Апрацоўка І інтэрпрэтацыя народных гульняў для ІХ эфектыўнага выкарыстання ў вучэбна-выхаваўчым працэсе



Дата канвертавання15.05.2016
Памер57.1 Kb.

powerpluswatermarkobject62872273


АПРАЦОЎКА І ІНТЭРПРЭТАЦЫЯ НАРОДНЫХ ГУЛЬНЯЎ ДЛЯ ІХ ЭФЕКТЫЎНАГА ВЫКАРЫСТАННЯ Ў ВУЧЭБНА-ВЫХАВАЎЧЫМ ПРАЦЭСЕ

Дрыгін А.В., Катлоўскі А.У., УА “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”, горад Мінск, Беларусь

The concept of folklorism of the people’s game as the process of working up, interpretation and using of folk games in different spheres of the cultural-artistic creative work is considered. The typology (the definition of types) of folklorism of the people’s game is given.

Традыцыйная культура беларускага этнасу валодае яскравымі прыкладамі разнастайных і самабытных народных гульняў, якія заўсёды мелі вялікае значэнне ў грамадскім жыцці. Нягледзячы на тое, што народная гульня ўвабрала ў сабе вопыт фізічнага, маральнага, эстэтычнага, працоўнага, сямейнага выхавання, якое было выпрацавана многімі пакаленнямі, зараз яна не ў поўнай меры выкарыстоўваецца ў вучэбна-выхаваўчай дзейнасці. Але дзякуючы сваім шырокім выхаваўчым магчымасцям, гульня заўсёды займала важнае месца не толькі ў народнай, але і ў прафесійнай педагогіцы. Не падлягае сумненню той факт, што народная гульня аказвала і аказвае вялікі ўплыў на працэс станаўлення гарманічна развітай асобы. Таму вучэбна-выхаваўчы працэс павінен арыентавацца на вывучэнне і выкарыстанне народнай гульні і яе адаптацыю да ўмоў сучаснай адукацыйна-выхаваўчай сістэмы.

Лёс традыцыйнай гульні ў працэсе свайго бытавання ў народзе можа быць вельмі разнастайны. Як і іншыя жанры фальклору, у сучасны момант народная гульня ў актыўным ужыванні не можа існаваць у сваім першапачатковым выглядзе. Па гэтай прычыне дзеля вывучэння, захавання і выкарыстання традыцыйнай спадчыны ў цэлым і народнай гульні ў прыватнасці існуе практыка апрацоўкі фальклорнага матэрыялу. У навуцы для абазначэння форм асваення і ўжывання фальклору ў грамадскім быце, мастацтве і культуры выкарыстоўваюць тэрмін “фалькларызм” [4, c. 7]. Фалькларызм народнай гульні можна вызначыць як працэс апрацоўкі, інтэрпрэтацыі і выкарыстання народных гульняў у розных сферах культурна-мастацкай творчасці. Дадзены працэс з’яўляецца адным з дзейсных спосабаў захавання, пераасэнсавання, узнаўлення і прапаганды народных гульняў у вучэбна-выхаваўчай дзейнасці.

Складанасць і шматаспектнасць фалькларызму народнай гульні выклікае неабходнасць яго тыпалагізацыі (вылучэння тыпаў), складання пэўнай мадэлі, у якой павінны быць адлюстраваны найбольш істотныя і вызначальныя асаблівасці працэсу. У аснову тыпалогіі фалькларызму народнай гульні пакладзены спосабы вывучэння і ўвасаблення народнай гульні ў розных відах дзейнасці.

Можна выдзеліць наступныя спосабы засваення народных гульняў: натуральны (перадача ад старэйшых пакаленняў у працэсе жыццядзейнасці) і спецыялізаваны або штучны (пры дапамозе кніг, сродкаў масавай інфармацыі, у працэсе навучання і г. д.). Па гэтаму ж прынцыпу падзяляюцца і спосабы выкарыстання народнай гульні: у натуральных (жыццёвых) і ў спецыяльна арганізаваных (пастаноўка на сцэне, уключэнне ў спартыўныя спаборніцтвы, святы і г. д.) умовах.

У залежнасці ад вызначаных спосабаў вывучэння, засваення і выкарыстання народнай гульні ў культурна-мастацкай творчасці можам вылучыць наступныя тыпы фалькларызму народнай гульні: традыцыйны, варыятыўны, другасны, апрацоўка народных гульняў, стварэнне новай гульні на аснове гульнёвых традыцый.

На аснове азначэння паняцця “аўтэнтыка” можна вызначыць, што аўтэнтычны фальклорны матэрыял з’яўляецца дакладнай копіяй арыгінальнага твору, які на дадзены момант немагчыма ўзнавіць. Аднак, той факт, што працэс капіравання прадстаўляе сабой адну з форм асваення фальклорнай традыцыі, дазваляе вылучыць першы тып фалькларызму народнай гульні як традыцыйны. Традыцыйны тып фалькларызму прадугледжвае ўзнаўленне народнай гульні ў адноснай устойлівасці яе зместу, формы і характару – без уздзеяння працэсаў змянення, а таксама перадачу гульні ад пакалення да пакалення з захаваннем яе сутнасці. Ён з’яўляецца рэпрадуктыўным да пытанняў развіцця і ўдасканалення, аднак дазваляе вывучыць, асэнсаваць і захаваць традыцыю ў тым выглядзе, у якім яна бытуе ў натуральным асяроддзі.

Працэс традыцыйнага асваення народных гульняў абумоўлены некаторымі абавязковымі фактарамі:



  1. Народная гульня ўжываецца ў штодзённым жыцці: у працэсе сямейнага выхавання, у сяброўскім асяродку і г. д., а таксама пры правядзенні каляндарных і сямейных свят.

  2. Гульня перадаецца непасрэдна ад пакалення да пакалення з мэтай засваення і захавання пэўных ведаў, уменняў, навыкаў.

Так, напрыклад, традыцыйнымі гульнямі, якія праводзіліся падчас Калядаў былі “Жаніцьба Цярэшкі” [3, c. 63], “Шчадруха” [3, c. 69] , “Бахар” [3, c. 68], на Хрэсьбіны беларусы ладзілі такія забавы, як “Бабіна каша” [3, c. 237], “Валаканне бабкі” [3, c. 238], а таксама ў любы час праводзіліся “Спаймай птушку” [3, c. 266], “Калімбамба” [5, c. 311] і іншыя.

Асновай большасці існуючых зараз у быце народных гульняў з’яўляюцца іх аўтэнтычныя варыянты, якія, аднак, спазналі пэўныя змены, інтэрпрэтацыі ў ходзе гістарычнага развіцця і г. д. У выніку свайго натуральнага бытавання ў народным асяродку аўтэнтычны твор змяняецца пад уздзеяннем разнастайных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын і ў свой час становіцца базай для ўтварэння варыянтаў народных гульняў. Дадзены тып фалькларызму можна азначыць як варыятыўны.

У пэўным сэнсе, кожны новы працэс выканання ці выкарыстання гульні ёсць адначасова і ўзнаўленне традыцыйнай формы і творчая імправізацыя, якая звязана з тым, што кожны чалавек па-свойму бачыць і асэнсоўвае адну і тую ж з’яву і дзейнічае ў рэчаіснасці згодна са сваім унутраным успрыманнем свету. Такім чынам, гэты працэс і ёсць стварэнне ўжо існуючай традыцыі зноў з унясеннем пэўных змен, якія звязаны з удасканаленнем правілаў, прыстасаваннем да ўмоў, з “аўтарскімі” дапаўненнямі і іншым, у выніку гэтага ўтвараюцца розныя варыянты адной і той жа народнай гульні. Яны таксама існуюць толькі ў натуральным бытаванні і перадаюцца ў спадчыну малодшым пакаленням вусна, шляхам імітацыі або іншымі спосабамі.

Напрыклад, гульня “Штандар” з’яўляецца больш познім варыянтам забавы пад назвай “Спаймай птушку” [3, c. 266], “Два вогні” [3, c. 261] – больш складаны варыянт “Выбіткаў” [3, c. 278].

З узнікненнем фалькларыстыкі як навукі з’яўляюцца і іншыя сродкі вывучэння і засваення беларускіх народных гульняў. Гэта паспрыяла з’яўленню другаснага тыпу фалькларызму народнай гульні. Яго вызначэнне абумоўлена выкарыстаннем штучных крыніц для атрымання інфармацыі пра фальклорныя творы: праз кнігі, сродкі масавай інфармацыі і г.д. Аднак прызначэнне гульні таксама вызначаецца яе ўжываннем у натуральным асяроддзі.

Апрацоўка народнай гульні прадугледжвае магчымасць яе трансфармацыі з мэтай прыстасавання да пэўных штучных умоў пры дапамозе змянення асобных элементаў гульні і захавання першаасновы, якая павінна распазнавацца ў гульнёвых дзеяннях. Творчае пераасэнсаванне народнай гульні патрабуе дакладнага вывучэння традыцыі, а таму садзейнічае найбольш эфектыўнаму асваенню, захаванню і валодае вялікімі магчымасцямі ў сферы прапаганды народнай гульнёвай культуры.

Ступень трансфармацыі народнай гульні ў працэсе яе засваення і ўжывання можа быць даведзена да таго, што новы варыянт гульні будзе вызначацца сваёй уласнай арыгінальнасцю і непаўторнасцю. Дзякуючы творчаму ўздзеянню чалавека, узнікае новая гульня, якая ўключае ў сабе ці знешне нагадвае элементы ўжо існуючых народных гульняў. У такім выпадку можна казаць пра стварэнне новых гульняў на аснове народных гульнёвых традыцый. Гэты працэс можа ажыццяўляцца рознымі прыёмамі, метадамі, спосабамі, такімі як сінтэз, абагульненне, вылучэнне аднаго ці некалькіх элементаў, скарачэння ці страты некаторых частак і іншымі.

Працэс стварэння на аснове народнай новай гульні звязаны з трансфармацыяй народнай гульні ці некалькіх гульняў. Створаная гульня далей можа ўжывацца як у штодзённым жыцці, так і ў спецыяльна створаных умовах, можа перадавацца непасрэдна ад пакалення да пакалення ці яе перадача будзе ажыццяўляцца праз іншыя крыніцы.

Такім чынам, тыпалогія фалькларызму народнай гульні ўяўляе сабой сістэму, якая арганізавана на аснове прынцыпаў уздзеяння на гульню трансфармацыйных працэсаў, сферы яе ўжывання, спосабаў перадачы. Вызначаны наступныя тыпы фалькларызму народнай гульні: традыцыйны, варыятыўны, другасны, апрацоўка народных гульняў, стварэнне новай гульні на аснове гульнёвых традыцый. Вызначаная тыпалогія з’яўляецца тэарэтычнай базай для сістэматызаванага вывучэння народных гульняў і іх выкарыстання ў сферах фізічнай культуры і мастацкай творчасці.



СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


  1. Аляхновіч, А.М. Народная песня ў мастацкай самадзейнасці / А.М. Аляхновіч. – Мінск:....., 1991. – 111 с.

  2. Вількін, Я.Р. Беларускія народныя гульні / Я.Р. Вількін. – Мінск: Беларусь, 1996. – 86 с.

  3. Гульні, забавы, ігрышчы / склад. А.Ю. Лозка. – 2-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2003. – 534 с.

  4. Гусев, В.Е. Эстетика фольклора / В.Е.Гусев. – Л.: …., 1967. – 319 с.

  5. Дзіцячы фальклор: зб. фальклор. матэрыялаў / рэд. кал. У.А. Васілевіч (навук. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БДПУ, 2006. – 359 с.

  6. Емельянов Л.И. Методологические вопросы фольклористики / Л.И. Емельянов. – Л., 1978. – 36 с.



: bitstream -> doc -> 1428
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка