Бажэна Немцава. Першая жанчына-пісьменніца ў чэшскай літаратуры



Дата канвертавання15.05.2016
Памер103.63 Kb.
Алена Вострыкава

Бажэна Немцава.

Першая жанчына-пісьменніца ў чэшскай літаратуры.
Бажэна Немцава стала наватаркай ў гісторыі чэшскай літаратуры і культуры. Яна -- першая знакамітая прагрэсіўнай жанчына ў чэшскай літаратуры. Разам з К.Г.Махам і Ё.К.Тылам яна была зачынальнікам жанра апавядання, менавіта ад іх працягнулася непарыўная літаратурная традыцыя. Ёй належыць заслуга распрацоўкі апавяданняў на сялянскую тэму. Яна стала адным з першых пісьменнікаў-рэалістаў у чэшскай літаратуры. На нацыянальным матэрыяле Бажэна Немцава стварыла шэраг аповесцяў, апавяданняў, нарысаў, раман. Яна паказала багацце ўнутранага свету звычайных людзей — сялян, рабочых, рамеснікаў. Яна, добра спазнаўшы жыццё розных сацыяльных слаёў, выкарыстала ў сваіх творах шмат сродкаў жывой гутарковай мовы. Немцаву лічаць заснавальніцай мовы сучаснай чэшскай прозы.

Яе асабісты лёс як жанчыны засведчыў поўна паварот ад сентыментальнага разумення кахання жанчынай ў чэшскім грамадстве, ад пакорлівасці ў шлюбе і поўнага падпарадкавання сваёй волі мужавай. Немцава, жанчына рацыянальная і пачуццёвая адначасова, была чалавекам самых шырокіх інтарэсаў і захапленняў: яна вывучала рускую, нямецкую і балгарскую мовы, цікавілася гісторыяй, этнаграфіяй і геаграфіяй чэшскага народа, займалася анатоміяй і медыцынай, штудзіравала батаніку. Яна добра разумела, як і паэты-мужчыны яе пакалення, сэнс і значэнне тагачасных грамадска-палітычных і культурных тэндэнцый. Яна мела смеласць пражываць сваё жыццё паводле законаў уласнага ўнутранага свету, нашмат апярэдзіўшы этычнае развіццё грамадства.

Немцава была знаёма з выбітнымі дзеячамі чэшскай навукі, літаратуры і культуры – Францішкам Палацкім, Ёзэфам Юнгманам, Паўлам Шафарыкам, Францішкам Ладзіславам Чалакоўскім, Ёзэфам Каэтанам Тылам і многімі іншымі. Яна вяла шырокую асветніцкую работу сярод насельніцтва вёсак, прапагандавала патрыятычныя ідэі. Яна стойка і самааддана змагалася з буржуазна-мяшчаснскімі забабонамі ў поглядах на ролю і месца жанчыны ў сям’і і грамадстве. Ідэалам для яе былі Жэрмэна дэ Сталь і Жорж Санд.

Як пісьменніца Бажэна Немцава спалучае рысы сентыментальна-рамантычнага бачання шляхоў удасканалення грамадства, якое павінна жыць у згодзе з прыродай, і рэалістычна дакаладныя назіранні за жыццём.

Бажэна Немцава (1820-1862) нарадзілася ў Вене. Яе маці-чэшка, Тэрэза Новатна, служыла касцяляншай у герцагіні Заганьскай. Бацька-немец, Ян Панкл, працаваў канюшым. Бацькі Бажэны ўступілі ў шлюб толькі пасля нараджэння дзіцяці. Дзяцінства і юнацтва будучай пісьменніцы прайшлі ў вёсцы Раціборжыцэ ў хаце каля панскага замку. У сям’і было аж трынаццаць дзяцей, бацька з герцагіняй часта быў у ад’езде, таму клапацілася аб малой Барунцы бабушка з боку маці Магдалена Новатна. Старая сялянка выхоўвала ў дзяцей любоў да роднай чэшскай мовы, чэшскай гісторыі, народных казак і песень. Яна прывіла ім народную свядомасць. На дзяўчынку вялікае ўздзеянне аказала і акаляючая яе прырода, а таксама паркавая культура панскага маёнтку.

Бажэна Немцава скончыла сельскую школу ў Скаліцы, у 1830 г.была адаслана да Хвалковіц, дзе вывучала нямецкую мову і шляхетныя паводзіны. Вярнулася яна адтуль прыгожай, развітай, захопленай рамантычнай літаратурай. У сямнаццаць гадоў паводле матчынага жадання, аднак без асабістай схільнасці, яна выйшла замуж за Ёзафа Немца, чыноўніка фінансавага ведамства, які быў на пятнаццаць гадоў старэйшы за яе. Муж Немцавай быў чалавекам адукаваным, энэргічным, патрыятычна настроеным, але грубым і неўраўнаважаным. Разам з мужам яны часта мянялі месца жыхарства, захапляся ідэямі нацыянальнага адраджэння, далучыліся да славянскай ідэі. У 1838-1842 гг. Немцава нарадзіла чатырох дзяцей, але гэта каштавала ёй здароўя. Яна так і не аправілася да самай сваёй смерці. З 1842 па 1845 Немцавы жылі ў Празе. Гэты час пісьменніца лічыла знакавым момантам у сваім духоўным жыцці. Неўзабаве мужа перавялі па службе ў Дамажліцы, дзе Немцава вывучала жыццё і гісторыю чэшскіх ходаў (жыхароў прыгранічных раёнаў), вяла актыўную асветніцкую працу. З 1850 г. разам з падрастаючымі дзецьмі яна жыла ў Празе, час ад часу наведвала Венгрыю, дзе працаваў муж, вандравала па Славакіі. Матэрыяльнае становішча сям’і было вельмі цяжкім, асабліва пасля 1854 г., калі за рэвалюцыйныя прыхільнасці мужа звольнілі са службы. Немцава нават была вымушана прасіць сяброў аб дапамозе, хаця такая міласціна была ёй вельмі горкая. Адносіны паміж мужам і жонкай пагаршаліся з кожным годам. Бажэну Немцаву, прыгожую, таленавітую, кахалі многія знакамітыя мужчыны таго часу. Але гэтыя эмацыянальныя сяброўстві сканчаліся заўсёды расчараваннямі і Немцава з падрэзанымі крыламі вярталася да жорсткага, нелюбімага мужа. Літаратурная творчасць і выхаванне дзяцей было для яе асноўнай крыніцай натхнення і тым гаючым сродкам, да якога яна заўсёды звятралася ў жыццёвых нягодах. У 1853 г. Бажэна Немцава страчвае свайго любімага сына Гінэка. У 1861 г. яна згаджаецца з прапановай падрыхтаваць сабранне сваіх твораў, дзеля гэтага едзе ў Літамышль. Там яна вельмі пакутуе ад хвароб і матэрыяльнай нястачы. Пасля свайго вяртання ў Прагу, Немцава ў хуткім часе памірае, заўчасна састарэлая і ссівеўшая.

Літаратурная дзейнасць Бажэны Немцавай пачыналася з патрыятычна афарбаванай паэзіі, сентыментальных вершаў пра каханне. Ранняя лірыка стваралася пад уплывам паэзіі В.Нябескага, дарэчы, з якім у пісьменніцы быў любоўны раман. Паступова Немцава ўсвядоміла, што яе прызванне – гэта ўсё ж такі проза. Адной з першых яна звяртаецца ў чэшскай літаратуры да жанра казкі. У 1845 г. з’яўляецца зборнік “Народныя казкі і паданні”, які спалучае вольную гульню пісьменніцкай фантазіі, фальклорныя матывы, этнаграфічную дакладнасць, уплыў нямецкай літаратурнай школы. Побыт ў Дамажліцах, успаміны з жыцця ў родных Раціборжыцах, практычны і эмацыянальны вопыт збірацелькі фальклора, -- усё гэта паспрыяла таму, што яскравая вобразнасць, рамантычны тон казак захапілі і чытачоў, і крытыкаў. Загаварылі пра арыгінальны талент Бажэны Немцавай. Усяго за наступныя тры гады выходзіць шэсць зборнікаў чароўных, бытавых і сатырычных казак аўтаркі. Адчувальна цудоўнае пачуццё мовы Немцавай. Яе творы вылучаюцца лаканізмам, жывасцю, што адрознівала яе ад многіх тагачасных чэшскіх пісьменнікаў. Казкі насычаны прыказкамі, прымаўкамі, якія арганічна зліваюцца з аўтарскай мовай.

Далей з-пад пяра чэшскай пісьменніцы выйшлі цыклы нарысаў “Карціны дамажліцкіх наваколіц” (1945-1946 гг.), “Лісты з Францішкавых Лазняў” (1846 г.), “З Дамажліц” (1847 г.). Творы змяшчалі ў сабе багаты этнаграфічны матэрыял, а таксама сведчылі пра зараджэнне навэлістычнага пачатку. Бажэна Немцава засяродзіла сваю ўвагу на духоўным развіцці сялян, з лёсам якіх яна звязвала будучае чэшскай нацыі. Пісьменніца гаворыць пра паэтычны вобраз мыслення, шчырасць, працавітасць, вольналюбства ходаў. У сваіх нарысах Немцава абапіралася на жывую народную мову. Аповед пра гісторыю і эканоміку края чаргуецца з апісаннямі быта, прыроды, нацыянальных характараў, з жывымі жанравымі сцэнамі і згадкамі пра казкі, паданні і легенды. Казкі і нарысы прадэманстравалі тэндэнцыю да рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці і сталі сваеасаблівай літаратурнай майстэрняй, этапам да прозы 50-х гг.

Апавядальніцкая проза Немцавай пачынаецца з невялікіх навэлістычных замалёвак, матэрыял для якіх яна чэрпала з уражанняў ад побыту ў Дамажліцах. У сваіх апавяданнях пісьменніца праявіла сваю назіральнасць, незвычайную пачуццёвасць, разуменне складанасці чалавечай натуры. Немцаву цікавіць не толькі тое, які ёсць чалавек, але і чаму ён такі, як паўплывалі на яго пэўныя абставіны, асяроддзе. Чэшская аўтарка адной з першых спрабуе сілы ў жанры рэалістычнага апавядання пра вёску, некаторыя персанажы якіх нагадваюць герояў казак. Трэба ўспомніць апавяданні “Доўгая ноч”, “Вясковая карцінка”, у якіх Немцава свядома пазбягае сентыментальна-рамантычных вобразаў, паэтызуе ўсё жывое і яскравае ў народзе, выкарыстоўвае дакладныя рэалістычныя дэталі.

Бажэна Немцава стварыла ў сваіх творах шмат запамінальных жаночых вобразаў. У аповесці “Барушка” (1853 г.) на фоне жыцця вялікага горада даецца гісторыя дзяўчыны з цёмным сацыяльным мінулым. Аповесць “Сёстры” (1854 г.) – гэта патэтычны аповед пра лёс сялянскай дзяўчыны, якую спакусіў пан. Тыповы для старой вёскі канфлікт вырашаецца ў межах рамантычнай схемы: супрацьпастаўляюцца два сацыяльных асяроддзя, дзве псіхалогіі. Прысутны і матыў помсты. У “Разарцы” (1855 г.) распавядаецца пра няшчасную, абдзеленую жыццём дзяўчыну з надзвычай беднай сям’і, якая, аднак, мае высакароднае сэрца. Аповесць “Карла” (1855 г.) будуецца на незвычайным сюжэце: сялянка, дзеля таго, каб выратаваць сына ад рэкрутчыны, выдае яго за дзяўчынку. Адпаведна ўзнікае шэраг драматычных сітуацый. Аповесць “Дзікая Бара” (1856 г.) узнікае пад уплывам “Маленькай Фадзетты” Жорж Санд. У товоры паказаны канфлікт паміж Барай, дачкой рана аўдавеўшага пастуха, і прымхлівымі сялянамі, якія вераць, што Бару падкінула яе матцы міфалагічная “палудніца”. Бара паказана вольнай ад забабонаў, блізкай да прыроды асобай. Пад уплывам такіх жыццёвых абставін у яе фарміруецца моцны і незалежны характар. Немцава праз вобраз сваёй гераіны паказвае ідэал чалавека, вольнага ад патрыярхальных забабонаў і ў той жа момант не закранутага буржуазна-мяшчанскімі недахопамі.

У згаданых творах чэшскай пісьменніцы шмат сумных і трагічных карцін, але ўсё ж такі перамагае светлы пачатак, што можна патлумачыць канцэпцыяй народнага нацыянальнага жыцця Немцавай. Яна была ўпэўнена, што аснову гісторыі складае менавіта жыццё народа, ад якога і залежыць будучае ўсёй нацыі. Яна свядома паэтызуе народныя характары, бачыць у чалавеку з народа носьбіта нацыянальнай ідэі, увасабленне гуманізма і маралі. Названыя аповесці насычаны фальклорна-этнаграфічнымі дэталямі. У мове персанажаў скарыстоўваюцца дыялектныя асаблівасці, што сведчыць пра багацце і разнастайнасць прымененых рэалістычных прыёмаў.

Бажэна Немцава была прыхільніцай мірнага адраджэння сваёй краіны. Яе творы сведчаць пра захапленне ўтапічнымі сацыялістычнымі ідэямі. У 1848 г. яна нават уступіла ў “Чэшска-мараўскае братэрства”, заснаванае манахам Клацэлам, які верыў у магчымасць спалучэння ўсеагульнага шчасця і нормаў евангелічнай маралі.

У часы самых цяжкіх матэрыяльных нягод і жыццёвых выпрабаванняў, калі Немцава сама цяжка хварэла, калі яна страціла сына Гінэка, была жорстка расчараваная ў людзях, у 1853-1854 гг. пісьменніца малявала суцяшальныя вобразы свайго дзяцінства, роднага краю, дзе ў цэнтры ўсяго быў вобраз яе бабулі. Наведванне родных мясцінаў спрыяла ўзмацненню прыродаапісальнага складніка твора. Захапленне этнаграфіяй і фальклорам ў дамажліцкі перыяд садзейнічала значнай увазе да народных звычаяў і традыцый. Усё гэта ўвасобілася ў рамане “Бабуля”, у якім даюцца карціны вясковага жыцця, апісваюцца ўсе народныя святы і звычаі на працягу календарнага года. Кніга пабачыла свет у 1855 г. “Бабуля” – адна з самых знаных кніг чэшскай літаратуры. Яна перакладзена амаль на ўсе славянскія, а таксама на нямецкую, англійскую, французкую і венгерскую мовы. У 2007 г. намаганнямі беларускай перакладчыцы Рашэтнткавай Н.Б. “Бабуля” з’явілася ў цудоўным перакладзе на беларускую мову.

Твор пісаўся пад уплывам ідэалізуючых мінулае ўспамінаў пісьменніцы пра лёс сям’і Панклавых у Раціборжыцах, пра яе бабулю Магдалену Новатну, пра замкавае атачэнне. Адносіны Барункі да бабулі, стаўленне самой бабулі да акаляючага яе свету, людзей у рамках гадавога колазвароту і звязаных з ім народных звычаяў і ствараюць дзеянне рамана. Дарэчы, ў даследчыкаў няма адзінай пазіцыі наконт таго, што гэта, аповесць альбо раман. Эмацыянальны фон кнігі цалкам светлы і аптымістычны. Чэшская пісьменніца стварыла ў “Бабулі” шэраг незабыўных вобразаў, галерэю чалавечых тыпаў, сцэн з народнага нацыянальнага жыцця. Раман насычаны карцінамі прыроды. Паказана амаль інтымнае стаўленне сялян да роднай прыроды. Раманатызм Немцавай увасобіўся ў апісанні эпізадычнай постаці Вікторкі, драматычны лёс якой ажыўляе ідылічнае развіццё аповеду. Арыстакратычныя, шляхецкія слаі грамадства паказаны праз вобраз княгіні, які падаецца як дастаткова ідэалізаваны. Адначасова трэба адзначыць акцэнтаванае аўтаркай маральна-выхаваўчае ўздзеянне бабулі на княгіню і цёплае, прыязнае стаўленне апошняй да людзей з народа. Твор уяўляе сабой не маналітную цэласнасць, а, хутчэй вольнае спалучэнне шэрагу выяў. У “Бабулі” Бажэна Немцава майстэрскі змагла спалучыць сваю творчую індывідуальнасць і эпічную аб’ектыўнасць, цікавыя этнаграфічныя назіранні і дынамічнае дзеянне, моўную віртуознасць і народную аўтэнтычныасць, маляўнічыя карціны чэшскай прыроды і незвычайнае веданне чалавечага сэрца і пачуццяў.

“Бабуля” – класічны твор чэшскай літаратуры, дзе намаляваны лірычны і велічны вобраз Чэхіі. Сучаснікі пісьменніцы ўспрынялі раман як заклік да любві і адданасці сваёй радзіме. Менавіта народ паказаны як тая сіла, якая здольная адрадзіць Чэхію ў змрочныя часы нацыянальнага прыгнёту. У рамане ўвасобілася ідэя гуманнай улады, якая б абапіралася на волю народа. Гэтая вера пісьменніцы раскрываецца паказам адносін княгіні і бабулі, аповедам пра іх сумесную дзейнасць у вырашэнні мясцовых канфліктаў. Бабуля становіцца ў рамане ўвасабленнем патрыятычнага ідэала. Гэта наватарскае рашэнне Немцавай, паколькі ніколі да таго ў цэнтры твора не стаяў вобраз простай сялянкі. Псіхалагічны аналіз у вобразе бабулі спалучаецца з апісаннем народна-нацыянальнай стыхіі. Шмат месца ў творы займаюць карціны розных відаў працы. Працоўныя заняткі паказаны чэшскай пісьменніцай згодна са зменамі пор года. Падрабязна і з веданнем справы Немцава распавядае пра ражаство, дажынкі, масленіцу і іншыя святы. Удалымі з’яўляюцца масавыя народныя сцэны. Не абмінула ўвагай аўтарка і драматычныя бакі жыцця: пахаванне, провады рэкрутаў.

У вобразе бабулі Немцава падкрэслівае вялікую жыццёвую мудрасць, цвярозы розум. Дэталёва падаецца партрэт старой жанчыны, будзённая абстаноўка, у якой яна жыве, яе звычкі, апісваюцца сябры і знаёмыя. Чытач разумее жыццёвую філасофію і душэўныя рухі галоўнай гераіні. Характар бабулі раскрываецца ва ўзаемаадносінах з іншымі людзьмі. Можна сцвярджаць, што вобраз падаецца ў развіцці. Падрабязна адлюстравана, пад уплывам якіх жыццёвых перыпетый склалася асоба гэтай жанчыны. Пра гэта распавядае сама бабуля. Пры стварэнні свайго цэнтральнага персанажа Бажэна Немцава звярнулася да розных сродкаў сацыяльна-бытавой і псіхалагічнай тыпізацыі.

Поспех кнігі на радзіме пісьменніцы і прызнанне яе таленту ў сусветнай літаратуры сцвярджаюць асобую значнасць гэтага светлага і надзвычай добрага твора, які ўзбагачае жыццёвым вопытам, адкрывае прыгажосць, мудрасць і праўду ў чалавечым жыцці.

Дапісаўшы “Бабулю”, Бажэна Немцава звярнулася да стварэння цэласнай канцэпцыі рамана, які б спалучаў характарыстыку народа і апісанне рэфармісцкіх грамадскіх тэндэнцый. Такім раманам стаў раман ”Горная вёска” (1856 г.), у якім дзейнічаюць славацкія сяляне, чэшская шляхта і ходскі люд (жыхары чэшскіх пагранічных раёнаў). У творы вырашаецца праблема адносін народа і шляхты. У цэнтры рамана – памешчык-патрыёт, асветнік і сацыяліст, які ўвасабляе ідэальны тып правіцеля. Шырока прадстаўлены народныя звычаі і фальклор славакаў.

Апошнія творы пісьменніцы больш сціплага памеру і масштабу. У іх узнімаюцца сацыяльныя праблемы, якія ў гэтыя часы надзвычай хвалявалі Немцаву. У аповесці “У замку і яго наваколлі” (1856 г.) паказаны антаганізм паміж народам і панствам. Вялікая аповесць “Бедныя людзі” (1857 г.) распавядае пра жыццё маленькага правінцыйнага гарадка. Твор прасякнуты духам хрысціянскага даравання. Шырокую панараму гарадскога жыцця малюе пісьменніца ў аповесці “Добры чалавек” (1858 г.). У аповесці “Хіжына ля гор” (1858 г.) адбіліся свежыя ўражанні Немцавай ад яе другога вандравання па Славакіі. Апошняй завершанай працай пісьменніцы стаў твор “Пан настаўнік” (1860 г.). Настаўнік надзелены лепшымі рысамі чэшскага асветніка эпохі нацыянальнага адраджэння. У творы Немцава ўвасобіла свае погляды на народную адукацыю і асвету.

Пасля сябе першая чэшская пісьменніца-жанчына пакінула шэраг незавершаных твораў. Яна планавала напісаць некалькі раманаў, хацела выдаць казкі славянскіх народаў, распачала некалькі аповесцяў. Пакінутыя запісы сведчаць, пра тое, што талент Немцавай быў на ўзлёце. Нават няскончаныя творы дэманструюць жывасць эпічнага аповеду, маляўнічасць апісанняў, шырокі моўны дыяпазон, тонкі гумар і пяшчотную паэтычнасць.



Сёння Бажэна Немцава працягвае вабіць паэтычнасцю, праўдай і гуманізмам, любоўю да радзімы і літаратурным майстэрствам. Яна належыць да тых творцаў, якія ўвабралі і віртуозна выразілі душу народа ў сваіх творах.
: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> %D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> %D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> %D0%9D%D0%B0%D0%B2%D1%83%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%8B%D1%8F%20%D0%B0%D1%80%D1%82%D1%8B%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8B
%D0%9D%D0%B0%D0%B2%D1%83%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%8B%D1%8F%20%D0%B0%D1%80%D1%82%D1%8B%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8B -> А. У. Вострыкава выразнік чэшскай ментальнасці
%D0%9D%D0%B0%D0%B2%D1%83%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%8B%D1%8F%20%D0%B0%D1%80%D1%82%D1%8B%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8B -> Праблема магчымасцей чалавечага пазнання ў творах міхала айваза
%D0%9D%D0%B0%D0%B2%D1%83%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%8B%D1%8F%20%D0%B0%D1%80%D1%82%D1%8B%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8B -> Вострыкава Алена Уладзіміраўна Чэшскі пісьменнік Ёзаф Шкворацкі і англаамерыканская літаратура
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Практычныя заняткі Паэма “Май” як вяршыня паэзіі Махі
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Алена Вострыкава Мастацтва рамана Мілана Кундэры Раман як кропка адліку
%D0%9D%D0%B0%D0%B2%D1%83%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%8B%D1%8F%20%D0%B0%D1%80%D1%82%D1%8B%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8B -> Творчасць Бажэны Бенешавай у кантэксце развіцця чэшскай псіхалагічнай прозы першай паловы ХХ стагоддзя




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка