Belarusian historical review



старонка20/21
Дата канвертавання14.05.2016
Памер4.71 Mb.
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21

Як адзначае на заканчэнне сп. Ярашэвіч–Пераслаўцава (245—250), кірылічныя друкі ВКЛ адлюстроўваюць багацце і адкрытасць культуры гэтай дзяржавы і з’яўляюцца важным здабыткам усіх ўсходнеславянскіх народаў і візантыйскай традыцыі ў славян. Гэтыя кнігі прызначаліся не толькі праваслаўным, уніятам і стараверам, але нават каталікам і пратэстантам. Імі карысталіся не толькі на Беларусі і Ўкраіне, але ў Расіі і на Балканах. У сваю чаргу, на змесце і выглядзе беларускага кірылічнага друку адбіліся розныя культурныя ўплывы.

Можна адзначыць некаторыя дробныя недахопы ў тэксце кнігі. Так, трэці нарыс трэцяга раздзела кнігі (208) нумараваны як „другі“. Трапляюцца дробныя хібы ў афармленні біблія­графіі (адсутнічаюць ініцыялы пры прозвішчах, загалоўкі адных прац ХIХ і ХХ ст. часта прыводзяцца не цалкам, скарочана, іншых — падаюцца вельмі дэталізавана). Дэзарыентуе чытача непаслядоўнасць у падачы назваў прац ці крыніц на кірыліцы: адны кірылічныя назвы (як старажытных, так і сучасных крыніц) транслітаруюцца лацінкай, тады як іншыя набіраюцца кірыліцай.

У некаторых месцах польская даследчыца дапускае памылковыя цверджанні. Так, яна адзначае, што Мамонічы ўпершыню ўвялі ва ўсходнеславянскае друкарства курсіў (209). Упершыню курсіў увёў Іван Фёдараў (астрожскі Псалтыр і Новы Запавет 1580 г.), а Мамонічы, пачынаючы з віленскага Зборніка 1585 г., актыўна выкарыстоўвалі гэты стыль шрыфту, асабліва для друкавання юрыдычных тэкстаў.

Тым не менш, дробныя хібы не зніжаюць значэння першага дэталёвага даследавання старадаўніх беларускіх кірылічных друкаў, праведзенага польскай вучонай з Ольштына. Яе праца будзе цікавай не толькі беларускім кнігазнаўцам і бібліёграфам, але гісторыкам, літаратуразнаўцам, лінгвістам, культуролагам, пашырыць іх далягляды і разуменне найважнейшага складніка культуры старадаўняй Беларусі.



Мінск Ігар Клімаў
1 Гл.: Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku / Oprac: A. Kawecka–Gryczowa, K. Korotajowa, W. Kraewski. Zs. 5: Wielkie Księstwo Litewskie. Wrocław; Kraków, 1959; Zs. 6: Małopolska — Ziemie Ruskie. Wrocław; Kraków, 1960; T. 3. Cz. 2: Mazowsze z Podlasiem / Oprac. K. Korotajowa, T. Endzel, J. Krauze–Karpińska, J. Szczepaniec. Warszawa, 2001. Гл. таксама: Topolska M. Czytelnik i książka w Wielkim Księstwie Litewskim w dobie Renesansu i Baroku. Wrocław, 1984.

2 Гл.: Bandtkie G. S. Historya drukarń w Królestwie Polskiem i Wielkiem Xsięstwie Litewskiem, iako i w krajach zagranicznych, w których polskie dzieła wychodziły. Kraków, 1826. T. 1—3; Lelewel J. Bibliograficznych Ksiąg dwoje, w których rozebrane i pomnożone zostały dwa dzieła Jerzego Samuela Bandtkie… Wilno, 1823. Т. 1. 1826. Т. 2. [рэпрынт] Warszawa, 1927. T. 1—2; Maciejowski W. A. Piśmiennictwo polskie od czasów najdawniejszych aż do roku 1830. Warszawa, 1853. T. 2. 1855. T. 3; Estreicher K. Bibliografia Polska. Cz. 2: Druki 1455—1899 w układzie chronologicznym. T. 1. Kraków, 1882. [рэпрынт] New York, 1966; Estreicher K. Bibliografia Polska. Cz. 3: (Obejmująca druki stuleci XV—XVIII w układzie abecadłowym). T. 1—25. Kraków, 1890—1913. [рэ­прынт] New York, 1966; Bibliografia literatury polskiej „Nowy Korbut“: Pismiennictwo staropolskie. Warszawa, 1963. Т. 2. 1965. Т. 3.

3 Ва ўкраінцаў грунтоўная праца, прысвечаная разгляду кірылічных друкаў Украіны 16—18 ст., была створана даўно: Огієнко І. І. Історія українського друкарства. Т. 1: Історично–бібліографічний огляд українського друкарства XV—XVIII вв. Львів, 1925. [перавыд.] Вінніпег, 1983; Київ, 1994. Праўда, яе аўтар разглядае таксама і беларускае друкарства (як „білорусько–українське“ ці „руське“), а таксама аглядна — лацінкавае і яўрэйскае друкарства Украіны. Гл. таксама: Wynar L. History of Early Ukrainian Printing 1491—1600. Denver, 1962.

4 Гл.: Каталог белорусских изданий кирилловского шрифта XVI—XVII вв. / Сост. В. И. Лукьяненко. Ленинград, 1973. Вып. 1: (1523—1600). 1975. Вып. 2: (1601—1654); Кнiга Беларусi: 1517—1917: Зводны каталог / Склад. Г. Я. Галенчанка, Т. В. Непарожная, Т. К. Радзевіч. Мiнск, 1986.

5 Лабынцаў Ю. Пачатае Скарынам: Беларуская друкаваная лiтаратура эпохi Рэнесансу. Мiнск, 1990. Бярозкіна Н. Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пачатак XX ст.). Мінск, 1998.

6 Даследчыца налічвае 19 друкарняў (245—247), аднак робіць гэта, зыходзячы з фармальных падстаў. Напрыклад, выданні, варштат друку якіх невядомы (віленскі каталіцкі катэхізіс 1585 г., казанне Паўла Дамжыва Лютковіча, выдадзенае яго вандроўнай друкарняй у 1622 г. нібыта ў Менску), разглядаюцца як паўсталыя ў асобнай друкарні.

7 Кірылічныя друкарні на Падляшшы і Віленшчыне эпохі Сярэднявечча варта разглядаць як частку беларускага кнігадрукавання, а не як складнік польскага ці літоўскага кнігадрукаў, які былі вы­ключна ла­цінічнымі.

8 Фармат старадpуку паказвае, колькі старонак адразу друкавалася на аркушы за адзін ціск тынгеля, і выражаецца ў лічбах (2о, 4о, 8о, 12о і г. д.), якія па традыцыі могуць перадавацца лацінскімі лічэбнікамі.

9 У дэталях гл.: Клімаў І. П. Рэфармацыя ў гісторыі літаратурных моў сла­вян: Уклад польска–беларускай і славенска–харвацкай пратэс­танц­кай філалогіі XVI ст. Мінск, 2004. С. 40—41.

НОСОВ, БОРИС В. Установление российского господства в Речи Посполитой 1756—1768 гг. Москва: Индрик, 2004. 728 с.

Назва кнігі досыць трапна перадае яе змест. Аўтар — намеснік дырэктара Інстытута Славяназнаўства Расійскай акадэміі навук — паставіў на мэце спецыяльна даследаваць галоўныя этапы палітыкі Расіі ў Рэчы Паспалітай з пачатку Сямі­гадовай вайны да атрымання ёю на сойме 1767—1768 г. ролі гаранта польской канстытуцыі. Праца падзелена на дзве часткі (мяжой якіх з’яўляецца сойм 1766 г., калі Расіі не ўдалося адразу рэалізаваць свае планы) і 16 раздзелаў (глаў).

У манаграфіі адсутнічаюць прынятыя ў такіх выпадках гістарыяграфічны агляд і заключэнне. Таму чытач вымушаны самастойна рабіць абагульненні паводле вывадаў і назіранняў, раскіданых аўтарам па асобных раздзелах працы. Носаў адразу адзначыў дастатковую распрацаванасць пытання пра заняпад Рэчы Паспалітай у еўрапейскай літаратуры і заявіў, што збіраецца разгледзець увесь спектр польска–расійскіх ад­но­сін 1756—1768 г. для таго, каб усяго толькі „уточнить, а не­ред­ко и пересмотреть признанные концепции“ (9). Гэта ары­ен­туе яго працу на адукаванага чытача, які знаёмы з адпаведнай гістарыяграфіяй і яе канцэпцыямі. Адну з такіх кан­цэпцый аўтар адразу назваў у выглядзе знакамітай анархіі як прычыны заняпаду Рэчы Паспалітай і ўмяшальніцтва замежных дзяржаў. Носаў адносіць яе захаванне да адной з галоўных мэтаў расійскай палітыкі. Аднак наступны аналіз прыводзіць аўтара да высновы, што лейтматывам, стрыжнем гэтай палітыкі было імкненне Расіі атрымаць „политическое доминирование в Польше“, замяніць шматбаковы міжнародны пратэктарат у адносінах да Рэчы Паспалітай на „исключительно российский“ (168) або дабіцца „собственной гегемонии в Речи Посполитой“ (62, 291).

Для доказу гэтага Носаў прыцягнуў як апублікаваныя крыніцы, так і малавядомыя дакументы з архіваў Масквы, Варшавы, Берліна, а шэраг паказальных дыпламатычных актаў змясціў у дадатку. Сярод скарыстаных крыніц, тым не менш, пераважаюць матэрыялы з Архіва знешняй палітыкі Ра­сійскай імперыі, што робіць высновы аўтара дастаткова аб­грунтаванымі.

Агляд Носавым дзейнасці знешнепалітычнага ведамства Расіі ў Варшаве, Берліне і Вене падцвердзіў распаўсюджаныя ў папярэдняй гістарыяграфіі сцвярджэнні пра крызіс сістэмы міжнародных узаемаадносін, у рамках якой Расія дабілася сваіх знешнепалітычных прыярытэтаў дзякуючы звычайнаму патуральніцтву еўрапейскіх двароў. Носаў толькі падкрэслівае, што ранейшыя традыцыйныя гаранты Рэчы Паспалітай Францыя і Аўстрыя не „видели опасности в русской экспансии“ (171), а таму не імкнуліся супрацьстаяць усталяванню расійскага панавання ў рэспубліцы. Тым не менш, гаварыць пра поўную міжнародную ізаляцыю Рэчы Паспалітай не да­зваляюць тыя месцы ў манаграфіі, дзе аўтар піша пра апеляцыю самой Расіі да Англіі, Даніі, Швецыі ў падтрымку сваіх аднабаковых планаў.

Галоўным і самым актыўным партнёрам Расіі на яе шляху да гегемоніі ў Польшчы аказалася Прусія. Як вядома, яны разам пры ўзвядзенні на трон Станіслава Панятоўскага ў 1764 г. сакрэтна дамовіліся не дапушчаць рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Сярод гэтых рэформ галоўным было пытанне пра замену адзінагалосся (liberum veto) на соймах і сойміках на галасаванне большасцю галасоў. Носаў адзначае, што „решение о недопустимости реформ государственного строя Польши было принято в Петербурге в самом начале бескоролевья независимо от мнения Фридриха II“ (130, 172—173), а потым „безоговорочно принято Пруссией“ (62). Тым самым Носаў абвяргае распаўсюджаны ў гістарычнай літаратуры пасля Ф. Мартэнса і С. Салаўёва тэзіс аб тым, што Расія дзейні­чала пад націскам Прусіі або што расійская манархіня Кацярына II механічна і паслухмяна рэалізоўвала чужую волю.

Сярод комплексу расійска–польскіх узаемадносін Носаў прасочвае рэалізацыю расійскай дыпламатыяй галоўных і другарадных задач. Пры ўзвядзенні на трон васальнага ад сябе караля (Станіслава Панятоўскага), лічыць даследчык, Расія не мела выразнай або цвёрдай праграмы, акрамя таго, што да сейма 1766 г. з дапамогай таго ж караля ёй удалося ўрэгуляваць „все второстепенные проблемы русско–польских отношений“ адносна мяжы, уцекачоў, мытных пошлін за транзітны гандаль (426). Таму дамаганне Расіяй у наступным праз Слуцкую, Торуньскую, Радамскую канфедэрацыі і надзвычайны сейм 1767—1768 г. уласнага пратэктарату над існуючым ладам Рэчы Паспалітай выглядае праявай узброенага дыктату або гвалту. Носаў выразна піша, што здабытае праз адзначаныя канфедэрацыі і сойм „господство России в Речи Посполитой основывалось исключительно на военной силе“ (177) або на „прямой военной интервенции“ (172). Тым не менш, пры гэтых сцвярджэннях аўтар адыходзіць ад сваіх жа ранейшых заяў аб тым, што на ўсім працягу разгляданага часу Расія прытрымлівалася стратэгічнай лініі адзінаўладнага гаспадарання ў Польшчы ва ўмовах яе міжнароднай ізаляцыі.

Носаў не першы гісторык, які называе так званае дысі­дэнц­кае пытанне сродкам расійскай палітыкі, паколькі яно выконвала чыста інструментальную функцыю ў атрыманні „российской гарантии политической системы Речи Посполитой“ і „сохранении политической анархии в Польше“ (614—615). Гісторык лічыць, што Расія была ініцыятарам і сфармулявала дысідэнцкае пытанне таксама „без консультаций“ с Пруссией (330, 331, 335). Праўда, і на гэты раз аўтар не зусім узгадняе сваю пазіцыю з прыведзенымі ім жа сведчаннямі аб тым, што расійскія дыпламатыя „праціскала“ гэтае пытанне на сойме 1767—1768 г. разам з прускім, дацкім, англійскім і шведскім пасламі.

Пры разглядзе адносін Расіі са сваімі „акцёрамі“ ўнутры Рэчы Паспалітай Носаў займае невыразную пазіцыю са спасылкай на цякучасць і няўстойлівасць сваіх „партызанаў“ у пытаннях да намечаных каралём і яго акружэннем грамадскіх пераўтварэнняў. Як адзначае аўтар, галоўным сярод іх было знішчэнне „ліберум вета“ і ўвядзенне галасавання на соймах і сойміках большасцю галасоў. Гэта дазваляла пазбегнуць зрыву соймавых пасяджэнняў і стабілізаваць прававы працэс. Аднак, заўважае Носаў, гэтыя навацыі, хоць яны і мелі даўнюю традыцыю, выглядалі ініцыятывай караля з яго атачэннем (так званай Фаміліі), байкатаваліся расійскім бокам і не ўспрымаліся з боку шляхты.

Да прыкладу, даследчык сцвяр­джае, што напрыканцы сойму 1766 г. праціўнікі караля і Фаміліі мелі колькасную перавагу на выбарах дэлегатаў ад шляхты з–за папулярызацыі імі непахіснасці „ліберум вета“ сярод іншых старадаўніх шляхецкіх станавых прывілеяў. Таму робіцца незразумелым, чаму пры такім поспеху папулярныя лозунгі „не пользовались авторитетом“ сярод шляхты (133), або чаму, як піша Носаў, нават сама „идея реформ была чуждой для подавляющего большинства“ шляхты (177). З кантэксту аналізу атрымліваецца, што кароль і яго атачэнне ў сваім упартым жаданні рэфармаваць палітычны лад Рэчы Паспалітай займаліся палітычным самазабойствам, а Расія, якая падтрымала іх, тым самым наўмысна і свядома правакавала су­праць сябе пратэстныя настроі ў шляхецкай карпарацыі. Пры адказе на гэтае пытанне Носаў лічыць, што рэфарматарскія памкненні польскага двара атаясамліваліся шараговай шляхтай з расійскай палітыкай, якая была не толькі „враждебной коренным шляхетским интересам... но опасной и для Речи Посполитой“ у цэлым. Тым не менш Носаў называе парадоксам тое, што ад 40–х г. ХVIII ст. Расія падтрымлівала ў Рэчы Паспалітай кансерватыўныя ко­лы, якія „питали антироссийскую оппозицию“ (637). Уласна на гэтым метадалагічным назіранні і завяршаецца разгляданы твор.

Падобныя лагічныя недарэчнасці не могуць у цэлым за­пляміць выдатныя якасці навуковай працы Б. Носава. Варта падкрэсліць, што расійскі даследчык адкрыта выступае з палажэннямі, якія тут, у Беларусі не першы раз называюцца „ненавуковымі“, „русафобскімі“ або „знявагай Расіі“. Насычанасць кнігі малавядомымі звесткамі, лагічнасць кампазіцыйнай будовы, аргументаванасць пазіцыі аўтара робяць даследаванне Б. Носава дастаткова аб’ектыўным і важкім унёскам у разуменне абставін, прычын і перадумоў першага падзелу Рэчы Паспалітай.



Мінск Яўген Анішчанка
НОСЕВИЧ, ВЯЧЕСЛАВ. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе. Минск: „Технология“, 2004. 350 с.

Выхад манаграфіі Вячаслава Насевіча „Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе“, на нашу думку, можна прызнаць падзеяй у сучаснай беларускай гістарыя­графіі. Гэтая кніга вылучаецца і арыгінальнасцю даследчыц­кіх падыходаў, і велізарным аб’ёмам апрацаванага аўтарам матэрыялу. Аб’ектам даследавання ў працы В.Насевіча з’яўляецца традыцыйная беларуская вёска. Актуальнасць абранай праблемы не выклікае сумнення. Без разумення таго патрыярхальнага вясковага свету, які на беларускіх землях захоў­ваўся з–за шэрагу прычын асабліва працяглы час, немагчыма зразумець і сучасны, ужо даволі моцна урбанізаваны свет нашай краіны. Цяжка не пагадзіцца з меркаваннем аўтара, што якраз прадукты распаду традыцыйнага сялянскага грамадства паслужылі глебай, на якой узрасла і сённяшняя палітычная сітуацыя ў Беларусі.

В.Насевіч вызначыў у сваёй працы чатыры галоўныя да­следчыцкія мэты. Першая — рэканструкцыя традыцыйнага вясковага грамадства як цэласнай сістэмы, выяўленне яго агульных рысаў і тых асаблівасцяў, якія былі ўласцівыя менавіта беларускай вёсцы, а ў больш сціслым сэнсе — лакальнай грамадзе сялян–каталікоў Цэнтральнай Беларусі. Пад традыцыйным В.Насевіч разумее такое грамадства, у якім паводзіны яго прадстаўнікоў цалкам вызначаюцца ўзорамі, узятымі ад папярэдніх пакаленняў, жыццёвы шлях асобы жорстка абумоўлены ад самага нараджэння, а прастора свободы выбару вельмі вузкая. Прычым, як зазначае аўтар, істотная частка гэтых узораў існуе не ў форме нейкіх слоўных інструкцый, а ў выглядзе стэрэатыпаў паводзінаў, якія часцяком засвойваюцца індывідам падсвядома, шляхам аўтаматычнага спадкавання. В.Насевіч паспрабаваў вызначыць тыя формы паводзінаў, якія не былі адзіна магчымымі ў канкрэтнай прыродна–гістарычнай сітуацыі, а з’яўляліся культурна абумоўленымі. Гэта становіць другую мэту рэцэнзаванай працы. Аўтар імкнуўся таксама высветліць, якія з элементаў вясковай культуры былі найбольш адэкватнымі адказамі на выклік знешняга свету, а якія — толькі адным з раўнацэнных варыянтаў паводзінаў. Трэцяй мэтай працы аўтарам вызначана вывучэнне гістарычнай дынамікі даследаванай сістэмы ад ХIV ст. да трэцяй чвэрці ХХ ст. І апошняя мэта — выяўленне тых рысаў традыцыйнага вясковага грамадства, што ўзятыя ў спадчыну і адаптаваныя сучаснай урбанізаванай культурай Беларусі і ў вялікай ступені вызначаюць яе своеасаблівасць у сённяшнім усё больш глабалізаваным свеце.

Галоўным метадам даследавання В.Насевіч абраў сістэмны падыход. Традыцыйнае грамадства ён разглядае як цэласную сістэму, якую, у сваю чаргу, можна падзяліць на дзевяць падсістэм: біялагічнае і сацыяльнае аднаўленне, праца (вы­творчасць), валоданне сродкамі вытворчасці, размеркаванне, сацыяльная арганізацыя, вайсковая справа, побытавая культура, інфармацыя і камунікацыя, духоўнае жыццё. Аўтар вельмі шырока выкарыстоўвае колькасны метад, што лагічна вынікае са спецыфікі большасці выкарыстаных ім крыніц, насычаных колькаснымі дадзенымі. Але выкарыстанне квантытатыўнага метаду адносна макрааб’ектаў дае сярэднія лічбы, якія найчасцей не адлюстроўваюць інды­відуальных адхіленняў, а якраз гэтыя адхіленні, як слушна зазначыў В.Насевіч, і складаюць рэальнае жыццё. Азначаную дылему аўтар спрабуе зняць пры дапамозе мікрагістарычнага падыходу. Апош­ні прадугледжвае памяншэнне маштабу даследаванага аб’екта да памераў мікрарэгіёну і максімальна поўны аналіз матэрыялаў, якія адносна яго захаваліся. Менавіта мікра­гістарычны падыход, на нашу думку, надае асаблівую вартасць працы В.Насевіча ў кантэксце сучаснай беларускай гістарыяграфіі.

У якасці галоўнага аб’екта свайго даследавання В.Насевіч абраў Кораньшчыну — мікрарэгіён, які знаходзіцца ў цэнтральнай Беларусі на адлегласці прыкладна 50 км на поўнач ад Мінска. Галоўным фактарам фармавання азначанага мікрарэгіёну паслужыла тое, што ад першых узгадак у крыніцах Вялікага Княства Літоўскага гэты абшар уяўляў сабой адзіны ўладальніцкі комплекс — маёнтак Корань, які належаў капітулу віленскага катэдральнага касцёла Св.Станіслава. Праўда, па­сля далучэння да Расійскай імперыі частка маёнтка засталася ў валоданні плябаніі Кораньскага касцёла і пазней далучылася да катэгорыі дзяржаўнай ці казённай вёс­кі, а другая частка склала ўжо прыватнаўласніцкі маёнтак Красны Бор. Пасля рэформаў пачатку 1860–х г. гэтая тэрыторыя ўвайшла ў Гайна–Слабадскую воласць Барысаўскага ўезда. Акрамя таго, даследаваны В.Насевічам абшар належаў да Кораньскай рыма–каталіцкай парафіі, складаючы пры­кладна трэць яе тэрыторыі. Гэта дало аўтару падставы сцвярджаць, што азначаны мікрарэгіён, улічваючы яшчэ некалькі прыродна–геаграфічных фактараў, уяўляў сабой на працягу вялікага адрэзку часу пэўнае гістарычнае адзінства і адносна замкнёную сялянскую папуляцыю.

Уражвае аб’ём апрацаваных аўтарам архіўных крыніц, як і скрупулёзнасць іх апрацоўкі. Праўда, істотна розніцца ўзровень забяспечанасці крыніцамі асобных раздзелаў кнігі, якія датычаць непасрэдна гісторыі Корань­шчыны, што, натуральна, абумоўлена аб’ектыўнымі фактарамі. Таксама дастаткова грунтоўная гістарыяграфія даследавання, а асабліва ўражвае апрацаваная аўтарам англамоўная літаратура. Хаця некаторыя важныя працы выпалі з–пад увагі В.Насевіча. Так, шкада, што аўтар не выкарыстаў успамінаў Адама Багдановіча, у якіх вельмі дэтальна апісваецца штодзённае жыццё традыцыйнай вёскі ў сярэдзіне ХIХ ст. якраз у Цэнтральнай Беларусі1.

Другі раздзел кнігі В.Насевіч назваў „Станаўленне“. Праўда, не зусім зразумела, што аўтар мае на ўвазе — станаўленне Кораньшчыны як асобнага мікрарэгіёну ці станаўленне ўласна традыцыйнага грамадства. У другім выпадку можна гаварыць пра атаясамленне гэтага грамадства з прыгонным ладам і паншчынай як найбольш жорсткай яго формай. Гэтая частка кнігі В.Насевіча ўяўляе сабой вельмі цікавую і чытэльную сінтэзу гісторыі беларускай вёскі ад ХIV ст. да канца ХVII ст. Звесткі пра ўласна Кораньшчыну тут даволі фрагментарныя, таму нельга весці гаворку пра дадзены раздзел кнігі як мікрагістарычнае даследаванне. Але ён мае ўсё ж даволі важнае значэнне, паколькі тут аўтар спрабуе акрэсліць характар працэсаў, што вызначылі спецыфіку развіцця беларускай вёскі ў пазнейшыя стагоддзі. Праўда, некаторыя тэзы В.Насевіча ўяўляюцца досыць спрэчнымі. Гэта, напрыклад, датычыць сцверджання, што ў рускай частцы ВКЛ большасць знаці паходзіла з этнічнай Літвы. Азначаны фактар „иноземного господства и связанной с ним правовой дискриминации местных жителей“, які сам В.Насевіч прызнае небясспрэчным, выкарыстоў­ваецца аўтарам для тлумачэння прычын і спецыфікі фармавання паншчыннай сістэмы ў шэрагу краін Усходняй Еўропы (88—89). Часам аўтар, на нашу думку, дапускае не зусім апраў­даную мадэрнізацыю светапогляду жыхароў традыцыйнай вёскі. Ці была ў сялян эпохі ВКЛ такая ўжо патрэба сама­ідэнтыфікацыі з надлакальнымі структурамі, якая спараджала пакутлівую праблему выбару паміж Захадам і Ўсходам: „При попытках самоотождествления на уровне, превышающем принадлежность к местной общине, индивид неизбежно стал­кивался с дилеммой: какому вектору внешних воздействий отдать предпочтение?“ (105). Ці ведалі ўвогуле тагачасныя вяскоўцы такія паняцці, як Усход і Захад? Ці маглі ўспрымаць дзяржаву, у якой жылі, як сваю ці чужую? Напэўна, што крыніцы не даюць на гэта дакладнага адказу, а гістарычная рэканструкцыя ў такой сітуацыі будуецца на значных дапушчэннях, якія ўжо выразна адлюстроўваюць асаблівасці светапо­гляду самога даследчыка.

Трэці раздзел кнігі „Традыцыйныя структуры“ ахоплівае храналагічны перыяд ХVIII — першай паловы XIX ст. Гэтая частка працы найбольш значная па аб’ёме і насычанасці ліч­бавым матэрыялам. Прычым галоўная ўвага аўтара звернута на аналіз сістэмы біялагічнага і сацыяльнага ўзнаўлення сялянскай папуляцыі Кораньшчыны, што, напэўна, у вялікай ступені абумоўлена менавіта характарам захаваных крыніц. В.Насевіч вельмі грунтоўна прааналізаваў такі аспект у жыцці мікрарэгіёну, як шлюбныя паводзіны прадстаўнікоў даследаванай папуляцыі. Так, аўтар падлічыў сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб для 986 індывідаў мужчынскага і жаночага полу. У выніку гэтых падлікаў ён прыйшоў да высновы, што сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб для жыхароў Кораньшчыны паступова падвышаўся на працягу ХVIII — першай паловы XIX ст. Так, у 1780—1793 г. гэты паказчык складаў 20,1 года для мужчын і 19,8 года для жанчын, а ў 1821—1831 г. — 23,6 і 23 адпаведна. Але ён усё роўна быў ніжэйшым, чым у Заходняй Еўропе, пра што сведчаць прыведзеныя В.Насевічам дадзеныя, якія датычаць ангельскіх і нямецкіх зямель (128). Гэтую тэндэнцыю да павышэння шлюб­нага ўзросту аўтар тлумачыць магчымым уплывам з бо­ку царквы ці ўладальніка (150).

Зніжэнне ўзросту ўступлення ў першы шлюб абумоўлівала, на думку В.Насевіча, таксама другую вельмі важную тэндэнцыю — зніжэнне нараджальнасці і смяротнасці. Паводле падлікаў аўтара, нараджальнасць у 1830—1840–я г. зменшылася на 10 праміляў (колькасць народжаных на тысячу жыхароў) у параўнанні з пачаткам ХIХ ст., а адпаведна перыяду 1770—1780–х г. зніжэнне склала каля 20 праміляў. Заўважна зменшылася за гэты час і смяротнасць. Можна было б весці гаворку пра пачатак дэмаграфічнага пераходу (пра гэтае паняцце мы пагаворым яшчэ ніжэй), але далей В.Насевіч фіксуе павышэнне паказчыка смяротнасці ў першай палове ХIХ ст. На яго думку, „рост популяции практически прекращается, с середины 1820–х г. ее численность испытывает лишь хаотические колебания“ (155). Аўтар тлумачыць гэта агульным крызісам паншчыннай сістэмы, пацвярджаючы тым самым адзін з галоўных тэзісаў беларускай савецкай гістарыя­графіі.

Вельмі грунтоўна таксама прааналізавана В.Насевічам у трэцяй частцы кнігі структура сялянскай дворагаспадаркі. Паводле яго падлікаў, у гэты перыяд назіралася выразная тэндэнцыя да павелічэння сярэдняга памеру дворагаспадаркі: ад 6—7 душ у ХVIII ст. да 8,2 душ у сярэдзіне ХIХ ст. Адначасова ўзрастала і доля шматсямейных гаспадарак (з 36 да 68%), а доля аднасямейных і рэдукаваных скарачалася з 57 да 17%. Для больш дэталёвага аналізу механізмаў гэтых зменаў аўтар будуе мадэлі–рэканструкцыі жыццёвага цыкла, якія адлюстроўваюць поўны набор штогадовых статыстычных параметраў 50 дворагаспадарак Кораньшчыны з 1762 да 1858 г. уключ­на, выкарыстаўшы пры гэтым падыход выдатнага ра­сій­скага вучонага А.Чаянава, заснаваны на ўліку суадносінаў едакоў/работнікаў у адной гаспадарцы. Даследавaнне В.На­севі­ча зафіксавала суіснаванне ў адной гаспадарцы ў сярэднім дзвюх шлюбных пар. Прычыну гэтага аўтар бачыць у тым, што гаспадарка, якая складалася ўсяго з адной шлюбнай пары, па меры нараджэння дзяцей непазбежна праходзіла праз неспрыяльны перыяд суадносінаў едакоў/работнікаў. В.Насевіч вылучае тры спецыфічныя мадэлі паводзінаў: маласямейная, шматсямейная (общежительская) і збалансаваная (тэрмін прапанаваны аўтарам манаграфіі). Для апошняй характэрная наяўнасць у дворагаспадарцы 1,4—1,6 нуклеарнай сям’і (складалася з шлюбнай пары і дзяцей) і сярэдні памер 6—7 душ, а доля аднасямейных двароў не перавышае 50% (169). На думку аўтара, яшчэ ў ХVI ст. на тэрыторыі ВКЛ пераважала аднасямейная мадэль, а ў ХVIII ст. усё больш масавай з’явай становіцца шматсямейная мадэль. Пасля ўсталявання расійскага валадарання з найбольш жорсткай формай прыгону шматсямейная мадэль яшчэ болей пашыраецца, азначаючы пераход да збалансаванай мадэлі. Тут назіралася істотнае адрозненне ад заходнееўрапейскай сітуацыі, дзе пераважала маласямейная мадэль. Беларускія сяляне адчайна трымаліся за ўласную гаспадарку, а страту свайго надзелу і наёмную працу ў іншага гаспадара ўспрымалі як жыццёвую трагедыю, у той час як сярод заходнееўрапейскага сялянства наёмная праца была куды больш пашырана. Таму ў Заходняй Еўропе не існавала праблемы драблення сялянскіх надзелаў паміж кроўнымі сваякамі, што замацоўвалася правам адзінанаследавання.

Важнейшым аспектам жыцця традыцыйнай вёскі былі павіннасці, якія сяляне выконвалі на карысць дзяржавы і землеўладальніка. В.Насевіч зазначае, што пасля далучэння да Расій­скай імперыі развіццё беларускай вёскі пайшло ў адваротным кірунку да таго, па якім адбывалася развіццё заходнееўрапейскай вёскі. Многія сяляне Кораньшчыны якраз тады ўпершыню паспыталі паншчыны. Хаця былыя капітульныя сяляне дзяліліся на цяглых і аброчных. Аўтар зазначае, што ў 1807 г. у валоданні Кораньскага касцёла „при том же объеме барщины появился еще и денежный оброк в размере 56 злотых 10 грошей“ (193). Тут з тэксту незразумела, ці аброк з’я­віў­ся ўзамен паншчыны, ці ў дадатак да яе. В.Насевіч таксама не прасочвае эвалюцыі гэтага аброку ў першай палове ХIХ ст. На жаль, дзяржаўным (ці казённым) сялянам, а ў гэты разрад былі пераведзены былыя падданыя Кораньскага касцёла, аўтар прысвяціў значна менш увагі, чым прыватнаўлас­ніцкім, хаця менавіта дзяржаўная вёска паслужыла ўладам у сярэдзіне ХIХ ст. у якасці своеасаблівага палігону для выпрабоўвання механізмаў і будучай рэформы прыватнаўласніцкай вёскі. Менавіта ў казённых маёнтках у гэты перыяд паншчына ў абавязковым парадку замянялася грашовым аброкам, уводзілася сялянскае самакіраванне, утвараліся вучылішчы Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў, фельчарскія пункты і г.д. Паводле назіранняў сучаснікаў, сяляне ў дзяржаўных валоданнях жылі лепш, чым у прыватных. Праўда, да катэгорыі дзяржаўных сялян у даследаваным В.Насевічам мікрарэгіёне належалі толькі жыхары вёсак Корань і Нарбутова, далучаныя да Гайненскай сельскай грамады.

Чацвёрты раздзел кнігі В.Насевіча называецца „Традыцыя і мадэрнізацыя“. Аўтар сцісла не акрэслівае, што ён разумее пад тэрмінам мадэрнізацыя. У „Заключэнні“ В.Насевіч гаворыць пра мадэрнізацыю гаспадаркі і побыту, выкарыстанне новых ідэй і тэхналогій для чыста прагматычных мэтаў як адзін з імпульсаў, якія ўвесь час прыходзілі з Захаду і пад­штурхоўвалі працэс эвалюцыі беларускай вёскі. Другім такім імпульсам аўтар лічыць спірытуалізацыю (гэты тэрмін запазычаны ім у Ж.Дэлюмо) светапогляду, якая прадугледжвала наяўнасць трансцэндэнтнай крыніцы дабра (благодати) і адначасова кропкі адліку для ацэнкі ўсіх зямных спраў чалавека (345). Такім чынам, можна меркаваць, што ў В.Насевіча мадэрнізацыя ў большай ступені звязана з матэрыяльным бокам жыцця вёскі. Пачаткам карэннай мадэрнізацыі беларускага традыцыйнага грамадства аўтар лічыць адмену прыгоннага права. Несумненна, гэтая рэформа зрабіла велізарны ўплыў на развіццё вясковага грамадства, стаўшы каталізатарам цэлага шэрагу найістотнейшых зменаў. Аднак варта заўважыць, што само па сабе прыгоннае права не з’яўляецца абавязковым атры­бутам традыцыйнай вёскі. Зрэшты, сярод дзяржаўных сялян, як намі ўжо адзначана вышэй, падобная рэформа была праведзена яшчэ раней. У выніку аналізу шэрагу дакументаў В.Насевіч прыйшоў да высновы, што рэформы 1863—1865 г. вельмі істотна палепшылі становішча былых прыгонных сялян прыватнага маёнтка Красны Бор. Паводле яго падлікаў, ворыўная плошча ў большасці сялянскіх гаспадарак павялічылася прыкладна на 50% у параўнанні з сярэдзінай ХIХ ст. Дадатковы прыбытак з сярэдняй гаспадаркі ў грашовым вымярэнні мог складаць ад 20 да 40 руб., ці вырас прыкладна ў два разы ў параўнанні з дарэформавым часам (220). Апроч таго вызваліўся вольны час, які раней паглынала паншчына. За гэты час тэарэтычна можна было зарабіць каля 160 руб. У былых дзяржаўных сялян Кораня зямельныя надзелы ў 1860–я г. таксама выраслі на 61% (224). Падлікі аўтара выглядаюць досыць пераканальнымі, але тут вельмі цікава было б убачыць, наколькі змяніліся грашовыя выплаты з сярэдняй гаспадаркі мікрарэгіёну ў параўнанні з дарэформавым часам, паколькі сялянам цяпер абавязкова трэба было ўносіць выкупныя плацяжы, а раней нават і падушны падатак за сялян часцяком выплочваў памешчык. Гэта падштурхоўвала вяскоўцаў актыўней адкрывацца знешняму да іх грамады свету ў пошуках заробку. У любым выпадку, становішча сялян відавочна палепшылася, а як яны ўжо гэта маглі скарыстаць, залежала ў кожным канкрэтным выпадку ад абранай жыццёвай стра­тэгіі і цэлага шэрагу іншых фактараў.

Найважнейшай праявай поступу мадэрнізацыі можна лічыць вель­мі высокі паказчык дэмаграфічнага росту ў другой палове ХIХ ст. З 1858 г. да 1897 г. насельніцтва Кораньшчыны, паводле падлікаў В.Насевіча, павялічылася прыкладна ў два разы. Аў­тар назваў прысвечаны дадзенаму пытанню параграф кнігі „Па­­чатак дэмаграфічнага пераходу“. Дэмаграфічны пераход спа­дарожнічаў працэсу індустрыялізацыі традыцыйнага аг­рар­нага грамадства ў еўрапейскіх краінах і азначаў зніжэнне асноў­ных дэмаграфічных паказчыкаў — нараджальнасці і смя­ротнасці. Аднак адсутнасць такіх грунтоўных дэмаграфічных ма­тэрыялаў, якімі В.Насевіч дыспанаваў адносна другой па­ловы ХVIII — першай паловы ХIХ ст., прымушае яго аб­мя­жоў­вацца дадзенымі па цэлай Мінскай губерні. Зрэшты, гэ­тыя дадзеныя сведчаць, што рэальнае зніжэнне паказчыкаў на­раджальнасці і смяротнасці фіксуецца толькі на пачатку ХХ ст. В.Насевіч таксама адзначае заўважнае зніжэнне смяротнасці на рубяжы 1850—1860–х г., што тлумачыць непа­срэдна ўплы­вам адмены прыгоннага права і паншчыны. Высокі дэма­графічны рост у другой палове ХIХ ст. быў абумоўлены найперш адсутнасцю яўных дэмаграфічных правалаў, абумоўленых пандэміямі і характэрных для папярэдняга перыяду. Мож­на пагадзіцца з аўтарам, што важную ролю тут напэўна адыгра­ла арганізацыя сістэмы дзяржаўнай медычнай дапамогі сялянам. Праўда, што датычыць дзяржаўнай вёскі Беларусі, дык стварэнне такой сістэмы пачалося значна раней за 1868 г.

Дынамічны дэмаграфічны рост стаў вельмі сур’ёзным вы­клікам вясковаму грамадству. Адным з магчымых адказаў была міграцыя з вёскі ў горад. Паводле матэрыялаў В.Насевіча, гэты шлях жыхары Кораньшчыны выбіралі не вельмі ахвотна. Аўтар прыводзіць дадзеныя ўжо за 1917 г., паводле якіх у вёсках даследаванага мікрарэгіёну адсутнічалі (акрамя пры­званых у войска) усяго 9 мужчын (239). Аўтар таксама здабыў звесткі толькі пра двух мужчын з Кораньшчыны, якія адважыліся паехаць на заробкі ў Паўночную Амерыку. Зусім няма інфармацыі і пра перасяленні ў Сібір з вёсак даследаванага мікрарэгіёну.

В.Насевіч слушна называе вельмі важнымі чыннікамі мадэрнізацыі арганізацыю школьніцтва (першыя звесткі аўтара пра існаванне расійскай школы на Кораньшчыне датычаць 1867 г.) і вайсковую рэформу 1874 г. Дарэчы, школа і войска былі вельмі важнымі каналамі вертыкальнай сацыяльнай мабільнасці для выхадцаў з вёскі. Жыхары Кораньшчыны, калі меркаваць з працы В.Насевіча, з гэтых магчымасцяў скарысталі вельмі мала. Аўтар здабыў звесткі (прычым не дакументальныя) толькі пра Івана Акуліча, які быццам даслужыўся да чына штабс–капітана расійскай арміі. Між тым, падобны жыццёвы поспех у канцы ХIХ — на пачатку ХХ ст. у беларускай вёсцы быў не такой ужо і рэдкай з’явай. Дастаткова пра­гледзець фармулярныя спісы чыноўнікаў мясцовых губерн­скіх устаноў. Іншая справа, што гэты поспех быў амаль абавязкова звязаны з моўна–культурнай асіміляцыяй, пераходам на рускую мову і вельмі часта поўным разрывам з родным вясковым асяроддзем. Але магчымасці сацыяльнага поспеху, звязаныя так ці інакш з дзяржаўнай службай, выглядалі значна лепшымі для праваслаўнай вёскі, чым для каталіцкай, паколькі рыма–каталікі, нават сялянскага паходжання, увесь час заставаліся палітычна нядобранадзейным элементам у вачах расійскай адміністрацыі ў Беларусі. З нараджэнцаў Кораньшчыны, як вынікае з тэксту кнігі, першымі настаўнікамі сталі Язэп і Казімір Гладкія, прычым ужо ў той час, калі імперыя спыніла сваё існаванне.

Аўтар прыводзіць вельмі цікавыя архіўныя матэрыялы пра зацятыя сямейныя спрэчкі пад час раздзелаў спадчыннай зямлі. Праўда, дынаміку драбнення сялянскіх надзелаў у другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. яму прасачыць не ўдалося. Цалкам можна пагадзіцца з думкай В.Насевіча, што такі варыянт развязання зямельнай праблемы, як падзел нададзеных у 1860–я г. участкаў, у канчатковым выніку быў тупіковым. Аўтар прыйшоў да высновы, што ў 1917 г. з усіх вёсак Кораньшчыны толькі ў вёсцы Казыры яшчэ захоўваліся тэарэтычныя магчымасці весці паўнавартасную па еўрапейскіх мерках гаспадарку. Забяспечанасць сялян зямлёй у разліку на душу ў 1897 г. зменшылася ў параўнанні з 1865 г. амаль у два разы (245). Праблему вельмі ўскладняла яшчэ і зямельная цераспалосіца, якая блакавала любыя спробы прадпрымальных індывідаў культываваць новыя агракультуры. Дзяржаўныя ўлады на пачатку ХХ ст. бачылі выхад у хутарызацыі вёскі, у чым і палягаў сэнс вядомай сталыпінскай рэформы. Ці праводзіліся на Кораньшчыне нейкія мерапрыемствы ў кірунку яе рэалізацыі і як ставіліся да такой перспектывы мясцовыя сяляне, аўтар звестак, на жаль, не прыводзіць.

Развязанне зямельнай праблемы праз набыццё абшарніцкай зямлі выглядала цалкам нерэальна. В.Насевіч называе чатырох мясцовых гаспадароў, якія ўпершыню набылі памешчыцкія землі ў 1901 г. (248). І ў далейшым з іх узялі прыклад толькі некалькі жыхароў Кораньшчыны. Да новай ся­­лянскай эліты аўтар далучае тых гаспадароў, якія яшчэ ў другой палове ХIХ ст. датэрмінова выкупілі ў поўную ўласнасць свае зямельныя надзелы і пачалі весці гаспадарку фермерскага тыпу, г.зн. гаспадарку, арыентаваную на атрыманне грашовага прыбытку, а не на простае фізічнае выжыванне сялянскай сям’і. Усіх паспяховых сялян аб’ядноўваў той факт, што яны атрымалі ў часе рэформы 1860–х г. апроч сярэдняга надзелу яшчэ зямельныя ўчасткі ў падарунак ад мясцовага памешчыка. Гэта наводзіць на думку, што яны ці іх продкі ўжо нечым вылучаліся сярод аднавяскоўцаў і ў дарэформавы перыяд. Зрэшты, цалкам можна пагадзіцца з В.Насевічам, што вельмі цяжка было стаць паспяховым гаспадаром, абраўшы шлях „чыстага сумлення і пустой кішэні“. Сярод паспяховых лю­дзей, апісаных аўтарам, бачым некалькі асобаў, занятых у валасным самакіраванні. Матэрыялы, вядомыя нам па Гара­дзенскай губерні за гэты перыяд, таксама пераконваюць, што менавіта асобы, звязаныя з сялянскім самакіраваннем, найчасцей былі набыўцамі новай зямлі. Пра гэта піша і Мікалай Улашчык, характарызуючы жыхароў яго роднай Віцькаўшчыны. Вядома, можна дапусціць, што менавіта найбольш актыўных і разумных сяляне абіралі на адказныя пасады. Але бясспрэчным ёсць і тое, што гэтыя пасады ўяўлялі сабой таксама добрыя крыніцы ўзбагачэння. Пра гэта яскрава піша ў сваіх успамінах і Адам Багдановіч. Такім чынам, як гэта ні сумна прызнаць, але напэўна якраз карупцыя, калі выкарыстоўваць сучасную тэрміналогію, давала вясковым жыхарам у другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. найлепшыя шанцы на жыццёвы поспех.

Вынікі парэформавага развіцця мікрарэгіёну В.Насевіч ацэньвае на падставе аграрнага перапісу 1917 г. і падатковых спісаў 1921—1922 г. На яго думку, збалансаваная мадэль паводзінаў пачала выцясняцца маласямейнай дзесьці ў 1890–я г. Але для эканамічна паспяховых гаспадарак была ўла­сці­вая ў большай ступені менавіта вялікасямейная (общежительская) мадэль. Сярэдняя населенасць сялянскага двара на Корань­шчыне зменшылася ў 1897 г. да 7,4 асобы. У 1917 г. гэтая лічба складала ўжо 5,9. А асаблівая інтэнсіфікацыя азначанага працэсу адбылася ў 1917—1922 г., калі сяляне маглі свабодна карыстацца ляснымі багаццямі ва ўмовах безуладдзя і актыўна будавалі сабе новыя хаты.

У цэлым погляд В.Насевіча на развіццё беларускай вёскі ў другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. уяўляецца нам даволі пераканальным. І ўсё ж, калі строга прытрымлівацца крытэраў менавіта мікрагістарычнага падыходу, дык адносна Корань­шчыны тут назіраецца істотны прагал у падмацаванні аўтарскіх ідэй архіўнымі матэрыяламі. Гэта датычыць дэмаграфічных і эканамічных працэсаў, штодзённага побыту сялян. Таму, каб запоўніць гэты прагал, аўтар звяртаецца да агуль­набеларускіх і агульнагубернскіх матэрыялаў, да прац М.Улашчыка і Я.Кісьлякова. Але пры гэтым несумненна губляецца магчымасць больш дакладна акрэсліць спецыфіку мікрарэгіёну — а менавіта абранай аўтарам каталіцкай вясковай супольнасці.

Варта адзначыць, што найважнейшым чыннікам мадэрнізацыі з’яўлялася паступленне ў традыцыйную вёску новых прыладаў працы прамысловай вытворчасці і новых тэхналогій. Нягледзячы на кансерватызм вясковай грамады, яны паступова знаходзілі ўжытак і незваротна змянялі жыццё і штодзённы побыт сялян. Гэты працэс амаль няўлоўны для даследчыка. Цяжка знайсці звесткі пра першае з’яўленне ў вёсцы жалезнага плуга, жалезнай бараны, веялкі, сеялкі і іншых прыладаў працы, якія з’яўляюцца ўжо прадуктамі прамысловай вытворчасці. Падобныя звесткі мы сустракаем толькі ў працы М.Улашчыка, але яны грунтуюцца на ўласных успамінах аўтара і датычаць якраз нетыповай вёскі, што складалася з паспяховых гаспадароў, якія набылі ва ўласнасць вельмі вялікія па беларускіх мерках надзелы зямлі. У В.Насе­віча грунтоўных да­дзеных пра гаспадарчае жыццё менавіта сялян Кораньшчыны ў дадзены перыяд няма.

Аналіз духоўнага жыцця сялян Кораньшчыны В.Насевіч грунтуе на вельмі цікавых матэрыялах мясцовага нараджэнца Язэпа Гладкага (псеўд. Адам Варлыга), звяртаецца да этнаграфічных даследаванняў з гэтага перыяду, а ў першую чаргу да кнігі Адама Багдановіча „Пережитки древнего миросозерцания у белоруссов“. Шкада, што аўтар не выкарыстаў працы выдатнага польскага даследчыка Міхала Федароўскага „Люд беларускі“2, дзе шмат увагі аддаецца менавіта каталіцкай беларускай вёсцы, хаця і ў заходнебеларускім рэгіёне. В.Насевіч таксама актыўна спрабуе выкарыстаць падыходы псіхагісторыі, ідэі і тэрміналогію з галіны псіхааналізу, ад чаго тэкст кнігі момантамі пачынае нагадваць філасофска–рэлігійны трактат.

Як нам уяўляецца, В.Насевічу ўсё ж не ўдалося ў поўнай ступені выявіць рысы, характэрныя для культурнага жыцця менавіта каталіцкай сялянскай супольнасці Беларусі. Усяго некалькі эпізодаў у чацвёртай частцы кнігі звязаныя з дзейнасцю ксяндзоў Кораньскага касцёла. А менавіта ўплыў каталіцкага духавенства на сваіх парафіян–сялян быў для расій­скай адміністрацыі галоўнай праблемай ва ўсім Паўночна–Заходнім краі (тэрыторыя Беларусі і Літвы). Каталіцкае ся­лянства Беларусі відавочна адрознівалася ад праваслаўнага (гэта пацвярджаюць многія тагачасныя аўтары, у тым ліку і праваслаўнага вызнання) вельмі паважным стаўленнем да рэлігійнай абраднасці. І паганскія рытуалы і звычаі ў каталіцкім асяроддзі разбураліся хутчэй, чым у праваслаўным. Вядома, гэта вельмі цяжка пацвердзіць нейкімі дакладнымі дадзенымі на мікрарэгіянальным узроўні, але шматлікія этнаграфічныя матэрыялы і ўспаміны сучаснікаў пераконваюць у слушнасці такога меркавання. Сярод сялян–каталікоў быў, прынамсі да канца ХIХ ст., вышэйшы паказчык пісьменнасці, што таксама з’яўлялася вынікам найперш уплыву з боку парафіяльнага духавенства (прыведзеныя В.Насевічам звесткі адносна існавання парафіяльнай школкі ў мікрарэгіёне Кораньшчына датычаць ужо 1796 г.). Зрэшты, аўтар не прыводзіць звестак адносна ўзроўню пісьменнасці жыхароў даследаванага мікрарэгіёну. Магчыма, што тут якраз сітуацыя выглядала інакш. Прычым рост пісьменнасці ў каталіцкай вёсцы быў абумоўлены ў часе імперыі найперш не прагай сялян да сацыяльнага авансу, а імкненнем навучыцца чытаць кнігі для набажэнства на польскай мове. Дарэчы, польская мова, якая стагоддзямі гучала ў касцёлах Беларусі, станавіла неад’емную частку сакральнага свету беларускай каталіцкай вёскі. Таму сяляне–каталікі вельмі рашуча працівіліся спробам русіфікацыі касцёла, якія расійская ўлада спрабавала ажыццявіць пасля 1869 г. В.Насевіч, як нам уяўляецца, не зусім дастаткова ўвагі звярнуў на факт самастойнага адпраўлення жыхарамі Кораньшчыны рэлігійных абрадаў як формы пратэсту на ўвя­дзенне ў мясцовы касцёл расійскай мовы. Гэта вельмі яркі прыклад самаарганізацыі вясковай грамады, здольнасці да пратэсту супраць грубага ўмяшальніцтва ўладаў у сакральную сферу яе жыцця. А на выступленні супраць улады беларускае сялянства адважвалася даволі рэдка.

Каталіцкае духавенства выступіла ў другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. арганізатарам масавага тайнага школь­ніцтва на польскай мове. Магчыма зноў жа, што на Корань­шчыне такіх тайных школак не было, прынамсі аўтар звестак пра іх існаванне не прыводзіць. Але гэта хутчэй зусім не характэрная рыса для каталіцкай сялянскай супольнасці, па меншай меры для заходнебеларускай вёскі. Безумоўна, польская тайная школа ў канчатковым выніку з’яўлялася прыладай моўна–культурнай паланізацыі беларускага сялянства. Але паказальным ёсць той факт, што пачатак беларускай агітацыі ў даследаваным В.Насевічам мікрарэгіёне звязаны якраз з дзейнасцю каталіцкага святара Вацлава Пацэвіча, хоць і жмудзіна паводле нацыянальнасці. Дзякуючы гэтаму святару мясцовыя жыхары ўпершыню пачулі, што яны — беларусы. Такім чынам, менавіта касцёл у беларускай вёсцы, як нам уяўляецца, усё ж быў найважнейшым чыннікам працэсу спірытуалізацыі, уплываючы на традыцыйнае грамадства ў кірунку яго паступовай рацыяналізацыі і расчароўвання сялянскага свету і вызвалення яго ад мноства духаў і розных містычных істотаў. Гэта было адказам касцёла на той выклік мадэрнізацыі, што прыводзіў да разбурэння адвечных маральных нормаў, паніжэння ролі традыцыйных аўтарытэтаў. В.Насевіч прыводзіць прыклады такога раскладу традыцыйнай сістэмы каштоўнасцяў, што праяўлялася ў росце цяжкіх злачынстваў, агульнай агрэ­сіў­насці вясковага грамадства. Аўтар неаднаразова адзначае ў манаграфіі як важную асаблівасць беларускай вёскі той факт, што яна не прайшла праз этап рэфармацыі і контррэфармацыі, як заходнееўрапейскае сялянства: „Традиционное общество белорусской деревни, как и общества Востока, не испытало той кардинальной трансформации, через которую прошла Западная Европа. В этом плане они оказались по разные линии водораздела, и к концу ХIХ в. различия стали уже огромными“ (277). Гэтае сцверджанне падаецца нам занадта катэгарычным, тым больш што і ў Заходняй Еўропе акрэслены працэс працякаў вельмі па–рознаму. Разам з тым В.Насевіч сцвярджае, што сістэма светапогляду беларускіх сялян мела адчувальнае адрозненне ад сістэмы светапогляду расій­скага, ці вялікарускага селяніна — „отсутствие отношения к труду как к неприятной необходимости, реализуемой лишь под внешним принуждением“ (277). Нельга не пагадзіцца з меркаваннем аўтара, што іншым істотным адрозненнем беларускага сялянства ад расійскага быў значна больш высокі ўзровень індывідуалізму, найбольш яскравым доказам чаго выступала якраз падворнае землекарыстанне беларусаў у адрозненне ад расійскай зямельнай абшчыны.

Уплыў праваслаўнай царквы на традыцыйнае вясковае грамадства ў другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. быў у цэлым слабейшы, чым уплыў каталіцкага касцёла. І якраз у гэтым многія даследчыкі бачаць прычыну папулярнасці сярод беларускага праваслаўнага сялянства сацыялістычных ідэй і даволі масавай падтрымкі ім камуністычнага руху ў міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі. Зрэшты, В.Насевіч не прыводзіць прыкладаў вельмі ўжо актыўных прыхільнікаў бальшавіцкіх ідэй на Кораньшчыне. Гэта сведчыць, што мясцовае сялянства мела ўсё ж даволі моцную прышчэпку ад такіх ідэй. На жаль, В.Насевіч амаль цалкам абышоў пытанне міжканфесійных адносінаў паміж сялянамі рыма–каталікамі і права­слаўнымі (раней уніятамі). Праўда, аўтар ва ўводнай частцы гаворыць пра існаванне ў мясцовым вясковым асяроддзі канфесійнага бар’еру — „подданные имения Логойск были православными, а подданные имения Корень — католиками, что сдерживало браки между ними гораздо сильнее, чем природные преграды“ (21). Але ў далейшым гэтая тэма ў кнізе не атры­мала развіцця.

У пятым раздзеле кнігі В.Насевіч разглядае разбурэнне традыцыйнай вёскі. Як зазначае аўтар, у выніку перамог самы радыкальны варыянт развязання зямельнай праблемы: за­браць зямлю ў багацейшых і падзяліць паміж беднымі. Хаця, на думку В.Насевіча, гэтая ідэя не была спараджэннем традыцыйнага светапогляду, а прыйшла ў вёску ўжо ў форме рэвалюцыйнай агітацыі кніжных разумнікаў. У выніку рэалізацыя гэтага варыянта, як выдатна паказаў аўтар, прывяла да разбурэння найбольш паспяховых гаспадарак і асабістай трагедыі самых актыўных і прадпрымальных сялян, якія ўспрымаліся новай савецкай уладай як ворагі. Далейшым крокам стала калектывізацыя і непазбежны тэрор у дачыненні да непакорлівай часткі вяскоўцаў. Як снегавы камяк нарастала плынь даносаў і скаргаў на сваіх суседзяў, што сведчыла пра прагрэсуючы распад традыцыйнай маралі, якая заклікала шанаваць маёмасць, працу і жыццё аднавяскоўцаў. Паводле падлікаў аўтара, ад пачатку калектывізацыі да 1938 г. непасрэднымі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій сталі 7% жыхароў Кораньшчыны, а агульная колькасць пацярпелых разам з сямейнікамі дасягала 18—19%, ці амаль пятай часткі папуляцыі (329). Другая су­светная вайна прынесла новыя страшэнныя ахвяры: колькасць загінулых склала 17,7% папуляцыі, вывезеных на рабскую працу ў Нямеччыну — 5,7% (338). Перажытае нанесла настолькі моцны ўдар па псіхіцы сялян, што ўсё астатняе жыццё большасць з іх вымярала і ацэньвала рэчаіснасць паводле крытэру „каб толькі не было вайны“.

У пасляваенныя гады пачаўся імклівы распад структур традыцыйнага грамадства на Кораньшчыне і татальны сыход моладзі ў горад — найперш у блізкі Мінск. Аўтар пры­знае, што акрэсліў гэты працэс толькі беглымі штрыхамі (339). Жыццёвыя прыярытэты рэзка змяніліся. Цяпер ужо той, хто застаўся ў роднай вёсцы на гаспадарцы, успрымаўся як завершаны няўдачнік. Крытэрам жыццёвага поспеху стала замацаванне ў горадзе, атрыманне кватэры „со всеми удобствами“. Гэтаму спадарожнічаў і масавы пераход былых вяскоўцаў на рускую мову. Мова ж бацькоў і дзядоў трывала асацыявалася ў новых гараджан з сялянскай мовай, успрымалася як сімвал жыццёвай няўдачы. Разам з тым, як адзначае аўтар, вяскоўцы перанеслі ў горад важныя элементы традыцыйных структур. Зрэшты, вучыцца праўдзіваму гарадскому жыццю ім проста не было ў каго. Да такіх рудыментаў вясковага грамадства В.Насевіч адносіць сумеснае пражыванне дарослых жанатых дзяцей разам з бацькамі ў адной гарадской кватэры, што ў далейшым становіцца прычынай вострага кватэрнага пытання. Тут аўтар бачыць пэўную аналогію з драбленнем зямельных надзелаў у другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. Рысамі традыцыйнай ментальнасці, якія перажылі савецкую мадэрнізацыю, В.Насевіч лічыць і патрыярхальную няроўнасць паміж поламі, і інстынктыўнае неўспрыняцце сацыяльнай няроўнасці.

Абвостранае суперажыванне В.Насевіча лёсам герояў свайго даследавання выразна адчуваецца ва ўсёй працы. Гэта цалкам зразумела, зважаючы на тое, што даследаваны мікрарэгіён — малая радзіма аўтара манаграфіі. Бачыцца пэўная роспач у фразе: „Деревня так никогда и не сумела приспособиться к миру, в котором все, даже и земля и человеческий труд, свободно продается и покупается… Разрыв в уровне ма­те­риального благополучия с западноевропейскими страна­­ми — это расплата, которую мы продолжаем вносить до сих пор“ (346). Часткова віну за гэта аўтар ускладвае на саміх сялян: „Трудно представить себе тот уровень пассивности, который обеспечил растянувшееся на десятилетия сползание в безземелье без каких–либо попыток изменить свою судьбу. Трагедия этих людей заключалась в том, что избранный ими путь был освящен традицией: они всего лишь жили так, как предписывала им унаследованная от предков модель поведения“ (247). Але трэба прызнаць, што беларускія вяскоўцы сапраўды сутыкнуліся з вельмі складаным выклікам часу. Зрэшты, падобныя праблемы паўставалі, напрыклад, і перад польскімі сялянамі3. Але ў польскіх вяскоўцаў былі значна лепшыя магчымасці для іх развязання. У той жа час, як слушна адзначае В.Насевіч, якраз самыя актыўныя і прадпрымальныя прадстаўнікі традыцыйнай вёскі, бунтары і наватары, найчасцей станавіліся ва ўмовах Беларусі ахвярамі лёсу, што найбольш характэрным было для часоў савецкай мадэрнізацыі. А пры­стасоўванне да сітуацыі і пасіўная пакорлівасць уладзе ці страснае імкненне ёй дагадзіць часта рабілася найбольш зручнай і рацыянальнай стратэгіяй выжывання. Са­праўды, узняты ў манаграфіі В.Насевіча пласт праблем значна выходзіць за рамкі звычайнага мікрагістарычнага даследавання і прымушае чытача задумацца над галоўнымі, стрыжнёвымі пытаннямі нашай гісторыі. І ў гэтым заключаецца таксама вартасць рэцэнзаванай кнігі, якая, паўторымся, несумненна з’яўляецца падзеяй у сучаснай беларускай гістарыяграфіі.

Горадня Сяргей Токць
1 Богданович A. Мои воспоминания // Нёман. 1994. № 6—8.

2 Fedorowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T.1—3. 1897—1903.

3 Гл.: W.Mędzrecki. Młodzież wiejska na ziemiach Polski centralnej 1864—1939. Procesy socjalizacji. Warszawa, 2002.

Eriksonas, Linas. National heroes and national identities. Scotland, Norway and Lithuania. P. I. E. Peter Lang, Brussels, 2004. 320 s.

Манаграфія, якая выйшла ў сталіцы Еўрасаюзу, ёсць 26–м томам серыі „Пярэстая Еўропа“, аўтарамі якой з’яўляюцца гісторыкі розных краінаў. Яе аўтар Лінас Эрыксонас працуе ва універсітэце Глэморган (Вялікая Брытанія) і належыць да новай генерацыі літоўскіх гісторыкаў, што атрымалі адукацыю і абаранілі дысертацыі на Захадзе. Эрыксонас нарадзіўся ў Вільні, cкончыў Пражскі Карлаў універсітэт і дактарантуру Абердынскага універсітэта (Шатландыя). Валоданне сучаснай метадалогіяй і шэрагам замежных моваў вызначылі тэму першай кнігі маладога вучонага, якая паўстала з абароненай ім дысертацыі. Галоўная мэта працы — паказаць, як стваралася, а потым уплывала на пабудову этнічнай свядомасці шатландцаў, нарвежцаў і літоўцаў галерэя нацыянальных герояў.

Выбар краінаў невыпадковы. Шатландыя з Нарвегіяй (старадаўнія каралеўствы) разам з Літвой страцілі ўласную дзяржаўную традыцыю ў ранні Новы час ды растварыліся ў гаспадарствах магутных суседзяў, каб паўстаць як маладыя нацыі ў ХХ ст. На думку Эрыксонаса, менавіта канструкцыя старажытнай уласнай галерэі герояў выканала галоўную ролю ў стварэнні нацыянальнага руху, у выніку якога паўсталі незалежныя Нарвегія (1905), Літва (1918) і аўтаномная са сваім соймам Шатландыя (1999). Гістарычны і геаграфічны абсяг працы ўражвае. Тры розныя краіны і мовы, рэтраспектыва з часоў Сярэднявечча да сучаснасці. Згодна з мадэрнымі плынямі сусветнай гістарыяграфіі, аўтар адмаўляецца ад лінейнага апісання мінулага і прапануе замест гэтага цікавую канструкцыю. Калі на яго радзіме і ў суседніх краінах некаторыя гісторыкі працягваюць дапасоўваць гістарычныя факты да сучаснай ідэалогіі, прадукуючы чарговыя міфы, Эрыксонас прысвяціў сваю працу аналізу малавядомых падвалінаў этнічнай свядомасці.

Кніга складаецца з трох частак. У першай аўтар аналізуе нацыянальны рух шатландцаў. Другая прысвечаная Нарвегіі, і апошняя — Літве. Паўсюль мы маем справу не з пераказам мінулага, а з грунтоўным аналізам. Аўтар паказвае, як эліты трох краінаў скарысталіся гераічнай спадчынай з мэтай аб­грунтаваць свае правы на ўласную дзяржаўнасць.

На думку Эрыксонаса, уся навачасная гераічная традыцыя шатландцаў ядналася вакол двух сярэднявечных герояў Вільяма Ўолэса (William Wallace, †1305) і Роберта Бруса (Robert Bruce, †1329). Гераічныя біяграфіі, т. зв. „Кніга Ўолэса“ (1375) і „Кніга Бруса“ (1478), сталі „нацыянальнай Бібліяй“ шатландцаў, якая перапісвалася і друкавалася з пакалення ў пакаленне. Асаблівую ролю гісторыя гэтых герояў адыграла ў ХVII — пачатку ХVIII ст. — часе паўстанняў супраць Англіі. Але актуaлізацыя вобразаў герояў адбылася пасля канчатковай страты незалежнасці (унія з Англіяй 1707 г.), калі практычна ўсе шатландскія пісьменнікі і публіцысты звярталіся да постаці герояў. У выніку працы інтэлектуалаў з 1919 г. „Дзень Ўолэса“ стаў галоўным нацыянальным святам Шатландыі.

Нарвегія, страціўшы сваю незалежнасць у раннім Сярэд­ня­веччы, адрадзілася толькі ў выніку мірнай рэвалюцыі 1905 г. На працягу вякоў залежнасці ад Даніі і Швецыі нарвежская эліта захоўвала і пашырала ўласную гераічную традыцыю. Аўтар паказвае, як нарвежскія пісьменнікі ладкавалі інтэлектуальны супраціў спробам Даніі і Швецыі дапасаваць гісторыю іх каралёў да агульнай скандынаўскай традыцыі (так званы „гатыцызм“). Эрыксонас паказвае, як ва ўмовах блізкай моўнай роднасці і аднолькавай веры (лютэранства) менавіта нарвежскія гераічныя сагі пра караля Олава II Гаральдсана дапамагалі нацыяналістам крышталізаваць адметную ад магутных суседзяў свядомасць і правы на дзяржаўнаю традыцыю. З 1815 г. Нарвегія дамаглася аўтаноміі і ўласнага сойму. Эрыксонас паказвае, як з сярэдзіны ХIХ ст. дзень караля і святога Олава робіцца нацыянальным святам Нарвегіі. Як камітэты па арганізацыі гэтага свята пераўтвараюцца ў галоўнае апірышча нацыяналістаў. Як тэрытарыяльны патрыятызм робіцца нацыянальным. Як рух святкавання “Olsok“ трансфармуецца ў нацыяналістычную правую партыю.

Нарэшце, найбольш цікавая для беларускага чытача частка прысвечана Літве і ВКЛ. Эрыксонас адразу падкрэслівае, што гераічная традыцыя сучаснай Рэспублікі Літва цалкам будуецца на палітычнай спадчыне ВКЛ — шматэтнічнай дзяржавы зусім адрознага, як піша аўтар, ад сучаснай Летувы характару і прасторы. Аўтар падкрэслівае, што ВКЛ ад пачатку было палітычнам сімбіёзам паганскіх літоўскіх кунігасаў і права­слаўных русінскіх (Ruthenian) князёў (243—244). На думку Эрыксонаса, слабасць летувіскай гераічнай традыцыі была абумоўлена тым, што Літва, у адрозненне ад Шатландыі і Нарвегіі ніколі не была каралеўствам і ўвесь час знаходзілася ў полі польскага палітычнага ўплыву. Аўтар піша, што з часоў Жы­гімонта Аўгуста вялікія князі літоўскія ніколі не жылі ў ВКЛ і былі там зрэдку толькі наездамі. Слушная думка, бо са­праўды пасля войнаў 1654—1667 г. палац вялікага князя ў сталічнай Вільні ніколі не аднаўляўся, а палітычным цэнтрам княства была павятовая Горадня. Менавіта таму героямі навачаснай літоўскай традыцыі (антыпольскай і антырасійскай па сваёй накіраванасці) былі абраныя сярэднявечныя балцкія вялікія князі, што ваявалі супраць Польшчы і Масквы.

На думку Эрыксонаса, адным з матываў хросту літоўскай эліты было яе прагматычнае жаданне ўвайсці ў палітычную сям’ю тагачаснай Еўропы, „бо ў вачах хрысціянскай Еўропы ВКЛ як нармальнай дзяржавы не існавала, пакуль ва ўладзе трымалася паганства, пры гэтым было неістотна, колькі права­слаўных князёў дало прысягу вернасці вялікаму князю“ (245).

Аналізуючы вытокі гераічнай трыдыцыі ВКЛ, Эрыксонас выказвае сенсацыйную гіпотэзу. На яго думку, аўтарам міфа Палемона пра рымскае паходжанне ліцвінаў быў Францішак Скарына. Эрыксонас падкрэслівае, што постаць Скарыны незаслужана забыта літоўскімі гісторыкамі з прычыны яго русін­скага паходжання. Але аўтар упэўнены, што менавіта „знакаміты русін“ стаяў ля вытокаў гераічнай трaдыцыі шляхты. Пад мікраскопам даследчыка апынулася Падуя — горад Вене­цыян­скай рэспублікі і месца навучання Скарыны. Эрыксонас піша, што палітычныя структуры Венецыі і ВКЛ былі вельмі падобнымі. І там, і там дзяржавай кіравалі шляхецкія паны–рада. У абедзвюх краінах жыло каталіцкае і праваслаўнае насельніц­тва (сербы ў Венецыі). Але галоўнае, што венецыянская шляхта падкрэслівала сваё паходжанне ад рымскіх патрыцыяў. Згодна з міфам, Венецыя была пабудаваная шляхцічамі, якія вымушана ўцяклі з Рыма. Як вядома, міф Палемона дакладна паўтарае гэты сюжэт. Эрыксонас лічыць, што якраз старабеларускі гуманіст быў той асобай, якая прынесла гэтую гісторыю з Венецыі ў Літву. У адным з сваіх артыкулаў (на жаль, невядомым Эрыксонасу) я звяртаў увагу на ролю падуанскіх кантактаў у творчасці Скарыны1.

Як вядома, каля 1521 г. Скарына вярнуўся ў ВКЛ, дзе працаваў пісарам віленскага каталіцкага біскупа і праз шлюб з Маргарытай Адвернік (дачкой каталіцкага бурмістра) усталяваў добрыя сувязі з каталіцкай элітай. Як найбольш адукаваны чалавек краіны, Скарына распачаў друк і ўзяў удзел у кадыфікацыі першага Статута. Гэтай працай кіраваў канцлер Альбрэхт Гаштаўт, вядомы пазней як гарачы прыхільнік рымскага паходжання ліцвінаў. Аўтар даводзіць, што запыт на падобны міф быў абгрунтаваны не столькі прэтэнзіямі палякаў, колькі адказам эліты Вялікага Княства Літоўскага 1520–х г. галоўнаму ворагу — Маскоўскай дзяржаве. Нагадаем, што якраз у 1523 г. з’явілася канцэпцыя „Масква — трэці Рым“, што патрабавала хуткага і якаснага адказу Вільні.

Далей чытача чакае іншы сюрпрыз. Эрыксонас звяртае ўвагу на змест кнігі пратэстанта Яна Радвана „Philopatris ad Senatum polumque Lituanum“ (1597), прысвечанай радзе ВКЛ. Радван параўновае раду Літвы з славутым урадам Венецыі, піша пра Палямона і зусім забываецца пра Люблінскую унію з Польшчай (258). У творы Радвана ВКЛ паўстае як Венецыя незалежнай федэрацыяй ваяводстваў, кожнаму з якіх прысвечана асобная частка кнігі.

На слушнyю думку Эрыксанаса, пасля Палтавы (1709 г.) ВКЛ зрабілася тэрыторыяй расійскага панавання, якой дэ–факта кіравалі магнаты ды расійскі штык. Таму, у процівагу маскоўскім уплывам, шляхта арыентавалася на тэрытарыяльны літоўска–польскі патрыятызм ды паступова інтэгравалася ў польскую палітычную нацыю.

Аўтар — адзін з першых гісторыкаў, што ўважліва і незаангажавана паглядзеў на ролю новай расійскай улады ў нацыянальным літоўскім руху. Падкрэслена вага найбуйнейшага ў Расій­скай імперыі Віленскага універсітэта ў адраджэнні ге­раіч­най спадчыны ВКЛ. Асобныя старонкі прысвечаны Мікалаю Румянцаву (1754—1826). І зноў мы сустракаем тут шэраг новых фактаў і параўнанняў. Аказваецца, як сенатар і канцлер Расіі, Румянцаў добра разумеў карту нацыяналізму. Выхаванец гістарычнага факультэта Ляйдэнскага універсітэта, ён першы пачаў ствараць прарасійскі рух сярод элітаў новых народаў на цывілізаваным захадзе Імперыі, на абшарах, што былі забраныя Расіяй у Швецыі і Польшчы.

На працягу сваёй доўгай кар’еры Румянцаў здолеў выгадаваць шэраг прарасійскіх актывістаў: фінскіх (антышведскіх па поглядах), літоўскіх і беларускіх (антыпольскіх). Менавіта Ру­мян­цаў фундаваў фінскі універсітэт у Турку (Обу), які стварыў кан­курэнцыю мясцоваму шведскаму універсітэту. Румянцаў ар­­ганізаваў гурт фінскіх вучоных, якія на яго грошы выдавалі фін­скія слоўнікі і этнаграфічныя працы. У гістарычных працах фін­скага гуртка Румянцава даводзілася вага славянскага Ноў­га­рада ў гісторыі фінаў ды хаўрус паміж імі, вядома ж, су­праць Швецыі. У святле гэтых фактаў больш зразумелай ро­біц­­ца пазіцыя беларускага гуртка Румянцава, ягоная пад­трым­­ка дзейнасці Івана Грыгаровіча і Канстанціна Ка­лай­дові­ча, выданне працы „Белорусский архив древних грамот“ (1824) і г. д.

Зрэшты, Эрыксонас паказвае, як у выніку доўгага пошуку літоўская эліта абрала цэнтральным героем сваёй традыцыі Вітаўта Вялікага. На 500–годдзе князя, якое святкавалася ў Коўне ў 1930 г., было выдадзена ажно 3 кнігі пра Вітаўтаса. Гэты год стаў нараджэннем новага нацыянальнага культу. Шкада, што аўтар не заўважыў беларускага водгуку тых самых падзей (у 1930 г. у былой сталіцы ВКЛ Адам Станкевіч выдаў культавую кнігу „Вітаўт Вялікі і беларусы“).

Пры канцы некалькі крытычных заўваг. Аўтар паўтарае сцвярджэнне літоўскай гістарыяграфіі пра „апошні паганскі народ Еўропы“ (244), забываючыся пра народ саамі, які прыняў хрост ажно ў ХVII ст. На с. 258 аўтар паўтарае пашыраны стэрэатып пра „арыстакратычныя фаміліі Радзівілаў і Сапегаў (sic), якія на пачатку ХVII ст. фактычна кіравалі Літвой“. Заўважу, што, у адрозненне ад Радзівілаў, Сапегі былі разгалінаванай шляхецкай радзінай, якая толькі дзякуючы высілкам асобных прадстаўнікоў апанавала магнацкія вяршыні. Словам, калі ўсе Ра­дзівілы былі магнатамі, то далёка не кожны Сапега пачуваўся арыстакратам. На маю думку, аўтару не хапіла часу разгле­дзець усе творы гераічнай традыцыі ВКЛ. Праігнараванымі засталіся шмат твораў, выдадзеных цягам ХVII ст. па–польску2. Няправільна перададзены арыгінальныя польскія формы прозвішчаў Яўстаха Тышкевіча і Саламона Рысінскага (258, 272).

Нягледзячы на дробныя недахопы, кніга Лінаса Эрыксонаса з’яўляецца ўзорным творам сучаснай гістарыяграфіі. Аўтар апрацаваў велізарны абсяг інфармацыі і ператварыў яе ў правакацыйную (у добрым сэнсе) і глыбокую кнігу, чытаць якую — адно задавальненне. Яе можна раіць усім аспірантам і маладым гісторыкам Беларусі, якія шукаюць шляхі пісаць па–новаму, нестандартна і прафесійна.

Стакгольм Андрэй Катлярчук
1 Катлярчук А. Францішак Скарына і харвацкія гуманісты // Кантакты і дыялогі. 1999. № 9—10. С. 3—8.

2 Напрыклад: Ugniewski Sz. Żywot s. Władysława krola Wegierskogo… Wilna, 1630; Rybinski Ian. Ku czci Jaśnie Wielmożnemu Panu panu Lwowi Sapieże… Wilna, 1607; Glós tureckich y inflaskich woien: O sławney pamieci Janie Karolu Chodkiewiczu… Wilna, 1640; Emblemata cnót dzielnych i spraw przewaznych sławnych potomków Kiszkow. Wilna, 1614; Klęska turecka przez zwycięskiej oręże strzałę y miecz wykonana na powitanie hetmanow WXL z Marsowego Pola ...od młodzi Collegium Brzeskiego Soc. Iesu ogłoszona roku 1694. 1694; etc.

Solak, Zbigniew. Między Polska a Litwą. Życie i działalność Michała Römera. 1880—1920. Kraków, 2004. 484 s.

Міхал Ромэр (1880—1945) — юрыст, публiцыст, навуковец, грамадскi i палiтычны дзеяч — у пэўным сэнсе быў адным з апошніх грамадзянаў Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ён на пачатку ХХ ст. быццам акумуляваў дух г.зв. „ліцвінскага сепаратызму“ часоў Рэчы Паспалітай і ва ўмовах нацыянальнага Адраджэння народаў былога ВКЛ сфармуляваў асноўныя прынцыпы „краёвай ідэалогіі“. Яе падмуркам стала ідэя яднання розных народаў пад сцягам агульнага змагання за інтарэсы Краю (г.зн. земляў колішняга ВКЛ). Яно павінна было прывесці да фармавання нацыі дзяржаўнага (грамадзянскага) тыпу і адраджэння Вялікага Княства Літоўскага як незалежнай дэмакратычнай дзяржавы.

Аналізаваць жыццё першага „краёўца“ і апошняга грама­дзяніна ВКЛ складана, бо ягонай характэрнай рысай быў дуа­лізм. М.Ромэр належаў да г.зв „літоўскіх палякаў“, паходжанне і гістарычная памяць якіх былі звязаныя з гістарычнай Літвой, а культурная прыналежнасць — з Польшчай. Якраз гэты дуалізм адлюстраваўся ў назве кнігі („Паміж Польшчай і Літвой“).

Збігнеў Соляк абмежаваўся толькі першым перыядам жыцця М.Ромэра (1880—1920), напоўненым пераважна грамадска–палітычнай дзейнасцю і публіцыстычнай працай. Кніга заканчваецца тым выбарам, які М.Ромэр зрабіў у 1920 г., калі вырашыў пакінуць Польшчу і перабрацца на пастаяннае пражыванне ў Коўна. Ён звязаў сваё жыццё з літоўскай дзяржавай і адыграў вялікую ролю ў станаўленні яе прававой сістэмы. Аднак свой дзённік (1911—1945) да канца жыцця вёў на польскай мове.

Трэба адзначыць, што доўгі час гісторыкі або не звярталі ўвагі на постаць Міхала Ромэра, або згадвалі пра яго ўскосна. У польскай гістарыяграфіі пра М.Ромэра як пра грамадска–палітычнага дзеяча пачатку ХХ ст. пачалі пісаць толькі ў 70—80–я г. (Юліюш Бардах, Ян Юркевіч, Раман Юркоўскі). У гістарыяграфіі Літвы да канца савецкай акупацыі не было ніводнай працы, хоць літоўскія даследчыкі захоўвалі памяць пра М.Ромэра як пра юрыста і рэктара універсітэта ў Коўне.

А вось на пачатку 90–х г. адбыўся сапраўдны „выбух“ цікавасці да жыцця і творчай спадчыны Міхала Ромэра як галоўнага ідэолага ліберальна–дэмакратычнага кірунку краёвасці. У вялікай ступені гэтая цікаўнасць была звязаная з „адкрыццём“ даследчыкамі дзённіка Міхала Ромэра1. Аўтарам першай публікацыі, прысвечанай гэтай гістарычнай крыніцы быў Вінцас Марцінкенс. Ягоны артыкул апублікаваў часопіс „Kulturos barai“ у 1976 г. На пачатку 90–х г. дзённік стаў аб’ектам інтэнсіўных даследаванняў літоўскіх і польскіх навукоўцаў. У 1995 г. быў апублікаваны артыкул Збігнева Соляка, які ўздымаў праблему стасункаў Міхала Ромэра і віленскіх вольных муляраў пачатку ХХ ст.2 У Літве аўтарамі найбольш пры­кметных публікацый сталі Рымантас Мікныс, Дарус Сталюнас, Уладас Сірутавічус, Эгідыюс Мацека і Ян Савіцкі. Апошні быў аўтарам грунтоўнай манаграфіі, прысвечанай свядомасці М.Ромэра і ягоным поглядам на нацыянальную праблему3. Некалькі публікацый з’явілася таксама ў беларускім навуковым друку4. Тым не менш цяжка лічыць гістарыяграфічную распрацоўку праблемы жыцця і дзейнасці М.Ромэра грунтоўнай. Многія ўзнятыя кракаўскім гісторыкам праблемы ўпершыню зрабіліся аб’ектам даследчыцкай увагі.

Асноўнымі крыніцамі даследавання стаў дзённік М.Ромэра, фрагменты ягоных успамінаў, публікацыі, сямейная карэспандэнцыя, матэрыялы асабістых архіваў Людвіка Абрамовіча, Тадэвуша Ўрублеўскага, Алены Ромэр–Ахенькоўскай і дакументы парыжскіх літоўскіх арганізацый пачатку ХХ ст.

Аўтар шмат увагі аддаў дзяцінству і маладосці галоўнага героя. Ён паспрабаваў вылучыць асноўныя этапы ператварэння прадстаўніка тыповага роду „літоўскіх палякаў“ у галоў­нага ідэолага краёвасці, чые погляды кардынальна разыхо­дзіліся з поглядамі большасці сваякоў, сяброў і знаёмых. Безумоўна, „нараджэнне краёўца“ не было вынікам сямейнага вы­хавання і атмасферы роднага дому. Амаль усе сваякі (Ромэры і Тукалы) у перыяд нацыянальна–культурнага Адраджэння Беларуска–Літоўскага краю ператварыліся ў шчырых польскіх патрыётаў. Шлях Міхала Ромэра быў іншым. Паводле З.Соляка, вялікую ролю адыгралі глыбока эмацыянальныя адносіны да роднага краю і літоўскасці, якія ўвабралі ў сябе замілаванне прыродай малой радзімы (маёнтак Багданішкі Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ.), цікавасць да мясцовага літоўскага фальклору, звычаяў і мовы жыхароў навакольных вёсак і г.д.

Але, як падаецца, таксама нельга ігнараваць і той факт, што ўжо ў дванаццацігадовым узросце М.Ромэр быў адарваны ад звычайнага сацыяльнага і культурнага асяроддзя. У 1892 г. бацькі выправілі яго вучыцца ў Імператарскую школу права ў Санкт–Пецярбург. Потым ён працягваў адукацыю ў Ягелон­скім універсітэце і Школе палітычных навук у Парыжы (з 1902 г.). Менавіта ў Парыжы ён навязаў кантакты з дзеячамі літоўскіх моладзевых арганізацый. Пад уплывам дзеяча літоўскага руху Юозаса Петруліса (1877—1958) М.Ромэр стаў сябрам літоўскай студэнцкай арганізацыі „Lithuania“, што, паводле яго асабістага прызнання, было адным з пераломных момантаў жыцця. Безумоўны ўплыў на фармаванне свядомасці галоўнага героя аказаў якраз Ю.Петруліс, у поглядах якога этнічны літоўскі патрыятызм сумяшчаўся з патрыятызмам грамадзяніна гістарычнай Літвы. Ю.Петруліс імкнуўся пашырыць пачуццё краёвай грамадзянскасці сярод літоўскіх палякаў ды іншых народаў Беларуска–Літоўскага краю. І не без поспеху. Па меншай меры, у душы Міхала Ромэра ён здолеў абудзіць тую любоў да Літвы, якая заўсёды жыла там на ўзроў­ні падсвядомасці. Фактычна, у „парыжскі перыяд“ закончыліся яго ідэйныя пошукі. Як сцвердзіў аўтар, М.Ромэр вярнуўся на Радзіму ўзброены краёвай ідэяй, якой прысвяціў некалькі наступных дзесяцігоддзяў жыцця.

Збігнеў Соляк даволі падрабязна спыніўся на гісторыі за­снавання і рэдагавання М.Ромэрам штодзённай „Газеты Ві­леньскай“ (люты—чэрвень 1906 г.), якая актыўна прапагандавала краёвую ідэю. Якраз на яе старонках гэтая ідэя паступова ператваралася ў пэўную ідэалогію. Ліквідацыю „Газеты Віленьскай“ аўтар палічыў паражэннем польскіх дэмакратаў наогул. На думку З.Соляка, „з гэтага моманту на некалькі гадоў лозунг краёвасці стаў лозунгам кансерватыўных лі­тоўскіх землеўласнікаў, якія не толькі змаглі захаваць свой друк, але таксама пастараліся выпрацаваць уласную праграму і паспрабавалі (хоць без поспеху) стварыць уласную партыю“ (95). У гэтым месцы варта заўважыць, што кансерватыўны (або, да­кладней, кансерватыўна–ліберальны) кірунак краёвасці быў выпрацаваны яшчэ раней. Да яго распрацоўкі непасрэднае дачыненне мелі Раман Скірмунт, Баляслаў Ялавецкі, Канстанцыя Скірмунт, Эдвард Вайніловіч ды іншыя прадстаўнікі старажытных беларускіх і літоўскіх родаў, якія на пачатку ХХ ст. складалі гаспадарчую і культурную эліту мясцовай польскай грамадскасці. Краёвасць ад самога на­раджэн­ня як ідэалогія мела па меншай меры два „твары“. Варыянт Р.Скірмунта і Б.Яла­вецкага быў пазбаўлены пэўнага сацыяльнага радыкалізму, адчувальнага ў канцэпцыі М.Ромэра, хоць і ўтрымліваў традыцыйны набор першачарговых ліберальных ператварэнняў у краі.

Адлучэнне ад публіцыстычнай дзейнасці М.Ромэр выкарыстаў для вывучэння літоўскага нацыянальнага руху. Вынікам ягонай навуковай працы стала кніга Litwa. Studium od­rodzenia narodu litewskiego (Львоў, 1908), якая атрымала высокую ацэнку многіх рэцэнзентаў, у т.л. дзеячоў літоўскага руху. Яна і сёння лічыцца адной з найлепшых працаў па гісторыі нацыянальнага руху нашых паўночных суседзяў5. Адначасна працягвалася далейшая распрацоўка краёвай канцэпцыі, у чым пэўную ролю адыграў літоўскі культурны дзеяч і навуковец Юзаф Альбін Гэрбачэўскі6. Наогул, кніга Збігнева Соляка прымушае задумацца над роляй літоўскіх палітыкаў і навукоўцаў у выпрацоўцы краёвай ідэалогіі. Па меншай меры, прыведзеныя факты выразна супярэчаць досыць пашыранай у Польшчы і Беларусі трактоўцы літоўскага нацыянальнага руху як неталерантнага і агрэсіўнага. У гэты ж час на старонках варшаўскай „Праўды“ быў апублікаваны артыкул М.Ромэра Zagadnienia narodowe białoruskie (1907, №32—36). Амаль упершыню беларускі рух стаў аб’ектам грунтоўнага аналізу.

Наступныя раздзелы кнігі і этапы жыцця і дзейнасці Міхала Ромэра пісаліся пры дапамозе дзённіка галоўнага героя. Гэта унікальная крыніца, якая не мае аналагаў ні ў польскай, ні ў беларускай гісторыі. Практычна штодня з 1 студзеня 1911 г. да лютага 1945 г. М.Ромэр падрабязна апісваў і аналізаваў падзеі, што адбыліся. Дзённік уражвае багаццем тэматыкі, глыбокім асэнсаваннем многіх важных і пераломных для гісторыі Польшчы, Беларусі і Літвы падзеяў. Увагі заслугоўваюць партрэты гістарычных асобаў. Сярод іх дзеячы польскага, літоўскага і беларускага руху, прадстаўнікі расійскай ліберальнай апазіцыі і кіраўнікі ўраду і, нарэшце, вольныя муляры. Дарэчы, апошнім М.Ромэр прысвяціў два вялікія запісы, у якіх падрабязна апісаў гісторыю адраджэння вольнамулярства ў Вільні на пачатку ХХ ст. Ён ведаў, пра што пісаў, бо ў сакавіку 1911 г. прайшоў абрад ініцыяцыі ў віленскай ложы „Еднасць“, а трохі пазней узначаліў ложу „Літва“7.

З.Соляк шмат увагі аддаў гэтай старонцы жыцця М.Ромэра і, як падаецца, цалкам справядліва. Можна згадзіцца з аўтарам, што дзякуючы М.Ромэру віленскія вольнамулярскія ложы сталі моцнымі цэнтрамі прапаганды краёвай ідэалогіі. Але таксама можна выказаць думку, што сама масонская ідэа­логія з характэрнымі для яе ідэямі роўнасці, братэрства, нацыянальнай і палітычнай талеранцыі ў сваю чаргу паўплывала на канчатковае афармленне ідэалогіі краёўцаў. Як заўважыў кракаўскі даследчык, асаблівасцю дзейнасці віленскіх ложаў стала адсутнасць антырэлігійных акцэнтаў, мінімальная абрадавасць і поўнае забыццё пра абавязковую для масонаў апалітычнасць. Адной з галоўных мэтаў дзейнасці ложаў Віль­ні стала барацьба супраць імперыі цароў.

У апошнія перадваенныя гады М.Ромэр актыўна працаваў на ідэю польска–літоўскага паяднання. Застаючыся прыхіль­нікам ідэі незалежнай Літвы (гістарычнай Літвы), М.Ромэр лічыў, што дамагчыся гэтага магчыма толькі ў саюзе з Поль­шчай. Аднак далей фрагментарных польска–літоўскіх кантактаў справа не пайшла. З.Соляк лічыць галоўнай прычынай моцны недавер літоўскага боку да польскіх палітыкаў. Да гэтага трэба дадаць, што гэты недавер быў цалкам апраўданы. Па меншай меры, ні Партыя нацыянальных дэмакратаў, ні ППС не збіраліся ўлічваць нацыянальна–палітычныя і культурныя патрабаванні літоўскага руху (таксама як і беларускага).

Першая сусветная вайна моцна паўплывала на пазіцыі асноўных „акцёраў“ беларуска–польска–літоўскай палітычнай сцэны. У гэты час М.Ромэр у шматлікіх артыкулах звяртаў увагу чытачоў на гістарычную сувязь незалежнасці Польшчы са свабодай Літвы і Беларусі. Ён лічыў неабходным арганізацыю вайсковай падтрымкі дзяржаўніцкіх намаганняў Ю.Пілсуд­скага з боку насельніцтва гістарычнай Літвы. Дзеля гэтага 35–гадовы палітык і публіцыст у траўні 1915 г. з Вільні перабраўся ў польскія легіёны ў Галіцыі, каб са зброяй у руках змагацца за незалежнасць Польшчы і Літвы. У якасці шараговага салдата М.Ромэр удзельнічаў у вайсковых аперацыях. Адначасна спрабаваў зацікавіць краёвай ідэяй і ідэяй незалежнай гістарычнай Літвы Ю.Пілсудскага і ягонае атачэнне. Аднак не атрымалася. Як справядліва заўважыў З.Соляк, блізкія да Пілсудскага людзі не разумелі М.Ромэра і ягонай канцэпцыі. Для апошняга мэтаю была незалежнасць Літвы, а яе саюз з Польшчай, прыхільнікам якога ён быў, быў толькі сродкам дасягнення гэтай незалежнасці. Для большасці польскіх палітыкаў з лагера Ю.Пілсудскага мэтаю была унія Польшчы і Літвы, а згода на незалежнасць Літвы ўспрымалася як часовая ўступка г.зв. „літоўскім сепаратыстам“.

Тым не менш палітыкі з „партыі“ Пілсудскага вырашылі выкарыстаць аўтарытэт і палітычны вопыт М.Ромэра. У сакавіку 1919 г. кіраўнік польскай дзяржавы даручыў яму пазнаёміць ковенскіх палітыкаў з ягонай „літоўскай праграмай“, якая прадугледжвала стварэнне ў занятай польскімі войскамі Вільні „краёвага ўрада“ з удзелам літоўцаў. Ю.Пілсудскі заявіў пра намер адрадзіць дзяржаўнасць Літвы ў дзяржаўным саюзе з Польшчай. М.Ромэр выязджаў на перамовы ў вельмі скептычным настроі. І сапраўды, Коўна адмовілася прыняць поль­скую прапанову і выказала катэгарычную нязгоду на заняцце Вільні палякамі. Паводле Збігнева Соляка, гэты дыпламатычны эпізод у біяграфіі М.Ромэра, які мог стаць пачаткам па­лі­тыч­най кар’еры ў Польшчы, на самай справе паскорыў прыняцце рашэння пра вяртанне ў Літву. Пад час ковенскіх суст­рэ­чаў віленскі краёвец быў прыемна здзіўлены тым ве­лізарным аб’ёмам працы, якую выканалі яго знаёмыя літоў­скія дзеячы па стварэнні ўласнай дзяржавы. Увесну 1920 г. ён назаўсёды вярнуўся ў Літву, каб працаваць на карысць маладой літоўскай дзяржавы. Як заўважыў даследчык, М.Ромэр „па–ранейшаму заставаўся краёўцам, але ўжо пагадзіўся з думкай, што там, куды ён вяртаецца, няма для гэтай ідэі месца. Літва будавала сваю дзяржаўнасць на падмурку нацыянальнай ідэі... Аднак іншай Літвы не было. Упершыню М.Ромэр зразумеў падвойнасць сваёй польска–літоўскай душы. Адчуў сябе эпігонам, „пераходным тыпам“, які не належыць ні „да ўзыходзячага свету маладой народнай Літвы“, ні да старога свету шляхецкай польскай культуры. Тым не менш вяртаўся, каб служыць той Літве, якая нараджалася. Ён кіраваўся пачуццём грамадзянскага абавязку і любоўю да малой Радзімы“ (440).

Ковенскі перыяд жыцця М.Ромэра застаўся па–за храналагічнымі рамкамі кнігі. Але варта адзначыць, што ў гэты час адбылося ператварэнне грамадскага дзеяча, палітыка і публіцыста ў навукоўца і юрыста з міжнародным аўтарытэтам. Усё гэта дзякуючы сапраўды тытанічнай працы і адмове ад асабістага жыцця.

У „Заключэнні“ Збігнеў Соляк цалкам слушна адзначыў імкненне галоўнага героя кнігі супрацьпаставіцца нацыянальнаму канфлікту, які знішчаў адзінства земляў і народаў гістарычнай Літвы. Спробай вырашэння праблемы стала краёвая ідэя, што абапіралася на паняцце агульнага грамадзянства народаў, якія насялялі Літву і Беларусь. Міхал Ромэр лічыў магчымым дасягненне міжнацыянальнага паразумення на падставе традыцый і гістарычнай адметнасці земляў колішняга ВКЛ пры захаванні самасвядомасці кожнай нацыі. Абвяс­ціў­шы зверхнасць інтарэсаў Краю над інтарэсамі асобных яго народаў, ён верыў у магчымасць абмежавання развіцця нацыяналізмаў.

Безумоўнай заслугай М.Ромэра было прыцягненне да су­працоўніцтва дэмакратычных колаў літоўскай і беларускай інтэлігенцыі. Ён сам доўгі час дзейнічаў на паўзмежжы розных нацый і добра разумеў нацыянальныя памкненні літоўцаў і беларусаў. Ягонае непрыняцце шавінізму ўсіх народаў (у першую чаргу, польскага), бескампраміснасць пазіцыі па­спрыяла таму, што ва ўмовах росту шавіністычных настрояў напярэдадні і ў перыяд сусветнай вайны віленскі краёвец апынуўся ў адзіноце. Ён наогул не меў тэмпераменту палітыка, не быў харызматычнай асобай і не валодаў навыкам стварэння ўласнай палітычнай групы падтрымкі. Міхал Ромэр — гэта, у першую чаргу, аналітык і канструктар арыгінальных праграм. Ягоным „каньком“ былі невялікія дыскусіі, дзейнасць у гру­пах уплыву, такіх як, напрыклад, віленскія масонскія ложы.

Ад пачатку знаёмства з кнігай чытача не пакідае пытанне, чаму нашчадак польскай арыстакратычнай сям’і падтрымаў нацыянальную Літву, якая мела сялянскі радавод? Пытанне вельмі цікавае і для беларускай гісторыі. Яно пакуль застаецца без адказу ў дачыненні да Рамана Скірмунта, Марыі Магдалены Радзівіл, Эдварда Вайніловіча, Казіміра Шафнагля і некаторых іншых прадстаўнікоў арыстакратычных і старажытных шляхецкіх родаў, якія ў той ці іншай ступені падтрымалі беларускі рух. Збігнеў Соляк паспрабаваў адказаць на яго ўжо ў першым раздзеле, прысвечаным дзяцінству і маладосці ві­ленскага краёўца. У „Заключэнні“ ён ізноў звяртаецца да гэтага пытання і адзначае вялікую ролю яшчэ дзіцячага замілавання да роднага краю, элементамі якога, у прыватнасці, быў мясцовы фальклор, літоўскія звычаі і мова, прырода малой радзімы (450).

Збігнеў Соляк таксама шмат увагі аддаў асабістаму жыццю галоўнага героя, не абмінуўшы сітуацый, якія перашка­джаюць ператварэнню жывога чалавека з няпростым характарам і лёсам у бронзавы манумент. На працягу ўсёй кнігі чытач (пры дапамозе аўтара) нібыта вядзе дыялог з цікавым суразмоўцам, які нечым нагадвае Дон Кіхота. Праўда, у адрозненне ад апошняга ён звычайна ўсведамляе мізэрнасць сваіх шансаў у змаганні супраць шавінізму і палітыканства. Але сваіх пазіцый першы краёвец і апошні грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага не здаваў.

Кніга напісана на цудоўнай польскай мове, што можа адчуць нават не паляк, і напісана... сэрцам. Збігнеў Соляк здолеў сумясціць сапраўды навуковы падыход да біяграфіі галоўнага героя з вялікім пачуццём сімпатыі да яго. Апошняе вы­явілася не ў стварэнні „кнігі–маўзалея імя Міхала Ромэра“, а ў аднаўленні вобраза чалавека, які знайшоў свой жыццёвы шлях і меў мужнасць не саступіць з яго.


P.S.

1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка