Belarusian historical review



старонка17/21
Дата канвертавання14.05.2016
Памер4.71 Mb.
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21

Будаваць дзяржаву — як часта кажуць, „сацыяльна арыен­та­ваную“, — значыць тварыць структуры, якім у сітуацыі вост­ра­га эканамічнага крызісу пагражае крах. Не грошы забяс­печ­ваюць трываласць грамадстваў, народаў, краінаў. Сён­няш­няе жаданне аб’яднацца з Расіяй мае перадусім эка­­намічныя, уласна сацыяльныя прычыны (хоць схільнасць да яднання грунтуецца на культурных сувязях абодвух грамадстваў). Можна дапусціць, што ў Беларусі лягчэй (гэта не значыць — лёгка) будзе сфармаваць палітычны тып нацыі, чым культурны. Поспех такога прадпрыемства азначаў бы радыкальнае павелічэнне шанцаў на далейшае існаванне беларускай дзяржавы. У яго аснове ляжалі б эканамічныя поспехі (хоць яны не канечне павінны быць сутнасцю новай супольнасці). Трэба, аднак, усведамляць, што такога грамадскага ўтварэння, якое можна было б вызначыць як савецкая палітычная нацыя, у поўнай меры не існуе — бо савецкасць і нацыя нясуць каштоўнасці, прынамсі часткова супярэчныя між сабой. Беларусы павінны перадусім адказаць сабе на пытанне, якая ідэалогія і — як вынік — пачуццё якой еднасці дае ім шанцы годна жыць далей, ці можа грамадства прыняць гэтую ідэалогію і праз якія механізмы. М.С.Сташкевіч загадзя ведае, якая ідэалогія патрабуецца беларусам.
* * *

Астатняя частка падручніка, паводле аб’ёму — яго пера­важ­ная бальшыня, складаецца з васемнаццаці раздзелаў. Іх­няя тэматыка ахоплівае — поруч з ідэалагічнымі ў дакладным сэн­се фактарамі, якія абумоўліваюць беларускую дзяржаўнасць, — характарыстыку канстытуцыі РБ, беларускіх сродкаў ма­савай інфармацыі, прафесійных саюзаў і прававых прын­цы­паў, якія дзейнічаюць пад час выбараў у прадстаўнічыя ор­ганы Беларусі. Трэцяя частка прысвечана апісанню такіх ін­сты­тутаў улады ў Беларусі — і іхняй ролі ў фармаванні бела­рус­кай ідэалогіі, — як прэзідэнт, парламент, Савет Мі­ністраў і ор­­ганы самакіравання. У чацвёртай характарызуецца, між ін­шым, беларуская эканамічная сістэма, сацыяльная сфера, іс­ную­чыя ў грамадстве рэлігіі, моладзь як асобная сацыяльная гру­па і замежная палітыка РБ — усё ў кантэксце значэння гэтых рэчаў для працэсу фармавання ідэалогіі. Беларускія ін­стытуты ў цэлым апісваюцца ідэалізавана, выглядаюць узорна збудаванымі і дзейнічаюць, грунтуючыся на законе. Шмат у якіх выпадках гэта не столькі рэальны, колькі жаданы, бесканфліктны, часткова ўяўны вобраз. Несумненна, аднак, — нягледзячы на выразную тэндэнцыйнасць, — праца забяспечвае чытача асноўнымі звесткамі пра юрыдычна–інстытуцыянальныя перадумовы функцыянавання беларускай дзяржавы.

Можна сцвердзіць, што ў „Основах идеологии белорусского го­сударства“ зроблена спроба ўсебаковага апісання грамад­скага жыцця Беларусі. Таму падручнік атрымаў максімальна шы­рокі зместавы абсяг. Калі б ягоныя аўтары зыходзілі з таго, што будаваць ідэалогію беларускай дзяржавы магчыма па–над існуючымі палітычнымі і ідэйнымі падзеламі, засяродж­ваю­чыся толькі на максімальна супольных для грамадства каш­тоўнасцях, якія апелююць да нацыянальных і дзяржаўных ін­тарэсаў беларусаў, ягоны змест быў бы напэўна іншы, ву­зей­шы. Але так не зрабілі. Замест гэтага былі скарыстаныя пра­вераныя савецкія мадэлі, якія патрабуюць ідэалагізаваць мак­сімальна шырокую сферу грамадскага жыцця, індактры­ную­чы грамадства і падпарадкоўваючы яго гэткім чынам ула­дзе, — а не засяроджвацца на каштоўнасцях, якія ўмацоўваюць пачуццё еднасці, суб’ектывуючы гэтае пачуццё і пашы­раю­чы сферу свабоды. Кніжка рэпрадукуе савецкія ўзоры, ня­се на сабе адзнакі таго часу, калі яна пісалася. Яе аўтары апе­лю­юць да Лукашэнкі, ягоных дзеянняў, выказванняў, друка­ва­ных тэкстаў. Што стане з такім падручнікам пасля Лукашэн­кі, асабліва калі да ўлады ў дзяржаве прыйдуць пры­хільнікі ін­шай палітычнай арыентацыі? Мысленне такога тыпу не за­­карэнена ў палітычнай традыцыі ўсходняй Славяншчыны, а да­кладней — яе праваслаўнай бальшыні. Улада як самакаш­тоў­насць ва Ўсходняй Еўропе нашмат важнейшая, чым у ла­цін­скай частцы кантыненту, менавіта яна структурызуе там­тэй­шыя грамадствы; грошы — толькі яе вытворная, культура пад­парадкоўваецца ёй як на ніжэйшым, так і на вышэйшым (элі­тарным, інтэлігенцкім) узроўні. У Беларусі, з яе адназначна сялянскімі каранямі, праявы гэтага назіраюцца штодзённа.

Аўтары падручніка цалкам безрэфлексійна і шматразова, ва ўсіх яго частках, на ўсе лады скланяюць — у беларускім кантэксце — слова „нацыя“, асабліва пішучы пра нацыянальныя інтарэсы. Нідзе — за выключэннем аднаго сказа, дзе гаворыцца пра нізкі ўзровень беларускай нацыянальнай свядомасці, — не рэфлексуецца пытанне надзвычай слабога нацыянальнага характару беларускага грамадства. Як можна ста­­віць сэнсоўны дыягназ, зыходзячы з памылковых або прынамсі істотна фальсіфікаваных прадпасылак? На фоне ўсяе працы можна зноўку вылучыць раздзел аўтарства С.В.Рашэт­нікава, гэтым разам прысвечаны беларускай палітычнай сіс­тэме ў кантэксце ідэалогіі беларускай дзяржавы. Ён не толькі коратка характарызуе паняцце нацыі, але і прысвячае багата месца тлумачэнню таго, што такое нацыянальныя інтарэсы. Аўтар стараецца, каб ягоныя адказы падштурхнулі чытача да самастойнага мыслення. Між іншым, ён піша: „Наши соседи — страны Прибалтики и Польша — сделали свой выбор в поль­зу западных ценностей через вступление в ЕС. В Украине конституционно закреплена стратегическая долгосрочная цель вхождения в ЕС. Беларусь избрала путь строительства союзного государства с Россией, при признании необходимости многовекторной внешней политики“ (330). На яго думку, да нацыянальна–дзяржаўных інтарэсаў Беларусі адносяцца, сярод іншага, наступныя: сохранение и укрепление независимости и суверенитета страны, идентичности белорусов и соблюдение их интересов в отношениях с другими нациями (330). Адначасова той жа аўтар прамаўляе словы, якія цяжка прыняць у дачыненні да заходніх грамадстваў, хоць яны і адлюстроўваюць пэўныя рэаліі на ўсходнеславянскім абшары: „На практике оказалось, — піша Рашэтнікаў, — что плюрализация элит и параллельный рост уровня массового политического участия ведет к хаосу, дезорганизации“ (344).

На жаль, прычыны нізкага ўзроўню палітычнай культуры беларусаў у працы не тлумачацца. Больш за тое, пра іхнюю палітычную культуру пішацца наогул у пазітыўным сэнсе, сама больш — звяртаючы ўвагу на спецыфіку ўсходнеславянскага праваслаўнага абшару, ягоную адрознасць ад Захаду, які прагне накідаць іншым свае рашэнні, непрыдатныя для шмат якіх грамадстваў і культурных сфераў (цывілізацыяў). У раздзеле, прысвечаным гэтай праблематыцы, сцвярджаецца, што, у адрозненне ад 80–х г., сучасную беларускую палітычную культуру вызначаюць такія дэмакратычныя каштоўнасці, як: публічнасць (галоснасць), свабода слова, друку, правы чалавека і грамадзяніна (113).

Тое, што ў падручніку знайшлося месца для больш ці менш разважных меркаванняў — гэта тычыцца, напрыклад, раздзелаў, напісаных Рашэтнікавым, — зусім не значыць, што маг­чы­ма было непасрэдна крытыкаваць сучасныя беларускія рэа­ліі, асабліва ў іхнім палітычным вымярэнні. У працы шмат ві­да­вочна непраўдзівых, індактрынуючых выказванняў, звы­чай­нага бяздумнага пустаслоўя, прымання жаданага за рэальнае. Адна з аўтарак аптымістычна піша: „В белорусской нацио­нальной идее воплощается историческое стремление бело­рус­ской нации к свободе, самостоятельности и благо­­состоянию, сохранению и развитию белорусской науки, белорусского языка и белорусского государства, гуманистических перспектив и гражданской ответственности за будущее стра­ны“ (356). Калі б беларусы выразна выяўлялі такія імк­ненні, Беларусь была б цяпер зусім іншай дзяржавай і грамадствам. Яна б пераадольвала цяжкасці хутчэй так, як краіны Прыбалтыкі, і стаяла б на іншай ступені развіцця, чым цяпер. Надзвычай важнае — і не толькі для нацыянальна свядомых беларусаў — пытанне паступовага выцяснення беларускае мовы расійскаю і ў савецкія часы, і пасля прыходу да ўлады прэзідэнта Лукашэнкі, не сцверджана і не адрэфлексавана ў падручніку. Шмат хто з аўтараў працы слаба адчувае адказнасць за свае словы. Або нестае адпаведных ведаў, або ім мала рупіць дабро ўласнай краіны і паперадзе яе інтарэсаў яны ставяць свае ўласныя — зразуметыя эгаістычна і кароткатэрмінова. Гэтая праява ў перыяд сацыялізму была характэрная і для польскіх, прынамсі некаторых, аўтараў падручнікаў.

Праца насычаная такімі тэрмінамі, як демократия, свобода (свободы), парламентаризм, гражданское общество. На думку аўтараў падручніка, яны павінны характарызаваць беларускія рэаліі. Найчасцей яны трактуюцца лозунгава, павярхоўна, як аздоба выкладанага зместу, а не як паняцці, дакладна сканструяваныя для аналізу беларускай сацыяльнай рэча­іс­насці. Палітычная сітуацыя на Беларусі разглядаецца як „стабильная“, у дзяржаве „не существует конфронтации между гражданами и властью“. „Время от времени, — піша Т.І.Адула, — активизирует свою деструктивную деятельность оппозиция“ (117). У 90–я г. у грамадстве лавінаю нарастаў „хаос и самоуправство“. Як палітыкі, так і звычайныя людзі пераканаліся, — лічыць той жа аўтар, — што адсутнасць ідэалогіі, якая падтрымліваецца дзяржаваю, не прынесла грамадзянам чаканай свабоды (122). „Государство, — напі­са­на ў апошнім раздзеле падручніка, — не может су­­ще­ство­вать и развиваться без идеологии, не может про­­­­ти­во­­стоять ни внутренним, ни внешним угрозам“ (438).

У далейшай частцы працы выказваецца адназначны погляд, што ментальнасць беларусаў арыентаваная на моцную асо­бу, а паколькі кіраўніком беларускай дзяржавы мог бы быць толькі манарх або прэзідэнт, у рэспубліканскай Беларусі ім стаў, ясная рэч, прэзідэнт. Раней — дадаецца — першай асо­бай у дзяржаве быў Першы Сакратар ЦК КПБ, а пазней — Стар­шыня Вярхоўнага Савета. Гэты крыху ўсходні па сваім ха­рактары погляд на ўладу суправаджаецца цверджаннем, што парламенцкая форма рэспублікі аказалася ў Беларусі вельмі малаэфектыўнай, а партыйная сістэма знаходзіцца на пачатковым этапе свайго развіцця (214). Цікава, што гісторыя беларускага парламентарызму пачынае разглядацца — у іншым раздзеле — толькі з 1919 г., то бок з савецкага перыяду.

Прынамсі частка гэтых развагаў мае на мэце абгрунтаваць моцную ўладу ў Беларусі ўвогуле, а канкрэтна — уладу прэзідэнта Лукашэнкі. Некаторыя цверджанні трэба несумненна прызнаць трапнымі — напрыклад, пошук крыніц пад­трымкі прэзідэнта ў „патерналистических ожиданиях“ грамадства (50). На жаль, звесткі, якія наглядна паказваюць падтрымку прэзідэнта значнай часткаю грамадства ў першыя гады ягонага кіравання, не суправаджаюцца выразна ніжэйшымі лічбамі, якія сведчаць пра спад гэтай падтрымкі ў апошнія гады. У раздзеле, прысвечаным эканоміцы Беларусі, паказаны спад нацыянальнага даходу ў першай палове 90–х г., рост у другой палове (г.зн. пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады) і аптымістычная карціна першых пяці гадоў XXI ст. (318 і наст.). Пачатак 90–х асацыюецца ў падручніку з заняпадам маральнасці, непавагай да ўлады, адным словам, з хаосам (штопраўды, у той перыяд некаторыя беларусы гэтак і разумелі дэмакратыю). Гэты характэрны, прынамсі для некаторых раздзелаў падручніка, спосаб мыслення можна звесці да наступнага: было кепска, стала добра, а будзе яшчэ лепш. Не робіцца ніякай спробы патлумачыць той факт, што перыяд спаду ВУП наступіў на некалькі гадоў ва ўсіх краінах, якія перажываюць трансфармацыю пасля развалу сацыялізму. Там, дзе правялі рэформы і трансфармацыя ўдалася — напрыклад, у краінах Прыбалтыкі, Польшчы, Венгрыі — следам за развалам эканомікі пачаўся яе выразны ўздым; сярод ягоных пра­яваў — значны рост заробкаў у даляравым вымярэнні і пакупной здольнасці мясцовых валютаў, мадэрнізацыя эканомікі, рост прадукцыйнасці, інвестыцыяў і экспарту. У Беларусі ж мадэрнізацыйныя працэсы выступілі ў следавых колькасцях; дыстанцыя паміж Беларуссю, з аднаго боку, і суседнімі краінамі Прыбалтыкі і Польшчаю, — з другога, радыкальна павялічылася, пра што беларускім чытачам падручніка ўвогуле не паведамляецца. Для іх пунктам адліку павінна быць Расія (якая папраўдзе на заходнім фоне заўсёды адзначаецца беднасцю і абмежаваннем свабодаў), а не Еўропа (заможная і дэмакратычная). Як правіла, статыстычныя звесткі, якія наглядна ілюструюць узровень жыцця — у розных яго аспектах — у Беларусі, супастаўляюцца ў кнізе не з іхнімі адпаведнікамі ў Еўропе (хоць бы ў Польшчы, Чэхіі або Венгрыі), а толькі са звесткамі пра краіны СНД, і то, як правіла, тады, калі яны сведчаць на карысць Беларусі.

Зразумела, што праца гэтулькіх аўтараў не заўсёды змяшчае цалкам паслядоўныя погляды. На жаль, рэдкія цікавыя дум­кі — якія тычацца беларускіх рэаліяў — найчасцей не зна­­хо­дзяць развіцця. „В цивилизованных странах, — піша І.Г.Кат­ляроў, — постоянно растет роль политических партий как важнейших субъектов гражданского общества“ (245). Банальнае цверджанне, што прычыну слабасці беларускага пар­ла­ментарызму — калі прамінуць мінуўшчыну — сёння трэба шу­каць і ў недэмакратычнай, аўтарытарнай палітыцы прэзі­дэн­та Лукашэнкі, у працы адсутнічае. Іншы аўтар заўважае, што „Современная Беларусь строит гражданское общество, пра­вовое государство в условиях резких противоречий, в том чис­ле в духовной сфере“ (402). Няпраўда, што ў Беларусі буду­ец­ца — асабліва ўладамі — „гражданское общество“, і ўжо на­пэў­на не „правовое государство“, але ў гэтым грамадстве са­праў­ды існуюць яўныя і схаваныя канфлікты, сутыкненне розных сістэмаў каштоўнасцяў, палітычнай і культурнай арыентацыі на Ўсход (мацнейшая) і на Захад (значна слабейшая). Цікава было б сур’ёзна падысці да гэтага пытання і пастарацца як мае быць яго высветліць. Гэтага, аднак, аўтары працы не робяць, бо цяжка сур’ёзна ставіцца да развагаў у стылі М.С.Сташкевіча.

У эканамічнай частцы падручніка прапагандуецца „социально ориентированная модель рыночного хозяйства“, якая — на думку аўтараў — характэрная для Беларусі. Падкрэсліваецца, што без моцнай грамадзянскай супольнасці не можа існаваць ні дзеяздольная дзяржава, ні эфектыўная эканоміка. На жаль, за гэтымі агульнымі фразамі ў працы не ідзе сумленны аналіз беларускіх грамадска–эканамічных рэаліяў. Такі стыль пісьма характэрны для ўсяго падручніка. Ягоныя аўтары ахвотна апелююць да заходніх катэгорыяў палітычнага мыслення і — у адрозненне ад савецкіх часоў — спасылаюцца не толькі на расійскіх даследчыкаў, але часта і на заходнееўрапейскіх ці амерыканскіх, нібыта спрабуючы гэткім чынам надаць сваім развагам навуковы характар, аб’ектыўнае вымярэнне (поруч з гэтым прысутнічае багата спасылак на Лукашэнку). Часам гэткі стыль апавядання прыводзіць да даволі дзіўных заяваў. Аўтар раздзела „Современные концепции и идео­логические доктрины“ прыходзіць, абмеркаваўшы шэраг дактрынаў, да эклектычнай па сваім змесце вы­сновы, што „идеология белорусской нации органично сочетает в себе элементы коммунистической, консервативной, либеральной и социал–демократической идеологий“ (с. 78). Праз старонкі шмат якіх раздзелаў працы чырвонай ніткай праходзіць думка: мы не горшыя, чым Захад, у будаўніцтве сваёй дзяржавы, а можа і лепшыя, бо маем сваю спецыфіку і адкідаем тое, што на Захадзе кепска. Але ж ужо ясна відаць, што савецкія часы мінуліся, людзі маюць большы доступ да літаратуры і ездзяць за мяжу, а таму адкідаць Захад ва ўсіх яго праявах нельга.

Можна было б чакаць, што ў падручніку дзяржаўнай ідэалогіі, які рэгулярна апелюе да катэгорыяў нацыянальнага мыслення, у тым ліку да такіх тэрмінаў, як нацыянальныя інтарэсы і патрыятызм, часта будуць сустракацца звароты да гісторыі Беларусі, яе датаў, герояў, міфаў. Гэтага, аднак, не адбываецца. Гісторыя Беларусі абмалёўваецца слаба, падзел паміж ёю і гісторыяй Расіі не заўсёды выразны, перыяд паміж „Кіеўскай Руссю“ і савецкай Беларуссю найчасцей ледзьве пазначаны або проста прамінаецца (відавочна, што аўтарам, якія атрымалі адукацыю ў СССР, цяжка ўпісаць Вялікае Княства Літоўскае — якое ніколі не належала да Расіі — у гісторыю Беларусі). Найбольш увагі прысвячае Вялікаму Княству Літоўскаму М.С.Сташкевіч, але і тут яно апынаецца на ўскрайку ягоных развагаў. Таго, што гэта частка супольнай з палякамі гісторыі ў рамках Рэчы Паспалітай, у якой гістарычная Літва (а значыць, і цяперашняя Беларусь) мела адносна Варшавы (Кароны) вельмі вялікі абсяг незалежнасці, незраўнана большы, чым у царскай імперыі і ў СССР, ніводзін з аўтараў працы не заўважыў. Бальшыня іх, калі ўвогуле звяртаецца да гісторыі ўласнай Радзімы, то павярхоўна, штампавана (па–савецку) і нібыта пад прымусам, без пераканання ў яе значнасці для лёсаў сённяшняй Беларусі. Выключэнне, вядома, — часы Беларусі савецкай. Пра іх у асноўным і пішацца, прычым найчасцей пазітыўна.

Як правіла, падкрэсліваецца, што Беларусь — частка ўсход­­­неславянскай супольнасці. Адрозненне паміж беларуса­мі і расійцамі, вядома, праводзіцца, нягледзячы на пад­крэсліван­не аб’яднаўчых тэндэнцыяў у рамках усходняга сла­вян­ства (а часам і славянскага свету ў цэлым). Гэты абшар ба­чыц­ца як выразна адрозны ад Заходняй Еўропы. Звяртаецца ўва­га на дамінацыйныя схільнасці Захаду, якія служаць прад­ме­там крытыкі. Падкрэсліваюцца супольныя элементы гісторыі беларусаў, расійцаў і ўкраінцаў. Зрэдку адзначаюцца за­ход­нія (польскія) уплывы, напрыклад, на ментальнасць бела­ру­саў у заходняй частцы краіны (364). Відавочна, што для бе­ларусаў іхняя славянскасць значна важнейшая, чым для па­ля­каў.

Беларусь успрымаецца як краіна, якая мае моцныя культурныя і гістарычныя сувязі з Расіяй, але адначасова падкрэсліваецца — як у Я.С.Яскевіч — яе становішча паміж Усходам і Захадам, на сутыку дзвюх культураў, дзвюх цывілізацыяў: праваслаўна–візантыйскай і рымска–каталіцкай. Таму названы аўтар цвердзіць, што беларуская культура мае пагранічны характар і як такая можа адыграць значную аб’яднаўчую ролю (358, 369). Адзначаецца ментальная адрознасць беларусаў ад расійцаў (якраз тут у асноўным і адзначаецца заходні ўплыў на беларусаў). Пачуццё расійскай нацыянальнай еднасці, на думку аўтара, узнікла ад спалучэння славянскіх, візантыйска–праваслаўных і татара–мангольскіх рысаў (363). Затое ментальнасць беларусаў — згодна з Я.С.Яскевіч — пераняла уніяцкую схільнасць да кампрамісаў і каталіцкі гераізм, выразную стрыманасць і пратэстанцкі індывідуалізм. Беларусы — мірны народ, які не ўзвышае сябе над іншымі, талерантны, здольны да кампрамісаў, памяркоўны. Адначасова падкрэсліваецца калектывізм, які яднае беларусаў з расіянамі і ўкраінцамі, імкненне да справядлівасці. „Характерные чер­ты белорусов — исключительная любовь к родной земле, при­вязанность к родным местам, бережливость, трудолюбие, преданность семье и семейно–родовая солидарность“ (364). У ме­жах Беларусі назіраюцца рэгіянальныя адрозненні; пад­крэс­ліваецца, што „для Гродненщины и других регионов Западной Беларуси, которые развиваются под влиянием католической Польши, Литвы и протестантской этики Западной Европы, характерна индивидуализация жизни; в Полесье же пре­­­об­ла­дает культ сельской общины; в белорусском Поозерье, граничащем с Россией, проявляется православная соборность“ (364). Гэтыя развагі, месцамі не пазбаўленыя пэўнай слушнасці, змяшчаюць выразныя элементы аўтастэрэатыпізацыі. Яны ні ў чым прынцыпова не разыходзяцца з агульна­прынятым аўтастэрэа­тыпам беларуса, у якім спалучаюцца і тыя рысы, што выразна яднаюць яго з расійцам, і тыя, што адрозніваюць яго ад апошняга (як выглядае, менш працавітага, мірнага і тале­рант­нага, але больш здатнага на скрайнасці ў паводзінах).

Два пытанні ў падручніку знаходзяцца па–за крытыкай і падаюцца як ісціна ў апошняй інстанцыі, якая не падлягае ніякаму сэнсоўнаму аналізу. Першае — ацэнка постаці прэзідэнта Лукашэнкі і ягонай палітыкі ў апошнія дзесяць гадоў. Другое — аб’яднанне з Расіяй. Лукашэнка, згодна з падручнікам, прадбачыў, што распад СССР — якога беларусы не хацелі і не былі да яго падрыхтаваныя — пацягне за сабою адмоўныя наступствы, хаос; таму зразумела, што ён імкнецца ўз’яднаць Беларусь з Расіяй. Характар будучага саюзу абедзвюх дзяржаваў у працы выразна не акрэсліваецца. Увесь час пішацца і пра еднасць — у кантэксце будучага саюзу — і пра суверэннасць Беларусі. Колькі–небудзь глыбокая інтэлектуальная рэфлексія над гэтай — магчыма, толькі ўяўнай — супярэчнасцю адсутнічае. Абвешчаная неабходнасць яднання з Расіяй не вынікае ні з якага грунтоўнага аналізу яго выгадаў для Беларусі з пункту гледжання яе нацыянальных інтарэсаў, — такога аналізу ў працы няма. За ёю крыюцца або нявыказаныя прадпасылкі эмацыйнага характару, або выказаныя наўпрост — культурнага. Адзін з аўтараў падручніка піша, спасылаючыся на Лукашэнку: „Россия была, есть и будет великой державой. Раньше или позже экономический кризис будет преодолен, и Россия вновь станет сильной, цветущей страной“ (57). Гэта не адзіны ў кнізе прыклад, калі беларускія нацыянальныя інтарэсы грунтуюцца на жаданым, якое выдаецца за рэальнае. Іншая рэч, што і амбіцыі беларусаў ніколі не былі надта высокімі. Яны хутчэй сягалі больш рэальнай — хоць для еўрапейцаў не надта заможнай — Масквы, чым Парыжа ці Лондана. Адзін з аўтараў цвердзіць, што савецкая Беларусь за кароткі перыяд здзейсніла гіганцкі крок і робіцца адною з самых развітых краін свету (78). Мары пра колішні „дабрабыт“ дагэтуль жывуць у сённяшняй Беларусі, дзе пануе беднасць. Павелічэнне разрыву (найперш у эканоміцы, хоць не толькі) паміж ёю і Цэнтральнай Еўропай (не кажучы ўжо пра Заходнюю) не становіцца ў цэлай кнізе прадметам нават найдрабнейшай рэфлексіі.

Непрыязь да Захаду, асабліва да ЗША, якія ўмешваюцца — як лічыцца — ва ўнутраныя справы Беларусі, на старонках працы відавочная. Пасля краху сацыялізму Беларусь, дзякуючы Лукашэнку, „взяла курс на теснейшую“ інтэграцыю з Расі­яй, тым часам як — піша не без зласлівасці, а магчыма і зайздрасці, Л.П.Козік, — „Лидеры новых государств кинулись на Запад в надежде на получение кредитов и политической поддержки“ (56). Тут у падтэксце, відавочна, — постсавецкае ра­сій­скае бачанне гісторыі постсацыялістычнай Цэнтральнай Еўропы, краіны якой — колішнія „саюзнікі“ СССР — здрадзілі Расіі (колішняму СССР), пайшоўшы на Захад і падпарадкаваўшыся яму гэтаксама, як некалі Маскве. Трэба ўсведамляць, што такі спосаб мыслення блізкі значнай частцы беларускага грамадства. Гэта, праўда, тычыцца шмат якіх падставовых пытанняў, закранутых у працы.

Можна меркаваць, што аўтары падручніка павінны аддаць шмат месца такім пытанням: наколькі моцнае пачуццё нацыянальнай еднасці беларусаў (і ў якой ступені яно сфармавалася ў СССР)? Ці адбываецца рост заможнасці грамадства (у параўнанні з 1991 г. і ў параўнанні з іншымі постсацыялістычнымі краінамі)? Ці ўмацоўваецца палітычная незалежнасць дзяржавы і яе пазіцыі на міжнароднай арэне? На жаль, на гэтыя пытанні адказу або няма, або даюцца адказы несумленныя ці толькі частковыя. Ідэі, выкладзеныя ў падручніку, не дапамогуць будаваць нацыянальную Беларусь, бо такая Беларусь дыстанцыявалася б ад Расіі, а пры чытанні працы ствараецца ўражанне, што шмат хто з яе аўтараў, пішучы свае тэксты, часцей меў на ўвазе расійскія нацыянальныя інтарэсы, чым беларускія.

Падсумоўваючы гэтыя развагі, можна сцвердзіць, што ў падручніку, які мы разглядаем, зроблена спроба збудаваць ідэалогію, якая замяніла б сабою даўнейшую — марксісцка–ленінскую. У ім прадстаўлены малюнак, які павінен даць інтэрпрэтацыю ўсяго грамадскага жыцця беларусаў у цэлым. Гэтая задума мае адназначна савецкую канатацыю. Яна азначае імкненне накінуць грамадству зверху ідэалогію (сістэму каштоўнасцяў і пазіцыяў), якой людзі павінны будуць падпарадкоўвацца. Яна азначае пабудову грамадскага ладу зверху, а не знізу, падначальванне людзей уладзе, іх аб’ектывацыю. Тое, што пададзена ў працы, цяжка назваць цэльнай ідэалогіяй. Мы тут хутчэй маем дачыненне з шэрагам ідэяў і ацэначных — нярэдка тэндэнцыйных — інтэрпрэтацыяў паасобных фрагментаў сацыяльнай рэчаіснасці. Гэта не столькі падручнік ідэалогіі беларускай дзяржавы, колькі ідэйна эклектычны малюнак, які спрабуе накінуць грамадству збор канфармісцкіх пазіцыяў у дачыненні да ўлады. Хоць фрагментамі праца нясе пэўны багаж тэарэтычных і фактаграфічных ведаў, як цэлае яна паказвае анахранічны малюнак грамадства, якое няздатнае адназначна выйсці з савецкасці, з тагачаснай сістэмы каштоўнасцяў. Гэтае грамадства ўсцяж звяртаецца да светапогляду, які не ўдалося ўвасобіць у жыццё, а дзяржава, што грунтавалася на гэтым светапоглядзе, пацярпела крах, бо не вытрымала канкурэнцыі. Нават расійцы спрабуюць зра­біць з гэтага факта — прынамсі часткова — пэўныя высновы, адбудоўваючы пачуццё сваёй нацыянальнай еднасці (часам нават у скрайніх формах).

1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка