Аркадзь Куляшоў (1914—1978)



Дата канвертавання15.05.2016
Памер37.88 Kb.
Аркадзь Куляшоў (1914—1978)
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.

Бывай, смуглявая, каханая, бывай.

Стаю на ростанях былых, а з паднябесся

Самотным жаўранкам звініць і плача май.


Мала хто не ведае сёння гэтыя радкі з песні I. Лучанка «Алеся», у аснову якой пакладзены верш «Бывай...», напісаны ў 1928 г. чатырнаццацігадовым юнаком, а на час з’яўлення песні ўжо сталым беларускім паэтам, аўтарам соцень вершаў і дзясяткаў паэм Аркадзем Куляшовым. Яркі прадстаўнік паэзіі савецкай эпохі беларускай літаратуры А. Куляшоў быў адным з самых таленавітых і шырока вядомых беларускіх паэтаў XX стагоддзя. Выдатны майстар слова, мастак высокай культуры, ён у сваёй творчасці выявіў лёс цэлага пакалення, да якога належаў і сам.

Сын вясковых настаўнікаў на Магілёўшчыне (вёска Саматэвічы), ён пачаў пісаць вершы яшчэ ў школе. У 1926 г. на старонках клімавіцкай акруговай газеты «Наш працаўнік» быў надрукаваны першы верш Куляшова «Ты, мой брат», а ў 1930 г. у шаснаццацігадовым узросце ён выдаў свой першы зборнік вершаў «Росквіт зямлі», прыхільна сустрэты крытыкай. Пасля была вучоба ў Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце і пленная паэтычная праца. З’явіліся новыя зборнікі вершаў і паэм — «Па песню, па сонца!..», «Медзі дождж» (абодва — 1932) і іншыя, якія расказвалі пра тое, што аўтар асабіста добра ведаў. Этапным творам А. Куляшова, які сведчыў аб сталасці паэта, стала яго паэма «Хлопцы апошняй вайны» (1940). У гэтай паэме, а таксама іншых творах другой паловы трыццатых гадоў выяўляецца прадчуванне набліжэння вайны.

У 1941 г. паэзія А. Куляшова, карэспандэнта армейскай газеты «Знамя Советов», адпавядала самаму высокаму грамадзянска-патрыятычнаму прызначэнню. Да лепшых старонак беларускай паэзіі перыяду вайны належаць яго вершы «Млынар», «Балада аб чатырох заложніках», «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Камсамольскі білет», «Маці», «Балада аб знойдзенай падкове» і інш. У 1942 г. была напісана, а ў 1943 г. у часопісе «Знамя» пабачыла свет паэма А. Куляшова «Сцяг брыгады» — першы буйны твор аб Вялікай Айчыннай вайне ва ўсёй савецкай літаратуры. «Мы зразумелі тады, — казаў, успамінаючы сябра, балкарскі паэт Кайсын Куліеў, — што беларуская літаратура ўзбагацілася творам высокай паэзіі, а Беларусь набыла сапраўднага, вялікага паэта!» У 1946 г. твор быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. У ваенны час паэт напісаў таксама такія значныя творы, як «Прыгоды цымбал» (1943—1944) і «Дом № 24» (1944).

Паэзія А. Куляшова пасляваеннага дзесяцігоддзя развівалася ў рэчышчы тагачаснага літаратурнага працэсу, але і тады яна вызначалася інтэлектуалізмам, які разам з палымяным грамадзянскім пафасам вылучаў яе з агульнай плыні. З-пад пяра паэта выйшлі такія паэмы, як «Новае рэчышча» (1948, Дзяржаўная прэмія СССР 1949), «Простыя людзі» (1949), «Толькі ўперад» (1950), «Грозная пушча» (1955). За дзве апошнія, а таксама за паэму «Песня аб слаўным паходзе» (1935—1951) і вершы ў перыёдыцы паэт атрымаў у 1968 г. прэмію Ленінскага камсамола Беларусі. У гэтых і іншых творах знайшлі адбітак прыкметы свайго часу, рысы савецкага ідэалагічнага мыслення.

Значнай вяхой на творчым шляху А. Куляшова сталі яго вершы, якія спачатку друкаваліся ў перыёдыцы пад агульнай назвай «З новай кнігі». У 1964 г. яны былі ўключаны пад гэтай жа назвай у другі том «Выбраных твораў» паэта, а ў 1966 г. выйшлі асобнай кнігай у Маскве ў перакладзе на рускую мову Якава Хелемскага. У гэтых вершах, якія сталі пачаткам выхаду ўсёй беларускай паэзіі на новыя абсягі, выявілася філасофская глыбіня паэзіі А. Куляшова, яго імкненне да ўсебаковага асэнсавання складаных жыццёвых з’яў, да максімальна поўнага выяўлення маральна-псіхалагічнага вопыту сучасніка ў багацці яго духоўнай культуры, высокі ўзровень паэтычнага майстэрства. Наватарства гэтых вершаў у тым, што, аб чым бы ні пісаў паэт, ён глядзеў на праблему вачыма чалавека новай, касмічнай эры. У 1968 г. А. Куляшоў атрымаў высокае званне — народны паэт Беларусі.

З гадамі філасофская аснова паэзіі А. Куляшова істотна паглыбілася, што знайшло сваё адлюстраванне ў вершах і паэмах «Цунамі» і «Далека да акіяна» са зборніка «Сасна і бяроза» (1970). У 1976 г. пабачыла свет апошняя кніга паэта «Хуткасць». У ёй выявілася адчуванне няспыннага паскарэння бегу часу, які мяняе жыццё, свет, чалавека. Гэта кніга руху, развіцця, змен:

Ёсць хуткасць гуку, ёсць — звышгукавая,

Ёсць хуткасць зор, прыкметная для ўсіх.

Яшчэ ёсць хуткасць думкі, хуткасць тая,

Што, як святло, стагоддзе абганяе,

З тысячагоддзем размаўляе ўслых.

(«Хуткасць».)

У кнігу «Хуткасць» увайшлі паэмы: «Варшаўскі шлях», прысвечаная Аляксандру Твардоўскаму, — твор кантрасна-рэзкі, па-грамадзянску мужны, і драматычная паэма пра лес і подзвіг Кастуся Каліноўскага «Хамуціус» — яшчэ адно магутнае адгалінаванне на дрэве паэтычнага эпасу А. Куляшова.

На працягу ўсёй сваей творчасці паэт таленавіта і многа перакладаў. На беларускай мове гучыць у яго перакладзе «Яўгеній Анегін» А. Пушкіна, лірыка М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, С. Ясеніна, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага, М. Рыльскага і інш. Пераклады кніг «Выбраная паэзія» М. Лермантава, «Энеіда» I. Катлярэўскага, «Спеў аб Гаяваце» Г. Лангфела былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1970).

Аркадзь Куляшоў — аўтар шэрагу артыкулаў пра творчасць беларускіх пісьменнікаў. Спрабаваў свае сілы ў галіне кінематаграфіі (сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Запомнім гэты дзень» і «Першыя выпрабаванні» разам з Максімам Лужаніным і «Чырвонае лісце» сумесна з А. Кучарам).



Крыніца:

Варанько, К. Д. Аркадзь Куляшоў (1914—1978) / К. Д. Варанько // Беларуская мова і літаратура. — 2012. — № 10. — С. 41—42.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка