Belarusian historical review



старонка3/21
Дата канвертавання14.05.2016
Памер4.71 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21

Ruthenians at Grunwald (Dubro÷na) in 1410

Henadź Sahanovich

The Poles used to attribute the victory over the Teutonic Knights to themselves only. However, since the 19th century Lithuanian and Belarusian national historiographies have competed for its glory, too. Their contest entailed some propaganda tricks, which simplified the matter, overestimated the number of troops involved in the battle and the number of their ‘national’ regiments in particular, underestimating the others’ contribution, etc. The data on the Polish Kingdom’s and the Grand Duchy’s demographic and economic potential shows that in 1410 Vita÷t and Jahajla could have assembled many times more warriors than the Teutonic Knights. The latter no longer represented a mortal peril. So Vita÷t and Jahaila actually mobilised for their onslaught on Prussia only a part of their forces, 10,000 and 20,000 respectively. Rather big forces remained in the Grand Duchy. Judging from the description of Vita÷t’s regiments by the Polish chronicler Jan Długosz (although the source is not completely reliable), it can be estimated that Ruthenians accounted for over a half of the Grand Duchy’s army. Alongside the Ukrainian regiments of the Polish kingdom Ruthenians were the second largest force (after the Poles) in the allies’ army. For this reason, it would be unfair to underestimate their contribution to the victory at Grunwald.


Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka krotko pisana“



Васіль Варонін

Сярод беларуска–літоўскіх летапісаў ёсць твор, які да гэтага часу спецыяльна не разглядаўся. Ён, аднак, падаецца досыць цікавым і важным адразу па некалькіх прычынах. Ён узбагачае нашы ўяўленні пра шляхі развіцця айчыннага летапісання, а таксама дапамагае высветліць, якім чынам узнік і фармаваўся адзін з самых застарэлых міфаў у гісторыі Беларусі.

Гэты помнік не заўсёды разглядаўся нават як асобны твор. Напрыклад, Б. Вахевіч, які пакінуў пра яго цікавыя назіранні1, лічыў яго ўсяго толькі „рядом записей с хронологическими датами“2. Але, як падаецца, гэтая характарыстыка далёка не самая трапная і бясспрэчная. Помнік, безумоўна, трэба кваліфікаваць па–іншаму, і ў айчынным летапісанні яму належыць намнога больш прыкметнае месца.

Гаворка ідзе пра летапіс, польскі пераклад якога мае загаловак „Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka krotko pisana“. На сённяшні дзень „Хронічка“ вядомая ў двух спісах на старабеларускай мове і адным на польскай.

Адзін спіс увайшоў у тэкст Румянцаўскага летапісу. Ру­мян­цаўскі рукапісны зборнік, у склад якога ўваходзіць Ру­мян­цаўскі летапіс, быў перапісаны недзе ў Расіі адным почыркам напрыканцы XVII ст.3 „Хронічка“ ўстаўлена ў летапіс да­стат­кова механічна — пасля пераліку прадстаўнікоў маскоў­скай знаці, узятых у палон у бітве пад Оршай 8 верасня 1514 г. Яна пачынаецца не з новай старонкі, а ідзе непасрэдна за згаданым запісам 1514 г., з верхняй часткі аркуша 95. „Хроніч­­ка“ заканчваецца на аркушы 99, а адварот гэтага аркуша чысты4. З аркуша 100 пачынаецца твор, які не мае ніякага дачынення да беларуска–літоўскага летапісання.

Другі спіс занатаваны на аркушы 136 зборніка былой Сінадальнай бібліятэкі, напісанага беларускім почыркам канца XVII ст. Паводле зместу ён не звязаны ні з папярэднім, ні з наступным творам5.

Польскі пераклад „Хронічкі“ паходзіць з вядомага Альшэўскага кодэкса Хамінскіх і займае ў ім, паводле сучаснай пагінацыі, аркушы 166—167адв. (згодна са старой нумарацы­яй — старонкі 331—334). Ён пачынаецца з новага аркуша і мае свой асобны загаловак. Кампазіцыйна „Хронічка“ не звязана з Альшэўскім летапісам, які змешчаны ў зборніку перад ёй. Пасля ж яе, з новага аркуша, ідзе польскі пераклад прывілею Жыгімонта I яўрэям Вялікага Княства Літоўскага 1507 г.

„Хронічка“ некалькі разоў публікавалася. З Альшэўскага зборніка яе друкавалі Ст. Пташыцкі6 і М. Улашчык7, з Румянцаўскага — Б. Вахевіч8 і М. Улашчык9, з Румянцаўскага і Па­трыяршага — Ст. Пташыцкі10. У далейшым усе цытаты і спасылкі на тэкст „Хронічкі“ будуць давацца на падрыхтаваны Ст. Пташыцкім сямнаццаты том Поўнага збору рускіх летапісаў як на найбольш дасканалае з пункту гледжання археаграфіі выданне. Рыхтуючы сваю публікацыю летапісных помнікаў, у тым ліку і „Хронічкі“, М. Улашчык, на жаль, не ўлічыў Пат­ры­яр­шы спіс. Апрача таго, для даследавання гісторыі „Хронічкі“ важнае значэнне мае перадача дат менавіта лічбамі–літарамі царкоўнаславянскага алфавіта, як гэта і было зроблена ў двух старабеларускіх кірылічных спісах помніка. У падрыхтаваным жа М. Улашчыкам трыццаць пятым томе корпуса рускіх летапісаў яны пераведзены на арабскую сістэму.

„Хронічка“ — зусім невялікі твор. Тым не менш вядомыя нам два яго спісы і адзін пераклад прыкметна паміж сабой адрозніваюцца складам, асабліва ў заключнай частцы. Гэта з’яўляецца адной з праблем яго вывучэння. Да ліку іншых належаць шматлікія памылкі і розначытанні, якія сведчаць пра складаную гісторыю помніка, яго неаднаразовае перапісванне і рэдагаванне. Аднак хоць бы прыкладна высветліць час стварэння і гісторыю „Хронічкі“, а таксама рэканструяваць яе першапачатковы выгляд, як здаецца, усё ж такі магчыма.

У арыгінале „Хронічка“ была напісана, відавочна, па–старабеларуску кірыліцай. Хутчэй за ўсё, яна не мела тады загалоўка. У двух вядомых на сённяшні дзень кірылічных спісах ён адсутнічае. Назва „Wielkiego Xięstwa Litewskiego Kronyczka krotko pisana“ была ёй нададзена ў Альшэўскім кодэксе пры перакладзе на польскую мову (праўда, у змесце зборніка загаловак гучыць крыху па–іншаму: „Kroniczka litewska krotko pisana“). Гэта было зроблена, відавочна, для таго, каб адрозніць твор ад Альшэўскага летапісу, які змешчаны ў гэтым жа зборніку пад дужа падобнай назвай — „Wielkiego Xięstwa Litewskiego i Zmodskiego Kronika“.

Храналагічна „Хронічка“ ахоплівае перыяд ад пачатку XIV ст. і да 1567 г. Твор складаецца з кароткіх аднатыпных запісаў, у якіх указваецца падзея і год, калі яна адбылася, паводле наступнай схемы: тое і тое здарылася „лета Божья нароженя ... году“. Часам, калі пад адным годам зафіксавана некалькі па­дзей, наступныя запісы ўводзяцца выразам “того ж году“. Сутнасць падзей выкладзена вельмі лаканічна, з мінімальнай дэталізацыяй ці ўвогуле без яе.

„Хронічка“ пачынаецца з паведамлення пра далучэнне Літвы да хрысціянства паводле „закону римского“ каралём польскім Уладзіславам II Ягайлам і вялікім князем літоўскім Вітаўтам у 1386 г. Далей аўтар звяртаецца да падзей першай паловы XIV ст., якія працягвае паведамленнямі, укладзенымі ў асноўным у храналагічнай паслядоўнасці. Пры гэтым вельмі цяжка вызначыць „ідэалогію“ твора. Акрамя сцісласці запісаў, гэтаму перашкаджае таксама іх тэматычная раскіданасць. Гэта паведамленні пра ваенныя падзеі (іх найбольш). Пра смерць адных (вялікага князя літоўскага Вітаўта, каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх Казіміра і Аляксандра, вялікага князя маскоўскага Васіля III) і прыход да ўлады новых (Жыгімонта I Старога) манархаў. Пра царкоўных ерархаў і святых (віленскіх каталіцкіх біскупаў Войцеха Табара і Яна з князёў літоўскіх, праваслаўнага мітрапаліта Іосіфа III, каралевіча Казіміра). Пра прызначэнне на пасады і пра смерць вяльмож (князя Канстанціна Астрожскага, Станіслава Гаштаўта, Пятра Кішкі, Юрыя Радзівіла). Пра падзеі з гісторыі горада Вільні і іншае. Адным словам, за ўсёй гэтай мазаікай разнастайных здарэнняў цяжка заўважыць нейкую заканамернасць і, такім чынам, наблізіцца да адказу на пытанне: калі, кім і з якой мэтай была створана „Хронічка“?

Мы, на жаль, не маем першапачатковага варыянта твора нават у якаснай копіі. Больш за тое, усе спісы „Хронічкі“ дэ­фект­ныя і не маюць заканчэння, абрываючыся літаральна на паўслове. У Румянцаўскім спісе адсутнічае частка тэксту — запісы за 1530—1535 г. Відавочна, быў страчаны аркуш. Усё гэта вельмі ўскладняе пастаўленую задачу.

Для высвятлення часу ўзнікнення „Хронічкі“ адзін са спі­саў, Патрыяршы, непрыдатны, бо абрываецца на падзеях 1528 г. Апошняе ж тэкставае супадзенне Альшэўскага і Румянцаўскага спісаў — гэта паведамленне пра бітву на Голтве, якая адбылася ў 1530 г. Далей у Румянцаўскім спісе ідзе пропуск за кошт страчанага аркуша, а ў Альшэўскім — запісы за 1530—1535 г. У абодвух спісах чытаюцца паведамленні пра ўзяцце войскам Вялікага Княства Літоўскага і палякамі Старадуба ў 1535 г., але тэксталагічна яны не маюць нічога супольнага і, мяркуючы па ўсім, былі ўнесены ўжо рознымі аўтарамі ў розныя копіі помніка. Такім чынам, пратограф „Хронічкі“ завяршаўся адной з падзей у прамежку паміж 1530 і 1535 г. — больш дакладную дату вызначыць, бадай, немагчыма. Потым з яго было знята некалькі спісаў, якія пачалі самастойную гісторыю.

Пасля паведамлення пра ўзяцце Старадуба запісы ў Румянцаўскі спіс нейкі час не ўносіліся і былі адноўлены толькі ў 1545 г. Прычым гэта было зроблена не аўтарам пратографа. На карысць гэтага сведчыць, напрыклад, выкарыстанне ін­шай сістэмы летазлічэння — „ад стварэння свету“. І, нарэшце, апошні блок запісаў прысвечаны падзеям Інфлянцкай вайны і ахоплівае 1563—1567 г. Ён быў зроблены недзе на падкант­роль­най маскоўскай адміністрацыі тэрыторыі — і, хутчэй за ўсё, на памежжы з Вялікім Княствам Літоўскім. На думку Б. Ва­­хе­віча, прынамсі для артыкула 1563 г. гэта быў Полацк11, што зусім не выключана. Аднак асаблівасці мовы гэтых запісаў, у праватнасці лексіка, выдаюць хутчэй рускае, чым беларускае паходжанне іх аўтара.

У Альшэўскім спісе пасля паведамлення пра ўзяцце Старадуба запісы працягвалі ўносіцца, прычым вельмі актыўна. За той жа 1535 г. мы чытаем яшчэ тры паведамленні, а чацвёртае, разам з усім творам, абрываецца на паўслове. Пра змест пазнейшых запісаў Альшэўскага спіса „Хронічкі“ мы можам толькі здагадвацца.

„Хронічка“ была створана, безумоўна, у Вільні12. Што даты­чыцца аўтарства, назваць імя немагчыма. Больш за тое, вель­мі цяжка вызначыць нават колы, у якіх быў створаны помнік — настолькі стракатыя і маладэталізаваныя звесткі ён аб’яднаў.

Праўда, некаторы матэрыял для высноў дае запіс пра хрыш­­чэнне Літвы Ягайлам і Вітаўтам у 1386 г., якім распачынаецца твор. Такі погляд быў пашыраны ў колах інтэлектуалаў — патрыётаў Вялікага Княства Літоўскага („Літвы“) каталіцкага веравызнання. Паводле назіранняў Е. Ахманьскага13, у Літве ў гэты час існавалі два асяродкі інтэлектуальнай эліты: адзін склаўся вакол віленскага ваяводы і канцлера Вялікага Княства Літоўскага А. Гаштаўта, а другі — вакол віленскага капі­тула. Творы, якія сталі вынікам функцыянавання асяродка А. Гаштаўта, указваюць на тое, што „Хронічка“ была напісана, хутчэй за ўсё, не там. Напрыклад, адзначаныя ў „Па­хвале караля Жыгімонта“ А. Гаштаўта 1529 г.14 ваенныя перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага не супадаюць з па­дзеямі, унесенымі ў „Хронічку“. У ёй няма паведамленняў пра бітву з татарамі пад Вішняўцом (пад Лапушнай) 1512 г., таксама як і пра войны Польшчы з Малдавіяй у 1509—1510 г. і з Тэўтонскім ордэнам у 1519—1521 г.

Не выключана, што твор быў звязаны з віленскім капітулам. На карысць гэтага могуць сведчыць досыць шматлікія запісы царкоўнага зместу. Але і тут поўнай упэўненасці няма.

„Хронічка“ магла быць створана і ў яшчэ нейкім, горш нам вядомым, асяродку. Такім чынам, тэкст твора не дае магчымасці надзейна звязаць яго з тымі ці іншымі асобамі і інтэлектуальнымі коламі. Бясспрэчна толькі, што ў цэнтры ўвагі аўтара — „Літва“, зразуметая як Вялікае Княства Літоўскае, а вызначальным пунктам яе гісторыі ён лічыў хрышчэнне па заходнім абрадзе. У сувязі з гэтым досыць упэўнена можна сцвярджаць, што складальнік „Хронічкі“ быў каталіком. Увогуле выглядае на тое, што ён ставіў перад сабой досыць сціп­лую задачу проста фіксаваць векапомныя падзеі, без нейкай асаблівай сістэмы і заканамернасці, не імкнучыся нават да звязнага апавядання, але збольшага (хоць і не заўсёды) трымаючыся храналагічнага прынцыпу.

Існуюць, як здаецца, дзве версіі стварэння „Хронічкі“.

Згодна з першай, „Хронічка“ з’яўлялася крыху перапрацаваным і дапоўненым некаторымі дадатковымі звесткамі канспектам поўнай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу. Ён прадстаўлены на сённяшні дзень летапісамі Рачынскага і Еўраінаўскім. Пераважная большасць запісаў „Хронічкі“ знаходзіць у іх свае прамыя паралелі. Лічыцца, што поўная рэдакцыя другога зводу была створана ў 50–я г. XVI ст.15

Паводле другой версіі, наадварот, „Хронічка“ была тым планам, на падставе якога шляхам разгортвання запісаў і была створана поўная рэдакцыя. Пры гэтым некаторыя з за­пісаў „Хронічкі“ былі адкінуты і не трапілі ў другі звод.

Для высвятлення абгрунтаванасці кожнага з выказаных дапушчэнняў важнае значэнне мае храналогія самага старажытнага — Альшэўскага спіса „Хронічкі“.

Альшэўскі кодэкс Хамінскіх быў створаны ў сярэдзіне XVI ст., верагодна, у Вільні16. Некалькі твораў, у тым ліку Статут 1529 г., якія знаходзяцца на аркушах 1—116 зборніка, былі перапісаны ў 1550 г.17 Уладальніцкі запіс Юзафа Ясінскага — віленскага арцыдыякана, скальбмірскага прэпазіта, віцебскага пробашча, на прыватную замову якога выкананы зборнік18, быў зроблены ў 1551 г.19 Аднак невядома, калі ў кодэкс былі ўнесены Альшэўскі летапіс і „Хронічка“. Альшэўскі кодэкс меў тую асаблівасць, што частка аркушаў у ім была пакінута чыстай — відавочна, з тым разлікам, каб потым дапісваць новыя творы20. Да іх ліку, магчыма, і належалі летапісы. Таму мы можам сцвярджаць толькі, што Альшэўскі летапіс і „Хронічка“ былі ўнесены ў зборнік ужо пасля перапіскі Статута і звязаных з ім твораў, але наколькі пазней — цяжка вырашыць. Перапіскай летапісаў займаліся тыя самыя пісцы, якія працавалі і над Статутам, на што ўказваюць почыркі21. Таму гэта адбылося, магчыма, у 1550—1551 г. Але нельга выключаць і пазнейшы час.

Такім чынам, разгляд Альшэўскага кодэкса не дае, на жаль, дастатковых падстаў для таго, каб адназначна выказацца на карысць нейкай адной з прапанаваных версій. Ён дапускае, што „Хронічка“ была створана ў трыццатыя ці саракавыя гады, г. зн. прыблізна ў адзін час з пашыранай рэдакцыяй другога зводу22 і раней за яго поўную рэдакцыю. Аднак не выключае таксама і таго, што гэта адбылося ў пяцідзесятыя гады, г. зн. пазней за стварэнне поўнай рэдакцыі.

Пераважная большасць звестак „Хронічкі“ чытаецца і ў іншых крыніцах, і іх, такім чынам, нельга аднесці да ліку унікальных. Але ёсць прынамсі адна, вартая адмысловай увагі і дэталёвага разгляду. Гаворка ідзе пра паведамленне аб захопе Полацка літоўцамі ў 1307 г. Стаўленне да гэтай звесткі ў найноўшай літаратуры вельмі скептычнае23. Аднак, прынятая (як здаецца, абсалютна некрытычна) гісторыкамі XIX ст. і кана­нізаваная ўжо беларускай савецкай гістарыяграфіяй, гэтая дата і да сённяшняга дня застаецца хрэстаматыйнай у гісторыі Беларусі24.

Не выклікае ніякага сумнення, што менавіта з „Хронічкі“ запазычыў гэтае паведамленне М. Стрыйкоўскі. Гэта выразна выяўляецца пры супастаўленні звестак:

„Хронічка“

Литва взяли Полтескъ лета Божьего нароженья +^а ^т ^з (1307).

Maciej Stryjkowski. Kronika Polska, Litewska, Zmódzka i wszyst­kiej Rusi. T. 1. War­sza­wa, 1846. S. 349.

Nalazłem też w starych La­topiszczach Ruskich, z któ­rych mam kilko exemp­larzów, iż Lit­wa roku 1307 Połocko wzięła, ale jako i pod kim, nie pisze.

Як відаць, у „Хронічцы“ сапраўды не сказана, „як і пад кім“ быў узяты Полацк. Спасылка храніста на „старыя рускія летапісцы“ не можа разглядацца ў якасці доказу існавання нейкіх рускіх (расійскіх) летапісаў, з якіх ён узяў полацкую звестку і якія быццам бы не дайшлі да нашага часу. М. Стрыйкоўскі мог называць і называў „рускімі“ ў тым ліку і летапісы, для якіх сёння прыняты тэрмін „беларуска–літоўскія“. Напрыклад, маючы на ўвазе вядомую „Аповесць пра Падолію“, ён спасылаецца на „рускія летапісцы“25. Але гэтая аповесць чытаецца толькі ў беларуска–літоўскіх летапісах. Тое самае можна сказаць і пра гісторыю Кейстута і Біруты26.

Аднак паспрабуем высветліць, адкуль мог узяць інфармацыю пра захоп Полацка літоўцамі ў 1307 г. аўтар „Хронічкі“. Трэба сказаць, што ўсе звесткі помніка за XIV ст. запазычаны, мяркуючы па ўсім, з польскіх крыніц. У любым выпадку, усе яны там зафіксаваны. Пры гэтым у „Хронічцы“ за гэтыя сто гадоў няма ніводнага паведамлення, якое б бясспрэчна пахо­дзіла з беларуска–літоўскіх ці, напрыклад, рускіх летапісаў. Лагічна дапусціць, што з польскіх хронік узята і полацкае паведамленне.

Але пры вывучэнні гэтых крыніц высвятляецца, што нічога падобнага пад 1307 г. там не зафіксавана. Адначасова кідаюцца ў вочы памылкі, якія дапускаў аўтар „Хронічкі“ пры пераносе паведамленняў польскіх крыніц у свой твор. Напры­клад, пад 1331 г. ён змясціў інфармацыю пра тое, што „король Якгоило, отец Казимиров, поразил немцов“. Зыходзячы з імёнаў, гаворка ідзе пра Грунвальд. Але гэтая бітва адбылася, як вядома, у 1410 г. Праблема вырашаецца проста, калі дапу­с­ціць наступнае. Жадаючы занесці ў свой твор звестку сапраўды пра славутую Грунвальдскую перамогу, аўтар „Хронічкі“ звярнуўся да сваіх звычайных крыніц — польскіх хронік — і знайшоў там нешта падобнае. Гэта было апавяданне пра перамогу польскага войска над крыжакамі пад Плоўцамі 27 верасня 1331 г. Менавіта яго аўтар і прыняў за інфармацыю пра Грунвальдскую бітву. Аўтару „Хронічкі“ няцяжка было памы­ліц­ца. У лацінскай мове, на якой напісаны тагачасныя польскія хронікі, ён арыентаваўся вельмі прыблізна — як, верагодна, і ў храналогіі падзей. Толькі гэтым і можна рас­тлумачыць тое, што польскага караля Ўладзіслава II Лакетка (1304/1305—1333) ён прыняў за Ўладзіслава II Ягайлу (1386—1434). Яго магла збіць з тропу і тая акалічнасць, што і Ўладзіслаў I Лакетак, і Ўладзіслаў II Ягайла мелі сыноў з аднолькавым імем Казімір, у будучым польскіх каралёў адпаведна Казі­міра III Вялікага (1333—1370) і Казіміра IV Ягелончыка (1447—1492). Пры гэтым у апісанні бітвы пад Плоўцамі хронік Яна Длугаша27 і Мацея Мяхоўскага28, адной з якіх, відавочна, і карыстаўся аўтар „Хронічкі“, кароль Уладзіслаў Лакетак і яго сын Казімір дзейнічаюць разам, што таксама магло падштурхнуць да памылкі.

Памылковае іншым разам разуменне замежных, і асабліва іншамоўных, крыніц не было ўласцівасцю аднаго толькі аўтара „Хронічкі“. У шэрагу летапісаў, якія прадстаўляюць другі і трэці беларуска–літоўскія зводы, ёсць наступны фрагмент:

„Будучы великому князю Кгидимину пры старости своеи, и сплодилъ семъ сыновъ, а осмую дочку, именем Ганну, которую далъ до Ляхов в малженство сыну Казымерову Владиславу Локетку, коли писано от Божого нароженя тисеча трыста двадцатого году“29 (у Еўраінаўскім летапісе год не пазначаны, у „Хроніцы Быхаўца“ ўказаны 1323 год).

Урывак упершыню з’явіўся ў пашыранай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу (спісы Археалагічнага таварыства і Альшэўскі). Ён быў складзены на падставе дадзеных „Лета­пісца вялікіх князёў літоўскіх“, адкуль узята звестка пра сем Гедымінавых сыноў, і польскіх крыніц. У хроніках Яна Длугаша і Мацея Мяхоўскага пад 1325 г. знаходзім паведамленне пра шлюб дачкі Гедыміна, якая ў хрышчэнні атрымала імя Ганна, і Казіміра, сына караля Ўладзіслава Лакетка30. Гэта звестка ёсць таксама ў польскіх рочніках31. Такім чынам, летапісец памылкова прачытаў год, указаўшы 1320 замест правільнага 1325, і сваяцтва, зрабіўшы Ўладзіслава Лакетка сынам Казіміра, хоць насамрэч было наадварот. Пры гэтым нельга не заўважыць адвольнасць, з якой аўтары другога беларуска–літоўскага зводу абыходзіліся са сваім матэрыялам. Між іншым, звестка польскіх крыніц зусім не азначае, што Гедымін меў толькі адну дачку, як гэта пададзена ў цытаваным фрагменце. На самай справе іх у яго было найменш шэсць32.

У дадатак заўважым, што і аўтар „Хронічкі“, і складальнікі пашыранай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу, вельмі верагодна, карысталіся аднымі польскімі крыніцамі. Нават звесткі яны ў іх бралі за той самы перыяд — 20—30–я г. XIV ст. І тут нельга не згадаць, што польскі пераклад „Хро­нічкі“ і Альшэўскі летапіс трапілі ў склад аднаго зборніка — Альшэўскага кодэкса. Усё гэта можа служыць дадатковым аргументам на карысць таго, што складальнік пашыранай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу і аўтар „Хронічкі“ належалі да блізкіх ці нават да аднаго кола.

Пры вывучэнні „Хронічкі“, ды і беларуска–літоўскага летапісання ўвогуле трэба абавязкова ўлічваць указаныя асаблівасці працы іх стваральнікаў — у прыватнасці, магчымасць памылак.

Той факт, што аўтар „Хронічкі“ запазычыў звестку пра Полацк з польскай крыніцы, можа выклікаць здзіўленне. Сапраўды, землі сучаснай Паўночнай Беларусі знаходзіліся на далёкай перыферыі інтарэсаў сярэднявечных польскіх храністаў і звесткі пра іх сустракаюцца ў гэтых творах надзвычай рэдка. Аднак пад 1324, 1337 і 1368 г. у хроніках Длугаша33, Мяхоў­скага34 і некаторых іншых крыніцах35 зафіксаваны напады літоўцаў на Мазоўша. Аб’ектам гэтых нападаў быў, між ін­шым, горад Пултуск, які ў лацінскіх тэкстах транскрыбаваны як „Polthowsko“. Нашаму не вельмі добра падрыхтаванаму аўтару было зусім няцяжка прыняць Пултуск за Полацк, бо назву апошняга старарускія і старабеларускія крыніцы XIII—XVI ст. перадаюць як „Полтескъ“36, „Полотескъ“37 і нават „Полоть­ско“38 ды „Полотеско“39. Прычым тады гэта былі шырока распаўсюджаныя формы яго назвы. Цікава ў сувязі з гэтым адзначыць, што ў польскамоўным Альшэўскім спісе „Хро­нічкі“ назва захопленага літоўцамі ў 1307 г. горада перададзена як „Poltewsk“.

Увогуле, розныя копіі „Хронічкі“ падаюць розныя гады за­хо­пу Полацка: Альшэўскі — 1307, Румянцаўскі — 1360, у Па­трыяр­шым жа звестка адсутнічае. Розначытанне паходзіць, ві­да­­вочна, ад таго, што даты пры перапісцы лёгка пераблытаць. Пры напісанні лічбамі–літарамі яны выглядаюць як +^а ^т ^з (1307) і +^а ^т ^z (1360). Знакі „з“ і „z“ вельмі падобныя, і прыняць адзін за другі зусім нескладана. Адметна, што такая блытаніна з лічбамі–літарамі сустракаецца ў „Хронічцы“ прынамсі яшчэ адзін раз, калі Альшэўскі спіс фіксуе мяцеж Глін­скага пад правільным 1508 г., а Румянцаўскі і Патрыяршы — пад памылковым 1520. Розначытанне ўзнікла таксама, як і ў першым выпадку. Апошнюю лічбу–літару даты +^а ^ф ^и (1508) вельмі лёгка прачытаць не як „и“ (лічбавае значэнне 8), а як „к“ (20): пісаліся яны вельмі падобна, і іх часта блыталі. І тады 1508 год ператвараецца ў 1520.

У выніку мы дакладна не можам сказаць, пад якім годам у пратограф „Хронічкі“ быў унесены запіс пра захоп Полацка: 1307 ці 1360. Нельга выключыць ні адзін, ні другі варыянт. Аўтар „Хронічкі“ мог прыняць зафіксаваную ў польскіх хроніках дату „1337“ за „1307“, а „1368“ за „1360“. Чытаючы, напрыклад, хроніку М. Мяхоўскага, дзе для напісання гадоў выкарыстаны арабскія лічбы, зрабіць такую памылку зусім няцяжка, бо друк вельмі дробны. Аднак і тут няма поўнай упэўненасці, як узнікла памылка з датай і менавіта з якой. Можна сцвярджаць толькі, што М. Стрыйкоўскі карыстаўся тымі спісамі „Хронічкі“, дзе фігураваў 1307 год. Але ў любым выпадку можна ўпэўнена сцвярджаць, што звестка „Хронічкі“ пра захоп Полацка літоўцамі з’яўляецца вынікам памылковага зразумення тэксту і такога ж памылковага прачытання даты яе аўтарам.

У дадатку прапанаваны рэканструяваны пратограф твора. Для зручнасці артыкулы пранумараваны. У квадратных дужках пададзены фрагменты, прыналежнасць якіх да пратографа небясспрэчная, з указаннем спісаў, у якіх яны чытаюцца: Альш. — Альшэўскага, Патр.Патрыяршага, Рум. — Румян­цаў­­скага. Да тэксту „Хронічкі“ дададзены гістарычны каментар.


1 Вахевич Б.А. Западнорусская летопись по списку Румянцевского музея // Записки императорского Одесского общества истории и древностей. 1902. Т. XXIV. Отд. I. С. 221—222.

2 Тамсама. С. 220.

3 Тамсама. С. 214; Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско–литовского летописания. Москва, 1985. С. 62.

4 Гл.: Полное собрание русских летописей (далей — ПСРЛ). Т. 17. Санкт–Петербург, 1907. С. 290—294.

5 Тамсама. С. V, VI, 290—292.

6 Ptaszycki St. Kodeks Olszewski Chomińskich. Wielkiego Księstwa Litew­skiego i Zmódzkiego Kronika. Wilno, 1907. S. 39—40 (у выданні 1932 г. — с. 53—56); ПСРЛ. Т. 17. 469—472.

7 ПСРЛ. Т. 35. Москва, 1980. С. 192.

8 Вахевич Б.А. Назв. праца. С. 210—213.

9 ПСРЛ. Т. 35. С. 212—213.

10 Тамсама. Т. 17. С. 290—294.

11 Вахевич Б.А. Назв. праца. С. 222.

12 Тамсама. С. 221, 222.

13 Ochmański J. Deodatus Septennius — zagadkowy autor „Pochwały“ Olbrachta Gasztołda z około 1529 roku // Lituano–Slavica Posnaniensia. Studia Historica. 1994. T. VI. S. 80, przyp. 12.

14 Vide: Zbiór praw litewskich od roku 1389 do roku 1529. Tudzież roz­prawy sejmowe o tychże prawach od roku 1544 do roku 1563 / T. Dzia­łyński. Poznań, 1841. S. 92—95.

15 Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. Мінск, 1969. С. 161.

16 Pirmasis Lietuvos Statutas — Первый Литовский Статут (далей — PLS–ПЛС). Т. 1. Ч. 1 / Ст. Лазутка, Э. Гудавичюс. Вильнюс, 1983. С. 136, 138. Гл. таксама: Lizisowa M.T. Język Kodeksu Olszewskiego (1550). Z recepcji staropolskiego języka prawno–sądowego w Wielkim Księswie Litewskim w szesnastym wieku. Kraków, 2000. S. 7, 139—141.

17 PLS–ПЛС. Т. 1. Ч. 2. Вильнюс, 1985. С. 665.

18 Абгрунтаванне гл.: Тамсама. Т. 1. Ч. 1. С. 136—139.

19 Тамсама. Т. 1. Ч. 2. С. 435.

20 Тамсама. Т. 1. Ч. 1. С. 139.

21 Тамсама. С. 132.

22 Чамярыцкі В.А. Назв. праца. С. 160.

23 Гл.: Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. / Сост. А.Л. Хорошкевич (далей — ПГ). Вып. 3. Москва, 1980. С. 124; Сагановіч Г. Інфлянцкія немцы ў Полацку ў сярэдзіне XIII і пачатку XIV ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. 2000. Сш. 1 (12). С. 104—105.

24 Бібліяграфію гл.: Сагановіч Г. Назв. праца. С. 97—98.

25 Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Zmódzka i wszystkiej Rusi. T. 2. Warszawa, 1846. S. 145, 178—179.

26 Ibid. S. 43.

27 Dlugossius J. Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae. Liber IX. Varsaviae, 1978. P. 156—170.

28 Miechowita M. Chronica Polonorum. Cracoviae, 1521. P. 210—212.

29 ПСРЛ. Т. 17. C. 262, 314, 375, 440—441, 494.

30 Dlugossius J. Op. cit. P. 131; Miechowita M. Op. cit. P. 207.

31 Monumenta Poloniae Historica (MPH). T. 3. Lwów, 1878. P. 133, 190, 191.

32 Tęgowski Jan. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. Poznań — Wroc­ław, 1999. S. 19, 42—44, 162—163, 232—234, 246—252, 304—305.

33 Dlugossius J. Op. cit. P. 130, 198, 337.

34 Miechowita M. Op. cit. P. 220—221, 235, 246.

35 MPH. T. 3. P. 119.

36 Гл.: ПСРЛ. Т. 17. С. 73, 79, 105, 113, 133 і інш.; ПГ. Вып. 1. Москва, 1977. № 10. С. 53; Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов (далей — НПЛ). Москва — Ленинград, 1950. С. 125, 159, 220, 476; Псковские летописи (далей — ПЛ). Вып. 1. Москва — Ленинград. С. 10; Тамсама. Вып. 2. Москва, 1955. С. 10, 19.

37 ПСРЛ. Т. 17. С. 10, 61; ПГ. Вып. 1. № 2. С. 36; ПЛ. Вып. 1. С. 99.

38 ПЛ. Вып. 1. С. 45; Тамсама. Вып. 2. С. 45.

39 ПГ. Вып. 1. № 3. С. 37.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка