Бацька І сын



Дата канвертавання03.07.2016
Памер28.22 Kb.
БАЦЬКА І СЫН

У адной афрыканскай вёсцы ў экватарыяльных джунглях у адным з мноства дамоў жылі бацька і сын. З самага маленства бацька сам выхоўваў сына і з самага пачатку абодва жылі ў вялікай згодзе. Бацька вельмі любіў сваё дзіцятка і рабіў усё, каб выхаваць яго як найлепш. Сын таксама вельмі любіў свайго бацьку і ва ўсім яго слухаў. Калі хлопец вырас, і бацька заўважыў, што ўжо час на ўводзіны яго ў самастойнае жыццё, даў яму лук і стрэлы.

- Гэта для цябе, - сказаў ён. - Ты ўжо дужы і з сённяшняга дня табе будзе належыць паляванне. Я буду займацца хатнімі справамі.

Ясная рэч, бацька ўжо шмат разоў браў сына на паляванне і ўводзіў яго ў таямніцу ляснога жыцця. Але яшчэ ніколі не пакідаў яго ў лесе аднаго. Вучыў яго страляць са свайго лука, але заўсёды быў пры ім. Колькі ж было радасці ў іх доме, калі ўжо ў першы дзень сын вярнуўся з палявання з анцілопай. Заканчваў і яшчэ раз пачынаў ён апвяданне пра тое, як высачыў, як падышоў, як стрэліў... Потым рэгулярна сын прыносіў бацьку ўсё, што яму ўдавалася ўпаляваць. Жылі яны між сабой сапраўды вельмі згодна і шчасліва.

І было б так, напэўна, да канца іх жыцця, каб не тое, што аднойчы... сын не вярнуўся з палявання. З палявання ў вялікім лесе ніколі не вяртаюцца ў вызначаную гадзіну, але ў гэты раз сына сапраўды не было занадта доўга. Праз некалькі дзён бацька пачаў перажываць і непакоіцца. Ён хадзіў, пытаўся, ці не сустрэў хто-небудзь яго сына. Толькі праз тыдзень да яго дайшла вестка, што з яго сынам нічога не здарылася, што ён жывы і здаровы жыве ў вёсцы за ракой. Бачылі яго там ў коле сяброў. У бацькі ледзь сэрца не спынілася ад шоку. Сын нічога яму не сказаў, не прыслаў ніводнай весткі. Што з ім магло стацца, яны ж ніколі не сварыліся? На працягу многіх начэй бацька не мог спаць: усцяж думаў пра сына, а асабліва пра тое, каб з ім выпадкам не здарылася нічога дрэннага.

А сын сапраўды жыў у вёсцы за ракой. Ён, як і раней, хадзіў на паляванне, але пра бацьку не думаў, толькі ўсё, што напаляваў, прыносіў сваім прыяцелям. Яны елі, пілі пальмавае віно, курылі наркотыкі, хадзілі вечарамі на танцы і так у іх праходзілі дні і тыдні...

Так прайшлі пяць год. Бацька за гэты час моцна пасівеў, сын стаў дарослым мужчынам. Паступова ён стаў заўважаць, што яго сябры толькі чакаюць таго, што ён прынясе з палявання, а самі ходзяць у лес рэдка і неахвотна. З кожным разам яму ўсё больш пераставала падабацца такое сяброўства. Аднойчы ён вырашыў выпрабаваць сваіх сяброў. Калі вяртаўся з палявання са свежавэнджаным дзікам, ён пакінуў мяса ў лесе, вярнуўся ў вёску з пустымі рукамі і ўжо ў дарозе пачаў гучна крычаць:

- Якое няшчасце! Сябры, хадзіце на дапамогу! Памылкова замест дзіка я забіў чалавека. Сябры, дапамажыце мне прынесці яго ў вёску...

Але сябры ўсе ўцяклі. Калі ён прыйшоў дамоў, там нікога ўжо не было. Яму зрабілася крыўдна і сорамна адначасова. Са слязамі на вачах ён успомніў бацьку і яго вялікую бацькоўскую любоў. Ён забраў мяса дзіка і рушыў у бок роднай вёскі. Сэрца яго білася ад перажывання. Аднак ён не ведаў, якой будзе рэакцыя бацькі, таму вырашыў яго таксама выпрабаваць. Калі ўжо быў непадалёк ад дому, ён пачаў крычаць і лямантаваць:

- Ойча, на дапамогу! Я памылкова забіў чалавека! Што мне цяпер рабіць?! Заб’юць мяне! Ойча, дапамажы... трэба яго прынесці ў вёску... Ён там, пад вялікім дрэвам.

Калі бацька пачуў сына і ўбычыў, што той плача з няшчасця, сэрца ў яго моцна забілася ад радасці і шкадавання. Доўга не думаючы, ён пабег да сына.

- Не плач! Хадзі, мы штосьці прыдумаем... Самае важнае, што ты жывы і здаровы... Хадзі, сыне не плач...

Уражаны, сын нічога не быў у стане ні расказаць, ні растлумачыць. Яны разам пайшлі да дрэва. Убачыўшы мяса дзіка, бацька нічога не мог зразумець.

- Так, гэта не чалавек, гэта дзік, - сказаў сын. - Я не хацеў ні спужаць цябе, ні падмануць. Прабач мне. Раскажу табе ўсё дома. Давай забяром мяса і пойдзем...

Доўга ўначы ў іх доме палілася вогнішча, пры якім бацька і сын расказвалі адзін аднаму ўсё тое, што здарылася з імі на працягу мінулых пяці год. І здавалася ім, што такога смачнага вэнджанага мяса дзіка яны ніколі ў жыцці не елі.

Потым і далей яны жылі ў вялікай згодзе, можа, нават большай, чым раней.


МУДРАСЦЬ БАЙКІ:


  1. Шанаванне бацькоў з’яўляецца ўпэўненасцю ў добрым жыцці.

  2. Любоў бацькоў нельга параўноўваць з якім-небудзь сяброўствам.

  3. У жыцці трэба быць вельмі асцярожным, каб не падпасці пад уплыў дрэннага акружэння.

  4. Прыказка:

AWA O NSE BABOTI BAZALI O ESIKA YA NZAMBE.

“На зямлі бацькі займаюць месца Бога”.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка