Аляксандр коўка буквар журналіста



старонка1/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер494.92 Kb.
  1   2   3




Аляксандр Коўка. Буквар журналіста.

Збор правілаў добрай справы







Аляксандр КОЎКА
БУКВАР ЖУРНАЛІСТА
ЗБОР ПРАВІЛАЎ

ДОБРАЙ СПРАВЫ
Крок за крокам

ПРЫВІТАННЕ!



Ты любіш чытаць? Ты ўмееш цікава расказваць сябрам пра тое, што ўбачыў ці пачуў? Ты ведаеш, як прыцягнуць увагу? Ты смела імкнешся зрабіць сваё жыццё яшчэ ярчэйшым?

Як!?. Ты яшчэ не юнкор?!.

А хочаш ім быць?
Перад табой – “Буквар журналіста”. Давай разам вывучаць яго. У кнізе – 15 сустрэч. Ты можаш “прыняць удзел” толькі ў першай, можаш выканаць толькі два-тры хатнія заданні. Калі ж ты хочаш дасягнуць пастаўленай мэты і стаць юнкорам, то абавязкова “наведаеш” усе пятнаццаць сустрэч, выканаеш усе заданні (можна паступова, паэтапна), прыслухаешся да парад і рэкамендацый.

Журналістыка – гэта праца. Гэта адзін з самых цікавых заняткаў на свеце, але, перш за ўсё, гэта праца. Яна вельмі складаная і, у той жа час, незвычайна простая. Прафесіяналізм у ёй дасягаецца пастаяннымі разважаннямі аб сэнсе сваёй справы і сістэматычнай практыкай.

Кажуць, што газета – гэта гісторыя свету за адныя суткі. Не было ніводнага выпадку, каб за сусткі нічога не здарылася.

Як пісаць для газеты? Правіла простыя! Спрабуй! Зрабіць усё па інструкцыі – 50% поспеху! Галоўнае - праяўляць ініцыятыву! Памятай – ніхто, нідзе і ніколі не навучыць цябе журналістыцы! Ёсць толькі адзін чалавек, які здольны на гэта. Ты сам. Калі ты сапраўды хочаш стаць прафесіяналам, то абавязкова станеш ім!

Усё, што напісана на далейшых старонках – парады і правілы добрай газетнай журналістыкі. Мы з табой пагаворым пра тое, што яднае практычна ўсе інфармацыйныя жанры – аб асноўных правілах падрыхтоўкі і напісання газетнага матэрыялу. “Правілы” – гэта звычайна “прадпісанні”, “законы”, “дырэктывы”. У нас жа тут ёсць і “парады”, “устаноўкі”, “падказкі”, “шпаргалкі”. Гэта аб’яднаны досвед тых, хто раней за цябе прыйшоў у журналістыку і штосьці ў ёй ужо зразумеў. Цяпер – справа за табой.

Давай, наперад! У цябе ўсё атрымаецца!


Сустрэча 1.
ТЫ – ЖУРНАЛІСТ
ПРАВЕР СЯБЕ! ПАВЕР У СЯБЕ!

У журналістыцы ўсё пачынаецца з карэспандэнта. Перш за ўсё неабходна сабраць ураджай навін!

Для паспяховай працы карэспандэнту неабходна мець некаторыя асаблівыя рысы характару. Гэта справядлівасць, цікаўнасць, дакладнасць, уменне адчуваць навіны і заўважаць факты, уменне выклікаць людзей на размову, энергічнасць, дысцыплінаванасць і адказнасць.

У ідэале журналіст павінен мець гуманітарную адукацыю, а таксама добра разбірацца ў многіх галінах жыцця. Хаця, безумоўна, вывучыць усе навукі немагчыма.

Часта задаюць пытанне: “А ці не лепш знайсці гатовага спецыяліста з той ці іншай галіны і навучыць яго быць карэспандэнтам?”. Можна. Але кожны рэдактар у адказ скажа: “Дайце мне добрага карэспандэнта, які ведае, як здабываць інфармацыю!”. Вось гэтаму і неабходна навучыцца.
Які ён – ДОБРЫ МАТЭРЫЯЛ?

Журналіст ніколі не павінен забываць пра тое, што самая галоўная якасць апублікаванага матэрыялу – яго ДАКЛАДНАСЦЬ. Акрамя таго, ён павінен адпавядаць прапісным ісцінам добрай журналістыкі – БЫЦЬ КАРОТКІМ і ЗРАЗУМЕЛЫМ.



Дакладнасць. Нішто так не падрывае даверу чытача да газеты, як яе некампетэнтнасці. Недакладны матэрыял не толькі дрэнны, ён можа нашкодзіць.

Лаканічнасць. Жывы і выразны матэрыял заўсёды кароткі і не змяшчае падрабязнасцей, якія самі па сабе падаюцца лішнімі.

Зразумеласць. Заўсёды неабходна памятаць, што любое паведамленне павінна быць зразумелым, не несці ў сабе дваякасці.
ЗАСЯЧЫЦЕ САБЕ НА НОСЕ

Журналісцкі матэрыял павінен утрымліваць НАВІНУ.

Навіна павінна быць РЭДКАЙ, ЦІКАВАЙ БОЛЬШАСЦІ ЧЫТАЧОЎ.

Да таго ж, навіна павінна быць ЦІКАВА НАПІСАНА!


НА ПАМЫЛКАХ ВУЧЫМСЯ

ПЕРШЫ ПОЯС – БЕЛЫ

У школах раёна пачаліся заняткі ў секцыях каратэ, вядуць якія, прычым бясплатна, вучні вядомага трэнера Алейнікава.

Заняткі сталі вельмі папулярнымі сярод соцень хлопчыкаў.

Чаму вучыць каратэ? Не толькі быць моцным і спрытным, але і паважаць старэйшых, адзін аднаго. Сапраўдны каратыст ніколі не пакрыўдзіць слабога і безабароннага.

У снежні юныя каратысты будуць здаваць свой першы экзамен – на белы пояс.

В.К.

Падумай, ці ёсць у гэтым матэрыяле, напісаным юным карэспандэнтам, усе прыкметы добрай журналістыкі?

Ён напісаны ёмка, гэты значны плюс. Аўтар не стаў “ліць ваду” і раздзімаць інфармацыю, якой валодае. Але ці дакладны матэрыял? Пытанні ўзнікаюць з першага сказа.

1. Няўжо і сапраўды ва ўсіх школах раёна сталі займацца каратэ?

2. Чым вядомы трэнер Алейнікаў? Улічвай і тое, што не ўсе чытачы добра разбіраюцца ў спорце і яго гісторыі.

3. Чаму заняткі сталі папулярнымі сярод хлопчыкаў? Няўжо раней гэты від спорту не быў ім даступным?

Бачыш, колькі пытанняў. Значыць, кожны чытач зразумее прыведзеныя фразы па-свойму. Гэта гаворыць пра тое, што ў матэрыяле няма і дакладнай зразумеласці.

Акрамя таго, паколькі мы не ведаем, ці займаецца сам аўтар каратэ, нядрэнна было б у заметцы прывесці крыніцу, з якой была атрымана інфармацыя. Ці то яму пра гэта расказаў сябар, ці то адзін з трэнераў. Калі ў матэрыяле ёсць спасылка на крыніцу, ён выглядае больш дакладным.


ТВОРЧАЯ КУХНЯ

Правярай двойчы: нумары тэлефонаў, назвы вуліц, прозвішчы і імёны.

Памятай правіла самай лепшай крыніцы: цытаваць можна толькі таго, хто займае становішча, якое абавязвае ведаць сапраўды дакладную інфармацыю.

Не дапускай меркаванняў. Не “здагадвайся”, якія ініцыялы могуць стаяць побач з гэтым прозвішчам. Ты павінен гэта ведаць!

Сцвярджэнні, якія не будуць відавочнымі для чытачоў, патрабуюць адпаведнай спасылкі на крыніцу.

Будзь прафесіянальным, але не сумным!


СЮРПРЫЗ НА ДЭСЕРТ

Паходжанне слова “газета” прынята весці ад назвы сярэбранай венецыянскай манеты чаканкі 1538 года. За такі кошт жыхары рэспублікі маглі набыць неперыядычную паперку з навінамі.

Дарэчы, першая расійская газета “Ведомости” каштавала ад аднаго да чатырох грошаў. Грошамі называлася палова капейкі. Кошт гэты для свайго часу быў немалым: тры грошы за сваю працу атрымліваў у дзень наборшчык газеты.
ХАТНЯЕ ЗАДАННЕ

1. Знайдзі якую-небудзь навіну. Яна можа быць зусім побач: у школе, дома, у двары, гуртку. Галоўнае – яе заўважыць і напісаць зацемку дакладна, ёміста і зразумела.

2. Спытай сябе: ці рэдкая гэта навіна, як ты змог бы яе напісаць?

3. Увечары сядзь за стол, падумай крытычна і напішы спачатку тыя якасці, што неабходныя ў прафесіі журналіста, якімі ты ўжо валодаеш, потым тыя, якіх табе не хапае, і нарэшце тыя, што на твой погляд не трапілі ў спіс.




Сустрэча 2.
АДКУЛЬ БЯРУЦЦА ТЭМЫ?
ТЭМА, МАЯ ТЭМАЧКА

Журналіст-навічок павінен для пачатку здзівіцца: які вялікі свет! А потым спужацца: пра што пісаць?



Не хвалюйся! Зараз знойдзем.

Вялікі свет, кажаш? Правільна. Але калі ты не быў ні ў Афрыцы, ні на полюсах, табе і пісаць пра гэта не давядзецца. Аднак сусветныя падзеі як-небудзь ды закранулі твой горад, вёску, сям’ю...

Сусветная вайна да гэтага часу жыве побач – у памяці старых. Цяперашнія войны – нехта з блізкіх так ці інакш абпалены іх пламем...

Мірныя працэсы: пашырэнне культурных і эканамічных сувязей, эміграцыя, інтэграцыя...

Звузім далягляд: наша краіна. Яе праблемы закранаюць і старога і малога. Школа, дом, бібліятэка, вуліца – гэта тваё штодзённае кола.

Давай падзелім увесь гэты неабдымны хаас праблем на тры вялікія групы:



- У СВЕЦЕ,

- У КРАІНЕ,

- ВА МНЕ.

На апошнім пункце спынімся больш падрабязна.

Ты расцеш, пазнаеш жыццё. Ты радуешся, хвалюешся, спадзяешся, перажываеш... Ты думаеш, што гэтага ніхто не заўважае, што гэта нікому не патрэбна. Але ж для цябе гэта нашмат цікавей за ўсялякую палітыку. Значыць, ты зможаш напісаць пра гэта так, как і іншым было цікава.

Праз прызму “ВА МНЕ” ты можаш разглядаць і дзве папярэднія групы тэм: ТВАЕ адносіны да падзей сусветнага маштабу, ТВАЁ ўспрыманне праблем нашай краіны.

Памятай адно: ЦІКАВА ТАБЕ – ЦІКАВА ЧЫТАЧАМ!
КУФЭРАК” ЖУРНАЛІСТА

Хачу зазначыць, што чалавек навучыцца добра пісаць, калі створыць нешта падобнае да бабулінага куфэрка. Ты павінны калекцыянаваць словы, фразы, збіраць колеры, пахі, гукі, рухі, якасці, культываваць у сабе асаблівае ўспрыманне звычайных надзённых рэчаў: прабітага кола, перагарэўшай лямпачкі, разарванага кружава, згубленай запіскі, апошняга ўдару лёсу, пачуццё ванітавання ў чалавека, які канчаткова выбіўся з сіл... Мы назапашваем гэтыя кавалачкі з тым, што калі-небудзь яны нас спатрэбяцца.


ВУЗЕЛЬЧЫКІ НА ПАМЯЦЬ

Галоўнае - не прапускаць патрэбную інфармацыю між вушэй. Майстэрства журналіста заключаецца ў тым, каб ПАБАЧЫЦЬ, АБДУМАЦЬ і РАСПАВЕСЦІ.

Рэпарцёры здабываюць інфармацыю з трох крыніц:

- ДАКУМЕНТЫ І ЗАПІСЫ

Дакументам можа быць пратакол сходу, педагагічнага савета, загад дырэктара, якія вы можаце не проста паведаміць, але і пракаментаваць. Дадай сюды газетныя артыкулы, даведнікі – усё, што не падлягае сумненню, і пачатак работы над матэрыялам можна лічыць паспяховым.



- ІНТЭРВ’Ю

Інтэрв’ю – рэч больш вольная. Фраза спартсмена, сказаная табе пасля матча ў раздзявалцы, – гэта ўжо інтэрв’ю. Але як правіла яно прадугледжвае некалькі пытанняў і адказаў на вызначаную тэму. Не ўсяму пачутаму трэба верыць. Калі сумняваецеся, пераправер, ці нават перапытай у субяседніка. Памятай, што за праўдзівасць артыкула адказвае аўтар.



- УЛАСНЫЯ НАЗІРАННІ

Неабходна ўмець заўважаць такія дэталі, якія дапамогуць “перанесці” чытача на месца падзеі. Уласныя назіранні дапамагаюць упрыгожыць матэрыял.


ПРОБА ПЯРА

ЦЯГНІЦЕ” НА АДЗІНКУ



Дарагія вучні, калі вы дакладна ведаеце, што ваш перасказ параграфа ці развязванне задачы не каштуе больш за двойку, то з усёй моцы прасіце настаўніка паставіць адзінку. У журнале і дзённіку яе не будзе.

Такое вырашэнне (не ставіць адзінкі) было прынята на педсавеце школы (пауза для дружнага “ура!”).

Дарагія настаўнікі, можа і двойкі адменіце?

Ірына Туманава. в. Дварэц.
ДЖУРОЦЫ – СВЯТА ВАДЫ

Летам я адпачывала ў бабулі і дзядулі. Хачу расказаць пра адно армянскае свята. Яно праводзіцца летам. Гэта вельмі незвычайнае свята.

Усе рабяты, якія жывуць у нашым двары, выходзяць на вуліцу з вёдрамі, кружкамі, каструлямі, напоўненымі вадой. І пачынаюць абліваць адзін аднаго.

Здаецца, пасля такога свята ўсе павінны пайсці дамоў чыстымі. Але атрымліваецца наадварот.

Наступае момант, калі ўсё ёмістасці аказваюцца пустымі, тады мы пачынаем браць ваду з калюг. Самі не заўважаем, як становімся бруднымі.

Пасля свята многім у рот трапляюць смяшынкі і мы пачынаем смяяцца без перапынку.

Ліда Даніліна.
ХАТНЯЕ ЗАДАННЕ

1. Якія неабходныя якасці прысутнічаюць у прыведзеных вышэй зацемках (дакладнасць, лаканічнасць, зразумеласць)? Дзе яны патрэбныя, а дзе патрэбныя не ўсе?

2. Да якой катэгорыі тэм адносіцца кожная з зацемак?

3. З якіх крыніц здабыта інфармацыя (дакумент, інтэрв’ю, уласныя назіранні)?

4. Агляніся. Ты ў школе? Ты дома? Ты ў гасцях у сябра? Усё падыходзіць. Пералічы дзесяць тэм, якія ты знайшоў у дадзены момант.

5. Напішы заметку на любую з вызначаных тэм. Выкарыстоўвай розныя крыніцы інфармацыі і назавіце якімі ты карыстаўся.



Сустрэча 3.
ТЭМА ЗНОЙДЗЕНА. ШТО ДАЛЕЙ?
ЯК ЗБІРАЦЬ МАТЭРЫЯЛ І ГУТАРЫЦЬ З ЛЮДЗЬМІ? ЯК ДАМАЎЛЯЦЦА АБ СУСТРЭЧЫ І РЫХТАВАЦЦА ДА ЯЕ? ЗНЕШНІ ВЫГЛЯД ЖУРНАЛІСТА

На мінулай сустрэчы мы гаварылі аб пошуках тэмы для матэрыяла, аб тым, як гэта складана. Але нават калі пераадолены этап пошукаў, тэма знойдзена, аказваецца, што гэта толькі пачатак вашых цяжкасцей. Бо ўсіх этапаў – пяць:



- АФАРМЛЕННЕ ІДЭІ МАТЭРЫЯЛА,

- ЗБОР ФАКТАЎ,

- АНАЛІЗ ФАКТАЎ, СКЛАДАННЕ ПЛАНУ,

- ЧАРНАВІК,

- ПЕРАПРАЦОЎКА ТЭКСТУ.

Сёння мы пагаворым пра другі этам – збор фактаў.

Аднак, для пачатку прыгадаем з якіх крыніц журналіст атрымлівае звесткі. Падказка: 1 – дакументы, 2 – інтэрв’ю, 3 – уласныя назіранні.
УЛАСНЫ ПРЫКЛАД

Рэдактар дае заданне Наташы напісаць матэрыял аб рабоце ветэрынарнага ўрача. ДАКУМЕНТАМ паслужыла аб’ява ў газеце з указаннем адраса і гадзін работы. Юны карэспандэнт абмеркавала ідэю разам з рэдактарам і пачала дзейнічаць.

Для пачатку яна патэлефанавала па апублікаванаму тэлефону.

– Дзень добры. Гэта ветэрынарная лячэбніца? З вамі гаоврыць Наталля Сяргеева, карэспандэнт газеты. У мяне заданне – напісаць матэрыял паб рабоце ветэрынара. Калі можна да вас падысці?

Пасля гэтага пачала рыхтавацца да сустрэчы. Перш за ўсё – аб чым пытаць урача?

ІДЭЯ сучаснага Айбаліта адразу навеяла на такія пытанні: 1 – ён пад дрэвам сядзіць ці дзе? 2 – прыходзь да яго лячыцца і карова, і валчыца? І яшчэ хто? 3 – усім па парадку дае шакаладку? Гогалем-могалем поіць ці чым? 4 – дома ў яго сабака, малпачка ці хто іншы?

Літаратурны вобраз дапамог сфармуляваць уласныя пытанні.

Цяпер як апрануцца? Калі б Наташа ішла ў тэатр гутарыць з рэжысёрам, то неабходна было б апрануцца шыкоўна, каб не шакіраваць гледачоў і работнікаў джынсамі і красоўкамі. На будоўлю, безумоўна, не апранала б боцікі на абцасах і доўгае паліто. Наташа надзела штаны, джэмпер і куртку. Самае звычайнае адзенне для кожнага дня.

Ветэрынарам аказалася спагадлівая жанчына, праблем з сустрэчай у Наташы не было. Пачаўся этап ЗБОРА ФАКТАЎ. А крыніцай стала... Правільна – ІНТЭРВ’Ю.

Праўда, размаўляць ветэрынару з дзяўчынкай не было калі, яна прымала пацыентаў. У Наташы паявілася трэцяя, вельмі цікавая крыніца матэрыялу, УЛАСНЫЯ НАЗІРАННІ.

Усе астратнія этапы – творчыя, у дзяўчынкі былі дома за пісьмовым сталом. У выніку атрымалася інтэрв’ю “Птушачку шкада...”
ПРОБА ПЯРА

ПТУШАЧКУ ШКАДА...

Добры доктар Айбаліт, як вядома, сядзіць пад дрэвам. А дзе ж працуюць сучасныя Айбаліты

Каб адказаць на гэта пытанне, адправілася ў ветэрынарную лячэбніцу, якая знаходзіцца на вуліцы Маскоўская.

Вось я ў кабінеце ўрача Таццяны Аляксандраўны Скарынінай. Папрасіла дазволу папрысутнічаць на прыёме, і мы з ёй чакаем пацыентаў. Выкарыстоўваючы вольныя хвілінкі, задаю пытанні.

Чаму вы сталі менавіта ветэрынарам?

Я нарадзілася ў сельскай мясцовасці і вельмі люблю жывёл. Ужо ў 7 класе я выбрала гэту прафесію.

А ці бываюць у вас на прыёме якія-небудзь асаблівыя жывёлы ці толькі кошкі ды сабакі?

Прыносяць хамякоў, птушак. Часам даводзіцца выязджаць на дом лячыць кароў, коз, свіней.

На якія сродкі існуе ваша лячэбніца? Лекі ж цяпер вельмі дарагія.

Самі мы не набываем, нам дастаўляюць з аптэк.

А ў вас дома ёсць жывёлы?

Так, кошка.

А вось і першы пацыент – шчаня афгана. Ён няўдала скочыў і пашкодзіў сабе лапку. У выніку – расцяжэнне звязак.

Упэўнілася, што жывёлы, як і людзі, на прыёме ва ўрача вядуць сябе па-рознаму: адныя спакойна чакаюць сваёй чаргі, з лёгкасцю пераносяць працэдуры, а іншыя хвалююцца. Сабакі скуляць, кошкі мяукаюць.

Шчанюка спаніеля прынеслі на прышчэпку. Іх неабходна рабіць жывёлам, каб перасцерагчы ад хвароб.

Чаго я толькі не даведалася, пабываўшы на прыёме ва ўчара Таццяны Аляксандраўны.

Наталля Сяргеева.
ХАТНЯЕ ЗАДАННЕ

1. Знайдзі ў якасці крыніцы які-небудзь дакумент (загад, даведка, інфармацыйнае паведамленне, аб’ява, даведнік, ліст ці дакумент з сямейнага архіва). Паспрабуй сфармуляваць ідэю будучага матэрыяла.

2. Збірай факты. Чым больш, тым лепш. Гутары з людзьмі, назірайце, шукай у пісьмовых крыніцах. Пераправярай.

3. Прааналізуй сабраныя факты. Выберы самыя галоўныя і цікавыя (вось чаму збіраць неабходна больш, каб было з чаго выбіраць). Складзі план матэрыялу.

4. Пачынай пісаць. Не бойся. НАПІШЫ ХОЦЬ ШТО-НЕБУДЗЬ. Гэта чарнавік. Тут ты можаш мараць і выпраўляць, колькі заўгодна. А не спадабаецца, наогул парві і выкінь. Пачні ўсё спачатку.

Сустрэча 4.
ЯК ПІСАЦЬ МАТЭРЫЯЛ?
ВУЗЕЛЬЧЫКІ НА ПАМЯЦЬ

Увесь час памятай, што матэрыял – гэта падборка фактаў, майстарскі выкладзеных і ўмела скампанаваных.

Выбіраючы падачу, замудася:

- Ці свежая ваша інфармацыя? Калі так, дык як лепш падаць самыя экстраныя моманты? Калі падзея не першай свежасці, то як найбольш цікава падаць яе сёння?

- Што ў матэрыяле самае галоўнае – людзі ці падзеі?

- Наколькі сам чытач можа валодаць інфармацыяй аб падзеі?

- Наколькі гэта важна для чытача?
АДЗІН НА АДЗІН З ЧЫСТЫМ АРКУШАМ ПАПЕРЫ.

ВЫБАР ЦЭНТРАЛЬНАЙ ДУМКІ

На мінулай сустрэчы мы ўмоўна вызначылі пяць этапаў работы над матэрыялам (прыгадаем: 1 – афармленне ідэі, 2 – збор фактаў, 3 – аналіз фактаў і складанне плану, 4 – чарнавік, 5 – перапрацоўка тэксту). Мы разам паглядзелі, як афармлялася ідэя заметкі пра ветэрынара, вырашылі, як трэба апранацца, ідучы на інтэрв’ю.

Цяпер – пра трэці этап. АНАЛІЗаваць факты ты можаш і ў працэсе іх збору, тады зразумееш, чаго цябе яшчэ не хапае. Але, здаецца, што матэрыялу ўжо дастаткова. Ты садаеш за пісьмовы стол.

Пра што будзе твой артыкул? Адкажы сабе адным кароткім сказам. Гэта і будзе ГАЛОЎНАЯ ДУМКА. Цяпер вызнгачым, якія з сабраных фактаў найбольш якія?

Якія пытанні могуць паявіцца ў чытача, і што ён будзе чакаць ад твайго артыкула? Пастарайся адказаць на іх.

У якім тоне будзе напісаны артыкул – трывожным, гумарыстычным, пагрозлівым? Гэта таксама залежыць ад мэты матэрыялу. Калі ты гаворыш пра экалагічныя праблемы, якія пагражаюць жыццю людзей, то, сам разумееш, што гумарыстычны тон не падыдзе.

Вызначся таксама ад трэцяй ці першай асобы будзеш весці свой расказ.

СКЛАДАННЕ ПЛАНУ. Гэта твая асабістая справа. Кожны складае па-рознаму. Нехта піша яго, як да школьнага сачынення. Іншы проста пералічвае сабе самыя важныя факты і нумаруе іх у тым парадку, у якім яны павінны стаяць у матэрыяле. Трэці проста вылучае яркія факты ў сваім блакноце чырвоным алоўкам, каб хутчэй заўважыць, і абмяжоўваецца гэтым.

Выпрацуй сваю стратэгію. Ніхто не пабачыць твайго плану, не паставіць табе адзнаку. Гэта твой працоўны інструмент. Чытач пабачыць толькі вынік працы. Ён павінен быць выдатным!


ПРОБА ПЯРА

ГЭТА СТЫХІЙНАЕ БЕДСТВА!

У нашай гімназіі прайшла эканамічная гульня. Мама кажа, што гэта стыхійнае бедства, таму што ў гэты дзень ніхто не вучыцца. Усе носяцца туды-сюды, нешта прапаноўваюць. Шум-гам-тарарам! Цудоўна! Нам падабаецца! А дзе яшчэ школьнікам зарабіць грошы?

У гэтым годзе наш клас падзяліўся на асобныя групы, у кожнай была свая справа. Я, Алег Карагін, Цёма Міраў і Ягор Карабанаў арганізавалі фірму “Фатон”.

У нас можна было пагуляць на прыстаўках, паглядзець відэафільм. Мы ўзялі ў арэнду адзін пакой, абсталявалі яго: тэлевізары, прыстаўкі, відэамагнітафон, касеты – усё прынеслі з дому, хто што.

Жадаючых пагуляць было шмат. Асаблівым попытам карысталася прыстаўка “Sega”. Шкада толькі, што дзень хутка закончыўся.

Пасля гульні мы прыбраліся ў класе, разабраліся ў нашай бухгалтэрыі. З выручаных грошай заплацілі за арэнду памяшкання, падатак з прыбытку. Астатнія грошы падзялілі паміж сабой. Атрымалася ні многа, ні мала.

Гульня праходзіла 4 сакавіка. А на наступны дзень я купіў матулі кветкі да свята.

Саша Казанцаў.
АЙ-Я-ЯЙ!

Давай ўзгадаем хатняе заданне з сустрэчы 2. Мы прасілі назваць дзесяць тэм, якія побач з табой. Не думалі, што яно будзе такім складаным. Многія назвалі: “дом”, “школа”, “тэлебачанне”, “надвор’е”, “газета”. Гэта не тэмы , а групы тэм.

Паспрабуй напісаць на тэму “Школа” і ты не зможаш, заблытаешся ў сваіх думках. А калі ўзяць канкрэтныя “Новы дырэктар”, “Што я бачу са школьнага акна”, “Вялікі перапынак”, тады тваім фантазіі і імпэту можна будзе толькі пазайздросціць.

Ты ўсё зразумеў?



ХАТНЯЕ ЗАДАННЕ

Ты ўважліва прачытаў тое, што напісана Сашай Казанцавым у заметцы пад назвай “Гэта стыхійнае бедства!”?

1. Якая, па-твойму, галоўная думка матэрыялу? Скажы яе адным сказам.

2. Якімі крыніцамі карыстаўся аўтар (дакумент, інтэрв’ю, уласныя назіранні)?.

3. Ад якой асобы вядзецца расказ?

4. Да якой вялікай групы тэм адносіцца заметка (у свеце, у краіне, ва мне)?

5. Ці ўзніклі ў чытача пытанні, на якія аўтар не адказаў? Ці цалкам раскрыта канцэпцыя матэрыялу?

А цяпер, ЗАДАННЕ ТВОРЧАЕ.

- Выберы любую тэму для матэрыяла.

- Збяры факты і прааналізуй іх.

- Вызнач галоўную думку будучага матэрыялу.

Напішы адным сказам галоўную думку твайго матэрыяла, а потым і саму заметку.



Сустрэча 5.
МОВА І СТЫЛЬ ГАЗЕТЫ
ФАКТЫ І МАСТАЦКАЕ СЛОВА

Мы дамовіліся, што тэмай для газетнага матэрыялу можа быць усё, што цікавіць цябе: ЦІКАВА ТАБЕ – ЦІКАВА ЧЫТАЧАМ!

Мы разам прайшлі тры этапы работы над матэрыялам: афармленне ідэі, збор фактаў, аналіз фактаў і складанне плану.

Цяпер самы складаны этап – ЧАРНАВІК.

Ты ўжо ведаеш, ШТО ты хочаш напісаць, але пакуль не зусім уяўляеш, ЯК гэта зрабіць. Паспрабуй стары выпрабаваны спосаб – ПІШЫ ТАК, ЯК ГАВОРЫШ.

Гэта не значыць, што неабходна выкарыстоўваць ўсялякія размоўныя фенечкі, напрыклад “Не, ты толькі ўяві, стары!”. Спосаб заключаецца ў тым, каб у чытач думаў, што ты яму РАСКАЗВАЕШ.

Калі ты нешта расказваеш вусна, то не заўважаеш, як выбіраеш самыя яркія факты, якія запомніліся, і словы падбіраеш... мастацкія.

Пры кампаноўцы матэрыялу карысна задаць сабе наступныя пытанні:

1. Якая асноўная тэма, ад якой ты не павінен далёка адыходзіць?

2. Ці дапамогуць у напісанні матэрыялу цытаты і дыялогі? Ці стануць яны паспяховымі звязкамі? Ці знойдзецца наогул месца для пытанняў і адказаў?

3. Ці патрэбныя ў матэрыяле прыклады з жыцця? Ці ёсць яны ў цябе?

4. Калі табе вядомыя два пункты гледжання па дадзеным пытанні, ці неабходна пісаць абодва?

Каб ФАКТ і тваё СЛОВА адпавядалі адзін другому, неабходна перайсці да пятага этапа работы над матэрыялам – АПРАЦОЎКА ТЭКСТУ.

Ты захапіўся, калі пісаў? Тваё дзецішча здаецца табе ідэальным, што ты не бачыш у ім недахопаў? Адкладзі яго ў бок на дзень, ці хаця б на некалькі гадзін. Паглядзі па-новаму. Чагосьці не хапае?.. Нешта лішняе?..

Пераканайся яшчэ раз, што ўсе ФАКТЫ “ляглі” на паперу.
ВУЗЕЛЬЧЫКІ НА ПАМЯЦЬ

Запомні некалькі прынцыпаў добрага стылю:

1. Пішы энергічна. Не “двойка была пастаўлена”, а “двойку паставілі”.

2. Дзеяловы падбірай моцныя, энергічныя. Яны ствараюць больш дакладны малюнак падзеі. Прыметнікі выкарыстоўвай беражліва. Навошта пісаць “суседка моцна крычала”, калі крычаць можна толькі моцна.

3. Карыстайся простымі словамі, не выкарыстоўвай модныя, замежныя, прафесійныя тэрміны, якія не зразумелы чытачу. Калі ты не можаш абысціся без гэтых слоў, тады абавязкова растлумач іх.

4. Фразы не павінны быць доўгімі. Адна думка – адзін сказ.

5. Выкарыстоўвай дэталі, якія выклікаюць у чытача ўяўленне, быццам ён прысутнічае на месцы дзеяння. Паказвай, а не расказвай.

6. Не рабі пустых сцвярджэнняў: “яна добрая і клапатлівая”. Чытач не абавязаны верыць. Дакажы прыкладам, які сведчыць.

7. У матэрыяле павінна змяшчацца і перадгісторыя падзеі. Каб у чытача разумеў. Матэрыял павінны “стаяць на ўласных нагах”.

8. Тлумач складаныя тэмы. Выкарыстоўвай параўнанні.

9. Значныя словы стаў у пачатку і канцы сказаў.

10. Прачытай артыкул услых – так лягчэй заўважыць слабыя месцы.

11. ЧЫТАЧ ПАВІНЕН ВЕДАЦЬ УСЁ. Ніякіх недасказанняў. Калі ў заметцы не названа крыніца інфармацыі, яна павінна ўсё роўна прачытвацца.


: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка