Апублікавана: Беларусь: памятное лето 1941 г. Материалы междунар научно-практ конф посв. 70-летию освобождения Белоруссии от нем фаш. Захватчиков (Минск, 19-20 июня 2014 г.) / Нац акад. Наук Беларуси, Мин-во обороны, Респ



Дата канвертавання15.05.2016
Памер234.31 Kb.

powerpluswatermarkobject317027


Апублікавана: Беларусь: памятное лето 1941 г. Материалы междунар. научно-практ конф. посв. 70-летию освобождения Белоруссии от нем.-фаш. Захватчиков (Минск, 19-20 июня 2014 г.) / Нац. акад. Наук Беларуси, Мин-во обороны, Респ. Беларусь; редкол.: А.А. Коваленя [и др.]. – Минск, Беларуская навука, 2015, С.492-497
Ключавыя словы: уз’яднанне, Заходняя Беларусь, Другая сусветная і Вялікая Айчынная вайна, савецка-польская граніца, СССР, Польшча, БССР, эмігранцкі ўрад С. Сікорскага, Ялцінская каферэнцыя, ААН.
А. Вялікі

Мінск
Пытанне легітымнасці уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР на савецка-польскіх перамовах, рашэннях міжнародных канферэнцый і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (1941-1945 гг.)
.
Міжнародна-прававое замацаванне ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР з’явілася для беларускага народа адным з важнейшых вынікаў Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Разам з тым, падзеі, якія папярэднічалі прызнанню гэтага факту з боку міжнароднай супольнасці, выклікаюць і да сенняшняга дня спрэчкі, ставіцца пад сумнеўнасць легітымнасць прынятых рашэнняў з боку краін антыгітлераўскай кааліцыі, асабліва з боку часткі польскіх гісторыкаў.

Таму важным уяўляецца аналіз рашэнняў міжнародных канферэнцый, асабліва на заключным этапе Другой сусветнай і Вялікай Айчынная вайны, пазіцыі ААН і двухбаковых савецка-польскіх дагавароў у гэтым пытанні. У гэтай праблеме непарыўна вылучаюцца два моманты: прызнанне факта ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР і лагічны працяг прызнання - усталяванне савецка-польскай граніцы. Гэтае праблема наўпрост закранала нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы Беларусі, бо датычыла часткі яе тэрыторыі - Заходняй Беларусі.

Пазіцыя кіраўніцтва Савецкага Саюза ў гэтым пытанні перацярпела тактычныя змены, не закрануўшы стратэгічнай. Яна заключалася ў тым, што І.Сталін на ўсём працягу Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў важнейшай знешнепалітычнай задачай кіраўніцтва СССР лічыў захаванне ў складзе СССР усходніх тэрыторый Польшчы – Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, якія ўз’ядналіся з СССР у верасні 1939 г., што разглядалася як акт гістарычнай справядлівасці[1, С.200]. Агрэсія Германіі супраць СССР кардынальна змяніла сітуацыю. Задача разгрома Германіі вымусіла абедзьве краіны аб’яднацца ў рамках антыгітлераўскай кааліцыі, далучыцца да Атлантыцкай хартыі і аднавіць дыпламатычныя адносіны. Савецкі Саюз падпісаўшы 30 ліпеня 1941 г. з урадам У.Сікорскага Пагадненне аб аднаўленні дыпламатычных адносін, празнаў страціўшымі моц “савецка-германскія дагаворы 1939 г. адносна тэрытарыяльных перамен у Польшчы страціўшымі сілу”[2, С.35]. Разам з тым, партнёры па антыгітлераўскай кааліцыі і Атлантыцкай хартыі па рознаму ацэньвалі і разглядалі падпісанае Пагадненне, асабліва ў частцы, якая датычыла ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР і пасляваеннай заходняй граніцы Савецкага Саюза. Польскія палітычныя сілы, якія групаваліся вакол эмігранцкага ўрада, небезпадстаўна лічылі, што гэта крок на шляху да будучага міжнароднага прызнання граніцы 1939 г. [3, С.104]. У сваю чаргу, кіраўніцтва Савецкага Саюза расцэньвала артыкул Пагаднення, аб “тэрытарыяльных зменах”, як “дэнансацыю сваіх палітычных дамоўленасцей з германскім рэйхам”[3, С.105] і не адмаўлялася ад набытых тэрыторый. Нават у самыя цяжкія для Савецкага Саюза дні, у час бітвы за Маскву (снежань 1941 г.), І.Сталін не адступаў ад стратэгічнай лініі – захаванне былых усходніх тэрыторый Польшчы ў складзе СССР. Так, абмяркоўваючы ў снежні 1941 г. з міністрам замежных справаў Вялікабрытаніі А.Ідэнам умовы будучага англа-савецкага пагаднення аб ваеннай узаемадапамозе і пасляваенным супрацоўніцтве, І. Сталін намагаўся згоды Вялікабрытаніі на прызнанне існуючых граніц СССР, што аўтаматычна вяло да прызнання легітымнасці ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Аднак А.Ідэн без згоды парламента не мог пагадзіцца на гэтае, таму перамовы перарваліся і 22 снежня ён вярнуўся ў Лондан[4, С.227].

У 1942 г. пазіцыя І.Сталіна значна ўзмацнілася, што было звязана з паляпшэннем сітуацыі на савецка-германскім фронце. Пры ўзгадненні ўмоў англа-савецка савецкага пагаднення ў маі 1942 г. І.Сталін жорстка заявіў: “Пытанне аб граніцах ці хутчэй аб гарантыях безапаснасці нашых граніц на тым ці іншым участку нашай краіны будам рашаць сілай”[3, С.105].

Аднак І. Сталін не толькі «сілай» рашаў гэтую праблему, а абапіраўся і выкарыстоўваў аўтарытэт міжнароднай супольнаці. У 1943 г. кіраўніцтва СССР вельмі ўдала выкарыстала Атлантыцкую хартыю, каб забяспечыць гарантыі памкненняў беларускага і ўкраінскага народаў да аб’яднання ў нацыянальных дзяржавах. Так, у сувязі з дэкларацыяй эмігранцкага ўрада ад 25 лютага 1943 г., (аб разрыве дыпламатычных адносін з СССР. – А.В.), ТАСС 2 сакавіка 1943 г., апублікавала паведамленне, у якім падкрэслівалася, што: “[…] спасылкі Польскага Урада на Атлантыцкую хартыю не маюць пад сабой ніякай глебы. Атлантыцкая хартыя не дае нікому права пасягаць на нацыянальныя правы ўкраінцаў і беларусаў, а наадварот, яна зыходзіць з прынцыпаў прызнання правоў народаў, у тым ліку ўкраінскага і беларускага народаў (на уз’яднанне ў нацыянальных дзяржавах. – А.В.)”[15, С.4].

Пазіцыя Савецкага Саюза вельмі жорстка і безкампрамісна прагучала на сустрэчы І. Сталіна і пасла эмігранцкага ўрада ў СССР Т. Ромера, якая адбылася 26-27 лютага 1943 г. Адносна ўз’яднання Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны І.Сталін заявіў Т.Ромеру што: “[…] восенню 1939 г. адбылося ўз’яднанне ўкраінскага і ўз’яднанне беларускага народаў. Украінцы і беларусы не палякі. Савецкі Саюз не далучаў да сябе ніякіх польскіх правінцый. Усе польскія правінцыі адыйшлі да Германіі”[6, С.61]. Перамога ў Сталінградскай бітве надала І.Сталіну яшчэ большай упэўненасці ў адстойванні пазіцыі аб граніцах 1939 г. Напрыканцы гутаркі з Т.Ромерам І.Сталін катэгарычна заявіў апошняму, што: “[…] у СССР не існуе і не будзе існаваць урад, які б пагадзіўся змяніць граніцу з Польшчай 1939 г. і адарваць ад СССР раёны, уключэнне якіх у Саюз вызначана Канстытуцыяй СССР”[3, С.123].

На канферэнцыі ў Тэгеране кіраўнікі СССР, ЗША, Вялікабрытаніі дясягнулі дамоўленасці аб заходняй граніцы СССР, за аснову якой была ўзята лінія Керзана. І.Сталін, пасля таго як абгрунтаваў пазіцыю СССР адносна савецка-польскай граніцы, заявіў, што "украінскія землі павінны адысці да Украіны, а беларускія — да Беларусі. Савецкі ўрад стаіць на гэтым пункце погляду на гэтую мяжу і лічыць гэта правільным"[7, С.77]. У выніку перамоваў, якія адбыліся на канферэнцыі, была прынятая прапанова У.Чэрчыля аб тым, што "ачаг польскай дзяржавы і народа павінен размяшчацца паміж так званай лініяй Керзана і лініяй ракі Одэр"[8, С.133].

Цвёрдая пазіцыя савецкага кіраўніцтва знайшла падтрымку французскага боку. Так, напачатку снежня ў Маскве з афіцыйны візітам знаходзіўся генерал де Голь, які 6 снежня ў час сустрэчы з І. Сталіным заявіў, што “Французскі ўрад не пярэчыць ні супраць усходняй граніцы Польшчы у такім выглядзе, як яна выказана ў савецкіх дакументах, ні супраць заходняй граніцы Польшчы” [С.169]1.

Далейшым крокам легітымнасці ўз'яднання стала Ялцінская канферэнцыя (1945 г), у рашэннях якой было зафіксавана: «Главы трох урадаў лічаць, што Усходняя гарніца Польшчы павінна праходзіць уздоўж «лініі Керзана» з адхіленнямі ад яе ў некаторых раёнах ад пяці да васьмі кіламетарў на карысць Польшчы»[С. 18-19 ]2.

У студзені-лютым 1944 г. савецкі ўрад, ідучы насустрач заходнім саюзнікам, зрабіў спробу абмеркаваць заяву ад 11 студзеня 1944 г. з эмігранцкім урадам і прапанаваў яму афіцыйна заявіць, што "[...] лінія граніцы, устаноўленая Рыжскім дагаворам, належыць змяненню і што лінія Керзана з'яўляецца лініяй новай граніцы паміж СССР і Польшчай"[17, С.175]. Нягледзячы на пэўныя саступкі СССР у гэтым пытанні, эмігранцкі ўрад катэгарычна адхіліў савецкую прапанову. Адказ матываваўся тым, што яна не абапіраецца на юрыдычную базу і таму не можа быць прызнаная ў якасці граніцы. Саступкі СССР у пытанні граніцы мелі мэтай “задаволіць нацыянальныя амбіцыі палякаў і знайсці іх падтрымку ў змаганні з Нямеччынай” [19, С.31]. Неабходна пагадзіцца з гэтым. Таму ў заяве ТАСС і прагучала, што “граніца павінна ў агульным супадаць з лініяй Керзана”.

Вызначэнне граніцы па лініі Керзана значыла, што частка тэрыторыі Заходняй Беларусі павінна была адыйсць да Польшчы. Заява ТАСС ад 11 студзеня 1944 г. была для кіраўніцтва Беларусі поўнай нечаканасцю. Палітычнае кіраўніцтва СССР нават не паведаміла беларусам аб магчымасці перадачы часткі тэрыторыі Беларусі Польшчы. Пацверджаннем гэтай высновы з’яўляецца тое, што партыйнае кіраўніцтва Беларусі 1 студзеня 1944 г., г.зн. за дзесяць дзён да заявы ТАСС, вызначыла склад партыйных работнікаў Беластоцкага абкама партыі, якія былі зацверджаны ў сваіх пасадах[20, арк.1]. У запісцы Беластоцкага АК КП(б)Б “Палітычны стан Беластоцкай вобласці”, накіраванай у ЦК КП(б)Б 1 студзеня 1944 г., адзначалася, што да 1 студзеня 1944 г. Беластоцкім падпольным абкамам КП(б)Б створаны Лапскі, Свіслацкі, Снядоўскі, Замбраўскі і Скідальскі райкамы КП(б)Б, Ваўкавыскі, Гродзенскі і Аўгустоўскі межрайкамы. Акрамя гэтага, ЦК зацвердзіў у пасадах сакратароў Ломжынскага, Бранскага, Чыжэўскага межрайцэнтраў, Сапоцкінскага і Крынкаўскага РК КП(б)Б[20, арк.14-15]. Падбор, прызначэнне і накіраванне на падпольную працу ў Беластоцкую вобласць партыйна-савецкіх работнікаў сведчыла, што Беластоцкі падпольны АК КП(б)Б і ЦК КП(б)Б рыхтаваліся да аднаўлення дзейнасці партыйна-савецкіх органаў улады, як толькі Беластоцкая вобласць будзе вызваленая ад акупацыі.

Пазіцыю беларускага кіраўніцтва наконт перадачы часткі тэрыторыі рэспублікі Польшчы П.Панамарэнка афіцыйна агучыў на VI сесіі ВС БССР (сакавік 1944 г.). Выступаючы 21 сакавіка ён заявіў, што граніца, якая была ўстаноўлена ў 1939 г., "справядлівая як у гістарычных, так і этнаграфічных адносінах і адпавядае інтарэсам як Польшчы, так і Беларусі. Уз'яднаная беларуская дзяржава не аддасць нікому і ніколі метра зямлі, які належыць беларускаму народу”[17, С.182-183]. Фактычна гэтымі словамі ён паўтарыў пазіцыю партыйнага кіраўніцтва Беларусі, якая была сфармулявана на лютаўскім пленуме ЦК КП(б)Б (1943 г.) і ў заяве ЦК КП(б)Б “Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР”. Аднак праз тры дні, 24 сакавіка Старшыня Прэзідыўма ВС БССР Н.Наталевіч дэзавуіраваў яго выказванні, заявіўшы, закранаючы пытанні ўзаемаадносін з Польшчай і вызначэння беларуска-польскага ўчастку савецка-польскай граніцы, што: "у адпаведнасці з лініяй Керзана да Польшчы адыходзіць большасць раёнаў Беластоцкай вобласці, якія з 1939 г. па 1941 г. уваходзілі ў склад Беларускай ССР […] у некаторых раёнах, у прыватнасці Бельскім, пераважае беларускае насельніцтва, таму прэтэнзіі польскага эмігранцкага ўрада на гэты раён мы лічылі абсалютна няправільнымі. Я звяртаюся да Вярхоўнага Савета разгледзець гэтае пытанне і прасіць саюзны ўрад пры вызначэнні дзяржаўных граніц паміж Савецкім Саюзам і Польшчай улічыць цалкам законнае і справядлівае жаданне беларускага народа ўз'яднаць усе спрадвечныя беларускія землі ў адзіную Беларускую Савецкую дзяржаву"[17, С.195].

Аднак і пасля сесіі ВС БССР сітуацыя з прыналежнасці Беласточчыны не праяснілася. Нягледзячы на заяву Н.Наталевіча, што да Польшчы адыходзіць большасць раёнаў Беластоцкай вобласці, партыйнае кіраўніцтва рэспублікі на працягу восені-лета 1944 г. ушчыльную займалася пытаннямі аднаўлення партыйна-савецкіх, адміністрацыйных, гаспадарчых структур вобласці. Так, 18 красавіка 1944 г. на пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б быў зацверджаны план працы Беластоцкага АК КП(б)Б. Сакратару абкама Ул.Кудраеву даручалася аднавіць працу партыйных і савецкіх органаў у раёнах, якія будуць вызваленыя ад нямецкіх захопнікаў. Паводле рашэння Бюро ЦК неабходна было вызначыць у кожны раён склад партыйна-савецкіх работнікаў, а таксама планавалася накіраваць на працу ў вобласць тых работнікаў, якая працавалі там у 1939-1941 гг.[21, арк.15-16].

Такая неакрэсленасць сітуацыі спараджала ў часткі партыйных работнікаў Беластоцкай вобласці разгубленасць. Так, сакратар Беластоцкага падпольнага абкама партыі В.Самуцін двойчы, у красавіку[22, арк.5] і чэрвені[23, арк.155], накіроваў П.Панамарэнку лісты, у якіх настойліва прасіў апошняга растлумачыць сітуацыю з прыналежнасцю Беластоцкай вобласці, бо яе кіраўніцтва зыходзіла з установак ЦК КП(б)Б аб нязменнасці граніцы, у той жа час у заяве ТАСС гаварылася аб магчымасці адыходу часткі раёнаў вобласці да Польшчы. Невызначанасць сітуацыі вымусіла іх у чарговы раз звярнуцца ў ЦК КП(б)Б. Сакратар Беластоцкага АК КП(б)Б і старшыня абласного савета дэпутатаў працоўных накіравалі 8 ліпеня 1944 г.П.Панамарэнку гісторыка-этнаграфічную даведку аб Беластоцкай вобласці. У пачатку даведкі яны заявілі, што “[…] абсалютна дакладнай этнаграфічнай граніцай паміж польскім і беларускім народамі лінія Керзана з’яўляцца не можа”[24, s.392]. Далей яны абгрунтоўвалі гістарычную прыналежнасць Бельскага, Заблудаўскага, Беластоцкага раёнаў да “старажытных беларускіх зямель”. На заканчэнні яны звярнуліся да П.Панамарэнкі, каб ён “паставіў пытанне перад савецкім урадам аб тым, каб у час перамоваў з Польшчай г. Беласток, Беластоцкі, Бельскі і Заблудаўскі раёны былі пакінутыя ў складзе БССР”[25, С.221]. Аднак на ўсе гэтыя запыты В.Самуцін не атрымаў адказу.

Улічваючы такую сітуацыю кіраўніцтва абкама пачынае дзейнічаць самастойна. 3 ліпеня 1944 г. бюро Беластоцкага падпольнага абкама КП(б)Б прымае рашэнне аб выданні газеты на польскай мове, а тыднем пазней прыняло рэзалюцыю “Аб прыгатаванні да ўступлення Чырвонай Арміі і прыгатаванні партызанскіх атрадаў да працы з райкамамі”[24, s.395 ]. 29 ліпеня 1944 г. сакратар Сакольскага РК КП(б)Б інфармаваў першага сакратара Беластоцкага АК КП(б)Б А.Эльмана, што 25 ліпеня 1944 г. ён з групай работнікаў прыбыў у раён і прыступіў да працы па аднаўленню дзейнасці партыйна-савецкіх, гаспадарчых структур. У Крынках, Бранску таксама пачалі аднаўляць працу былых савецкіх органаў улады[24, s.274].

Канчаткова пытанне, колькі ж тэрыторыі Беластоцкай вобласці адыйдзе да Польшчы вырашылася ў ліпені 1944 г. Старшыня СПП В.Васілеўская і ўпаўнаважаны КРН Э.Асубка-Мараўскі 15 ліпеня 1944 г. звярнуліся з лістом да І.Сталіна, у якім яны абгрунтоўвалі неабходнасць перадачы Польшчы заходняй часткі Беластоцкай вобласці[10, С.79]. 21 ліпеня 1944 г. было абвешчана аб стварэнні Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення (ПКНВ), які 22 ліпеня 1944 г. звярнуўся з Маніфестам да польскага народа, у якім пацвярджалася імкненне да ўрэгулявання пытання савецка-польскай граніцы па этнічнаму прынцыпу. КРН і створаны ёю ПКНВ прызналі, што "усходняя граніца павінна быць лініяй добрасуседскага сяброўства, а не перашкодай паміж намі і нашымі суседзямі, яна павінна быць урэгулявана згодна прынцыпу: польскія землі — Польшчы, ўкраінскія, беларускія і літоўскія землі — Савецкай Украіне, Беларусі і Літве"[10, С.79].

24—26 ліпеня ў Маскве адбыліся перагаворы паміж савецкім урадам і ПКНВ, у ходзе якіх важнейшае месца заняло пытанне аб дзяржаўнай граніцы паміж СССР і Польшчай. У перамовах з польскага боку ўдзельнічалі Э.Асубка-Мараўскі – старшыня ПКНВ, Б.Дробнер, М.Роля-Жымерскі і С.Котэк-Аграшэўскі. З савецкага – І.Сталін, В.Молатаў, А.Вышынскі. Прапанаваны І.Сталіным праект на ўсходнім, беларускім участку пакідаў БССР-СССР усю Беластоцкую пушчу і большасць тэрыторыі Сувальшчыны[26, s.150], што значна разыходзілася з лініяй Керзана. Палякі, прааналізаваўшы савецкі праект не пагадзіліся з ім, асабліва ў частцы прыналежнасці пушчы. У час наступных размоваў І.Сталін пагадзіўся перадаць Польшчы Аўгустоў і Сувалкі, але адносна пушчы быў непахісны і нават не хацеў абмяркоўваць гэтае пытанне. Свой пункт гледжання ён абгрунтоўваў тым, што яго клапоціць не павялічэннне тэрыторыіі СССР, а інтарэсы беларускага і ўкраінскага народаў[26, s.150]. Па ўспамінах Э.Асубкі-Мараўскага ён папрасіў І.Сталіна зрабіць перапынак, каб абмяркаваць сітуацыю. У час перапынку Э.Асубка-Мараўскі паведаміў членам польскай дэлегацыі, што калі СССР не пойдзе на саступкі ў пытанні прыналежнасці Белавежскай пушчы, то ён, як старшыня ПКНВ, падасць у адстаўку[26, s.152]. Пасля перапынку М.Роля-Жымерскі выказаў удзячнасць І.Сталіну за перадачу Польшчы Сувалак і Аўгустова, але ўсё ж настойліва прасіў перадаць пушчу палякам. М.Роля-Жымерскі ўспамінаў, як І.Сталін рашыў гэтае важнае для палякаў і беларусаў пытанне: “Аб чым размова ? Але найперш я мушу параіцца з маімі беларусамі” [26, s.152]. На гэтым перамовы скончыліся і польская дэлегацыя вярнулася ў памяшканне СПП. Не болей як праз гадзіну, паводле ўспамінаў М.Роля-Жымерскага, яму патэлефанаваў В.Молатаў і паведаміў, што І.Сталін пагадзіўся перадаць ім палову Белавежскай пушчы і м. Белавежу[26, s.152]. 27 ліпеня 1944 г. В. Молатаў і Э. Асубка-Мараўскі падпісалі пагадненне паміж урадамі СССР і ПКНВ аб савецка-польскай граніцы, за аснову якога была прынята лінія Керзана з адступленнямі ад яе на карысць Польшчы (на беларускім участку): “[…] частку тэрыторыі Белавежскай пушчы на ўчастку Няміраў-Ялаўка, разамешчаную на ўсход ад лініі Керзана з астаўленнем Нямірава, Гайнаўкі, Белавежа і Ялаўкі на баку Польшчы"[ 17, С.327].

Такім чынам, ліпеньскія перамовы паміж ПКНВ і СССР канчаткова вызначылі лёс Беластоцкай вобласці. Большасць яе раёнаў адыходзілі да Польшчы. 27 ліпеня на аэрадром у Крыўлянах прыляцела дэлегацыя ПКНВ, каб прыняць уладу ў свае рукі[24, s.275]. Прыбыўшыя ў Беласток прадстаўнікі ПКНВ ведалі аб рашэннях, якія прынялі ў Маскве, але аб гэтым не ведала партыйна-савецкае кіраўніцтва БССР. У выніку, на вызваленнай частцы Беласточчыны часова ўсталявалася двухуладдзе: з аднаго боку аднаўляемыя органы савецкай улады, з другога - прадстаўнікі ПКНВ, якія таксама прыступілі да фарміравання сваіх адміністрацыйных органаў – структур ППР, органаў бяспекі і г.д. Аднак такое становішча працягвалася нядоўга. Напачатку жніўня партыйна-савецкія работнікі атрымалі загад згарнуць працу і пакінуць Беласточчыну. 25 жніўня 1944 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло пастанову, у якой адзначалася, што: “у сувязі з тым, што большасць раёнаў Беластоцкай вобласці разам з абласным цэнтрам і Беласток знаходзіцца за лініяй Керзана і адыйшлі да Польшчы, утварыць Гродзенскую вобласць з цэнтрам у г. Гродна”[27, арк.3-4].

Аналіз падпісанага савецка-польскага пагаднення ад 27 ліпеня 1944 г. вымушае звярнуць увагу на два прынцыповыя моманты, на якія айчынныя гісторыкі не звярталі належнай увагі. У працах айчынных і расійскіх гісторыкаў адзначаецца, што ўрэгуляванне савецка-польскай граніцы адбылося па прынцыпу: “польскія землі – Польшчы, […] беларускія – савецкай Беларусі”. Аднак, у Маніфесце ПКНВ ішла гаворка аб этнаграфічным прынцыпу, які не ўзгадваўся ў савецка-польскім пагадненні. Разам з тым, такі “прынцып” вызначэння граніцы - “польскія землі – Польшчы, […] беларускія – савецкай Беларусі”, адразу выклікае пытанні: якія землі лічыць польскімі, а якія – беларускімі ? Ці магчыма лічыць польскімі землямі Гайнаўку, Белавежу, Бельск дзе, як адзначалі кіраўнікі Беластоцкага АК КП(б)Б у 1944 г., пераважае беларускае насельніцтва, а беларускімі – Ліду, Воранава, Шчучын, дзе колькасць палякаў вагалася ад 60 да 80% ? Якія крытэрыі (нацыянальныя, этнаканфесійныя, гістарычныя, геаграфічныя і г.д.), былі ўзяты за аснову вызначэння польскіх у Беларусі і беларускіх зямель у Польшчы ? На наш погляд, адыход ад этнаграфічнага прынцыпа вызначэння граніцы, падмена яго палітычнымі фармулёўкай “польскія землі – Польшчы, […] беларускія – савецкай Беларусі”, быў на карысць кіраўніцтва Савецкага Саюза, бо даваў, як адзначае У.Снапкоўскі, “прастору для манёўра”[7, С.145]. Кіраўніцтва Савецкага Саюзу мела магчымасць рабіць адхіленні ад лініі граніцы зыходзячы са сваіх геапалітычных і нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў.

У сувязі з гэтым адзначым наступнае. У найноўшых публікацыях вядомых расійскіх гісторыкаў, у прыватнасці ў працах О.Ржэшэўскага[28, С.405, 411] сцвярджаецца, што савецка-польская граніца прайшла па лініі Керзана, якая з’яўлялася беларускай этнаграфічнай граніцай. Але гэта погляд расійскай гістарыяграфіі. Глыбокі і грунтоўны аналіз беларускай гістарыяграфіі па праблеме насельніцтва, тэрыторыі і граніц Заходняй Беларусі ў 1921 -1939 г. даў Ул.Міхнюк, які адзначыў, што сярод беларускіх гісторыкаў няма адзінства ў гэтым пытанні. Разам з тым, ён прытрымліваецца думкі Г.Гарэцкага, выказаную апошнім яшчэ ў 1921 г. [41, С.121], што за “аснову вызначэння граніц Заходняй Беларусі павінна быць узяты граніцы рассялення беларусаў”[156, С.20].

Вызначэнне беларускага ўчастка савецка-польскай граніцы вымусіла партыйна-савецкае кіраўніцтва рэспублікі паспрабаваць вызначыць беларускую этнаграфічную граніцу ў Польшчы. Гэта было зроблена вядомым этнографам М.Грынблатам вясной-восенню 1944 г. Яго праца выконвалася як планавая работа інтытута гісторыі АН БССР, а таксама па заказу наркамата замежных спраў Беларусі[31, арк.1]. Магчыма мяркаваць, што праца над ёй вялася на працягу вясны-восені 1944 г. і знаходзілася пад кантролем ЦК КП(б)Б. Так, намеснік загадчыка аддзелам агітацыі і прапаганды ЦК І.Ілюшын 26 красавіка 1944 г. накіраваў Прэзідэнту АН БССР ліст, у якім звяртаў яго ўвагу, што “[…] мэтавая устаноўка тэмы “Польска-беларуская заходняя граніца” павінна быць перагледжана па вуглом зроку ўзмацнення гістарычнай аргументацыі”[32, арк. 511]. У снежні 1944 г. у наркамат замежных справаў БССР былі накіраваны вынікі даследванняў М.Грынблата, у якім абгрунтоўвалася праходжанне беларускай этнаграфічнай граніцы. Паводле яго даследванняў, беларуская этнаграфічная граніца: […] абдымае амаль цалкам Гродзенскі ўезд Гродзенскай губерніі і Аўгустоўскі ўезд Сувалкскай губерніі, цалкам заходніія ўезды Гродзенскай губерніі – Сакольскі, Беластоцкі і Бельскі, паўночна-ўсходнюю канцоўку Высока-Мазавецкага ўезда Ломжынскай губерніі (раён Тыкоцына) і значную частку ўсходніх уездаў Сядлецкай губерніі – Канстанцінаўскага, Бельскага, Радзынскага, Владаўскага, якія цягацеюць да Брэста”[31, арк.81].

Калі параўнаць даследванні М.Грынблата з даследваннямі М.Гарэцкага, то вынікае, што яны амаль супадаюць, за выключэннем невялікіх адхіленняў. Такім чынам, партыйна-савецкае кіраўніцтва БССР, грунтуючыся на даследваннях вучоных АН БССР у 1944 г. магло і было гатова прадставіць палітычнаму кіраўніцтву СССР навукова абгрунтаваныя высновы аб праходжанні беларускай этнаграфічнай граніцы. Паводле іх даследванняў, беларуская этнаграфічная граніца праходзіць намнога захадней лініі Керзана, астаўляючы на беларускім баку Аўгустоў, Сувалкі, Беласток і прылягаючыя да іх тэрыторыі.

Нават і тады, калі беларуска-польскі ўчастак савецка-польскай граніцы быў вызначаны партыйнае кіраўніцтва Гродзенскай вобласці не пакідала надзеі захаваць у складзе БССР частку тэрыторыі былой Беластоцкай вобласці. У снежні 1944 г. сакратар Гродзенскага АК КП(б)Б П.Калінін у чарговым лісце да П.Панамарэнкі адзначыў, што пры ўстанаўленні граніцы паміж БССР і Польшчай, у жніўні 1944 г. г. Крынкі і прылягаючыя да яго вёскі з перавагай у іх беларускага насельніцтва адышлі да Польшчы. Ён падкрэсліў, што “[…] з мэтай усталявання больш дакладнай граніцы паміж Беларускай ССР і ПКНВ Гродзенскі АК просіць […] вызначыць пытанне аб далучэнні да тэрыторыі БССР г. Крынкі і вёсак Гур’яны, Спадвілы, Вайцахоўшчына, Плебанава, Белагорцы, Цюлічы, Жылічы, Грыбаўшчына, Паўднёвы Востраў, Новы Востраў, Інгулы, Гаркавічы і іншых населеных пунктаў з перавагай беларускага насельніцтва, устанавіць лінію граніцы паміж Беларускай ССР і ПКНВ наступным чынам: мястэчка Кузніца, станцыя Жэдня, станцыя Орля, станцыя Клешчальцы з уключэннем гэтых населеных пунктаў у склад Бераставіцкага раёна і сумежных раёнаў Брэсцкай вобласці”[20, арк. 60]. Аднак гэты ліст нават не разглядаўся партыйным кіраўніцтвам рэспублікі.

Перамовы ў Маскве ў кастрычніку 1944 г. у удзелам І.Сталіна, У.Чэрчыля, С.Мікалайчыка і прадстаўнікоў ПКНВ яшчэ раз прадэманстравалі, што І.Сталін не намераны ісці ні на якія кампрамісы і саступкі эмігранцкаму ўраду ў пытанні граніцы, нягледзячы на адчайныя намаганні і пасярэдніцтва У.Чэрчыля[28, С.436-437]. Калі 15 кастрычніка 1944 г. С.Мікалайчык паспрабаваў дыскутаваць са Сталіным аб лініі Керзана, то апошні не толькі не стаў улічваюць аргументы С.Мікалайчыка, але: “[…] успыліў, падняўся і дэманстратыўна пакінуў перамовы”[6, С.65]. Выбар І.Сталіным партнёраў для перамоваў аб будучым дзяржаўным ладзе, граніцах Польшчы быў зроблены на карысць ім жа створанага ПКНВ.

Важнейшае значэнне для міжнародна-прававога ўрэгулявання пытання аб савецка-польскай граніцы мелі рашэнні Крымскай канферэнцыі (4-11 лютага 1945 г.). І.Сталін, выступаючы ў дыскусіі аб граніцах Польшчы заявіў, што згода савецкага ўрада з лініяй Керзана ў якасці савецка-польскай граніцы – гэта прынцыповая пазіцыя СССР і на большыя саступкі ён не пойдзе. Пасля дыскусій кіраўнікі трох урадаў пагадзіліся, што ўсходняя мяжа Польшчы павінна ісці ўздоўж лініі Керзана з адступленнямі ад яе ў некаторых раёнах ад 5 да 8 км на карысць Польшчы[7, С.87]. Канчаткова савецка-польская граніца была вызначана і замацавана рашэннямі Патсдамскай канферэнцыі кіраўнікоў СССР, ЗША і Англіі (17 ліпеня – 2 жніўня 1945 г.). Міжнародна-прававое прызнанне мяжы паміж СССР і Польшчай дазволіла абодвум дзяржавам заключыць замест пагаднення ад 27 ліпеня 1944 г. двухбаковы дагавор аб савецка-польскай граніцы, які 16 жніўня 1945 г. падпісалі намеснік Старшыні СНК СССР В. М. Молатаў і Старшыня СМ Польскай Рэспублікі Э. Асубка-Мараўскі. Пры дакладным вызначэнні пагранічнай лініі дагавор уносіў некаторыя карэктывы. Ён канстатаваў адступленне на карысць Польшчы ад лініі Керзана не да 5—8 км, як гэта прадугледжвалася на Крымскай канферэнцыі, а да 30 км. Па дагавору СССР саступіў Польшчы дадаткова тэрыторыю, размешчаную на ўсход ад лініі Керзана да ракі Заходні Буг і ракі Салокія; на поўдзень ад г. Крылоў (на 30 км у глыбіню тэрыторыі УССР), а таксама частку Белавежскай пушчы (на 17 км у глыбіню тэрыторыі БССР)[ ]. На прэс-канферэнцыі ў Варшаве 27 жніўня 1945 г. прэзідэнт КРН Б. Берут падкрэсліў, што дзякуючы дагавору ўкраінскае і беларускае насельніцтва ўз'ядноўваецца ў сваіх дзяржавах, а Польшча пазбаўляецца ад ачага пастаяннай занепакоенасці і ўнутраных рознагалоссяў, ператвараецца ў аднанацыянальную дзяржаву[7, С.88].

Не менш важнае значэнне рашэнні Патсдамскай канферэнцыі мелі і для Беларусі. Красамоўна аб гэтым заявіў П.Панамарэнка на пасяджэнні Прэзідыўма ВС БССР (30 жніўня 1945 г.), на якім абмяркоўвалася пытане аб ратыфікацыі Статута Арганізацыі Аб’яднанных Нацыі: “Работая на канферэнцыі ў Сан-Францыска, нашая дэлегацыя сярод ўсіх міжнародных актаў правяла ўстанаўленне заходніх граніц, і такім чынам з пункту гледжання міжнароднага права мы маем юрыдычнае замацаванне ўз’яднання Беларусі. Гэта немалаважны факт. У гісторыі ўжо не можа быць зварота да папярэдняга ці перагляду гэтага пытання. Гэта надзвычай важна, таму, што фактычна мы ўз’ядналіся ў 1939 г., але сваю пазіцыю трымалі адкрытай, таму гэта ўяўляла вядомыя нязручнасці. Зараз гэта прызнана ў міжнародным маштабе, гэта лічыцца непарушным фактам. Для Беларусі гэта справа гістарычнага значэння (выдзелена мной – А.В.)”[34, С.315-316].

Адзначым, што перад падпісаннем савецка-польскага Дагавора аб граніцы ад 16 жніўня 1945 г. распачалася закулісная беларуска-польская барацьба за Белавежскую пушчу. Напачатку чэрвеня 1945 г. П.Панамарэнка звярнуўся з лістом да В.Молатава, у якім абгрунтоўваў неабходнасць астаўлення ўсей Белавежскай пушчы на беларускім баку[273, арк.82]. П.Панамарэнка ў мэтах лабіравання гэтага надзвычай важнага для БССР пытання, заручыўся падтрымкай Прэзыдэнта АН СССР В.Камарова, які ў чэрвені накіраваў В.Молатаву ліст. В. Камароў, адзначыўшы важнасць пушчы як гаспадарчага і прыродна-навуковага комплекса ад імя АН СССР хадайнічаў перад В.Молатавым аб “[…] прыняцці мер, накіраваных на аднаўленне запаведнага рэжыму ў пушчы і ўз’яднанні яе раз’яднаных частак у адзінае цэлае. Без гэтага пушча непазбежна загіне. Зноў аднавіць тое, што ўжо знішчана пушча зможа зрабіць, хутчэй за ўсё, пераўтварыўшыся ў савецкі запаведнік” [35, арк.78-80]. Аднак нават агульная і скардынаваная пазіцыя АН СССР і СНК БССР не мелі поспеху. Пытанне аб пушчы вырашаў не В.Молатаў, а І.Сталін, які не пагадзіўся поўнасцю аставіць пушчу ў складзе Беларусі.

Прыналежнасць пушчы была надзвычай важнай і для Польшчы. У ліпені 1945 г. МЗС Польшчы падрыхтавала і накіравала ў НКЗС СССР (усё таму ж В.Молатаву, бо ён з’яўляўся наркамам замежных спраў СССР. – А.В.) запіску, у якой абгрунтоўвала неабходнасць астаўлення пушчы ў складзе Польшчы. Польскі бок падкрэсліваў, што ”правядзенне палітычнай граніцы праз пушчу пагражае знішчэннем яе як помніка прыроды сусветнага значэння. Запаведнік, які знаходзіцца ў пушчы патрабуе для свайго існавання ахоўнай паласы. Менавіта таму ў граніцах Польшчы павінны застацца галоўны лясны комплекс”[36, k.18]. Польскі бок атрымаў адказ на сваё хадайніцтва ўжо ў СССР. 6 жніўня польская дэлегацыя прыбыла ў Маскву для падпісання пагаднення аб граніцы. 14 жніўня Б.Берут і Э.Асубка-Мараўскі сустрэліся ў Крамлі з В.Молатавым і А.Вышынскім, каб абмеркаваць польскі праект аб граніцы, які, у прыватнасці, прадугледжваў астаўленне Белавежскай пушчы ў складзе Польшчы[37, s.191]. В.Молатаў, выслухаўшы прапановы палякаў падкрэсліў, што савецкае кіраўніцтва пайшло на саступкі польскаму боку, перадаўшы яму частку пушчы і больш саступак не будзе. У ноч з 13 на 14 жніўня В.Молатаў яшчэ раз прыняў Б.Берута і Э.Асубку-Мараўскага і зноў пацвердзіў непахіснасць пазіцыі савецкага кіраўніцтва адносна пушчы. У час гэтай сустрэчы В.Молатаў прапанаваў палякаў сустрэцца з І.Сталіным і з ім абмеркаваць гэтую праблему. І.Сталін прыняў палякаў адразу ж, але адносна пушчы не адступіў ад пазіцыі, якая была вызначана пагадненнем ад 27 ліпеня 1944 г.[37, s.193].

Такім чынам, нягледзячы на звароты і хадайніцтвы палякаў і беларусаў кіраўніцтва СССР пацвердзіла сваю пазіцыю, якую яно прыняло ў час перамоваў у Маскве ў ліпені 1944 г.: пакінула пушчу падзеленай паміж Беларуссю і Польшчай, прыкладна на дзве роўныя часткі.

Нягледзячы прынятае ў Патсдаме рашэнне, што савецка-польская граніца будзе праходзіць па лініі Керзана, на беларускім участку меліся значныя адхіленні ад яе. Так, на ўчастку Аўгустоўскага канала лінія граніцы адхілілася на захад на 22 км, г.зн. на карысць Беларусі. Далей яна ідзе па руслу Немана да Гродна і праходзіць паблізу Кузніцы. На гэтым участку адхіленні на захад ад лініі Керзана склалі ад 15 да 22 км. Ад Гродна на працягу 80 км. граніца адхіляецца ад лініі Керзана на захад не на 5-8 км, як гэта было прынята ў Ялце, а значна далей. Пачынаючы ад вусця Аўгустоўскага канала і да Баброўнікаў граніца адыходзіла ад лініі Керзана ад 15 да 22 км на захад, г.зн. зноў на карысць Беларусі. У той жа час на адрэзку ад Баброўнікаў да Нямірава (каля 80 км.) адхіленні на ўсход ад лініі Керзана, г.зн. не накарысць Беларусі, склалі да 17 км. Гэтыя адхіленні прывялі да таго, што на польскім баку засталіся Ялаўка, Белавежа, Гайнаўка, Дубін, Чарэмха і частка Белавежскай пушчы. У раёне Нямірава абедзве лініі – вызначаная ў Ялце і лінія Керзана, злучаюцца[38, s.3-34].



Неабходна пагадзіцца з меркаваннем У.Снапкоўкага, што з пункту гледжання міжнароднага і ўнутрыдзяржаўнага права СССР дагавор ад 16 жніўня 1945 г. не ўяўляецца такім бездакорным і адназначным актам. Нягледзячы на тое, што ён быў заключаны па ўпаўнаважанню Прэзідыума ВС СССР, у які ўваходзілі Старшыні Прэзідыумаў ВС усіх саюзных рэспублік і ратыфікаваны ім, гэты дагавор не абмяркоўваўся ў вышэйшых органах дзяржаўнай улады і кіравання БССР, чые нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы ён непасрэдна закранаў. Нават фармальнай згоды вышэйшых органаў дзяржаўнай улады БССР на змяненне межаў рэспублікі, як таго патрабавалі Канстытуцыі СССР і БССР, не мелася[7, С.88]. “небездакорнасць” савецка-польскага Дагавора аб граніцы ад 16 жніўня 1945 г. прывялі да кур’ёзнага выпадку ў сучаснай гісторыі Беларусі. Візіт міністра замежных справаў Рэспублікі Польшча К.Скубішэўскага ў Мінск у кастрычніку 1990, закончыўся дыпламатычным непаразуменнем. Міністр замежных справаў БССР П.Краўчанка адмовіўся падпісваць прапанаваную К.Скубішэўскім Дэкларацыю аб асновах міждзяржаўных адносін. Прычынай адмовы, па сцверджаннях польскага боку, з’явіліся тэрытарыяльныя патрабаванні, вылучаныя беларускім бокам. Беларусы заявілі, што не падпісвалі савецка-польскі дагавор аб дзяржаўнай граніцы ад 16 жніўня 1945 г. і таму не могуць прызнаць яго сапраўдным для Беларусі. П.Краўчанка таксама ўзняў пытанне аб тэрытарыяльнай прыналежнасці Беласточчыны[ 39, с. 120]. Аднак вылучаныя беларусамі прэтэнзіі да Польшчы не мелі юрыдычных падстаў, таму вымусілі беларускі бок прызнаць у 1991 г. адсутнасць тэрытарыяльных прэтэнзій да Польшчы[39, с.121].
Літаратура і крыніцы.

  1. Ладысеў, У.Ф. Паміж Усходам і Захадам. Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917–1939 гг.) / У.Ф.Ладысеў, П.І.Брыгадзін. – Мінск: БДУ, 2003. – 200 с.

  2. Знешняя палітыка Беларусі: зб. дак. і матэрыялаў / склад. Н.М.Дзятчык [і інш.]. – Мінск: Бел. дзярж. ун-т, 2001. – Т.4: чэрвень 1941 г. – жнівень 1945 г. – 394 с.

  3. Носкова, А.Ф. Сталин и Польша. Из рассекреченных документов российских архивов / А.Ф.Носкова // Новая и новейшая история. – 2008. – №3. – С.104.

  4. Жуков, Ю. Тайны Кремля. Сталин, Молотов, Берия, Маленков. – М.:ТЕРРА – Книжный клуб, 2000. – 688 с.

  5. Корнейчук, А. Воссоединение украинского народа в недрах своего государства / А.Корнейчук // Правда. – 1943. – 29 февр. – С.2.

  6. Илизаров, Б. Польша и поляки в оценках и представлениях Сталина. Между Польшей довоенной и Польшей послевоенной / Б.Илизаров // История и художник. – 2008. – № 1-2 (15-16). – С.43-67.

  7. Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі. 1944-1953 гг. / У.Е.Снапкоўскі; пад рэд. Ю.П.Броўкі. – Мінск: Бел. навука, 1977. – 207 с.

  8. Парсаданова, В.С. Советско-польские отношения в годы Великой Отечественной войны. 1941-1945 / В.С.Парсаданова – М.: Наука, 1982. – 280 с.

  9. Вялікі, А.Ф. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944-1946 гг.): манагр. / А.Ф. Вялікі; навук. рэд. В.Д. Селяменеў. – Мінск: БДПУ, 2005.-319 с.

  10. НАРБ, Фонд 4. – Воп.20. – Спр.217. Стэнаграма VI пленума ЦК КП Беларусі. 12-18 лютага 1945.

  11. Американский журнал об империалистических претензиях польских реакционеров // Правда. – 1944. – 7 февр. – С.4.

  12. Митинг американцев польского происхождения // Правда. – 1944. – 9 февр. – С.4.

  13. Польский деятель в США о политике эмигрантского польского правительства // Правда. – 1944. – 8 апр. – С. 4.

  14. Binkowski, D. Leo Krzycki and the Detroit left[Электронный ресурс]. – 2008. – Режим доступа: http//www.binkowski.org. – Дата доступа: 23.07.2008.

  15. Сообщение ТАСС по поводу декларации Польского Правительства от 25 февраля с. г. // Известия. – 1943. – 2 марта. – С.4.

  16. НАРБ, Фонд 4. – Воп. 33а. – Спр.165. Дакладныя, рапарты, даведкі і лісты кіруючых партыйных і савецкіх работнікаў, камандзіраў партызанскіх брагад і атрадаў аб баявых дзеяннях пратызан, аб падборы і растаноўцы кадраў, аб рабоце спецшколы пры ЦК КП(б)Б, аб рабоце Мінскіх падпольшчыкаў і аб пошуку сем’яў. Загады НКА СССР, ЦШПР і БШПР. Спісы слухачоў беларускай школы падрыхтоўкі партызанскіх кадраў па стану на 1 чэрвеня 1943 г. і інш. Верасень 1942 г. – лістапад 1943 г.

  17. Знешняя палітыка Беларусі: зб. дак. і матэрыялаў / склад. У.М. Міхнюк, У.К.Ракашэвіч, А.В.Шарапа, І.Г.Яцкевіч. – Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2002. – Т.5 (верасень 1945 г. – 1975 г.) – 344 с.

  18. Парсаданова В.С. Советско-польские отношения. 1945-1949 / В.С.Парсаданова. – М.: Наука, 1990. – 191 с.

  19. Волаціч, М. Насельніцтва Заходняй Беларусі і яго перасяленне паміж сучаснай Польшчай і БССР / М.Волаціч // Беларускі зборнік. – Мюнхен, 1956. – Кн. 4. – С. 34.

  20. НАРБ, Фонд 4п. – Воп.29. – Спр.33. Дакладныя запіскі і даведкі аб дзейнасці партызанскіх брыгад і атрадаў Беластоцкай вобласці. Дакладныя запіскі і даведкі Беластоцкай вобласці пасля вызвалення. I.I.1944 – 23.XII.

  21. НАРБ, Фонд 4п. – Воп.61. – Спр.26. Пратакол пасяджэння бюро ЦК КП(б)Б №211. 18.04.1944

  22. НАРБ, Фонд 4п. – Воп.33а. – Спр.568. Прывітальныя тэлеграмы Ваенных саветаў 2, 3 Беларускіх франтоў і 1-га Прыбалтыйскага фронту ў сувязі з канчатковым вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ліст Самуціна, дасланы з нямецкага тылу на імя Панамарэнкі. 5 красавіка 1944 г. – 4 жніўня 1944 г.

  23. НАРБ, Фонд 4. – Воп.33а. – Спр.478. Пратаколы, дакладныя і лістоўкі Беластоцкага падпольнага АК КП(б)Б і Чыжэўскага межрайкома КП(б)Б і ЛКСМБ. Справаздачы і данясенні Гродзенскага падпольнага РК КП(б)Б. Дакладныя ўпаўнаважанных ЦК ЛКСМБ па Беластоцкай вобласці аб выкананай рабоце. Пратаколы 1-й камсамольскай канферэнцыі. Спіс членаў і кандыдатаў Снядоўскага падпольнага РК КП(б)Б і спіс членаў Снядоўскага антыфашысцкага камітэта Беластоцкай вобласці. 23 кастрычніка 1943- 25 верасня 1944 г.

  24. Bockowski, D. Na zawsze razem Bialostocczyzna i Lomzynskie w polityce radzieckiej w czase II wojny swiatowej (IX 1939 – VIII 1944) / D.Bockowski. – Warszawa: Neriton In-y Historii PAN, 2005. – 333 s.

  25. Рыбак, Н.А. К вопросу об общественно-политической ситуации в западных областях БССР после освобождения Республики (1944-1945 гг.) / Н.А.Рыбак // Беларусь в годы Великой Отечественной войны: уроки истории и современность: материалы междунар. научн. конф., Минск, 29-30 июня 2004 г. / Ин-т истории НАН Беларуси; сост. А.М.Литвин [и др.]. – Минск, 2004. – С.220.

  26. Eberhardt, P. Polska granica wschodnia. 1939 – 1945. Wyd. Edition Spotkania, 1993. – 180 s.

  27. НАРБ, ф.4п, воп.61, спр.63, арк.3-4. Пратакол пасяджэння Бюро ЦК КП(б)Б ад 25 жніўня 1944 г. №231

  28. Ржешевский, О.А. Сталин и Черчиль. Встречи. Беседы. Дискуссии: Документы. Коментарии / О.А.Ржешевский; Ин-т всеобщей истории. – М.: Наука, 2007. – 567 с.

  29. Міхнюк, У. Заходняя Беларусь: граніцы, тэрыторыя, насельніцтва / Беларускі гістарычны часопіс, № 11, 2004. – С.20.

  30. Выбранае / Гаўрыла Гарэцкі; уклад., каментар Р.Гарэцкі, Прадмова М.Мушынскі. – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 2002 – С.121.

  31. НАРБ, ф.907, воп. 1, спр.2 , арк.1. К вопросу о западной этнографической границе белорусов.

  32. НАРБ, ф.4п, воп.47, арк.6, л.511. Зводкі і планы сектара друку па распаўсюджванню і экспедіраванню пячаці на акупаванай тэрыторыі. 1942-1945 гг.

  33. НАРБ, ф.4, воп.29, спр.33, Дакладныя запіскі і даведкі аб дзейнасці партызанскіх брыгад і атрадаў Беластоцкай вобласці. Дакладныя запіскі і даведкі Беластоцкай вобласці пасля вызвалення. I.I.1944 – 23.XII.

  34. Освобожденная Беларусь: док. и материалы. В 2 кн. Кн.2. Январь – декабрь 1945 г. / Сост. В.И.Адамушко [и др.]. Мн.: НАРБ, 2005. – 506 с.

  35. НАРБ, ф.601, воп.3, спр.3, арк.82. Пастановы і распараджэнні СМ БССР, перапіска з СМ СССР, міністэрствам замежных спраў БССР, Беларускай акругай пагранічных войскаў з запаведнікамі аб бракан’ерскай лесарубцы ў лясах і інш пытаннях. 5 студзеня 1946 – 21 снежня 1946 г.

  36. AMSZ, Z.27, t.249, w.15, k.18. Granica Polsko-Radziecka. Pazdziernik 1945 – Grudzien 1947.

  37. Bartoszewich, H. Polityka Zwiazku Sowieckiego wobec panstw Europy Srodkowo-Wschodniej w latach 1944-1948 / H. Bartoszewicz, Warszawa, Ksizka i Wedza, 1999. – 407 s.

  38. Eberchardt, P. Zeszyty historyczne, №90, 1989. – s.3-34.

  39. Снапкоўскі, У. Беларуска-польскія адносіны (1990-2003 гг.) / Снапкоўскі У. – Беларусь і Польшча – Polska i Bialorus. Pod red. A. Eberchardta, Ul. Ulachowicza, Polski instytut spraw miedzynarodowych Warszawa, 2003. – s.119-127.



1 Советско-французские отношения во время Великой Отечественной войны, 1941-1945 г: Документы и материалы. В 2-х т. Т.2. 1944-1945. / Министерство иностранных дел СССР. М.: Политиздат, 1983, С.169

2 Конференция руководителей трех союзных держав – Советского Союза, Соединенных Штатов Америки и Великобритании в Крыму. М.: Госполитиздат, 1945, С.18-19


: bitstream -> doc -> 2633
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка