Бдпу, Мінск Новыя спартыўныя традыцыі: вяртанне да вытокаў



Дата канвертавання30.06.2016
Памер63.25 Kb.

powerpluswatermarkobject40578685


Старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры

А. В. Дрыгін

БДПУ, Мінск
Новыя спартыўныя традыцыі: вяртанне да вытокаў
Апошнім часам на Беларусі мэтанакіравана ажыццяўляецца праграма прапаганды здаровага ладу жыцця ў грамадстве. І гэта ўжо мае добрыя вынікі. Па-першае, дасягненні беларускіх спартсменаў, якія прымаюць удзел у міжнародных спаборніцтвах, усё больш высокія і значныя, што абумовіла ўзнікненне хвалі масавай цікавасці да міжнародных спартыўных падзей. Алімпійскія гульні, чэмпіянаты па тэнісу, футболу, хакею і іншых відах спорту сёння засяроджваюць увагу мільёнаў беларусаў. Па-другое, жыхары Беларусі, якія не звязаныя з прафесійным спортам, часцей выбіраюць актыўны від адпачынку і актыўна ўдзельнічаюць у аматарскіх спартыўных спаборніцтвах. Прыкладам таму з’яўляецца правядзенне Дзён здароўя на прадпрыемствах і ва ўстановах адукацыі, Рэспубліканская лыжня і мясцовыя марафоны, масавае наведанне спартыўных баз, фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў, басейнаў і рэспубліканскіх гарналыжных курортаў.

Аднак, у сучасны момант шырока не разглядаецца магчымасць аб’яднання людзей пад час правядзення спартыўнага свята, заснаванага на традыцыйных гульнях беларусаў, на неабсяжнай спартыўнай спадчыне народа. І гэта нягледзячы на тое, што такія спартыўныя відовішчы, калі цэнтральнае месца належала менавіта народнай гульні, ужо праводзіліся на Беларусі. Ды і забавы, падобныя да сучасных спартыўных гульняў, можна знайсці ў гісторыі развіцця традыцыйнай фізічнай культуры беларусаў. І таму хацелася б звярнуць увагу грамадскасці на неабходнасць звязваць праграму прапаганды здаровага ладу жыцця з адраджэннем беларускай культурнай спадчыны, з папулярызацыяй народных спартыўных традыцый, што забяспечыць выхаванне патрыятызму.

Пошук шляхоў вырашэння дадзенай праблемы і вызначыў ідэю арганізацыі і правядзення своеасаблівых Алімпійскіх гульняў на аснове традыцыйнай гульнёвай культуры беларускага этнасу. А эксперыментальнай пляцоўкай стаў факультэт фізічнага выхавання Установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”.

“Беларусіяда” – рабочая назва мерапрыемства – спартыўна-культурнае свята, арганізаванае па прынцыпу чэмпіянату, якое ўяўляе сабой спартыўныя спаборніцтвы (камандныя і асабістыя) па беларускіх народных гульнях. У аснову мерапрыемства пакладзены найбольш адметныя беларускія народныя гульні, выбраныя па прынцыпах беларускіх традыцый, распаўсюджанасці па рэгіёнах, відовішчнасці і накіраванасці на развіццё разнастайных фізічных якасцяў: “Лапта” – актыўная і захапляючая гульня на спрытнасць і кіданне ў цэль; “Два агні” – рухавая забава з мячом па прынцыпу “выбівалаў”; “Рыбакі”, “Дзень-ноч” – спаборніцтвы на хуткасць; “Пальчаткі”– гульня-стратэгія, на вытрымку і хуткасць; “Пекар” – спаборніцтва, якое патрабуе і меткасці, і спрыту, і кемлівасці; “Пацяг” і “Перацяжкі” – сілавыя відовішчы, дужанне з традыцыйнымі правіламі; стральба з рагаткі – спаборніцтва на меткасць.

У свяце закладзены велізарны выхаваўчы і развіваючы патэнцыял, бо фізічная падрыхтоўка абапіраецца на глыбокія народныя карані. Чалавек, прайшоўшы праз такое спартыўна-культурнае выпрабаванне, панясе ў жыццё дух патрыятызму, любові і пашаны да народных традыцый, зробіць штуршок да аднаўлення былых звычаяў, ды і проста папоўніць свой уласны запас гульняў, забаў, якія можна выкарыстоўваць у паўсядзённай дзейнасці.

Спартыўна-культурнае свята дапамагае аб'яднаць людзей розных інтарэсаў, бо агульнае мерапрыемства збірае ўдзельнікаў і балельшчыкаў розных спецыяльнасцей, што дапамагае пашырыць кожнаму сваё кола неафіцыйных зносін, узбагаціцца новымі ўражаннямі і знаёмствамі.

Карысным будзе вопыт правядзення “Беларусіяды” і для арганізацыі вольнага часу дзяцей і моладзі ва ўстановах адукацыі, летніках, дамах адпачынку і інш.

Асноўныя арганізацыйныя пытанні спартыўна-культурнага свята вырашае Факультэцкі камітэт Беларусіяды (ФКБ), які складаецца з адміністрацыі, выкладчыкаў і студэнтаў факультэта фізічнага выхавання БДПУ.

Дадзены камітэт прымае рашэнні, якія датычацца:

• арганізацыі свята: час правядзення, вызначэнне тэрміну працягласці свята, на якіх пляцоўках, сцэнарны ход “Беларусіяды” і іншае;

• падрыхтоўчай работы: вызначэнне складу ўдзельнікаў, арганізацыя трэніровак з камандамі, падрыхтоўка суддзяў, кантроль за станам пляцовак, інвентара;

• вызначэння парадку гульняў і складання сістэмы выбывання каманд асобна па кожнай гульні з улікам выкарыстання Алімпійскай сістэмы выбывання каманд;

• забеспячэння перадачы інфармацыі пра спартыўна-культурны рух;

• вырашэнне спрэчных пытанняў па арганізацыі і правядзенню “Беларусіяды”.

У склад ФКБ уваходзіць Сакратар Беларусіяды, які займаецца афармленнем дакументацыі да правядзення свята, адказвае за дзейнасць сакратароў гульняў, удзельнічае ў вырашэнні пытанняў па арганізацыі і правядзенню свята.

Праграма свята складаецца з двух блокаў: культурнага – урачыстае Адкрыццё і Закрыццё Беларусіяды і спартыўнага – спаборніцтвы па беларускіх народных гульнях.

Адкрыццё Беларусіады праводзіцца ўрачыстацырымонія ўключае: канцэртную праграму, дэманстрацыю афіцыйнага сімвала спартыўна-культурнага руху “Беларусіяда” і талісмана “Беларусіяды”, прадстаўленне каманд-удзельніц, выступленне Старшыні Судзейскай калегіі Беларусіяды, абвяшчэнне вынікаў жараб’ёўкі, выступленне Старшыні Факультэцкага камітэта Беларусіяды.

Закрыццё “Беларусіады” праводзіцца пасля завяршэння ўсіх спартыўных выпрабаванняў. Афіцыйная частка ўключае: урачыстае пастраенне каманд-удзельніц, выступленне і падвядзенне вынікаў спаборніцтваў Старшынёй Судзейскай калегіі Беларусіяды, узнагароджванне пераможцаў камандных гульняў і індывідуальных спаборніцтваў, выступленне і падвядзенне вынікаў “Беларусіяды”, урачыстае закрыццё свята Старшынёй Факультэцкага камітэта Беларусіяды.

Спартыўная частка ў розныя гады правядзення ўключала ў сабе розныя спаборніцтвы, бо гульні, якія ўваходзяць у праграму, могуць мяняцца ў залежнасці ад прапаноў, якія паступаюць ад арганізатараў свята. Так, на святах “Беларусіяда” ў розныя гады ў спартыўную частку ўваходзілі гульні:

камандныя: “Пацяг”, “Два агні”, Лапта”, “Дзень-ноч”, “Рыбакі”, “Пальчаткі”;

індывідуальныя: “Перацяжкі”, “Пекар”, стральба з рагаткі.

Удзельнікамі спартыўна-культурнага свята “Беларусіяда” з’яўляюцца змешаныя (юнакі і дзяўчаты) каманды, якія вызначаюцца складам вучэбных груп факультэта фізічнага выхавання, кожная з якіх складаецца з шасці юнакоў і пяці дзяўчат. Капітанам каманды з’яўляецца адзін з адзінаццаці гульцоў.

Судзейства гульняў “Беларусіяды” ажыццяўляе Судзейская калегія, у склад якой уваходзяць Старшыня Судзейскай калегіі (выкладчык ФФВ) і суддзі (студэнты факультэта).

Старшыня Судзейскай калегіі прысутнічае на ўсіх спаборніцтвах, кантралюе дзейнасць суддзяў на гульнях, вырашае спрэчныя пытанні, якія ўзнікаюць пад час спаборніцтваў і тычацца судзейства гульняў “Беларусіяды”.

На кожнай гульні прысутнічае Сакратар Беларусіяды, які вядзе пратакол спаборніцтва. Пратаколы гульняў падпісваюцца Старшынёй Судзейскай калегіі і капітанамі гуляючых каманд, і захоўваюцца ў Сакратара Беларусіяды да заканчэння спартыўна-культурнага свята.

Пераможцамі ў той ці іншай гульні лічацца змешаныя каманды, якія занялі першае, другое, трэцяе месцы ў камандных спаборніцтвах, а таксама індывідуальна прадстаўнікі каманд, асобна сярод юнакоў і сярод дзяўчат, якія занялі першае, другое, трэцяе месцы ў індывідуальных спаборніцтвах.

Выяўленне пераможцаў усяго спартыўна-культурнага свята “Беларусіяда” адбываецца шляхам падсумавання балаў, якія прысуджаюцца камандзе за кожнае занятае ёй месца ў кожным са спаборніцтваў (камандным і індывідуальным). Прызёрамі спартыўна-культурнага свята “Беларусіяда” вызначаюцца каманды, які па суме балаў занялі другое і трэцяе месца.

Чэмпіёнам спартыўна-культурнага свята “Беларусіяда” аб’яўляецца каманда, якая атрымала найбольшую колькасць балаў па камандных і індывідуальных спаборніцтвах і заваявала першае месца. Пры аднолькавай колькасці балаў Чэмпіёнам “Беларусіяды” аб’яўляецца каманда, якая на спаборніцтвах атрымала большую колькасць першых месцаў.

Афіцыйная сімволіка спартыўна-культурнага руху “Беларусіяда” была прынята Факультэцкім камітэтам Беларусіяды вясной 2005 года. Яна ўяўляе сабой васьмівугольную зорку сіняга колеру на белым фоне. На пярэднім плане зоркі – бусел з распрасцёртымі крыламі, які накіраваны ў верхні правы бок.

Вясной 2011 года Факультэцкі камітэт Беларусіяды прыняў рашэнне аб мадэрнізацыі сімвала спартыўна-культурнага свята. У прыватнасці, васьмівугольная зорка была ўпісана ў акружнасць, а каляровая гама фона можа быць адвольнай (рэкамендавана адценняў зялёнага колера).

Таксама на гэтым жа паседжанні ФКБ былі разгледжаныя і варыянты талісмана “Беларусіяды”. Большасцю галасоў у якасці талісмана быў вызначаны Мядзьведзік Тосік.

Як вынік, трэба адзначыць актуальнасць дадзенай праблемы, бо менавіта правядзенне агульнага свята фальклору і спорту будзе своеасаблівым штуршком да аднаўлення былых звычаяў. Арганізацыя такога відовішча мае вялікае выхаваўчае і развіваючае значэнне, паколькі фізічная падрыхтоўка моладзі з’яўляецца важнай і неад’емнай часткай у сістэме фарміравання гарманічна развітай асобы.


Спіс літаратуры


  1. Гульні, забавы, ігрышчы / склад. А.Ю. Лозка. 2-е выд. Мінск : Беларуская навука, 2000. – 534 с.


: bitstream -> doc -> 1990
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка