Бацькоўскі сход беларуская этнапедагогіка ў сям’І



Дата канвертавання02.07.2016
Памер58.25 Kb.
БАЦЬКОЎСКІ СХОД

БЕЛАРУСКАЯ ЭТНАПЕДАГОГІКА Ў СЯМ’І


Выхавальнікі С.У.Бусленка, Т.М.Канаваленка
Сход праводзіцца ў форме брэйн-рынгу
Правілы гульні.

У брэйн-рынгу гуляюць адначасова ўсе бацькі, якія падзяляюцца на каманды па 5 чалавек за кожным сталом.

У кожнай каманды ёсць капітан, які арганізуе абмеркаванне пытанняў. Першай адказвае тая каманда, капітан якой раней узняў уверх нумар свайго стала.

Усе правільныя адказы ацэньваюцца ў адзін бал.

Журы вядзе падлік. У канцы – падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне каманд (рэцэпты беларускай кухні).

Вядучы. На працягу стагоддзяў народная педагогіка была амаль адзіным сродкам выхавання людзей. Яна стварыла адпаведны тып асобы: працавітай, шчырай, сумленнай, дабразычлівай, гуманнай, гасціннай і талерантнай.

І сёння, каб выхаваць гарманічна развіту, нацыянальна свядомую асобу, з лепшымі якасцямі грамадзяніна, працаўніка і сем’яніна, мы звяртаемся да народнай мудрасці, да гісторыі свайго народа, яго традыцый і звычаеў.
І раунд.

Пытанне:


  • Калі, чаму і як нарадзілася народная педагогіка?

Адказ. Народная педагогіка нарадзілася на зямлі разам са з’яўленнем “разумнага чалавека”. Праца стварыла чалавека і стала першым сродкам выхавання. Народная педагогіка з’явілася ў выніку неабходнасці перадаваць ад пакалення да пакалення пэўныя працоўныя веды, умельствы, а таксама нормы грамадскіх паводзін.
ІІ раунд.

Пытанне.


  • Ад чаго, на думку народа, залежыць развіццё і фарміраванне асобы дзіцяці:

“Як добрае семя, дык добрае і племя”,

“ Які род, такі і плод”,

“І мой бацька такі маўся, і я ў яго ўдаўся”,

“На добрай зямлі дзіця пасадзі, і тое вырасце”,

“Што ў дзяцінстве выхавалі, на тое ў старасці абапрэшся”,

“Умеў дзіця нарадзіць, умей і вывучыць”.

Адказ. Ад спадчыннасці, сямейнага асяроддзя, выхавання і асобы бацькоў.

ІІІ раунд.

Пытанне.


  • Народам выпрацавана мноства парад-навучанняў па выхаванні дзяцей.

У чым сутнасць парад:

“Вучы дзіця, пакуль яно ўпоперак лаўкі, а не ўздоўж”,

“тады дзяцей вучаць, як каля лаўкі ходзяць”,

“Да пяці гадоў пястуй як яечка, з сямі-пасі як авечку, тады выйдзе на чалавечка”?

Адказ. Народная мудрасць вучыць, як мага раней пачынаць выхаванне і ўлічваць ўзроставыя асаблівасці дзяцей ў іх выхаванні.
ІV раунд.

Пытанне.


Яшчэ ў дарэвалюцыйныя часіны этнографы адзначалі, што “У беларускай сям’і жорсткае стаўленне мужа да жонкі- з’ява вельмі рэдкая, нават больш за тое – выключная… Гэткія ж мяккія адносіны беларуса да сваіх дзяцей”. Мяккія, але патрабавальныя.

Такое ж сцвярджэнне мы сустракаем у фальклоры:

“Не біце дубцамі, навучайце слаўцамі”,

“Не крычы, а лепш навучы”,

“З пестунка нічога не будзе”,

“ Лепш даглядзі, а за руку не вадзі”,

“”Малому не патурай, а што трэба дай”.


  • Якімі ж метадамі раіць народ карыстацца бацькам у выхаванні дзяцей?

Адказ. Народ вучыць бацькоў выхоўваць у дзіцяці самастойнасць, не пеставаць яго. У выхаванні, як лічыць народ, галоўнае – перакананне, унушэнне, тлумачэнне, прыклад дарослых, парада, практыкаванне, заахвочванне, усхваленне і асуджэнне, у выключных выпадках – пакаранне.
V раунд.

Пытанне.


Галоўным крытэрыем маральнасці ў беларускім народзе заўсёды было стаўленне чалавека да працы, падрыхтоўка да самастойнага жыцця. У беларусаў працоўнае выхаванне пачыналася ледзьве не з калыскі. Маці брала з сабою дзіця ў поле, дзе ў перамежку між работай карміла яго і спявала калыханкі. Дзіця разам з малаком маці засвойвала працоўныя традыцыі народа.

Традыцыйным для беларускага народа было строгае размеркаванне хатніх абавязкаў паміж членамі сям’і, улік індывідуальных і ўзроставых асаблівасцей.



  • Як падзяліліся працоўныя абавязкі паміж асобнымі пакаленнямі ў сям’і?

  • Якія заняткі былі традыцыйна мужчынскімі, а якія жаночымі?

  • Да якой працы далучаліся дзеці?

Адказ. Мужчынскімі заняткамі лічыліся ворыва, пасеў, баранаванне, касьба, малацьба, догляд жывёлы ўзімку, нарыхтоўка дроў, пляценне лапцяў.

Жанчыны абавязаны былі гатаваць ежу, насіць ваду, сеяць агарод, палоць, рваць лён, капаць бульбу, жаць жыта, ткаць сукно і палатно, вырабляць вопратку, мыць бялізну і г.д.

Выкананне жаночай працы мужчынамі лічылася нават непрыстойным.

Дзеці паступова далучаліся да прасцейшай хатняй працы: нянчылі малодшых, прыбіралі пакоі, даглядалі жывёлу і пасвілі яе, пралі, бялілі палатно, насілі ваду, абед бацькам у поле. Гадоў з шасці-васьмі дзеці ўступалі ў падлеткавы перыяд, у гэты час упершыню хлопчыка апраналі ў штаны, а дзяўчынку ў спаднічку, і яны пачыналі рабіць тыповую мужчынскую ці жаночую справу разам з бацькамі.


VІ раунд.

Пытанне.


Беларусы здаўна выкарыстоўвалі такі метад арганізацыі працы як “талака”. Што такое “талака”? Ці захавалася гэта традыцыя да нашага часу?

Адказ. Склікаць талаку – гэта значыць запрашаць суседзяў дапамагчы ў працы. На талаку звычайна збіраліся сваякі, добрыя знаёмыя, сябры, аднавяскоўцы. Дапамагалі садзіць бульбу, збіраць ураджай, апрацоўваць зямлю, будаваць і рамантаваць хаты. Талака суправаджалася песнямі, жартамі, весялосцю, вабіла да сябе дзяцей і моладзь.


VІІ раунд.

Пытанне.


Старажытным сродкам выхавання беларускі народ лічыў гульню. У гульнях дзеці далучаліся да працы, да традыцый і звычаяў свайго народа, сваёй сям’і.

  • З якіх матэрыялаў дзеці і дарослыя рабілі цацкі для гэтых гульняў?

Адказ. Цацкі рабілі з каменчыкаў, палачак, шышак, дрэва, кары, бульбы, гарбузоў, саломы, ільну, анучак, гліны і г.д.

Паспрабуем і мы з рознакаляровых абрэзкаў зрабіць за 15 хвілін ляльку (рознага ўзросту і полу), даць ёй традыцыйнае беларускае імя і прадставіць яе з дапамогай беларускіх песеь, вершаў, частушак, прыказак, прымавак і г.д. Праявіце сваю творчасць, мамы і таты! Хто зробіць гэта лепш?


VІІІ раунд.

Пытанне.


У традыцыі беларускага народа клопат пра фамільны гонар, гонар сваёй сям’і. Гэтаму служыць павага, любоў да сям’і, прызнанне заслуг родных і блізкіх, знаёмства з генеалагічным дрэвам роду – радаводам, захаванне сямейных архіваў і рэліквій, расказы і ўспаміны старэйшых… з маленства дзіця прывучалася да думкі, што яно – непарыўная частка сям’і.

Простаму беларусу, каб карыстацца павагай, трэба было ведаць пра свій род да сёмага калена.

А сёння? Гартаем іншы раз сямейны альбом і не заўсёды ведаем, хто з нашых продкаў зняты на некаторых фотаздымкаў…

- Паспрабуйце назваць сваіх продкаў глыбей, чым на ўзроўні бабуль і дзядуль, расказаць пра іх нешта цікавае для вашага дзіцяці.


IX раунд.

Пытанне.


Асаблівае месца ў народнай педагогіцы займаюць сямейныя і традыцыйныя святы. Якія вы ведаеце традыцыйныя і сямейныя святы?

Адказ. Асноўныя традыцыйныя народныя святы:

- зімовыя- Каляды, Масленіца, Грамніцы;

- веснавыя – Гуканне вясны, Семуха (Троіца), Радаўніца;

- летнія – Купалле, Зажынкі;

- восеньскія – Багач, Пакроў, Жніво.

Сямейныя святы: вяселле, перыяд ад нараджэння да хрэсьбінаў вядомы пад назвай “радзіны”, падчас якіх праходзілі “адведкі”. На “адведках”, “хрэсьбінах” упершыню публічна паказвалі дзіця бліжэйшым сваякам, суседзям. Ва ўрачыстай сустрэчы з немаўлём бралі ўдзел ад малога да вялікага.

X раунд.


Пытанне.

Якія нацыянальныя стравы гатавалі ў святы? Што ў гэтых традыцыях захавалася да нашага часу?

Адказ. Бульба ў беларусаў – другі хлеб, з яе можна прыгатаваць каля 200 страў, у тым ліку бабку, дранікі, калдуны. З мучных страў найбольш вядомыя – клёцкі, зацірка, з крупяных – крупнікі і кашы. Значнае месца займалі малочныя прадукты. На малаке звычайна не гатавалі, а толькі забельвалі ім стравы, з яго рабілі сыр, смятану, збівалі масла. Дзецям давалі сырадой, дарослыя часцей пілі кіслае малако (сыраквашу). Шмат ўжывалі агародніны, рыбы, грыбоў.

Абрадавыя стравы: каша яечневая (куцця) – на Каляды, “бабіна каша” – на радзіны, салодкая каша – на вяселле, бліны – на масленіцу, хлеб – ва ўсіх выпадках.



  • Увага! Чорная скрынка! У ёй самая папулярная нацыянальная страва. Што гэта?

Пакуль удзельнікі гульні частуюцца дранікамі, журы абмяркоўвае вынікі спаборніцтва.

Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне каманд.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка