Арганізацыя сельскагаспадарчага перасялення з бсср



Дата канвертавання15.05.2016
Памер126.44 Kb.

powerpluswatermarkobject161874



Йоцюс, В.А. Арганізацыя сельскагаспадарчага перасялення з БССР (1919 – 1941 гг.) / В.А.Йоцюс // Весці БДПУ. Серыя 2. 2014. №2. С.71-75.
Ключевые слова: сельскагаспадарчае перасяленне, БССР, хадакі.
АРГАНІЗАЦЫЯ СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧАГА ПЕРАСЯЛЕННЯ З БССР (1919 – 1941 ГГ.)

[94(476) “1919/1941” : 314.8] : 63-051 В.А. Йоцюс,

аспірант кафедры гісторыі Беларусі БДПУ
Мэтай дадзенага артыкула з’яўляецца раскрыццё механізмаў ажыццяўлення сельскагаспадарчага перасялення ў БССР у 1919 – 1941 гг., а таксама адлюстраванне асаблівасцяў перасяленчага працэсу ў Савецкай Беларусі.

Пытанне сельскагаспадарчага перасялення з БССР у іншыя рэгіёны Савецкага Саюза ў міжваенны перыяд не з’яўляўся аб’ектам спецыяльнага даследавання ў айчыннай гістарыяграфіі. Некаторыя аспекты дадзенай праблемы адлюстраваны ў працах савецкіх гісторыкаў М.А. Біліма,


М. І. Платунова. Аўтары адзначалі высокі ўзровень арганізацыі перасяленчых мерапрыемстваў у Савецкай дзяржаве, аднак працэс перасялення паказаны ў агульных рысах, без адлюстравання рэгіянальных асаблівасцяў [3, 12].

Постсавецкія расійскія гісторыкі таксама цікавяцца пытаннямі арганізацыі перасяленняў ў 1919 – 1941 гг. Аднак, у адрозненне ад савецкіх гісторыкаў, яны акцэнтуюць увагу на негатыўных момантах перасяленчага працэсу. Расійскія даследчыкі разглядаюць цяжкасці, з якімі сутыкаліся перасяленцы пры пераездзе і недахопы пры арганізацыі ўсялення на новых месцах [1, 2, 7].

У арганізацыі перасяленчай справы важнае месца займаў працэс падрыхтоўкі і пераезду перасяленцаў да новых месцаў жыхарства. У гэтым працэсе можна вылучыць некалькі ўзаемазлучаных этапаў: агляд і залічэнне зямельных участкаў, адбор і падрыхтоўка перасяленцаў да выезду, перавозка перасяленцаў і іх маёмасці чыгуначным транспартам, а таксама іх ўпарадкаванне у месцах усялення.

Жадаючыя перасяліцца падавалі заяўку на перасяленне ў зямельныя органы па месцы жыхарства. Да перасялення дапушчаліся гаспадаркі, якія маюць не менш 2,5 поўных працаўнікоў і матэрыяльнае забеспячэнне ў грошах, інвентару ў залежнасці ад рэгіёна ўсялення ад 800 да 1300 рублёў. “Поўнымі работнікамі” лічыліся працаздольныя мужчыны ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў і жанчыны ад 18 да 45 гадоў. “Паўработнікамі” лічыліся падлеткі ад 14 да 18 гадоў і працаздольныя старыя. Непрацаздольнымі лічыліся – дзеці да 14 гадоў, а таксама хворыя і калекі [10, с. 143]. Для перасяленчых калектываў матэрыяльнае забеспячэнне змяншалася на 200 рублёў.

Непасрэдны падбор перасяленчага кантынгенту вёўся сельсаветамі і раённымі выканаўчымі камітэтамі, якія вызначалі найбольш зацікаўленыя ў перасяленні вёскі. У некаторых раёнах БССР пры выканаўчых камітэтах дадаткова ствараліся перасяленчыя камісіі, якія здзяйснялі падбор хадакоў, і перасяленцаў, займаліся арганізацыяй перасяленчых калектываў. У залежнасці ад выяўленага стану раёнаў, ажыццяўлялася размеркаванне перасяленчага фонду паміж вёскамі. Перасяленскі фонд размяркоўваўся паміж 2 – 3 найболей перанаселенымі вёскамі [11, л. 170].

Для таго каб атрымаць статус планавага перасяленца, сяляне павінны былі агледзець і выбраць участак і зарэгістраваць яго за сабой. Для гэтага з месцаў выхаду пасылаліся хадакі. Як правіла, пасылалі аднаго хадака ў сярэднім ад 5 – 6 гаспадарак [14, с. 3]. Хадакі павінны былі мець наступны камплект дакументаў: пасямейна-маёмасныя спісы з указаннем складу сям’і і матэрыяльнага забеспячэння, даверанасць ад сем’яў, якія яны прадстаўляюць і хадацкае пасведчанне, атрыманае ў Акруговым зямельным упраўленні. З хадакоў бралася падпіска аб тым, што ім вядомы ўсе ўмовы перасялення, асабліва ўзровень матэрыяльнага забеспячэння. Для пачатку перасяленчага працэсу хадок падаваў заяўку да якой прыкладаліся пасямейна-маёмасныя спісы і даверанасці [9, л. 93-94]. Сабраўшы вышэйпералічаныя дакументы, хадок атрымліваў права на льготны праезд, які складаў 25 % ад кошту білета. Хадакі маглі ехаць толькі ў спецыяльных перасяленчых цягніках, таварна-пасажырскіх, ці паштовых вагонах. Хадакоў падрабязна інструктавалі аб іх правах і абавязках, аб працэдуры залічэння зямлі.

Па прыбыцці на месца, яны павінны былі звярнуцца да начальніка засялення, які правяраў дакументы і рэгістраваў хадакоў. Ён тлумачыў прыбыўшым дзе і якія маюцца вылучаныя пад каланізацыю зямлі і якія асаблівасці мае вядзенне гаспадаркі. Інструкцыя патрабавала, каб начальнік ўсялення высвятляў у хадакоў якія землі жадаюць атрымаць перасяленцы, бо ў некаторых раёнах меліся лясныя, лесастэпавыя і стэпавыя ўчасткі. Затым складаўся маршрут руху да перасяленчага ўчастка. На начальніка засялення ўскладаўся абавязак даставіць хадакоў маршрутнымі картамі, але ў большасці выпадкаў, з-за адсутнасці такіх, хадакі іх не атрымлівалі [10,
с. 197].

Праблема, з якой сутыкаліся хадакі, адсутнасць правадыроў і негатыўнае стаўленне да іх мясцовага насельніцтва. Як адзначалі правяраючыя, часта жыхары вёсак, землі якіх траплялі пад перасяленчыя фонды, імкнучыся пазбавіцца ад наплыву перасяленцаў, скажалі інфармацыю пра свой край. Даходзіла і да адкрытай варожасці. Мясцовыя сельсаветы таксама не аказвалі дапамогі хадакам [9, л. 94].

Пры выбары ўчастка засялення вялікае значэнне мела і асоба хадака. Сярод маладых хадакоў адзначалася жаданне хутчэй залічыць участкі, без дасканалага іх вывучэння. Каб выключыць падобныя здарэнні, перасяленчыя органы рэкамендавалі адпраўляць у якасці хадакоў толькі вопытных сялян і якія карыстаюцца аўтарытэтам у людзей. Акрамя таго, на пачатковым этапе перасяленчай кампаніі мела месца пасылка хадакоў позняй восенню ці нават узімку, калі пад снегам не магчыма было вызначыць якасць глебы. Потым хадакоў сталі адпраўляць толькі ўвесну і ўлетку.

Залічэнне ўчасткаў праходзіла наступным чынам: пасля агляду ўчасткаў хадакі вярталіся да начальніка пасялення і заяўлялі пра жаданне атрымаць зямлю на вызначаным участку. Загадчык засяленнем залічаў за хадакамі гэтыя тэрыторыі, а ў хадацкім пасведчанні рабіў адзнаку, ў якой акрузе, раёне, вёсцы залічана зямля і колькасць душавых далей. У пасведчанні таксама ўказвалася да якога часу гэтыя ўчасткі лічацца за перасяленцамі. Залічаныя ўчасткі захоўваліся за перасяленцамі год, пасля чаго зноў вярталіся ў каланізацыйны фонд. Далей хадакі атрымлівалі ад загадчыка засяленнем пацверджанне на права атрымання льготнага білета на зваротную дарогу. Аднак бывалі выпадкі, калі да моманту адпраўлення назад ў хадакоў канчаліся грошы і яны вымушаны былі падшукваць сабе працу для атрымання сродкаў на зваротную дарогу, гэтым самым затрымілаўся працэс перасялення.

Неабходна адзначыць у перасяленчай справе такую з’яву як самавольнае хадацтва. Не гледзячы на тое, што такая катэгорыя хадакоў не мела правы на льготы, колькасць самавольцаў была дастаткова высокай. Яны маглі разлічваць на залічэнне земляў у тых рэгіёнах, ад якіх адмаўляліся планавыя хадакі. Як правіла, гэта былі аддаленыя і не дастаткова падрыхтаваныя месцы. Самавольнае хадацтва вяло да негатыўных наступстваў – расчараванню ў залічаных участках і зваротнаму руху ў БССР. Улічваючы гэта, дзяржава пайшла на некаторыя ўступкі самавольным перасяленцам. Так, у 1926 г. быў прыняты Дэкрэт які даваў права на атрыманне льгот, нароўні з планавымі перасяленцамі, так сама пазапланавым, калі яны з дазволу перасяленчых органаў сяліліся на землях перасяленчага фонду, ці дазасяляліся да зямельных таварыстваў [8]. Пры гэтым улады адзначалі не пажаданасць такой з’явы.

Перад адпраўкай на новае месца жыхарства перасяленцы павінны былі атрымаць ад акруговага зямельнага аддзела (пазней гэтыя функцыі былі ўскладзены на раённыя выканаўчыя камітэты) перасяленчыя пасведчанні, якія выдаваліся на падставе хадацкіх пасведчанняў з адзнакамі пра залічаныя зямельныя надзелы. Гэтыя пасведчанні з’яўляліся асноўнымі дакументамі для перасяленцаў у дарозе і давалі правы на выкарыстанне льготнага перасяленчага тарыфу. Акруговыя зямельныя аддзелы праз Райвыканкамы апавяшчалі перасяленцаў пра месца і час адпраўкі. Праязныя білеты выдаваліся на станцыі адпраўлення з указаннем тэрміна дзеяння. Гэта былі звычайныя білеты, але з адзнакай “льготны” і прыпіскай ад рукі “перасяленчы” [10, с. 162-163]. На кожны білет перасяленцы маглі бясплатна правозіць да 10 пудоў (138,8 кг.) паклажы [14, с 3].

Арганізацыяй перавозкі хадакоў, перасяленцаў і іх маёмасці па чыгунках і водным шляхам РСФСР, а таксама аказаннем неабходнай дапамогі ў дарозе, ведаў Народны камісарыят земляробства РСФСР. Па ўзгадненні з Народным камісарыятам шляхоў зносін былі распрацаваны адпаведныя правілы перавозкі перасяленцаў да месцаў пасялення. Вагоны для перасяленцаў падаваліся таварныя (цяплушкі), абсталяваныя нарамі, сходамі, ліхтарамі. Калі перасяляліся са жніўня па май, то вагоны дадаткова абсталёўваліся печкамі. Аднак, мела месца халатнасць чыгуначнага кіраўніцтва, калі вагоны падаваліся не абсталяваныя, не спраўныя, брудныя. Часта перасяленчыя вагоны прычапляліся да таварных цягнікоў, што падаўжала час знаходжання ў дарозе і сяляне не паспявалі да пачатку севу і г.д. Таксама вагоны часта размяшчалі больш чалавек, чым дазвалялі правілы. Норма размяшчэння з сакавіка па жнівень складала не больш за 25 чалавек, у астатні час не больш за 30. Акрамя таго не дапушчалася правозіць разам з перасяленцамі іншых пасажыраў. Паводле патрабаванняў перавозкі перасяленцаў іх паклажа павінна была ехаць з імі ў адным вагоне. Пры немагчымасці змясціць паклажу ў тым цягніку, у якім меркавалася адправіць перасяленцаў, апошнія павінны былі быць пакінуты на станцыі адпраўлення і перавезены затым з бліжэйшім цягніком разам з іх маёмасцю [10, с. 165-166]. Аднак гэта правіла не заўсёды выконвалася. Бывалі выпадкі, калі маёмасць перасяленцаў ехала асобна і затрымоўвалася ў дарозе на месяц і больш [9, л. 96-97].

Пры адпраўленні састава асобая увага надавалася медыцынскаму і санітарнаму абслугоўванню перасяленцаў, якое ажыццяўлялі мясцовыя органы Наркамата аховы здароўя. Перад ад’ездам усе хто не атрымалі прышчэпку ад воспы ў абавязковым парадку праходзілі вакцынацыю. Ізаляцыйна-прапускныя пункты ў Сібіры без даведкі пра прышчэпкі не прапускалі саставы на сваю тэрыторыю. Інструкцыі патрабавалі ад перасяленцаў самастойна сачыць за санітарным становішчам у вагонах. У выпадку захворвання перасяленцы маглі звярнуцца за медыцынскай дапамогай у бліжэйшыя станцыі. У тэорыі ўсе перасяленчыя пункты і станцыі павінны былі мець свой медыцынскі персанал, аднак з-за недахопу фінансавання шматлікія станцыі яго не мелі [6, л. 145 ад.]. Мелі месца выпадкі гібелі перасяленцаў у дарозе ад інфекцыйных і іншых захворванняў [6, л. 220 ад.].

Пытанне харчавання перасяленцаў у дарозе таксама стаяла вельмі востра. У Сібіры перасяленцы і хадакі маглі атрымаць ежу на 7 транзітна-харчовых пунктах і на двух пунктах Далёкага Ўсходу. Аднак, не на ўсіх гэтых пунктах перасяленцы маглі атрымаць гарачую ежу, бо пункты не маглі справіцца з наплывам перасяленцаў і хадакоў, таму многим проста не хапала правізіі. На сібірскіх станцыях высадак і перасадак таксама арганізоўваліся пункты харчавання, але імі маглі скарыстацца толькі тыя перасяленцы, якія высаджваліся на іх. Хто ехаў транзітам, права на ежу не меў. На Далёкім Усходзе станцыі высадкі перасяленцаў наогул не былі абсталяваны сталовымі, аднак перасяленцы маглі рыхтаваць ежу на адпаведных кухнях са сваіх прадуктаў. Паліва для кухняў адпускалася бясплатна. Абеды, якія адпускаліся хадакам і перасяленцам на пунктах харчавання, галоўным чынам складаліся з адной талеркі супу, гарніру з невялікім кавалачкам мяса. Сабекошт такога абеду складаў 7-8 капеек у цэнах 1926 г. [9, л. 99-100].

Прыбыўшы ў раён, у якім залічана зямля, перасяленцы высаджваліся на перасяленчым пункце і звязваліся з начальнікам засялення. Звычайна адпраўлялася тэлеграма на перасяленчы пункт з папярэдняй станцыі з інфармацыяй пра колькасць перасяленцаў і час прыбыцця.

Перасяленчыя пункты арганізоўваліся на найбольш буйных вузлавых станцыях у месцах высадкі хадакоў ці перасяленцаў. У іх задачы ўваходзілі: аказанне перасяленцам жыллёвай, харчовай, даведкава-інфармацыйнай дапамогі; нагляд за бесперашкодным прасоўваннем хадакоў і перасяленцаў па шляхах зносін; назіранне за выкананнем правіл перавозкі перасяленцаў і іх маёмасці; выдачу хадакам і перасяленцам пазык; вядзенне рэгістрацыі і статыстычнага ўліку хадацкага і перасяленчага руху [10, л. 178-180].

На перасяленчыя пункты дадаткова прызначаліся агенты, для назірання за прасоўваннем перасяленцаў і арганізацыяй прыёму хадакоў і перасяленцаў.

Па прыбыцці на месцы ўсялення перасяленцы праходзілі медыцынскі агляд. Затым размяшчаліся на перасяленчым пункце. Загадчык засяленнем правяраў дакументы і рэгістраваў перасяленцаў па іх перасяленчых пасведчаннях, правяраў іх сямейнае і маёмаснае становішча. Часта высвятлялася, што рэальнае маёмаснае становішча значна ніжэй, чым тое, што паказана ў маёмасным спісе. На пункце перасяленцы маглі пражыць 3-е сутак. За гэты час загадчык пасяленнем павінен быў іх падрабязна інфармаваць пра ўмовы вядзення гаспадаркі [10, л. 198].

Калі перасяленец пабудаваў жыллё ці заараў надзел, то пасля гэтага ён браў даведку ў сельсавеце і аддаваў яе начальніку пасялення, які пасля праверкі выдаваў перасяленцу пасяленчы білет, які даваў права на пазыку. Пасля гэтай працэдуры перасяленец лічыўся заселеным, а загадчык засяленнем складаў акт засялення і накіроўваў яго ў Акруговае зямельнае ўпраўленне для завярджэння і прымянення да перасяленцаў устаноўленых ільгот [9, л. 101-101 ад].

Некаторыя змены ў парадак падбору і адпраўкі перасяленцаў былі ўнесены ў 1930-я гг. На месцы выйсця перасяленцаў Аблвыканкамы рэгіёнаў усялення пачалі адпраўляць сваіх прадстаўнікоў з мэтай распрацоўкі на месцы ўдакладненага плану перасялення. Гэтыя прадстаўнікі павінны былі таксама аказваць дапамогу ў арганізацыі працы па прыцягненні, адбору і афармленню перасяленцаў. Выканкамы арганізоўвалі працу па азнаямленні калгаснікаў і аднаасобнікаў са станам калгасаў усялення, іх месцам размяшчэння і агульнай характарыстыкай месцаў усялення, а таксама тлумачылі дзяржаўныя льготы, якія прадстаўляліся перасяленцам. Тыя, хто выказаў жаданне перасяліцца, падавалі ў мясцовы райвыканкам анкету-заяву. Райвыканкамы разглядалі анкеты-заявы і давалі рэкамендацыю пра магчымасць перасялення і перанакіроўвалі іх у перасяленчыя аддзелы пры СHK рэспублікі, дзе прымалася канчатковае рашэнне аб перасяленні. Тым, хто атрымаў дазвол, уручаўся перасяленчы білет, які даваў права на атрыманне ўсталяваных ільгот. Акрамя білета перасяленцы павінны былі атрымаць, пропуск для асобаў, якія ехалі у памежную паласу, пашпарты на ўсіх членаў сям’і ад 16 гадоў, вайсковы дакумент з адзнакай пра здыманне з уліку, даведку пра разлік з калгасамі, даведку пра медыцынскі агляд сям’і і г.д.

У 1930-е гг. быў таксама павышаны ўзровень арганізацыі перавозкі перасяленцаў. Цяпер у складзе кожнага эшалона павінен быў быць адзін класны вагон для амбулаторыі і абслугоўваючага персанала і адзін вагон-ізалятар, кухня. Дзяржава цалкам брала на сябе ўсе выдаткі па пераездзе і ўладкаванні перасяленцаў. Напрыклад, пры перасяленні ў Ўкраіну ў 1933 г. перавозка перасяленцаў і іх маёмасці ажыццяўлялася бясплатна, акрамя таго ў дарозе яны атрымлівалі бясплатнае харчаванне, а па прыбыцці на месца атрымлівалі хату з неабходнымі надворнымі пабудовамі [5, с. 950]. Акрамя таго, выканкамы якія прымалі перасяленцаў, павінны былі забяспечыць іх памяшканнямі для размяшчэння на станцыях прыёму да адпраўкі ў калгасы; медыка-санітарным абслугоўваннем перасяленцаў; перавозку перасяленцаў і іх маёмасці ў калгасы ўсялення за кошт транспарта калгасаў, якія прымаюць перасяленцаў [4].

Такім чынам, у 1920-1941 гг. у СССР і БССР усталявалася сістэма і быў створаны механізм рэалізацыі сельскагаспадарчага перасяленчага працэсу. Шэраг распрацаваных інструкцый і дэрэктыў ахопліваў увесь спектр пытанняў, звязанных з перасяленнем ад парадку арганізацыі хадацтва да працэдуры засялення. У цэлым на той час яны адказвалі інтарэсам перасяленцаў і дзяржавы. Аднак, пры рэалізацыі перасяленчых мерапрыемстваў мелі месца цяжкасці, як аб’ектыўнага – недахоп фінансавых сродкаў, так і суб’ектыўнага – халатнасць мясцовага кіраўніцтва, характару. Але ў цэлым перасяленчы працэс з БССР быў наладжаны на добрым узроўні, пра што сведчыць нізкі працэнт зваротнага руху перасяленцаў – 5-7 % [13].

Літаратура і крыніцы



  1. Вологдина, Е.С. Сельскохозяйственные переселения на Российский Дальний Восток в 30-х годах ХХ века / Е.С. Вологдина // Вестник Челябинского государственного университета. 2009. № 10 (191). История. Вып. 39. С. 68–73.

  2. Бережнова, М.Л. Государственная программа переселений в восточные районы СССР 1939–1942 гг.: этнографические аспекты / М.Л. Бережнова // Известия Алтайского государственного университета. – 2008. – № 4/2.–
    С. 7–16.

  3. Билим, Н. А.   Сто дорог на Восток : Из истории переселения трудящихся на Дал. Восток. / Н. А. Билим – Хабаровск : Кн. изд-во, 1978. – С. 128.
  4. Временная инструкция о порядке привлечения, отбора и направления сельскохозяйственных переселенцев из малоземельных районов в многоземельные районы СССР и о приеме переселенцев в местах вселения // СП СССР. 1939. № 52. Ст. 444.


  5. Голодомор 1932 – 1933 років в Украïні: документи і матеріали / Упоряд. Р.Я. Пиріг; НАН Украïни ін-т історіï Украïни. – К.: Вид. дім “Киево-Могилянська академія”, 2007. – С. 1128.

  6. Дело о переселении граждан Витебской губернии // Государственный архив Витебской области (ГАВО). – Фонд 14. – Оп. 1. – Д. 1318.

  7. Корякина, Л.С. Переселение в Восточную Сибирь в 1920 – 1930-е гг. /
    Л.С. Корякина // Исторические, философские, политические и юридические науки, культурология и искусствоведение. Вопросы теории и практики Тамбов: Грамота, 2011. № 2 (8): в 3-х ч. Ч. I. C. 95-97.

  8. О дополнении статьи 225 земельного кодекса Р.С.Ф.С.Р. Декрет ВЦИК и СНК от 20 сентября 1926 года // Информационно-правовой портал [Электронный ресурс]. – 2006. Режим доступа: http://www.bestpravo.ru/sssr/gn-praktika/c1w.htm. – Время доступа: 03.04.2013.

  9. Отчет делегации, командированной Наркомземом БССР на Дальний Восток и Сибирь // Национальный архив Республики Беларусь (НАРБ). – Фонд 48. – Оп. 1. – Д. 2732.

  10. Переселенческое дело : Сборник декретов и распоряжений по переселению / Нар. ком. зем. РСФСР. Отд. переселений и колонизации; Под ред. [и с предисл.] М. А. Большакова. – М. : тип. ОГПУ, 1927. – С. 360.

  11. Постановления, выписки из протоколов заседаний президиума ЦИК и СНК БССР, план и отчет землеустроительнеой группы при Наркомземе БССР по переселению крестьян за пределы БССР. // Национальный архив Республики Беларусь (НАРБ). – Фонд 6. – Оп. 1. – Д. 1981.

  12. Платунов, Н. И.   Переселенческая политика Советского государства и ее осуществление в СССР (1917 – июнь 1941 гг.) / Н. И. Платунов. – Томск : Изд-во Том. ун-та, 1976. – С. 283.

  13. Подсчитано автором на основании: НАРБ. – Фонд 48. – Оп. 1. –
    Д. 3625.

  14. Чернушевич, И. Вопросы переселения / И. Чернушевич // Звезда. – 1925. – 21 марта. – С. 3.

Рэзюме

На падставе вывучэння і аналізу архіўных матэрыялаў, надрукаваных дакументаў, а таксама раней выдадзенай літаратуры па праблеме сельскагаспадарчага перасялення, ўпершыню ў айчыннай гістрыяграфіі разгледжаны механізмы рэалізацыі працэсу сельскагаспадарчага перасялення з Савецкай Беларусі ў іншыя рэгіёны СССР (1919 – 1941 гг.). Асноўная ўвага ў рабоце надаецца працэдуры залічэння зямельных участкаў, адбору і падрыхтоўцы перасяленцаў да выезду, перавозка перасяленцаў і іх маёмасці, а таксама пытанням іх ўпарадкавання ў месцах усялення.





: bitstream -> doc -> 1832
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка