Анатоль бензярук касцюшкі сяхновіцкія гісторыя старадаўняга роду



старонка1/8
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.9 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8
Анатоль БЕНЗЯРУК

КАСЦЮШКІ-

СЯХНОВІЦКІЯ
ГІСТОРЫЯ СТАРАДАЎНЯГА РОДУ

З М Е С Т


УСТУП

РАДАВОДЫ КАСЦЮШКАЎ..........................................................
Частка 1. ПАЧЫНАЛЬНІК
ПАГАРЫНСКІЯ ВЫТОКІ РОДУ...................................................

ГАРАДЗЕЦКАЯ СПРАВА...............................................................

НАБЫЦЦЁ СЯХНОВІЦКАЙ СПАДЧЫНЫ….….….….….….…...

ІМЯ СТАНОВІЦЦА ПРОЗВІШЧАМ..............................................

ПРЫДОМАК....................................................................................

ПРА КНЯЗЁЎНУ ГАЛЬШАНСКУЮ.............................................
Частка 2. ПЕРШЫЯ ПАКАЛЕННІ
ДОЧКІ КАСЦЮШКІ......................................................................

ПЕРШАЕ РАЗГАЛІНАВАННЕ РОДУ...........................................

ГРАМАДСКАЕ СТАНОВІШЧА.....................................................

СПРОБА АБ’ЯДНАННЯ СПАДЧЫНЫ........................................

МІКАЛАЙ ІВАНАВІЧ.....................................................................

НА ШЛЯХУ ЗБІРАННЯ ЗЕМЛЯЎ................................................

СТАСУНКІ З СУСЕДЗЯМІ............................................................
Частка 3. ЛІНІЯ “ІВАНАВІЧАЎ”
ПЁТРА ДЫ ПАВЕЛ........................................................................

ХРЫЗАСТОМ..................................................................................

ФУНДАТАР СЯХНОВІЦКАЙ ЦАРКВЫ......................................

АПОШНІЯ “ІВАНАВІЧЫ..............................................................
Частка 4. ЛІНІЯ “ФЁДАРАВІЧАЎ”
ПАЧАТКІ МАЛОДШАЙ ГАЛІНЫ.................................................

НА КОПНЫМ СУДЗЕ.....................................................................

ЯН-ЕВАНГЕЛІК..............................................................................

СЯМ’Я АЛЯКСАНДРА ЯНА..........................................................

АМБРОЖЫ, ДЗЕД ТАДЭВУША....................................................

БАЦЬКІ.............................................................................................

ВЯРТАННЕ ДА ГНЯЗДА.................................................................

Частка 5. ТАДЭВУШ КАСЦЮШКА


СЯХНОВІЧЫ ЦІ МЕРАЧОЎШЧЫНА?.........................................

ЧАС НАРАДЖЭННЯ.......................................................................

28 КАСТРЫЧНІКА 1745 ГОДА......................................................

КАРОТКАЯ БІЯГРАФІЯ ВЯЛІКАГА ЧАЛАВЕКА….…...……………..

ТЭСТАМЕНТЫ ГЕНЕРАЛА............................................................
Частка 6. НАШЧАДКІ І ПРЭТЭНДЭНТЫ
ПАРАДНЁНЫЯ “ПА КУДЗЕЛІ”..................................................

ЧУРЫЛАЎШЧЫЗНА І ЗЕЛЕНКАЎШЧЫЗНА.............................................

ЭСТКІ ГЕРБА “ДРЫЯ”..................................................................

ЖУЛКОЎСКІЯ.................................................................................

ПА-ЗА РАДАВОДАМ....................................................................

ПРЭТЭНДЭНТЫ НА ІМЯ.............................................................

ЗАМЕСТ ЗАКАНЧЭННЯ………………………………………
Крыніцы……………………………………………………………………
Радаводны роспіс Касцюшкаў-Сяхновіцкіх………………………..
Беларускі перыядычны друк пра Т. Касцюшку………………….


УСТУП
РАДАВОДЫ КАСЦЮШКАЎ
Старадаўні беларускі шляхецкі род Касцюшкаў (інакш – Касцюшкаў-Сяхновіцкіх) здавён выклікаў цікавасць у даследчыкаў.

Асабліва ўзрасла цікавасць да гісторыі гэтай сям’і пасля імклівага ўварвання на арэну сусветных падзей неардынарнай нават для мяжы ХVIII – ХІХ стагоддзяў асобы генерала Тадэвуша Касцюшкі – нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі.

Час, у які жыў Т. Касцюшка, быў насычаны надзвычай важнымі гістарычнымі падзеямі, якія прадвызначылі лёс не толькі Еўропы, але і ўсяго свету. Сярод іх можна назваць працяглую вайну за незалежнасць англійскіх калоній у Паўночнай Амерыцы і Вялікую Французскую буржуазную рэвалюцыю, у якіх чынны ўдзел браў Тадэвуш Касцюшка. Але сапраўдным зорным часам гэтага таленавітага вайсковага і палітычнага дзеяча сталі падзеі 1794 года, калі пад ягоным кіраўніцтвам на землях Рэчы Паспалітай выбухнула паўстанне, накіраванае супраць ганебных падзелаў краіны паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Нешчаслівы лёс касцюшкаўскага збройнага чыну, задушанага аб’яднанымі намаганнямі суседніх манархій, прадвызначыў канчатковае знішчэнне незалежнасці адной з найбуйнейшых еўрапейскіх дзяржаваў. Але, разам з тым, гэтае паўстанне паклала пачатак нацыянальна-вызваленчай барацьбе народаў былой Рэчы Паспалітай за аднаўленне сваёй дзяржаўнасці ў ХІХ – ХХ стагоддзях.

Афіцыйныя польская, расійская, а пазней і савецкая гістарыяграфіі доўгі час разглядалі паўстанне як выключна польскую з’яву. Між тым, землі сучаснай Беларусі (тагачаснай Літвы) на працягу ажно пяці месяцаў – з красавіка па верасень 1794 года – былі месцам напружанага супрацьстаяння паўстанцкіх аддзелаў з рэгулярнымі ўзброенымі сіламі Расійскай імперыі. Шмат кіраўнікоў і простых удзельнікаў паўстання паходзілі з беларускіх земляў. Вялікая колькасць бітваў адбылася ў 1794 годзе ў межах сучаснай Беларусі [1], самыя значныя з іх – пад Крупчыцамі і Брэстам, недалёка ад родных мясцін кіраўніка паўстання [2].

Сам Найвышэйшы Начальнік (як называлі яго падчас збройнага чыну) заўсёды ўсведамляў сябе л і ц ь в і н а м – грамадзянінам Вялікага княства Літоўскага – гістарычнай Літвы-Беларусі.

7 лютага 1790 года ў сваім знакамітым звароце на імя ваяводы


Ю. Несялоўскага Т. Касцюшка настойліва прасіў перавесці яго з польскай арміі ў войска Вялікага княства Літоўскага, пры гэтым выказваўся надзвычай эмацыянальна: “Хіба вы адмаўляецеся ад мяне і лічыце няздольным служыць Вам? Кім жа я ёсць? Хіба я не ліцьвін, Ваш зямляк, Вамі абраны? Каму павінен дзякаваць, калі не Вам? Каго павінен абараняць, калі не Вас і сябе самога? Калі гэтага звароту будзе для Вас недастаткова, каб унясці на сойм прапанову пра маё вяртанне, то я, бачыць Бог, буду вымушаны што-небудзь кепскае сабе ўчыніць!” [3].

Нават у самыя крытычныя моманты паўстання Т. Касцюшка не губляў крэўнай сувязі з гістарычнай радзімай і звяртаўся з адозваю да сваіх прыхільнікаў на беларускіх землях: “Землякі і суайчыннікі мае! На вашай зямлі я нарадзіўся і ў запале праведным да маёй Бацькаўшчыны адгукаецца ўва мне найасаблівейшая прыхільнасць да тых, паміж якіх пусціў я карані жыцця...” [4].

Гэтыя “карані жыцця”, пра якія згадваў “найчысцейшы сын свабоды” (так называлі слыннага генерала ўжо яго сучаснікі), прарасталі з глыбокай старажытнасці – ад сям’і, што стагоддзямі жыла на Берасцейшчыне і заўсёды была адданая сваёй зямлі; ад роду, які цудоўна памятаў свае вытокі і ашчадна перадаваў у пакаленнях даўнія дакументы і спадчынныя традыцыі. Таму асобa будучага “Героя Двух Кантынентаў”, ягоныя маральныя чалавечыя якасці, філасофскае ўсведамленне свету, нарэшце, ягоная нацыянальна-патрыятычная свядомасць, шматлікія таленты і закладваліся менавіта ў сям’і.

Постаць Т.Касцюшкі надзвычай цэльная. Сёння ўжо відавочна, што імя і справы генерала павінныя шырэй выкарыстоўвацца на патрэбы беларускага нацыянальнага адраджэння і ўмацавання сучаснай беларускай дзяржавы, як раней (у ХІХ – сярэдзіне ХХ стагоддзяў) яны паспрыялі на карысць вяртання польскай дзяржаўнасці і стварэння сучаснай польскай нацыянальнай ідэі. Таму нядзіўна, што вывучэнне гісторыі сям’і, у якой нарадзіўся будучы военачальнік і палітык, было ў цэнтры ўвагі не аднаго пакалення навукоўцаў. Гісторыя стварэння адмысловых радаводаў і генеалагічных дрэваў Касцюшкаў-Сяхновіцкіх доўжыцца ўжо 360 гадоў.

У 1641 годзе ў Кракаве пабачыла свет напісаная на лаціне праца Шымана Акольскага “Арбіта Польшчы”, з якой вынікае, што ўжо ў ХVІІ стагоддзі Касцюшкі ўяўляліся сучаснікам старажытным домам, моцна паяднаным сваімі каранямі з Берасцейскаю зямлёй (antiqua domus Kosciuszkonum in palatinatu Brestensi) [5].

Складальнік аднаго з першых “Гербоўнікаў” польскай ды літоўскай шляхты Каспар Нясецкі (1682 – 1744) амаль без зменаў прывёў запазычаныя ў Ш. Акольскага звесткі пра Касцюшкаў-Сяхновіцкіх [6]. А наступныя шматлікія біёграфы Т. Касцюшкі ахвотна карысталіся названым “Гербоўнікам” пры апавяданні пра пачаткі сям’і, што падаравала Свету “Героя Двух Кантынентаў”.

Паколькі ў ХVІІ – ХVІІІ стагоддзях ідэя стварэння ўласных радаводаў стала надзвычай папулярнаю сярод шляхты (прычым кожны род імкнуўся давесці як мага больш старажытныя, нават легендарныя вытокі), Касцюшкі таксама паклапаціліся пра ўласнае генеалагічнае дрэва.

Стваральнікам яго (прыблізна ў 1695 годзе) стаў надзвычай адукаваны прадзед Тадэвуша Касцюшкі Аляксандр Ян Касцюшка-Сяхновіцкі. Наступнае ”Генеалагічнае дрэва Касцюшкаў-Сяхновіцкіх” было напісана на пергаменце ў другой палове ХVІІІ стагоддзя [7]. На вялікі жаль, абодва гэтыя каштоўнейшыя дакументы страчаныя ў часы Другой сусветнай вайны – загінулі ў пажары Варшавы.

На працягу ХІХ стагоддзя таксама з’явілася некалькі легендарных Касцюшкавых радаводаў. Будаваліся яны выключна на адмысловай фантазіі аўтараў і няведанні імі шматлікіх дакументальных матэрыялаў, што захоўваліся на той час у розных прыватных архівасховішчах ды музейных зборах Беларусі, Польшчы, Украіны, Швейцарыі, Злучаных Штатаў Амерыкі.

Сучасны польскі гісторык Бартламей Шындлер слушна заўважаў, што пасля смерці Тадэвуша Касцюшкі сярод прадстаўнікоў ягонага роду з’явілася вялікае жаданне “квяціста ўпрыгожыць уласную генеалогію” [8].

У 1852 годзе некаторыя з нашчадкаў Касцюшкаў-Сяхновіцкіх былі зацверджаны расійскім Сенатам у дваранскай годнасці. Да рашэння Сената прыкладаўся радавод, з якога вынікала, што нейкі пінскі стольнік і староста жытомірскі Уладзіслаў Касцюшка меў трох сыноў: Паўла, старосту крамяніцкага і пісара земскага жытомірскага; Міхала, палкоўніка артылерыі, ды Людвіка, мечніка брэсцкага. Апошні, які ўзяў шлюб з Тэкляй Ратомскай, меў сыноў Юзафа, Станіслава і Тадэвуша Андрэя Банавентуру [9].

Гэты радавод, прызнаны Сенатам за сапраўдны, утрымліваў вялікую колькасць недакладнасцяў. Аднак ягоныя палажэнні з яшчэ больш легендарнымі падрабязнасцямі хутка трапілі на старонкі польскага часопіса “Час” (1852 год).

Часопісны артыкул прашчурам Касцюшкаў называў нейкага Дзімітра. Сцвярджалася нібыта ў 1396 годзе той разам з жонкаю Аксіняю Гімбат атрымаў права накладаць на дакументы пячатку з чырвонага воску, што ў тыя часы было выключным правам (прывілеем) княжскіх родаў [10].

Хутчэй за ўсё, інфармацыя, змешчаная ў “Часе”, грунтавалася на вельмі ненадзейных дадзеных Леанарда Ходзькі, упершыню апублікаваных у ягонай франкамоўнай біяграфіі Т. Касцюшкі (1837 год, праз два дзесяцігоддзі кніга была перавыдадзена польскаю моваю).

Першая глава гэтай працы, названая “Радавод Касцюшкаў”, утрымлівала шматлікія легендарныя падрабязнасці. У ёй, у прыватнасці, сцвярджалася: “Сям’я Касцюшкаў... у часы Вітольдавы [Вітаўта Вялікага – А.Б.] карысталася, як пра тое сведчыць прывілей з 1396 года, княжацкім тытулам... Род гэты, на што ўказваюць аўтэнтычныя радаводы, па мячы і па кудзелі [з мужчынскага і жаночага бакоў – А.Б.] быў паяднаны з сем’ямі Святаполкаў, Радзівілаў, Карэцкіх, Шуйскіх, Пузынаў, Плятэраў, Неміровічаў, Грабоўскіх...” [11]. Уся пералічаная радзіна мела княжацкія ці графскія тытулы. Безумоўна, крыніцай згаданай інфармацыі былі нейкія паўлегендарныя генеалагічныя роспісы, створаныя з мэтаю надаць большай высакароднасці Касцюшкам-Сяхновіцкім. Л. Ходзька стаў аўтарам і іншых сур’ёзных памылак і недакладнасцяў, якія зусім не стасаваліся з сямейнымі паперамі, выяўленымі пазнейшымі гісторыкамі.

Аднак польскія біёграфы Тадэвуша Касцюшкі 50 – 70-ых гадоў ХІХ стагоддзя (асабліва Т. Свенцкі, Ю. Барташэвіч, Ф. Пашкоўскі і К. Вуйціцкі) у сваіх працах некрытычна карысталіся творамі Л. Ходзькі і публікацыяй у “Часе” [12]. Пад іх уплывам памылковыя звесткі перайшлі нават на старонкі знакамітага “Энцыклапедычнага слоўніка” Бракгаўза і Эфрона [13].

Сапраўдным пераломам у вывучэнні гістарычнай спадчыны Касцюшкаў стаў юбілейны 1894 год – перыяд шырокага святкавання сотых угодкаў Касцюшкаўскага паўстання.

У гэты час узнялася моцная патрыятычная хваля, на вяршыню якой была ўзнесеная асоба вядомага генерала [14]. Фактычна культ героя, які ствараўся яшчэ пры ягоным жыцці і ўзмацніўся пасля смерці, дасягнуў свайго эпагею. Апалогія “Начальніка ў сукмане” – велічнага героя, блізкага народу, бясстрашнага і грознага абаронцы радзімы – зрабілася абавязковым правілам на землях былой Рэчы Паспалітай. Пры гэтым арэол славы пачаў распаўсюджвацца не толькі на самога Т. Касцюшку, але і на людзей, што маглі заявіць аб сваіх родавых повязях з кіраўніком паўстання 1794 года. Напрыклад, у спецыяльным кракаўскім часопісе “Касцюшка” (выдаваўся з 1893 года пад рэдакцыяй публіцыста Антонія Касцецкага (1825 – 1899), даўняга супрацоўніка Музея Чартарыйскіх) неяк прамільгнула інфармацыя пра сваякоў Т. Касцюшкі, якія жылі напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Галіцыі. У рэдакцыйным артыкуле, між іншым, змяшчалася наступная прапанова: у выпадку, калі тыя “на самой справе ёсць стрыечнымі ўнукамі Тадэвуша, увесь край павінен, з удзячнасці і піетэту да вялікага чалавека, заняцца лёсам ягоных нашчадкаў”. Прагучала нават наступнае меркаванне: “Калі ўсё ж у жылах вясковай радзіны і не цячэ кроў героя, ужо адная толькі згадка дарагога імя, а таксама месца паходжання дае ім права на сардэчнае апякунства ды ўсеагульнае спачуванне” [15]. Нядзіўна, што такі падыход распальваў жаданні некаторых авантурных асоб падрабіць дзеля сваёй карысці радаводы Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.

З гэтай нагоды надзвычай востра паўстала пытанне пра стварэнне генеалагічнага дрэва, якое павінна было грунтавацца на шматлікіх дакументальных сведчаннях, што яшчэ захоўваліся ў розных музеях ды архівасховішчах і пры гэтым не выклікалі сур’ёзных нараканняў з боку спецыялістаў.

Менавіта тады пабачыла свет фундаментальная, амаль 700-старонкавая біяграфія Т. Касцюшкі, падпісаная толькі адной літарай “К” [16].

За гэтым ініцыялам хаваўся вядомы польскі гісторык Тадэвуш Сыльвестр Корзан (1839 – 1918), ураджэнец Мінска (сучаснай сталіцы Беларусі).

Ягоная манаграфія, якая стала сапраўднаю з’яваю ў касцюшказнаўстве, называлася “Касцюшка. Біяграфія, складзеная па дакументах”. І гэтая назва цалкам адпавядала рэчаіснасці, паколькі


Т. Корзану былі даступныя шматлікія найкаштоўнейшыя ў гістарычным плане дакументы, што паходзілі з уласных архіваў розных нашчадкаў Касцюшкаў. Большасць папераў пазней была незваротна страчана (загінула ў 1944 годзе падчас моцнага пажару польскай сталіцы). Гісторыку пашчасціла ўпершыню ўвесці ў навуковы ўжытак крыніцы, неўзабаве назаўжды згубленыя для гісторыі.

Вянчала Корзанаву манаграфію генеалагічнае дрэва (Rodowód Kościuszków Siechnowickich przez akta sprawdzony i uzupelniony), у аснову якога была пакладзена копія радаводу ХVІІІ стагоддзя, выкананая ў 1893 годзе Рыхлінскім і дапоўненая самім аўтарам манаграфіі на падставе сямейных папер.

Усяго змешчаная ў кнізе Т. Корзана генеалогія Касцюшкаў-Сяхновіцкіх апісвала 199 асоб, у тым ліку 77 жаночых (сярод гэтага шырокага спіса 34 жаночыя і адно мужчынскае імя былі прызнаныя невядомымі).

Першае выданне манаграфіі выйшла накладам Народнага музея ў Раперсвілі (Швейцарыя). Гэтая ўстанова была ўтвораная ў 1869 годзе намаганнямі палітычнага эмігранта графа Уладзіслава Плятэра і стала ажыўленым цэнтрам польскага нацыянальнага жыцця [17].

У значнай ступені дзейнасць музея падтрымлівалася швейцарскімі ўладамі, калекцыя папаўнялася за кошт добрачынных ахвяраванняў. І ў 1906 годзе (да часу выхаду ў свет другога выдання кнігі Т. Корзана) музейныя зборы налічвалі ўжо каля 75 тысяч друкаваных выданняў, 12 тысяч рукапісаў, 8 тысяч фотаздымкаў, больш за тысячу нотных сшыткаў і дзвюх тысяч малюнкаў, а таксама калекцыі зброі, мундзіраў, этнаграфіі [18]. Апроч таго, тут месціўся асобны пакой Тадэвуша Касцюшкі, у якім знаходзіліся 243 арыгінальныя дакументы ХVІ – ХІХ стагоддзяў, прысвечаныя прадстаўнікам ягонай сям’і [19].

У далёкую Швейцарыю касцюшкаўскія паперы трапілі, галоўным чынам, з Беларусі.

Першая частка іх знаходзілася некалі ў Малых Сяхновічах (цяпер Жабінкаўскі раён) ва ўласнасці Казіміры Раманаўны Булгак, праўнучкі Ганны з Касцюшкаў Эсткі, роднай сястры Тадэвуша Касцюшкі.

Другую частку раней захоўваў Станіслаў Валіцкі ў Шпіталях (таксама на Жабінкаўшчыне), прычым, у ідэальным стане: з некаторых папераў былі знятыя дзве, тры і нават чатыры копіі.

Трэці збор касцюшкаўскіх дакументаў знаходзіўся ў прыватным архіве графа Станіслава Касакоўскага ў Войткушках, а пазней быў перададзены ва ўласнасць кракаўскага Ягелонскага універсітэта.

І, нарэшце, апошняя частка дакументаў захоўвалася ў маёнтку Лышчыцы Брэст-Літоўскага павета Гродзенскай губерні ў зборы Марыі Раманаўны Віслоцкай (1846 – 1932), роднай сястры Казіміры Булгак [20]. Сярод іншых рэчаў у Лышчыцах зберагаліся фамільныя партрэты Амброжыя Казіміра і Барбары з Глеўскіх Касцюшкаў, дзеда і бабулі Тадэвуша Касцюшкі – усё, што засталося ад разбуранай родавай капліцы ХVІІ – ХVІІІ стагоддзяў у спадчынных Сяхновічах. Па просьбе Віслоцкіх мастакі А. Рэгульскі і Я. Краеўскі паводле гэтых партрэтаў стварылі гравюры, копіі якіх у 1881 годзе былі змешчаны на старонках “Тыгодніка ілюстраванага” [21]. Сёння выявы Амброжыя і Барбары, намаляваныя брэсцкай мастачкай Вольгай Маслоўскай, упрыгожваюць экспазіцыю мемарыяльнага пакоя Т. Касцюшкі ў Малых Сяхновічах [22].

Усе гэтыя надзвычай каштоўныя крыніцы меліся ў распараджэнні
Т. Корзана. Імі ён шырока карыстаўся. І таму ягоная праца, якая змяшчала шмат копій арыгінальных дакументаў, захоўвае сваё навуковае значэнне і па сённяшні дзень. Яна будзе вельмі карыснаю і нам, тым больш, што увесь першы раздзел сваёй манаграфіі слынны навуковец прысвяціў лёсу шматлікіх родзічаў Тадэвуша Касцюшкі.

Акрамя таго, у 1907 годзе Т. Корзан ізноў звярнуўся да жыццяпісу генерала, прысвяціўшы яму навукова-папулярнае выданне пад тытулам “Кім і чым быў Касцюшка”. На гэты раз у кнізе было змешчанае скарочанае радаводнае дрэва сям’і сяхновіцкіх уладароў, яшчэ раней навуковец выступіў у друку са спецыяльным артыкулам, прысвечаным радаводу генерала [23].

Наступныя даследчыкі пры складанні генеалогій Касцюшкаў-Сяхновіцкіх у большай ці меншай ступені абапіраліся на высновы Тадэвуша Корзана, амаль не дапаўняючы яго [24].

У 1994 годзе касцюшкаўскі радавод, выкананы Т. Корзанам, упершыню быў перакладзены на беларускую мову А. Глябовічам [25] і змешчаны ў часопісе “Спадчына” (пераклад мае пэўныя хібы: напрыклад, памылкова сцвярджаецца, што ніводнага выдання кнігі Т. Корзана ў Беларусі не існуе, што, натуральна, не адпавядае рэчаіснасці [26]).

Прыкладна ў той самы час у заключнай частцы “Генеалогіі Беларусі” маскоўскі даследчык А.М. Нарбут змясціў сваю рускамоўную апрацоўку касцюшкаўскага радавода. Прычым навуковец асабліва падкрэсліваў, што Касцюшкаў “з пэўнасцю можна аднесці да шляхты Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), а яшчэ дакладней – да беларускай шляхты” [27].

У дадзеным выпадку расійскі генеолаг закранаў вельмі важнае пытанне нацыянальнага паходжання героя, а ягонае выказванне збліжаецца са словамі вядомага беларускага даследчыка Вітаўта Кіпеля (ЗША) аб Касцюшку:

Народжаны на Беларусі, ён ня страціў лучнасьці з радзімаю і разам з тым прынёс значны ўклад у справу незалежнасьці і ў ваенную гісторыю Злучаных Штатаў. Хаця зьвестак і працаў пра гэтага вялікага чалавека ў розных мовах назьбіраецца вельмі багата, а навукоўцы, як правіла, лічаць Касьцюшку палякам, адданым справе амэрыканскае свабоды, ягоныя повязі з роднаю зямлёю й беларускім народам дагэтуль амаль не дасьледаваліся. Аднак можна з пэўнасьцю сьцьвярджаць, што беларускасьць Касьцюшкавых біялагічных каранёў не выклікае ніякага сумневу, і ўжо адзін гэты факт дае дастаткова падстаў залічыць дзеі гэтага выдатнага чалавека да заслугаў таксама й беларускага народу ды беларускай спадчыны ў Амэрыцы” [28].

Складаючы генеалагічнае дрэва Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, А.М. Нар-


бут прызнаваў, што праца па канчатковым стварэнні іх радавода яшчэ вельмі далёкая да завяршэння, паколькі “спадчыннікі многіх асоб гэтага рода невядомыя. Толькі ў Маскве напрыканцы 1980-ых гадоў было звыш 20-ці “Костюшко” і “Косцюшко”, якія нарадзіліся ў 1910 – 1920 гг., але сярод іх знайсці Касцюшкаў-Сяхновіцкіх не надарылася” [29].

А гэта значыць, што даследчыкі надалей будуць па крупінцы ўзнаўляць мінулае ў спадзяванні праз гісторыю аднаго славутага роду глыбей спасцігнуць складаны лёс усёй нашай шматпакутнай краіны. Бо цікавасць да сямейнай спадчыны найбольш выбітных беларускіх родаў, што пакінулі адметны след на старонках гісторыі, моцна адрадзілася. І ўжо не згасне ніколі. Ужо ніколі не вернуцца тыя часы, калі цэлая самабытная галіна гістарычных ведаў – генеалогія – была фактычна “рэпрэсіраваная”. І Беларусь назаўсёды верне сабе высокае права называцца радзімаю не толькі Ф. Скарыны, М. Багдановіча, Я. Купалы, але і стане сапраўднаю зямлёй Радзівілаў, Сапегаў, Касцюшкаў дый іншых вядомых родаў.

*

На працягу ўжо многіх гадоў мы даследуем гісторыю сям’і Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. Гэтая цікавасць была абумоўленая гонарам не толькі за славутага сына сваёй краіны, але і за земляка, бо невялічкі беларускі горад Жабінка, у якім мне выпадае жыць, знаходзіцца ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад Касцюшкавых Сяхновічаў. Наш пасільны ўнёсак у вялікую сусветную бібліяграфію, прысвечаную Т.Касцюшку, увасобіўся ў больш як за сорак апублікаваных на сённяшні дзень артыкулаў, прысвечаных розным старонкам жыцця і дзейнасці “Героя Двух Кантынентаў”, у тым ліку пытанням ягонага радаводу [30].



Плён сваіх шматгадовых росшукаў, які нарэшце ператварыўся ў кнігу, мы прысвячаем памяці герояў-змагароў “За вольнасць нашу і вашу”, “ценям Касцюшкі” [31].

Пачнем ад самых вытокаў Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, пабачым, як да рэчышча старадаўняга роду будуць далучацца іншыя прытокі-сем’і, як пачнуць прырастаць да ствала радаводнага дрэва новыя важкія галіны, пакуль на адной з іх не з’явіцца постаць таго Касцюшкі, што “і род свой, і свае ўласнае імя ў Свеце ўславіў”.




Частка 1
ПАЧЫНАЛЬНІК
ПАГАРЫНСКІЯ ВЫТОКІ РОДУ
Пачаткі роду Касюшкаў губляюцца ў глыбінях стагоддзяў.

Найпершыя, на жаль, вельмі нешматлікія дакументы, што сведчаць пра славуты род, захаваліся ў кнігах Літоўскай Метрыкі і адносяцца толькі да пачатку ХVІ стагоддзя.

Метрыка ўвогуле сталася асноўнаю, найбагацейшаю крыніцаю ведаў пра мінулае нашага краю. Менавіта дзякуючы ёй большасць паселішчаў Беларусі быццам выйшла з цемры гістарычнага нябыту. Упісаныя на старонкі афіцыйных справаводчых актаў, створаных пры велікакняскай канцылярыі, вёскі і гарады зажылі ўласным адметным жыццём, пачалі адлік сваёй пісьмовай гісторыі.

Міжволі невядомыя “хлапяты, што метрыкі перапісваюць” данеслі да нас і звесткі пра шматлікія роды, якія пакінулі след на беларускай зямлі. Сярод іншых сем’яў, некалі ўпершыню згаданых на старонках Метрыкі, мы знаходзім згадкі і пра Касцюшкаў-Сяхновіцкіх [32].

Каштоўнасць гэтых дакументаў нельга перабольшыць. Кожны з іх мае выключную важнасць, бо дазваляе па крупінках аднавіць згубленыя звёны ў генеалагічным ланцугу, які цягнецца да вяршыні роду – да Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі-Сяхновіцкага. А яшчэ – дапамагае акрэсліць родавыя і пазямельныя сувязі ягоных продкаў, “слаўных у міры, грозных на вайне”.

Асаблівае значэнне для ранняй гісторыі Касцюшкаў мае пастанова вялікага князя літоўскага ды караля польскага Жыгімонта І, складзеная 15 чэрвеня 1511 года ў Берасцейскім замку, якая называлася “Вырок князю Костентину Острозскому и князю Юрью Дубровицкому зъ бояры ихъ Степанскими, Костюшком Федоровичомъ и братьею его, которие, маючи под ними именья, то есть села Городец а Тотовичи и Вълюхчи, служити им не хотели” [33].

Пра гэты дакумент упершыню згадаў у ХІХ стагоддзі Адам Банецкі, але памылкова датаваў “вырок” 1512 годам, тую ж памылку следам за папярэднікам паўтарыў і Т. Корзан [34].

Будзе карысна цалкам прывесці тэкст велікакняскай пастановы, каб потым прааналізаваць яе:



«Жикгимонт, Божьею милостью король и велики князь.

Смотрели есмо того дела с паны радами нашими. Стояли перед нами очевисто, жаловали нам гетьман наш, староста Луцки, Браславъски и Веницки, маршалок Волынское земли, князь Костенътин Иванович Острозски, а князь Юрьи Иванович Дубровицки на Костюшка Федоровича и на его братью тым обычаем: што ж де они бояре звычные наши Степаньские; отцу их дал именье в Степани князь Юрии села, на имя Городец а Тотовичи а Вълюхчи, и он с того именья служил ему и по нем детем его; а тыми разы, как вже нам Степань достался, и они нам с тым именьем служити не хотят.

И Костюшко Федорович с братьею своею перед нами поведил: мы деи бояре не Степаньские, алде бояре есмо звычные Волынские, почонши от великого князя Витовъта; нижли отец наш, видячи ласку князя Юрьеву, и служил ему по доброи воли.

И князь Костентин и князь Юрьи послалися до всее земли Волынское, што ж они не Волынские бояре и з веку николи з Волынцы не служили, и под хоругвъю Волынскою не ставили.

И пан Богдан Гостъски, а князь Иван Путятич, а пан Петрушко Мушатич с ыными многими Волынъцы перед нами светъчили, што ж деи они бояре не Волыньские, Але Степаньские и николи з Волынцы не служивали и под хоруговъю Волынскою не стаивали, Але здавна служили к Степаню, посполь з бояры Степанскими.

Ино мы, того досмотревъшы с паны радами нашими суполъными и подлуг сведоцства тых панов Волыньских и теж их самых сознанья иж сами то знали, иж отец их и они сами князю Юрью и детем его служили, – в том есмо князя Костентина и князя Юрыя правых нашли и казали есмо Костюшку Федоровичу и его братьи с тым именьем, с селы, на имя з Городцом а с Тотовичи а Вълюхъчи, к Степаню служили, а естли бы они князю Констенътину и князю Юрью не хотели служити, и они маютъ, именье оставивши, прочь ехати, а князь Костенътин и князь Юрьи в ыменьи их вольни.

При том были: князь Воитех, бискуп Виленскии; воевода Виленскии, канцлер пан Миколаи Миколаевич; воевода Троцскии маршалок дворныи, пан Григоре Станиславович Остиковича; пан Троцкии, староста Жомоитъскии, пан Станислав Янович; воевода Полоцкии, пан Станислав Глебович; воевода Новгородскии, маръшалок пан Ян Янович Заберезынскии и иные панове рада».

Лёгка заўважыць, што дакумент з’явіўся ў адказ на скаргу князёў Канстанціна Іванавіча Астрожскага і Юрыя Іванавіча Дубровіцкага-Гальшанскага на “баяр звычных” Касцюшку Фёдаравіча (№ 1) і ягоных братоў. Згаданыя князі, атрымаўшы ў спадчыннае валоданне Сцяпанскую зямлю (цяпер частка Ровеншчыны, Украіна), былі абураныя паводзінамі мясцовых баяраў, якія катэгарычна адмаўляліся ісці да іх на службу.

Насуперак аўтарытэтным сведчанням, браты Фёдаравічы лічылі сябе валынскімі баярамі і таму не прызнавалі ніякіх абавязкаў перад новымі ўладарамі, што і настойліва падкрэслівалі ў звароце да караля: пачынаючы з часоў Вітаўта Вялікага, іх продкі лічыліся валынцамі, а сёлы блізу Сцяпані ўпершыню атрымаў у валоданне іх бацька ад нейкага князя Юрыя.

Хто ж быў гэты загадкавы князь?

Канечне, ім не можа быць Юрый Дубровіцкі. Ён толькі пачынае валодаць Сцяпанню. Ды і сам тэкст дакумента дазваляе лічыць згаданага князя Юрыя нябожчыкам.

Галоўным прэтэндэнтам на ролю старога сцяпанскага гаспадара з’яўляецца дзед Ю.І. Дубровіцкага – князь Юрый Сямёнавіч Гальшанскі (каля 1410 – каля 1457). Той атрымаў Сцяпань прыкладна ў канцы 1440-ых гадоў ад гаспадара ВКЛ Казіміра Ягайлавіча (1440 – 1492). Ён шмат пасадзейнічаў вялікаму князю ў набыцці ўлады, і, трэба думаць, такі шчодры падарунак яму быў падзякаю за дапамогу.

Аднак з сярэдзіны 50-ых гадоў адносіны між Казімірам і Гальшанскім рэзка абвастрыліся. Прычынаю стала далучэнне Юрыя да апазіцыі, якая выступала за абранне на велікакняскі пасад Сямёна Алелькавіча [35].

Змова была раскрытая ў 1456 годзе, таму баярын Фёдар мог карыстацца сваімі землямі “з ласкі князя Юрыя” толькі да гэтага тэрміну.

Сыны апальнага князя Іван (каля 1435 – 1481) ды Сямён (каля 1445 – 1505) падзялілі сцяпанскі надзел. Прычым першы ў нечым паўтарыў нешчаслівы лёс свайго бацькі: узняў змову супраць Казіміра і быў за гэта пакараны смерцю. Але вялікі князь быў літасцівым да сына змоўшчыка – прыгаданага ў “выроку” 1511 года Ю.І. Дубровіцкага (каля 1480 – 1536).

Другім удзельнікам спрэчкі з Касцюшкамі выступаў славуты гетман К.І. Астрожскі (каля 1460 – 1530). Ён атрымаў частку Сцяпані ў 1509 годзе як пасаг за жонкаю – Таццянаю Сямёнаўнаю Гальшанскай [36].

Ці працягваў Фёдар служыць ім, як некалі памёрламу князю Юрыю Гальшанскаму?

З ХІХ стагоддзя ўсталявалася думка, што ў 1458 годзе вялікі князь Казімір падараваў Фёдару за паслугі маёнтак Сяхновічы [37]. Гэта, быццам, цалкам адпавядае логіцы падзеяў, якія разгортваліся вакол Сцяпані ў сярэдзіне ХVI стагоддзя, але, на жаль, зусім не пацверджана дакументальна.

Таму не будзем цалкам абвяргаць вельмі прывабную версію папярэдніх даследчыкаў, але прызнаем, што адзіны дакладна вядомы факт з жыцця Фёдара – прашчура роду Касцюшкаў сведчыць, што ў сярэдзіне ХV стагоддзя ён валодаў трыма сёламі ў Cцяпанскай зямлі. А спробы некаторых гісторыкаў лічыць яго першым уладаром Сяхновічаў ды яшчэ – велікакняскім сакратаром толькі на той падставе, што гэтыя валоданні і пасаду пазней меў ягоны старэйшы сын, – прызнаем за гіпотэзу, якая яшчэ патрабуе важкіх доказаў [38].

“Вырок” 1511 года павінен быў прымірыць абодва бакі. Касцюшка “з братамі сваімі”, нязгодны служыць новым гаспадарам Сцяпані, атрымалі магчымасць пакінуць тыя сёлы, якія яны мелі ў воласці, і “прэч з’ехаць”. А князі К.І. Астрожскі і Ю.І. Дубровіцкі маглі ўчыніць з гэтымі сёламі паводле сваёй волі [39].

Такое рашэнне вялікага князя Жыгімонта сведчыла, з аднаго боку, што Сцяпанскія землі Фёдаравічы трымалі толькі на правах асабістай службы, а з другога боку, яно ўскосна пацвярджала іх валынска-палескае паходжанне.

Ёсць у гэтай справе і яшчэ адзін цікавы момант. У так званым “Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх”, складзеным паміж 1387 і 1406 гадамі, “Сцяпань на Гарыні” названая ў пераліку менавіта валынскіх гарадоў [40]. За тое стагоддзе, што мінула з часоў Вітаўта, як бачым, змянілася тэрытарыяльная прыналежнасць земляў вакол Сцяпані. Гэта і выклікала непаразуменне, бо продкі Фёдаравічаў, трымаючы тыя самыя землі, лічылі іх валынскімі, а не сцяпанскімі.

Акрамя таго, пад час выдання пастановы Касцюшка, старэйшы сын Фёдара, ужо служыў у велікакняскай канцылярыі [41], таму Жыгімонт І не жадаў ствараць прэцэдэнт, падпарадкоўваючы аднаго чалавека дзвюм уладам.

Справа, аднак, як паказалі далейшыя падзеі, мела свой працяг, паколькі браты Фёдаравічы і надалей не збіраліся губляць свае сувязі са Сцяпанскім паветам.

Мажліва, самае значнае, пра што мы даведваемся з “вырока”, – гэта тое, што Касцюшкі ведалі свае пачаткі і выводзілі іх ад канца ХІV – першай чвэрці ХV стагоддзя – з часоў Вітаўта Вялікага.
ГАРАДЗЕЦКАЯ СПРАВА
Ужо ў ХІХ стагоддзі даследчыкі атаясамлівалі сяло Гарадзец, якім валодаў продак Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, з сучаснаю Гарадною Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.

Гэтае паселішча, упершыню згаданае ў гістарычных дакументах пад 1448 годам, здавён было вядомае як цэнтр ганчарнай вытворчасці, а з цягам часу стала мястэчкам, якое карысталася магдэбургскім правам і мела свой уласны адметны герб [42].

Падзеі, што адбываліся вакол Сцяпанскай зямлі, не выходзілі з полю зроку Касцюшкі Фёдаравіча.

Праз нейкі час пасля пазбаўлення бацькавай спадчыны “на Гарадцы, Татовічах і Влюхчах”, князь Канстанцін Астрожскі перадаў трэцюю частку былых земляў Фёдара з сялом Гарадзец (Гарадная) Сцяпану Варапаевічу, ажанёнаму з Жданай Фёдараўнай.

Пасля смерці швагера браты Фёдаравічы, спасылаючыся на ранейшыя гаспадарскія лісты, запатрабавалі ад сястры вярнуць ім Гарадзец і нават выклікалі яе ў велікакняскі суд. Аднак Ждана зусім не жадала весці цяжбу з братамі. Таму 9 лютага 1545 года яна добраахвотна склала ліст, у якім афіцыйна адмаўлялася ад сваіх правоў [43]:

Я, Степановая Воропаевича Ждана Федоровна, сознавам тым моим листом, што братья мои рожоные пан Гурко а пан Костюшко Федоровичы позвы господарскими позвали были мене до господаря его милости на рок судовыи о имение нашом отчизное Городец в повете Степанском, которого я в держанию есть менячи собе мети тое имение Городец за отчизну, где я за тыми позвы господарскими яко будучи невеста хворая не могла есми перед господарем его милостию стати на тые роки и к тому, ведаючи то, иж тое имение Городец есть их властная отчызна и моя, а не хотячы в том собе от них яко от отчычем и рожоное братии своее жадное трудности и шкоды за тым позванем их прыняти, за их властную отчызну добровольне есми их милости того имения Городца отчызны их поступила не вдаючыся в жадное то имение Городец само в собе и во всих пожытках своих сие мает им самим и их детям и на потом будучым их шчадкам мают их милостъ тое свое имение Городец спокоине держати и уживати и мене яко сестру свою на том имении ховати и мною сие опекати и от кривд боронити аж до моего живота и на то есм пану Гурку и пану Костюшку Федоровичам дала сесь мои лист с моею печатъю а при том были добрые сведомы земяне земли Волынское повету Луцкого их милость пан Яско Мотхеевич Чечнинскии а пан Иван Покотило и для лепшые твердости того моего листа просила есми тых панов земян о печати абы их милости на мою прожбу вчынили и печати свои прыложили их милостъ то для мене здзелатъ рачыли к сему моему листу”.

Дакумент яскрава сведчыў, што першыя Касцюшкі не перарывалі сваёй сувязі са Сцяпанскаю зямлёю і па-ранейшаму лічылі Гарадзец свёй вотчынай.

13 красавіка 1546 года вялікі князь Жыгімонт Аўгуст, разгледзеўшы гэтую справу ў Вільні, дазволіў Касцюшку і Гурку Фёдаравічам трымаць Гарадзец і несці васальную службу з гэтага маёнтка.

На жаль, цяпер ужо немагчыма дакладна даведацца, калі Касцюшкі канчаткова адмовіліся ад сваіх правоў на Гарадзец. Мабыць, гэта адбылося да 1579 года, калі паселішча атрымала права на самакіраванне [44].

Яшчэ раней цэнтр зямельнай спадчыны Касцюшкаў перамясціўся на поўдзень тагачаснага Камянецкага павета Падляшскага ваяводства. І сюды ў памяць пра Сцяпань на Гарыні, яны перанеселі назву вёскі Сцяпанкі (у Жабінкаўскім раёне), утворанай прыкладна ў пачатку ХVІ стагоддзя [45].

А цэнтрам зямельнай спадчыны Касцюшкаў, будучым іх “дваранскім гняздом”, зрабіўся блізкі да Сцяпанак маёнтак Сяхновічы, набыты ва ўладанне ад Жыгімонта І.
НАБЫЦЦЁ СЯХНОВІЦКАЙ СПАДЧЫНЫ
За некалькі стагоддзяў імя Касцюшкаў і назва родавых Сяхновічаў сталі адным цэлым.

У ХVІІ стагоддзі Ш. Акольскі і ў ХVІІІ стагоддзі К. Нясецкі аднагалосна сцвярджалі, што кароль і вялікі князь Казімір надаў аднаму з Касцюшкаў (не названаму па імені) гэты маёнтак у падзяку за верную службу [46].

У 1864 годзе К. Вуйціцкі ў сваёй вялікай біяграфіі Тадэвуша Касцюшкі, створанай для “Усеагульнай энцыклапедыі”, упершыню сцвярджаў, што такое наданне адбылося ў 1458 годзе [47]. Праз чвэрць стагоддзя гэтая дата, падхопленая аўтарамі артыкула пра Сяхновічы ў папулярным “Геаграфічным слоўніку Польскага каралеўства і іншых краёў славянскіх” (1889 год) [48], увайшла ў шырокі навуковы ўжытак. Гісторыкаў не засмучаў нават той факт, што інфарацыя была ўзята з вельмі ненадзейнай і супярэчлівай крыніцы і не мела ніякага дакументальнага пацвярджэння. У Беларусі напрыканцы ХХ стагоддзя названая дата ўвогуле зрабілася амаль аксіёмаю [49].

А разам з тым, першы бясспрэчны дакумент, які тычыўся непасрэдна Сяхновічаў, некалі знаходзіўся ў сямейным архіве Касцюшкаў, і цяпер шырока вядомы, дзякуючы Т. Корзану, які апублікаваў яго цалкам у 1894 годзе [50].

Вось ён, дакумент, выдадзены ў Кракаве 25 красавіка 1509 года, прывілей Жыгімонта І Старога:

Жикгимонт Божею милостю король польскии, великии князь литовскии, рускии, княжа пруское, жомоитскии и иных.



Бил нам чолом дьяк наш Костюшко Федорович и просил в сельце в каменецком повете людеи путных на имя Сехновичов а поведал нам. Што в том сельцу сдавна было тры чоловеки на имя Кисель, а Перко, а Ляхович, Ино деи тот Кисель ешчо жив, а тыи два чоловеки Перко а Ляхович померли, нижли дети их осталися. А к тому просил у нас пашень, и леса, и дубров, тых которые ж был одсудил людем нашим каменецким Орепичом а Жиличом наместник берестеискии пан Станислав Остыкович од Тышковое Кореневское и од ее детеи, которых то пашень и дубров был в держаню Тишко от колькось лет – ино естли будет так, и мы тое сельцо Сехновичи тые три чоловеки и сбратьею, и с детьми их, и с внуками, и тые пашни, и дубровы, и лес ему дали со всим, по тому как тое сельцо вышей писаное сдавна, и тые пашни, и дубровы в своих границах мают, и как на нас держано. А ввязати его в то послали есмо дворянина нашего Богдана Алексиевича”.

Для высвятлення далейшага гістарычнага лёсу Касцюшкаў прыведзены дакумент мае выключнае значэнне (нездарма прывілей 1509 года ахвотна цытуюць шматлікія біёграфы Тадэвуша Касцюшкі [51]).

Якую новую інфармацыю ён утрымлівае?

Адразу пасля прачытання адчуваецца, што прывілей не з’яўляецца пацвярджэннем нейкага ранейшага даравання. Кароль і вялікі князь называе Касцюшку “дзякам нашым”. На гэтай падставе апошняга звычайна лічаць служачым велікакняскай канцылярыі за часоў Аляксандра Казіміравача і першых гадоў панавання Жыгімонта Старога (прыкладна паміж 1492 і 1509 гадамі). Аднак цяжка пагадзіцца з прафесарам Ф. Канечным, які сцвярджаў, што ў канцылярыі Касцюшка Фёдаравіч займаў нейкую “вышэйшыю ступень” [52]. Для такога дапушчэння бракуе пісьмовых дадзеных. Затое нават з дапамогаю скупых звестак, прыведзеных у прывілеі, можна ўзнавіць пэўныя моманты першапачатковай гісторыі Сяхновіч (да 1509 года).

Дакладны час заснавання “сяльца” вызначыць цяжка. Аднак на момант дарэння ў ім ужо жылі тры пакаленні сялян, таму паселішча ўзнікла не пазней за сярэдзіну ХV стагоддзя.

Спачатку Сяхновічы належалі вялікаму князю. Казімір Ягайлавіч надаў некалькі вёсак (у тым ліку і Сяхновічы), аб’яднаныя пад назваю “Сцяпанаўскія паселішчы”, свайму службоўніку Тышку (Цішку) Хадковічу Каранёўскаму [53]. Каля 1500 года [54] Тышка быў забіты Пацам, ягоная спадчына перайшла да жонкі і пяцёх сыноў.

У прывілеі згадваецца берасцейскі намеснік Станіслаў Осцікавіч. Аднак ні Ю. Вольф, ні А. Банецкі не ведалі яго ў якасці старосты (ці намесніка) берасцейскага. Разам з тым у спісах намеснікаў [55] паміж Станіславам Міхайлавічам Пятковічам (намеснік берасцейскі ў 1498 – 1503 гадах) і Васілём Львовічам Глінскім (староста ў 1506 – 1508 гадах) утварылася пэўная лакуна, таму верагодна дапусціць, што Станіслаў Рыгоравіч Осцікавіч (Осцік) (? – 1519) [56] намеснічаў у Брэсце менавіта паміж 1503 і 1506 гадамі.

Толькі ў гэты тэрмін як вышэйшая службовая асоба на Брэстчыне ён меў права адняць у Тышкевічаў частку пожняў ды лясоў і перадаць іх у карыстанне каралеўскім (велікакняскім) сялянам з вёсак Арэпічы (на поўначы сучаснай Жабінкаўшчыны) і Жылічы (магчыма, скажоннае напісанне назвы суседняй вёскі Жыцінь).

Такім чынам, Сяхновічы зноў апынуліся ў валоданні літоўска-польскага гаспадара. Нарэшце, сваім прывілеем 1509 года Жыгімонт І узнагароджвае Касцюшку Фёдаравіча і перадае яму ва ўласнасць Сяхновіцкі маёнтак.

Вядома, рашэнне вялікага князя не паспрыяла ўсталяванню добрасуседскіх адносінаў між новымі і старымі ўласнікамі. Хутка адбыліся першыя сутычкі з-за зямлі.

27 мая 1529 года падляшскі ляснічы Пацей Тышковіч Каранёўскі [57] здолеў вярнуць сабе частку лясоў і палёў каля вёсак Драмлёва (былая вёска на Жабінкаўшчыне, знішчаная нямецкімі карнікамі ў 1942 годзе) і Гневава (сучаснае месцазнаходжанне не высветленае).

Спрэчка адбывалася пад наглядам велікакняскіх арбітраў. А рашэнне па справе выносіў сам Жыгімонт І. Касцюшка Фёдаравіч (ці, як яго называў К. Нясецкі, – Сяхно Фёдаравіч Касцюшка [58]) для доказу сваіх правоў прадставіў толькі 171 сведку з ліку людзей “простых і далёкіх”, у той час як Пацеевы паказанні пацвердзілі 222 суседзі акалічныя, у тым ліку шэсць шляхціцаў [59]. Вядома, Касцюшка справу прайграў.



ІМЯ СТАНОВІЦЦА ПРОЗВІШЧАМ
У біяграфіях Пацея і Касцюшкі мелася агульная рыса: абодва былі фактычнымі заснавальнікамі сваіх родаў, ад іх імён утварыліся вядомыя на Брэстчыне і далёка за яе межамі прозвішчы Пацеяў і Касцюшкаў. У абедзвюх сем’ях у рэшце рэшт з цягам часу з’явіліся славутыя нашчадкі: епіскап брэсцкі ды ўладзімірскі Іпацій Пацей і генерал Тадэвуш Касцюшка.

Усе актавыя лісты, складзеныя пры жыцці першага сяхновіцкага ўладара, нязменна і пераканаўча называюць яго “КОСТЮШКО”. Бясспрэчна, імя ўзнікла як памяншальная форма лацінскага імя Канстанцін [60]. Аднак усялякія спробы замест назвы “КОСТЮШКО / КОСЦЮШКО / КАСЦЮШКА / KOŚCIUSZKO” ўжываць поўную ягоную форму, як гэта робяць амаль усе біёграфы Касцюшкаў [61], трэба прызнаць неапраўданымі.

Імёны тыпу “ТИШКО” (замест Цімафей), “ИВАШКО” (замест Іван), “МОЖЕЙКО” (замест Майсей), “ВАСКО” (замест Васіль), “ХОДКО” (замест Фёдар), якімі карысталіся Хадковічы-Каранёўскія, а таксама “ГУРКО” (замест Рыгор) і “КОСТЮШКО” (замест Канстанцін), якія ўжывалі Касцюшкі-Сяхновіцкія, для ХV – ХVІ стагоддзяў лічыліся нарматыўнымі, зацверджанымі ў шматлікіх справаводчых паперах [62].

Тым больш, што ў разгледжаных намі вышэй актах ад 1511 і 1545 гадоў побач з Касцюшкам Фёдаравічам нязменна сустракаецца імя князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага, пададзенае ў варыянтах: “КОСТЕНТИН / КОСТЕНЪТИН, КОСТЯНТИН / КОСТИАНТИН”.

Атрымліваецца, што для сярэдняга і дробнага баярства ў той час нярэдка ўжываліся памяншальныя формы, а вышэйшае дваранства насіла імёны, якія мелі поўную форму.

Аднак чаму менавіта імя Касцюшкі Фёдаравіча, а не ягонага бацькі пазней ператварылася ў сямейнае прозвішча? Для адказу на гэтае пытанне патрэбна ўважлівей разгледзець кар’еру Касцюшкі.

Пасля набыцця спадчыннага Сяхновіцкага маёнтка, як вынікае з акта ад 15 студзеня 1515 года, ён зрабіўся “дваранінам гаспадарскім”, выканаўцам даручэнняў вялікага князя. Напрыканцы 1514 года (ці ў самым пачатку наступнага) Касцюшка Фёдаравіч збіраў вайсковы падатак (“серабшчыну”) з земляў Кобрынскага княства [63].

Тут да месца будзе цалкам прывесці згаданы дакумент, які дазваляе дадаць некаторыя фарбы да партрэта заснавальніка Касцюшкавай радзіны:

Я, Ян Миколаевич, маршалок земскии, державца Слонимскии. Жаловал нам дворянин господарьскии Костюшко Федорович на маршалка господарьского на пана Венслава Костевича: коли господарь его милость казал мне на людех его Кобринских совито серебщину правити, иж на рок серебщины до скарбу господарьского не отдали; и велел ми его милость децкован с сохи по грошу взятии; и я пане его в Кобрыне был с листы господарьскими; и едучи с Кобрыня, пограбил был есми в людеи за тое децкованье шестеро конеи; и они, мене угнавши тыи вси кони свои, и надто еще моих власных шесть конеи отняли и иншии речи побрали.

И пан Венслав к тому мовил: был ты у пане моее, и она тебе за то чьстила и даровала; и ты, едучи оттуль, безвиннее в людеи моих пограбил 17 конеи. Ино в том смотрел нас староста берестеискии пан Юрьи Ильиничъ а князь Семен Чорторыискии и нашли тебе в том винного, и тыи кони казали тобе зася людем моим поотдавати. А естли будет пан Юрьи и князь Семен в том мене с тобою не судити, готов хочу в том винен без каждого права быти.

И Костюшко рек: пан Юрьи и князь Семен в том мене не судили, нежли только перед их милостью размова была, а конца праву их милость не вчинили.

И мы то отложили до пана Юрья и до князя Семена их милости. И потом, будучи в Берестьи, поведили мне тую речь пан Юрьи и князь Семен их милость тым обычаем: была деи в том размова перед нами, права ни которого не было, они тежь конца есмо тому межи ними не вчинили.

Ино мы, подле их милости отповеди, пана Венслава нашли в том винного и казали есмо ему Костюшка в том перееднати и за то ему досыть вчинити; а в таковои речи господаря его милости”.

Як бачым, нягледзячы на тое, што Касцюшка дзейнічаў афіцыйна, у межах закону і ў пацверджанне сваіх паўнамоцтваў прадставіў гаспадарскі ліст, кобрынскія падданыя абрабавалі яго ў дарозе, а ўладары Кобрына – княгіня Ганна Сямёнаўна Кобрынская (? – 1519) і яе муж Венслаў (Венцлаў) Касцевіч (каля 1480 – 1532) – спрабавалі перад земскім маршалкам Янам Радзівілам (каля 1474 – 1522) бараніць рабаўнікоў. Аднак вялякі князь Жыгімонт І уступіўся за свайго служэбніка і прымусіў


В. Касцевіча выдаць Касцюшку кампенсацыю за шкоду, якую той пацярпеў пры выкананні дзяржаўнага даручэння.

Пад 1528 годам у справаводстве ВКЛ Касцюшка Фёдаравіч выступае ўжо ў якасці баярына (1 мая названага года ён згадваўся сярод камянецкіх баяраў у “Перапісе войска Вялікага княства Літоўскага”) [64]. У 1537 – 1538 гадах заснавальнік роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх нядоўгі час выконваў абавязкі гаёўніка ў Белавежскай пушчы [65].

Функцыі гэтай службовай асобы, якая прызначалася ў дапамогу камянецкаму намесніку, выразна акрэслівае ліст Жыгімонта Старога [66]:

А што перед тым, на наш приезд гаевник каменецкии давал кони, того он вже не мает давать. А з дани медовые мает братии собе третью часть, а нам мает давать две части”.

Аднак нядоўга плаціў Касцюшка Фёдаравіч сваёму гаспадару “дані мядовыя”. Ужо праз год ён быў абвінавачаны ў нейкіх хітрыках пры набыцці пасады, і за тое вялікі князь гаёўніцтва Касцюшку пазбавіў і паставіў на ягонае месца нейкага Яцка Чарнеўскага, які быў гаёўнікам яшчэ да Касцюшкі [67].

Да таго ж, Касцюшка Фёдаравіч ужо сумяшчаў пасады камянецкага суддзі і гараднічага [68]. (За ўсю шматвяковую гісторыю Камянца сяхновіцкі гаспадар быў адзіным, хто менаваўся гараднічым гэтага горада).

Апроч таго, у 1543 годзе ён быў велікакняскім камісарам пры размежаванні спрэчных земляў, а прыкладна ў той жа час (да 1549 года) удзельнічаў у замене каралеўскіх і шляхецкіх надзелаў каля Старога Сяла (Жабінкаўскі раён) на Берасцейшчыне [69].

Такім чынам, грамадская дзейнасць Касцюшкі Фёдаравіча была дастаткова актыўнаю, каб зрабіцца ўзорам для ягоных нашчадкаў. Бліскучая кар’ера (ад звычайнага баярына да фактычнага кіраўніка старажытнага памежнага горада-крэпасці) адыграла сваю ролю ў замацаванні імя Касцюшкі за ўсімі ягонымі нашчадкамі ў якасці прозвішча. Калі ягоныя сыны яшчэ карысталіся імем па бацьку (у форме “КОСТЮШКОВИЧИ” [70]), то ў далейшым нормаю стала звацца “КОСТЮШКАМИ / КАСЦЮШКАМІ”.



Імя слыннага продка стала часткаю спадчыны, якая трывала замацавалася за радзінаю.
ПРЫДОМАК
У афіцыйным справаводстве Вялікага княства Літоўскага Касцюшкі найчасцей не задавальняліся адным толькі прозвішчам, утвораным ад імя продка, і называлі сябе, паводле традыцыі, замацаванай у дваранскім асяродку, Касцюшкамі-Сяхновіцкімі. Другая частка прозвішча – гэтак званы п р ы д о м а к (польскае przydomek) [71] – паходзіла ад назвы спадчыннага маёнтка.

У заўвагах да ўласных успамінаў Фадзей Булгарын тлумачыў слова “придомок” як “родоуказание, т.е. указание, из какого рода или дома происходит фамилия” [72].

Як вядома, прыдомкі мела значная колькасць беларускіх шляхецкіх родаў, у тым ліку і найбліжэйшыя суседзі Касцюшкаў – Здзітавецкія, Каранёўскія, Непакойчыцкія ды іншыя.

Прыдомак, на думку тых, хто яго ўжываў, надаваў большую значнасць прозвішчу, своеасабліва падвойваючы яго, дазваляў адрозніваць розныя галіны аднаго роду ці ўвогуле аднафамільцаў [73].

Прыдомак Касцюшкаў паказваў на іх спадчыннае валоданне (“дваранскае гняздо”) і ўжываўся галоўным чынам у афіцыйным справаводстве, пачынаючы з ХVІ стагоддзя. (Да прыкладу, ужо сын і ўнук Касцюшкі Фёдаравіча на старонках справы 1589 года зваліся Касцюшкамі-Сяхновіцкімі [74] ).

У ХVІІ стагоддзі пад урадавымі дакументамі, у прыватнасці, пад інструкцыямі дэпутатам дзяржаўных сеймаў, Касцюшкі падпісваліся найчасцей менавіта як Касцюшкі-Сяхновіцкія. Напрыклад, 30 ліпеня 1670 года з чатырох Касцюшкаў усе назвалі сябе Касцюшкамі-Сяхновіцкімі, а 15 красавіка 1697 года з семярых – шасцёра [75].

Такая сямейная традыцыя працягвала існаваць і ў ХVІІІ стагоддзі. Сам генерал Тадэвуш Касцюшка, які звычайна карыстаўся толькі першаю часткаю радавога прозвішча, калі справа тычылася сямейных валоданняў на Берасцейшчыне, ужываў поўную форму прозвішча [76].

Нярэдка прыдомак займаў месца перад асноўным прозвішчам, а часам нават выцясняў апошняе. Дарэчы, гэта знайшло адбітак у польскай традыцыі, дзе Касцюшкаў часам завуць проста Siechnowccy (“Сяхноўцы”, у сэнсе – Сяхновіцкія).

Ужо сыны Касцюшкі ўтварылі дзве галіны сям’і, якія ў сучаснікаў (для адрознення) называліся Касцюшкамі-Іванавічамі і Касцюшкамі-Фёдаравічамі [77].

Акрамя таго, як мы адзначылі вышэй, прыдомак быў патрэбны і дзеля адрознення ад шматлікіх аднафамільцаў Касцюшкаў, якія жылі ў розных частках Вялікага княства і зваліся Касцюшкамі-Валюжанічамі, Касцюшкамі-Валюжынічамі, Касцюшкамі-Хабатоўскімі і іншымі [78].


КАСЦЮШКАЎ ГЕРБ
Як і іншыя беларускія шляхецкія сем’і Касцюшкі-Сяхновіцкія шырока карысталіся ўласным гербам – спадчынным знакам, дзякуючы якому яны адрозніваліся ад іншых родаў.

Касцюшкаў герб быў названы “РОХ-ІІІ” (Roch Tercio), каб адрознівацца ад іншых, больш старажытных і значна пашыраных (галоўным чынам на тэрыторыі Польшчы) гербаў “Рох-І” і “Рох-ІІ” (іншыя іх назвы – “Калюмна” (“Калумна”) і “Пяршхала”) [79].

У першай палове ХІХ стагоддзя памылкова лічылася, што свой герб Касцюшкі набылі на знакамітым Гарадзельскім сойме 1413 года, дзе ўпершыню польская шляхта далучыла да свайго асяродку і надала ўласныя прыватныя гербы асобным прадстаўнікам беларуска-ліцьвінскай шляхты [80]. Аднак сярод тых, хто падпісваў пагадненне ў замку Гарадле на Заходнім Бугу 2 кастрычніка 1413 года продкі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх не выяўленыя [81].

Герб Касцюшкаў-Сяхновіцкіх упершыню згадваў Ш. Акольскі, які лічыў, што “Рох-ІІІ” быў нададзены ўжо заснавальніку рода каралём і вялікім князем Казімірам Ягайлавічам разам з перадачай яму ў спадчыну Сяхновічаў. Сучасны біёграф Тадэвуша Касцюшкі Б. Шындлер лічыць гэтую інфармацыю памылковаю і выказваецца за ХVІІ стагоддзе як верагодны час з’яўлення Касцюшкавага герба, аднак тады ўзнікае пытанне, на якое не ў стане адказаць даследчык: які рaдавы знак насілі сяхновіцкія ўладары да таго часу, пакуль не прыдбалі “Рох”? [82].

Акрамя Касцюшкаў, “Рох-ІІІ” ужывалі Гуркі, Каршы і Расудоўскія, аднак, Каспар Нясецкі меркаваў, што ўпершыню гэты герб быў створаны каля сярэдзіны ХV стагоддзя менавіта для сяхновіцкіх уладароў [83].

Заўважым таксама, што да “Роха-ІІІ” былі далучаныя ўсяго толькі чатыры шляхецкія сям’і. Усе яны паходзілі з Берасцейскага ваяводства, а гэта можа сведчыць на карысць іх даволі блізкага сваяцтва. З ліста 1545 года нам ужо вядомае імя аднаго з братоў Касцюшкі Фёдаравіча – Гурка (№ 3). Магчыма, іншыя Фёдаравічы былі заснавальнікамі радоў Каршаў і Расудоўскіх [84].

Традыцыйна касцюшкаўскі герб уяўляе сабою наступную геральдычную кампазіцыю:

У чырвоным полі шчыта знаходзяцца тры сярэбраныя насечкі (пласціны); кожная наступная насечка даўжэйшая за папярэднюю; на апошняй – самай большай – змешчаная стылізаваная лілея са срэбра (такая самая лілея месціцца і на шаломе, над дваранскаю залатой каронай, але ўжо без насечак); шалом упрыгожваюць таксама тры страусавыя пёры [85].

Герб Касцюшкаў неаднойчы публікаваўся [86], прычым не заўсёды прыведзенае вышэй апісанне цалкам супадала. Напрыклад, насечкі часам маляваліся іншых памераў: на самым версе знаходзілася самая меншая з іх, як гэта было на выяве Касцюшкавага герба, змешчанага ў актах, што прадастаўляліся ў ХІХ стагоддзі пры пацверджанні дваранства Касцюшкаў [87].

Выява герба “Рох-ІІІ” і сёння яшчэ ўпрыгожвае з тарца саркафаг генерала Т. Касцюшкі, які захоўваецца ў каралеўскай пахавальні на Вавелі ў Кракаве (труна выкананая таленавітым разьбяром Паола Філіпі паводле малюнка італьянскага ды польскага архітэктара Франчэска Ланчы). Родавы герб таксама шырока выкарыстоўваўся ў 1818 годзе падчас перазахавання астанкаў героя [88]. А ў музеі князёў Чартарыйскіх у Кракаве аздабляюць калекцыю 17 бронзавых шчытоў з гербам Т. Касцюшкі [89]. Ёсць выявы гэтага шляхецкага знака таксама ў Сяхновіцкім мемарыяльным пакоі.

Дакладна вядома, што, апроч сямейнага герба, асобныя прадстаўнікі роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх ужывалі уласную пячатку (сыгнет). Яна ўяўляла сабою пярсцёнак, які звычайна гаспадар трымаў пры сабе (насіў на мезеным пальцы левай рукі). З дапамогаю сыгнета Касцюшкі надавалі падпісаным імі дакументам юрыдычную сілу.

Пячаткі, у адрозненне ад герба, знішчаліся на магіле пасля смерці ўладальніка [90], таму ніводзін сыгнет Касцюшкаў-Сяхновіцкіх не дайшоў да нашых часоў, хоць у дакументах пра іх ужыванне існуюць бясспрэчныя згадкі (як, напрыклад, у прыведзеным вышэй лісце Жданы Фёдараўны) [91].



ПРА КНЯЗЁЎНУ ГАЛЬШАНСКУЮ
Біёграфамі Касцюшкаў часам уздымаецца і яшчэ адно дыскусійнае пытанне, якое тычыцца асобы жонкі Касцюшкі Фёдаравіча.

Паводле традыцыі, пачатак якой ізноў жа быў пакладзены Тадэвушам Корзанам, пачынальнік роду ўзяў выгодны шлюб з князёўнай Ганнай Гальшанскай і такім чынам парадніўся з найстаражытнейшаю сям’ёю гістарычнай Літвы [92].

На працягу ХV – ХVІ стагоддзяў з князямі Гальшанскімі герба “Гіпацэнтаўр”, якія стаялі ля самых вытокаў Вялікага княства Літоўскага, радніліся слынныя дзяржаўныя дзеячы, у тым ліку – кароль польскі Уладзіслаў ІІ (Ягайла), вялікі князь літоўскі Вітаўт Кейстутавіч, князі Сямён Кобрынскі і Баляслаў Мазавецкі, гаспадар малдаўскі Іліе І [93].

Сучасніцамі Касцюшкі Фёдаравіча былі некалькі князёўнаў Гальшанскіх з імем Ганна. Якая з іх магла стаць жонкаю сяхновіцкага ўладара?

Т. Корзан называў бацькам Ганны князя Юрыя Гальшанскага. Аднак гэта малаверагодна, хоць ужо вядомыя нам Юрый Сямёнавіч і ягоны ўнук Юрый Іванавіч Гальшанскія сапраўды мелі дачок з імем Ганна. Аднак, першая была значна старэйшая за Касцюшку, а другая з’яўлялася жонкаю нейкага Кірдзея [94].

Прафесар Т. Корзан, зразумела, схіляўся да кандыдатуры апошняй, прычым дадаваў: шлюб з панам Кірдзеем “не выключаў мажлівасці” таго, што Ганна бралася шлюбам і з Касцюшкам, перад ці пасля Кірдзея [95].

Аднак гэтае дапушчэнне цяжка стасуецца са сведчаннем дакументаў Літоўскай Метрыкі, выяўленымі ў 1880-ыя гады Юзафам Вольфам. Яны тычыліся сям’і Ганны.

Яе бацька быў двойчы жанаты. Ганна нарадзілася ад другога шлюбу з Марыяй Андрэеўнай Сангушкаю, заключанаму ў 1522 годзе. У княгіні Марыі было ад Ю.І. Гальшанскага сем дзяцей, у тым ліку пяць дачок [96]. Калі нават дапусціць, што Ганна з’яўлялася самым старэйшым дзіцём у сям’і, узросту, з якога яна магла мець дзяцей, дзяўчына магла дасягнуць не раней за 1537 – 1538 гады. Аднак старэйшы сын Касцюшкі нарадзіўся значна раней – каля 1530 года, а ўсяго ў сяхновіцкага гаспадара было не меней за 13 дзяцей [97]!

У 1924 годзе польскі гісторык А.М. Скалкоўскі выдаў працу пад шматзначнаю назваю “Касцюшка ў святле найноўшых даследаванняў”, дзе яшчэ больш заблытаў пытанне, паколькі назваў Ганну з Гальшанскіх Касцюшкаву “ўдавой ваяводы трокскага М. Гаштольда” (памерлага ў 1483 годзе) [98], аднак ягоная “ўдава”, атрымліваецца, памерла яшчэ раней – у 1480 годзе [99]!

Такім чынам, нават тэарэтычна ніводная з прапанаваных кандыдатак на ролю жонкі Касцюшкі Фёдаравіча не падыходзіць.



Аднак існавала яшчэ адна Ганна Гальшанская, імя якой толькі аднойчы сустракаецца на старонках старадаўніх дакументаў.

У 1507 годзе перад Жыгімонтам І паўстала справа нашчадкаў князя Юрыя Сямёнавіча Гальшанскага, у якой “Юрый Іванавіч Дубровіцкі выклікаў на суд свайго дзядзьку князя Аляксандра Юр’евіча, віленскага кашталяна, і сваю цётку княгіню Сямёнаву Юр’евіча Настассю і ейную дачку Ганну”, каб высветліць з імі пытанне пра падзел маёмасці [100].

Згаданыя Сямён і Настасся Гальшанскія пабраліся шлюбам у 1481 годзе, таму іх дачка Ганна, якая нарадзілася не раней за 1482 і не пазней за 1490 год, была амаль равесніцаю Касцюшкі і, безумоўна, магла ў будучым стаць ягонай жонкай.

Мы не можам цалкам адхіляць і версію, што “князёўну Гальшанскую”, заснавальніцу “па кудзелі” роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, проста прыдумаў Т. Корзан, магчыма абапіраючыся на нейкія легендарныя сямейныя радаводы, якія не дайшлі да нашых дзён, але былі яшчэ даступныя вядомаму навукоўцу напрыканцы ХІХ стагоддзя.



Частка 2
  1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка