Аляксей Якімовіч. Пад дубам



Дата канвертавання16.05.2016
Памер63.52 Kb.
Аляксей Якімовіч. Пад дубам

Пад магутным разложыстым дубам сядзелі Клічны Знак і Пытальны Знак.



— Шаноўны Клічнік, — распачаў гаворку Пытальнік, — як ты лічыш: слова дуб мае аднакаранёвыя словы?

Клічнік паглядзеў угору.

— Мабыць, мае. Ён вунь як укараніўся!

Пытальнік усміхнуўся.

— Ты не мог бы іх назваць?

— Аднакаранёвыя словы маюць адзін і той жа корань, — пачухаў патыліцу Клічнік. — Так я разумею?

— Так, — кіўнуў галавою Пытальнік.

— Ведаю адно такое аднакаранёвае слова, — падумаўшы, пахваліўся Клічнік. — Дубовы!

— Правільна. Яшчэ адно назаві.

Клічнік апусціў галаву.

— Каб ведаў, то адразу назваў бы.

— Давай крыху паразважаем, — прапанаваў Пытальнік. — Тут расце адзін дуб? Так?

— Так, — пагадзіўся Клічнік.

— А калі б расло шмат дубоў, то як ты назваў бы гэтае месцейка?

— Дубняк! — усклікнуў Клічнік. — Шаноўны Пытальнік, я яшчэ адно аднакаранёвае слова ўспомніў!

— Якое?

— Дубец!


— Ой! — ад неспа­дзеўкі вырвалася ў Пытальніка. — Словы дуб і дубец не аднакаранёвыя.

— Аднакаранёвыя! — заўпарціўся Клічнік. — У іх ёсць агульная частка — дуб.

— Але ж яны маюць рознае значэнне, — сказаў Пытальнік.

— Вось яно што! Аднакаранёвыя словы блізкія па значэнні, — здагадаўся Клічнік і пачаў называць такія словы: грыб — грыбнік, салома — саламяны, стрэл — перастрэлка...



http://www.gs.by/ru/96/120/3737/%D0%9F%D0%B0%D0%B4-%D0%B4%D1%83%D0%B1%D0%B0%D0%BC.htm

Аляксей Якімовіч. Жучок і Мухалоўка

Неяк Жучок у бярозавым гайку ляжаў, адпачываў.



Прыляцела ў гаёк Мухалоўка-стракатка і завяла, заспявала:

— Ті-круті-круті-тірр...

Жучок устаў, крыху падзівіўся на птушку дый пытаецца:

— Паважаная, па-руску спяваеш?

Гэту Мухалоўку нездарма стракаткай назвалі. Уся яна стракатая: верх цёмна-шэры, ніз белы, на лбе вузкая, па крылах шырокія белыя палоскі.

Прыўзняла яна распушчаны хвост.

— Не, даражэнькі! Па-беларуску спяваю, бо тут, у беларускім лесе, нарадзілася... Ті-круті-круті-тірр...

— Хоць ты і нарадзілася ў беларускім лесе, але не навучылася вымаўляць беларускіх гукаў, паленавалася, — заўважыў Жучок.

Ті-круті-круті-тірр... — на злосць Жучку моцна праспявала Мухалоўка-стракатка і паляцела шукаць іншага слухача.

А вы, сябры, здагадаліся, якія беларускія гукі не навучылася вымаўляць Мухалоўка?

http://www.gs.by/ru/157/kids/7814/%D0%96%D1%83%D1%87%D0%BE%D0%BA-%D1%96-%D0%9C%D1%83%D1%85%D0%B0%D0%BB%D0%BE%D1%9E%D0%BA%D0%B0.htm

Аляксей Якімовіч. Як Жучок і Паласацік збіраліся на рэчку

Сабачка Жучок і коцік Паласацік вырашылі схадзіць на рэчку. Паласацік узяў ручнік і выйшаў на двор. Стаіць чакае сябра. А яго ўсё няма і няма.

— Жучок, ты хутка выберашся з хаты? — гукнуў, страціўшы цярпенне.

Жучок высунуўся ў адчыненае акно.

— Сваю кепку ніяк не знайду. А без кепкі на рэчку не пайду: галаву сонцам напячэ. Пасля разбаліцца.

— Жучок — гэта зваротак, — уголас разважаючы, адзначыў Паласацік.

— Я не зваротак. Я Жучок! — пакрыўдзіўся сабачка. — Не абзывайся!

— Я не абзываюся, — пачаў апраўдвацца Паласацік. — Я падумаў, што ў вымаўленым мною сказе слова Жучок з'яўляецца звароткам. Ты не ведаеш, што такое зваротак?

— Краем вуха чуў, але добра не запомніў. Памяць у мяне курыная, — паскардзіўся Жучок.

— Ты проста няўважлівы. У цябе ў адно вуха ўлятае, а ў другое вылятае, — паўшчуваў Паласацік. — Пастарайся запомніць наступнае правіла: зваротак — гэта слова (ці спалучэнне слоў), што абазначае асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца ў размове. Зразумеў?

Жучок наморшчыў лоб.

— Здаецца, зразумеў. Назаві сказ са звароткам, а я паспрабую яго знайсці.

— Калі ласка, — павесялеў Паласацік. — Эх ты, лета!

— Ты звярнуўся да прадмета пад назвай лета. Выходзіць, слова лета — зваротак, — крыху паразважаўшы, здагадаўся Жучок.

Паласацік змахнуў пот з ілба.

— Так. А цяпер яшчэ адзін сказ. Эх ты, лета гарачае!

— Тут звароткам з'яўляецца не адно слова, а спалучэнне слоў, — і на гэты раз здагадаўся Жучок і, азірнуўшыся, усклікнуў: — Мая кепка на стале ляжыць, а я яе шукаю!

Жучок схапіў са стала кепку і выбег з хаты.



http://gs.by/ru/156/kids/7778/%D0%AF%D0%BA-%D0%96%D1%83%D1%87%D0%BE%D0%BA-%D1%96-%D0%9F%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D1%81%D0%B0%D1%86%D1%96%D0%BA-%D0%B7%D0%B1%D1%96%D1%80%D0%B0%D0%BB%D1%96%D1%81%D1%8F-%D0%BD%D0%B0-%D1%80%D1%8D%D1%87%D0%BA%D1%83.htm

Аляксей Якімовіч. Казка ці каска?


Аднаго разу сябры-суседзі Жучок і Паласацік адправіліся ў падарожжа па родным краі.

Прыселі на ўзгорку, каб адпачыць.


Унізе распасціраецца зялёны луг, пасярод яго прытаілася азярцо, паўз берагоў парослае чаротам. На азярцы качкі плаваюць, гуляюць, ежу здабываюць.

— Сапраўдная казка перад намі! — у захапленні прамовіў Жучок.

— У слове казка пасля «а» якая літара пішацца: «с» ці «з»? — пацікавіўся Паласацік. Ён любіў задаваць пытанні, не даваў сумаваць Жучку.

— Напэўна, «с», — выказаў здагадку Жучок.

— Шаноўны, калі ты напішаш літару «с», у цябе выйдзе іншае слова — каска, — усміхнуўся Паласацік. — Каскі звычайна на галаву надзяваюць. Напрыклад, салдаты ў час бою альбо будаўнікі ў час працы. А ты хацеў сказаць пра тую казку, якую ў кнізе можна прачытаць. Так?

— Так. Але я не магу зразумець, чаму ў слове казка трэба пісаць «з», а не «с».

— Каб не памыліцца ў напісанні, трэба ведаць, як правільна абазначыць на пісьме парны зычны, — сказаў Паласацік.

— Як?


— Трэба падабраць праверачнае слова з галосным пасля зычнага, — прамовіў Паласацік. — Паспрабуй змяніць слова казка і адразу пачуеш, што пішацца пасля «а». 

— Казачка, казачны, казачнік, — стаў змяняць слова казка Жучок. — Затым паглядзеў на сябра і радасна ўсклікнуў: — Я ўсё зразумеў! Няхай жыве казка праз літару «з»!



http://gs.by/ru/160/kids/8008/%D0%9A%D0%B0%D0%B7%D0%BA%D0%B0-%D1%86%D1%96-%D0%BA%D0%B0%D1%81%D0%BA%D0%B0.htm

Аляксей Якімовіч. Падфутболіў!..


Сядзіць Жучок на ўскрайку бярозавага гаёчку і ад смеху заходзіцца.

Падбег да яго Паласацік, пацікавіўся:

— Што так рассмяшыла цябе, сусед?

— Не што, а хто, — паправіў сябра Жучок. — Хлопчык Алесь тут нядаўна быў. Пад ядлоўцавым кустом вожык ляжаў, а Алесю здалося, што гэта мяч!..

— Алесь хацеў падфутболіць яго? — выказаў здагадку Паласацік.

— Яшчэ як хацеў! Але ўцёк ад яго вожык! Я пра гэта нават верш склаў. Паслухай!

Па сцяжынцы, цераз

поле,


У лясок зайшоў Алесь.

Бачыць — мяч.

— Эх, падфутболю!

А той мяч... у кусты

пабег.

Цікавае апісанне выйшла ў мяне?



Хоць і спадабаўся коціку Жучкоў верш, але ён мусіў зрабіць заўвагу:

Гэта не апісанне, браток.

— А што? — усклікнуў Жучок.

Да якога тыпу маўлення адносіцца верш з казкі?



http://gs.by/ru/159/kids/7939/%D0%9F%D0%B0%D0%B4%D1%84%D1%83%D1%82%D0%B1%D0%BE%D0%BB%D1%96%D1%9E!.htm
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка