Маларосійскага палка. У яго абавязкі ўваходзіла абслугоўванне канёў у свіце самога імператара. У 1911 году Кароль упершыню стартаваў у афіцыйных спаборніцтвах. У канвоі цара Мікалая II Руммель купіў за 50 рублёў кабылу па мянушцы Берасцянка, з якой і прайшоў адбор у алімпійскую каманду Расіі для ўдзелу ў Гульнях 1912 году.

У Стакгольме ў спаборніцтвах па канкуры (пераадоленню перашкод) гарадзенец да апошняга знаходзіўся ў ліку лідэраў. Але на заключным бар'еры Берасцянка спатыкнулася і звалілася, прыціснуўшы сабой вершніка. Як гаворыць легенда, нягледзячы на пякельны боль, Руммель узлез на каня і, прыціскаючы руку да грудзей, скончыў дыстанцыю на 15-м месцы. Ён тут жа страціў прытомнасць, пасля чаго быў дастаўлены ў шпіталь. Абследаванне выявіла пяць зламаных рэбраў! Мужнасць спартоўца настолькі ўразіла швецкага караля Густава V, які назіралаў за інцыдэнтам, што ён загадаў адліць для героя адмысловы алімпійскі медаль, аналагічны залатому.

Адзначым, што гэта гісторыя распавядаецца выкючна ў беларускіх крыніцах, а вось у заходніх пра яе ні слова. Дзіўна, бо падобныя хвалебныя моманты трыумфу чалавечага духу звычайна не абміналі анал алімпійскай гісторыі.

Цікаўна, што герой дзвюх сусветных войнаў, Руммель удзельнічаў яшчэ ў дзвюх Алімпіядах пад польскім сцягам. Прычым, у 1928 году заваяваў срэбра каманднага турніру па трохбор'і. Гэта дасягненне можна лічыць першым беларускім алімпійскім медалем.



Ці была амерыканка беларускай?

Адным з адкрыццяў амстэрдамскай Алімпіяды-1928 стала 17-летняя амерыканка Альбіна Восіпавіч (Osipowich), якая выйграла два залатыя медалі ў плавальным спрынце. Паводле адной з версій, Альбіна вырасла ў сям'і беларускіх эмігрантаў канца 19 - пачала 20 стагоддзі.

У амерыканскіх крыніцах каталічцы Восіпавіч прыпісваюць літоўскае або польскае паходжанне. Але гэта і не дзіўна, бо нацыянальнасць "беларус" у тагачасных іміграцыйных формах папросту адсутнічала.

Альбіна нарадзілася ў 1911 годзе ў горадзе Уорчэстар (штат Масачусэц) і з ранніх гадоў займалася плаваннем. Ужо ў школе дзяўчынка на дзве галавы апярэджвала сваіх аднагодак. Каб яна прагрэсавала, трэнер выстаўляў яе спаборнічаць з хлапчукамі. У 1928 году Альбіна стала чэмпіёнкай ЗША, а на Гульнях у Амстэрдаме з алімпійскім рэкордам выйшла пераможцай самай прэстыжнай дыстанцыі ў жаночым плаванні - стомятроўкі вольным стылем. Другое золата Восіпавіч заваявала разам з сяброўкамі па камандзе ў эстафеце 4 па 100 м.

У родным Уорчэстэры 17-гадовую гераіню віталі тысячы захопленых гараджанаў. Грамадскасць сабрала 4 тысячы даляраў на яе навучанне ва універсітэце. З вялікім спортам Альбіна завязала неўзабаве пасля трыумфальнай Алімпіяды. У 1965 году 54-гадовая жанчына пакінула гэты свет пасля цяжкай хваробы.

А ці быў гоншчык?

У гісторыі беларускага алімпізму шматлікія дзесяцігоддзі існавала меркаванне, што на Алімпіядзе-1928 пад польскім сцягам выступаў найлепшы веласіпедыст "Крэсаў усходніх" берасцеец Мікалай Дранько.

Напрыклад, брэсцкі журналіст Васіль Сарычаў у кнізе "Імгненне і лёс" (2004) сцвярджае, што ў Амстэрдаме 20-гадовы беларус заняў 5-е месца ў трэкавай гонцы. Падобныя дадзеныя сустракаем і на сайце Беларускай федэрацыі веласпорту (http://cycling.by/menu.php?form_id=26). Шматлікія гады сведчанні самога Дранько, які пайшоў ад нас 23 гады таму, і тых людзей, што ведалі яго, падвяргаліся сумневу. Чамусьці нікому да галавы не прыходзіла праверыць інфармацыю.

Паўтара гада таму, праштудзіраваўшы нямецкія, амерыканскія і савецкія статыстычныя даведнікі, у тым ліку першакрыніцу - "Official Report" (Афіцыйны даклад"), выдадзены Алімпійскім камітэтам Нідэрландаў па выніках Гульняў 1928 году, я не знайшоў прозвішча Дранько сярод 12 польскіх велагоншчыкаў-удзельнікаў Алімпіяды. Гэта азначала толькі адно: у алімпійскіх змаганнях беларус не ўдзельнічаў. Праз паўгода пасля маёй публікацыі ў газеце "Труд", гэты факт пацвердзіла "Советская Белоруссия"…



Колькі беларусаў гасцявалі ў Гітлера?

Лічыцца, што на Гульнях-1936 у нацысцкім Берліне пад польскім сцягам выступалі адразу трое беларусаў - гарадзенскі скульптар Юзэф Клукоўскі, коннік Тадэвуш Сакалоўскі і стралок з Гальшан Міхась Вярсоцкі.

Сапраўды, Юзэф Клукоўскі, які скончыў парыжскую Акадэмію мастацтваў і здзейсніў прарыў у польскай мадэрнісцкай архітэктуры, заваяваў два медалі ў алімпійскіх Конкурсах мастацтваў - золата (1932) і срэбра (1936).

Выхадзец мястэчка Жэмаслаўе Ашмянскага павета (цяпер - Іўеўскі раён Гарадзенскай вобласці) Тадэвуш Сакалоўскі на кані па мянушцы Збег II стартаваў у Берліне ў асабістых і камандных змаганнях па канкуры. Берлінская траса апынулася настолькі складанай, што з 54 удзельнікаў яе скончылі толькі 38. У ліку няўдачнікаў апынуўся і беларус, які не адолеў найцяжэйшую 13-ую перашкоду…


На жаль, афіцэр Войска Польскага Клукоўскі скончыў жыццёвы шлях у нацысцкім канцлагеры ў 1939-м, а Сакалоўскі, які ўзначальваў мінскае аддзяленне польскай падпольнай арганізацыі "Вахляж", загінуў у перастрэлцы з немцамі ў 1943-м.

Трэцім алімпійцам-беларусам у Берліне лічыцца Міхась Вярсоцкі (1913-79), які нарадзіўся ў вёсцы Зграйкі Ашмянскага павета, але амаль усё жыццё правёў у Гальшанах. Ён займаўся стральбой, лыжамі, плаваннем і планерызмам. Паводле вышэйузгаданай кнігі "Алімпійцы Гарадзеншчыны", у Берліне беларус заняў 23 месца сярод 66 удзельнікаў у стральбе з дробнакалібернай вінтоўкі. Дачка ж спартоўца Алена Букштыновіч сцвярджала, што на Алімпіядзе-1936 яе бацька патрапіў у дзесятку найлепшых стралкоў з пісталета. Аднак у "Афіцыйным дакладзе", выдадзеным Нямецкім алімпійскім камітэтам у 1936 годзе, у спісе ўдзельнікаў Гульняў імя Вярсоцкага наогул не значыцца. Падобна, што выступ выхадца Гальшан у Берліне - чыстай вады міф.



"А беларусы ж нічога не маюць?"

Цяжка спрачацца з тым, што міфатворчасць з'яўляецца неад'емным складнікам нацыяўтваральнага працэсу, а міфы спрыяюць росту нацыянальнай самасвядомасці. Нашы суседзі-літоўцы, якія адзначаюць цяпер 1000-годдзе дзяржаўнасці, прадэманстравалі гэта як ніхто лепш. Аднак міфы міфам розніца. Тым больш, калі гаворка ідзе пра адносна нядаўнія гістарычныя падзеі. Гісторыі, падобныя да Румелеўскай, варта знаходзіць і папулярызаваць, а вось беспадстаўныя і бескарысныя міфы - развейваць. Інакш рызыкуем апынуцца ў Каралеўстве крывых люстэркаў і спраўдзіць правакацыйную Купалаўскую тэзу: "А беларусы ж нічога не маюць!".
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка