Аляксандр коўка буквар журналіста



старонка2/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер494.92 Kb.
1   2   3

ПІШАМ...

ФІКУС” НЕ АТРЫМАЎСЯ



Кожнаму вядома, што Новы год святкуецца 31 снежня. А вучні 10 класа N-школы зрабілі гэта свята 23 кастрычніка. Перад урокам філасофіі каля школьнай дошкі паставілі двухмятровы фікус у вядры, які адлюстроўваў ёлку. Расліна была ўпрыгожана падручнымі матэрыяламі: стужкамі, ручкамі, ключамі ад кабінета.

Каля “ёлкі” на падлозе вучні намалявалі мелам чалавечыя сляды, на дошчы красаваліся Дзед Мароз і Снягурка і надпіс “З Новым Годам!”.

Аднак не думайце, што ўсе вучні 10 класа страцілі розум. Проста яны не любяць урок філасофіі і лектара, які ўвесь час мерае шагамі прастору перад дошкай. Вядро з фікусам на яго “шляху” павінна было перашкодзіць.

Аднак, на працягу ўсяго ўрока настаўнік старанна абыходзіў расліну, а вучні толькі локці сабе грызлі з дасады. Надзея.
...І РАЗБІРАЕМ

1. Карцінка намалявана дастаткова ярка. Канкрэтныя дэталі ствараюць эфект прысутнасці.

2. Дзеясловы моцныя: “мерае прастору”, “грызлі локці”.

3. Прыметнікі толькі самыя неабходныя: падручныя матэрыялы, чалавечыя сляды.



ПРОБА ПЯРА

ЗОРНАЕ НЕБА – МАЯ ЛЮБОЎ

Зорнае неба... Здаўна людзі, гледзячы на яго, захапляліся яго прыгажосцю. Цяпер я таксама кожны вечар шукаю знаёмыя сузор’і: “Вялікая Мядзведзіца” махае мне хвастом, “Цялец” падміргвае “Альдэбаранам”, “Арол” глядзіць зверху, “Арктур” ляціць на сваім парашуціку “Волапасе”.

А ўсё пачыналася з зорнай школы планетарыя, у якую я хадзіла ў жніўні.

Нам распавядалі старадаўнія легенды пра зоркі, паказвалі іх на купале планетарыя пад незвычайную касмічную музыку. А яшчэ нам задавалі пытанні, і тыя, хто правільна на іх адказваў, атрымліваў “астраадзіначку”.

Я назбірала больш за іншых “астраадзіначак” і мне падарылі астранамічны каляндар. Я даведалася шмат новага і цікавага пра зоркі і планеты.

Вялікі дзякуй табе, планетарый!

Насця Старцава.
ХАТНЯЕ ЗАДАННЕ

1. Выкарыстоўваючы прынцыпы добрага стылю (глядзі “Вузельчыкі на памяць”), пісьмова разбяры матэрыял “Зорнае неба – мая любоў”.

2. У сказе “вучань сеў на месца”, замяняючы па чарзе ўсе словы на сінонімы, паспрабуй дабіцца рознай змястоўнай і эмацыянальнай афарбоўкі. Напішы свае варыянты.

3. У мінулы раз ты складаў сабе спісак з 10 тэм. Напішы заметку на адну з іх. Ацані, ці ўдала яны былі выбраны і сфармуляваны.



Сустрэча 6.
АБ ЖУРНАЛІСЦКІХ ЖАНРАХ
ЁСЦЬ ЖАНРЫ РОЗНЫЯ...

Вазьмі любую свежую газету і ўважліва прачытай яе. Заўважыў, што матэрыялы ў ёй розныя па памерах, па дакладнасці напісання, па стылю?

У газеце ты знойдзеш інфармацыйныя заметкі, рэпартажы, артыкулы, нарысы, справаздачы, інтэрв’ю, карэспандэнцыі, рэцэнзіі, фельетоны і інш. Гэта прадстаўнікі розных газетных жанраў. У кожнага з іх свае асаблівасці, але агульным з’яўляецца тое, што любы матэрыял заснаваны на дакладных і добра правераных фактах.

Адзін нумар газеты можа змясціць амаль усе журналісцкія жанры. Таму такі нумар добра глядзіцца і з задавальненнем чытаецца.

Акрамя журналісцкіх жанраў на старонках многіх газет друкуюцца творы літаратурных жанраў: апавяданні, вершы, песні, казкі, паэмы і г.д. Яны робяць газеты больш разнастайнымі і цікавымі.
ХТО ЁСЦЬ ХТО?

Калі рэдактар дае табе заданне: “Схадзі, вазьмі інтэрв’ю ў таго і таго” ці “Едзь, зробіш рэпартаж”, табе ўжо не даводзіцца думаць, які жанр выбраць для свайго матэрыялу.

А калі ідэя належыць табе, фактаў сабрана шмат, і ты думаеш, як лепш імі распарадзіцца, вось тут і не абысціся без выбару жанра. Бо жанр – гэта спосаб “упакоўкі” фактаў і думак.

Пачнем з простага прыкладу. На вашых вачах адбылося сутыкненне дзвюх машын. Вы набіраеце рэдакцыйны нумар і дыктуеце навіну:

“Сёння, 21 лістапада, у 16 гадзін на перакрыжаванні вуліц Гагарына і Прыпяцкая сутыкнуліся КамАЗ і “Форд”. Наезд учыніў вадзіцель самазвала.

Шафёр-парушальнік правілаў дарожнага руху затрыманы. Пасажыры легкавога аўтамабіля дастаўлены ў бальніцу”.

Розныя жанры адказваюць на розныя пытанні.

ШТО, ДЗЕ, КАЛІ – інфармацыя. “Сутыкнуліся”, “на перакрыжаванні”, “у 16 гадзін”. Толькі факты, якія не змяшчаюць ніякіх падрабязнасцей, не маюць эмацыянальнай афарбоўкі. Гэта – ІНФАРМАЦЫЯ. Ты проста інфармуеш чытача аб падзеі. Тэрміновасць паведамлення не дае магчымасці набраць больш фактаў.

ЯК гэта адбывалася – РЭПАРТАЖ. Усё паказаць, каб чытач быццам сам трапіў на месца здарэння. Дабіцца эфекта прысутнасці. Апісаць разбітую машыну, прыезд і ад’езд “хуткай дапамогі”, паводзіны парушальніка і г.д.

ЧАМУ – ты хочаш даведацца ў спецыялістаў прычыну таго, што здарылася. Задаеш пытанні, якія могуць узнікнуць і ў чытача, кампетэнтным асобам – інспектару ДАІ, следчаму, сведкам. Гэта ІНТЭРВ’Ю.

Часта элементы розных жанраў сустракаюцца ў адным матэрыяле.

Калі ты падрабязна апісваеш падзею, дадаеш свае разважанні і выносіш свае ацэнкі – гэта КАРЭСПАНДЭНЦЫЯ.

Калі ты вырашыў даследаваць праблему, набраў статыстычныя дадзеныя за некалькі гадоў, пазнаёміўся з меркаваннем спецыялістаў, параўнаў са станам гэтай праблемы ў іншых месцах, усё прааналізаваў – гэта праца называецца АРТЫКУЛАМ. Жанр складаны, таму аналітычны.

Крыху пазней мы пазнаёмімся з асноўнымі жанрамі журналістыкі больш падрабязна.


ГАРТАЮЧЫ ГАЗЕТЫ

Возьмем любую газету.

Традыцыйна на першай старонцы размешчаны фотаздымак ці карцінка, якая ілюструе важны матэрыял нумару. Яшчэ тут размяшчаюць анонсы публікацый газеты, ПЕРАДАВІЦЫ – матэрыялы напісаныя ад імя рэдакцыі (не падпісаныя, без канкрэтнага аўтара).

2 і 3 поласы (так называюцца газетныя стронкі) часцей за ўсё змяшчаюць падборкі кароткіх ІНФАРМАЦЫЙНЫХ ЗАМЕТАК. Для іх “асноўная канструкцыя” – факты.

Далей – АРТЫКУЛЫ, РЭПАРТАЖЫ, АПЫТАННІ. У “падвале” (ніжняя частка паласы) могуць быць размешчаны РЭЦЭНЗІІ, СПРАВАЗДАЧЫ. Многія газеты адводзяць літаратурную старонку, дзе публікуюць АПАВЯДАННІ, ВЕРШЫ, ЗАМАЛЁЎКІ.

Для апошняй старонкі характэрны “вольныя” матэрыялы – АНЕКДОТЫ, РЭКЛАМА, КРЫЖАВАНКА.


ХАТНЯЕ ЗАДАННЕ

1. Вазьмі любую газету. Зрабі яе агляд. Ці знайшоў знаёмыя жанры? Пакажы перавагі матэрыялаў, якія спадабаліся, недахопы слабых, на твой погляд, публікацый.

2. Наша тэма – “Перапынак”. Выберы жанр у якім ты напішаш на гэту тэму. Збяры матэрыял. Ты можаш абмежавацца толькі сваім класам, можаш узяць усю школу, а можа табе давядзецца пабываць і ў іншых месцах.
Сустрэча 7.
ЗАГАЛОВАК:

СКАЗАЦЬ УСЁ І - КОРАТКА


ЯК КАРАБЕЛЬ НАЗАВЕШ...

Уяві сабе газету без загалоўкаў. Па-першае, ты не здолееш хутка разабрацца ў матэрыялах, а па-другое, гэта проста непрыгожа і нумар не будзе глядзецца.

Загалоўкі выконваюць некалькі важных задач:

1. Загаловак павінен падводзіць чытача да зместа артыкула. Паколькі інтарэсы чытачоў самыя розныя, загаловак, які прыцягнуў увагу аднаго, пакіне абыякавым другога. Можа стацца і так, што чытач атрымае ўсю неабходную інфармацыю ўжо з загалоўка. Напрыклад: “Дзядзечка Біл камп’ютэр купіў”. Для тых, хто любіць хутка праглядаць матэрыялы, гэтага загалоўка цалкам дастаткова, каб уявіць аб чым будзе ісці гаворка ў заметцы.

Існуюць розныя тыпы загалоўкаў: пытальныя (“Што ў нас на першае?”), сцвярджальныя ці інфармуючыя (“Гараць гірлянды ў сталіцы”), клічныя (“Не здадзімся настаўнікам!”), у выглядзе звароту (“Сябруйце з намі!”) і іншыя.

Часта журналісты імкнуцца да таго, каб загалоўкі інтрыгавалі чытача, застаўлялі адкласці ўсе справы і прачытаць матэрыял. Калі вам сустрэнецца загаловак “На “біс” – першы “парт”, вы абавязкова прычытаеце заметку, бо захочаце даведацца, што такое “парт”. А вось матэрыял пад загалоўкам “Дзяўчынкам гэта нецікава” абавязкова прачытаюць усе дзяўчынкі (з цікаўнасці!) і тым больш хлопчыкі (бо тут ёсць намёк на мужчынскую тэму).

Добра глядзяцца і ўспрымаюцца загалоўкі, у якіх выкарыстоўваюцца розныя літаратурныя прыёмы: метафары, цытаты, крылатыя словы і выразы (“Ключ” ад школы”, “Школы ўсякія патрэбны…”, “Хлопчык хоча ў Тамбоў”).

2. Загалоўкі дапамагаюць размеркаваць матэрыялы па ступені важнасці. Сваімі памерамі і размяшчэннем яны даюць чытачу зразумець, наколькі рэдакцыя лічыць гэтыя матэрыялы цікавымі.

3. Загалоўкі разбіваюць тэкст матэрыялаў, выконваючы такім чынам афарміцельскія задачы.
На “рэдакцыйнай кухні”, дзе макетуецца нумар, не бывае другарадных “прыпраў”, і загаловак лічыцца адной з асноўных.
ВУЗЕЛЬЧЫКІ НА ПАМЯЦЬ

У загалоўках павінна змяшчацца асноўная думка матэрыялу. У іх не трэба змяншаць ці павялічваць значэнне фактаў.

Каб загаловак мог ёмка адлюстраваць асноўную думку, ён павінен быць канкрэтным. Слабыя загалоўкі атрымліваюцца пры выкарыстанні слоў, што не маюць дачынення да матэрыялу. Памятайце! Добры загаловак змяшчае толькі дакладныя, ключавыя словы.

Калі журналіст вельмі доўга корпаецца ў пошуках дакладнай фармулёўкі загалоўка, гэта значыць, што сама ідэя вызначана вельмі туманна.



Чым карацейшы загаловак, тым ён больш выразны. Можна карыстацца такім прыёмам: напішыце звычайны сказ, які перадае сутнасць матэрыялу, потым прыбярыце лішнія словы. У выніку, як правіла, застаецца добры загаловак.

Загаловак павінен не толькі ясна чытацца, але і быць зразумелым. Не трэба выкарыстоўваць рэбусы. Напрыклад да загалоўка “Свята СМІДа” давядзецца размясціць цэлы сказ, што СМІД – гэта не прозвішча, не заклінанне, а толькі Саюз моладзі і дзяцей.



Звычайна загалоўкі пішуць у цяперашнім часе (“Еду ў летнік”). Але ёсць і выключэнні, асабліва калі матэрыял прысвечаны гістарычным падзеям (“Галілей вынайшаў тэлескоп”).

Адным словам, пазбягай непатрэбных слоў, шукай аптымальную даўжыню загалоўка. Памятай – ЗАГАЛОВАК ПАВІНЕН ПАДАВАЦЬ МАТЭРЫЯЛ.


АЙ-Я-ЯЙ!

Многія думаюць: быў бы матэрыял, а загаловак знойдзецца. Вось і атрымліваюцца многія заметкі без назвы. Тым, хто лічыць, што загалоўкі прыдумляць лёгка, прапануем правесці эксперымент: вазьміце любую газету і паспрабуйце да напісаных матэрыялаў падабраць найлепшыя загалоўкі. Але такія, каб у іх не было слоў іншых загалоўкаў, каб лішняга месца не займаў, непажаданых асацыяцый не выклікаў, не быў штампам і г.д.

Гэта папрок не ўсім. Нехта імкнецца прыдумаць загаловак да свайго матэрыяла, але атрымліваецца, што яго вельмі проста можна выкарыстаць для тэкста, які напісаў калега. Напрыклад, “Самы любімы настаўнік”. Пад такім загалоўкам можна цэлую газету выпусціць.

А загаловак “Што здарылася?” падыдзе да розных сітуацый: канфлікт у школе, аварыя на дарозе, эпідэмія… Ён нічога не паведамляе.

Загаловак “Фестываль песні” нагадвае адзін з пунктаў плана работы. Адразу задумваешся, а раптам у заметцы пойдзе пералік назваў песень і іх выканаўцаў.

Ёсць над чым падумаць, паразважаць!

Пішы матэрыялы з некалькімі варыянтамі загалоўкаў. Так і навучышся.
ХАТНЯЕ ЗАДАННЕ

1. Прапануем табе заметку, якая падрыхтаваная да друку. не хапае толькі загалоўка. Напішы свае варыянты.



Я жыву ў раённым цэнтры. Але ў выхадныя няма куды пайсці. Маладзёжнае кафэ працуе вельмі рэдка ды толькі да абеду. У кінатэатры кіно не паказваюць, бо туды ніхто не ходзіць. Дыскатэка сумная і круцяць там дрэнную музыку.

Многія рабяты сядзяць дома, а некаторыя цягаюцца, менавіта цягаюцца па падвалах.

Паважаныя дарослыя, калі ласка звярніце ўвагу на нас, на маладых!

2. Вазьмі любую газету. Знайдзі паспяховыя і няўдалыя загалоўкі. Чаму ты так вырашыў?

3. Напішы свой матэрыял з загалоўкам.

Сустрэча 8.
ЛІДЫ І ІХ ВІДЫ
ПЕРАГОРНЕМ ПІРАМІДУ

Ты ўжо не навічок і прывык да таго, што твае матэрыялы скарачаюць перад тым, як яны трапяць у газету.

Няма такога аўтара, які б спакойна ставіўся да таго, што яго публікацыю “рэжуць”, як кажуць журналісты. Здаецца, што кожны склад правераны, правільна пабудавана кожная фраза, абзац. Але паступова карэспандэнт прывыкае, па-першае, пісаць карацей, а, па-другое, скарачаць самога сябе. Каб скарачэнне адбывалася як мага хутчэй і з найменшымі стратамі у ІНФАРМАЦЫЙНЫХ матэрыялах прымяняюць метад “ліда”.

ЛІД” (ад англійскага “вядучы”), азначае, што сутнасць падзеі выкладаецца максімальна сцісла ў ПЕРШЫМ АБЗАЦЫ: што здарылася, дзе і калі. А вось чаму адбылося і з якімі наступствамі – гэта можна выкласці ў ДРУГІМ АБЗАЦЫ. Уласныя ўражанні ад падзеі – у ТРЭЦІМ.

Гэта падобна да перагорнутай піраміды, у якой самая свежая, важная інфармацыя размешчана “наверсе”, потым ідуць менш значныя і цікавыя факты. Такая структура найбольш прыдатная для чытача. Ён хутка знаёміцца з галоўным і можа спыніць чытанне ў любы момант. Акрамя таго, матэрыял, пабудаваны па метаду “ліда”, вельмі лёгка скарачаць – гэта робіцца з канца.

І яшчэ маленькі хітрык – “піраміда” дапаможа пачаць матэрыял, а гэта часам бывае самае цяжкае. Пасля таго, як ты вырашыш, якім будзе тып ЛІДЗІРУЮЧАГА АБЗАЦА, табе будзе проста напісаць астатнюю частку матэрыяла.


ВУЗЕЛЬЧЫКІ НА ПАМЯЦЬ

Задача ліда – прыцягнуць увагу чытача да матэрыяла, “запрасіць” яго да чытання. Часцей за ўсё выкарыстоўваюцца наступныя віды лідаў:



РЭЗЮМЕ, ці кароткае выкладанне падзеі (“У нашай школе сёлета настаўнікі вырашылі аднавіць добрую традыцыю дзяжурстваў. Кожны клас, з 6 па 11, павінен адпрацаваць у якасці дзяжурных цэлы тыдзень”). Тут ёсць адказы на ўсе галоўныя пытанні: ХТО? (настаўнікі), ДЗЕ? (у школе), ШТО? (вырашылі аднавіць дзяжурствы), КАЛІ? (у гэтым годзе). У наступных абзацах пойдзе гутарка пра тое, як праходзяць дзяжурствы, і ўласныя ўражанні аўтара.

АДЗІНАЧНЫ вылучае толькі адзін важны аспект (“З нядаўняга часу мы сталі хадзіць на англійскую мову без хваляванняў, што на нас накрычаць, ці паставяць двойку”).

ДРАМАТЫЧНЫ (“Сёння раніцай у нашай школе была аб’яўлена эвакуацыя. Невядомы сказаў па тэлефоне, што ў настаўніцкай закладзена бомба”).

ЦЫТАТНЫ (“На пытанне, ці былі вы на дыскатэцы, большасць старшакласнікаў адкажуць: “Канешне! Музыка іграе, людзі дзёргаюцца, часам гульню якую арганізуюць для парадку”).

АДЦЕНКАВЫ – сцэнічны, апісальны (“У чацвер я не здолеў прыйсці ў школу, а на наступны дзень аб гэтым вельмі пашкадаваў. Дзяўчынкі гаварылі без умолку, абмяркоўваючы падзеі ўчарашняга дня”).

ПЫТАЛЬНЫ (“Якая дзяўчынка не марыць пра куклу Барбі?”).

АНАНСУЮЧЫ знаёміць з падзеяй, што яшчэ будзе (“Праз тыдзень ШКАПу споўніцца 10 год. Вось гэта будзе радасць, такую ўрачыстасць наладзяць!”).

ІНТРЫГУЮЧЫ (“Сёння выпаў снег. Вялікія сняжынкі кружыліся над горадам. Калі завіруха спынілася, усе заўважылі, што снег зялёны”).

АНАЛІТЫЧНЫ – у першым абзацы аўтар робіць вывад (“Здаецца, у мінулым годзе група “ВІАгра” расчаравала многіх прыхільнікаў”).

РЭТРАСПЕКТЫЎНЫ – даецца гістарычная спасылка (“З даўніх часоў дзяўчаты варажылі, імкнуліся даведацца, хто вызначаны ім лёсам”).

АДЗІНАЧНЫ “ВЫСТРАЛ” складаецца часам з 2-3 слоў (“Паведамленне для модніц!”).

Існуе вялікая колькасць другіх лідаў: сюрпрыз, кантрасны, сітуацыйны, анекдатычны, статыстычны і інш. Выбіраючы тып ліда, можна паспрабаваць тры-чатыры, а потым выбраць лепшы. Эксперыментуй!


ПРОБА ПЯРА

ПРАСПЯВАЙ НАМ, КАЗАЧНІК!

Звычайны школьны панядзелак і раптам такі падарунак: у клас уваходзіць паэт і чараўнік і па казачнай дарозе вядуць у далёкую старажытную Русь…

Яраслаў Каураў, казачнік з тэатра, які існуе пры ЦДТ, спяваў нам, вучням школы, пра валацужных артыстаў і іх складанае жыццё.

Песні казачніка былі поўныя глыбокага сэнсу. І як прыемна адчуваць, што ў наша трывожны і складаны час не перавяліся на Зямлі добрыя чараўнікі і казачнікі. І жывуць па сённяшні дзень, і пішуць разумныя добрыя казкі на радасць усім дзецям.

Насця Старцава.

ХАТНЯЕ ЗАДАННЕ

1. Вызнач, які тып ліда выкарыстаны ў інфармацыйнай заметцы. Перарабі гэту заметку так, каб лід быў іншым. Лепш за ўсё напісаць 2-3 варыянты.

2. Вазьмі любую газету. Паспрабуй вызначыць тыпы лідаў, якія ў ёй сустракаюцца.

3. Працягні фразу: “Дарослыя павінны нас абараняць ад…”. Калі атрымаецца, паразважай на гэту тэму і напішы заметку.

4. Напішы інфармацыю, выкарыстоўваючы метад “ліда”. Не забудзь пра загаловак!

Сустрэча 9.
ІНФАРМАЦЫЯ – АБГАНЯЙ ЧЫТАЧА!
РЭПАРЦЁР – ГЭТА РАЗВЕДЧЫК

Калі параўноўваць журналістыку з арміяй, дык рэпарцёр, які здабывае інфармацыю, – гэта разведчык, значыць, перадавы край. Ён павінен паўсюль быць раней за іншых.

Ты, мабыць, бачыў у заходніх кінафільмах, як рэпарцёры, абганяючы адзін аднаго, імчаць да тэлефонаў-аўтаматаў, каб прадыктаваць у рэдакцыю гарачую навіну.

Пры такой аператыўнасці і стыль выпрацаваўся падыходзячы: гаварыць коратка і толькі па сутнасці, толькі пра галоўнае.

У агульным расказе пра жанры мы паказвалі адрозненні ў пытаннях, на якія адказваюць розныя жанры. Для інфармацыі характэрны толькі: ШТО? ДЗЕ? КАЛІ? Гэта значыць, для таго, каб канкурэнты не абагналі, неабходна дыктаваць толькі самае галоўнае. А ўжо заўтра-паслязаўтра можна пісаць падрабязнасці і выказваць свае адносіны да падзеі. Але сёння – толькі ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
ВІДЫ ІНФАРМАЦЫЙ

АНАНСУЮЧАЯ. Звычайна выходзіць напярэдадні падзеі, папярэджвае, што яна адбудзецца (Пятага ліпеня можна будзе назіраць камету, восьмага пачнецца выстава, а дванаццатага чакаюць прыезд дэлегацыі замежных гасцей). У такой інфармацыі няма ацэнкі аўтара.

ГАРАЧАЯ (З МЕСЦА ПАДЗЕІ). Самыя гарачыя навіны. Часам у месцы падзеі ствараецца цэлы штаб, каб даваць свежыя навіны. Такая тэма не сыходзіць са старонак газеты некалькі дзён. Ацэнкі аўтара пакуль яшчэ няма.

ПАСЛЯ ПАДЗЕІ. Расказ можа змяшчаць падрабязнасці і ацэнку падзеі аўтарам, яго меркаванні аб тым, што адбылося.

ІНТРЫГУЮЧАЯ. Каштоўнасць такога віду інфармацыі не ў падзеі, а ў тым, як аўтар здолеў яе падаць чытачу.

Безумоўна, нельга замыкацца на гэтых відах інфармацыі. Свет заўсёды багацейшы за нашыя схемы. Пашукаць, дык можна знайсці яшчэ не адзін від. Навучыся пакуль пісаць такія і адрозніваць адзін ад другога. З часам выпрацуеш для сябе і новыя.


ВУЗЕЛЬЧЫКІ НА ПАМЯЦЬ

Самае цяжкае – здабыць інфармацыю. У гэтым і заключаецца талент рэпарцёра.

У добрага рэпарцёра заўсёды ёсць свае інфарматары. Гэта сакратары і рэферэнты кіраўнікоў розных рангаў і іншыя людзі, якія валодаюць рознай інфармацыяй.

Калі ты калі-небудзь атрымліваў ад іх тэму і давяраеш гэтым людзям, карыстайся і ў далейшым. Трэба падтрымліваць са сваімі інфарматарамі добрыя адносіны, гаварыць з імі не толькі па справе, але і на цікавыя тэмы: пра спорт, дзяцей, кветкі і іншае.


НАВОШТА ЧЫТАЮЦЬ ІНФАРМАЦЫІ!

Імкненне да ведаў. “Проста хочаш ведаець, што і дзе адбываецца” (В. Цой). Неабходна ўлічваць, што ў чытачоў розныя патрабаванні і імкнуцца разнастаіць навіны: палітычныя, эканамічныя, спартыўныя, навіны культуры і іншае.

Грамадскія сувязі. Хочацца пагаварыць на наступны дзень з кім-небудзь: “А ты чытаў?..”. І ў гэтым абмене меркаваннямі ты не адзінокі.

Задавальненне. Сапраўднае задавальненне чытаць добрую інфармацыю з яркім загалоўкам і напісаную прафесійна.

Дапамога ў прыняцці вырашэння. Яе заўсёды аказваюць анансуючыя інфармацыі, аб’явы, рэклама.
ПРОБА ПЯРА

ФАБРЫКА ЦАЦАК

У верасні на выставе ў музеі можна было бачыць незвычайныя экспанаты – электронна-механічныя цацкі. Іх зрабілі вучні гарадской гімназіі.

Калі быць дакладным – рабяты рамантуюць (даводзяць да кандыцыі) цацкі з Германіі. Як расказаў намеснік дырэкатра гімназіі па вучэбна-выхаваўчай рабоце, займаюцца даводкай паўфабрыкатаў як дарослыя, так і вучні 8-9 класаў. Прычым не бясплатна – рабяты атрымліваюць заработную плату.

Больш за 100 найменняў цацак паступае ў бліжэйшы дзіцячы садок і магазіны. Дарэчы, каштуюць яны намнога танней за імпартныя.

Улад Надзеін.
ЯК У ВЕНЕЦЫІ

Усім нам казалі, што школа – другі дом. А для некаторых жыхароў з дамоў на берагу Прыпяці яна можа стаць домам нумар адзін.

У сувязі з чакаемай вялікай паводкай (чакаюць, што вада дасягне нават другога паверха) ў школе вызвалілі ад парт і крэслаў некалькі класаў. Прыязджайце, адчувайце сябе як дома!

Пры неабходнсці, сем’і змогуць прыехаць сюды са сваімі рэчамі.

Юля Максімава.
РЫНКАВАЯ МАТЭМАТЫКА

На ўроку матэматыкі ў восьмым класе нашага ліцэя настаўнік, каб дабіцца ўвагі, гаворыць:

Адзін!.. Два!.. Тры!..



Аднойчы, пасля гэтых слоў з задняй парты раздаўся голас Колі Ціханава:

Прададзена!



Аня Беламестнава.
НАРАД НА КАНІКУЛЫ... ПА-ЗА ЧАРГОЙ!

Цяпер кожны вучань 8-10 класаў можа пайсці на канікулы на дзень раней. Для гэтага ён павінен разам з аднакласнікамі добра дзяжурыць па школе цэлы тыдзень.

Такую пастанову прыняла адміністрацыя нашай школы.

Вольга Баранава.
ХАТНЯЕ ЗАДАННЕ

1. Вызнач, да якога віда прыналежаць гэтыя інфармацыі.

2. Калі ёсць лід, то ў якіх інфармацыях і які?

3. Калі табе не падабаюцца загалоўкі, прапануй новыя.

4. Напішы інфармацыю з лідам і загалоўкам. Сам вызнач, да якога віда яна адносіцца.

5. Напішы разважанне на тэму “Дарослыя павінны нас абараняць ад...”. Жанр напісання можа быць любы.



Сустрэча 10.
РЭПАРТАЖ – КАРОЛЬ ЖАНРАЎ
ТЫ – ВОЧЫ І ВУШЫ ЧЫТАЧА

Ты ўжо напісаў гарачую інфармацыю пра якую-небудзь падзею? Чытач атрымаў ад цябе адказы на пытанні ШТО? ДЗЕ? КАЛІ? Але яму замала. Ён хоча ведаць ЯК гэта было.

І ты ўслед за інфармацыяй рыхтуеш для яго РЭПАРТАЖ.

Ты становішся вачамі і вушамі чытача. Таму рэпартаж неабходна пісаць так, каб у чытача склалася ўражанне, што ён сам пабываў на месцы падзеі, сам усё бачыў і чуў. Вось такі ЭФЕКТ ПРЫСУТНАСЦІ павінен стварыць твой тэкст.

А для гэтага неабходна:

- пабываць на месцы здарэння ці падзеі;

- пабачыць як мага больш: як вуж пранікаць у гушчыню падзеі;

- пачуць як мага больш: пытаць, перапытваць, даведвацца, удакладняць;

- назбіраць фактаў столькі, каб з іх можна было намаляваць яркую карціну падзеі;

- усё запісваць і фатаграфаваць.


ТЫ – МАЙСТАР ПЯРА І КІСЦІ

Тэлерэпарцёру прасцей – многае за яго зробіць тэлекамера. Але яму і больш складана: ён у прамым эфіры яшчэ не ведае, чым скончыцца гэты матч ці канферэнцыя, ён проста ідзе побач з падзеяй і каментуе яе.

У газетнага рэпарцёра, калі ён піша, ёсць хоць нейкія прамежкавыя вынікі, хоць нейкае ўражанне. У яго ёсць крыху часу на перапынак і пераасэнсаванне.

Яму можна кампанаваць матэрыял пацікавей: пашукаць цікавы лід, захопліваючы загаловак, у патрэбным месцы ўставіць кавалачкі інтэрв’ю.


О, КАРОЛЬ!

Чаму рэпартаж – кароль жанраў? Таму што ён самы чытаемы.

Па-першае, гэта заўсёды навіна, а навіны ўсіх прыцягваюць.

Па-другое, гэта значная падзея, бо ў іншым выпадку ты і сам не звярнуў бы на яе ўвагу.

Па-трэцяе, ты пішаш яго цікава, ярка, уражваючы, інтрыгуючы...

Па-чарцвёртае, ты выкарыстоўваеш элементы розных жанраў. Ты не пазбегнеш таго, каб не пагутарыць са спартсменам, артыстам, следчым – вось і інтэрв’ю.

І гэтак далей...
ЯК ПРАЦАВАЦЬ НАД РЭПАРТАЖАМ?

Пры напісанні рэпартажу захоўваюцца ўсе этапы працы над газетным матэрыялам:

- афармленне ідэі,

- збор фактаў,

- аналіз фактаў і складанне плану,

- чарнавік,

- перапрацоўка тэксту.

Праўда, першы і другі этапы могуць памяняцца месцамі. Гэта бывае ў тым выпадку, калі ты аказаўся адразу на месцы здарэння, і твая ідэя, зразумела, не сфармаваная. Тады ты збіраеш як мага больш фактаў, а потым глядзіш, як гэта лепш павярнуць, якая будзе ідэя.

Напрыклад, адбылася аварыя водаправода. Навокал вада, а нехта нешта капае. Ходзяць людзі, стараюцца штосьці зрабіць, выправіць становішча.

Якая ў цябе ідэя? Няма ніякай.

Ты проста даведваешся, калі гэта адбылося, па якой прычыне. Для гэтага давядзецца пагутарыць з жыхарамі суседніх дамоў, з майстрам “воднікаў”. Калі і гэтага мала, можна звярнуцца да кіраўніцтва арганізацыі. Можа быць, што прычыны аварыі ў стане труб і іх даўно неабходна замяніць. У гэтым выпадку неабходна будзе даведацца ў вышэйшага кіраўніцтва чаму яны гэтага не робяць. Верагодны адказ – няма сродкаў. Вось табе і ідэя – у водаправода няма добрага гаспадара ці нешта падобнае.


: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі


1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка