Аляксандр коўка буквар журналіста


ПРА ШТО МОЖНА ПІСАЦЬ РЭПАРТАЖ?



старонка3/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер494.92 Kb.
1   2   3

ПРА ШТО МОЖНА ПІСАЦЬ РЭПАРТАЖ?

Віды рэпартажу могуць быць самыя розныя ў залежнасці ад навіны, якую ты падаеш.

СПАРТЫЎНЫ – баі гладыятараў, хакей, футбол, лёгкая атлетыка, конны спорт.

ВАЕННЫ – рэпартаж з “гарачых кропак”, вайсковай часткі.

КУЛЬТУРНЫ – уручэнне разнастайных культурных прэмій, фестываль, конкурс танцаў і інш.

КРЫМІНАЛЬНЫ – вызваленне закладнікаў, аварыя на дарозе, рэпартаж з залы суда.

ВЫТВОРЧЫ – пуск лініі на заводзе, выпуск новай прадукцыі.

ПРАБЛЕМНЫ – паяўленне ў рацэ ядавітых рэчываў, разрыў труб.

Існуюць таксама цыклы рэпартажаў:

- з шматдзённага судовага працэса,

- з фестывалю,

- з вайсковых вучэнняў,

і многія іншыя.
ВУЗЕЛЬЧЫКІ НА ПАМЯЦЬ

КРЫНІЦЫ

У рэпартажы неабходна выкарыстоўваць УСЕ крыніцы інфармацыі:

- уласныя назіранні – каб стварыць у чытача эфект прысутнасці,

- інтэрв’ю – высветліць факты, якія не бачыў сам,

- дакумент – каб правільна падаць факты (пры гэтым сам дакумент можна і не прыгадваць у матэрыяле).
ГАЛОЎНЫ АРЫЕНЦІР – ЧЫТАЧ

Заўсёды пытай у сябе перш чым пісаць рэпартаж:

- Наколькі гэта важна і цікава чытачу?

- Ці свежая інфармацыя, альбо ці чытач нешта ведае пра гэту падзею?

- Што галоўнае ў матэрыяле – падзеі ці людзі?

Ты можаш сказаць: навокал практычна няма цікавых падзей. Памыляешся. А рэпартаж са школьнага кірмаша? А спартыўнае спаборніцтва? А проста рэпартаж з цікавага ўрока? Можна цікавы рэпартаж падрыхтаваць і з суботніка.


ТЫ – ІНІЦЫЯТАР

Гэту ісціну памятай заўсёды. Без яе не атрымаецца цікавы рэпартаж.

Рэпартаж не ідзе на заданне, ён генерырую ідэі, ён сам ініцыятар збору інфармацыі – гэта яго галоўны талент. У гэтым – аснова яго паспяховай работы.
ХАТНЯЕ ЗАДАННЕ

1. Знайдзі ў любой газеце рэпартаж. Вызнач яго від (гэта можа быць і не названы намі). Якімі крыніцамі карыстаўся аўтар, якія элементы іншых жанраў ёсць у рэпартажы?

2. Назаві 3-5 тэм для рэпартажу. Напішы хаця б адзін з іх.

Сустрэча 11.
ІНТЭРВ’Ю: ЧАЛАВЕК ЦІ ПРАБЛЕМА?
КРОК НАЗАД

Табе ўжо сустракалася слова “інтэрв’ю”, калі мы гаварылі аб крыніцах інфармацыі: уласныя назіранні, інтэрв’ю, дакумент. Тады інтэрв’ю іграла для цябе дапаможную ролю.


КРОК НАПЕРАД – ЦІ ТРЭБА БРАЦЦА?

А цяпер інтэр’ю як жанр. Калі неабходна за яго брацца? Само слова “інтэрв’ю” перакладаецца як “спатканне” ці “гутарка”. Давай гэтыя два віды і разгледзім.


ІНТЭРВ’Ю-СПАТКАННЕ

Чытачу цікавы які-небудзь чалавек – вядомы пісьменнік, папулярны акцёр, алімпійскі чэмпіён, вялікі падарожнік, відны палітык. І ты сустракаешся з ім ад імя чытачоў свайго выдання. Табе цікава ўсё пра гэтага чалавека: біяграфічныя факты, яго погляды на жыццё, планы на будучае.


ІНТЭРВ’Ю-ГУТАРКА

У цябе ёсць цікавая ПРАБЛЕМА. Напрыклад, ці наведвалі нашу Зямлю іншапланецяне, чаму засталіся зімаваць лебедзі, якім будзе ў гэтым годзе веснавая паводка? І ты ідзеш за адказам да спецыяліста, які лепш за іншых ведае гэту праблему і шмат ёю займаўся. У гэтым выпадку табе практычна няважна, як гэты чалавек вучыўся ў школе, ці ўдзельнічае ён у мастацкай самадзейнасці. Цябе больш хвалююць адказы на пастаўленыя пытанні.


ВУЗЕЛЬЧЫКІ НА ПАМЯЦЬ

ПАПЯРЭДЖАННЕ:

КАЛІ ТЫ ХОЧАЦЕ ПРАВАЛІЦЬ ІНТЭРВ’Ю

- Не рыхтуйся да яго!

- Не чытай нічога па гэтай тэме!

- Нічога не даведвайся пра чалавека!


КАБ ІНТЭРВ’Ю БЫЛО ПАСПЯХОВЫМ

Рыхтуйся:

1. Прачытай усё, што можаш дастаць пра гэтага чалавека (ці па гэтай тэме).

2. Загадзя складзі спіс пытанняў. Задаваць іх, зразумела, ты будзеш па памяці, але трымай яго пры сабе на ўсялякі выпадак, раптам нешта забудзеш.

3. Прадумай свой знешні выгляд.

4. Пра сустрэчу дамоўцеся загадзя. Не спазняйся, не блытай імя, імя па бацьку і прозвішча суразмоўцы.


ЯК ГАВАРЫЦЬ З ЧАЛАВЕКАМ?

Твая галоўная мэта – заставіць суразмоўцу гаварыць.

1. Пачні размову з прыемнага.

2. Для пачатку выкарыстоўвай самае лёгкае пытанне. Можна даць чалавеку магчымасць расказаць, аб чым яму хочацца.

3. Заўсёды памятай, навошта ты прыйшоў, і самыя важныя для цябе пытанні неабходна абавязкова задаць.

4. Слухай суразмоўцу! Калі ён расказвае цікавей, чым ты прадугледзіў сваімі пытаннямі, не спяшайся збіваць яго. Лепш задай сваё чарговае пытанне пазней.

5. Не бойся паказаць, што ты нешта не зразумеў, перапытвай, удакладняй.

6. Фармулюй пытанне такім чынам, каб на яго нельга было адказаць “так” ці “не”. Не гавары: “Вам было страшна?”, лепш спытай: “Што вы адчувалі ў той момант?”.

7. Паказвай, што для цябе тэма размовы не новая, абапірайся на папярэднія даследванні.

8. Калі суразмоўца задумаўся і маўчыць, не прыспешвай яго: магчыма ён прыгадвае нешта цікавае. Чакай.

9. Калі на нейкія пытанні ён не захацеў адказваць, паўтары іх напрыканцы размовы, калі разгаворыцеся.

10. Калі суразмоўца хвалюецца з-за прысутнасці ў цябе блакнота ці дыктафона, пастарайся супакоіць яго, што гэта вашы пастаянныя памочнікі ў працы. Але пры поўнай адмове гаварыць з дыктафонам, запамінай. Запісаць усё пачутае давядзецца даразу пасля выхаду ад суразмоўцы.

11. У канцы гутаркі абавязкова падзякуй суразмоўцы і дамоўся аб магчымасці ўдакладнення дэталяў, прабелаў у матэрыяле. Папрасі нумар тэлефона.

12. Калі суразмоўца просіць, каб яму паказалі гатовы матэрыял, неабходна згадзіцца. Газету з апублікаваным інтэрв’ю дашлі на памяць.


ПРОБА ПЯРА

ЛЮБЛЮ ЎСІХ ПІСЬМЕННІКАЎ

Мая любімая настаўніца – Святлана Аляксееўна Кірава – выкладае рускую мову і літаратуру. Напярэдадні прафесійнага свята – Дня настаўніка – задала ёй некалькі пытанняў.

Святлана Аляксееўна, чаму вы абралі прафесію настаўніка?

Я люблю літаратуру і хучу, каб яе любілі іншыя. Мара стаць настаўнікам у мяне з дзяцінства. Яшчэ тады вельмі любіла гуляць у школу.

З якімі школьнікамі цікавей працаваць?

Кожны ўзрост цікавы па-свойму. Малышы – як растуць, дарослыя – якімі сталі.

Ваш любімы пісьменнік?

У настаўніка літаратуры не можа быць нелюбімых пісьменнікаў.

Ці хацелі б Вы, каб Ваша дачка стала настаўнікам літаратуры?

Як настаўнік – так, як маці – не.

Вы не шкадуеце, што сталі настаўніцай літаратуры?

Ні на хвіліну.

Дзякуй за размову.



Ганна Беламестнава.
АЙ-Я-ЯЙ!

Дзяўчынка Маша рыхтуецца да інтэрв’ю: склала спіс пытанняў, на якія хоча атрымаць адказы ў чалавека, які лятае на паветраным шары.

- Марк Мацвеевіч, калі Вы ўпершыню паляцелі на паветраным шары?

- Колькі чалавек можа ляцець у шары?

- А што павінен рабіць пілот?

- Колькі часу Вы звычайна лятаеце?

- На якую вышыню Вы падымаецеся?

- Ці існуе верагоднасць падзення шара?

- Якія пачуцці ахопліваюць Вас у палёце?

- У якіх мэтах Вы выкарыстоўваеце шар у фірме?

- Ці могуць дзеці лятаць на шары, ці было калі-небудзь з Вамі ў палёце дзіця?
ХАТНЯЕ ЗАДАННЕ

1. Ці неабходна было рабіць інтэрв’ю? Магчыма, можна было выбраць іншы жанр для гэтага?

2. Наколькі пытанні Ані і Машы цікавыя чытачу? Ці хацелася б табе атрымаць на іх адказы?
3. Які з адказаў мог павярнуць матэрыял у больш цікавым напрамку, але застаўся незаўважаным? А якое пытанне Машы магло ўзнікнуць з цікавага адказу?

4. Якія пытанні ты мог бы дадаць у матэрыял Ганны?

5. Ці задаволілі цябе адказы настаўніцы?

6. Ці здолела Ганна “разгаварыць” суразмоўцу?

7. Напішы сваё інтэрв’ю з пытаннямі, якія зацікавяць чытача.

Сустрэча 12.
НАРЫС, ЗАМАЛЁЎКА
ХАТНЯЕ ЗАДАННЕ

Не здзіўляйся, што сёння яно не сканчвае сустрэчу, а пачынае яе. Як бы цяжка ні было асвойваць кожны новы жанр, асабліва такі разнастайны, як нарыс, давай паспрабуем напісаць нешта падобнае на яго. Гэта і будзе тваім сённяшнім хатнім заданнем. А зараз – наперад, асвойваць нарыс.


АСАБЛІВАСЦІ ЖАНРА

Для пачатку зазірнем у слоўнікі. Адзін трактуе нарыс як літаратурны твор, кароткае апісанне жыццёвых фактаў. Другі – як разнастайнасць аповеда, што закранае пераважна сацыяльныя праблемы. Трэці сцвярджае, што нарыс выкладае і аналізуе рэальныя факты і з’явы грамадскага жыцця.

І ўсе слоўнікі правільныя. Нарыс і яго малы від – замалёўка, апісваюць тое, што было на самай справе. Гэта і адрознівае іх ад апавядання, дзе ўсё можа быць прыдуманым ад сюжэта да імя героя.

У назвах гэтых жанраў НАРЫС і ЗАМАЛЁЎКА адчувае галоўную якасць жанра: акрэслена, занатавана частка вялікага жыцця, якое кіпіць вакол нас.

І ўсё ж галоўная якасць жанра – яго высокая мастацкасць. Невыпадкова, што нарысы любілі пісьменнікі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.
СПЫТАЙ У МЯНЕ ПРА НАРЫС

ЦІ МОЖНА НАВУЧЫЦЦА ПІСАЦЬ НАРЫС?

– Толькі чытаючы лепшыя ўзоры гэтага жанру і спрабуючы пісаць. Не будзеш пісаць, не навучышся.
ЦІ ЛЮБЫ МОЖА СТАЦЬ АЎТАРАМ НАРЫСА?

– А ці любы можа стаць пісьменнікам? Гэта асаблівы талент. Жанр нарыса, замалёўкі асабліва добра атрымліваецца ў людзей, уважлівых да тых, хто побач, чуллівых, неабыякавых. Высокі жанр патрабуе высокіх пачуццяў.


КАЛІ БРАЦЦА ЗА НАРЫС?

– Калі тэма хвалюе аўтара больш, чым іншыя тэмы. Нарыс, замалёўка – гэта твой аповед чытачу, як сябру.


НАРЫС, ЗАМАЛЁЎКА... ЧАМУ ДВА СЛОВЫ? Я ЗАБЛЫТАЮСЯ!

– Добры нарыс – заўсёды вялікі. Па памеру падыходзіць для кнігі, па меншай меры – для часопіса, а калі для газеты, дык для вялікай. Звычайна для газеты выкарыстоўваюць меншую форму нарыса – замалёўку. Замалёўка – малодшая сястра нарыса.


Я НЕ ПІСЬМЕННІК. ПРА ШТО Я МАГУ НАПІСАЦЬ НАРЫС?

– Падарожжы – гэта частка твайго жыцця. Вось і нарысы падарожніка. Цікавыя людзі навокал сустракаюцца? – Вось і біяграфічныя нарысы. Існуюць і франтавыя нарысы, і ваенныя. Ды ці ёсць патрэба звужваць кола тэм, на якія можна напісаць нарыс. Галоўнае каб было натхненне, і тэма закраналася самая хвалюючая для аўтара.


Я, ДЗЯКАВАЦЬ БОГУ, НЕ БЫВАЮ НА ФРАНТАХ,

НЕ ПАДАРОЖНІЧАЮ... ПРА ШТО МАГУ ПІСАЦЬ?

Калі задумацца, то напісаць можна пра што заўгодна. Пра выпускнікоў тваёй школы, якія ў гады вайны ваявалі ці працавалі ў тыле, кім сталі тыя, хто застаўся ў жывых... Пра летнік, які арганізавалі валанцёры... Пра настаўніцу, якая не можа як след вучыць дзяцей... Пра жыццё ціхага хлопчыка ў класе, дзе большасць – хуліганы і задзіры... Можна прыдумаць яшчэ многа тэм. Але важна зразумець – галоўнае – твая зацікаўленасць, пачуццё хвалявання. Калі, як кажуць, хочацца выказацца ад душы.


НЕ! МАБЫЦЬ, Я НЕ ЗДОЛЕЮ НАПІСАЦЬ НАРЫС...

– Паспрабуй для пачатку напісаць замалёўку. Нешта ты ведаеш лепш за іншых, над гэтым разважаеш больш, чым яны. Значыць, зможаш апісаць з падрабязнасцямі, дэталямі, хвалююча, пераканаўча. Калі неабходна, увядзі ў матэрыял пейзаж, партрэт, дыялогі. Пішы як расказ, толькі нічога не прыдумляй.


АЛЕ РЭПАРТАЖ – ГЭТА ТАКСАМА АПОВЕД

З УСІМІ ПАДРАБЯЗНАСЦЯМІ...

– Рэпартаж пішацца ў канкрэтны час – у час падзеі і з месца падзеі. І людзі ў рэпартажы дзейнічаюць у рамках гэтага месца і часу. Пажарны на пажары. Вось ён кідаецца ў агонь, некага выратаваў. Усё гарыць, усё рушыцца... А ў нарысе пра гэтага пажарнага ты можаш расказаць аб яго біяграфіі, пра тое, як ён працаваў на першым у жыцці пажары, аб сям’і. Пакуль ты даведаешся ўсё пра свайго героя, сустракаючыся з ім з дня ў дзень, ты пабачыш шмат чаго з жыцця пажарнай часці, пазнаёмішся з многімі людзьмі.



Сустрэча 14.
ПАСТАЯННАЕ ТЭМАТЫЧНАЕ ЗАДАННЕ
ПЯТНІЦА, 13-е.

Лічба трынаццаць у многіх выклікае дваякія пачуцці. Нехта лічыць яе шчаслівай, іншыя наадварот. У некаторых краінах няма дамоў і кватэр з нумарам 13, паверхаў з такім парадкавым нумарам. Некаторыя фірмы не працуюць трынаццатага чысла. Як кажуць бабулькі: “Цьфу-цьфу, каб не сурочыць!”. Вось і мы, каб не сурочыць вырашылі прапусціць трынаццатую сустрэчу. Што, ты нават не заўважыў? Як жа так. Сапраўдны журналіст павінен на ўсё дробязі звяртаць асаблівую ўвагу.

А яшчэ ў самым пачатку зноў даем хатняе заданне. Не хвалюйся – яно за мінулую сустрэчу. Так, за тую, якой не было. Напішы невялікі матэрыял пра ПЯТНІЦУ, 13-е. Даем табе магчымасць выбіраць і жанр, і аб’ём, і тэму. Галоўнае, каб з цікавасцю чыталася. Адточвай пёры, журналіст!
ЯК ЗМАГАЦЦА З ПАСТАЯНСТВАМ

Карэспандэнтам даюць як звычайныя разавыя, так і пастаянныя тэматычныя заданні. Пачынаючы, як правіла, спрабуе сябе ва ўсіх жанрах, аб якіх мы з табой гаварылі, і пішуць на самыя розныя тэмы. Гэта неабходна для таго, каб “набіць руку” і даведацца аб журналістыцы з розных бакоў. Паступова кожны карэспандэнт знаходзіць “сваю тэму”, ту, у якой ён можа найбольш яскрава праявіцца як асоба. Пастаяннае заданне прымушае журналіста займацца самаадукацыяй: чытаць адмысловую літаратуру і перыёдыку, каб быць у курсе падзей, падтрымліваць кантакты са спецыялістамі ў дадзенай галіне. Тэматычнае заданне вызначае спецыфіку: спорт, культура, экалогія, адукацыя, прамысловасць і інш.

Карэспандэнт атрымлівае заданне ад рэдактара. Але ніколі не абмяжоўваецца выкананнем толькі яго. Як мы казалі раней, карэспандэнт – вочы і вушы чытача. Ён – вочы і вушы газеты. Таму ў карэспандэнта павінны пастаянна ўзнікаць новыя ідэі. Яны называюцца ініцыятыўным зборам інфармацыі.

Чым глыбей карэспандэнт “пранікае” ў тэму, тым больш у яго ўзнікае цікавых ідэй, а значыць, і тэм для матэрыялаў.


ВУЗЕЛЬЧЫКІ НА ПАМЯЦЬ

Існуе вялікая колькасць варыянтаў вядзення тэматычнага задання. Напрыклад, ты ўзяўся за асвятленне школьных праблем.



Не губляй часу! Пастаянна, нават працуючы над невялічкімі матэрыяламі, збірай інфармацыю.

Вызнач, на якое паседжэнне табе неабходна абавязкова трапіць, каб лепш арыентавацца ў праблеме, ці ўсе яны для цябе цікавыя. Веды – гэта частка поспеху.

Знаходзь крыніцы інфармацыі. Гэта не надта складана, але адбірае час і накладвае абавязацельствы. Неабходны рэгулярны, а лепш штодзённы кантакт, няхай ён доўжыцца хаця б некалькі хвілін. Нават, здавалася б, банальная фраза “Вы, пэўна, стаміліся!..” дапамагае парушыць многія бар’еры, устанавіць добрыя адносіны. А табе гэта вельмі патрэбна.

Паважай людзей, якія дапамагаюць табе. Калі ж ты неасцярожным словам падарваў павагу ці давер да сябе – рыхтуйся да горшага: не факт, што ты зноў зможаш устанавіць такі кантакт.

Дапамагай сваім інфарматарам, калі гэта ў тваіх сілах. Дырэктару школы неабходная газета, дзе напісана пра вучня, - прынясі. У настаўніцы кошка прынесла кацят, іх неабходна раздаць. Чаму б не даць аб’яву аб гэтым у газеце? Гэта ўсё працуе на цябе.

Разам з неабходнымі пытаннямі, задавай такія, што быццам і не адносяцца да справы. Выконваючы тэматычныя заданні, мы шмат увагі ўдзяляем афіцыйным паперам, і не звяртаем увагі на тое, што самае простае пытанне можа стаць крыніцай сенсацыйнай навіны. Напрыклад, што забрала больш за ўсё часу за гэтыя дні?

Слухай і глядзі ўважліва. Толькі 10 працэнтаў матэрыялу бярэцца з таго, што гаворыцца. Гэта стэнаграфічная частка. Журналісцкая частка – тваё ўменне назіраць, аналізаваць, адбіраць патрэбнае і выдаваць галоўнае. Чытач ведае па гэтай тэме вельмі шмат. Каб твае матэрыялы чыталі, ты павінен ведаць яшчэ больш! Памятай, рэпарцёрства заснавана на інтуіцыі і адчуваннях. Іх і выкарыстоўвай!

Звяртайся да афіцыйных дакументаў і крыніц. Рэгулярна праглядай дакументы, якія ў цябе ёсць. Дабівайся, каб табе іх давалі. Заўважай усе змены ў афіцыйных паперах.

Завядзі нататнік. Там ты можаш запісваць самыя цікавыя звесткі па тэме, на якую пішаш. З часам гэта табе абавязкова спатрэбіцца.




ХАТНЯЕ ЗАДАННЕ

1. Вазьмі некалькі апошніх нумароў любых газет. Знайдзі заметкі, з якіх можна было б зрабіць артыкул. Што не дарабіў аўтар, з кім не пагаварыў, да якой інфармацыі не дабраўся?

2. Якое пастаяннае тэматычнае заданне ты б хацеў мець у газеце? Калі гэта новая рубрыка, прыдумай ёй назву. Чамы ты абраў менавіта гэтую тэму?

3. Напішы сваю заметку ці артыкул. Паспрабуй паглядзець на праблему з некалькіх бакоў, прааналізуй факты, а не проста раскажы пра іх.



Сустрэча 15.
АНАЛІТЫКА
СЛОВА Ў АБАРОНУ

Аналітычныя жанры напаўняюць газеты больш, чым таго хацелі рэдактары і чытачы. Журналіст таксама чалавек, і яму хочацца паразважаць, параіць нават тады, калі яго не просяць.

У большасці газет розных краін дакладна падзелены матэрыялы інфармацыйныя, якія змяшчаюць толькі навіны, і аналітычныя. Ім адведзены розныя старонкі газет. А рубрыкі адразу арыентуюць чытача, дзе навіны, а дзе каментары да іх. У шэрагу краін лічыцца парушэннем правоў чалавека, калі ім замест навін прапаноўваюць яшчэ і трактоўку іх журналістамі.

І ўсё ж, аналітычныя жанры не знікаюць з газетных палос, значыць, гэта некаму патрэбна! Выказванне новых меркаванняў, ідэй – дзе ж, як не ў газеце. Абмен меркаваннямі, арыгінальны погляд на звыклыя рэчы – у газеце ўсё гэта намнога глыбей, чым на радыё і тэлебачанні.


ЗАПОМНІ ІХ НАЗВЫ

РЭДАКЦЫЙНЫ АРТЫКУЛ – найбольш карысны і любімы рэдактарамі жанр. Ён вызначае характар газеты, устанаўлівае адносіны паміж газетай, чытачом і грамадствам. Можа быць на любую тэму: музыка, ураджай, вышэйшая адукацыя, мода і інш.

КАРЭСПАНДЭНЦЫЯ – жанр, які змяшчае аналіз падзей на канкрэтным участку ў канкрэтны час. Гэта апісанне невялічкага перыяду жыцця, але з супастаўленнем фактаў. Журналіст робіць канкрэтныя вывады і прапановы ў адрас названых людзей ці арганізацый.

Карэспандэнцыя бывае:

- станоўчая (інфармацыйная) – аналізуе станоўчы досвед,

- пастановачная – ставіць новую праблему ці расказвае аб тым, што яна магчымая,

- крытычная – развагі журналіста аб прычынах адмоўных з’яў.

АРТЫКУЛ – жанр, які абагульняе з’явы рэчаіснасці. У ім ёсць ясная думка, лагічны стрыжань, а выкладзеныя факты падкрэсліваюць асноўную думку:

- перадавы (рэдакцыйны) – водгукі на падзею,

- тэарэтычны – часцей за ўсё, меркаванні спецыялістаў,

- праблемны (пастановачны) – адрозніваецца ад карэспандэнцыі шырынёй ахопленай дзейнасці,

- каментар,

- агляд (спартыўны, музычны, тэатральны і інш.),

- рэцэнзія (на кнігу, спектакль, канцэрт, кінафільм і інш).
ПРОБА ПЯРА

ЛЮДЗІ НАШАГА ГОРАДА

Многа разоў мне хацелася сказаць: паглядзіце, хто жыве побач з намі!

Часам у гэтай ролі быў нехта брыдкі. Але часцей за ўсё гэта добрыя людзі, прычым мне не знаёмыя.

Аднойчы ехала на тэніс. Часу было зусім мала. І тут голас вадзіцеля: “Выходзім, электрычнасць закончылася!”. “Вось так!” – падумала я і пачула:

Няўжо мужчын мала, давайце штурхнем!

Хто ж тралейбусы штурхае? – узрушыўся вадзіцель.

Але мужчыны ўжо выйшлі і пачалі штурхаць. Вадзіцель не замінаў. І электрычнасць, быццам пачуўшы сяброўскі вясёлы рытм, уключылася. А заціхшы тралейбус пачуў голас двухгадовага малыша:

Калі вырасту, буду ўсе тралейбусы штурхаць! Юля Уладзімірская.


А ІМ У ДРУГІ БОК?..

У гэтым годзе наш 7-а клас стаў ліцэйскім. Вестка стала для нас не вельмі радаснай. Ад ранейшага класа засталося менш за палову. У ліцэйскі ж сабралі лепшых вучняў з усіх класаў. Нам належыць прайсці узмоцненую праграму па матэматыцы.

Ліцэйскі клас – добра, можна ўдасканаліць веды. Але ж і шкада адначасова. Наш клас быў незвычайны. У нас, як ні ў кога больш, былі паходы з начоўкамі і песнямі ля вогнішча. Мы разам адпачывалі нават на канікулах.

У мінулым годзе нам сказалі, што мы можам адмовіцца ад ліцэйскага класа, тады ў нас не будзе многіх падручнікаў і нават некаторых прадметаў. Мы ўздыхнулі і... пагадзіліся. Цяпер нават спіну разагнуць няма калі. А нашы сябры – у іншым класе... Каця Папова.
ХАТНЯЕ ЗАДАННЕ

1. Паспрабуй вызначыць, дзе які жанр.

2. Усе матэрыялы “Пробы пяра” размешчаны з улікам абмежаванага месца, а наогул яны маглі быць значна большымі па памерах. Уважліва пачытай тэксты, прааналізуй. Напішы артыкул або карэспандэнцыю на свой густ.

Сустрэча 16.
ЯК РОБІЦЦА ГАЗЕТА?
ВУЗЕЛЬЧЫКІ НА ПАМЯЦЬ

Пішы тэкст з аднаго боку ліста. Так лягчэй правіць і рыхтаваць матэрыял да друку.

Пакідай палі. Калі неабходна перарабіць сказ ці фразу, рэдактар вынясе яе на свабодную прастору.

Пішы зразумела, пакідаючы адлегласць паміж радкамі, каб туды, пры неабходнасці можна было дапісаць яшчэ адзін радок.

Выкарыстоўвай абзацы. Калі тэкст ідзе суцэльна, без разбівак, яко складана чытаць.

Асабліва старанна пішы прозвішчы і імёны людзей, лічбы, назвы. Не забывай, што нават адна няправільная літара можа прывесці да грубай памылкі.

Пазбягай скарачэнняў у назвах. Не ўсе ведаюць, напрыклад, што СМІД – гэта Саюз моладзі і дзяцей. Скарочаныя назвы ужываюцца ў афіцыйных дакументах, але яны не ўпрыгожваюць газету.

Рукапіс абавязкова падпішы! Калі ты вырашыў паставіць псеўданім, у дужках напішы сапраўднае прозвішча – рэдактар павінен яго ведаць.

Асвойвай камп’ютэр!
ТЫ – РЭДАКТАР

У журналістыцы, як мы ўжо казалі, усё пачынаецца з рэпарцёра. Рэдактар можа зрабіць сваю частку працы толькі пасля таго, як сваю зробіць рэпарцёр.

Нарэшце, усе матэрыялы, запланаваныя ў нумар, на стале. Але гэта яшчэ зусім не газета. Пачынаецца рэдагаванне і падбор матэрыялаў па рубрыках.

Калі аўтар старанна абдумвае кожную фразу свайго матэрыяла, ён можа не хвалявацца аб тым, што зробіць з ёй чалавек, які будзе рэдагаваць рукапіс. Аднак ёсць асноўныя прынцыпы рэдагавання. Давай паспрабуем разабрацца ў іх.

Любая дробязь, памылка – рэчавая, стылічтычная, лагічная ці фактычная – вельмі шкодзяць матэрыялу. Таму рэдагаванне неабходна для таго, каб забяспечыць сэнсавую зразумеласць і накіраванасць тэксту, зрабіць матэрыял больш ёмістым і выразным. Асаблівай увагі патрабуюць фактычныя памылкі – у назвах устаноў, геаграфічных пунктаў, лічбах, храналагічных дадзеных, адзінках вымярэння, гістарычных звестках і г.д.

У выпадку амаль ідэальным рукапіс патрабуе мінімальнай работы – уважлівай вычыткі з тым, каб выправіць памылкі пры наборы, граматычныя недакладнасці, праверыць лічбы, назвы, даты. Але часцей патрабуецца больш значная праўка. Лепш зрабіць яе рукамі аўтара, выказаўшы свае заўвагі.

“Вышэйшы пілатаж” рэдагавання і высокая ступень прафесіяналізма карэспандэнта дасягаюцца, калі аўтар можа паглядзець на свой уласны матэрыял вачамі рэдактара.
ПАЧЫНАЕМ МАКЕТАВАННЕ

Перш чым вярстаць нумар газеты, ты павінен дакладна ўяўляць, дзе і які матэрыял будзе знаходзіцца, стварыўшы макет ці графічны план вёрсткі палос газеты.

Для пачатку разбяры ўсе матэрыялы па значнасці (ад гэтага залежыць выбар паласы) і аб’яднай у рубрыкі. Рубрыка – гэта загаловак тэматычнага раздзела (“Класны пакой”, “Падзеі: дзень за днём”, “Парк культуры”, “Малая радзіма”, “Дзённік” і інш.). Адкрываючы старонку, чытач прыкладна ведае, аб чым пойдзе размова. Рубрыкі – своеасаблівыя арыенціры на газетнай паласе.

Нават самую цікавую газету складана ўявіць без ілюстрацый (фотаздымкаў і малюнкаў). “Адна карціна мае большае значэнне, чым тысяча слоў”, – гаворыць усходняя прымаўка. Ілюстрацыя не проста ўпрыгожвае газету, яна тлумачыць і дапаўняе тэкст, перадае яго настрой і афарбоўку. Рэдактар павінен быць упэўнены, што ілюстрацыі адпавядаюць рэчаіснасці, добраму густу, не збіваюць спанталыку.

Першая старонка дае шырокія магчымасці для выяўлення афарміцельскага майстэрства, для вынаходніцтва. Галоўная задача першай паласы – каб чытач схапіў газету і не адклаў яе ў бок, а з захапленнем акунуўся ў падарожжа па яе старонках. Газету павінны імгненна адрозніваць ад іншых, таму дызайн неабходна накіроўваць на стварэнне ўласнага іміджу. Часцей за ўсё на першай старонцы размяшчаюць вялікую карцінку, што ілюструе самы цікавы матэрыял нумару.

Камп’ютэрнае макетаванне дае волю рэдактарам, але і значна абмяжоўвае іх, таму многія поласы малююцца з дапамогай бумажных макетаў. Маляванне макетаў – гэта не дакладная навука. У кожнай рэдакцыі могуць існаваць свае правілы. Галоўнае, каб вярстальшчыкі маглі перакласці мову макета на мову нармальнай газетнай старонкі, правільна зразумеўшы ўсе адзнакі рэдактара.



КРЫХУ АБ КАМП’ЮТЭРНАЙ ВЁРСТЦЫ

У сярэдзіне васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя ў выдавецкай справе адбылася рэвалюцыя. У гэту галіну прыйшоў камп’ютэр, былі створаныя настольныя выдавецкія сістэмы. Яны ўключаюць у сябе сам камп’ютэр, лазерны прынтэр, сканер. Існуюць спецыяльныя камп’ютэрныя праграмы, якія дазваляюць макетаваць газетную паласу проста на экране манітора.

Працэс вырабу газеты выглядае наступным чынам. Наборшчыкі, а часам і самі журналісты, набіраюць матэрыялы. Усе памылкі на арыгіналах выпраўляе карэктар, рэдагуе рэдактар. Пасля ў работу ўключаюцца спецыялісты па камп’ютэрнай вёрстцы. Усе фотаздымкі і малюнкі з дапамогай сканера ці лічбавай фотакамеры ўводзяцца ў камп’ютэр і размяшчаюцца на поласах.

Пры камп’ютэрнай вёрстцы магчымасці афармлення газеты неабмежаваныя. Можна выкарыстоўваць разнастайныя шрыфты, любы памер літар, самую складаную графіку. Каб выправіць памылку, дастаткова некалькіх націсканняў на клавіятуры.

Гатовыя палосы раздрукоўваюцца з дапамогай лазернага прынтэра на паперы, правяцца памылкі. На спецыяльнай плёнцы поласы трапляюць у друкарню. Тут робяць афсетныя формы і друкуюць неабходны тыраж.
ХАТНЯЕ ЗАДАННЕ

ЦЯПЕР ТЫ ВЕДАЕШ УСЁ...

...І можаш рабіць самастойна ўласную газету ў школе. Калі засталіся пытанні, не саромейся, задавай, дапаможам.

Перш, чым узяцца за справу, неабходна адказаць сабе на некалькі пытанняў:

1. Што ты і твае сябры хочаце сказаць тым, хто побач, са старонак газеты? Спачатку здаецца, што гаварыць можна аб праблемах узросту і школы. Газета можа быць вузканакіраванай, але лепш разнастаіць яе тэматыку...

2. З кім ты будзеш весці размову - з равеснікамі ці дарослымі? Дапускаецца і замена роляў. Ад “адрасу” залежыць мова і настой усёй газеты.

3. Як зацікавіць будучых чытачоў? Гэта магчыма зрабіць цікавым падборам матэрыялаў ці іх падачай (добрыя загалоўкі, незвычайныя рубрыкі і г.д.).

4. Да чаго будзе падобнае тваё выданне? Калі ў тваім распараджэнні ёсць камп’ютэр, зразумела, неабходна выкарыстоўваць яго. Калі ж матэрыялы вы можаце друкаваць толькі на машынцы, не хвалюйцеся – і з машынкай можна рабіць прыгожую газету, якую з задавальненнем будучь чытаць. А тыражаваць яе можна на ксераксе.

Эксперыментуй! У цябе абавязкова ўсё атрымаецца!


У ДОБРЫ ШЛЯХ!

ІДЗІ Ў НАГУ З ЧАСАМ

У гэтым свеце ёсць некалькі рэчаў, якія дапамагаюць журналістам у іх працы. Яны даступныя – знайдзі іх і навучыся карыстацца.

Гэта дыктафон (без яго некаторыя людзі нават не стануць даваць інтэрв’ю), штодзённік (у які, акрамя іншага, можна запісваць і ідэі-планы новых матэрыялаў), рабочы блакнот (ён павінен заўсёды быць з табой – для наброскаў, нататак па ходу збору інфармацыі, запісу складаных слоў – каб потым не памыліцца), блакнот для тэлефонаў і візітак (фіксуй усе адрасы і тэлефоны, якія табе трапляюцца падчас работы – потым мінімум адзін абавязкова спатрэбіцца), фотаапарат (калі ты здольны прынесці ў рэдакцыю не толькі тэкст, але і фотаілюстрацыю да яго, гэта вялікі плюс табе), камп’ютэр (Word ты проста абавязаны ведаць), электронная пошта (невялікае інтэрв’ю анкетнага тыпу можна атрымаць і па E-mail) і сетка Інтэрнет (складаны, але каштоўны склад крыніц інфармацыі).
ПЕРАДАПОШНЯЕ ПРАВІЛА

Яго аўтарства належыць Сакрату: “Ніколі не слухай ніякіх парад. У тым ліку і гэтай”. Думай сам. Даходзь да ўсяго самастойна. Падвяргай сумненню любыя парады і правілы – разважай. Усё, што напісана на папярэдніх старонках – толькі повад для разважанняў. Не больш.


АПОШНЯЕ, САМАЕ КАШТОЎНАЕ ПРАВІЛА

Ніколі не здавайся! Абавязкова будуць моманты, калі захочацца “кінуць усё і паехаць далёка-далёка”. Але, пераадольваючы цяжкасці, мы становімся мацнейшымі. І чым больш складаная задача, тым больш значная перамога.

Упэўненасць у сабе газетчыка прама прапарцыянальная колькасці і якасці апублікаваных ім артыкулаў. Прачытання і нават вывучвання усемагчымах дапаможнікаў не дастаткова для таго, каб лічыць сябе прафесіяналам. Таксама, як і для таго, каб навучыцца плаваць, недастаткова прачытаць падручнікі. Трэба ўвайсці ў ваду і пачаць барахтацца.

Шмат цікавых тэм будзе вывучана табой, шмат сяброў ты сустрэнеш за гады рэпарцёрскай працы. Вер у сябе і поспехаў табе, ЖУРНАЛІСТ!



Чытай кніжкі. Вядзі дзённік, які б ты мог паказаць усяму свету! Супрацоўнічай з газетамі. Не бойся. Разважай над тым, як ты пішаш, але галоўнае – ПІШЫ!









: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі


1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка