Археалагічныя раскопкі ў асвеі д-р гіст навук, праф. Д. У. Дук



Дата канвертавання15.05.2016
Памер127.48 Kb.

ГУМАНИТАРНЫЕ НАУКИ. Исторические науки № 1




УДК 902/904
АРХЕАЛАГІЧНЫЯ РАСКОПКІ Ў АСВЕІ
д-р гіст. навук, праф. Д.У. ДУК

(Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт)
Прадстаўлены вынікі археалагічнага даследавання ў гарадскім пасёлку Асвея Верхня-дзвінскага раёна Віцебскай вобласці ў жніўні 2004 г. Раскопкі праводзіліся ўпершыню. Зроблена выснова, што пачатковае пасяленне на месцы сучаснай Асвеі было заснавана славянскім насельніцтвам у Х–ХІ стст. Гэтае пасяленне развівалася ў межах усходняй пагоркавай часткі паўднёвага мыса Асвейскага возера.
У XVIIІ–XIX стст. грамадзянская забудова “крочыла” далёка ва ўсходнім накірунку і наблізілася да су-часных тапаграфічных межаў, што звязана з адмысловай дзейнасцю шляхецкага роду Гільзэнаў-Шадурскіх. Прыводзіцца апісанне стратыграфіі ў розных частках пасялення і знойдзеных археалагічных знаходак.


Ключавыя словы: археалагічныя раскопкі, Асвея, Пачатковае пасяленне, грамадзянская забудова, стратыграфія.
Уводзіны. У жніўні 2004 г. археалагічным атрадам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта пра-водзіліся археалагічныя раскопкі ў гарадскім пасёлку Асвея, Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Дазвол № 1530 па форме № 1, выдадзены Інстытутам гісторыі НАН Беларусі на імя Дука Д.У. Мэта археалагічнага даследавання палягала ў вызначэнні часу ўзнікнення і шляхоў развіцця пачатковага па-сялення на месцы сучаснай Асвеі.

Гісторыя археалагічнага вывучэння Асвейшчыны пачынаецца з даследавання гэтак званых асвейскіх гарадзішчаў (Абрамава, Латыгава, Дубровы, Урагава, Чапаеўскага і паўднёвага берага Асвей-скага возера). У 20–70-х гг. ХХ ст. асвейскія гарадзішчы даследавалі В. Глацёнак, А.Р. Мітрафанаў,


К.П. Шут, В.І. Шадыра [1, с. 61]. Атрыманыя даныя дазволілі вызначыць гістарычна-культурную харак-тарыстыку рэгіёна ў жалезным веку, дзе большасць гарадзішчаў належала да днепра-дзвінскай культуры, меншая частка – да культур тыпу Банцараўшчыны–Тушамлі. Непасрэдна ў гарадскім пасёлку Асвея археалагічныя раскопкі не праводзіліся, і гэты помнік заставаўся свайго роду “белай плямай”.

У гістарычных актах Асвея згадваецца з XV ст. як цэнтр воласці ў складзе Полацкай зямлі, з


XVI ст. Асвея – валасны цэнтр у Полацкім ваяводстве, з 1695 г. – горад. У 1772 г. Асвея становіцца мяс-тэчкам, цэнтрам воласці Дрысенскага павета ў складзе Расійскай імперыі, у 1924–59 гг. – раённы цэнтр,
з 1938 г. – гарадскі пасёлак [2, с. 212].

Асноўная частка. Сучасная Асвея размешчана на паўднёвым мысе Асвейскага возера. Паводле сучаснай тапаграфічнай структуры, ва ўсходняй частцы пасёлка знаходзіцца парк Гільзэнаў-Шадурскіх з руінамі палаца 1746 г. На ўскраіне парка, бліжэй да цэнтра пасялення, размяшчаўся касцёл, шпіталь і жа-ночы манастыр. Касцёл і жаночы манастыр да нашых дзён не захаваліся, на месцы касцёла ўтварыўся штучны пагорак з цэглы і будаўнічага друза, на якім месцамі бачны рэшткі падмуркаў і сценаў.

Шпіталь быў пабудаваны пад патранажам Канстанцыі Гільзэн у 1770-х гг. і на сённяшні дзень з’яўляецца адзіным больш-менш захаваным помнікам архітэктурнай спадчыны Асвеі XVIII ст. Таму не выпадкова тэрыторыя на заходняй ускраіне парка, дзе размешчаны шпіталь, была абрана аб’ектам пачат-ковага археалагічнага вывучэння. Тут, каля шпіталя, былі закладзены шурфы 1–2 з мэтаю высвятлення часу засялення дадзенай тэрыторыі.

Шурф 1 (мал. 1: 1) памерамі 1,5 × 1,5 м быў закладзены ў паўночным дворыку шпіталя на адлег-ласці 26,2 м ад усходняй сцяны будынка і 10,3 м ад заходняй. Шурф 2 размешчаны з паўднёвага бо-ку на адлегласці 8 м ад сцяны шпіталя. Культурны пласт шурфа 1 мае магутнасць 1,1 м і двухчасткавую струк-туру. Верхні пласт – баластны, магутнасцю 0,3 м (моцна ўтрамбаванае будаўнічае смецце). Пад ба-ластам залягае светла-шэры з карычневым адценнем пласт, які складаецца з развалу цаглянага друза, буйназярністай супесі і камянёў. Гэты ніжні пласт аднародны, сухі, у ім зрэдку трапляюцца адзінкавыя фрагменты абпаленага дрэва і вуголле. Мацярык – жоўты аднародны буйназярністы пясок і жвір на глыбіні 1,1 м.

Культурны пласт шурфа 2 – гэта суцэльны баласт на глыбіню да 1 м, вынік будаўнічай дзейнасці


ў ХХ ст. Ён складаецца з пяску, камянёў, кавалкаў цэглы і цэменту. Мацярык аналагічны шурфу 1.

Археалагічныя знаходкі былі выяўлены толькі ў культурным пласце шурфа 1. Гэта венца палі-ванага збана, фрагмент сцянной кафлі XVIII ст. з карычневай палівай і жалезны крук (мал. 2: 1–3). З бу-даўнічых матэрыялаў трапляліся шматлікія фрагменты цэглы, з якіх вылучаецца пальчатка, памерамі


15 × 7 × ? см, 15,5 × 7 × ? см, 16 × 6 × ? см. Знаходкі і стратыграфія культурных напластаванняў шурфа 1 паказалі адносна позняе асваенне дадзенай тэрыторыі – не раней XVIII ст.


Малюнак 1 – План Асвеі з пазначэннем шурфоў 1–3 (1) і размяшчэнне шурфа 3 (2)



Малюнак 2 – Рамесныя вырабы з шурфа 1 (1–2 – кераміка, 3 – жалеза),

шурфа 3 (5 – кераміка, 6, 8 – жалеза, 7 – бронза) і свінцовая пломба з шурфа 3 (4)

У парку была ажыцціўлена спроба сбору пад’ёмнага матэрыялу, падчас якога былі знойдзены толькі адзінкавыя венцы керамічнага начыння XIX–XX стст. У шурфе 0,5 × 0,5 м, закладзенага на тэ-рыторыі парка за 100 м на поўдзень ад развалу палаца, зафіксаваны аднародны, сухі, зярністы пласт свет-ла-шэрага колеру, мацярык – жоўтаватая зярністая супесь. Знаходкі ў пласце адсутнічалі. Верагодна, пласт утварыўся падчас добраўпарадкавання паркавай тэрыторыі.

Такім чынам, культурных напластаванняў раней XVIII ст. у парку і ў шурфах 1–2 каля шпіталя выяўлена не было. Наступным аб’ектам археалагічнага даследавання была абрана мысавая частка Асвеі (на поўнач ад цэнтральнай вуліцы пасёлка – Савецкай). Гэтая тэрыторыя выпінаецца ў бок возера ў паў-ночным накірунку і натуральным чынам падзяляецца на дзве часткі ручаём (зараз вул. Ручаёвая). Тут знаходзіцца прыватны сектар са шчыльнай грамадзянскай забудовай і агародамі. На захад ад вуліцы Ручаёвай знаходзіцца прыродны пагорак. Гэты пагорак узвышаецца над возерам на 6–8 м і падзелены на квадраты прыватнай забудовы вуліцамі Інтэрнацыянальная, Себежская і Ручаёвая, перакрыжаваных з вуліцамі Калгасная, Чапаева, Фрунзэ. Накірункі вуліц Інтэрнацыянальная, Себежская і Ручаёвая адпа-вядаюць лініі поўдзень-поўнач, Калгаснай, Чапаева і Фрунзэ – усход-захад (гл. мал. 1: 1).

Натуральнымі межамі пагорка з’яўляюцца: з паўночнага і заходняга боку – Асвейскае возера, з усходняга – ручай. У паўднёвай частцы мяжа няпэўная, паколькі тут тэрыторыя шчыльна забудавана грамадскімі будынкамі.

Падчас збору пад’ёмнага матэрыялу ў раёне вуліц Інтэрнацыянальнай і Чапаева былі знойдзены рэшткі керамічнага посуду, зробленага на ручным ганчарным крузе. У Беларускім Падзвінні такая кера-міка пазней XVI–XVII стст., як правіла, не ўжывалася. Візуальна бачна, што на агародах узараная глеба мае насычаны чорны колер, а на яе паверхні ляжаць дробныя фрагменты керамікі (цэгла, сценкі кера-мічнага начыння), што з’яўляецца характэрнай прыкметай наяўнасці культурнага пласта.

Для пацверджання думкі аб месцазнаходжанні старажытнай Асвеі ў мысавай частцы, на адным падвор’і з дазволу ўладальнікаў намі быў разбіты шурф 3. Шурф 3 размяшчаўся на агародзе дома № 38 па вул. Чапаева на адлегласці каля 120 м ад возера (гл. мал. 1: 1). Шурф 3, памерамі 2 × 5 м, разбіты на аддаленасці


13 м ад вул. Чапаева і 7 м ад мяжы з участкам дома № 36 (мал. 1: 2). Шурф 3 арыен-таваны па баках свету.

Магутнасць культурнага пласта ў шурфе 3 складала 0,5–0,6 м. Раскопкі праводзіліся паслойна, кожны пласт адпавядаў 0,2 м, усяго было разабрана тры пласты.

Стратыграфія культурных напластаванняў шурфа 3 пераважна двухслойная. Верхні, асноўны пласт, мае магутнасць у сярэднім 0,4 м. Гэта аднародны, цёмна-шэры, моцна гумусіраваны пласт, віль-готны і рыхлы, пачынаецца адразу пад дзірваном. З гэтага пласта сабрана вялікая колькасць фрагментаў керамікі, пераважна гаршкоў (мал. 3: 3–14) і місак (мал. 3: 1–2) агульнай колькасцю 1048 адзінак. Боль-шасць фрагментаў венцаў датуецца XV–XVIII стст., аднак сярод іх трапляюцца больш раннія формы (мал. 3: 3, 7, 11–14). З індывідуальных знаходак адзначым два фрагмента керамічных фляг XVI–XVII стст. (мал. 4: 7, 14), белагліняную люльку з арнаментам (мал. 4: 5), рыбалоўнае керамічнае грузіла (мал. 4: 15), фрагменты шклянога начыння XVII–XVIII стст. (мал. 4: 8–9, 10–11), фрагмент карнізнай кафлі XVIII ст., 2 фрагмента глінянай абмазкі печы (?) (мал. 4: 13, 16) і венца чорнаглянцаванага начыння (мал. 2: 5). Так-сама знойдзены вырабы з чорных металаў: фрагмент нажа з накладным дзяржаннем XVII–XVIII стст. (мал. 4: 3) і чаранковы нож з касцяной муфтай (мал. 2: 8), прабойнік (?) (мал. 4: 4), грузіла ад сеці (?) (мал. 2: 6), жалезны крук (мал. 4: 6) і 2 дыскападобных грузіка (?) (мал. 4: 1–2).



Малюнак 3 – Кераміка з шурфа 3, пласт 1–2


Малюнак 4 – Рамесныя вырабы з шурфа 3 (1–4, 6 – жалеза, 8–9 – шкло, 5, 7, 10–16 – кераміка)
З гэтага ж пласта паходзіць унікальная знаходка – свінцовая таварная пломба заходнееўрапейскага паходжання (мал. 2: 4). Пломба складаецца з дзвюх дыскападобных частак, злучаных вушкам-пятлёй. Дыяметр пломбы 2,5 см, вышыня разам з вушкам 3 см. На аверсе змешчаны адбітак геральдычнай выявы – чатырохлістнік з вялікай літарай “S” і кругавым надпісам, з якога па леваму краю чытаюцца літары “i***ken” (магчымае прачытанне фрагмента слова як “i**lken”, “i**kken” ці “i**еken”), па праваму ўверсе–“on ...”. Рэверсны бок пломбы ўтрымлівае прадрапаную вострым прадметам выяву лічбаў у два рады. Верхні рад – “1628”, пад лічбамі гарызантальная рыска, пад рыскай лічба “62” і асобна “8”, раз-мешчаная над лічбай “2”. Не выклікае сумненняў, што верхні рад лічбаў вызначае год, гэтак сама як і ніжні – 1628.

Ніжні стратыграфічны пласт мае магутнасць ад 0,1 да 0,2–0,3 м. Ён камкаваты, цёмна-шэрага ко-леру з выразным карычневатым адценнем. У пласце ўтрымліваецца шмат кавалкаў камянёў 0,05–0,08 м, зафіксаваны лінзы чырвонай гліны да 0,1 м, вуголле. Як і ў папярэднім пласце, знойдзена шмат фраг-ментаў керамікі, пераважна гаршкоў ХІ–ХIV стст., агульнай колькасцю 556 адзінак. Знойдзена 2 фраг-мента шлака вагой каля 0,3 кг кожны.

Перадмацерыковы пласт шурфа 3 выяўлены лакальна ў паўночнай частцы, мае магутнасць да 0,2 м, але пераважна прадстаўлены прапласткай светла-шэрай зярністай супесі аранжавага адцення. У струк-туры гэтай прапласткі трапляюцца лінзы плотнай чырвонай гліны, прапластачкі вуголля магутнасцю да 0,05 м. Знаходкі рэдкія, пераважна фрагменты керамічнага начыння, аналагічныя кераміцы ніжняга стра-тыграфічнага пласта.

У шурфе 3 даследавана 4 мацерыковыя ямы. Яма 1 размешчана ва ўсходняй частцы шурфа 1 каля паўночнай сценкі, мае падоўжаную авальную форму 1,6 × 1,8 м і выходзіць за межы шурфа ў паўночным накірунку (мал. 5). Яма мае няроўнае гузаватае дно, скошаныя сценкі вышынёй да 0,2 м. Запоўнена цём-на-шэрай карычневатай зямлёй, вельмі плотнай, камкаватай, з лінзамі 0,1 м чырвонага суглінка і вуголля. У яме знойдзены 1 фрагмент шлака дыяметрам 2 см і раннекругавы гаршок поўнага профілю (мал. 6: 1). Гаршок прысадзісты па форме, вышынёй 11,5 см, мае высокую вертыкальна пастаўленую шыйку, вы-разнае плечыка. Дыяметр горла 11 см, донца – 10 см. Па плечыку праходзіць лінейны арнамент (гарызантальныя палоскі). Чарапок гаршка мае аранжавы колер, керамічнае цеста з дамешкамі буйной жарствы, паверхня выраба гузаватая.



Малюнак 5 – Стратыграфія сценак і план мацерыка шурфа 3


Малюнак 6 – Кераміка з мацерыковай ямы 1 (1) і ямы 2 (2–4) шурфа 3
Мацерыковая яма 2 мае паўкруглую форму дыметрам 0,2 м і выходзіць за межы шурфа ў паўднёвым накірунку. Яма мае паўсферычную форму, глыбінёй 0,1 м. Запоўнена цёмна-шэрым куль-турным пластом, па структуры і напаўненню аналагічнаму ніжняму стратыграфічнаму гарызонту шурфа 3. Знаходкі з мацерыковай ямы 2: 17 сценак гаршкоў, 3 венцы гаршкоў XVІ–XVIІ стст., зробленых на ручным ганчарным крузе, венца збана з палівай зялёнага колеру XVI–XVIІ стст. (мал. 6: 2–4).

Мацерыковая яма 3 мае авальную форму, выцягнута па накірунку поўнач-поўдзень, яе памеры


1,1 × 1,4 м, яма выходзіць за межы шурфа ў паўночным накірунку, мае паката скошаныя да дна сценкі, вышынёй 0,1–0,25 м, роўнае, крыху нахіленае ва ўсходнім накірунку дно. Запаўненне ямы і структура аналагічная перадмацерыковай прапластцы шурфа 3. Гэта светла-шэрая зярністая супесь аранжавага адцення. У структуры пласта з ямы трапляюцца камяні, лінзы плотнай чырвонай гліны, прапластачкі ву-голля магутнасцю да 0,05 м. Знаходкі з ямы – кераміка, сярод якой 2 венца міскі (мал. 7: 23–24), 99 сце-нак і 16 венцаў гаршкоў, 1 кавалак пліткі падлогі таўшчынёй 3,5 см. Большасць венцаў гаршкоў з’яў-ляюцца тыповымі для падзвінскай керамікі XVI–XVII стст. (мал. 8) і толькі асобныя формы больш архаічныя (мал. 8: 2, 9–10, 12–13).

Мацерыковая яма 4 размешчана побач з ямай 2, на захад ад яе. Яма 4 падоўжаная, няправільнай формы, памерамі 0,4 х 0,5 м, выходзіць за межы шурфа ў паўднёвым накірунку. Сценкі палога скошаныя, дно плоскае, глыбіня ямы 0,15 м. Запаўненне ямы аналагічнае ніжняму стратыграфічнаму пласту шурфа 3. Знаходкі адсутнічалі.

Мацярык шурфа 3 – гэта буйназярністая супесь, жвір з камянямі да 0,05–0,1 м, на месцы маце-рыковай ямы 1 – плотны чырвоны суглінак. Паверхня мацерыка няроўная, гузаватая, мае бруднавата-жоўты колер з шэраватым адценнем з-за прысутнасці на ёй крапінаў вугалю.

Знойдзеныя ў вялікай колькасці фрагменты керамікі з ніжняга стратыграфічнага пласта шурфа 3 і мацерыковых ям дазваляюць вызначыць час узнікнення першапачатковага пасялення Асвеі. Частка кера-мікі датуецца XІV–XVII стст. (мал. 7), аднак яе пераважная большасць – гэта раннекругавая славянская кераміка ХІ–ХІІІ стст. (мал. 7: 1, 7–8, 14–16, 20–21, 26–27, 32–33) [3, c. 81]. Асобныя архаічныя формы кера-мікі (мал. 7: 2, 4, 11, 31; 8: 2) вядомыя на іншых пасяленнях Беларускага Падзвіння з Х ст. [4, с. 95; 3, с. 81] Знойдзены адзін фрагмент ляпнога, загладжанага на ганчарным крузе гаршка баначнай (!) фор-мы, які вельмі падобны на кераміку банцараўскага тыпу (мал. 7: 34). Сустракаюцца і венцы з манжэтай, якія з’яўляюцца тыповымі для раннекругавой славянскай керамікі Х ст. (мал. 7: 8, 26) [3, c. 81]. Нека-торыя венцы арнаментаваны хваляй па плечыку ў адзін ці некалькі радоў, альбо насечкамі па плечыку ці па краю венца. Нярэдкі камбінаваны арнамент (хвалісты і лінейны). У параўнанні, напрыклад, з полацкай керамікай ХІ–ХІІІ стст. тут відавочна большая колькасць гаршкоў арнаментаваных насечкамі (прыкладна 1: 1 з керамікай, арнаментаванай хваляй), што можа з’яўляцца адлюстраваннем балцкага ўплыву


[5, с. 38].

Малюнак 7 – Кераміка шурфа 3, пласт 3


Малюнак 8 – Кераміка з мацерыковай ямы 3 шурфа 3
Пры вызначэнні датавання гаршка з мацерыковай ямы 1 і аналагічнага венца з верхняга стра-тыграфічнага пласта (мал. 3: 7; 6: 1) варта адзначыць, што прысадзістыя гаршкі з высокай шыйкай зной-дзены ў шэрагу курганных пахаванняў Беларускага Падняпроўя і Падзвіння (Ямніца, Гарадок) [6, рис. 4: 5–6, рис. 5: 1]. Усе яны былі пахавальным начыннем, належалі славянскаму насельніцтву і надзейна да-таваны Х ст. За выключэннем той акалічнасці, што асвейскі гаршок наўрад ці выкарыстоўваўся як паха-вальнае начынне, яго прыналежнасць да славянскай культуры і датаванне ў межах Х ст. падаюцца аргу-ментаванымі. Тэхналагічныя прыкметы пацвярджаюць гэтую выснову.

Такім чынам, археалагічныя знаходкі з шурфа 3, таксама як і структура ўсяго пласта, дазваляюць вызначыць пачатак асваення мысавай часткі Асвеі ў Х–ХІ стст. Адсутнасць стратыграфічных разрываў і сцерыльных прапластак у структуры ўсяго культурнага пласта сведчыць аб адносна стабільным развіцці пасялення ад старажытнасці да нашых дзён. Найбольш інтэнсіўнае жыццё, што адлюстравана ў магутнасці культурнага пласта (2/3 усяго аб’ёма) і колькасці прадстаўленых знаходак, прыходзіцца на XVI–XVIII стст. Шурф 3 быў разбіты ў найбольш старажытнай частцы Асвеі, адкуль уласна і пачыналася гісторыя ўсяго пасялення.

Асабліва хацелась бы звярнуць увагу на наступную акалічнасць. Знаходка таварнай пломбы на вельмі абмежаванай плошчы шурфа 3 – факт сам па сабе вельмі адметны. Прысутнасць гэтага артэфакта пацвярджае выснову аб вельмі значнай ролі таварнага абарачэння і ўвогуле Асвеі як гандлёва-рамеснага пасялення ў XVIІ–XVIII стст. Менавіта ў гэты час праз Асвею праходзіў буйны гандлёвы шлях з Расіі ў Ліфляндыю, Літву, Прусію. Гэты шлях шмат у чым абумовіў спецыфіку гістарычнага развіцця Асвеі як горада ў 1695–1772 гг.

Высновы. Вынікі археалагічнага даследавання 2004 года вызначаюць накірункі далейшага выву-чэння помніка. Наступная праца палягае ў вызначэнні сацыяльнага статуса насельніцтва ад моманту ўзнікнення пачатковага пасялення да першых звестак аб Асвеі ў пісьмовых крыніцах. Варта дакладна акрэсліць плошчу, якую займала найстаражытнейшае пасяленне, роўна як і трывала ўдакладніць час заснавання Асвеі. Вырашэнне гэтых пытанняў магчыма толькі пры правядзенні археалагічных раскопак.

Папярэдне можна адзначыць, што пачатковае пасяленне на месцы сучаснай Асвеі было заснавана славянскім насельніцтвам у Х–ХІ стст., пра што яскрава сведчыць масавы керамічны матэрыял. Той жа матэрыял дае падставы адзначыць наяўнасць культурных кантактаў з аўтахтонным балцкім насельніцтвам асвейскай акругі. Магчыма, пачаткова Асвея магла з’яўляцца адміністрацыйным цэнтрам славянскай каланізацыі ўсяго мікрарэгіёну паблізу Асвейскага возера, чарговым парубежным пунктам крывічоў-палачан у Паўночнай Беларусі.

Што тычыцца этапаў развіцця тапаграфічнай структуры Асвеі, то тут можна акрэсліць толькі па-пярэднія высновы. Пачатковае пасяленне развівалася ў межах усходняй пагоркавай часткі паўднёвага мыса Асвейскага возера. У XVIIІ–XIX стст. грамадзянская забудова “крочыла” далёка ва ўсходнім накі-рунку і наблізілася да сучасных тапаграфічных межаў, што звязана з адмысловай дзейнасцю шляхетскага роду Гільзэнаў-Шадурскіх. З дзейнасцю гэтага роду звязана і з’яўленне манументальнай культавай і свецкай забудовы.

Можна выказаць спадзяванне, што сумеснымі намаганнямі грамадскасці і спецыялістаў-архео-лагаў у вывучэнні малых гарадоў і мястэчак Беларускага Падзвіння яшчэ не адной “белай плямай” стане менш. Прыклад гарадскога пасёлка Асвеі Верхнядзвінскага раёна таму сведчанне.


ЛІТАРАТУРА


  1. Шадыра, В. І. Асвейскія гарадзішчы / В. І. Шадыра, К. П. Шут // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыкл. / Беларус. Энцыкл. ; рэдкал.: В.В. Гетаў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1993. – С. 467. – С. 61.

  2. Насевіч, В. Л. Асвея / В. Л. Насевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Минск : БелЭн, 1993. – Т. 1. А – Беліца. – С. 212.

  3. Штыхов, Г. В. Древний Полоцк (IX–XIII вв.) / Г. В. Штыхов. – Минск : Наука и техника, 1975. – 136 с.

  4. Бубенько, Т. С. Стратиграфия и хронология нижнего слоя Витебска / Т. С. Бубунько, О. Н.Левко // Ранние славяне Белорусского Поднепровья и Подвинья : материалы по археологии Беларуси. – 2003. – № 8. – С. 71–95.

  5. Левко, О. Н. Средневековое гончарство северо-восточной Белорусии / О. Н. Левко. – Минск : Наука и техника, 1992. – 127 с.

  6. Левко, О. Н. Новейшая историография и место памятников Белорусского Поднепровья и Подвинья в проблеме ранних славян Восточной Европы / О. Н. Левко // Ранние славяне Белорусского Поднепровья и Подвинья. –
    С. 280–291.


Паступіў 10.11.2015
ARCHEOLOGICAL EXCAVATIONS IN OSVEYA
D. DUK
The results of archeological research in urban settlement Osveya of Verhnedvinsk territory in Vitebsk region in august 2014 are presented in historiography for the first time. These were the first excavations in this region. It was concluded that early settlement on the territory of present Osveya was founded by Slavonic inhabitants in the Х–ХІth centuries. The early settlement was expanding within eastern rising part of southern point of Osveya Lake. The description of stratigraphy of cultural level in different parts of the settlement and of discovered archeological findings is presented. The preliminary conclusion of probable status of the early settlement as pivotal centre of Slavonic colonization on the territory of Osveya Lake is drawn. Probably, in the
Х–ХІth centuries Osveya used to be an outpost on the northern frontiers of Polotsk Land, bordering on settling zone of Baltic tribes.


Keywords: archaeological excavations, Osveya, initial settlement, civil construction, stratigraphy.






: images -> stories -> iff -> personal -> duk
personal -> Спіс публікацый Аўсейчыка Уладзіміра Яўгенавіча
personal -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь уа «полацкі дзяржаўны ўніверсітэт» Кафедра айчыннай І ўсеагульнай гісторыі
personal -> Матэрыялы да самастойнай працы па дысцыпліне “Гістарычнае краязнаўства беларусі” для студэнтаў завочнай формы навучання
personal -> Якімова Н. Б. Музы на тэлеэкране // Мастацтва Беларусі. Мн.: БелСЭ, 1984, №9. С. 53-54
personal -> Практычны занятак 1
personal -> Матэрыялы да самастойнай працы па дысцыпліне “Гісторыя першабытнага грамадства” для студэнтаў завочнай формы навучання
personal -> Тэмы І пытанні да семінарскіх заняткаў для студэнтаў завочнай форы Індыйская міфалогія
personal -> Прыкладныя пытанні да заліку
personal -> Гісторыя філасофіі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка