Баравікова Раіса Аповесць чатырох падарожжаў



старонка1/2
Дата канвертавання01.07.2016
Памер416.85 Kb.
  1   2
Баравікова Раіса

Аповесць чатырох падарожжаў

Люблю назіраць за кнігаўкамі... Недалёка ад іх кружыць невялічкая птушка гальштучнік, - таксама з сямейства куліковых. Але варта прымружыць вочы, як уяўляецца сядзіба доктара Савіча і тая дзіўная істота, што спрытна падхапіла з зямлі капялюш...

З нататніка астранаўта.



ГАЛЬШТУЧНІК

Калі мы вярталіся на Зямлю з планеты Антарыс-5, якая знаходзіцца ў сузор'і Скарпіёна, то ўвесь наш экіпаж быў расчараваны. Справа ў тым, што гэтая планета мае чырвоны колер, чым нагадвае Марс. Але, як мы высветлілі, з Марсам нічога агульнага ў яе няма. Паўсюдна— горы і горы. Мы ледзь знайшлі больш-менш роўную пляцоўку, каб пасадзіць наш карабель. Затрымлівацца на планеце, якая ўяўляе сабою каменную глыбу, не мела сэнсу. I мы рушылі да бліжэйшай планетнай сістэмы, куды ўжо даволі часта адпраўляліся экспедыцыі з Зямлі, дзе можна было нейкі тыдзень адпачыць у гатэлі.

Вось тады і з'явілася на нашых экранах тая маленечкая зялёная планета, якая нагадвала невялікі шарык з ранняй сакаўной травы. Нідзе, ні на якіх зоркавых картах яна не значылася, таму цалкам верагодна, што мы маглі быць першымі, хто натрапіў на яе ў касмічнай бясконцасці. Не цяжка здагадацца, што мы вырашылі зазірнуць на тую планету. Што і зрабілі.

Першае ўражанне было такое, нібыта мы трапілі ў Белавежскую пушчу ці Бярэзінскі запаведнік. Альбо і ўвогуле ў нейкі агромністы здзічэлы сад дзе-небудзь пад Нароўляю ці пад Слуцкам.

Але такім было толькі першае ўражанне. Пад кронамі магутных дрэў была не такая ўжо і дзікая паверхня, — месцамі відавочна расчышчаная, месцамі вы-паленая: хтосьці раскладваў вогнішча.

— Магу паспрачацца, тут мы сустрэнем гуманоідаў, — сказаў нехта з членаў экіпажа.

— Магчыма, — пагадзіўся камандзір і тут жа запытаўся: — Мне загадаць, ці ёсць ахвотнікі спусціцца на паверхню?

Ахвотнік знайшоўся. Гэта быў наш доктар Савіч. Камандзір паглядзеў на мяне:

— Ну, а што наш батанік? Тут ёсць што даследаваць. I я не пярэчыў, хаця ведаў: тое, што здавалася на паверхні планеты дрэвамі, травою, кустамі, магло быць нечым іншым. Так здаралася неаднойчы. Але на гэты раз камандзір не памыляўся. Як толькі мы з доктарам Савічам ступілі на цвёрды грунт, зразумелі, што расліннасць наўкол самая што ні на ёсць сапраўдная. Праўда, на Зямлі я такой не сустракаў, і вельмі здзіўляла, што паўсюль быў адзін толькі зялёны колер: зялёная кара дрэў, зялёнае лісце, зялёныя пялёсткі кветак.

А тым часам мы ўжо выйшлі на вялікую паляну і я, было, падышоў да адной з такіх кветак, якая нагадвала зямную лілею, каб насуперак усім інструкцыям дакрануцца да зялёных пялёсткаў, але не паспеў... Адусюль — з-за кожнага дрэва, з-за кожнага куста (о, дайце веры!) выбягалі людзі, праўдзівей было б сказаць, дзікуны, і наколькі гэта можна было зразумець, твары іх свяці-

ліся радасцю. Даўгія валасы, у многіх — бароды, шчокі, зарослыя шчэццю, і выключна ўсе — голыя. Толькі на шыі ў кожнага з гэтых людзей чарнела палосачка, а хутчэй — гальштук-бабачка, так часта называюць падобныя гальштукі на Зямлі, якія надаюць святочнаму гарнітуру яшчэ большую ўрачыстасць. Тут, на гэтай Зялёнай планеце, як я яе назваў у думках, гэты гальштук нікому нічога не дадаваў. Адно — глядзеўся на шыі недарэчна і смешна. Праўда, нам з доктарам Савічам было не да смеху, невядома, як павядуць сябе дзікуны? Але яны выказвалі выключную прыязнасць. А адзін з іх выйшаў наперад і пачаў нешта хутка-хутка гаварыць...

Як жа я быў уражаны, калі доктар Савіч адазваўся ў адказ. Паміж ім і натоўпам завязалася ажыўленая гаворка. Аказалася, што жыхары Зялёнай планеты размаўлялі на лацінскай мове, якая на Зямлі ўжо даўно выкарыстоўвалася толькі ў медыцыне і якою, зразумела, добра валодаў доктар Савіч.

— Што яны табе кажуць? — запытаўся я ў яго. Док-тар паціснуў плячыма:

— Ніяк не ўцямлю, дзікасць нейкая. Самая сапраўдная дзікасць. Яны шкадуюць, што мы не можам бачыць тых цудоўных кварталаў, плошчаў, вуліц, якія бачаць яны. Маўляў, тут паўсюль вакол нас — навуковыя цэнтры, зоны адпачынку, офісы і спальныя раёны...



  • Офісы, навуковыя цэнтры вакол нас? Ды яны — вар'яты! — засмяяўся я і раптам задумаўся. — А зрэшты... Адкуль у іх гэтыя веды? Што ім вядома пра офісы, зоны адпачынку? Хто яны, нарэшце? Перасяленцы з іншых планет? Ці, можа, зямляне? Нашчадкі тых цывілізацый, што існавалі на Зямлі яшчэ да Вялікага патопу? Вось толькі ў іхнім абліччы нічога не засталося ад цывілізаванага свету. Племя дзікуноў! Першая прыступка развіцця чалавецтва.

  • Гэтымі сваімі думкамі хацеў падзяліцца з доктарам Савічам, але ён з вялікай цікавасцю размаўляў з гуманоідам, якраз з тым, хто самы першы ўступіў з намі ў кантакт. Іх гаворка цягнулася доўга. Я нават пачаў тое-сёе даследаваць з навакольнага расліннага свету. Але вось доктар падышоў да мяне, і тое, што ён сказаў, адразу прымусіла згадаць пра наш карабель, падумаць пра небяспеку. А ці не час нам вяртацца?

— Бачыш таго, бялявага, — паказваў доктар Савіч на высокага хударлявага бландзіна. — Яго ўнук вынайдзе тут праз паўстагоддзя камп'ютар. А вунь той... нізенькі, што размаўляе з самым кудлатым з іх. Ён — мастак. Геній! Толькі пра гэта сам яшчэ не здагадваецца. Але праз дваццаць гадоў яго карціны будуць самымі каштоўнымі не толькі на гэтай планеце. Глядзі, бачыш, той, што залез на дрэва... Ён праз дзесяцігоддзе будзе тут самым славутым архітэктарам. Пачне з каменных пірамід і закончыць праектамі з жалезабетону. О-о, а гэты, што бліжэй за ўсіх стаіць да нас, як ні цяжка ў гэта паверыць, але ён стане вынаходцам рухавікоў, і першыя аўтамабілі тут будуць называцца яго імем.

Мне стала млосна. Розум адмаўляўся што-небудзь разумець.

— Нам ужо трэба вяртацца на карабель. Там, напэўна, хвалююцца нашы, — сказаў я доктару Савічу. — Развітвайся з гуманоідамі і пойдзем адсюль.

Але перш чым развітацца, доктар прыняў падарунак ад жыхароў гэтай нязвыкла-зялёнай планеты. Яны завязалі яму на шыю гальштук, такі ж самы, што насілі самі, — чорны гальштук-бабачку.

3 гэтага моманту і пачалася трагедыя доктара Савіча. Гэтак я назваў для сябе ўсе далейшыя падзеі. А разгортвалася ўсё наступным чынам.
Зялёную планету мы пакінулі хутка. Можна сказаць, пасля вяртання на карабель неўзабаве і стартавалі. Прыйшоў загад з Зямлі тэрмінова вяртацца. Вось тут доктар Савіч і павёў сябе выключна невытлумачальна. Маўляў, які можа быць загад з Зямлі, якое вяртанне, калі мы можам ляцець да сузор'я Дзевы, дзе на адной з планет, трошкі ўбок ад самай яркай зоркі гэтага су-зор'я — Спікі, жывуць браты па розуме, бо тая планета нішто іншае, як копія нашай Зямлі. А потым наш шлях можа пралегчы да сузор'я Шаляў. I там на адной з планет у сістэме тых зорак, якія складаюць сузор'е, ужо даўно вынайшлі машыну часу, якую, калі хто-небудзь з нас пажадае, можа выпрабаваць.

Спачатку да ўсіх гэтых разважанняў доктара мы ставіліся несур'ёзна, чаго не здараецца ад эмацыянальных перагрузак! Але ён пачаў паводзіць сябе агрэсіўна. Спрабаваў прарвацца ў адсек кіравання палётам, каб змяніць курс. I тады мы задумаліся, што ж адбываецца з нашым доктарам? Адказ напрошваўся сам сабою: у доктара ўсе прыкметы лёгкага псіхічнага расстройства, якое з'явілася пасля таго, як ён пачаў насіць на шыі падораны яму гальштук-бабачку Як толькі мы прыйшлі да такой высновы, адразу ж прапанавалі доктару зняць яго. Гэтая наша прапанова рассмяшыла доктара.

— Ды вам усім і не снілася, што гэты гальштук уяўляе сабою, — сказаў ён. — Гэта — Праграма, завезеная на Зялёную планету прадстаўнікамі адной з самых высакаразвітых сусветных цывілізацый. Усё выключна проста. Таму, хто носіць гэты гальштук, спачатку выдаецца міраж, мара жыцця. Адсюль і тыя дзівосныя гарады, навуковыя цэнтры, зоны адпачынку якія бачылі наўкол сябе жыхары Зялёнай планеты. Ты ж чуў батанік. Я табе перакладаў, — звярнуўся ён да мяне і працягваў: — Але ўсялякую мару трэба ўвасобіць у жыццё, зрабіць явай. I гэта прадугледжана Праграмай. Яна выдае ўстаноўкі, падрабязнае тлумачэнне, як і што трэба рабіць, каб гэтую мару здзейсніць. Ну, скажам, нехта хоча стаць вялікім кампазітарам і яму даецца магчымасць уявіць сябе ім. А потым пачынаецца шлях да гэтай вяршыні, па якім і вядзе Праграма.

Доктар Савіч блытаўся, але яго словы гучалі пераканаўча, хаця хтосьці з нас і запытаўся з недаверам:

— Ну, а цябе асабіста, куды выводзіць яна?

— Я ж вам усё растлумачыў! У сузор'е Дзевы, дзе мы сустрэнемся з братамі па розуме і па эвалюцыйным развіцці. Трэба памяняць курс, і мы вернемся на Зямлю з грандыёзнай сенсацыяй.


— Гэты твой гальштук сам па сабе ўжо і ёсць сенсацыя, — сказаў я і тут жа папрасіў: — Дай панасіць яго, хаця б на некалькі гадзін.

— Разагнаўся!.. Гэтага ні ў якім разе рабіць нельга, — і далей доктар Савіч засцярог: — Можа здарыцца бяда. Праграма дзейнічае ў станоўчым накірунку толькі тады, калі гэты гальштук дорыцца. Яго трэба атрымаць у падарунак. Інакш спрацоўвае адмоўная энергія і дзеянні Праграмы робяцца непрадказальнымі.

— Ды глупства ўсё гэта, — сказаў наш бортмеханік. — Казачкі для ідыётаў Хоць ты, Савіч, і сам доктар, але табе, відавочна, патрэбна медыцынская дапамога.

I гэтыя яго словы сталі апошнімі ў той нашай размове з доктарам Савічам. А калі вярнуліся на Зямлю, хутка дачуліся, што ў Міжнароднай асацыяцыі зоркавых палётаў нашага доктара звольнілі. Для яго пачалося зямное жыццё. Ну а мы, усе астатнія члены экіпажа, неўзабаве адправіліся ў новае міжпланетнае падарожжа.

Міналіся гады, і, напэўна, ужо праз некалькі дзесяцігоддзяў я вырашыў месяц-другі адпачыць на Зямлі.

Космас стамляе. Тады і ўспомніўся мне доктар Савіч. Дзе ён, што з ім? Звярнуўся ў даведачнае бюро Асацыяцыі, дзе адразу ж атрымаў інфармацыю: доктар Савіч жыве недалёка ад Мінска. Мае сваю сядзібу і даўно ўжо адышоў ад лекарскай справы. Мне хацелася пабачыцца з ім, што я і зрабіў неадкладна.

Помню, быў сонечны дзень. Я пакінуў машыну далёка ад доктаравай сядзібы. Вырашыў прайсціся пешшу, сабрацца з думкамі. Згадвалася наша апошняе падарожжа з ім. I, вядома ж, з'яўлялася пытанне, ці захаваў доктар той свой гальштук-бабачку, які атрымаў у падарунак ад жыхароў Зялёнай планеты? Па ім, тым чорным гальштуку на загарэлай шыі, я і пазнаў доктара. Ён у вялікім саламяным капелюшы і ў адных толькі шортах штосьці перасаджваў у гародзе недалёка ад двухпавярховай драўлянай будыніны, якая глядзелася ледзь не палацам. Праходзяць дзесяцігоддзі, а на Зямлі мала што змяняецца.

— Доктар Савіч! Доктар Савіч! — гукнуў я.

I хапіла толькі некалькіх імгненняў, каб доктар пазнаў мяне і кінуўся насустрач. Яго перапаўняла такое радаснае хваляванне, што здавалася: ён вось-вось задыхнецца. Яму, відавочна, не хапала дыхання і, каб было лягчэй бегчы, ён спачатку сцягнуў з галавы капялюш, кінуў на сцежку, а пасля (ці можна было паверыць вачам) сарваў з шыі і гальштук-бабачку, які таксама шпурнуў у траву. А я ж помніў, як тады, на караблі, ён упарціўся, нізавошта не хацеў яго здымаць.

Мы абняліся, як добрыя сябры. На вочы набягалі слёзы, такою радаснай была наша сустрэча. I тут я заўважыў, што з будыніны выбегла нейкая дзіўная істота, хутчэй за ўсё малпачка. Спрытна падняла з зямлі капялюш, а потым і гальштук, і хуценька скіравала да дома, куды неўзабаве падаліся і мы.

— Ты тут жывеш не адзін? — запытаўся я ў доктара і дадаў: — Я паспеў заўважыць нейкае калматае стварэнне. Няўжо гэтак змяніўся клімат на Зямлі, што ў Беларусі пачалі жыць малпы?

— Гэта не зусім малпа, — адказаў доктар Савіч. — Я тады яшчэ не лётаў з вамі. Мяне пасылалі ў блізкія падарожжы. I вось падчас аднаго з тых маршрутаў на Месяцы мы натрапілі на невядомы міжпланетны карабель, які пацярпеў катастрофу. Як ні аглядалі, ніякіх жывых істот не знайшлі. Але ў адным з адсекаў адшукалі прабіркі, у якіх былі зародкі.

Ты здагадваешся, што адну з тых прабірак я прывёз на Зямлю. 3 зародка, што быў у ёй, і з'явілася на свет істота, якую ты назваў малпаю. Але паўтараю, гэта, далібог, не малпа, таму што вельмі хутка яна засвоіла ўсе зямныя мовы. А галоўнае тое, што больш надзейнага, вернага стварэння я не сустракаў. Зараз пазнаёмішся з гэтым маім адданым сябрам.

Мы ўвайшлі ў будыніну, адчынілі дзверы ў адзін з пакояў і тое, што пабачылі, нас уразіла неймаверна. У шыбіну стукалася, білася крыламі невялікая птушка з чорнай палосачкай-гальштукам на валляку...

— Гальштук! Мой гальштук! — закрычаў доктар Савіч у вялікай роспачы. — Як жа я мог сарваць яго!.. Ты разумееш, што адбылося?! Ён, напэўна, падняў галынтук, начапіў сабе на шыю, і вось здарылася бяда. Ты ж помніш, Праграма, што хавалася ў ім, станоўча спрацоўвала толькі тады, калі гальштук хтось-ці атрымліваў у падарунак. Ва ўсіх іншых выпадках гэта — адмоўная энергія. Мой добры сябар стаў птушкаю! — і доктар Савіч адчыніў фортку...

Птушку мы назвалі гальштучнікам. Яе і цяпер можна сустрэць у Беларусі на вялікіх спустошаных лугах-пашах, куды выганяюць пастухі свае статкі. Толькі гальштучнік не заўважае гэтай спустошанасці. Яму, напэўна, бачацца наўкол зялёныя гаі ды парослыя сакаўною травою паляны. Але справа ўжо не ў гальштучніку...

— Дык тое, пра што ты нам тады расказваў, усё ж было праўдаю? — запытаўся я ў доктара пасля таго, як птушка вылецела ў фортку.

— А ты што, сумняваўся?

— Мы ўсе сумняваліся, — сказаў я. — Думалі, ты страціў розум. Таму цябе і звольнілі.

Тым жа днём я расказаў доктару, што Міжнародная асацыяцыя зоркавых палётаў рыхтуе вялікую экспедыцыю з адной толькі мэтай — расшукаць у касмічных глыбінях братоў па розуме, хто прайшоў падобную да зямной эвалюцыю ў сваім развіцці.

— Трэба ляцець да сузор'я Дзевы, — сказаў доктар і праз невялікую паўзу запытаўся: — Як ты думаеш, мне не адмовяць, калі я папрашуся ў гэтае падарожжа?

Ён сапраўды папрасіўся праз нейкі час. I яму не адмовілі. Мы зноў былі членамі аднаго экіпажа і неўзабаве ляцелі ў сузор'е Дзевы на планету, якая ўяўляе сабою копію Зямлі. Ва ўсякім выпадку, мы гэтак думалі.

ЗЯМЛЯ-2

Псіхолаг Галя, яе мы зрэдку бралі ў свае падарожжы, зайшла на карабель апошняй. 3 сумам паглядзела ў ілюмінатар, потым на мяне.



— Сымон, а табе не шкада пакідаць тую ружовую стужачку, што ўжо з'явілася на даляглядзе? — запыталася яна. — Сонца пачынае ўставаць, хутка ўсё ажыве, птушкі зашчабечуць, як яны ўмеюць шчабятаць толькі на Зямлі.

Я не паспеў ёй адказаць і, прызнацца, не любіў падобных размоў. Ну ўстае сонца і ўстае, не першы і не апошні раз на Зямлі, у нашай Сонечнай сістэме, што ж на гэтым засяроджвацца? Тым больш, што ўжо чуецца голас пілота-робата:

— Праз дзесяць хвілін стартуем! Пачынайце пагружацца ў сон.

Карцела хутчэй заснуць, каб прачнуцца ў глыбокім космасе.

Сон на гадзіну падчас старту — старая традыцыя яшчэ з тых часоў, калі мы, беларусы, толькі пачыналі падарожнічаць па Сусвеце, і якой мала ўжо хто прытрымліваўся. Але мы ніколі не парушалі яе. Не парушылі і гэтым разам. Нам дазвалялася падключацца да кінасерыялаў якія кадр за кадрам пракручваліся ў сне. Я падключыўся да мульціка і спаў роўна гадзіну. А калі прачнуўся, доўга не мог зразумець, адкуль чуюцца ўзбуджаныя гучныя галасы. Нарэшце вызначыў: з цэнтральнага хола, і, вядома, заспяшаўся туды. На зоркалёце нешта здарылася.

Я не памыліўся. Як толькі зайшоў у хол, да мяне адразу кінуўся доктар Савіч:

— Я казаў яшчэ тады, калі раней лётаў разам з вамі, — служба аховы на касмадроме ненадзейная. Яны кепска працуюць. Ніякай пільнасці! I вось, паглядзі...

А я ўжо і без яго слоў бачыў пасярод хола падлетка ў зашмальцаваных джынсах, у майцы з малюнкам нейкага моднага рокгурта. Яму было гадоў трынац-цаць, і ён спалохана паўтараў адно і тое ж:

— Я не хацеў! Я... Я пераблытаў караблі! Я думаў, вы толькі што прызямліліся.

— Спіхне яго на мяне, — шапнуў мне доктар Савіч. I сапраўды, Антон Верашчака, а ён у нас быў за камандзіра, паглядзеў на доктара:

— Савіч, падбярэш яму камплект адзення і забярэш пад свой нагляд. Невядома, як будзе пераносіць касмічныя перагрузкі!

Хлопец павесялеў. А мы ўсе былі ў паніцы. Такога яшчэ ніколі не здаралася. Як быць у гэтым выпадку? Рабіць незапланаваную пасадку на Месяцы? А калі там не будзе карабля, які б ляцеў на Зямлю? Чакаць, пакуль з'явіцца, ці выклікаць спецыяльны рэйс? Апошняе слова было за камандзірам. Антон вырашыў, што хлопец паляціць разам з намі ў сузор'е Дзевы, куды мы накіроўваліся. Адно давядзецца паведаміць на Зямлю пра гэтую нечаканасць. Няхай там супрацоўнікі Міжнароднай асацыяцыі зоркавых палётаў звязваюцца з яго бацькамі, хай штосьці тлумачаць ім. Гэта ўжо не наша справа. Мы маем тое, што маем: падлетка на зоркалёце!

Праз некалькі гадзін да мяне ў адсек завітаў Савіч.

— А ты ведаеш, — сказаў доктар, — ён, аказваецца, твой сусед.

-Хто?

— Ну-у, як гэта хто? Наш юны пасажыр. Арцём. Прозвішча яго Нічыпаровіч. У Мінску жыве на Паўднёвым Захадзе. Звыклая гісторыя. Калі ён яшчэ не нарадзіўся, яго бацька прымаў удзел у экспедыцыі. Ну, памятаеш, тады яшчэ шмат пра гэта ў газетах пісалі. Яны ляцелі да Паўночнага Асла... Назад на Зямлю не вярнуліся, а Арцём усё спадзяецца сустрэцца з бацькам. Таму і бадзяецца па касмадроме. Ён, аказваецца, два тыдні сачыў за нашым псіхолагам. Усё ведаў пра наш маршрут. Галя, напэўна, дзе магла, расказвала пра палёт. Вось і атрымліваецца, што ён тут не выпадкова. Ды што цяпер пра гэта казаць, думаю, я з ім пасябрую.



I я не сумняваўся ў тым, што яны пасябруюць. Нам, астранаўтам, не рэкамендавалася, пакуль мы працавалі ў Асацыяцыі зоркавых палётаў, мець сям'ю. I, як правіла, гэтай рэкамендацыі мы ўсе прытрымліваліся. Хаця ў думках кожны марыў пра дом, поўны дзіцячых галасоў. Ну, а што да Арцёма, дык ён па-сапраўднаму прывязаўся не да доктара Савіча, а да мяне. 3 цягам часу нават перасяліўся ў мой адсек.

Справа ў тым, штр, калі мы лёталі ў сістэму зоркі Кастор, якая знаходзіцца ў сузор'і Блізнятаў, наш галоўны батанік падхапіў там касторавую чумку. I цяпер я міжволі выконваў яго абавязкі. Даследаваў раслінны свет з самых розных планет, які часткова знаходзіўся на караблі ў маім адсеку. Сярод іншых там расла адна цікавая расліна, якую я падабраў на Месяцы, у невядо-ма кім пакінутым зоркалёце. Яна была незвычайна палахлівая. Падыходзіш да яе, узмахваеш рукою — і сцяблінкі пачынаюць трапятаць, быццам баяцца, што ты зараз вытнеш расліну. Яна засынала і прачыналася. Калі засынала, складвала лісток да лістка. Расліна цвіла. У яе была адна кветка, падобная да тых, што на Зямлі называюцца ільвіным зевам. Праз гэты «зеў» я паіў расліну па кропельцы з піпеткі.

Потым гэта пачаў рабіць Арцём. I расліна лашчылася да яго, дакраналася лісцем да рук. Ён і імя расліне прыдумаў: Ням-Ням. Браў піпетку з кропелькамі вады, падыходзіў да расліны: «Ну, што, Ням-Ням, будзем есці?» I мне здавалася, што ў гэты момант расліна ціхенька смяялася.

Ляцеў час. А з ім насустрач чарговай невядомасці ляцелі і мы. Аднойчы я ўключыў экран знешняга назірання, што займаў ледзь не ўсю сцяну майго адсека, і зразумеў, што мы мінаем сузор'е Льва. Заставалася ззаду яго самая яркая зорка-гігант — Рэгул. Наперадзе было сузор'е Дзевы. I вось неяк Арцём, калі мы з ім зноў сядзелі ля ўключанага экрана, запытаўся ў мяне:

— А чаму сузор'е, да якога мы ляцім, называецца Дзева? Я падумаў і адказаў:

— Гэтую назву яму далі даўно. Яшчэ ў часы дзявятай зямной цывілізацыі, у старажытным Егіпце. Яго з'яўленне на вечаровым небе сведчыла, што надышоў час збору ўраджаю. На палетках працавалі пераважна жанчыны — дзевы. Адсюль і пайшла назва. Таму і Спіка — самая прыкметная зорка гэтага сузор'я — у перакладзе з лацінскай мовы азначае «Колас».

Але Арцёма цікавіла не толькі назва сузор'я. Ён запытаўся і пра мэту нашага палёту. Для чаго мы ляцім туды? I мне давялося яму патлумачыць, што мы — шукальнікі інфармацыі. Прычым, самай неверагоднай, што магла б стаць на Зямлі сенсацыяй. Якую, па нашым вяртанні, Міжнародная асацыяцыя зоркавых палётаў, згодна з заключанымі кантрактамі, прадае інфармацыйным агенцтвам.

— Гэта — Спіка? — абарваў мяне на паўслове Арцём і паказаў позіркам на экран. Я анямеў. На экране вымалёўваўся ярка-блакітны шар. «Зямля!» — перахапіла ў мяне дыханне. Але якая ж тут можа быць Зямля? Гэта была ці не першая планета ў сузор'і Дзевы, якая ўсім сваім выглядам, кропля ў кроплю, нагадвала Зямлю.

I калі мы ўжо завіслі над ёю, выбіраючы найболып прыдатнае месца для пасадкі, больш за ўсіх здзіўлялася Галя — наш псіхолаг. Яна была надзвычай усхваляваная, усё ўскрыквала і ўскрыквала:

— Ну, хіба можа такое быць? Не-е, я нізавошта не сыду на яе паверхню. Гэта нейкі падман! Міраж. Самы сапраўдны міраж! Вунь, паглядзіце, Атлантычны акіян! А ву-унь, ну далібог жа, Нью-Ёрк! Атам... Там, бачыце, — Гімалаі!

— Хлопцы, шукайце позіркам Белавежскую пушчу, — не то жартам, не то ўсур'ёз сказаў наш камандзір. — Яе возьмем за арыенцір. Ну, а сядзем, зразу-мела, пад Мінскам, адкуль і стартавалі. На нашым касмадроме. За Раўбічамі.

I ўсе засмяяліся. Вядома, яго словы прынялі за жарт. Але, калі мы ўжо селі на паверхню і кінуліся да галаўнога ілюмінатара, смяяцца нікому не хацелася.

— Вунь ружовая палоска ўзыходу на даляглядзе, тая самая... — паказала Галя. — Ты помніш, Сымон, я казала табе пра яе. Сонца хутка пачне ўставаць, — і яна ўздыхнула з пытаннем у позірку. — Досвітак! Мы на сваім касмадроме.

— Апамятайся, псіхолаг! Карабель праляцеў такую адлегласць! Мільёны кіламетраў!

— Глядзіце! Глядзіце... Вунь зоркалёт Грынчука! Я ведаю іхняга бортмеханіка, — закрычаў наш старшы пілот, які кіраваў пілотамі-робатамі. — Там іхні бортмеханік! — і ён паглядзеў на Антона, маўляў, што ты на гэта скажаш, камандзір? Але Антон маўчаў

— Пайшоў бы ты лепш да сваіх робатаў, — параіў старшаму пілоту доктар Савіч. — Я не веру, што мы на сваім касмадроме. Гэта выключана. Праграма не магла памыліцца. Увесь маршрут — у маіх мазгах. Я вывучыў яго на памяць. Гэта... Хм-м... Гэта і ёсць планета — копія Зямлі.

— Ха-а, Праграма! I бортмеханік таксама копія? — выгукнуў нехта.

Яго падтрымала Галя:

— Нас жа, як заўсёды, усыпілі робаты. Мы ўсе спалі, калі павінен быў адбыцца старт. Дык, можа, і не было ніякага палёту? У крайнім выпадку, падняліся і завіслі над Зямлёю. Павіселі, павіселі, потым спусціліся. Вось вам той самы неапазнаны лятальны апарат!

— А ўсё, што мы бачылі: метэарыты, рэшткі нейкіх станцый, планеты-гіганты і планеты-ліліпуты, шматлікія зоркі, міма якіх праляталі, — робаты пракруцілі нам у сне. У архіве шмат самых розных запісаў, — выказаў сваё меркаванне маладзенькі лабарант.

— Глупства! — адазваўся я. — Добра помню, як мы праляталі праз сузор'е Льва. На свае вочы бачыў агністы Рэгул, а што да серыялаў, я да іх не падключаўся. Я глядзеў мульцік у сне.

— Не-е, мы сапраўды ляцелі, — нясмела пацвердзіў Арцём. — Я ўвесь час паіў Ням-Няма.


— Ням-Няма? — засмяяўся старшы пілот. — Значыць і ты глядзеў мульцік! Хлопцы, ніякага палёту не было, трэба выходзіць на паверхню і раз'язджацца па сваіх кватэрах. Я стаю на сваім: робатам давяраць нельга. Хай цяпер з імі разбіраецца Асацыяцыя!

— Чакайце, — сказаў Антон, які ўвесь гэты час за-думліва маўчаў — Сысці мы паспеем і сыдзем, але не ўсе. Значыцца, слухайце... Спушчуся на паверхню я, — абвёў экіпаж позіркам. — Можа спатрэбіцца доктар, таму будзь гатовы, Савіч...

— Мы часта на незнаёмых паверхнях працавалі з ім у пары, — прамовіў я. — Вазьмі і мяне, камандзір.

Антон пагадзіўся. Арцём шапнуў мне: — А я?

Яго таксама возьмем, — сказаў Антон і дадаў: — Усім астатнім заставацца на караблі да нашага вяртання. Калі якая небяспека, сігналізуйце, выходзьце на мабільную сувязь. Думаю, мы хутка ўсё высветлім, — і папрасіў лабаранта: — Зрабіце замеры на наяўнасць паветра. Калі яно ёсць тут, магчыма, што скафандры і не спатрэбяцца.

Яны, сапраўды, не спатрэбіліся. Мы нават вырашылі апрануццаў сваё звыклае зямное адзенне. I як толькі сышлі на паверхню, твары адразу аблашчыў прыемны цёплы ветрык, хоць яшчэ толькі пачынала світаць.



  • 3 вяртаннем! — пачуўся вясёлы голас

Гэта крыкнуў нам бортмеханік, які корпаўся ў абшыўцы зоркалёта Грынчука.

— Гм-м, ён пазнаў нас, — прабурчэў доктар Савіч. — I гэта ўжо зусім робіцца цікавым.

— Пазнаў, дык пазнаў, — неяк абыякава сказаў Ан-тон і, спыніўшыся, агледзеў мясцовасць. — А гэта сапраўды наш касмадром. Вунь, бачыце, стаяць састарэлыя караблі. Яны ўжо другі год там.

— Можа, патэлефануем у Асацыяцыю, цікава, ці адкажуць? — запытаўся я.

— Не, давайце пакінем касмадром, паглядзім, што за яго межамі.

I мы пайшлі, каб неўзабаве пераканацца, што за касмадромам усё было так, як мы прывыклі бачыць. Указальнікі на Раўбічы і на Мінск, ды яшчэ на нейкія мясціны, якія ніколі ніхто з нас не наведваў. Невялікае кафэ «Вясёлае лета», ля якога гуртам стаялі вайскоўцы. Відаць, са службы аховы. Некалькі аўтобусных прыпынкаў, стаянкі таксі, верталётная пляцоўка... Наўкол было даволі шматлюдна, што, дарэчы, кідалася ў вочы. Быў ранні досвітак. У такую пару людзі на Зямлі яшчэ спяць, ва ўсякім выпадку, гараджане.

Да аднаго з таксі падыходзіла дзяўчына. Мне яна падалася знаёмай. Падобную да яе бачыў аднойчы ў памяшканні Асацыяцыі. Яна злёгку пасміхнулася, і гэтая ўсмешка, далібог жа, адрасавалася мне. Яе вочы засвяціліся, і штосьці ўздрыгнула ўва мне. У яе позірку мільгнуў дзіўны ліловы бляск. Я накіраваўся да дзяўчыны. Яна ўжо зачыняла дзверцы таксі.

— Вы ў Мінск?

— 3 Мінска. Тут у мяне перасадка. Хачу наведаць бацькоў у Залессі. А вы толькі што прыляцелі? Са шчаслівым прызямленнем! — I зноў у яе вачах мільгнула тое ж ліловае ззянне.
Таксі ад'ехала. Я вярнуўся да сваіх. Яны ўжо стаялі на аўтобусным прыпынку.

— Куды рушым? — запытальна паглядзеў на Антона, а ў галаве круціліся словы, якія сказала дзяўчына. Хм-м, са шчаслівым прызямленнем!

— Ну не ў Раўбічы ж... У Мінск, вядома, — адказаў Антон. А потым запытаўся: «Што, знаёмую сваю пабачыў?»

Я толькі пасміхнуўся ў адказ.

«Ну і планетка, — думаў я, калі мы ўжо трэсліся ў паўпустым аўтобусе. — Колькі ж загадак тоіць у сабе Сусвет? Пакінуць Зямлю, праляцець паўгалактыкі і... зноў апынуцца на Зямлі. Гэта была самая сапраўдная неверагоднасць. А, можа, сапраўды мы нікуды не ляцелі?» I тут з'явілася думка.

— Арцём, — сказаў я. — Ты пазвані сваёй маці. Што там у цябе дома? Хвалюецца, напэўна! Вось тэлефон...

Арцём узяў мабільнік, пачаў набіраць нумар, і мы ўсе пачулі голас:

— Алё-ё...

— Ма-ам, гэта я.

— Ну, дзе цябе носіць?! Галодны днямі ходзіш, хоць бы што ўзяў з халадзільніка. Аліку званіла, думала, ты ў яго. Божа, сын называецца! Колькі ўжо дзён не бачыліся! А мы ж на Нямігу збіраліся, красоўкі купіць... У цябе красоўка адна дзіравая. Зараз жа каб быў дома!

Я паглядзеў уніз, пад ногі... У Арцёма сапраўды была дзіравая красоўка. Ён аддаў мне тэлефон. Усе маўчалі.

— Мне ехаць дадому? — праз нейкае імгненне запытаўся ён.



  • Разумееш, — нахіліўся да яго доктар Савіч, — ужо даўнавата мы спыніліся на адной зялёнай планеце…

— Кінь, Сымон, — засмяяўся Антон. — Стары чалавек, кепска бачыць. Лінзы ў яго ліловага колеру.

— Не-е, не лінзы! У той дзяўчыны, з якою я размаўляў ля касмадрома, таксама было ліловае ззянне ў вачах. I ў яе ліловыя лінзы?

— Не спрачайцеся, — паспрабаваў супакоіць нас доктар Савіч, — зараз зойдзем у кватэру, я патэлефаную Лоры і, магчыма, мы хутка нешта высветлім.

—А што высвятляць? Ну можа быць планета — копія Зямлі, я дапускаю! Ландшафт падобны, атмасфера, магнітнае поле іўсё такое... А тут! Арцём, ты размаўляў са сваёй маці па хатнім нумары тэлефона. Я сустрэў суседа, з якім гадоў дваццаць жыву дзверы ў дзверы, але... У яго ніколі раней не было ліловага бляску ў вачах! Дык гэта — Зямля ці не Зямля, скажыце мне?

Апошнія словы я выгукнуў вельмі моцна. Дзяўчынка, што збягала па лесвіцы, нават азірнулася.

— I ў яе ліловасць у вачах, — прашаптаў Арцём.

А я ўжо адчыняў дзверы ў кватэру і першае, на што звярнуў увагу калі зайшлі ў гасцёўню, быў мяшэчак з рачным пяском, які ляжаў на стале. Так, гэта была мая кватэра!

— Сядайце, хто куды... Размяшчайцеся. Я абяцаў вас пакарміць грыбкамі.

— Не цяпер, потым грыбкі, — сказаў Антон і сеў на канапу, позіркам запрашаючы садзіцца Арцёма і доктара Савіча. — Давайце, спачатку прыкінем, што мы маем.

— Ты прыкідвай, — сказаў доктар Савіч, а я прайду ў другі пакой, пазваню Лоры, — і запытаўся ў мяне: — Яе можна сюды запрасіць?

Я згодна кіўнуў і сеў побач з Антонам.

— Дык што ты сабраўся прыкідваць?

— Раскладзём усё, што называецца, па палічках... Планета, куды мы ляцелі, сапраўды аказалася копіяй Зямлі. Вось мы сыходзім з карабля, і бортмеханік, які завіхаецца ля зоркалёта Грынчука, крычыць нам: «3 вяртаннем!» Ён нас пазнаў, а мы ж упершыню на гэтай планеце. Значыцца...

— Правільна мысліш, камандзір, — у гасцёўню вярнуўся доктар Савіч. — Значыцца, да нас тут нехта быў падобны да мяне, да цябе, Антон, да Сымона... Іншымі словамі, жылі нашы двайнікі.

— Што ж атрымліваецца? — запытаўся я. — Мы пакідалі сваю Зямлю, а яны, нашы двайнікі, пакінулі гэтую планету. Мы цяпер тут, а яны, магчыма, там... у нас на Зямлі. I іх гэтаксама хтосьці прымае за нас, як тут нас — за іх!

— Вы забыліся пра ліловае ззянне ў вачах, — сказаў Арцём. — Па гэтым ззянні на Зямлі здагадаюцца, што гэта не мы.

— А яго можна і не заўважыць, — запярэчыў доктар Савіч. — Тая ж дзяўчына ля касмадрома не заўважыла, што ў Сымона самыя звычайныя зямныя вочы. Ва ўсякім выпадку, ніяк не адрэагавала на адсутнасць ліловасці ў іх.

— Ды яна не глядзела мне ў вочы, яна ўжо сядзела ў таксі і навошта ёй было мяне разглядваць! — сказаў я і тут жа ўспомніў. — Чакайце, чакайце... Яна мне сказала: «Са шчаслівым прызямленнем!» Тады атрымліваецца, што і гэтая чужая планета называецца Зямля. А як жа можа такое быць? Нейкая няўвязка атрымліваецца! I тут пачуўся званок у дзверы.

— Я адчыню, — сказаў доктар Савіч. — Гэта — Лора. Я таксама падняўся з канапы, пайшоў насустрач дзяўчыне... Яна ўжо зайшла ў гасцёўню. Доктар Савіч прапусціў яе наперад сябе і цяпер неяк прыглушана звярнуўся да нас:


  • Знаёмцеся — мая знаёмая Лора.

Лора мела даволі прыемную знешнасць і гэтак жа прыемна пасміхнулася. Ліловае ззянне ў яе вачах я ўжо ўспрыняў як належнае. А яна тым часам пераводзіла ўважлівы позірк з мяне на Антона, з Антона на Арцёма... Утварылася напружаная паўза. Яе парушыла Лора.

— Вы — не зямляне, — сказала яна. I гэтыя яе словы былі для нас раўназначнымі выбуху.

— Як гэта не зямляне?! — ускочыў з канапы Ан-тон. — Мы прыляцелі з Зямлі... 3 Беларусі! Зямля — наша планета. Яна існуе мільёны і мільёны гадоў.

— Я веру... Напэўна, гэтак яно і ёсць. — Лора працягвала ўважліва разглядваць нас. — Гэта — таксама Беларусь! Таксама — Зямля! Зямля-2... Клон вашай Зямлі. I мы ўсе, хто жыве тут на ёй, таксама клоны. Вашы клоны. У нас ваша ДНК. — Лора зрабіла паўзу, задумалася. — Праўда, я пра ўсё гэта ведаю вельмі цьмяна, на ўзроўні чутак. Ва ўсякім выпадку такой гіпотэзы прытрымліваюцца многія і многія нашы вучоныя. Калі ім верыць, дык ваша чалавецтва і наша існуюць паралельна мільёны і мільёны гадоў I у нас аднолькавая эвалюцыя, ідэнтычнае развіццё... Вы — гэта мы, мы — гэта вы! Нас розніць толькі адно...

У гэты момант званком адазваўся Антонаў мабільнік. Нехта званіў з карабля. Антон уважліва выслухаў, потым запярэчыў:

— Ні ў якім разе! Хай звоняць, хай патрабуюць! Я забараніў сыходзіць на паверхню! — I ён адключыўся, паглядзеў на Лору. — Ну, дык што нас розніць?

— Той, хто стварыў Зямлю-2, лічаць некаторыя нашы вучоныя, вырашыў усім нам, яе жыхарам, зрабіць падарунак. Мы — несмяротныя. У нашых вачах, у зрэнках ёсць крышталік... Гэта — рухавік бясконцасці, рухавік вечнага жыцця. Ён нейкім чынам звязаны з ядром нашай планеты, з яго сілавымі энергіямі. Наша Зямля нас сілкуе, таму мы ніколі не спім. Мы не ведаем, што такое сон. Мы заўсёды ў бадзёрым стане. У вашых зрэнках няма рухавіка вечнага жыцця, вы — смяротныя...

Мы слухалі Лору, верылі і не верылі. Але шок быў... Што мы маглі сказаць на гэта? Я чамусьці запытаўся ў Антона:

— Што яны хацелі, з карабля?

— 3 імі звязаліся з Асацыяцыі зоркавых палётаў. Патрабуюць, каб выходзілі на паверхню. Ім для нечага патрэбен старшы пілот.

— Гэтага рабіць нельга, — сказала Лора. — Супрацоўнікі Асацыяцыі адразу вызначаць, што яны з першаасновы, з Зямлі-1. Іх пастараюцца затрымаць... Для доследаў. Калі ў вас былі з некім кантакты, дык сюды могуць прыйсці са службы бяспекі.

— Кантакт быў! Дзядзька Сымон, ты размаўляў са сваім суседам, — сказаў Арцём.

— Мой сусед — дома, на Зямлі, — адказаў я. — А тут... іншапланецяне. — I падняў позірк на Лору. — Клон майго зямнога суседа, так трэба разумець? Ён заўважыў, што ў мяне няма ліловага бляску ў вачах, што яго і напалохала.

— Вам трэба пакідаць гэтую кватэру, — Лора паглядзела на доктара Савіча. — Я хачу стаць такой, як вы... Адчуць, што такое сон. Мне не трэба несмяротнасці. У мяне ёсць магчымасць пабачыць Зямлю-1. Я хачу паляцець з вамі і, можа, нават змагу некалі вярнуцца, расказаць, што там... на першааснове.

— Наш карабель не разлічаны на дадатковы груз, — хутка адказаў Антон.

— Яна мала важыць, — задумліва зазначыў доктар Савіч і кіўнуў Антону. — Пройдзем у той пакой...

Я не ведаю, пра што яны там размаўлялі, магу толькі здагадвацца, але вярнуліся яны вельмі хутка.

Доктар Савіч не хаваў задавальнення і адразу звярнуўся да дзяўчыны:

— Я яго ўгаварыў, Лора. Ты ўсё ж мая знаёмая... Яго апошняя фраза была бы са сцэны тэатра абсурду, як і ўсё астатняе. Мы нечакана ўсе ўздрыгнулі, так гучна зазваніў хатні тэлефон у кватэры.

— Не бярыце трубку, гэта можа быць служба бяспекі, — засцерагальна сказала Лора. — Вы ўступалі ў кантакт...

— А, можа, нехта звоніць табе? — запытальна паглядзеў на мяне Антон і нервова засмяяўся.

Мы ўжо адчувалі, што трэба пакідаць гэтую кватэру, спешна вяртацца на карабель. На гэты раз я не забыўся пра мяшэчак з рачным пяском. I хоць ведаў, што ён не належыць мне, сунуў яго ў кішэню. А калі ўжо стаялі на аўтобусным прыпынку чакаючы рэйсавага аўтобуса на касмадром, я пачуў крык:

— Сымо-он! Сымо-он!

Азірнуўся і ў тым, хто бег да нас, пазнаў, хм-м... свайго стрыечнага брата. Ён пасміхаўся шчыраю ўсмешкаю беларуса, вочы свяціліся ліловым ззяннем, якое проста іграла ў іх. — Ты вярнуўся-я! Вярнуўся-я-я... А я лічыў, што ўжо не пабачымся!

— Таксі-і! — крыкнула Лора і спыніла машыну. — На касмадром! 3 намі падлетак, як-небудзь уціснемся.

Мы сапраўды ўціснуліся і праз якую гадзіну ўжо былі ля касмадрома. Калі з намі ветліва прывітаўся юнак, падобны да праграміста, што працаваў на на-шай Зямлі ў Асацыяцыі, мы, як па камандзе, апусцілі вочы, каб не выдаць сябе, што мы не з Зямлі-2.

— Скажыце, хай зойдзе ў аддзел кіравання палётамі ваш старшы пілот, — папрасіў ён. — У нас перабоі з сувяззю, правісае кантакт.

— Скажам, — прабурчэў Антон.

Мы заспяшаліся да карабля і без аніякіх тлумачэнняў астатнім членам экіпажа, якія запытальна глядзелі на Лору, Антон аддаў распараджэнне старшаму пілоту:

— Ідзіце да сваіх робатаў, хай рыхтуюцца да старту. Вяртаемся на Зямлю.

Лору падсялілі ў адсек да псіхолага Галі.

— Ты б яе праінструктаваў — сказаў я Антону. — Робаты аб'явяць старт, загадаюць пагружацца ў сон, а ў Лоры гэты... рухавік вечнага жыцця.

— Я ўжо ўсё сказаў Галі. Ідзі ў свой адсек і ні пра што не турбуйся.

У адсеку мяне чакаў доктар Савіч. Арцём паіў з піпеткі Ням-Няма, але я не мог не заўважыць, што твар у яго быў засмучаны.

— Нешта здарылася, Арцём?

— Голас... куды я званіў. Гэта быў голас маёй мамы.

— Ты пабачыш яе, калі мы вернемся на Зямлю. Яна там цябе чакае, хвалюецца.

— А я ўсё думаю пра Лору Сымон, — сказаў доктар Савіч. — Напэўна, не трэба было яе браць з сабою, але ж я — доктар, мне цікава паназіраць...

— Як за аб'ектам для доследаў? Ці штось іншае?

I доктар Савіч не паспеў мне адказаць, таму што пачуўся голас пілота-робата, які папярэджваў, што хутка мы стартуем і ўсім трэба пагружацца ў кароткі сон...

А неўзабаве мы ўсе зразумелі, што Лору ўзялі на свой карабель дарэмна. Яна слабела на вачах, не магла ні піць, ні есці, адно: ляжала. Было бачна, што да Зямлі Лора не даляціць.

— Яна ўвесь час паўтарае адно і тое ж: «Я хачу спаць, я хачу спаць», але заснуць ніяк не можа, — казаў мне доктар Савіч, калі аднойчы мы сустрэліся ў цэнтральным холе карабля. — I вось што я думаю, Сымон. Хтосьці падарыў жыхарам Зямлі-2 несмяротнасць і такім чынам закансерваваў іх. Яны могуць жыць толькі ў межах гэтай сваёй планеты, паколькі сілкуюцца ад яе ядра. Мы бачылі, у іх ёсць касмічныя караблі, яны ж копія нашага развіцця, розум ім дазволіў дасягнуць гэтага. Але варта ім толькі адправіцца ў нейкае касмічнае падарожжа, і яно аказваецца для іх незваротным. Жыццёвыя сілы пакідаюць іх, як толькі яны аддаляюцца ад сваёй планеты.

— Значыцца, тыя... Ну-у, нашы клоны, нашы двайнікі, за каго прымалі нас, маглі адправіцца на нашу Зямлю, але не даляцелі да яе, і наўрад ці вернуцца на Зямлю-2.

— Атрымліваецца, што не вернуцца, — і ў голасе доктара Савіча чулася горыч. — У іх ёсць несмяротнасць, Сымон, але няма шляху ў іншыя светы. Яны — дзеці адной планеты, адно цэлае з ёю.

I тут у хол зазірнула псіхолаг Галя.

— Доктар Савіч, Лора нарэшце заснула, — і цяжка было зразумець, сказала яна гэта з радасцю ці са смуткам. А вось доктар змяніўся ў твары:

— Баюся, што не заснула, а памерла, — ён не хаваў роспачы. — Мы ўжо дастаткова аддаліліся ад Зямлі-2. Энергія яе ядра перастала сілкаваць Лору.

I ён не памыліўся. Цела Лоры мы паклалі ў герметычную капсулу і пахавалі ў адкрытым космасе. За ўвесь час нашых падарожжаў такое здарылася ўпер-шыню, і мы чамусьці пасля гэтага стараліся не выходзіць са сваіх адсекаў быццам адчувалі нейкую віну перад Лорай. I толькі ўжо калі падляталі да Зямлі, мяне і доктара Савіча выклікаў да сябе ў адсек Антон.

— У мяне ўжо было некалькі сеансаў сувязі з Асацыяцыяй, — сказаў ён. — Я паведаміў, што мы знайшлі і наведалі Зямлю-2, планету — копію нашай Зямлі.

— I што?


— Мне не паверылі. Запатрабавалі выкласці доказы, як гэта звычайна ў нас бывае: расліны, жывёліны, грунт, камяні ці што іншае. Любая інфармацыя, а тым больш сенсацыйная, патрабуе доказаў.

— Гэтым доказам магла б быць Лора — дзяўчына з сузор'я Дзевы, — сказаў доктар Савіч. — У прынцыпе, я і гэты варыянт пракручваў.

I тут я ўспомніў пра мяшэчак з рачным пяском, пра што і сказаў, маўляў, цяпер у мяне два мяшэчкі. Пясок з таго, які я ўзяў у кватэры на Зямлі-2, можна даследаваць. Раптам там ёсць нейкія мікраарганізмы, якіх няма на нашай Зямлі.

— Не-е, гэта не доказ, — сказаў Антон. — Ты жартуеш? Мяшэчак з пяском! Ды з нас проста пасмяюцца...

Вырашылі, што па прылёце на Зямлю асабліва не будзем распаўсюджвацца пра гэтае наша падарожжа. Тое, што мы былі на Зямлі-копіі вялікай неверагоднасцю здавалася ўжо і нам самім. А сапраўдная Зямля, якую Лора назвала першаасновай, тым часам набліжалася... I вось ужо мы ўсе прыніклі да галаўнога ілюмінатара, і калі ўжо гатовы былі сысці на паверхню на касмадроме за Раўбічамі, Арцём на хвілінку затрымаў мяне ў адсеку:

— Дзядзька Сымон, вазьмі... Я гэта знайшоў пасля таго, як Лору паклалі ў капсулу, — і ён працягнуў мне маленькі крышталік, цьмяналіловую пацерку... «Вось ён, доказ, што мы былі ў сузор'і Дзевы на Зямлі-2», — мільганула думка, і тут жа я адагнаў яе. Які дзівак мог паверыць, што маленечкая пацерка магла быць рухавіком вечнага жыцця! I я проста паклаў яе сабе ў кішэню, але ўсё ж паказаў яе доктару Савічу. Але гэта было ўжо значна пазней, калі мы развіталіся з усімі членамі экіпажа, зразумела, і з Арцёмам. Я дазволіў яму ўзяць з сабою Ням-Няма і паабяцаў што абавязкова з ім звяжуся пасля чарговага палёту ў космас. Мне чамусьці не надта хацелася ехаць дамоў у сваю кватэру на Паўднёвым Захадзе, яшчэ помнілася кватэра на Зямлі-2, і доктар Савіч прапанаваў:

— Табе трэба прывыкнуць зноў да Зямлі ў нейкім нейтральным месцы. Я запрашаю цябе да сябе, на сваю сядзібу Адпачнеш тыдзень-другі. Рыбку паловім, недалёка азярцо ёсць...

Я пагадзіўся. Узялі таксі і выйшлі з яго, трошкі не даехаўшы да доктаравай сядзібы. Вырашылі прайсціся лугам, каб як след адчуць, якое яно сапраўднае зямное паветра. Вось там я і паказаў доктару Савічу тую пацерку.

— Дай добра разгледжу, — сказаў ён. I не ўтрымаў, крышталік выслізнуў з яго рук, упаў у густую лугавую траву I як мы ні шукалі яго, знайсці так і не змаглі.

Я сапраўды затрымаўся на доктаравай сядзібе не-калькі тыдняў а потым мне патэлефанавалі з Асацы-яцыі. Аднекуль з суседняй галактыкі экіпаж Грынчу-ка, чый зоркалёт, дакладней, копію яго зоркалёта з клонам бортмеханіка мы бачылі на Зямлі-2, пры-вёз надзвычай цікавую раслінападобную істоту. Зне-шне — гэта была расліна з вялікім шырокім лісцем. Яна чымсьці нагадвала наш зямны лопух. Калі надыходзіў час цвіцення, у яе на высокай сцябліне распускалася сіняя кветка ў выглядзе вялікай рукі з шасцю пальцамі. I гэтая рука хапала ўсё, да чаго магла дацягнуцца. Нават абрывала ўласнае лісце. У Асацыяцыі склікалі кансіліум, сабралі ўсіх нашых батанікаў пасля чаго павінна было распачацца даследаванне расліны. Я таксама быў туды запрошаны, хацелася прыняць удзел у тых доследах. Таму давялося развітацца з доктарам Савічам, як пасля аказалася, ледзь не на год. За гэты час я ўжо нават паспеў злётаць у кароткую камандзіроўку на Месяц, як раптам патэлефанаваў мне Антон:

— Слухай, ты ў бліжэйшы час будзеш вольным? Ёсць ідэя! Мяне зноў угаварыў наш дарагі доктар Савіч, — і ён распавёў далей. — Ну-у, памятаеш, тая яго Праграма... Мы ж не памыліліся з планетай-копіяй, дык чаму б не паляцець да сузор'я Шаляў, у якім, калі зноў жа верыць Праграме, на адной з планет у сістэме зорак, што яго складаюць, ужо даўно вынайшлі машыну часу. Думай, Сымон, думай! Я прапаную, а вырашаць табе!

I я, безумоўна ж, вырашыў. Я пагадзіўся ляцець да сузор'я Шаляў, што, мы і зрабілі неўзабаве. I вось тут варта сказаць, што, як толькі наш асноўны склад экіпажа сабраўся на касмадроме за Раўбічамі, да мяне адразу ж кінуўся доктар Савіч. I па выразе яго твару я зразумеў, што ў доктара ёсць нейкая навіна.

—• Сымон, не паверыш, — я нават не пачуў ад яго слова вітання. — А той крышталік — рухавік вечнага жыцця — яшчэ захоўваў нейкую жыццёвую сілу.

— 3 чаго ты гэта ўзяў? — запытаўся я.

— Ведаеш, там, дзе мы згубілі гэтую пацерку, пры лузе вырасла дзівосная расліна і нават паспела зацвісці. Пялёсткі ў яе кветак ліловыя-ліловыя, як той бляск у вачах хм-м... нашых клонаў на Зямлі-2.

— Лепш сказаць, у вачах Лоры. Пацерка-рухавік належала ёй.

— Во-во, — пагадзіўся доктар Савіч. — Таму я і назваў гэтую расліну: сон лугавы. Хай такім чынам жыве на Зямлі памяць пра Лору.

I я дадаў ад сябе да слоў доктара:



  • Хай жыве, як сказала б яна сама, на першааснове. I не толькі як памяць пра яе, а і пра ўсю Зямлю-2, куды ўжо, думаю, наўрад ці хто зможа патрапіць з нас, зямлян.

У САДАХ СЕМІРАМІДЫ - НЯЎТУЛЬНА!

1

Я чакаў, што вось-вось пачую голас пілота-робата, маўляў, праз некалькі хвілін мы стартуем. Трэба пагружацца ў сон. Але на гэты раз нічога такога не адбылося, хаця карабель ужо ўзлятаў. Упершыню традыцыя была парушана, і я выйшаў з адсека ў цэнтральны хол, дзе заўжды можна было пабачыць каго-небудзь з членаў экіпажа. Вось і цяпер за невялікім столікам там ужо сядзеў Антон, а з ім — незнаёмец, даволі малады хударлявы мужчына, якога я бачыў упершыню, што мяне здзівіла. На касмадроме я яго не заўважыў



— Падыходзь да нас, Сымон, — адазваўся Антон. — I знаёмся... Наш новы старшы пілот Ганс Мюлер з Саксоніі.

I мне ўсё стала зразумела. На караблі з'явіўся новы чалавек, а з ім і новы распарадак. Мае думкі быццам падслухаў Антон:

— Ганс узяў толькі аднаго пілота-робата і лічыць, што калі чалавек спіць, дык нават адзін робат небяспечны. Сон мы адмянілі.

Ганс засмяяўся і звярнуўся да мяне па-беларуску:

— Вы батанік? Дык, цікава ведаць, што сталася з тою раслінападобнаю істотаю, якую прывезлі з чужой галактыкі? Чуў у Асацыяцыі, што яе сіняя рука ўсё расце і расце...

— Не-е, ужо сохнуць пачала. Іншымі словамі, адцвітаць.





  1   2


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка