Батлейка. Сцэна 1 Голас Вядучага



Дата канвертавання28.12.2016
Памер62.22 Kb.
Батлейка.

Сцэна 1
Голас Вядучага: Усемагутны Бог кіруе сусветам. Ён стварыў неба і зямлю, а таксама Ён стварыў чалавека на Свой Вобраз і Падабенства. Але чалавек адкінуў Божую любоў і выбраў грэх. Аднак Бог так моцна палюбіў Сваё стварэнне, што не хацеў, каб чалавецтва загінула ў зле.

Таму…
На сцэне збоку сядзяць дзяўчынка з бабуляй.



Дзяўчынка: Вось і Божае Нараджэнне прыйшло! Навокал агні, усе людзі дораць адно аднаму падарункі!

Бабуля: Так, вось і зноў надыходзіць Божае Нараджэнне, гэта чароўнае свята. Я так люблю яго адзначаць, бо гэта дзень нараджэння майго Збаўцы. А ты ведаеш, які быў першы і самы галоўны падарунак для Езуса?

Дзяўчынка: Ну… Напэўна… Можа быць… А… Раскажы мне, калі ласка, яшчэ раз пра тое, як прыйшоў на зямлю Езус.

Бабуля: Добра. Зараз я табе раскажу гісторыю, а ты падумай. Я ніколі не стамлюся паўтараць гэты цудоўны аповед пра любімага Збаўцу.
Голас Вядучага: «У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай». Такім чынам, яны шукалі месца для начлегу.
Сцэна 2 (Лука 2: 1-5)

Юзаф: Глядзі, Марыя, вось Бэтлеем, мой родны горад. З вялікай Божай ласкі мы будзем там яшчэ да таго, як стане цёмна.

Марыя: Так, нарэшце мы прыйшлі! Гэта было доўгае падарожжа! Я так стамілася, што мару толькі пра адпачынак.

Юзаф: Я ганаруся табой, Марыя! Шэсць сутак шляху – гэта нялёгка для жанчыны ў тваім стане.

Марыя: Які маленькі Бэтлееем, усяго 30-40 дамоў. Напэўна, наш Пан ужо даўно падрыхтаваў нам месца для адпачынку.

Юзаф: Так, Марыя, тут, у самым маленькім горадзе Юдэі нарадзіўся наш цар Давід.

Марыя: Можа, тут народзіцца Збаўца свету, ужо нядоўга засталося чакаць. Пан будзе з намі, пойдзем пашукаем начлег. (Юзаф стукае ў 1-ы дом). Дарагія браты з Бэтлеема, адчыніце.

Гаспадар: Так, так! Што вам трэба?
Юзаф: Шаноўны, спакой табе. Я з жонкай прыйшлі на перапіс. Шлях быў доўгім, і мая жонка вельмі стамілася, прашу даць нам месца для начлегу.

Гаспадар: Рады бачыць цябе, годны нашчадак Давіда, але, на жаль, не засталося вольнага кутка. Вельмі шмат народу прыйшло. Упэўнены, вы не знойдзеце ў горадзе месца, але я ўсё ж запрашаю вас. Скажу я вам вось што. Тут недалёка ёсць невялікая стайня. Утульненькая такая. Як наконт яе, га?

Юзаф глядзіць на Марыю, гаворыць са шкадаваннем.

Юзаф: Марыя, няўжо ў Дзіцяці такі павінен быць пачатак? Але сам Пан пасылае нам гэта жытло. Я не магу нічога змяніць. Прымаем гэта запрашэнне і ідзём зараз жа?

Марыя: Няхай будзе на ўсё воля Пана.

Юзаф: Канешне, мы згодныя.

Гаспадар: Вось і цудоўна, хадзем са мной, я вам пакажу. Я прапаную вам хлеб і ложак.

Гаспадар падводзіць іх да кулісы.

Гаспадар: Вось і месца адпачынку. Тут цёпла, шмат свежага сена, а вячэру вам прынясуць.
Анёл: Хрыстус нарадзіўся! Я вельмі добра памятаю тую ноч. Было вельмі ціха. Увесь свет сцішыўся ў чаканні Хрыста. І ў гэтай цішы была свая – дзіўная мелодыя.
Сцэна 3
Голас Вядучага: На горад спусцілася ціхая, зорная ноч. Спіць шматлюдны Бэтлеем. Але не спяць на полі пастухі, якія ў той краіне вартавалі ўначы свой статак. Стомленыя спякотай дня, яны ціха сядзяць ля вогнішча.
На сцэне ля вогнішча сядзяць трое пастухоў. Ноч. Спакойная музыка. Чуваць бляянне авечак. Пастухі ціха размаўляюць паміж сабой.

1-ы Пастух: Як ціха і спакойна сёння ноччу.

2-і Пастух: Можна павячэраць і крыху адпачыць.

1-ы Пастух: Але я хачу пачуць працяг гісторыі пра наш народ.

3-і Пастух: Ты самы малодшы з нас, таму такі нецярплівы. На ўсё свой час.

1-ы Пастух: Мы спыніліся ўчора на самым цікавым месцы, ты скончыў апавяданне на тых абяцаннях, якія Пан даваў нашаму народу – Ізраэлю.

3-і Пастух: Так, усе гэтыя абяцанні даваліся нам, ізраэльцянам, для таго, каб мы не забываліся шукаць дарогу да Пана Бога нашага і заўсёды памяталі пра Яго любоў да нас.

2-і Пастух: Але людзі маюць вельмі кароткую памяць і мала жадання спазнаць тое, што ім так неабходна.

3-і Пастух: Але ў Святым Пісанні гаворыцца, што любоў нашага Айца – Стварыцеля такая вялікая, што Ён вельмі многа нам прабачае і пакінуў нам вялікую надзею на збаўленне ад усіх грахоў.

1-ы Пастух: Як жа яно прыйдзе, гэтае збаўленне?

2-і Пастух: Кажуць, што народу будзе дадзены Збаўца – Месія.

3-і Пастух: Павінен з'явіцца Збаўца, Які здзейсніць нечуванае дагэтуль: Ён прыме ўсе грахі людзей на Сябе, каб яны мелі магчымасць пачаць новае, бязгрэшнае жыццё.

1-ы Пастух: Ой, калі ж гэта будзе! Нам, напэўна, не дажыць да гэтага.

2-і Пастух: Так, той, хто верыць словам Пісання, той і чакае.

3-і Пастух: Не так ужо і далёка той час. Вы паглядзіце, як зямля навокал напоўнілася чалавечымі грахамі, колькі мярзоты і несправядлівасці наўкол. А Месія павінен прыйсці, калі настане поўня часу.
Голас Вядучага: «І з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх».
З'яўляецца Анёл. Яркі прамень асвятляе сцэну. Пастухі здзіўленыя. Потым чуваць голас Анёла.

1-ы Пастух: Што гэта такое? Чаму такое святло?

Анёл: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях».

Прамень святла згасае.

2-і Пастух: Што б гэта азначала?

3-і Пастух: Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім на тое, што там адбылося, што абвясціў нам Анёл.

1-ы Пастух: Так, хутчэй, хутчэй! Пабяжым!

Пастухі сыходзяць са сцэны.
Сцэна 4
Голас Вядучага: У гэтую ноч на небе гарэла новая яркая зорка. Яе ўжо раней убачылі мудрацы на Ўсходзе. Мудрацы ўзялі з сабой падарункі для караля і вырушылі ў дарогу. Іх шлях быў цяжкім і доўгім. Пуцяводная зорка прывяла мудрацоў у Юдэю. Калі ж Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерузалем да караля Ірада.
Ірад: Каралём нялёгка быць, мой сын. Заўсёды баішся за сваё жыццё.

Антыпа: Што ты маеш на ўвазе, айцец?

Ірад: Ах, гэты звар'яцелы народ са сваім законам! Палесціна была б даўно разбурана, калі б Кесар не адносіўся да іх паблажліва. Як быццам гэтыя гульні ў гонар Кесара з'яўляюцца смяротным грахом! Я стараюся, працую для народа. І што ўзамен? А яны намаўляюць усю краіну супраць мяне. Яны б забілі мяне, калі б маглі! Але я ім яшчэ пакажу, хто такі Ірад!

Антыпа: Айцец, супакойся! Усё не так ужо страшна. Тут, у гэтай новай крэпасці ты ў бяспецы. У крайнім выпадку, ты можаш зысці ў сваё сховішча ў гарах. І, між іншым, святары на тваім баку.

Ірад: Замаўчы, Антыпа! Твая наіўнасць пераходзіць усе межы. Ты нікому не павінен давяраць. Чуеш – нікому! Мне нават цяжка ўявіць, што мае сыны будуць сядзець на гэтым троне! Але пакуль што я маю ўладу!

Слуга: Ваша Высокасць! Ваша Высокасць! Вы чулі навіну?

Ірад: (раўнадушна) І якую навіну?

Слуга: Кароль нарадзіўся!

Ірад: Што?! Хто табе такое сказаў?!

Цягне слугу да сябе.

Слуга: Нейкія каралі, якія прыйшлі з усходу, каб пакланіцца Яму.

Ірад: Пакланяцца Яму?! Пакланяцца Яму?!

Слуга спалохана махае галавой.

Ірад: Ну, чаго ты яшчэ чакаеш? Ідзі адсюль хутчэй, неразумны!

Слуга: Добра, добра.

Мудрацы ўваходзяць са слугой.

Слуга: Госці, Ваша Высокасць!

Звяртаецца да мудрацоў.

1-ы Мудрэц: Кароль, навекі жыві. Нас прывяла да цябе новая зорка. Тут нарадзіўся кароль, а гэта не часта бывае, і не пра кожнага караля гавораць зоркі.

Ірад: Рады вітаць вас у маім каралеўстве. Дзякую вам за тое, што вы аказалі мне гонар і не абмінулі мяне. Раскажыце мне пра ваша падарожжа. Але што гэта за зорка?

2-і Мудрэц: Мы прыйшлі знайсці аднаго народжанага Караля Юдэйскага. Мы бачылі Яго зорку на ўсходзе і вось прыйшлі пакланіцца Яму.

Ірад: Як цудоўна! І калі вы яго знойдзеце, калі ласка, паведамце мне. Я таксама хачу пакланіцца Яму.

Слуга, несучы гарбату, спатыкаецца, шакаваны ад голасу Ірада.

3-і Мудрэц: Абавязкова, Ваша Высокасць!

Ірад: Няхай пашле вам Бог поспех у гэтай справе.

Мудрацы кланяюцца і сыходзяць.

Ірад:

Што гэта за дзіця? Што за дзіця?

Хвалы не годна ані кроплі!

Які ён Збаўца? Я – ўладар!

Ў мяне ён не адыме скібкі хлеба,

І у бясконцым гэтым свеце

Адзіным каралём, бясспрэчна, буду я!

Голас Вядучага: «Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра».
Сцэна 5

Дзяўчынка: Дзякуй табе, Бабуля, што расказала мне гэтую цудоўную гісторыю. Я нават і не ведала, што маленькі Езус увйшоў у гэты свет у такой страшнай галечы і што пагражала Яму смерць.

Бабуля: Бачыш, дарагая, такі быў гэты свет. Не ўсе радаваліся нараджэнню Езуса. Ірад нават быў поўны нянавісці, зайздрасці і злосці. Але самае галоўнае, што Усемагутны Бог сам паклапаціўся пра Святую Сям'ю і дапамог пераадолець усе цяжкасці. Езус паказаў нам вялікую любоў Бога Айца і праз сваё нараджэнне, жыццё, смерць і ўваскрасенне збавіў усіх нас.

Паглядзі, дарагая, усе сабраліся каля ясляў, каб пакланіцца Нованароджанаму. Дык пойдзем жа і мы схіліць перад Ім калені і сказаць, як моцна мы Яго любім.


Голас Вядучага: Не ўсе яшчэ зразумелі, што адбылося амалі 2000 год назад. Не ўсе яшчэ ведаюць, хто такі Езус. Не ўсе слёзы яшчэ высахлі. Не ўсе беды зніклі. Не ўсе войны скончыліся. Але ёсць добрая навіна. Нарадзіўся Езус. Нарадзіўся Сын Бога. І Ён гатовы стаць Збаўцам кожнага з вас.
: images -> stories -> files -> credo -> teatr
teatr -> Знойдзеныя мары … аповед пра Божае Нараджэнне, якое працягваецца Героі
teatr -> К вифлеему не очень далеко” “Да Бэтлеема не вельмі далёка” Лектар 1
teatr -> Калі мы бачылі Цябе, Пане?
teatr -> У цэнтра сцэны крыж. Голас Пана Езуса з укрыцця. Постаці прыходзяць з разных месцаў касцёла Ціхая музыка
teatr -> Батлейка без слоў – музычная батлейка Час каля 20 хвілін Героі
teatr -> Цемра, фанаграмма –гадзіннік, мелодыя – amomentLost Адвэнт – чаканне Голас аўтара
teatr -> Батлейка з нашых часоў музычная батлейка Героі: Юзаф
teatr -> Дары Артабана (сцэнка на Божае Нараджэнне)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка