Апавяданне “Гэта здарылася са мной”



Дата канвертавання19.07.2016
Памер35.3 Kb.
в.Рымдзюны Астравецкага раёна

Апавяданне “Гэта здарылася са мной”


Праўлуцкая Ірына Уладзіміраўна

Вытрымкі з дзённіка

16 студзеня 20.. года

Сёння ў школе зноў размова зайшла пра пажары і іх прычыны. Першая думка, якая прыйшла ў галаву: ну колькі ж можна пра адно і тое ж? Ды ведаем мы, чулі, і не раз. Вось і ў газетах час ад часу можна прачытаць: “Агонь забірае свае ахвяры”, “Вінавата сігарэта”, “Трагедыі ўдалося пазбегнуць”… Людзі ж не ворагі самі сабе, свайму здароўю – ведаюць, як сябе паводзіць.

Міжволі ўспомнілася нядаўняя гутарка маёй бабулі з суседкай. Яны ўспаміналі, як вясной ледзь не згарэў сусед, калгасны вартаўнік дзядзька Іван. Нават мы, дзеці, ведалі, што дзядзя Ваня ніколі не расстаецца з сігарэтай. Сам ён часта жартуе: “Бацька мой усё жыццё курыў, дзед таксама, а пражылі- дай бог кожнаму добраму чалавеку- пад дзевяць дзясяткаў. Што са мной станецца?”

Ды вось сталася. Я і сама добра памятаю тую ноч. Прачнуліся мы з братам ад таго, што ў доме гарэў свет, на кухні мама штось ціха гаварыла-прыгаворвала, а ў пакоі пахла нейкімі лекамі і яшчэ нечым трывожным (гэта пазней мы зразумелі – дымам). Ля акна стаяў тата, нейкі прыгорблены і крыху разгублены, моўчкі пазіраючы ў акно. А побач на крэсле сядзеў з вінаватым выглядам дзядзя Ваня (ён не курыў?!) і, нібы апраўдваючыся, паўтараў:



  • Ды як жа гэта? Ды я ж, здаецца, і не спаў наогул, і не думаў спаць. Прылёг на хвілінку, на адну хвілінку ж толькі. Ды не, не можа быць…

З мармытання гэтага нічога мы не зразумелі, толькі ясна было, што здарылася нешта неверагоднае і што звязана гэта з дзядзькавай звычкай пакурыць перад сном, выгодна ўлёгшыся ў ложку. На другі дзень у вёсцы толькі і размовы было пра тое, як Іван уволю накурыўся. Казалі, каб не суседка, што позна ўвечары зазірнула па нейкай пільнай гаспадарскай патрэбе, то ўжо напэўна не было б ні Івана, ні жонкі ягонай Таццяны, што спакойна сабе спала пасля дзённых вясновых клопатаў.

Гісторыя гэта хутка забылася, і ўсё пайшло як раней. Вось толькі дзядзька Іван, каб жонка не даймала сваімі папрокамі, перастаў курыць перад сном у пакоі: няхай жанчына спіць спакойна…


23 чэрвеня 20.. года

Даўно я не заглядала ў свой дзённік. А вось сёння адкрыла, перачытала апошні запіс і падумала: якія ж усё-ткі дзіўныя гэтыя дарослыя! Вучаць нас, як правільна жыць, што трэба, а што нельга рабіць, а самі? “Повторение – мать учения”, толькі колькі ж разоў трэба паўтарыць адну і тую ж памылку, каб перастаць яе рабіць?

Гэта я ўсё пра таго ж дзядзьку Івана, вялікага аматара пакурыць перад сном. Здавалася б, на ўсё жыццё зарачэцца, ды куды там! Зноў ледзь не загінуў і зноў па той жа прычыне: пакурыў уволю!

…Чэрвеньскія ночы кароткія, таму і на працу вартаўнік ідзе з ахвотай. Абыдзеш свой “аб’ект”, праверыш парадак на ферме – можна і прысесці, салаўя паслухаць, на зоркі падзівіцца. А не – дык калі ласка, ложак стаіць у старажоўцы, можна і прысесці ды адпачыць хвілін колькі. Жонкі пад бокам няма, дык можна і паслабленне сабе даць, пакурыць як душы заманецца. І не заўважыў дзядзька, як прыдрамаў крышку. Толькі сніцца яму далёкі акіян, дзе хвалі набягаюць адна на адну ды сонейка прыгравае. Добранька так, ляжы – не тужы. Варочайся з боку на бок, грэй свае косці на гарачым паўднёвым сонцы. Толькі вось сонца, чуецца Івану, надта ж горага прыпякаць стала. “Ат, пацярплю, не прачынацца ж, не марнаваць жа сон такі харошы. Таццяна…”

А Таццяне ў тую ноч доўга не спалася, усё карцела нешта, не давала спакою. Ужо пад самую раніцу, не вытрымаўшы, вырашыла яна ўсё ж устаць раней ды падацца ў лес (суседка казала, што знайшла колькі баравікоў), каб час марна не траціць. А паколькі сцежка ў барок вяла паўз старажоўку, то надумала яна да Вані свайго зазірнуць, кавай гарачай яго падмацаваць.

Не даходзячы да старажоўкі, жанчына міжволі паскорыла крок. Свет, які гарэў у акне, яшчэ больш трывогі дадаў. А Іван у гэты час сніць сабе мора-акіян, і ўсё мацней прыгравае сонца…

На гэты раз не абышлося без хуткай дапамогі і бальнічнага пакоя. Доктар пазней казаў, што пашанцавала дзядзьку, можна сказаць, у кашулі нарадзіўся, бо каб яшчэ якія паўгадзіны, дык не ўбачыў бы ён сонца, нават і свайго, не толькі заморскага. Аказалася, дзядзька зноў курыў сабе ў ложку і нават не пачуў, як прагарэла ад сігарэты куртка, за ёю сарочка, тады майка. Пакой напоўніўся дымам...

Вы думаеце, сусед мой нечаму навучыўся? Можа, не курыць болей? Нічога падобнага! Вярнуўшыся з бальніцы, дзядзька Іван ужо праз дзень не расставаўся са сваімі любімымі сігарэтамі і са смехам расказваў вяскоўцам, як майка на ім прагарэла “з двух бакоў, браце, падумай толькі”. Некаторыя пасмейваліся, іншыя, асабліва жанчыны, ківалі галовамі: “Да пары збан ваду носіць…”



І вось я думаю: не, трэба гаварыць людзям раз за разам, што курыць – не толькі здароўю шкодзіць. Сігарэта – рэч страшная, вельмі небяспечная, асабліва калі ставіцца да яе вось так неабдумана і не бачыць папярэджванняў, якія лёс падкідвае табе. Таму ўвосень, калі я вярнуся ў школу, абавязкова папрашуся ў атрад юных сяброў-пажарных, каб паўтараць зноў і зноў тое, што ўсім даўно вядома, але чамусьці далёка не заўсёды выконваецца. І калі нас з сябрамі пачуюць хоць некалькі чалавек, то і гэта будзе цудоўна. Бо, можа, нам удасца выратаваць хоць адно чалавечае жыццё, якое і без розных шкодных звычак такое далікатнае і крохкае…


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка