Аліса перастала дасылаць мне sms’кі



Дата канвертавання13.12.2016
Памер74.94 Kb.
26.

Напластаванне невытлумачальных здарэнняў з маім удзелам уражвала. Я марна стараўся не думаць пра гэта. Я няньчыў надзею на тое, што шквал дзіўнотаў неўзабаве скончыцца. Урэшце я ўгаворваў сябе прызнаць, што нічога са мной насамрэч не здарылася, а ўсё тлумачыцца выключна стомаю. Але гэта быў чарговы самападман, да таго ж самай каструбаватай работы.

Аліса перастала дасылаць мне sms’кі. Cutting Diamond ацаніў мой апошні запіс у яе гасцёўні рэплікай: «Казачны даўба…б». Рэпліка гэтая, што праўда, вельмі хутка знікла. Я зрабіў выснову, што хутчэй за ўсё Селязнёва яе знішчыла, не жадаючы, каб нехта крыўдзіў мяне на яе віртуальнай тэрыторыі. У школе мы з ёй пра гэта не размаўлялі. Наагул колькасць і працягласць нашых з ёю размоваў дужа скараціліся. Я ледзьве трымаўся, кідаючыся па спатолю то ў вір блогінгу, то ў асобныя хвалі плыні выхаваўчай работы, дзе меркавалася відовішчнасць. Зрэшты, зняможанасці на маім твары ад гэтага не паменела.

Паралель адзінаццатых класаў са старажытнаегіпецкім богам неба напалам усё-ткі падрыхтавала выступы да КВЗ. Лямку падрыхтоўкі і ў маёй, і ў двух іншых класах цягнулі пераважна актывісты. Што да астатніх, дык добра, калі хто-небудзь з іх зрэдку быў за папіхача. Часцяком жа яны папросту ігнаравалі творчы працэс ці ўсяляк ганілі старанні сваіх жа аднакласнікаў. Мне надта хацелася запрэгчы ў гэтыя калёсы Пецю Андропава і Андрэя Дастаеўскага, каб яны паспыталі на сваіх шкурах, як цяжка трымаць увагу аўдыторыі і ўспрымаць чыесьці кіслыя заточкі тады, калі стараешся выкласціся напоўніцу. Але хлопцы рашуча адмаўляліся ад удзелу, заяўляючы, што КВЗ – штука нямодная ў параўнанні з досціпамі Comedy Club. «О, Comedy Club! Гэта круцей за біятлон!», – з усмешкай да вушэй усклікала Інгебора Каленвалава і цягнула сваіх аднакласнікаў пакурыць.



В урочный день, в урочный час набілася поўная зала гледачоў. Большую іх частку, зразумела, складалі вучні, пачынаючы з восьмага класа і сканчаючы парачкай выпускнікоў мінулых гадоў. Колькі каляжанак сіратліва тулілася да сценкі ў недаверлівым чаканні няпэўнага цуду. Журы складалася з Любартавай, Данцовай, Рыбанькі, а таксама Андрамедавай, якая без запрашэння села за судзейскі стол. З трывожным сэрцам я падглядваў з-за кулісаў. І хаця запасны выхад быў адчынены, масты за маёй спінай пагарэлі ўшчэнт.

Я падаў сігнал гукарэжысёру Алесю Альхімовічу. Загучалі фанфары. Галасы ў залі сціхлі. Уся ўвага гледачоў засяродзілася на сцэне. Пад агульнае аханне і асобныя смяшкі я выйшаў да цэнтральнага мікрафона. На маёй галаве быў блазенскі каўпак з бомкамі. Правёўшы хіжым позіркам па зале, я стаў дэкламаваць:



Памаліся ж, дзяўчынка, да бога,

Каб я ў камедзі клабе не быў.

Па футбольных палях і дарогах

Ні адзін, ні з табой не хадзіў.

Бо да камедзі клаба з футболам

Абыякавы я з ранніх год.

Не лічы гэта выбрыкам голым,

Расшыфруй адзіноты штрых-код.

І наперад з усмешкамі пойдзем,

Пад крыўлянні і плач шымпанзэ

Годна кінем наш кліч у народзе:

Як гуляць, дык адно ў КВЗ!

Зала напружана слухала мяне, спрабуючы знайсці ў радках хаця б нешта смешнае. Усміхнуцца атрымоўвалася далёка не ва ўсіх.

Скончыўшы дэкламаванне, я раскаціста выкрыкнуў: «Мы гуляем у КВЗ!», дастаў з-за спіны цацачны пісталет і стрэліў угору. Ад пластмасавай кулькі балёнік, што вісеў нада мной, гучна лопнуў, сыпануўшы рознакаляровым канфеці. Публіку гэта ўразіла: выбух авацыяў давялося спыняць просьбай аб цішыні.

Я запрасіў тры каманды на сцэну і прымусіў іх ламаць мазгі над пытаннямі, накшталт: «Ці праўда, што чарговы працяг фільма «Матрыца» будзе здымацца на Сяльмашы?», «Ці можа Баба-Яга на конкурсе «Еўрабачанне» прадстаўляць Беларусь?» або «Някепска было б выпісаць «Cosmopolitan» для княгіні Настассі Слуцкай?». Мазгі скрыпелі, а вучні адказвалі. Пра Тэрмінатара ў шакаладных цэхах кандытарскай фабрыкі і Кіяну Рыўза на кормаўборачным камбайне «Палессе». Пра Бабу-Ягу, якой трэба навучыцца базарыць не толькі па-славянску. Пра «Плэйбой» для вялікага князя Жыгімонта Аўгуста.

Калі надышоў час пытанняў, падрыхтаваных камандамі для супернікаў, мяне ахапіў лёгкі мандраж. Я адмыслова не кантраляваў іх фармулёўкі, спадзеючыся на сюрпрызы і збольшага далікатнасць удзельнікаў. Акурат суцэльную далікатнасць, сцягнутую з інтэрнэту, вучні і дэманстравалі спачатку: з імёнамі расійскіх поп-зорак, Москвой златоглавой і серыялам «Не родись на Рублёвке». Урэшце, мікрафон у рукі атрымаў Грыша Стахіевіч і з ленінскай яхерынкай у голасе звярнуўся да суперніцкіх каманд: «Дазвольце ўдакладніць, ці праўда, што ў Эрнеста Скіргайлавіча 380 дзяцей?». Вось гэта быў сюрпрыз. Зала ўжо толькі з-за аднаго пытання палегла ад смеху. Журы сядзела з вачыма па паўтары талеры, намагаючыся не засмяяцца. Зрэшты, Рагнеда Іванаўна залівалася не горай, чым якая-небудзь з прысутных васьмікласніц. Я сам напяў на твар іранічную пасмешку, быццам зададзенае пытанне мяне не тычылася. Дзяўчаты з 11 «В» адказваць адмовіліся, чым толькі ўзмацнілі істэрыку ў залі. А вось каманда 11 «Б» ніколькі не сумелася. Яе капітанша Наташа Скрэпкіна спусцілася да гледачоў, пашапталася з адной бландзінкай-дзесяцікласніцай, вярнулася разам з ёй на сцэну, пагладзіла тую па жывоціку і голасна абвясціла: «Састарэлая ў вас інфармацыя. 381-шы на падыходзе». Гледачы паміралі ад шалёнага рогату, не паспяваючы запляскаць у ладкі і скласці тастаментаў. Журы ў поўным складзе выцірала слёзы.

Стала зразумела, што прагучаў самы галоўны жарт гульні. Колькі б цікавых конкурсаў ні было наперадзе – «Гістарычная кантрабанда» ці «Паляванне на пярэваратняў», «Я прыйшоў у бой, быццам Тамерлан» ці «Coolінарыя» – ніводзін з жартаў, прамоўленых там не выклікаў такога фурору. Каманды гэта хутка зразумелі і ва ўсіх заданнях на імправізацыю, так ці інакш стараліся абыгрываць магічную лічбу 381. Мне было весела. Усіхная ўвага ўяўлялася мне добрай таблетачкай ад дзівосаў.

КВЗ скончыўся баявой нічыёй. Журы дзякавала камандам і мне асабіста. Здавалася, што ніхто з іх не заўважыў зняможанасці на маім твары. Нахвальваўся мой поспех. Вызначаліся новыя рубяжы. Усё, як заўсёды. Да цемры ўваччу.

Калі зала збольшага апусцела, Рагнеда з гуллівай усмешкай сказала мне:

– Эрнесцік, хадзем. 382-га зробіш.

Я прамаўчаў, роспачна выдыхнуўшы ў бок.

– А чаго гэта ён з вамі павінен 382-га рабіць? – умяшалася Алеся ў вымушаны маналог настаўніцы эратычнай матэматыкі. – Можа ў яго іншыя кандыдатуры ёсць.

– Ці не ты, плотка? – з абурэннем удакладніла Андрамедава. – Ад цябе добрай ікры наўрад ці дачакаешся.

– Вы асцярожней языком мянціце, а то аб катангенс абрэжаце, – кпіла ў адказ Рыбанька.

– На вежы біліся хімеры, – ушчыпліва пракаментаваў я і пашыбаваў у кабінет гісторыі.

Пад дзвярыма мяне вычэквала Лія Навумаўна. Да таго яна неаднойчы сядзела са мной у кабінеце з выразным чаканнем, што я павярну ключ і зладжу ёй жарсцевы Пёрл-Харбар. Колькі разоў я сапраўды быў на мяжы таго, каб распачаць бамбардаванне, але ўчасна агоўтваўся і пачынаў казаць лухту пра засілле расійскай масавай культуры. Пасля КВЗ вочы Келдышавай ззялі асабліва. Дакладней, не ззялі ніяк. Яе нешта трывожыла.

– Твае сёння, канечне, адмачылі добрую штучку, – пачала яна. – А ты не ведаеш, чаму такі адказ Наташка прыдумала?

– Зусім лагічны адказ для тых, хто глядзіць расійскае тэлебачанне, – абыякава прамовіў я.

– А мне здаецца, што тэлебачанне тут не пры чым. Эрнест, ты думаеш, ніхто не прыкмячае тваёй цікавасці да маладзенькіх дзяўчат? Усе бачаць і пасмейваюцца з цябе. Ты ж на вачах у пудзіла ператвараешся. Заўважаеш? Навошта табе гэтыя малалеткі? Яны не могуць табе даць тое, на што здольная дарослая дасведчаная жанчына. Твае гушканні з малалеткамі – гэта гульні з агнём. Абгарыш увесь чыста, і ніводная з іх не стане цябе пялегаваць апасля.

– Ведаеш, Лія, калі я ўпарта змагаюся з тваімі заляцаннямі і заляцаннямі некаторых тваіх каляжанак, дык гэта не значыць, што ў гэтым вінаватыя нейкія міфічныя малалеткі. Ніякіх малалетак няма. Гэта выдумка тваёй галавы. І дазволь мне вырашыць самому, каго кахаць і якім чынам выглядаць – пудзілам ці боўдзілам.

– А Аліса Селязнёва, вакол якой ты круцішся, як кот каля смятаны, хіба не малалетка?

– Дзяўчыне неўзабаве васямнаццаць, – спакойна адказаў я.

– А табе неўзабаве колькі? Ты можа забыў? Табе неўзабаве дваццаць дзевяць гадоў стукне. Ты адчуваеш розніцу?

– Ну, дваццаць дзевяць, і што? Не канец жа свету.

Каляжанка вар’яцела ад захавання мною халоднай раўнавагі. Гарачыя хістанні я вырашыў ашчадзіць для наступных выпадкаў надзвычайшчыны.

– Мо’ ты замуж яе ўзяць хочаш? – Келдышава яўна не збіралася перарываць допыт. – Гэта ж атрымаецца проста, як на карціне Пукірава «Няроўны шлюб» – дзядуля і малодка. Напрасно невесту сгубили.

– Што я хачу, у кожным разе вырашаць не табе. Паралель з карцінай абсалютна недарэчная. Да ўсяго ты няслушна разумееш гэты мастацкі твор. У Мінску ў мастацкім музеі я з гадзіну глядзеў на палатно і ўцяміў адну парадаксальную рэч: нявеста ж страшней за атамную вайну, і дзед яе папросту ратуе, беручы замуж. Дый увогуле навошта рабіць трагедыю з няроўнага шлюбу? Калі зірнуць у нашу гісторыю, дык можна знайсці шмат прыкладаў, калі нявеста была значна маладзей за жаніха. Згадай хаця б вялікага князя Ягайлу і каралеўну Ядвігу, а з больш блізкіх часоў – Паўлюка Багрыма і Карнелію Шышлоўскую. Па вялікім рахунку мяне зрынае ў шаленства ханжавітая логіка нашага грамадства. Чаму пара, дзе жанчыне васямнаццаць, а мужчыне трыццаць гадоў, зазвычай лічыцца ненармальнай? Гэта ў той самы час, калі да параў, дзе ёй трыццаць, а яму трохі за сорак, грамадства прэтэнзіяў не мае. Хаця розніца ўзроставая, заўваж, аднолькавая.

– Эрнест, я прашу цябе, – роспачна ўзмалілася Лія, – кінь ты ўсю гэтую філасофію. Яна не дасць табе шчасця.

– А ты дасі? – скептычна кінуў я.

Всё, что хочешь, милый мой, – суразмоўца праігнаравала мой скепсіс і зрабіла выразны рух наперад, каб пацалаваць мяне ў вусны.

Дапусціць пацалунак было раўназначным капітуляцыі, таму я ўхіліўся. Шчокі Келдышавай успыхнулі сарамяжным агняцветам. Вочы бліснулі нянавісцю.



– Выбірай адно: ці саромецца, ці ненавідзець, – параіў я і пакінуў каляжанку ў суворых роздумах.
: wp-content -> uploads -> 2015
2015 -> Вучэбны матэрыял да ўрока №9 М. М. Брылеўскі
2015 -> Правядзення агульнагімназічнай дэкады Я. Ф. Карскага (да 20 годдзя музея ў гімназіі) 21 студзеня – 31 студзеня 2015 года
2015 -> Метадычныя рэкамендацыі па правядзенні 1 верасня першага ўрока І мерапрыемстваў, прысвечаных Дню ведаў
2015 -> Расклад работы аб’яднанняў па інтарэсах І спартыўных секцый дуа “Шаняўская сярэдняя школа імя Міколы Засіма” на канікулы з 25. 10 па 01. 11. 2015 года
2015 -> Тема недели: цик беларуси утвердил итоги выборов Президента 3
2015 -> Программа деятельности правительства Беларуси на 2015 год 4
2015 -> Тема недели. Выборы-2015: цик беларуси зарегистрировал четырех кандидатов на пост Президента 3
2015 -> Час правядзення Мерапрыемствы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка